epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Акула

Прывітаньне Вільні

Верш "Прывітаньне Вільні", напісаны ў Вільні 18.9.1943, ці не найбольш пацярпеў. Пакуль Францішак Аляхновіч даў яму дарогу ў "Беларускі Голас", дзе ён апынуўся, бязь першай звароткі, 12.11.1943 году, даволі пазьдзекваўся над ім цэнзар. Хто быў цэнзарам, Немец ці Летувіс? Судзіце самі хаця-бы па зьместу адкінутай першай звароткі:

 

Прывітаньне табе, Вільня!

Слаўны горад Крывічоў, -

Места памятак магільных

Нашых прадзядаў, дзядоў.

 

А зірнеце што зрабілі з трэцяй звароткай, якая гучала:

 

Ды усьмешкай гор, далінаў

Ты чаруеш позірк мой

Эх, здаецца-б не пакінуў

Вечна цешыцца табой!

 

Прывітаньне Вільні

 

Ты разьлёг перада мною

У васеньнім тумане,

Быццам кветкай маладою

На зялёным дыване

 

Ды усьмешкай гор, далёкай

Ты чаруеш позірк мой:

Эх, здаецца-б не памінуў

Вечна цешыцца табой!

 

Плывуць думкі, успаміны;

Прад вачыма устаюць

Слаўнай прошласьці часіны,

Што нам прыклады даюць.

 

Колькі-ж памяткаў хаваем

Аб мінуўшчыне сваей?!

Кажны зьведае, пазнае

Чым праслынуў ты даўней.

 

Чую славы тваей рэха,

Бачу велічнасьць тваю,

Дык ня дзіва, што з уцехай

Табе гімн я запяю.

 

Слава Вільні - прыгажуні,

Слава прошласьці тваей,

Хай гісторыя на струнах

Пяе гімн табе далей!

 

М. Козыр


18.09.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Кастусь Акула. Усякая ўсячына. Выданьне "Пагоні", Таронта, 1984, ISBN 0-96908969-6-2
Падрыхтавана: Раман Кардонскі