epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Акула

Змагарныя дарогі

Частка ўводная
  Гітлераўская акупацыя Беларусі ў 1941-1944 гадах
  Адміністрацыйны падзел
  Школьніцтва
  Арганізацыі
  Культурнае жыцьцё, выдавецтва, прэса
  Гітлераўская палітыка вынішчэньня й дапаможныя акупанты Беларусі
    : Пaлякі
    : Расейцы
    : Латышы
    : Летувісы
    : Украінцы
    : Вугорцы
  Беларускія збройныя адзьдзелы
    : Дапаможная паліцыя
    : Самаахова
    : Наваградзкі беларускі эскадрон
    : Чыгуначны батальён
    : Беларускі спэцыяльны батальён
    : Беларуская краёвая абарона
    : Беларуская цэнтральная рада й Радаслаў Астроўскі
  ... І колькі слоў аб галоўных злачынцах
Частка першая. Менск - Альткірх - Марсэль
  Неадчыненая школа
    : I
    : IІ
    : III
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
    : VIII
  Крывавая ноч у Вільні
    : I
    : II
    : IІІ
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
    : VIII
    : IX
    : X
  Коўна - Вірбален - Кэнігсбэрг
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
    : VIII
    : IX
  «Кein Russland»
    : I
    : IІ
    : IІІ
    : IV
    : V
  Капітан Мікула і ўтварэньне трыццатае дывізіі
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
  Марш у Прусію. Страйк за «Фарфлюктар», Альбрэхтаў
    : I
    : II
    : IІІ
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
  Падарожжа ў Францыю
    : I
    : II
    : IІІ
    : IV
  Бэзансон - Вальдагон
    : I
    : II
    : IІІ
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
    : VIII
    : IX
    : X
  Пераход да макісаў
    : I
    : II
    : III
    : IV
  Рэпрэсіі й ахвяры
    : I
    : II
    : IІІ
  Група Грамыкі ў макісаў
    : I
    : II
    : III
    : IV
  Адгалоскі
    : I
    : II
    : IІІ
    : IV
  Батальён Мураўёва
    : I
    : II
    : IІІ
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
    : VIII
  Набліжэньне
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
  Чалавек, якога немцы не маглі застрэліць
    : I
    : IІ
    : III
    : IV
    : V
    : VI
  Лейтанант Сьцервін
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
  Ноч і сьвітаньне
    : I
    : II
    : III
    : IV
  Fort Breville
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
Частка другая. Бэрлін - Цьвізэль - Нэапаль - Балёнія
  Кляймо нячысьціка
    : I
    : IІ
    : III
    : IV
    : V
    : VI
  На сонечным узьбярэжжы
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
    : VIII
  Скрыготы і ўздрыгі
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
  Вэгэтацыя
    : I
    : II
    : IІІ
    : IV
    : V
  Беларуская цэнтральная рада ў Бэрліне. Генэрал Езавітаў, Астроўскі й Шувалаў
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
  Дывізія «Беларусь»
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
  Над Сэньё
    : I
    : II
    : IІІ
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
    : VIII
    : IX
  Наступ між цьвітучых садоў
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
  Загуба генэрала Езавітава
    : I
    : II
    : III
  Дывізія «Беларусь» пераходзіць да амэрыканцаў
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
Частка трэцяя. Балёнія - Лёндан
  Зародкі
    : I
    : II
    : III
    : IV
  Падарожжа Сымона Спарыша
    : I
    : IІ
    : III
    : IV
    : V
    : VI
  «Оut of вounds»
    : I
    : II
    : IІІ
    : IV
  Імглістыя берагі
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
  Самагубства Рачыцкага й людзі восьмага курсу
    : I
    : II
    : IІІ
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
    : VIIІ
    : IX
  Родны зьніч
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
  «Прычына - веравызнаньне, нацыянальнасьць»
    : I
    : II
    : III
    : IV
  Матэра
    : I
    : II
    : III
    : IV
    : V
    : VI
    : VII
  Васеньнія хмары
    : I
    : II
    : III
  Парасткі на чужыне
    : I
    : IІ
    : III
    : IV
    : V


Ад Аўтара

 

Пэрыяд Другой Сусьветнай вайны прынёс беларускаму народу найбольш цярпеньняў і каштаваў яму ахвяраў. Даўно здадзеныя на злом і пераплаўленыя ў іншыя прылады вайны ці міру зброя, што ірвала-крывавіла зьняможанае цела нашае Бцькаўшчыны. Але маскоўскі акупант, не дазволіўшы прыгнечанаму народу залячыць і загаіць ваенных ранаў, запрог яго ў непасільнае ярмо ды сыцее й дужэе за кошт мільёнаў нашых нешчасьлівых родзічаў.

Партыйныя прыслужнікі Масквы ў навуцы й культуры туга набіваюць кішэні бальшавіцкімі чырвонцамі за мізэрна-хвальшывыя працы, дзе намагаліся й намагаюцца ў крывым люстэрку паказаць той векапомны час. Тыя-ж, для якіх праўда, сьветлая маральнасьць, гонар і чыстае сумленьне даражэй юдаўскіх маскоўскіх прэміяў, бляшак-мэдалёў ды тытулаў, прымушаныя сяньня маўчаць, чакаючы на лепшую будучыню, калі змогуць тварыць бяз прымусу.

Адрэзак часу, што дзеліць нас ад вайны, быў-бы амаль дастатковым, каб хоць з большага вычарпаць багацьце матар'ялаў, што назьбіралася ў басэйне падзеяў за час вайны ў Беларусі. Але яшчэ дагэтуль амаль незакранутая сыравіна вялікіх ваенных эпапеяў у літаратуры, неадсьпяванай застаецца слава беларускіх волатаў-гэрояў у музыцы. Нашы нацыянальна-сьведамыя й патрыятычныя масы на эміграцыі ўсё яшчэ дзеляцца й жывуць ласкуткамі ўспамінаў ды там-сям падбіраюць каласкі з плённых чужых ніваў. Удома-ж бальшавіцкія партыйцы славяць крывадушных катаў паняволаенага народу.

Беларускія эміграцыйныя пісьменьнікі маюць амаль неабмежаваную вольнасьць тварэньня ды й багатую спадчыну гістарычных матар'ялаў. Адылі яны, аддаючы львіную частку свайго часу заробкам на штодзённы хлеб і жыцьцё, абмежаваліся да гэтага часу адно колькімі ўрыўкамі-нарысамі ці кароткімі паэмамі. Асноўны-ж запас сыравіны, што адносіцца да людзей і падзеяў у Беларусі падчас апошняе вайны, усё яшчэ неўпарадкаваны й недасьледаваны, чакае лепшае будучыні.

Аддаючы гэту працу ў карыстаньне грамадзтва, аўтар спадзяецца, што яна хоць у малой ступені запоўніць вышэйзгаданы прабел.

Вялікая падзяка належыцьца сябром із Школы Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны ў Менску, што пасьпяшылі нам на дапамогу зь інфармацыямі. За помач у інфармацыях складаем вялікае беларускае дзякуй і наступным асобам: сьв. пам. а. мітр. прат. Данілюку, ген. Ф.Кушалю, д-ру М.Шчорсу, сп-ні Л.Пітушчысе, сп.сп. Г.Барановічу, А.Маркевічу й іншым, а за парады пры апрацоўцы матар'ялу - д-ру В.Жуку. За перагляд і некаторую карэкту ў мове рукапісу дзякую сп. А.Марговічу.

Гэтта асабліва жадаем падчыркнуць вялікую вартасьць фінансавае дапамогі сп-ра К.Каранеўскага і д-ра Б.Рагулі, ды й трэйцяга сябры, які жадае астацца ананімным, дзякуючы якім магчымай сталася рэалізацыя выданьня кнігі.

Д-ру Ст.Станкевічу і сп-ні З.Станкевічысе за цяжкую й наагул тэхнічную працу, зьвязаную з выданьнем, належыцьца найбольшая ўдзячнасьць. Фактычна дзякуючы вялікай ахвярнасьці ў працы сп-ва Станкевічаў і магчымым было выдаць гэту працу ў так скорым часе.

 

К.Акула

 

Сябром із школы камандзераў Беларускае Краёвае Абароны ў Менску

 

МЕЧ

 

Яго ў зямлі знайшоў маёй разлогай

Гаручы прадзедаў вузкі загон.

Вясёлым звонам аказаўся ён,

Калі чапіў канцом майго нарога.

 

Абцёр пабожна йржу часа благога,

І заблішчэў старых стагодзьдзяў сон

І напіс на клінку, нібы закон -

«Да рэшты бой!» - зірнуў загадам строга.

 

І вось няма нясьмеласьці, разваг

Для сэрца вернага - чужынцам страх:

Радзімы схоў вартуйце, маткі, сёстры!

 

Я з грамадой іду па шчасьце нам.

Мой меч зіхціць непераможны, войстры.

Змагуся сам - дык іншым перадам!

 

1924 г.

Уладзімір Жылка

 

Частка ўводная

Гітлераўская акупацыя Беларусі ў 1941-1944 гадах

 

Паколькі апісаныя намі падзеі ў бальшыні сваёй адбываюцца паза межамі Беларусі, неабходна дзеля ўводзінаў малапаінфармааванага чытача кінуць вокам на тое, што адбывалася на беларускіх землях пад час гітлераўскае акупацыі. Згары засьцерагаемся, што характарыстыка таго багатага гістарычнага часу скупая й некамплетная, але дастатковая дзеля таго, каб знайсьці ключ да зразуменьня шмат чаго, апісванага ў самой аповесьці.

 

Адміністрацыйны падзел

 

З часткі, акупаванае немцамі ў 1941 годзе, быў створаны г. зв. Генэральны Камісарыят Беларусі з цэнтрам у Менску. Ён быў падзелены на «гэбіты» (акругі), а гэныя ў сваю чаргу - на паветы й воласьці. Нямецкі генэральны камісар у Менску меў у кожнай акрузе для свае дапамогі гэбітскамісара. Адміністрацыйныя нізы ў большай меры былі ў руках беларусаў, вярхі - у руках немцаў.

Вялікія прасторы Беларусі із кампактнай масай беларускага насельніцтва ня былі ўлучаны ў Генэральны Камісарыят Беларусі. Гэтак Вільня з вялікімі абшарамі Віленшчыны ўвайшла ў Камісарыят Летувы, Беласточчына была далучана да Ўсходняй Прусіі; частка беларускай Берасьцейшчыны й Піншчыны апынулася ў Камісарыяце Ўкраіны; пытаньне Браншчыны й Смаленшчыны было неразьвязанае, таму што яны былі ў засягу прыфрантавога пасу; сумежныя-ж з Латвіяй прасторы трапілі ў Камісарыят Латвіі.

 

Школьніцтва

 

Гітлераўскія акупанты дазволілі толькі пачатковае й сярэдняе школьніцтва, з вялікімі абмежаваньнямі апошняга ў ліку. Прагімназіі й прафэсійныя сярэднія школы існавалі ў акруговых гарадах. Насуперак цьверджаньням некаторых непрыязных беларусам чужынцаў, у школах ня было дыскрымінацыі нацыянальных мяншыняў. Для запаўненьня недахопу настаўнікаў у акруговых гарадох былі арганізаваныя шасьцімесячныя настаўніцкія курсы. Ня гледзячы на кароткі час, прадукт выходзіў добры. Беларуская патрыятычная моладзь намагалася выкарыстаць час і скупыя маг-чымасьці для падняцьця народнае асьветы й усеагульнага нацыянальнага ўсьведамленьня. Немцы, праз сваіх акруговых школьных інспэктараў і іхных памочнікаў, пільна сачылі за працэсам навучаньня й дбалі, каб беларускае маладое пакаленьне ўзгадоўвалася ў духу прыязьні, калі не адданасьці, да г. зв. вялікай Нямеччыны й гітлераўскай «новай Эўропы».

Але дарма. Іхныя намаганьні нэўтралізаваліся вялікай патрыятычнай ахвярнасьцю і адданасьцяй Бацькаўшчыне настаўніцкага элемэнту. Беларускі вучань, пачуўшы праўду аб мінуўшчыне свайго краю, вывучыўшы родную мову ды ацаніўшы ейную раўнавартасьць із чужымі мовамі, пазнаючы родныя песьні, гісторыю й культуру, фармаваўся як самастойны, поўнасьцяй вартасны чалавек. Ад поўнай нацыянальнай сьведамасьці й пачуцьця сваёй вартасьці да палітычна незалежніцкіх імкненьняў і змаганьня за іх застаўся ўсяго адзін крок. Трэба было адно паставіць кропку над «і», а яе найчасьцей і ставілі самі гітлераўскія акупанты, толькі ўжо не ў школьных класах, але там, дзе зброяй і агнём безаглядна вынішчалі часткі акупаванае Беларусі. Гэтак нарадзіліся сьведамыя змагары за лепшую долю паняволенага народу.

Бальшавікі добра разумелі небясьпеку беларускага, нацыянальнага духам школьніцтва, а таму рукамі сваіх партызанаў, асабліва ў лясных мясцох Беларусі, палілі школы, ліквідавалі настаўнікаў. Тое-ж рабілі й палякі, асабліва ў тых мясцовасьцях Лідчыны й Наваградчыны, дзе дзейнічалі іхныя партызанскія адзьдзелы.

 

Арганізацыі

 

З арганізацыяў немцы дазволілі адно на ўтварэньне Беларускае Самапомачы, якая скарэй была гаспадарскай інстытуцыяй з заданьнем дапамогі пацярпеўшым у вайне, ды Саюзу Беларускае Моладзі. Апошні, наўсуперак абмежаваньням і пільнаму нагляду з боку акупанта, зрабіў вельмі шмат для пашырэньня нацыянальнага руху. Тое, чаго не змагла даць моладзі беларуская школа, дапоўніваў СБМ. Тут моладзь вучылася арганізаванага супольнага жыцьця, працы, спорту, загартоўвалася, высока несла бел-чырвона-белы штандар беларускага патрыятызму.

Дарма, што немцы бачылі ў СБМ рэзэрвуар, зь якога стараліся чэрпаць нявольнікаў для працы ў Нямеччыне. Нацыянальнае ўзгадаваньне юнакоў і юначак прынесла свае плёны - вытварылася традыцыя масавага руху моладзі, салідарнасьці, адданасьці паняволенай Бацькаўшчыне. Колішнія сябры й сяброўкі Саюзу Беларускае Моладзі пасьля апынуліся ў народнай антыбальшавіцкай партызанцы, а іншыя, ужо на эміграцыі, узяліся за працу ў шэрагах беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

 

Культурнае жыцьцё, выдавецтва, прэса

 

Найбольш пільна сачылі гітлераўскія акупанты за беларускай прэсай і праявамі культурнага жыцьця. У Генэральным Камісарыяце Беларусі ня было ніводнай штодзённай беларускай газэты, акрамя пары паўтыднёвых. Нямецкіх-жа штодзённых газэт было некалькі. Беларускія газэты вельмі скупыя былі зьместам і абыймом, нерэгулярна й спозьнена кальпартаваліся на правінцыях. Увесь матар'ял падлягаў пільнай цэнзуры. Із кніжак нічога не выдавалася. У школах не хапала падручнікаў, у бібліятэках - твораў беларускае нацыянальнае літаратуры.

Падобна выглядала й сытуацыя на тэатральнай ніве. Калі дзе што ўдалося беларусам зрабіць у галінах прэсы, тэатру ці выдавецтва, дык толькі дзякуючы бязьмежнай ахвярнасьці поўгалодных і вечна сочаных ворганамі цэнзуры й бясьпекі культурных працаўнікоў, якім даводзілася ледзь ня фізычна вырываць із зубоў акупанта сродкі на існаваньне й працу.

 

Гітлераўская палітыка вынішчэньня й дапаможныя акупанты Беларусі

 

Гітлер распачаў вайну дзеля здабыцьця «лебэнсраўму» (Lebensraum (ням.) - жыцьцёвая прастора). Пасьля акупацыі Беларусі ён пачаў ня толькі безаглядную эканамічную эксплуатацыю земляў і прыродных багацьцяў яе, але праводзіў рэгулярнае й сыстэматычнае вынішчэньне карэннага насельніцтва.

Дарма, што рознае масьці прыблуды-акупанты вечна зьнішчалі беларусаў ды не дазвалялі ім нармальна жыць, Беларусь заўсёды была густа заселенай. Гітлераўскія фашысты падышлі да пытаньня разрэджаньня гусьціні беларускага насельніцтва самым радыкальным спосабам - агнём і зброяй. Ясна, што ня трэба забывацца тут і аб масавых вывазах насельніцтва на нявольніцкую працу ў Нямеччыне. Вынішчэньне было ў духу часу й згоднае з тэўтонскай традыцыяй. Тут памаглі ім выдатна й бальшавікі, што пакінулі ў вялікіх беларускіх лясох апэратыўныя групы чэкістых для арганізацыі чырвонае партызанкі. Пачалася пазафронтавая вайна, што каштавала беларускаму народу мільёны ахвяраў у людзёх і неаблічальныя страты ў маёмасьці.

Паколькі бальшавікі прымусам заганялі беларусаў у партызанку, немцы каралі «вінаватых», г. зн. вёскі й сёлы, куды заходзілі й адкуль прымусова вэрбавалі людзей бальшавіцкія агенты. Гэта былі найчасьцей селішчы ў ваколіцах лясоў. Нямецкія рэпрэсіі нявіннага сельскага насельніцтва выклікалі помсту з боку чырвоных партызанаў, і такім чынам была пачатая ланцуговая рэакцыя. У выніку адны й другія забойцы-акупанты заставаліся амаль цэлымі, а няскончаныя пажары папялілі беларускія вёскі, й агонь жыўцом зьядаў бездапаможныя ахвяры.

Гітлераўцы ўважалі, што навет гэткім спосабам ня здолеюць дастаткова разрэдзіць насельніцтва Беларусі. Для прыспяшэньня працэсу паклікалі тады даўно дый ня толькі імі выпрабаванае й найбольш эфэктоўнае - міжнацыянальную грызьню, траўлю і ўзаемнае вынішчэньне. Але й тут ахвяра ў васноўным была тая-ж самая - беларусы.

Перад тым, пакуль разгледзім, як палякі, расейцы й іншыя выдатна памагалі гітлераўцам у вынішчэньні беларускага народу, варта спытацца: чаму-ж беларусы апынуліся на самых нізох, хоць і жылі на сваіх землях, чаму найбольш пацярпелі? Прычыны ў васноўным былі тры: сьціплая колькасьць беларускага нацыянальна-сьведамага кіраўнічага элемэнту, што змог-бы паказаць народу дарогу й заступіцца за ягоныя правы; адсутнасьць у часе прыходу гітлераўскіх акупантаў беларускіх арганізацыяў, якія-б дзеялі сьведама й плянава з мэтамі народнага самазахаваньня; ды - і гэта, здаецца, самае найважнейшае - нясьведамасьць нямецкіх нізоў у пытаньнях Беларусі й ейнага народа.

Варожыя беларусам элемэнты, што рэкрутаваліся перадусім з расейцаў і палякаў, уводзілі акупанту ў вушы, што кажны беларус - гэта камуністы. У гэтым, вядома-ж, большая заслуга належыцьца палякам, чымся расейцам, з тэй простай прычыны, што апошнія самі ў найбольшай меры так ці інакш былі ў Беларусі заўсёды апораю Масквы, белай ці чырвонай. Гэтага нельга сказаць адносна палякаў, што выдатна выкарыстоўвалі гэткі козыр. У шматлікіх немцаў-акупантаў беларус і стаўся сынонімам камуністага, а значыцца й кандыдатам на вісельню ці на расстрэл.

Варта па чарзе й больш дакладна прыгледзіцца, як палякі, расейцы й іншыя чужнікі ў Беларусі сталіся зьненавіджанай чумой за іхнае супрацоўніцтва зь гітлераўскім акупантам і заслугі перад ім.

 

: Пaлякі

 

Пасьля акупацыі Гітлерам большае часткі Эўропы ў 1940 г., калі выявілася, што лідары некаторых гаспадарстваў, як, прыкладам, Нарвегіі ці Вугоршчыны, здрадзіўшы свае народы, аддалі ўладу немцам і пайшлі зь імі на супрацоўніцтва, палякі ўдома й на эміграцыі голасна хваліліся, што яны ёсьць адзіным «народам бяз Квіслінга». Паколькі некаторых здраднікаў польскага народу зь верхавіны перадваеннае адміністрацыі і нельга было лічыць гітлераўскімі калябарантамі, усё-ж беларусы, якім у часе гітлераўскае акупацыі давялося шмат выцерпець ад малых польскіх «квіслінгаў» (гаворым аб тых, што захавалі жыцьцё), маглі-б назваць няскончаны лік імёнаў польскіх выслужнікаў «фюрэра».

Першай групай зьяўляліся тыя, што масава паплылі ў дапаможную, папулярна званую чорнай, паліцыю. Атрымаўшы зброю ў рукі, яны ці не найбольшую ўвагу прысьвячалі вынішчэньню беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі й шырокіх масаў беларусаў наагул. Гэта асабліва яскрава выявілася ў самым пачатку гітлераўскае акупацыі, калі беларусы былі здэзарганізаванымі й толькі што пачыналі мабілізаваць сілы для барацьбы за асабістае й нацыянальнае існаваньне.

Другой групай трэба лічыць, калі іх можна так назваць, «бабскія брыгады». Гэта былі служанкі, кухаркі, перакладчыцы, працаўніцы ва ўрадах пры нямецкай паліцыі й акруговых цывільных нямецкіх установах. Той, хто быў у гэным часе ў Заходняй Беларусі, сачыў ды ўмеў спасьцерагаць, лёгка зможа прыгадаць знаёмы тып польскае паненкі. Тып гэты, акрамя выкананьня дзьвёх працаў - служанкі, кухаркі ці працаўніцы бюра ўдзень і прастытуткі ўночы, найбольш пільную ўвагу прысьвячаў трэцяй: ліквідацыі беларусаў. Трымаючы ў абдымках нейкую гітлераўскую большую ці меншую «шышку», зусім няцяжка было шаптаць у ейныя вушы імёны эвэнтуальных ахвяраў - «камуністых», ці карміць яе адлаведнымі «ідэямі».

Выглядала, што дзейнасьць першае й другое групы была ня прыпадковай. Прыгледзеўшыся бліжэй, можна было збольшага заўважыць арганізаванасьць, мэтазгоднасьць ды навет і пэўную плянавасьць. Калі ўжо пазьней беларусы, змабілізаваўшы сілы, маглі часьценька пахваліцца поспехамі ў ачышчэньні дапаможнае чорнае паліцыі ад здрадніцкага польскага элемэнту, то змаганьне з «бабскімі брыгадамі» было куды цяжэйшае...

Трэйцяя група палякаў, што дзейнічала арганізавана, гэта былі гэтак званыя легіёны, ці, калі ўжыць іхны-ж афіцыяльны назоў, Армія Краёвая. У асноўным група гэтая «апэравала» ў Лідчыне й Наваградчыне. У гэту так званую «армію» плылі польскія паны й падпанкі, дробная спалянізаваная шляхта, што заўсёды была гнілым-загноеным балючым струпом на целе беларускага сялянскага народа, дый вырадкі-рэнэгаты, не ўспамінаючы ўжо аб ладнай колькасьці звычайнае басоты, карыстаючай з нагоды, каб рабаваць і забіваць нявінных.

Намінальна гэта «армія» была пад загадамі экзыльнага польскага ўраду ў Лёндане, фактычна-ж даводзіцца сумлявацца, што ўсё тое, што яна рабіла, было згоднае зь лёнданскімі дырэктывамі. Палякі гэтыя выявілі надта-ж мала ініцыятывы, вынаходлівасьці й адвагі ў змаганьні зь немцамі, затое-ж аж залішне пільнымі былі ў тэрарызаваньні мясцовага непрыхільнага беларускага насельніцтва. У насільным наборы людзей, здабываньні харчоў і вопраткі паслугоўваліся тымі самымі мэтадамі, што сталінскія партызаны ды маскоўскія гэтак званыя карныя атрады.

 

: Расейцы

 

Пачынаючы з 1943 году, з волі гітлераўска-фашыстоўскіх акупантаў, дзейнічалі ў Беларусі дзьве асноўныя вайсковыя фармацыі расейцаў: дывізія Камінскага на Бабруйшчыне й Случчыне і брыгада Радыёнава на Глыбоччыне й Лепельшчыне. Складаліся яны ў галоўным з былых ваеннапалонных Чырвонае Арміі, гэта значыць з таго самага матэрыялу, што і ўласаўская г. зв. Расейская Вызвольная Армія (РВА).

Групу Радыёнава выдатна характарызуюць вачавідцы, якім тут і аддаём слова: «Гіль-Радыёнаў, які ўсяляк пазьбягаў сутычак з «партызанамі», павыганяў на Лепельшчыне не зь лясоў, а са спаленых ім вёсак без малага тры тысячы беларусаў - бадай вылучна старых, калекаў і кабетаў зь дзяцьмі. Прагнаўшы гэтую гаротную грамаду празь сьпёку й пыл 30 кілямэтраў, ён каля вёскі Іканьнікі зьвярнуўся да яе: - Калі хто з вас зьвенецца да мяне з просьбай дараваньня жыцьця на расейскай мове, дык атрымае яго. Ніхто гэтае чужое мовы ня ведаў, і таму ўсе яны былі пасечаныя з кулямётаў», - успамінае Юрка Віцьбіч.

Другі сьведка, сам-жа кароткатэрміновы «радыёнавец», А.Галубіцкі. прысьвячае брыгадзе шмат больш увагі:

«... з «радыёнаўцамі» давялося сутыкнуцца беспасярэдня. Лічу сваім абавязкам падзяліцца з чытачамі сваймі ўражаньнямі аб гэтай расейскай вайсковай фармацыі, тым больш што й сам я, можна сказаць, быў «радыёнаўцам», хоць, як ніжэй будзе відаць, даволі абмежаваны час.

Дзесьці раньняй вясной 1943 года пашырыліся ў нас чуткі, што ў недалёкім (каля 20 км) мястэчку Лужкі знаходзіцца нейкая расейская фармацыя на чале з Радыёнавым, якая мае змагацца з партызанамі. Хоць у нас час-ад-часу зьяўляліся партызаны, але ніхто не зьвярнуў асаблівае ўвагі на гэтых новых «абаронцаў».

І вось пасьля нейкага часу праз нашу вёску прасунуліся збройныя калёны Радыёнава, накіроўваючыся на ўсход. Празь некалькі дзён кажны свае позіркі з трывогай зьвяртаў у той кірунак: там неба днямі чарнела густымі дымамі, а начамі палала зарывам пажараў (магчыма, што гэта й была тая «акцыя» на Лепельшчыне, аб якой успамінае Юрка Віцьбіч).

Назад калёны вярталіся абладаваныя ўсялякім сялянскім дабром, з цэлымі статкамі кароў і іншае дамовае жывёлы. П'яныя-ж жаўнеры нярэдка вязьлі на вазох сваю «ваенную здабычу» - маладых дзяўчат. Адкрыліся вочы сялянам - пабачылі, што за «абаронцаў» нажылі ў суседзтве.

Пасьля гэтае «генэральнае акцыі» пачаліся дробныя налёты «радыёнаўцаў» на бліжэйшыя вёскі, быццам у пошуках партызанаў. П'яная арда звальвалася на вёску як саранча, рабавала, гвалціла, а пры найменшым супраціве - збівала й расстрэльвала. Дайшло да таго, што часамі жыхарства данае мясцовасьці, заўважыўшы загадзя набліжэньне расейскіх адзьдзелаў (пазнаць іх было лёгка па вялікай колькасьці вабозу), шукала аховы пры нямецкіх «штыцпунктах» ці мясцовых гарнізонах, калі такія былі ў ваколіцы. Бывалі выпадкі й сутычак між мясцовай паліцыяй і радыёнаўцамі.

Некаторыя могуць сказаць, што ў брыгадзе Радыёнава быў значны працэнт і беларусаў. Вось-жа спачатку іх там зусім ня было, а потым - так, былі. Апынуліся-ж яны там такім чынам. Пасьля свае першае крывавае акцыі на ўсход ад Глыбоччыны ды некалькіх ня менш крывавых рэйдаў у бліжэйшых да свае «ставки» раёнах, Радыёнаў пачаў мабілізацыю мясцовага жыхарства ў свае рады. Гэта было своеасаблівае мабілізаваньне. Моцны адзьдзел радыёнаўскіх карнікаў прыбываў у валасны цэнтр і загадваў старастам склікаць на наступны дзень усіх маладых людзей на антыкамуністычны мітынг. За незьяўленьне - расстрэл. На мітынгу выступаюць афіцэры-агітатары, якіх ні мова, ні спосаб гаварэньня ня розьніцца ад тых, якімі карыстаюцца савецкія палітрукі. Адно толькі - заместа «советская родина», «коммунизм», «вождь Сталин» - чуецца «Россия», «Новая Европа», «фюрер Гитлер». А на заканчэньне такога мітынгу «палітрук» абвяшчае, што ўсе тут прысутныя зьяўляюцца «добровольцами русской армии». У міжчасе натоўп абкружаны па зубы ўзброенымі «радыёнаўцамі», а пад акампанемэнт дзікага мата пачынаецца фармаваньне яго ў калёны ды адбіраньне дакумантаў, без якіх нідзе нельга паказацца, каб не быць палічаным за партызана.

Я чуў пазьней пра некалькі такіх мітынгаў, але на самым першым у нашых ваколіцах (мястэчка Галубічы) давялося быць і самому ды ў выніку стацца «дабраахвотнікам» «русской армии».

Цікава выглядала потым, на другі дзень, падарожжа з «мабілізацыйнага пункту» ў галоўную «ставку» ў Лужках. Падобнага спэктаклю не давялося мне потым пабачыць нідзе й ніколі.

Перадусім шматлікія «дабраахвотнікі» змаглі пры дапамозе самагону й закускі пазбыцца гонару быць «русскими воинами» - выкупіліся. Гэтага выкупу хапіла, каб радыёнаўцы ўпалі ў ваяўнічы настрой. Праз усю дарогу трашчэлі скарастрэлы й кулямёты, час-ад-часу рваліся гранаты. Усё гата дзеля таго, каб партызаны чулі, хто гэта едзе, ды навет ня пробавалі падыйсьці блізка. Як цяпер бачу - уехалі ў мястэчка Пліса. Пераязджаем цераз мост, а тут адзін лейтанант ба-бах гранату ў рэчку ды аж заходзіцца ад сьмеху, усё паўтараючы: «Вот здорово!..»

Трэба сказаць, што змабілізаваным беларусам наагул ня доўга давялося быць у гэтай бандзе... Амаль усім удалося потым вярнуцца дадому. А сталася гэта так. Пад восень 1943 году Радыёнаў праводзіў «аперацыі» дзесьці ў раёне Докшыц і Бягомля. Гэтыя «аперацыі» закончыліся неспадзяваным для немцаў, але даўно прадказаным мясцовым жыхарствам вынікам: Радыёнаў са сваёй «арміяй» перайшоў на бок партызанаў. Каб-жа давесьці сваю адданасьць савецкай радзіме й часова здраджанаму «вождю» - напаў на нямецкі гарнізон на станцыі Каралеўшчына й зьнішчыў яго. Гэта яму лёгка ўдалося, бо калі прыбыў у Каралеўшчыну, немцы яшчэ зусім ня ведалі аб паразуменьні з партызанамі.

Пасьля гэтага «радыёнаўцы», баючыся помсты немцаў, глыбака зашыліся ў лясы й балоты ў вярхоўі Бярэзіны. З гэтай зьмены фронту нашы людзі й скарысталі ды паўцякалі дамоў. Немцы, зразумела, нічога да іх ня мелі, бо чуліся цяпер самі вінаватымі, што раней дазвалялі, а, прынамсі, удавалі, што ня бачылі ні радыёнаўскіх «мабілізацыяў», ні ягоных ганебных учынкаў».

Да прыведзеных успамінаў Галубіцкага варта дадаць, што нямецкім гарнізонам станцыі Каралеўшчына, якую «радыёнаўцы» часткова зьнішчылі й абрабавалі 17 жнівеня 1943 году, былі чыгуначныя працаўнікі арганізацыі Тодта, людзі ў сваёй бальшыні старыя й небаяздольныя. Найбольш пацярпела не толькі ў Каралеўшчыне, але ў прыдарожных вёсках і ў Докшыцах - на паваротным шляху Радыёнава да ранейшага «бацькі» - якраз карэннае і ні ў чым нявінаватае беларускае насельніцтва.

Дывізія Камінскага, што апэравала на Случчыне, Бабруйшчыне й аднаго часу заглянула аж на поўнач ад Менску, зусім ня розьнілася ад групы Радыёнава. На сваім шляху, пераважна ў лясных мясцовасьцях, вынішчала ўсё і ўсіх без разбору. Старыя, жанчыны ці дзеці - ніхто ня быў выняткам зьверскага й бязьвіннага кровапраліцьця. Гэтыя «ваякі», быццам тыя цыганы, валачыліся па Беларусі, пакідаючы ў сваім хвасьце стогны й пракляцьці нявінных ахвяраў, папялішчы й пустэчу...

На Аршаншчыне й Віцебшчыне лютавала вайсковая група, складзеная зь ленінградцаў, былых палонных з Чырвонае Арміі. Было іх больш дзьвёх тысяч. Гэтыя спэцы сьмерці й зьнішчэньня, ніколі ненасытныя крывёй і мукамі безбаронных людзей, практыкавалі ў «акцыях» самыя жахлівыя мэтады бальшавіцкіх людаедаў - Дзяржынскага, Ягады, Яжова й Бэрыі. Ня толькі Іван Грозны й Чынгіс Хан, але сам нячысьцік Люцыпар мог-бы шмат чаму ў іх навучыцца.

Дарма, што сяньня маскоўскія прыгнятальнікі, з мэтаю канчатковага духовага паняволеньня й зламаньня беларускага народу, бесьперапынна загадваюць беларусам праслаўляць «брацкую руку» й «дабрадзействы вялікага братняга рускага народу». Ніякая доза казённае партыйнае прапаганды не зможа залячыць крывавых ранаў, зробленых на целе беларускага народа Камінскім, Радыёнавым ды іншымі маскоўскімі валацугамі. Побач зь няслаўным Іванам Грозным, Пятром Першым, Мураўёвым-Вешальнікам і Сталіным назаўсёды застануцца ў беларускай народнай памяці праклятыя імёны маскоўскіх катаў-людаедаў, што служылі маскоўскаму й бэрлінскаму тыранам пад час Другое Сусьветнае вайны.

 

: Латышы

 

Беларусы з усходніх, зрабаваных расейцамі пасьля Першае Сусьветнае вайны тэрыторыяў нашай бацькаўшчыны захавалі яшчэ ў памяці няслаўныя імёны карных латыскіх стралецкіх адзьдзелаў, што выдатна выявілі сябе бізуном маскоўскіх акупантаў, бязьлітасна душачы сялянскія супрацьбальшавіцкія паўстаньні.

Падчас Другое Сусьветнае вайны латышы ня менш удала вызначыліся як найміты другога зьненавіджанага акупанта Беларусі. Вельмі трапна, але зусім скупа й мімаходам успамінае ў сваіх нарысах пра іхныя злачынствы ў сумежным з Латвіяй беларускім раёне Юрка Віцьбіч:

«Шмат чаго гаротнага бачыла Асьвея ў мінулым, але найбольшага ліха дазналася яна й ейная ваколічнасьць у часе Другое Сусьветнае вайны. Здаўна латышскія нацыяналы, акупаваўшы сьпярша з дапамогаю кайзераўскага генэрала графа Рудыгера фон дэр Гольца Дзьвінскі, Рэжыцкі й Люцынскі паветы Віцебшчыны, у якіх большасьць насельніцтва складалі беларусы, марылі аб далейшым прасоўваньні на ўсход. Таму, калі нямецкія нацы загадалі латыскім нацы ліквідаваць партызанаў у Асьвейшчыне, дык лютасьць гэтых гайдукоў у дачыненьні да мірнага насельніцтва зьдзівіла навет іхных паноў. Латыская дывізія СС ператварыла ўвесь раён у пустэльню, спаліўшы жыўцом у зачыненых хатах больш за 15 тысяч старых, жанчын і дзяцей. Гэтыя фашыстоўскія найміты - кроў ад крыві і плоць ад плоці бальшавіцкіх наймітаў - латыскіх стралкоў, што раздушылі ці мала супрацьбальшавіцкіх паўстаньняў у Беларусі, нагадваюць нам у сувязі з Асьвеяй толькі татараў часоў Батыя».

Але не ў вадным беларускім раёне выявілі латышы ў 1941- 1944 гадах сваю адданасьць гітлераўскім спэцам злачынаў. Толькі нямыя сьцены менскага ўнівэрсытэцкага гарадка, замененага ў часе вайны на гэстапаўскую катоўню, ды склепы менскае вязьніцы змаглі-б пасьветчыць аб бязьмежным садызьме латыскага адзьдзелу СД, што ў ваднэй групе з бальшавіцкімі агентамі душыў найлепшых патрыётаў беларускага народу. Калі сяньня, прыгадваючы злачыны гэтых вылюдкаў, даводзіцца шкадаваць, што няма між жывых сьветак апошніх хвілін жыцьця вялікага мучаніка - ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, то ў канчатковым падсумаваньні якая-ж нам з таго пацеха, што ахвярная кроў беларускіх патрыётаў мяшалася ў адным рэчышчы са здрадніцкай крывёй слугаў Сталіна?

 

: Летувісы

 

Летувіскія збройныя адзьдзелы, такія-ж паводле свайго прызначаньня карныя, як і раней прыгаданыя зь іншых нацыянальнасьцяў, у найбольшай меры выявілі сябе па суседзтву з домам, значыцца. перадусім у акупаванай з ласкі самых-жа галоўных акупантаў Вільні й прылеглых раёнах Віленшчыны. Ясна, што летувісы, згодна з загадамі запраўдных гаспадароў, пад час выкананьня «службова-патрыятычных» абавязкаў зусім чуліся гаспадарамі і ў іншых мясцох Беларусі, улічваючы ня толькі тыя тэрыторыі, якія сяньня некаторыя летувісы навет у эміграцыі сквапліва ўлучаюць (мусіць, ці не на аснове іхняе «праўды» аб гістарычнай мінуўшчыне Летувы) у межы сваёй дзяржавы.

 

: Украінцы

 

Памінаючы надта-ж ужо далёкую, самую, можна сказаць, сівую і першапачатную гістарычную мінуўшчыну, калі беларускія князі, ня могучы мірна ўстанавіць межаў з украінскімі княствамі, загадвалі сваім воям шпурляць пікамі й адбівацца шчытамі ці то ў вабароне, ці ў наступе, Бог так наканаваў, што на працягу доўгіх стагодзьдзяў беларускі вязень і нявольнік бразджэў ланцугамі побач зьняволенага ўкраінца. Ня дзіва тады, што назоўнік «брат» у вуснах беларуса здабыў сабе вельмі пачэснае месца побач назоўніка «украінец», калі беларус так ці йнакш дзе-небудзь жадае падкрэсьліць даўно існуючую й больш навет чым традыцыйную ўжо прыязьнь між двума народамі. Так-жа сама й з такой-жа дозай людзкой шчырасьці наш нацыянальна-сьведамы сусед з паўдня памінае, падкрэсьліваючы сваю прыязьнь, жыхара з-над Нёмна, Дзьвіны, Дняпра ці Сожа.

Калі-ж аўтару гэтых радкоў даводзіцца цяпер у лік тых, што так бязьлітасна й без найменшага зразуменьня зусім сьлепа ірвалі кускамі цела нашага народу, улучыць і ймя ўкраінскіх злачынцаў, дык не таму, каб, успамінаючы гэтта гістарычны факт, зьменшыць сярод нашых родзічаў ці сярод украінцаў сьведамасьць вялікае вартасьці акропленага ахвярнаю крывёю вялікага капіталу супольнага змаганьня з супольнымі ворагамі ў мінуласьці. Непараўнальна шмат больш добрага, чым благога, вяжа беларусаў з украінцамі й наадварот. Толькі люнатык мог бы даводзіць адваротнае.

Адылі, калі беларус з ваколіцаў Вялікіх Лукаў, Меншчыны ці якога іншага раёну Беларусі ўспамінае, што ўкраінскія паліцыйныя адзьдзелы дарылі нашае няшчаснае сельскае насельніцтва не зразуменьнем і прыязьню, а агнём і кулямётным сьвінцом ды ў акцыі не рабілі розьніцы між сталінскімі злачынцамі й нявіннымі жыхарамі, дык у імя гістарычнае праўды, ці хаця-б мінімальнае аб'ектыўнасьці гэтага аніяк нельга тут прамаўчаць.

