Ваал! Я ўсё ужо спаліла на алтары...
Глядзі: высокаю узносіцца гарой
Мой попел - і няма ўжо больш ў мяне ахвяры, -
Дык не гудзі ты там пракляццем нада мной,
Бо ўсё, што мела я, спаліла на алтары...
Ахвярнік мой агонь меў вельмі загарачы:
Чуць што я клала там - згарала ўміг датла,
А я... я ўсё нясла - я не магла іначай -
Усю душу маю я па куску нясла.
А ён усё спаліў... бо вельмі быў гарачы...
Глядзі: у попеле агеньчык ледзь-ледзь тлее...
Во - згас! Не! Зноў бліснуў залочаным рубцом
(То дапаляецца астатняя надзея):
Што зоймецца ізноў гарачым ён агнём
І новая на ім ахвяра ўспламянее...
Ваал! Надзея йшчэ тліць на маім алтары,
Пад попелу ужо застыўшаю гурбой,
І хоць сягоння я не маю ўжо ахвяры,
Ты не гудзі сваім пракляццем нада мной,
Бо йшчэ надзея тліць іскрою на алтары.
1914