epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Наша доля маладзецка

Ой, коціць, коціць чорная хмара,

Неба закрывае,

Ветрам патыхае,

А пад дубам стаіць хлопцаў пара.

Пра штось яны размаўляюць,

Штось яны гадаюць;

У сэрцах у іх агонь божы гарыць,

Не ўсяк яго цяміць,

Іншы ў грэх ставіць.

Праўды жадаюць, аж вока блішчыць,

Дружбу завяраюць.

А то ім, бедным, і не на вум,

Што ё сіла дзіўна

І не раз праціўна

Ва ўсім бо тым, што чалавек іме.

Хмара пракаціла,

Зорка засвяціла,

Вецер узняўся — хмары зноў загнаў;

Зараз, што бліснула,

Чуць толькі мігнула,

Зноў у чорныя хмары захаваў.

Хлопцы дабраліся,

Мыслямі зышліся,

Камусь гэта не пад нораў прыйшлось:

І іх пахапалі,

Розна разагналі.

Памучыўшы іх, колькі уздумалась.

Мусілі расстацца,

Навек распрашчацца...

Грудзень, 1902 г.


1910; 1911?

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан