epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Наш покліч

Штось Нёман наш ціхі прачнуўся,

Ў пасцелі сваёй спеляхнуўся

І хвальку за хвалькай ціхенька пагнаў,

Ад краю да краю ганцоў ён паслаў,

Ад рэчкі да рэчкі,

Уздоўж і папярэчкі

У Шчару, у Сулу,

У Лошу і Вусу-раку.

Гэй, мы, хлопцы-наднямонцы,

Гукнем разам, гукнем разам:

— О — гоў!

Ой, не адзін Нёман прачнуўся,

Бо і лес чагось пахітнуўся,

І вецер, сарваўшысь, лісцем зашумеў,

Ды па полі і луках ён паляцеў,—

Колас к зямлі прыгне,

Кветку красну сарве,

Птушку пабудзе.

Ой, на свеце штось будзе!

Гэй, мы, хлопцы-паднямонцы,

Гукнем разам, гукнем разам:

— О — гоў!

Прачнуўся і наш наднямонец:

Молад і стар, мужык і хлопец.

Ой, старшыя чагось зварухнуліся,

Як бы бяды якой спалахнуліся.

Ой, друг к дружку ідзе

І суседа вядзе,

Люлек не кураць,

Знаць, штось важнае судзяць.

Гэй, мы, хлопцы-наднямонцы,

Гукнем разам, гукнем разам:

— О — гоў!

Ой, гора жа, гора над намі,

А ўсяму вінаваты самі,

Бо мову прыродну мы забываем,

Апратку, звычай на чужы мяняем.

Гэй, да схамянемась,

Да са сну прачнемась!

Згоду ўраім,

Што е злога — паправім!

Гэй, мы, хлопцы-наднямонцы,

Гукнем разам, гукнем разам:

— О — гоў!

1893 г.


1893

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан