epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Песня зіме

Віхрам закруціла,

Холадам даняла,

Снегам запыліла,

Гурбы панагнала.

Ой, зіма, ой, зіма!

Зіма сердзіцца!

Воўк па лесе рышча,

Шуміць ліст дубовы,

Вецер ў полі свішча,

Мужык едзе ў дровы.

Ой, зіма, ой, зіма!

Зіма сердзіцца!

Дравец ён прывёзшы,

Насячэ, паколе;

Трушанкі нарэжа,

Скацінку напое.

Ой, зіма, ой, зіма!

Зіма сердзіцца!

Быдла напаіўшы,

Трушанкі закіне;

У хату прыйшоўшы,

Кажушыны скіне.

Ой, зіма, ой, зіма!

Зіма сердзіцца!

На лаве ён сядзе

Крыху адпачыці;

Сынка ён пагладзе;

Вучыць гаварыці.

Ой, зіма, ой, зіма!

Зіма сердзіцца!

А маці прадучы

Песню заспявае,

Нітачку ведучы,

Ды ў печ паглядае.

Ой, зіма, ой, зіма!

Зіма сердзіцца!

Варыць бо вячэру,—

Хоча накарміці

Дзетву любу-шчыру

І спаць улажыці.

Ой, зіма, ой, зіма!

Зіма сердзіцца!

1914 г.


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан