epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Засульскія Турэ

Ёсць у нашым краю сяло Засулле, а каля таго сяла, на краю баханскага балота, ляжаць тры вялізныя каменні, што Турамі завуцца. Два з іх большыя ляжаць поплеч, як два пірагі зліпшыся, а трэці меншы, круглы, як баханок, ззаду паміж пірагоў паложаны.

Вота ж, як старыя людзі павядаюць, гэтыя каменні колісь-то людзьмі былі такімі, як і мы. Гэта было яшчэ тады, як наш край у паганстве быў, а толькі чутка хадзіла, што ад Кіева нека новая вера разыходзіцца і штораз далей і далей па гарадах, сёлах і сялібах пашыраецца. І ад гэтае чуткі страшна людзям станавілася. Баяліся новае веры, як заразы якой.

Людзі зыходзіліся ў святыя дубровы ды гаі, там раіліся і прыносілі ахвяры багам, каб уласкавіць і ўпрасіць аб помачы проціў насуваючай з поўдня страшнае навіны.

Вот у адным сяле пад Сулаю разышоўся пагавор, што да аднаго гаспадара, каторы жыве за сялом на адзіноце і Турам празываецца, па начах прабіраецца нейкі невядомы чалавек з вялікаю барадою, з доўгімі валасамі, павучае гаспадара таго новай веры. Сталі сяляне падглядаць, і дзе каторыя з іх бачылі, як невядомы з гаспадаром, з гаспадыняй і з малымі іх сынамі кланяліся нейкім рагачам. Сталі прызірацца да гэтых рагачоў і дагледзелі, што яны пароблены з залезных шынаў, зложаны накрыж.

Тых крыжоў налічылі тры: адзін вялікі пасярэдзіне, а два малыя абапал яго. Сабралі сход і ўраілі, каб сям’ю і сялібу тых Тураў знішчыць дазвання, каб і следу не было.

Аднэй гэтак раніцай запрагае той апрычны гаспадар валы араць ехаць, ажно бачыць: з сяла народ да яго валіць — хто з сякераю, хто з пілою, хто з насекаю, а хто проста з кіем. Сцяміў ён бяду немінучую. Кінуўся ў хату, разбудзіў жонку і сына, сам узяў вялікі крыж, а ім даў па малому і чым дужы ў лес. Сяляне тое як забачылі,— зараўлі ад злосці ды кінуліся ўдагонку. Турэ тыя ўцякалі на ўсю моц, ажно разам спыніліся, бо прыбеглі к вялікаму непраходнаму балоту. І апанаваў іх вялікі страх, ды кажуць яны:

— Што мы з новае веры скарысталі? Бадай мы той час лепш каменнямі сталі, як малі яе пазнаваць!

Тады бог і перакінуў іх за гэта ў каменне. Прыбягаюць людзі ўслед за імі — аж нідзе нікагутка, адно тры каменні ляжаць.

— Вот табе і нашы Турэ! — кажуць сяляне, апусціўшы рукі.

Турамі завуцца тыя каменні і цяпер, а крыжы пазнаходзілі ў зямлі ўжо за нашых часоў. Яшчэ гадоў дваццаць таму жылі тыя людзі, што з тых крыжоў нарогі (лемяшы) рабілі.

1902 г.


1902

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан