epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

На сплаў

Не тое ўжо стала наша Палессе, як колісь было! Няма ўжо тае свабоды! Няма ўжо ні тых лясоў нашых слаўных, адвечных, поўных усялякага звяр'я; ні тых балот бесканечных, паросшых камышом, плешчаём, сітнягом, маўляў бы, лесам якім, у каторым кішмя кішыць усякае птаства вадзяное. Цяпер усюды знаць «працавітая рука расейскага правіцельства»: усё Палессе парэзана выведзенымі пад лінію канавамі, па каторых сплаўляюць астаткі нашых лясоў у рэкі, а рэкамі — у мора. Дзе былі адвечныя лясы, там цягнуцца парэзаныя ў клеткі палі. Адно чорныя пні, каторых рука чалавечая не паўздужала так скора навыдзіраць, тое месца значаць. Дзе былі непраходныя балоты, дзе толькі дзікі звер ды наш паляшук — ды і то не ўсюды — мог прабрацца, цяпер сцелюцца паросшыя буйнаю травою і так жа парэзаныя клеткамі, лугі. Толькі тыя лясы, каторыя казна сабе надзяліла, яшчэ красуюцца, сказаць, у цэласці...

О, бедныя лясы нашы, краса і багацтва наша! Таеце вы, як снег пад гарачым сонейкам, і ўсякі вас стараецца чым скарэй вынішчыць!

Як толькі казна асушыла нашы балоты, парэзаўшы скрозь канавы, паны з купцамі ўзяліся чым дужы за лясы. Пан рад, што можа лес свой куды-небудзь дзець,— прадае купцу за быля што, а той ставіць сярод лесу шахварню і, пасяліўшыся там, жыве і спяшаецца датуль, пакуль можа, які грош выціснуць.

У сяле Савічах была кантора аднаго багатага таргоўца лесам. Было гэта ранняю вясною, калі снег пагнала адусюль, і рэкі ды канавы шырока мелі разлівацца. Трэба было спяшацца сплаўляць дрэва.

Вота ж у Савіцкай канторы, у вялікай і вельмі нячыстай, як заўсёды ў жыдоў бывае, ізбе сабралося чалавек больш сарачні нашых мужыкоў, каб наняцца прагнаці прыгатаванае за зіму дрэва да Птыча-ракі. У ізбе стаяў туман, пахла махоркаю і мокрымі анучамі і кажухамі. Усе нараз гаварылі так, што за гоманам нельга было разабраці нічога. Пад сцяною, за сталом, сядзеў брухаты і... сам тарговец са сваім шапарам і запісываў прозвішчы нанімаўшыхся на сплаў мужыкоў. Ён сядзеў важна, спакойна і, не спяшаючыся, ставіў у кнігу свае выкрутасы і раз ад разу падымаў сваё веснаватае ліцо з рудою барадою і хітрымі вочкамі і скоса пазіраў на людцоў. Шапар яго — жыд чарнявы, юркі — усё бегаў, махаў рукамі і, запляваўшыся, крычаў на мужыкоў.

— Гвалт! Не крычэце, не крычэце! Няхай адзін за ўсіх гаворыць! Чуеце? Ша! — крычаў шапар, махаючы рукамі і плёваючы на бораду.

— Што ж, можна, няхай будзе і так... няхай адзін гаворыць,— загаварыў мужык.— Усё роўна. Гавары ты, Яўхім!

З грамады выйшаў Яўхім у белай свіце, не вельмі высок, але ў плячах дужа шырок. Лет яму пад пяцьдзесят было. І ён прыйшоў наймацца з сваім сынам Астапам. Ён выступіў на шаг з грамады і адкашляўся.

— Чакайце, сціхніце! — загаманілі ў грамадзе.— Яўхім гаварыці будзе!

Купец адвярнуўся ад кнігі і з насмешкаю, важна ўставіў свае хітрыя вочы на Яўхіма. Ён ведаў, чаму людзі так усхадзіліся: ім не спадабалася пасуленая цана, але ён так жа ведаў, што ўсё-такі канец канцом пераможа і заплаціць такую цану, якую сам захоча. Прыказчыкі яго загадзя бочку гарэлкі прыдбалі, катора там жа стаяла і на каторай сядзеў стораж пажылых лет, худы і нікчэмны, і трымаў у руцэ бляшаную кварту напагатове. Людзі памалу сціхлі, а Яўхім зачаў:

— Вось што, пане купец, цану малую даеце. На гэтую цану нельга прыступіці. Па чатыры злоты за лаўку... гэта нідзе не відана! Гэта ж — падумайце самі! — гэта ж марац на дварэ, а вада вялізная будзе... гэтак снег пагнала. Нельга з плытамі ўправіцца будзе... Другое ж, і лодак мала... Па рублю дасце, дык пагонім...

