epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Акула

Сейбітам

Марыі й Міколу Ганьком

 

Калі ў чэрвеньскі вечар

зязюля Вам гады лічыла,

а Вы цешыліся кожнаму "ку-ку"

і крычэлі: "яшчэ раз, яшчэ раз!"

Цу думалі Вы тады,

дзе накукаваныя гады

пражываць будзеце?

 

Калі хадзілі Вы па родных гонях

за плугамі, ці па ягады,

забаўляліся з малечай у пікара,

ці песьняй пры калаўроце

насалоджваліся, -

ці не варажылі вы тады

пра шчасьце?

І дзе яно,

і якое яно

і калі-ж нарэшце

да Вас загляне...

 

Калі на ніве добра апрацаванай

асачылі Вы сейбіта, -

павольнага, памяркоўнага,

натхнёна-працавітага, -

ці гадалі тады,

што некалі й самім давядзецца

сейбітамі добрага й адвечнага

крочыць... на чужыне?

 

І што на чужыне

зярняты роднага прарасьці

могуць,

а праросшы,

успамагаць зьняможаную,

зьняволеную Матку...

 

2.Х.1976


02.10.1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Кастусь Акула. Усякая ўсячына. Выданьне "Пагоні", Таронта, 1984, ISBN 0-96908969-6-2
Падрыхтавана: Раман Кардонскі