Няма сумлеву, што ў той час яшчэ толькі разбуральнікі старой (але гучна ахрысьціўшыя сябе ўжо будаўнікамі «новай») Эўропы, фашыстоўскія злачынцы з Бэрліну, навет у раньні час вайны маглі мець дваякія думкі адносна трапнасьці ацэны магутнасьці свайго мілітарнага патэнцыялу. Чаму-ж тады ня мелі яны прымяніць у жыцьцё ўжо так уцёртай і выгаднай ды выпрактыкаванай аксіёмы аб забіцьці адным стрэлам двух зайцаў?

Гітлераўцы чхалі на тое, дасканала ведаючы, што акцыя ўкраінскіх паліцыйных адзьдзелаў у Беларусі падважывавала й разбурала вялікі манумэнт адвечнай дружбы між суседнімі народамі. Ім трэба была грызьня, братабойства, супольная і ўсеагульная разьня й нянавісьць, каб зьняможаныя ў супольным кровапраліцьці, спакораныя, зьвязаныя ланцугамі няволі, маглі быць запрэжаныя гэтыя народы ў мулкае ўдушлівае ярмо тэўтонскага Малоха. А ў той гарачы час заменены ўкраінцам на пазафрантавой службе жаўнер гітлераўскага Райху мог заткнуць ці адну шчыліну на асноўным усходнім фронце?

 

: Вугорцы

 

Вугорскія карныя адзьдзелы, што, згодна з апавяданьнямі вачавідцаў, ня толькі ня ўступалі, але часта сваёй прымітыўнай лютасьцяй і безагляднасьцяй перавышалі шмат іншых чужых карных адзьдзелаў, даліся ў знакі найбольш насельніцтву Случчыны й Мазыршчыны.

 

Беларускія збройныя адзьдзелы

 

: Дапаможная паліцыя

 

Беларускі народ калі гаварыў аб паліцыі, то з асаблівым нясмакам, з агідаю вымаўляў слова «чорная» (ад чорнай паліцыйнай вопраткі). Пад «чорнай» разумеў ня толькі колер вопраткі, але ўсё самае, можна сказаць, нячыстае, здрадніцкае, хвальшывае, чужое, варожае. Чаму-ж так сталася?

Улетку 1941 года нямецкая армія здабыла такую бліскучую перамогу над бальшавікамі, што атрымала амаль даслоўны пераварот у галаве. Гітлераўцам здалося, што няма на Ўсходзе такой сілы, якая магла-б іх перамагчы, а таму, ясна, можна зусім ня лічыцца й з жыхарствам занятых земляў. Для акупацыі Беларусі была пакліканая паліцыя, адылі яе было замала. Нямецкія паліцыйныя камэнданты «гэбітаў» (акругаў) пачалі набор у гэтак званую Дапаможную Паліцыю зь мясцовага жыхарства. Рабілі яны гэта на прынцыпе добраахвотнага найму й на сваю руку, бязь ніякага паразуменьня ці то зь мясцовымі арганізацыямі, ці аўтарытэтнымі асобамі зь беларускага актыву.

У Заходняй Беларусі, як мы ўжо вышэй прыгадвалі, проста масава кінуліся ў паліцыю палякі. Стваралася ўражаньне, што рабілася гэта зь нейчага загаду. Між палякаў было шмат падафіцэраў і наагул людзей, што ведалі вайсковую справу ды часьценька й нямецкую мову. Маса зь іх пісалася «фольксдойчамі». Хутка яны сталіся перакладчыкамі, улезьлі ў давер гэбітс-камэндантаў паліцыі, а стаўшыся іхнымі дараднікамі, фактычна праводзілі ў жыцьцё палітыку экстэрмінацыі беларусаў. У Дапаможную Паліцыю трапіла таксама нямала розных ападкаў грамадзтва, крымінальнікаў, агулам гаворачы, рознага элемэнту, што пранюхаў магчымасьці рабункаў і нажываў за кошт мясцовага насельніцтва.

Ва Ўсходняй Беларусі ў Дапаможную Паліцыю насамперш хлынулі энкавэдзістыя, адсталыя ад сваіх адзьдзелаў або проста недабіткі-чырвонаармейцы й злачынцы розных масьцяў і велічыняў, выпушчаныя з турмаў пасьля прыходу немцаў. Масава пайшлі ў паліцыю й такія немцы з-над Волгі, што былі людзьмі малой вартасьці й нізкай маральнасьці. Немцы-ж ахвотна іх прыймалі, як сваіх аднапляменцаў. Яны й апанавалі становішчы камэндантаў паліцыі ў «гэбітах», стаўшыся найчасьцей дараднікамі й перакладчыкамі. Немцы хутка апякліся, бо крымінальны элемэнт адразу пачаў сябе выяўляць. Пачаліся рэпрэсіі. Злачынцаў вылоўлівалі й сурова каралі - найчасьцей вешалі.

Беларусы спачатку зусім ухіляліся ад супрацоўніцтва з акупантам, але хутка адчыніліся ім вочы, калі ўбачылі, .што чужы, часта крымінальны й наагул варожы элемэнт, скарыстаўшы з нагоды, узяў у свае рукі зброю й рабіў больш шкоды, чым самыя гітлераўцы. Беларуская інтэлігенцыя, спачатку рассыпаная й незарганізаваная, бачачы, як радзеюць ейныя шэрагі, вынішчаныя рукамі гітлераўскіх калябарантаў, таксама лічыла патрэбным шукаць нейкага ратунку. Немцы-ж са свайго боку хутка пераканаліся, што калі ў акупаванай краіне маюць утрымаць парадак і мець добрую апору, то элемэнт, які спачатку прыйшоў у паліцыю, буў у вялікай меры да гэтай адказнай службы непрыдатным.

Камандантам паліцыі гораду Менску быў спачатку калішні капітан савецкае арміі нейкі Пугачоў, беларус, што зь беларускага Пугача перамяніўся ў маскоўскага Пугачова. Д-р В.Тумаш, першы старшыня гораду Менску пад акупацыяй, у верасьні 1941 года скантактаваўся з капітанам Ф.Кушалем і запрапанаваў яму, каб абняў каманду менскае паліцыі. Апошні, прыгледзеўшыся й запазнаўшыся з паліцыяй, запрапанаваў нямецкаму камандаваньню, каб выбрала больш вартасных людзей зь менскага адзьдзелу й зарганізавала для іх падафіцэрскую школу. З дапамогаю д-ра Тумаша гэта ўдалося зрабіць. Капітан Кушаль выбраў у школу сорак маладых беларусаў зь Менску й ваколіцаў. Апрача вайсковых дысцыплінаў у школе выкладалася беларусаведа й праводзілася нацыянальная праца. Курс скончыўся ў травені 1942 году й даў добрыя вынікі. Ад гэтага часу немцы й пачалі папаўняць дапаможную паліцыю маладым элемэнтам зь беларускае вёскі.

Тым часам на правінцыі пачаўся прымусовы набор у Дапаможную Паліцыю. Пачалі тварыцца паліцыйныя палкі. Адзін такі полк і быў зарганізаваны ў Случчыне, другі - у Астрашыцкім Гарадку. Адылі прымусова браныя людзі не хацелі служыць, і пачаліся масавыя дэзэрцыі, зь якімі немцы не маглі справіцца.

Камандант паліцыі Генэралькамісарыяту Беларусі, нямецкі палкоўнік Каўфман, запрапанаваў капітану Кушалю паехаць зь ім у паліцыйныя палкі, каб правесьці гутаркі. Гэткім чынам абодва, разам з капітанам Кумерам, што добра ведаў расейскую мову, паехалі на правінцыю. Кушаль тлумачыў людзям, што беларусам трэба стварыць кадры свае збройнае сілы, што гэта неабходна для паўстрыманьня вынішчэньня беларусаў чужымі варожымі элемэнтамі. Таму-ж, што ўтварэньне беларускае збройнае сілы пакуль што немагчыма, трэба беларусам здабываць веды ў шэрагах паліцыі. Дэзэрцыя неўзабаве паменшала. Немцы-ж пераканаліся, што без дапамогі мясцовае інтэлігенцыі не даць ім рады зь мясцовым насельніцтвам. Гэткім чынам падрыхтоўваўся грунт пад Самаахову, а пазьней - Беларускую Краёвую Абарону.

