epub
 
падключыць
слоўнікі

Карнель Уейскі

Хаўтурны марш

З польскай — К. Уейскага

 

Гэтак звоняць! А так звоны

Рвуць мазгі балесне!

А ксяндзы — куды пруць роем

З гругановай песняй?

Тут жа блізка, прада мною

Чорны воз туркоча...

Як мне цёмна! Воз той чорны

Зацямніў мне вочы.

 

Недзе ў высі крыж яснее.

Мігаюць паходні...

А мяне вядуць пад рукі,

Так іду выгодне:

Самі ногі йдуць, здаецца,

Скачанеўшы ногі,

Добра, што вядуць мяне так,—

Не зблуджу з дарогі.

 

Так іду, плыву, як спячы,

Без чуцця, без волі;

Галаву ды сэрца толькі

Страшна мучаць болі,

Капцюры іх рвуць якіясь,

Вострыя, крывыя;

А званы тут цягам звоняць,

Вараннё ўсцяж вые.

 

Чую музыку якуюсь,

Водгулле нясецца;

Б’е з вачэй жар, а па твары

Штось зімное льецца.

На мяне глядзяць, а блізка

Падысці не смеюць;

Мабыць, ё ў маім штось твары

Што так страхам веець.

 

А воз цягне дзве пар коні

У жалобным строю,

А мяне якаясь сіла

Цягне за сабою.

Ах, мой Божа! Ка мне пхнецца

Дамавіна-скрыня!

Там майго загадка быту,

Там — у дамавіне.

 

За што так мяне скараў ты,

Богам называны?

Ах за што, за што?

Уладар зямлі і неба,

Сонцаў і курганаў,

Згнёў мяне ў нішто?!

Дзе той Бог,

Што так змог?

 

Ці яго звон гэты весціць

І той крык варон?

Хай тут стане прада мною

Ў постаці смяячай,

Ён страшней за ўсё!..

Бо вялікшы я цярпеннем —

Хоць нішто не значу —

Чымся моц яго!

Ой, злы ён!

Ой, злы ён!

 

Гэтым словам б’е звон, вые...

Як вароны тыя!

Як жа мучыць гэты звон,

Гэты звон! Звон!

 

*

На атласе заламала

Ручанькі накрыж,

Усміхаецца спрасоння...

Ах, ты ўжо не сніш!

 

Не ўздыхнеш па белых ружах

На вянку ў жальбе,

Пацалункамі ў галоўку

Не збуджу цябе.

 

Не глядзіш, што за табою

Йду я — труп бляды,

Што вяду туды з жалобай,

Скуль не прыйдзеш ты.

 

Ці ж на то хавала маці

Не адну вясну

І кахаў я да астатку,

Каб клаў у труну?

 

Вось якое мне вяселле?

І я ў гэткі дзень

Жыці мушу? — Божа! Божа!

Што пачну я, цень?

 

*

Дабраты была анельскай,

А любіла як!..

Быццам песняй, быццам казкай

Дні плылі нам так.

 

І пры ёй не знаў я грэху,—

Дабрату я знаў,

Бо з яе вачэй і ўсмешкі

Бласлаўленне браў.

 

Для мяне была скарбніцай

Творчых дум і цнот,

Вёў мяне яе стан гібкі

Да святых яснот.

 

Дзе ж мяне завёў, урэшце,

После цяжкіх спроб?

К апраметнай шоў я ў сонцы.

Праз надзею — ў гроб!

 

Вось якое мне вяселле?!

І я ў гэткі дзень

Жыці мушу? Божа! Божа!

Што пачну я, цень?

 

*

Паднялі труну на плечы,

Паняслі паспешна;

Мяне ўдзержаць хочуць сілай

Ха, ха! Вось пацешна!

Прэч з дарогі, разявякі,

З хлысцьбаю дасужай!

Бо я молад і сярдзіты,

А кулак мой дужы...

 

Я адзін к ёй маю права,

А вы прэч, насланне!

Чорны збродзе! Толькі роўны

Хай да бойкі стане.

З вас ніхто майго цярпення

У грудзях не змесце!..

І ўцяклі ўсе — сам іду я,

Грозны цар балесці!

 

Сярод гоману і звону

Ўсіх званоў без ладу,

Сам іду я к дамавіне —

Да свайго пасаду.

Ты, грабар, на гэтым наспе

Ўспёрты на лапаце,

За дол для цара такога

Колькі хочаш, браце?

 

А капай мне дол глыбока,

Бо свет мне — горш нетраў;

Ад тваёй цяжэй зямлі тут

Гнець мяне паветра.

Прэч з крапілам! І святая

Яе капля спляме;

Я адзін тут маю права —

Пакраплю слязамі.

 

Здань-рука ка мне вылазе

З-пад манашых полаў,

Ясна-моцная такая!

Дух гняце мой кволы.

І мяне яна кранула!

Пахіліўся, ўпаў я...

І ўзялі мяне й панеслі,

А куды — не знаю.

 

Ах, за колькі капляў шчасця

Плацяць людзі свету

Цэлым морам слёз!

Ой, дурны свет, і нашто ты

Створаны ў цьму гэту?

Дзе твой скон? Дзе ўзрос?

Яго рух,—

То ж мой дух!

 

Я ж— як сэрца, што ў ім б’ецца,

Ён — пусты, як звон!

Ці каго аб тым прасіў я?

Без маёй хто волі!

Мне сказаў прыйсці?

Хоць бы там мяне скавалі —

Не сяджу ў няволі:

Маю моц пайсці.

Ой, злы ён!

Ой, злы ён!

 

Гэтым словам б’е звон, вые...

Як вароны тыя!

Як жа мучыць гэты звон,

Гэты звон! Звон!

 

1920


1920

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан