epub
 
падключыць
слоўнікі

Карусь Каганец

Журавель і чапля

Жылі на балоце журавель і чапля. Прыдакучыла жураўлю жыці аднаму, і думае: «Пайду хіба да чаплі ў сваты, мо ўдваіх ладней жыці будзе».

Прыходзіць да чаплі, а тая і слухаць не хоча.

— Куды ты варт,— кажа,— са сваімі нагамі? Не пайду за цябе!

Пашоў жураў, павесіўшы дзюбу, дамоў, а чаплі і шкада стала: пайсці хіба самой да яго?

Прыходзіць да журава, а жураў, падуўшыся, кажа:

— Цяпер і я, як паглядзеў, дык не хачу з табой жаніцца: ты нейкая неахайлівая, быццам мокрая.

Засаромілася чапля, ды пашла з нічым дамоў.

А журавель і думае: «А ткі шкада, што адправіў, бо ўсё ж ткі аднаму маркотна жыці!» — і пайшоў да чаплі.

А чапля свой гонар нясе і кажа:

— Было тады браць, а цяпер я не хачу.

І гэтак ходзяць адно к другому і ніяк пажаніціся не могуць дагэтуль.

1910 г.


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. - Мн.: Маст. літ., 1979. - 264 с.
Крыніца: скан