epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Акула

Пасьля першых адгалоскаў

Кожнаму аўтару, асабліва калі праца ягоная паважная тэмай і разьмерам, карціць ведаць думку чытачоў. У эміграцыйных абставінах водгукі й крытыка асабліва вартасныя, бяручы на ўвагу, што ўмовы для творчасьці тут цяжкія й няспрыяльныя. Гэткі ўжо лёс палітычнага эмігранта,

Мінуў ужо блізка год ад часу, як «Змагарныя дарогі» трапілі ў рукі чытачоў.

Паводле першых адгалоскаў цяжка мяркаваць яшчэ аб вартасьці працы, ды хіба-ж аўтару адно выпадала-б сядзець і прыслухоўвацца, як ганяць ці хваляць. І гэты скупы артыкул зьявіўся не з намерам самагратыфікацыі. Адылі пэўныя рэчы ўжо цяпер уважаю сваім абавязкам высьветліць.

Найперш хочацца надзякаваць чытачам, што вусна ці пісьмова выказалі аб успомненым творы свае думкі. Іхныя выказваньні зьяўляюцца да гэтага часу адзіным і, бадай, ці не найлепшым баромэтрам, які ня толькі ў адносінах да «Змагарных дарог», але ў ладнай меры вымярае наогул ступень літаратурнай зацікаўленасьці нашага эміграцыйнага грамадзтва.

Мімабегам аддаю вялікае дзякуй усім супрацоўнікам «Бацькаўшчыны»* ды іншым добразычлівым сябрам, што прыйшлі мне на дапамогу пры распаўсюджваньні кнігі, зьбіраньні й складаньні ахвяраў на пакрыцьцё даўгоў за выданьне яе. Даўгі гэтыя яшчэ адно напалову пакрытыя, і тых, што змаглі-б далей дапамагчы, прасіў-бы гэта зрабіць.

* Газэта беларускае эміграцыі, што выходзіла з 1947 году ў Мюнхэне.

Да гэтага часу нарабілі найбольш шуму пераважна моманты палітычна-вайсковага характару, адлюстраваныя ў кнізе. На іх і хачу спыніцца.

Зьбіраючы матэрыялы для «Змагарных дарог», у свой час я прасіў шмат каго, каб памаглі інфармацыямі. Ад часу апошняе вайны сплыло шмат вады. Тое, што тады магло паказацца нам у сьветлых колерах, сяньня выглядае чорным або наадварот. Групавае палітыканства на эміграцыі шмат чаго больш зацямніла, чым высьветліла. З пэрспэктывы часу лягчэй ацэньваць падзеі, характарызаваць людзей адно тады, калі ёсьць доступ і да людзей, што бралі ў іх удзел, і да архіўных матэрыялаў, ды калі ёсьць умовы да гэтага.

Калі-ж няма такіх перадумоваў, тады ствараецца зусім адменная і для бальшыні тых, што й жадалі-б такімі працамі займацца, прост-напрост немагчымая сітуацыя. Усё гэта добра мне было ведама.

Беручыся за працу над «Змагарнымі дарогамі», давялося разьлічваць адно на добрую волю людзей, што былі ў віры беларускіх гістарычных падзеяў ды маглі больш-менш аб'ектыўна ацэньваць іншых і інтэрпрэтаваць выпадкі ці навет прыгадваць простыя факты. Шматлікія людзі, выказваньні й інфармацыі якіх былі нагвалт неабходнымі дзеля аб'ектыўнага асьвятленьня падзеяў, зусім ня рэагавалі на мае звароты, уважаючы, відаць, што, як той казаў: «Вось там нехта зноў носіцца зь нейкім праектам, зь якога й так выйдзе пшык». Зь іншымі-ж, на вялікі жаль, навет ня ўдалося ўстанавіць пісьмовага кантакту. І вось давялося арганізаваць, ацэньваць, узважваць, перасейваць тое, што было вядома, дый намагацца на гэтай аснове знайсьці нейкі аб'ектыўны вобраз як характарызаваных падзеяў, так і ўдзельнікаў іх. Ня ўсюды гэта ўдалося.

Ужо пасьля выхаду кнігі з водклікаў прыйшло шмат новага й цікавага. Гэты новы матэрыял будзе, безумоўна, выкарыстаны некалі пры перапрацоўцы твора для перавыданьня (на вольнай Бацькаўшчыне!). Пакуль-жа тое будзе, ужо цяпер хачу выправіць адну прыкрую памылку, бо ёсьць гэта мой маральны і аўтарскі абавязак.

Празь няведаньне некаторых фактаў і бяз дрэнных задніх думак у кнізе зроблена вялікая крыўда былому камандзеру афіцэрскае школы БКА ў Менску капітану Ласкутовічу. На вялікі жаль, былыя вучні гэтай школы яшчэ й сяньня маюць дрэнную думку аб капітане Ласкутовічы, а я гэты крывы вобраз заслужанага беларускага школьнага працаўніка, вайскоўца й насамперш вялікага патрыёта, дзякуючы недастатковым або фальшывым інфармацыям, замацаваў у сваёй кнізе.