— Але, лодак летась саўсім мала было, саўсім мала,— загаварылі людзі.— А паспытай цяпер у воду па шыю лезці...

— Ша, ша! — зашыкаў шапар, махаючы рукамі.

— Лодкі будуць,— важна адазваўся сам купец.— Я купіў. На гэтай нядзеле прывязут. Старых яшчэ пяць штук есць.

— Куды пяць! — зноў зашумелі.— Адна ж саўсім гніллё.

— Гаварат вам, будуць лодкі! — крыкнуў сам купец.

— Чуеце? Купец кажа, будуць лодкі! — кажа Яўхім.

Людзі заварушыліся. Некаторыя падыходзілі к Яўхіму, штурхалі яго ззаду і шапталі яму на вуха.

— Ну, што ясцо? — спытаў купец.— Цана малая? Такая вяздзе, вяздзе такая цана. Какая цана есць, такую і даю.

— Крыўдуюць,— кажа Яўхім.— Кажуць, што вельмі пакрыўдзілі тых, што дрэва тралявалі ўзімку. Штрапаў шмат пазапісвалі. І цана ад лаўкі... заўсюды рубель плацілі.

— Ге! штрафаў шмат запісалі! Ге, чэрці! — закрычаў шапар.— А колькі дзён не адрабілі? Ге?! — А потым, нахінуўшыся к купцу, штось пашаптаў.

— Вот сто, браццы,— сказаў купец, выслухаўшы шапара.— Еслі вы харашо да Пціц дагоніце — прасцу, усе страф прасцу, усё заплачу, што задзярзал. Па рублю не дам: нідзе цяпер па руб не плацяць. Спрасіце, гдзе хаціце. Дам па семдзесят капеек і па кварта водка. Водка — фаін, харошая, крэпкая! Водка цяпер дам, на задатак.

— Ув рот гарэць будзет! — зажартаваў шапар.

— Яно то так, гэта добра,— загаварылі мужыкі.— Адно на Востраве па рублю ад лаўкі плацяць.

— Ну, ступайце на Остраў! — як бы яму ні рупіла, кажа купец.— Пускай там і па дзесяць плотят. Сказана, па 70 капеек цана, а там — как знаеце. Больс не прыбаўлю.

Як бы яны там доўга таргаваліся, няма ведама,— адно купец дагадаўся крыкнуць:

— Хто за семдзесят капеек пе хоцат — ухадзі! Эй, запры крап і спрац кварта! Не пада водка!..

Як загаманіў купец так, нашы мужычкі як бы чагось злякаліся. Не то што б заработкаў не ўтраціць, не то што б гарэлка не ўцякла, а так, проста паверылі жыду, што ён большай цаны даць не можа. Бо, апрача ўсяго, наш народ яшчэ не так сапсован, як другія, і ён як сам праўдзівы і чысты, так і ў другіх справядлівасць верыць.

— Да ўжэ няхай і так будзе! Мо а бог паможа,— адазвалася колькі чалавек. За імі і другія сталі прыставаць на гэту цану, а некаторыя і не хацелі б прыстаці, да грамада — не адзін чалавек. Дык мусілі і тыя вярнуцца і прыстаць на тое, на што грамада прыстала. Толькі адзін Пахом не паддаўся і хацеў быў іці. Пахом быў высокі і відны мужчына, хоць ліцо яго было бледна.

— Гэй, гэй, Пахом! Куды пайшоў? — крычаў нікчэмненькі, у стоптаных лапцях чалавечак, не пушчаючы Пахома ў дзвярах.— Усе згадзіліся, чаго ж ты працівішся? Хадзем гарэлку піць! Вось зараз давацімуць.

— Не,— кажа Пахом, вагаючыся.— У Востраве рубель даюць, дык я туды...

— Але ж да Вострава міль з чатыры, болей! — крычаў нікчэмненькі.— Ідзем, брат, ідзем!.. Мужчынкі, цягнеце яго, а то ўпіраецца.

Пахом пастаяў, пагадаў, патом страпянуў чупрынаю, махнуў рукою і вярнуўся да грамады, катора стала націскацца і крычаць, каб скарэй запісвалі і гарэлку давалі.

— Ша, паціса, не ўсе разам! — супакойваў купец.— Гэй, хто там наперад стаіць? Заві стараста!.. Ты няграматпы? На, цібе квітанцыю!.. Стараста, стаў пячаць!..

Сталі мужычкі падходзіць чарадом. Іх запісвалі, выдавалі квіткі, а з квіткамі падыходзілі к старасту па гарэлку, а той наліваў ім у што хто падставіць — чы ў гляк, чы ў бутэлькі, чы ў баклажкі, чы ў берасьцені...

І пайшло таго ж вечару гулянне, як бы радаваліся, што зрабілі ўмову на працу, катора і на катарзе ў дзесяць столак лягчэйша...


1905; 1909?

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан