epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Забойства Захаркі

У пагодны асенні дзень пад вечар вярталіся сяляне сяла Усакіні з гораду, куды вазілі лапаты ад купца Бермана. Якраз то было перад пакровамі.

Не даязджаючы дому, прыпыніліся ў суседнім сяле Сушы, ля Абрама... Выпілі па чарцы, закурылі люлькі і давай ганяць друг дружка ехаць, штобы за сонцам дома стаць. Забавіўся адзін толькі Захарка з роду Шалойкаў, заклятых ворагаў другога роду ўсакіньскага, па прозвішчы Зайцоў. Быў то чалавек вялікага росту, рабаліцы, з рэдкаю русаю бародкаю, на нагах падгалы, у плячах шырокі і крыху прыгнуўшыся, быў ён трохі выпіўшы, і хоч брат яго Марка, чалавек відны, каравокі, з шырокаю чмараю барадою, з ліца гарны, хоч крыху рабаваты і ганяў ехаць, та ён не паслухаў і застаўся з сушскімі сялянамі пабалакаць і з Абраміхаю паспірацца. Не паслухаў ён брата і не вярнуўся болей да хаты, хоч з Сушы да Усакінь усяго пяць вёрстаў. Толькі ўжо добрым сумаракам усакіньскі смоляр чуў, як у бродзі, што Вязенем завецца, як бы хтось прасіўся і называў па імені.

Назаўтрае ў рэчцы Ваданосцы, чы бок, як тамашнія сяляне яе называюць, Гэньцы, у памяць аднэй яўрэйкі Гэнькі, знайшлі усакіньскія дулебы каняшыну з цялежкамі стаячую, скубучы траву на беразе, і пад перавернутаю драбінаю цела мёртвага Захаркі з перакручаным каркам і адну бутэльку гарэлкі запячатану, а другую да палавіны выпіту. Пашло следства: прыехаў станавы са стражнікамі і ўраднікам, доктар і п’яны следавацель.

Рэзалі Захарку, нічога ў ім не знайшлі, адно доктар, дзівячыся на Захаркаву печань і лёгкія, сказаў:

— Колькі жыву на свеце і што перарэзаў мярцоў, а такога здаровага чалавека не бачыў.

Арыштавалі двох Зайцоў — Амельяна і Ёсіпа, быўшых стральцоў грапа Патоцкага, адно па старанню знамянітага атамана канакрадаў Янкеля, што жыве ў тым жа сяле, іх у скорым часе выпусцілі пад залог, і ўсё заціхла.

Раз толькі доўскі ўраднік, спаткаўшы стральца Андрэя ў варотах аб’ездчыка хаты, засмяяўся і кажа:

— Ну, што, Андрэй, прапаў Захарка? І дзела яго прапала? Але і грошай багата прапала!

Засмяяўся і паехаў.

1909 г.


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан