epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Мая першая ахвота

Быў асенні дзень цёмны і ціхі, і мой бацька чагось захадзіўся: то кастрыцаю вокны абкладаў, то прызбу абсыпаў, а пад вечар клікнуў матку памагчы яму сані з вышак зняць і стаў іх наладжваць. Хоч і чуў я пры полудні штось пра снег гаварылі, але мне не напамкі было за гульнёю: усё я бегаў у сад сілоў глядзець — чы не папалася яка сініца або снігір, то старую клетку наладжваў, хоч то мне не ўдавалася неяк. Перад самым сумаракам я заўважыў, што ў воздусе сталі лятаць беленькія малюсенькія зоркі. Я зразу дагадаўся, што гэта снег, і пабег сказаць пра тое матцы. Матка ласкава ўсміхнулася, пагладзіла мяне па роснай чупрыне, бо ў мяне яшчэ шапкі не было, і маці часта журыла аб тое бацьку, на што бацька адказваў спакойна: «Пачакай, куплю», і прамовіла да сябе, гадаючы:

— Ды яно ўжо і пара!

Да ночы снег стаў падаць гусцей і ўжо не дробнымі зоркамі, а як бы клачкамі пуху.

Назаўтрае я прачнуўся, гляджу — у хаце неяк відна, ясна; галава мая нейкая мяккая і на душы весела. Я кінуўся ў акно і бачу, што ўсё, як зямля, так і стрэхі і плот зверху і грубшыя галіны на садовінах, пакрыта свежым бялюсенькім пушыстым снегам. Я, схапіўшы матчыну копту, кінуўся было на двор, адно маці мяне вярнула, штобы я бацькавы боты надзеў. Я хоч не рад, але мусіў надзець вялізныя боты, у каторых чуць не паваліўся, лезучы праз парог. Першым дзелам я заўважыў, што зы двара пайшоў свежы тор ад саней — знаць, бацька дзесь паехаў, но зразу я не пайшоў пытаціся, а стаў, соваючы вялізнымі бацькавымі ботамі, бегаць ва ўсе стораны па бялесенькаму двару і, толькі набегаўшыся і накачаўшыся па снегу, пабег я ў хату пытаці, дзе бацька. Маці мне сказала, што ў млын павёз. І так мне шкода стала, што я раней не прахапіўся — нечага б з бацькам хоць да крыжа пад’ехаў па першаму снегу. А знаеш, як то прыятна ляцець па беламу гладкаму полю: ні скалане, ні здрыгане... Як плывеш маўляў бы...

...Прышоў бацька ў хату і кажа мне апрануцца і абуцца, а сам узяў стрэльбу з калка і стаў яе чысціць і набіваць. Я сабе думаю, абуваючыся,— няўжо ж бацька мяне на ахвоту возьме. І так я таму зрадзеў, што як бы на цэлу галаву падрос, і стаў гадаць, як то, пайшоўшы на сяло, буду прад хлопцамі хваліцца. І так у думкі гэтыя здаўся, што каб бацька мне не нагадаў, то пайшоў бы без шапкі.

Выйшлі мы ў поле, а бацька мне і кажа, паказваючы на кудру сярод поля:

— Абыдзі ты, сынку, здалёку на той бок кудры і ідзі, гамонячы і з шумам, праз кудру на мяне. Там, бачыш, заяц ляжыць. Вазьмі гэту вітку і будзеш ёю па дрохве ляскаць.

Я рады, вабражаючы сабе пастаянным стральцом, у лапціках лёгка падыбаў па шэрапу, каторы быў крэпкі, хоч бацькі то ён не дадзержываў і ўсякі раз бацька праваліваўся. Зайшоў я за кудру і з крыкам і піскам пусціўся праз кудру, аж чую бацька ўжо стрэліў і штось закрычала:

— Кі-гі! кі-гі! кі-гі!

Но, хоцячы быць добрым ахвотнічым, я не выскачыў глядзець, што там такое, а пашоў далей, гукаючы і па дрэве віткаю стукаючы, а бацька мне крычыць:

— Годзе! дурны ты. Ужо заяц ляжыць.

Я выскачыў і бачу на полі ляжыць заяц і задняю нагою яшчэ дрыгае, а бацька каля яго стаіць і стрэльбу набівае. Я адышоў і пытаю:

— Дзе ж ён быў, што я яго не бачыў?

— Дзе? У кудры, ведама,— кажа бацька.

— Дзе ж? Да я яшчэ ў кудру не ўвайшоў, як вы стрэлілі!

— А што ж, ты хацеў, каб заяц чакаў, пакуль ты яму на хвост наступіш?

Я схапіў зайца па плечы, і пайшлі мы да хаты. Я ўсё цягнуўся ўгору і задзіраў галаву, і хацелася мне, каб таварышы мяне з зайцам бачылі, адно якась гэтага не папалася...

1903 г.


1903

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан