epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Вітаўка

Хто не знае станцыі Хваніпаль, першай ад Мінску на дарозе на Бярэсце? А каля станцыі і двор таго ж наймення стаіць. Насупроць таго двара, праз балоты і рэчку Хамычку, стаіць дзервяная цэрква, нізкая і шырокая, рубленая на квадрат. Стаіць гэтая цэрква пагразшы ў балоце, і толькі па кладкам да яе ходзяць. І дзіву чалавек даецца, што гэта собіла людзям у такім мейсцы цэркву будаваць.

Вота ж паслухайце, што старыя людзі гавораць.

Тут, дзе цэрква цяпер стаіць, колісь быў груд, а на тым грудзе стаяў двор дужа багатага баярына, на імя Віт. Жыў той Віт па праўдзе, у веры, і бог быў на яго дужа ласкаў. Вота ж пайшла трывога вялікая, што швед у наш край наехаў і горш усякага татарына грабіць і пустошыць, а над народам здзекуецца. Віт быў удавец і меў адну дачку, вельмі красную панну. Вітаў двор быў прыродаю забяспечан ад ворага: спераду непраходным балотам, што і цяпер цягнецца абапал рэчкі Хамычкі, хоць шмат ужо сушэйшае, як за тыя часы: а за балотам і за дваром цягнуліся бясконцыя, адвечныя лясы,— тая старана і цяпер пушчаю завецца. Віт з дачкою, гэта цямячы, а прытым, як людзі набожныя, на бога надзею пакладаючы, былі спакойны ў сваім дварэ. Але, знаць, слава пра яго багацце далёка ішла.

Аднак гэтак ночы, калі ў дварэ ўсе крэпка спалі, спаў і сам баярын Віт, спала і красная яго дачка. Чуе гэта Віт праз сон зычны голас: «Віце, Віце! Устань і выстралі!» Віт прахапіўся, аж нідзе нічога не чуваць. Ён ізноў стаў засыпаць ды ізноў чуе: «Віце, Віце! Устань і выстралі!» Ён і на гэты раз прахапіўшыся і нідзе нічога не бачачы і не чуючы,— стаў драмаць ды зноў чуе: «Віце, Віце! Устань і выстралі!» Тагды ён ужо мусіў устаць і, узяўшы стрэльбу, выйшаў на перамёт і бачыць, што шведы ўжо гаспадараць у яго на дварэ. Ён, тое ўбачыўшы, дужа спалохаўся, і як трымаў стрэльбу, так і выстраліў на вецер, а сам пабег у пакоі дачку будзіць. Толькі пабудзіў,— чуюць на дварэ якісь голас падняўся. А калі яны выйшлі паглядзець, бачаць — шведы ў вялікай замешцы хочуць з двара ўцячы ды, не папаўшы ў вароты, ціснуцца на платы, душацца, калечацца, а каторым і ўдалося з двара выбрацца, тыя, чуваць, ратунку крычаць, папаўшы ў балота або ў рэчку. Так да раніцы ніводнага з тых шведаў жывога не засталося, бо, паслепшы воляю божаю ад Вітавага стрэлу, усе пагінулі, каторыя ў дварэ падушыліся, каторыя ў рэчцы і балоце патапіліся, а каторыя патрапілі ў лес, тых звер люты парэзаў.

Вот на тую памяць, што бог яго ад шведскай рукі захаваў, паставіў ён сярод свайго двара цэркву мураваную і вельмі яе ўкрасіў.

Жывуць так Віт з сваёю дачкою, краснаю паннаю, ізноў у дастатку і супакоі. Адно нячыстая сіла не дрэмле, і пакусы вялікую сілу маюць.

І ўпаў наш баярын у вялікі грэх, так што зямля нават здрыганулася. І аступіўся той узгорак, на каторым двор стаяў, і рынуліся мураваныя палацы і пахавалі пад сабою грэшнага баярына. Дачка ж таго баярына зышла дзесь у далёкі манастыр і там веку даканала. Чэлядзь па свету разышлася, а двор той штораз болей і болей стаў у балота пагрузаць і аднае ночы саўсім затануў. Толькі на тым мейсцы, дзе цэрква стаяла, людзі распяцце знайшлі. Потым паставілі на тым мейсцы цэркаў дзераўляную і тое распяцце ў ёй паставілі. І праславілася тое распяцце цудамі рознымі, і ўсякі год на Уздзвіжанне збіраецца там шмат багамольцаў з усіх канцоў нашае зямлі. Завецца тое мейсца Вітаўка, або Вітавец. Там і цяпер у балоце можна абмацаць кавалкі муру.

1902 г.


1902

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан