epub
 
Падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйло

Зіма

Пад коўдраю белай заснула зямля,

Снег сцелецца, сцелецца, сцелецца...

На просецы чорныя кучы галля

Закрыла пярынай мяцеліца.

Павіслі галіны цяжарныя дрэў,

Замерзлі на соснах іглінкі,

Птушыны нідзе не пачуецца спеў,

Бясшумныя кружаць сняжынкі.

А вецер чуць дрэўца якое кране,

Снег звіхрыцца белым узрывам, -

І ўзнімуцца вецці, і дрэўца ўздыхне,

Як грудзі людскія, - шчасліва.

Паўзе паміж лесу махнаты канёк

І сані з ахапкам саломы;

Засыпаны снегам, як чорны пянёк,

Дзед едзе адкульсьці дадому.

Між волатаў-дрэў, праз снежны навес,

Маленькімі сані здаюцца...

Дрымотна стаіць знерухомеўшы лес,

А ўкола - сняжынкі снуюцца.

 

1945

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com