epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Акула

Адказ "роднапартыйнаму" Пятрусю

Глядзі Броўкаў верш "Адшчапенец", "Полымя", #8 за 1963 г.

Не табе, сыну "партыі роднай",

Нас, выгнанцаў імя ганьбаваць -

Беларусі ты камень надгробны

Памагаеш чужым майстраваць.

 

Ты дурманіш народ, ганіш Бога,

Праслаўляеш Прыгон і ману,

Абіваеш тырана парогі,

Панегірыкам знаеш цану.

 

Табе рай, а народу Галгофа,

На крамлёўскі сьпяшыш ты шабаш,

Там нячысьцік - партыйны прайдоха

Рабаўласьнік трымае кірмаш.

 

Мы - выгнаньнікі часу ліхога

Не парвалі з народам вязьмо,

Нам мілей вольнасьць сьвету чужога,

Чым маскоўскае дома ярмо.

 

Ты ня зьвягай, што мы прадаліся

Чужніку, так як ты...

                        сьпіны гнём, -

Не табе зьведаць зорныя высі,

Што радзіўся на сьвет паўзуном.

 

Нашы сэрцы ня знаюць патолі,

У бязьдзейнасьці рук не кладзём,

Пакуль родзічаў глуміць няволя,

Пакуль прыйдзе чарга вольных дзён.

 

Цэлы сьвет мы ў сьветкі паклічам -

Ня мінуць вам страшны Нюрнбэрг! -

Наш народ сваіх вырадкаў зьліча,

Справядлівасьць, сьвятло возьме верх!


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кастусь Акула. Усякая ўсячына. Выданьне "Пагоні", Таронта, 1984, ISBN 0-96908969-6-2
Падрыхтавана: Раман Кардонскі