 

: Самаахова

 

Першай легальнай, чыста гаспадарчай арганізацыяй у Генэральным Камісарыяце была Беларуская Народная Самапомач (БНС), пазьней перайменаваная ў Беларускую Самапомач (БСП). Заданьнем БСП была дапамога ежаю й вопраткаю пацярпеламу жыхарству ў межах Ген. Камісарыяту Беларусі. На чале БСП паставілі акупанты д-ра Івана Ермачэнку, лекара паводля прафесіі, што перад вайной жыў у Чэскай Празе. Якім чынам здабыў ён у гітлераўцаў давер - няведама. Прывезьлі яго ў Менск восеньню 1941 году. Ермачэнка быў зусім незалежным ад мясцовых беларускіх установаў і арганізацыяў, за ягонымі плячыма стаялі толькі немцы. За даручанае заданьне арганізацыі БСП узяўся надта энэргічна, выканаўшы яго ў параўнальна кароткі час. У Менску паўстаў цэнтр «Самапомачы», а на правінцыі - адзьдзелы.

У сьнежні 1941 году немцы пацярпелі вялікую паразу пад Масквою. Нямецкая армія ня толькі не здабыла Масквы, як гэтага спадзявалася, але была прымушаная адступіць на захад амаль на 150 кілямэтраў. Зімою 1942 году пад Сталінградам была акружаная й цалкам зьнішчаная 6-я армія маршала фон Паўлюса. Падмацаваныя на духу яшчэ першымі нямецкімі няўдачамі на фронце, бальшавіцкія партызаны ў Беларусі пачалі праяўляць ужо вясною 1942 году вялікую актыўнасьць і прыносіць немцам каштоўныя страты. Акупанты былі змушаныя пераацаніць палажэньне й шукаць нейкага ратунку. З партызаншчынай самі немцы не маглі даць рады. Арганізацыя паліцыйных палкоў зь беларусаў таксама ня прынесла палёгкі. Беларусы немцам ня верылі, і паўстрымаць дэзэрцыю ў паліцыйных палках маглі толькі нацыянальна-сьведамыя, аўтарытэтныя ў беларускім грамадзтве людзі. Адылі такія людзі ня йшлі служыць у паліцыю. Трэба было нейкім спосабам змусіць іх да гэтага. Гэткім чынам і паўстала ідая арганізацыі Беларускае Самааховы.

Праўда, нельга сказаць. што й зь беларускага боку ня было ўзьдзейнічаньня на згаданую справу. Наадварот, беларускія дзеячы ўвесь час стараліся пераканаць немцаў, каб у нейкай форме дазволілі стварыць беларускія збройныя адзінкі. Пад ціскам беларускага грамадзтва гаварыў аб гэтым немцам і той-жа Ермачэнка й праф. В.Іваноўскі, што пераняў ад д-ра Тумаша пасаду старшыні гораду Менску.

У чэрвені 1942 г. начальнік нямецкае паліцыі Беларусі й Генэральны Камісар супольна далі загад, накіраваны да Ермачэнкі, аб арганізацыі Беларускае Самааховы. Атрымаўшы загад, Ермачэнка склікаў сход, на якім былі запрошаныя прадстаўнікі ад беларускага грамадзтва, ад Генэральнага Камісарыяту й ад штабу нямецкае паліцыі. Ермачэнка прачытаў загад, зьмест якога быў прыблізна гэткі: Генэральны Камісар Беларусі дазваляе беларускаму жыхарству Ген. Камісарыяту арганізаваць у мэтах самаабароны перад бальшавіцкімі партызанамі паліцыйныя адзінкі ў акругах, у сіле батальёну кожная. Кажны з батальёнаў мае быць самастойным і падлягаць нямецкаму гэбітс-каманданту паліцыі. Склад батальёну мае быць беларускім, улучна з усімі камандзерамі. Нямецкі камандант паліцыі Ген. Камісарыяту мае даць батальёнам узбраеньне. Утрыманьне й абмундараваньне батальёнаў ускладаецца на Беларускую Самапомач. Адказнасьць за арганізацыю й за палітычную надзейнасьць Самааховы ўскладаецца на кіраўніка Беларускае Самапомачы д-ра Івана Ермачэнку.

Пасьля прачытаньня загаду пачалася дыскусія. Паўстала пытаньне: з чаго распачынаць арганізацыю Самааховы. Кушаль запрапанаваў прысутным узяцца за падрыхтоўку кадраў. Паколькі няведама было аб колькасьці й якасьці афіцэраў, дык найперш трэба было зрабіць іх улік. Найлепш было-б дзеля таго паклікаць іх у Менск на перашкаленьне. Прапанова была прынятая.

Першы курс перашкаленьня пачаўся 1 ліпеня 1942 г. Было паклікана 120 афіцэраў. Паводля веку й вайсковых ведаў быў гэта надта разнаякі матэрыял. Былі там шасьцідзесяцігадовыя прапаршчыкі запасу царскае арміі, а побач зь імі - дваццацідвухгадовыя падхаронжыя рэзэрвы польскае арміі, савецкія лейтананты й іншыя. Былі выпадкі, калі на курс прыязджаў бацька з сынам.

Камандзерам курсу стаўся капітан Кушаль, а заступнікам - пакліканы з Нясьвіжа капітан Віталі Мікула. Адкрыцьцё адбылося вельмі ўрачыста ў прысутнасьці гасьцей як зь беларускага, так і зь нямецкага боку. Вітаў першы курс Генэральны Камісар Вільгельм Кубэ. Перашкаленьне цягнулася месяц часу. Першага жнівеня пачаўся другі курс, таксама ў складзе 120 чалавек, а першага верасьня - трэці, у складзе 60 асоб. Гэткім чынам быў ня толькі сьцьверджаны лічбавы стан беларускіх афіцэрскіх кадраў, але й іхныя вайсковыя веды ды ўсім дадзеная аднолькавая вайсковая дактрына. Пасьля заканчэньня афіцэрскага перашкаленьня гэнымі-ж афіцэрамі ў вакругах было праведзена перашкаленьне падафіцэраў паводле гэткага-ж узору.

Вонкава курсанты прэзэнтаваліся блага. Як прыгадвалася вышэй, вопраткай іх мусіла забясьпечыць Беларуская Самапомач. Ясна, што ніякага абмундараваньня яна даць не магла. Таму кажны насіў што папала, а гэта выглядала надта розна. Аднак, незалежна ад гэтага, настрой панаваў добры. Сівы бацька крочыў у такт зь бязвусым сынам, колішні савецкі лейтанант - побач з ранейшым польскім падхаронжым. У часе перапынкаў чуліся дасьціпныя жарты й вясёлы сьмех. Камандзеры курсу былі задаволены з добра праведзенай працы.

Зарганізаваныя ў вакругах батальёны Самааховы, па адным у кажнай, вонкава ў выглядзе мала чым розьніліся ад партызанаў. Зброя й амуніцыя былі самыя розныя. Здаралася, што апошняя не пасавала да першай. Усё-ж, нягледзячы на розныя цяжкасьці й недахопы, батальёны добра сябе выявілі ў змаганьні з чырвонымі партызанамі. Праіснавалі яны аж да адыходу немцаў зь Беларусі. Пад час эвакуацыі шмат людзей разыйшлося па хатах, частка-ж адступіла на захад і пазьней улілася ў 30-ю дывізію Зіглінга.

Калі вышэй мы гаварылі, што д-р Ермачэнка, старшыня Беларускае Самапомачы, гаварыў немцам аб патрэбе арганізацыі беларускіх збройных адзьдзелаў толькі пад ціскам беларускага грамадзтва, дык зусім не прыпадкова. Д-р Іван Ермачэнка быў нямецкім стаўленьнікам і надта верна служыў сваім гаспадаром. Акрамя намінальнага старшынства Беларускае Самапомачы, пэўна-ж, заглядаў і ў іншыя, не зусім чыстыя «справы». Гэта якраз ён спрычыніўся да загубы беларускіх каталіцкіх сьвятароў Глякоўскага й Мальца ды сьветлага патрыёта ксяндза В.Гадлеўскага, першага генэральнага інспэктара беларускіх школаў і закладчыка нелегальнае Беларускае Незалежніцкае Партыі.

Калі пасьля арышту немцамі сьвятароў беларускае грамадзтва дамагалася ад Ермачэнкі, каб выступіў перад немцамі ў іхнай абароне, той наадрэз адмовіўся.

