epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Акула

Каб не адставала сатыра

Менская газэта "Літаратура і Мастацтва" у нумары за 30-га травеня 1980 году паведамляе, што на адным з паседжаньняў прэзідыюм Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі разглядаў "прычыны пэўнага адставаньня гумару й сатыры" ў беларускай падсавецкай літаратуры. З рэпартажу ў газэце відаць, што пра галоўныя прычыны гэтага адставаньня ніхто з выступаўшых навет не заікнуўся. Таму, у дапамогу паважаным і ня вельмі паважаным бээсэсэраўскім літаратарам, дазволім сабе выказацца якраз пра тыя прычыны:

 

Таварышы і грамадзяне,

што льга пра гумар вам сказаць?

Наша вялікае заданьне -

на узбраеньне яго ўзяць.

 

Клянуся Маркса барадою,

што справа гумару ў нас - дрэнь.

Ніяк ня вылезьці з застою,

на жанр той лёг жахлівы цень.

 

Як вам вядома, ані Ленін,

ні Маркс, ні Сталін, ні Брэжнёў,

у іх мізэрных уяўленьнях

ня зналі гумару асноў.

 

Нам тэмы партыя дыктуе -

які тут гумар, чорт вазьмі! -

дык пісаніна так швынкуе,

хоць залівайся ты слязьмі.

 

Людзей мы клічам у брахалкі,

піхаем моладзь на той БАМ,

ідэалогій перапалкі

варушым спарахнелы хлам.

 

І "роднай партыі" капрызы

мы славім на усе лады,

гадуем стукачоў, падлізаў,

каб спажываць жыцьця плады.

 

Мы ў шчапятлівым палажэньні,

бо першы гумару аб'ект,

што нараджаецца ў натхненьні, -

сыты партыйны дармаед.

 

Каб напляваць у яго рыла,

прызнацца, аж пяро сьвярбіць,

ды ведаеш - табе магіла,

адно спрабуй яго ўквяліць.

 

Буржуй партыйны сеў на плечы,

і цісьне душыць, хоць стагні.

Народ пакутуе ў галечы,

і злосьці ты не спагані.

 

Сябры мае, дальбог, я веру,

што сам наш Торба-пілязоп

згнаіў-бы цэлы воз паперы,

нічога напісаць ня змог.

 

Ніякіх "подзьвігаў" ня бачу

на сатырычным палатне:

цівун цэнзурны нас дубасіць,

а дырэктыва джалам тне.

 

Нам воля трэ', каб ад сатыры

зьмікіціўся ўсялякі бес,

і каб партыйны той прыдзіра

табе на карак ня узьлез.

 

Тады маскоўскія ўсе рылы

загналі-б мы ў казіны рог,

была-б і партыі магіла,

народ аджыў-бы, далібог!


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кастусь Акула. Усякая ўсячына. Выданьне "Пагоні", Таронта, 1984, ISBN 0-96908969-6-2
Падрыхтавана: Раман Кардонскі