За гэта прашу капітана Ласкутовіча мне выбачыць і хачу падаць да ведама высьветленыя факты.

Атрымаўшы загад аб эвакуацыі з Менска, капітан Ласкутовіч папрасіў капітана Мікулу, каб на час пераняў школу, бо сам хацеў заехаць па сям'ю. Мікула згадзіўся. Не дастаўшы дазволу ад камандуючага БКА на адлучку па сям'ю, Ласкутовіч зьвярнуўся да прэзэдэнта БЦР, які даў яму дазвол. Раніцаю 29 чэрвеня капітан Ласкутовіч, прадставіўшы капітана Мікулу кадэтам, разьвітаўся зь юнакамі.

Ажно 2 ліпеня, пасьля шматлікіх прыгодаў, ужо разам зь сям'ёю, ён далучыўся да школы ў Вільні.

Усюды быў вялікі хаос. Беларускія цывільныя й вайсковыя ўлады ня мелі ніякага кантролю над адступаючымі цывільнымі й жаўнерамі.

Бачачы гэта ды намагаючыся вярнуць нейкую арганізаванасьць,капітан Ласкутовіч наважыўся зьвярнуцца з пэўнымі прапановамі да прэзыдэнта БЦР, што пераездам затрымаўся ў Вільні. Найбольш баяўся Ласкутовіч таго, каб гітлераўцы не паслалі на бойню ня вышкаленых «зялёных» кадэтаў зь ягонае школы. Таму й хацеў адвесьці іх як найдалей ад фронту.

Якая-ж была рэакцыя Астроўскага? Выслухаўшы камандзера школы, ён выдаў пісьмовы загад, паводле якога капітан Ласкутовіч звальняўся з займанага становішча. Старшы лейтанант К-і быў прызначаны камандзерам школьнае роты, а капітан Мікула быў затрыманы пры школе як прадстаўнік ад БЦР. Паінфармаваўшы двух апошніх аб зьменах, капітан Ласкутовіч усё-ж наважыўся трымацца школы, памагчы юнакам ад'ехаць найдалей ад фронту, каб немцы іх ня кінулі ў вагонь. Характэрна, што з прычыны нейкага дзіўнага недагляду найбольш зацікаўленыя асобы (значыцца, самі кадэты) нічога афіцыйна так і ня ведалі аб зьмене каманды. Вось чаму, калі капітан Ласкутовіч адлучыўся ад школьнае роты ў Полацку ды разам зь сям'ёй паехаў у Нямеччыну, нехта сказаў, што камандзер школы «змыўся» ці проста «пакінуў нас». Аж да сяньняшняга часу ў сьведамасьці шмат каго пануе памылковая думка, нібыта капітан Ласкутовіч быў дэзэртырам, што ў сьвятле вышэйсказанага зьяўляецца няпраўдай.

Ня ўсім ведама, што капітаны Мікула й Ласкутовіч, пабачыўшы безгалоўе ў БЦР, былі добра прадыскутавалі і ўстанавілі агульны кірунак дзеяньня на будучыню. У ім прадбачвалася арганізацыя Беларускага войска (не СС ці паліцыі) пад нацыянальным сьцягам, папаўненьне школы БКА й навучаньне афіцэрскіх кадраў, магчымая сувязь з заходнімі хаўрусьнікамі й пераход на іхны бок дзеля рэалізацыі ідэі вызваленьня Бацькаўшчыны. У сьвятле гэтага факта й лягчэй зразумець апісанае ў «Змагарных дарогах» выступленьне капітана Мікулы на канфэрэнцыі ў Эльбінгу. Будучы там адным са старэйшых беларускіх афіцэраў, не спадзяючыся ад малодшых актыўнай падтрымкі на канфэрэнцыі, ён, мусіць, трымаўся той узгодненай з Ласкутовічам ідэі.

Пэўна-ж, Мікула ня быў фантазёрам. Як тады вытлумачыць тое, што кінуў маскалям у вочы: «Даволі намі камандавалі маскалі! Гэта нашы людзі, і дывізія будзе наша!»? Хіба што спадзяваўся на нейкі пралом, ці быў гэта крык роспачы бясьсільнага гэройскага сялянскага сына! Кадэты Школы Камандзераў БКА ня мелі магчымасьці бліжэй паэнаць капітана Ласкутовіча. Шмат каму ён выдаваўся «надзьмутым, напампаваным, з вонкавай палітурай». Відаць, ён належыцьда людзей, што не адразу адкрываюцца, адносна іх на першы погляд памыляешся, а пасьля, пазнаўшы іх бліжэй, прыемна расчароўваешся.

Такім было й маё знаёмства з капітанам Ласкутовічам. Ці ж трэба яшчэ казаць, што я задаволены тым, што мой першы погляд быў памылковым.


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: «Бацькаўшчына», 24 лютага 1963 г.