epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Такая доля

На краю лесу ліставога, падшытага арэшнікам і падтыканага старымі развесістымі хвоямі, на мяккай, зіхацячай усялякімі краскамі траве ляжаў дзяцюк. Гадоў з васемнаццаць яму было. А недалёчка ад яго пасвіўся конь буланы.

Ляжаў той хлапчына чарнявы, залажыўшы рукі пад галаву, і, відаць, добра яму так было, бо вочы яго карыя неяк весела глядзелі то на воблачкі белыя, каторых лёгкі цёплы ветрык гнаў кудысь па чыстаму сіняму небу, то на расінкі, вісячыя на лістах і мігаючыя рознымі аганькамі, каторых сонейка, нядаўна выглянуўшае з-за лесу, яшчэ не ўспела асушыці. Часам наслуховываў, як бы стараючыся распазнаці птушачыя галасы, ды гэта яму пэўне не ўдавалася, бо ў такіх лясах усякая твар божая любіць прыбываці, а несчыслёныя птушачыя галасы з зыкам усялякіх мошак да казявак зліваліся ў адну музыку, катора чаруе, так сказаць, людзей, а катору так мала знаюць гарадскія.

Ды, відаць, незаўсёды яму так добра бывае, бо на худых яго руках жылы, знаць, ад працы былі пабрыняўшы і босыя ногі яго былі патрэскаўшыся і, як кара, выглядалі; валасы, знаць, даўно нячэсаны, былі зблытаны; світына, знаць, калісь белая, цяпер шэра і абтрэпана; кашуля зрэбная, хоць, знаць, дзеля свята далі яму чыстую; карціны — гэтак жа сама.

Але вось яго чорнае аблічча чагось засупілася,— знаць, нагадаў аб сваёй цяжкай долі. Ды яно такі падумаць! Як яму будзе, як лета пройдзе? Ён, знаць, сірата, служыць парабкам за быля што ў мала што багатшага ад сябе і, знаць, не саўсім здаровага гаспадара. Гэта відаць па кані і па тым, што парабка трымае.

Лета яшчэ сяк-так, хоць і працуе, можа, і цяжэй, як другой парою, ды затое на свеце цёпла і хоць у нядзельку ды ў свята мае аддышку каня пасучы. А прыйдуць — холад, зіма, мяцеліца... Тады што яму дадуць апрануць? Прыбавяць да цяперашняй вопраткі дзіраву паношану кажушыну і лапці падплятаныя.

А і ён мог бы меці свой кавалак зямлі, хоць невялікі, з паўчвэрці, а ўсё ж свая... Ды ўсё суды нашы валасныя... Было двох братоў на чвэртцы зямлі. Меншага здалі ў салдаты, а старшы застаўся на гаспадарцы. Вярнуўся меншы з маскалёў, застаўся ў двор за фурмана. Там пазнаўся з пакаёўкаю, ажаніўся і, прыдбаўшы двое дзетак, сам богу душу аддаў. Тады ўдаве дзе дзецца? Стала ў дзевера зямлі даходзіць. Дзевер не дае. Пайшлі ў суд. Дзевер суддзяў загадзіў, бо меў чым, а яна не здагадалася нават паноў папрасіці, каб з членам перагаварылі. Пайшла да члена у горад,— дзевер першы дапаў, завёз гладышык масла, кадобчык мёду, з паўкапы яец і парасят са трое. Член ёй нагаварыў такога, што і сам, пэўне, не разабраў. А ў канец канцоў прыйшло з прысуцтва ў воласць, каб перасудзіць нанава. Перасудзілі, далі ёй месца на хату, кавалак агароду, як старой бабе сесці, агароду — і ўсё па ўсім. Яна ў дварэ выпрасіла за мужавы заслугі верхаўя на хату; людзі добрыя за пачастунак і за добрае слова хату зрабілі. Сяк-так пазычыла ў суседа на адработак грошай рублёў з дзесяць, і за гэтыя грошы накрыла, а заміж сенцаў прыставіла будку з лапак... І стала там жыць з маленькай дачушкай і на хлеб зарабляці: улетку — полівам, грэблівам, жнівом, а зімою — прадзівам. А старшага сына аддала ў людзі.

І вот гэты хлопец ужо і лет дарос, а ўсё служыць у таго ж гаспадара. І ляжыць цяпер на краю лесу, каня пасе, і думае ды гадае. А ён думаць умее...

1902 г. Ліпень


1905; 1909?

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан