epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Яшчэ некалькі слоў пра перажыткі паганства ў беларусаў

Пан Сліжань няхай мне выбачае, што я, прачытаўшы ў № 88 «Северо-Западного края» яго «Два слова о пережитках поганства у белорусов», асмелюся яму трохі папярэчыць. Пан Сліжань піша, што ў беларусаў астаткі паганства неяк няясны, туманныя; што ў расіян і маларусаў яны шмат жывейшыя. А я скажу, што ў ніводнага народа хрысціянскага не захавалася так многа, так жывых і ясных слядоў паганства. Беларус хоч хрысціянін і набожны, а між тым ён напалавіну паганец, бо спаўняе верна ўсе абрады паганскія...

Вото ж я пану аб’ясню тое, што ведаў, будучы яшчэ малым пастушком...

Нашы каровы сталі мала малака даваць. Знаць, ведзьма прычапілася. Вот нас пастушкоў колькі, бо ў нашай вёсцы згоннага не было, а ўсякі сам сваё пасвіў, сабраліся гэта мы і ўраклі, каб на Купалле ведзьму вызваць і прымусіць яе, каб малако аддала. Вот настаў дзень Купалля; мы, пасучы, цэлы дзень шукалі па полі зубоў ад бараны, а як толькі сонца стала заходзіць, пусцілі мы быдла дадому адно, а самі, пабіўшы зубы каменем, наклалі з іх агню, узяўшы для смеласці пугі ў рукі, давай ведзьму чакаць. Адно, ведама, малыя, як толькі ведзьму ўбачылі, так чым душы ў ногі.

На левай руцэ ў мяне было бародавак, як асыпана... Пайшоў я на захадзе сонца ў лес, знайшоў тое, чаго шукаў, пацёр гэтым бародаўкі і, кінуўшы тое на месца, пайшоў дадому, не азіраючыся, хоч дужа манулася азірнуцца, а праз дзён колькі рука чыста стала, і сам я не цямлю, куды бародаўкі падзяваліся. Балелі мне зубы... Я стаў на маладзіку загаварваць, і сціхлі зубы, толькі каторы нездаровы — так возьме і выкрышыцца без болю.

Калі хто хоча пазнаці тую ведзьму, што ў яго каровы малако адбірае, так няхай на Купалле папільнуе каля аборы і як будзе паўзці вараповіца, то няхай зловіць і адсячэ ён лапу, а назаўтра ў той ведзьмы будзе тая нага або рука абвязана, каторую лапу вараповіцы адсек.

А што такое коляды? Коляды ё гаспадарскае свята «Ляды». Пад час таго свята людзі завяраюць новыя... умовы з чэляддзю. Колядамі няможна ні сукаць, ні круціць, ні плесці, бо будзе жывёла раджацца з крывымі нагамі або нядошлая якая. А калі часам так выпадзе, што мусіш што-небудзь сплесці ці закруціць, то вазьмі рассячы перавітку ў плоце, так не будзе шкодзіць.

Далей: Грамніцы, Саракі і Хрэсцы. У адно з гэтых святак, толькі не помню ў каторае, уся нечысць хаваецца ў пекла, і людзям не шкодзіць аж да Купалля. Потым — свята Валосся. Гэта быдлячае свята «воласа»: у гэты дзень скацінай не робяць.

Свята вясны прыпадае на Юр’е. Тады дзяўчата ідуць на расу і там куляюцца, каб былі ўвесь час харошы, здаровы і свежы, як вешняя расіца; а гаспадарэ таго дня ідуць у поле з гарэлкаю, кладуць там агні, пякуць сала і яешню і там спажываюць.

Беларус хоч і памрэ, та ўсё пра сваю сям’ю не забывае і часта прыходзіць яе праведаць. Жывыя такаж помняць змерлых і рады ўсім з імі падзяліцца, чы радасцю, чы горам. І вот пройдзе цяжкая зіма, беларусы рады вясне, ідуць на радаўніцу, на могліцы падзяліцца з нябожчыкамі сваёй радасцю.

Настане граная нядзеля... Русалкі да гэтага часу павыходзяць з вады ў лес, а далей у жыта: адно да Купалля яны трымаюцца купамі, а па Купаллі розна рассыпаюцца па лесе і толькі ў патрэбе склікаюцца. Дзяўчата ходзяць у лес завіваць вянкі і дружыцца з русалкамі, каб яны іх не палохалі і не ласкаталі хлопцаў.

Праходзіць радасна вясна, наступае гарачае лета; тут людзі святкуюць Купалле,— свята сонца, дзень прашчэння. Усё ў гэты дзень заварушыцца: і людзі, і жывёла ўсякая, і дрэва, і былінка найменша, і камень і той нават; нечысць усякая вылазіць з пекла і пачынае людзям усяк шкодзіць; для людзей зачынаецца цяжкая праца, бо трэба чыніць запасы на зіму і вальчыць з нячыстаю сілаю, і дзеля гэтага голас купальных песень нявесел.

Далей, свята Роя — апякуна пчол. Настане дзень дажджа,— гэта Ілья, русалкі сходзяць з лясоў у ваду; толькі іх цяпер трудна ўбачыць, не так, як вясною, у месячную ноч, калі яны ў тумане над вадою ўсяк выкручываюцца. Хіба часам хто прыцікуе, як на беразе касу чэша...

У дзень святога спаса прыпадае свята Спарыша.

Потым людзі пазбіраюць усё з поля. Беларус чуе ў сэрцы якусь радасць, гледзячы на поўныя гумны і адрыны, і вот спяшыць ён падзяліцца сваім дабром і радаснаю з душачкамі змерлых. Гэта «дзяды». Толькі на дзяды людзі не ідуць на могліцы, а змерлыя прыходзяць к ім у госці ў хату.

Гэта я толькі збольшага апісаў, бо шмат чаго забыў, а то і саўсім не знаў; а е такія беларусы, што ўсё знаюць і гутарку ўсякую цямяць не толькі людскую, а ўсякага тварэння божага.

1902 г.


1902

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан