epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Нёман

* * *

 

Ой, Нёман цячэ, Нёман плыве

Ад нас у літоўскія зямліцы.

А хто там найме, хто разбярэ

Шопат і гоман нашай рачыцы.

Ой, многа ж яна

З сабой унясла

Нашага шчасця, славы і гора

З сваёю вадой,

З нашаю слязой

З краю у край аж да сіня мора.

* * *

Ой, шмат жа прайшло,

(Як то было)

Вякоў над нямонскімі вадамі,

Як улез к нам госць,

Моў у горла косць —

Немец загаспадарыў над намі.

Ён нас выбіваў

Ды крыжаваў,—

Думаў саўсім нас са свету звесці.

Ды лясы былі,

І лясы раслі,

Дзе не мог вораг да нас далезці.

Як ні бывала

Ціха стала,

Бо збіралась вялікая сіла

Па нашых лясах

І балатах,

Моў смерць вражжа, нямецка хадзіла.

Ой, страшан быў гром,

Як грохнуў бо ён,

Бо аж светам усім скаланула.

Увесь свет закіпеў,

Свет заравеў...

Да ўсё тое даўно прамінула.

1893 г.


1893

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан