epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Восенню

Дзень шэры, хмурны. У воздусе пахне сырасцю і гніючым лістом, каторы сыплецца з дрэва, засцілаючы жоўтым дываном мокрую зямлю. Часам запыліць дробны, як туман, дожджык-рунец. Па зялёнай жытняй руні пасуцца гусі, а лагчыну ўвакол азярыны скрозь абселі чорныя груганы, і то той, то той злятае ў ваду, купаецца, а потым адлятае на поле і, сеўшы на скібе, цярэбіцца і распраўляе пер'е. Гэта — найлепшая прымета, што скора дождж добры пойдзе. Дзесь пад лесам стралец, чуваць, на сабак трубіць. А з восеці, што ў канцы сяла ля рэчкі, чутно, як мне і мяліцамі бразгаюць, лён мнучы. А па гразкай грэблі невялічкая каняшына чуць цягне панарад з мяшкамі збожжа, прыкрытымі пярэстаю дзяружкаю, а бокам, ля канаўкі, прабіраецца, выбіраючы сушэйшае месца, чалавек. Часта ён пануквае і памахвае пугаю. Знаць, намалаціў новага збожжа і вязе ў млын, штобы к дзядом прыбраць мукі і круп, а дзяды ўжо тут незабавам, бо пакровы ўжо з тыдзень таму былі. Пастушкі, паадзяваўшы на голавы мяшкі, сабраліся пад ігрушу, што расце на мяжы, кладуць агонь і бульбу пякуць, а быдла і авечкі распусцілі скрозь па сцернішчах.

Ідучы ў такую восень дзе між вербаў па мокрай, усланай жоўтым лістам дарозе, становіцца неяк маркотна, за чымсь тужыш, штось гадаеш і ўвесь даешся ў думкі. А ўсё-такі гэта мае сваю красу і прыемнасць...

1907 г.


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан