epub
 
Падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйло

Зашумелі сосны...

Зашумелі сосны! Дзіва! Дзіва!

Быццам бы наяве, а не ў сне,

Маладосць з усмешкаю шчаслівай

Падышла нячутна да мяне.

 

Я была такой звонкагалосай,

Тоненькай і лёгкай, як яна.

І такія ж ільняныя косы

Залаціла сонейкам вясна...

 

Выйшла я ў жыццё па траскай гаці -

Бездань калыхалася пад ёй...

- Мужнай будзь, - вучыла мяне маці.

- Чэснай будзь, - даводзіў бацька мой.

 

Я з дарогі не хацела збочыць,

Хоць яна нялёгкаю была.

Смерць не раз мне пазірала ў вочы,

Толькі я вачэй не адвяла.

 

Сэрцам не схлусіла я ні разу,

Хоць спакуса сцерагла мяне.

Верная бацькоўскаму наказу,

Я служыла роднай старане.

 

Мужна перанеслі мы напасці,

І хоць кожны з нас - нядоўгі госць,

Аддаём мы людзям толькі шчасце -

Хай яго шануе маладосць.

 

1962

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com