epub
 
падключыць
слоўнікі

Кароль Балінскі

Воўк і баран

З польскай — К. Балінскага

 

Воўк

Ах, баранок мой, ах, бараночак!

Вось і настрэўся ты мне, дружочак:

Гэткі пульхны, гэткі сыты,

І астрыжан, і памыты,—

Акурат для майго зуба.

А тут голад, проста згуба!

З’ем цябе ўраз на сняданне.

 

Баран

Знаю, знаю, ясне пане,

Тваю воўчую натуру.

Але покуль здымеш скуру,

Адну просьбу к табе маю:

Ты не еж мяне, як знаю,

Рвучы мяса па куску,

А — ўсяго, за адным махам:

Есці ж так не стыд ваўку.

 

Воўк

Хай так будзе! — згінь ты прахам!

Чую, хопіць сілы, духу

Глытануць цябе, як муху;

Толькі ж мне ідзе аб тое,

Баранётка залатое;

Каб слоў напуста не кідаць,

І сябе адважным выдаць,

Бо я, праўда, не хвалюся,

З гэтым доўга не важуся:

Кожна дорага мінутка,—

Мусім справіцца мы хутка.

 

Баран

О, як жа сэрца чулае тваё!

А ў нас плятуць, што ўсе ваўкі — звяр’ё...

 

Воўк

Э, брэшуць! Ведама, галеча,

Але хай брэшуць недарэчы!

Ты ўсё ж такі хадзі ка мне у капцюры.

 

Баран

Мяне са скуры абдзіраць так без пары

Лішні труд, вяльможны пане;

На то ёсць спосаб дагаднейшы,

Што і мучэння мне убавіць,

І для ягомасця лацвейшы:

Хай ваша міласць воддаль стане

І ляпу разявіць,

А я ў яе, бы ў поламку, і рыну.

 

Воўк

А я цябе глыну, як сліну!

Ха-ха-ха! Ха-ха-ха!

І засмяяўся па-воўчаму воўк,

І зірнуў на галодны свой бок,

Язык выпер, глытаці масціцца,

А баран як разляціцца,

Як бадне пад ляпу рагамі ваўка,

Ды сам ходу к сялу, дзе — скаціна,

Дзе пастух, трасучы ўжо дубінай,

Крычыць: біце ваўка! Цю-га-га! Цю-га!

 

Воўк зрушыўся, глядзіць, як сп’яна,

І думае: глынуў барана,

Але тонкімі бакамі трасе

І, калі ў пушчу са страхам нясе

Сябе самога, як злодзей,

Скавыча: быў баран ці не ў жываце —

На адно ўсё неяк выходзе.

-------

Для нас такая тут навука:

Што хоць ваўку з’есць барана й не штука,

Але й баран з лап воўчых вырваціся можа,

І слабы — як не дурань — дык дужага зможа.

 

[1905-1907?]


[1905-1907]?

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995.-462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан