epub
 
Падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйло

На магілках

На магілках так ціха, спакойна. Ледзь шапочуць з сабою бярозы,

Паспускаўшы галінкі свае аж да самай халоднай зямлі:

На лісточках гараць кроплі рос, як гарачыя слёзы,

Быццам з жалю па тых, што ў гэтых магілках зляглі.

 

Ціш нямая тут. Вецер бяроз верхавін не чапае;

Адзін раз адважней ён між іх закруціў, зашумеў,

Потым як бы прыпомніў, што мёртвых спакой парушае,

Сціх і, лёгка сарваўшыся, ўдаль паляцеў...

 

Над адхонам ракі, што ля самых магіл працякае,

Свіснуў раз і другі ў захапленні любві салавей...

Не, у царстве памёршых спяваць ён не можа, не ўмее,

Ён кахання пясняр, ён пясняр маладосці усёй!

 

І замоўк... І нішто ужо больш цішыні не трывожыць.

Між пахілых крыжоў урачысты і сумны спакой,

Ні жывое душы. Толькі часам матыль крыллі зложыць,

Затрымаўшысь на міг над магільнае кветкі красой.

 

Часам песня з палёў далятае з вятранаю хваляй,

Быццам хоча збудзіць тых, што у гэтых магілах зляглі,

Быццам хоча сказаць, што праменні надзеі заззялі

І што будзе квітнець кветка шчасця на нашай зямлі.

 

1914

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com