epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Акула

Ашаўскай самапомачы зычлівае слова ад суседа

Насьледваньне К.Крапівы

Подля ведамак, зыбраных Цэцыляй

і Даміцэляй і апрацаваных Януком

і Прануком

 

Нешта сяньня у Ашаве

Сьвятло весела гарыць,

А народу поўна "галя"*,

Так як дзьверы зачыніць.

 

Госьці зблізку і здалёку

Сабраліся сьвяткаваць

Сабепомачы ўгодкі,

Ёсьць нагода, так сказаць.

 

Вунь дзе, на пачэсным месцы,

Сам расьсеўся старшыня,

Як ня пніся, хоць ты трэсьні,

А яму ты не раўня.

 

Працаваў для дабрабыту

Сабепомачы ўвесь год,

Знаем: чалавек ён біты,

Першаклясны патрыёт.

 

Скарбнік - чалавек рухавы

І празорлівы, як Жыд.

Верце: ён ня сьпіць начамі,

Пра ваш дбае дабрабыт.

 

Сакратар - ён шустры дзядзька,

Працавіты, як той крот,

Людзям ён пасобіць, братка,

Ня ткні пальца яму ў рот!

 

Глянь налева і направа,

Што ня крэсла - то дзяяч,

Надта рэдкая тут зьява -

Які просьценькі таўкач.

 

А дзяўчаткі, як маліны,

Хоць на выстаўку вядзі,

Нафуфырылі чупрыны,

Абы хто не падхадзі!

 

Сабепомач, вам вядома,

Гурток хлёсткі, так сказаць,

Заўсягды стаіць гатова

Людзям нашым памагаць.

 

Скажам, палец ты ўдаруыў,

Цьфу! Баліць, што не сьцярпець.

Глядзіш, скарбнік мех даляраў

Тут табе на помач прэць.

 

Лекар з "нурсай"** на падмогу

Джгаюць, аж матор раве,

Лекаў цягнуць адмысловых,

Што й ня снілася табе.

 

Пуп уверх, ляжы й мацуйся,

Ды калеку даглядай,

Пра Джы Эм*** ты ня турбуйся,

Сілаў новых набірай.

 

Далібог і насарматры, -

От не дайце мне збрахаць, -

Дзе-ж так хворых у "олд кантры"****

Калі мог хто даглядаць?

 

Калі хто з вас не паверыць

Пра той цымус, - хворым быць,

Таму раю з поўнай мерай

Добра палец свой пабіць.

 

Адным словам, Сабепомач -

Гурток добры, што й казаць,

І на працы, і ўдома

Людзей будзе даглядаць.

 

Дык бязь лішніх агаворак

Зычу ўсім тут за сталом:

Няхай шчасьце вам прыспорыць,

Каб бяды ня знаў ваш дом.

 

Беларусі на пацеху

Вашы дзеткі каб расьлі,

І пад бацькаўскія стрэхі

Славу й волю прынясьлі.

 

А управе пажадаю

Спору ў працы і ў грашох,

Ды няхай пра ўсіх вас дбае,

Каб гурток мацнеў і рос.

 

Прапаную за здароўе

Ўсіх прысутных тут падняць,

Дзякую, што далі слова

Пры нагодзе так сказаць.

 

* ад агельскага hall - заля

** nurse - мэдсястра

*** GM - General Motors - аўтамабільная кампанія

**** old country - старая краіна, тая адкуль імігранты прыехалі


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Кастусь Акула. Усякая ўсячына. Выданьне "Пагоні", Таронта, 1984, ISBN 0-96908969-6-2
Падрыхтавана: Раман Кардонскі