Пад вясну 1943 году д-р Ермачэнка скампрамітаваўся перад сваймі гаспадарамі. Немцам удалося высьлядзіць, што старшыня БСП цэлымі вагонамі адсылае ў Чэскую Прагу беларускае сала. Тут мо выраз «немцам удалося высьлядзіць» зусім не адпаведны й сьмешны. Бо і як-жа Ермачэнка сам мог адсылаць сала, ды яшчэ й цэлымі вагонамі, бяз супрацоўніцтва зь немцамі? Мусіў-жа мець супольнікаў. Пасьля паказалася, што яно так і было.

У Чэскай Празе жыла Ермачэнкава жонка, а давераныя людцы на рынках па спекуляцыйных цэнах збывалі тавар, прызначаны на прахарчаваньне поўгалоднага Менску. Грошы, ведама, ішлі ў кішэні нясьціплага лекара й ягоных супольнікаў. Некаму з апошніх, мусіць, замала дасталося, бо, пэўна-ж, пачаў жаліцца, справа выйшла наверх, ну - а пасьля-ж, ведама, - у ліку іншых і Іван Ермачэнка паляцеў з цёплага местачка.

Плёткі апавялі, што ў Бэрліне адбыўся над Ермачэнкам суд, што быццам яго пасадзілі ў вязніцу й іншае. Адылі пасьля выявілася, што ня толькі сам лекар застаўся цэленькім і добра нагрэтым, але што ў афэру былі замешаныя некаторыя нямецкія службоўцы Генэральнага Камісарыяту. Пасьля Ермачэнкі на старшыню Беларускае Самапомачы быў пакліканы Юры Сабалеўскі, што й займаў становішча да канца вайны.

 

: Наваградзкі беларускі эскадрон

 

Калі параўнаць Наваградзкі Беларускі Эскадрон зь іншымі беларускімі збройнымі адзьдзеламі за часоў гітлераўскае акупацыі Беларусі, дык ён розьніўся найбольш тым, што быў цалкам незалежны ад мясцовых немцаў. Зарганізаваўся зь ініцыятывы капітана Барыса Рагулі, што й камандаваў ім. Не падлягаў загадам мясцовае нямецкае паліцыі, а беспасярэдня Генэральнаму Камісарыяту ў Менску. З гэтай прычыны эскадрон уваходзіў у частыя канфлікты зь мясцовай нямецкай паліцыяй, асабліва-ж у часе апэрацыяў, калі даводзілася абараняць перад немцамі ні ў чым ня вінаватыя беларускія вёскі ў апэрацыйных зонах, якія, як ведама, немцы надта-ж былі прывыклі пушчаць з дымам, улучна з жывым насельніцтвам.

Ядром эскадрону сталіся вучні Настаўніцкае Сэмінарыі ў Наваградку. Адзьдзел прэзэнтаваўся вельмі добра фізычна й высака стаяў маральна. Патрыятызм і адданасьць роднаму народу, як і сьведамасьць заданьняў абароны собскага насельніцтва перад немцамі й бальшавіцкімі партызанамі, былі найбольш відавочнымі якасьцямі эскадрону.

Пазьней, калі арганізавалася Беларуская Краёвая Абарона, эскадрон улучылі ў Наваградзкі батальён БКА і называлі коннаю ротай. У баёх батальёну даводзілася сутыкацца ня толькі з бальшавікамі, ня толькі адстойваць беларускае насельніцтва перад немцамі, але змагацца з палякамі, партызанка якіх дзейнічалі ў Наваградзкай акрузе.

Пры эвакуацыі немцаў з Наваградчыны частка людзей з батальёну палічыла патрэбным знайсьці сьцежкі да сваіх хат і застацца пад бальшавіцкай акупацыяй, а бальшыня пад камандаю старшага лейтананта Др-кі прыйшла ў Нямеччыну, дзе пасьля апынулася ў дывізіі Зіглінга.

 

: Чыгуначны батальён

 

Чыгуначныя шляхі сувязі ў акупаванай гітлераўцамі Беларусі былі заўсёды адным з асноўных аб'ектаў нападаў чырвоных партызанаў. Увесну 1942 г., спэцыяльна для аховы чыгунак, акупанты зарганізавалі г. зв. Чыгуначны батальён, складзены вылучна зь беларусаў. Камандзерам быў капітан С-ч. Жаўнеры ў батальён набіраліся быццам паводля прынцыпу дабраахвотнасьці, але фактычна з прымусам, які вёўся па лініі Беларускае Самапомачы і з дапамогаю нямецкіх камандантаў паліцыі на месцах. У батальёне было больш тысячы чалавек. Чыгуначныя лініі ў Беларусі, пачынаючы ад лета 1942 г., аж да канца нямецкай акупацыі ахоўваліся ў ладнай меры беларускімі людзьмі.

Калі-ж немцы пад напорам Чырвонае Арміі, пакідалі Беларусь, яны зусім не клапаціліся аб беларускіх жаўнерах, што былі ім так вялікай дапамогаю пры ахове чыгунак. Частка іх засталася дома, а тыя, што тралілі ў Нямеччыну, увайшлі пасьля ў 30-ю дывізію.

 

: Беларускі спэцыяльны батальён

 

У 1942 г. ў Менску быў зарганізаваны г. зв. Беларускі Спэцыяльны Батальён, што ў пазьнейшы час разросься да сямі ротаў. Апошнія выконвалі гарнізонную службу і ўдзельнічалі ў супрацьпартызанцкіх акцыях у Слуцку, Глыбокім, Вілейцы, Лідзе й іншых месцах. Камандзерам батальёну быў нямецкі маёр Юнкер, ротамі й зьвязамі камандавалі беларускія афіцэры.

Зь гісторыі гэтага батальёну варта прыгадаць дзьве падзеі, што кідаюць яркае сьвятло ня толькі на дачыненьні немцаў да беларусаў, але й на беларусаў-рэнэгатаў.

Камандзерам аднае з ротаў батальёну ў Менску быў старшы лейтанант Мазур. Быў гэта вельмі добры й амбітны беларускі афіцэр, што стала й найперш дбаў аб сваіх жаўнерах, маючы наўвеце дабро Бацькаўшчыны. З гэтай прычыны ён уваходзіў у частыя канфлікты зь Юнкерам.

Аднойчы нямецкі камандзер батальёну сабраў усіх беларускіх афіцэраў і паведаміў, што старшы лейтанант Мазур высланы ў Нямеччыну ў афіцэрскую школу для паглыбленьня сваіх ведаў. Шматлікія паверылі. Мазур быў пакліканы ў СД быццам дзеля атрыманьня дакумантаў на падарожжа, й пасьля гэтага больш ніхто яго не пабачыў. Ня маючы ніякіх вестак ад Мазура, беларускія жаўнеры й афіцэры пачалі трывожыцьца. Дзеля ўспакаеньня іх маёр сабраў батальён і абвесьціў, што ў Нямеччыне быў ангельскі паветраны налёт на афіцэрскую школу, куды выехаў Мазур, і што ён загінуў пры бамбардыроўцы.

Адно пазьней беларусы даведаліся, што Мазур не пакінуў Менску, а быў закатаваны ў менскім СД за сваю стойкасьць і беларускі патрыятызм. Гэтак сьмерць выдатнага патрыёты пасьведчыла ў Беларускім Спэцыяльным Батальёне, што немцы не талеравалі найменшага, хаця-б навет вуснага, супраціву.

Пад час адступленьня зь Беларусі ўлетку 1944 году немцы загадалі ўсім ротам батальёну, раськінутым па розных кутках краіны, сабрацца каля Аўгустова. Гэтак яны й зрабілі. Але тут адступаючых гітлераўцаў заскочыла новая неспадзеўка. Камандзер аднае з ротаў старшы лейтанант Бандык, а таксама ягоныя афіцэры Іваніцкі, Мохарт і Дрозд, сабраўшы сваіх людзей, загадалі ім забраць з сабой лёгкую зброю, а з пакінутай цяжкой павыкідаць замкі. Цэлая рота пайшла ў лес. Назаўтра ад Бандыка зь лесу адыйшлі, раздумаўшыся, два лейтананты - Мохарт са Слуцку й Дрозд з Баранавічаў. Былі гэта маладыя хлапцы, гадоў па дваццаць кажны. Іхныя сем'і й сваякі ехалі паблізу ў ліку іншых вайсковых сем'яў, кіруючыся на Граева. Афіцэры, вярнуўшыся зь лесу й далучыўшыся да сваіх сем'яў, навет не парупіліся ськінуць вайсковае вопраткі й пераапрануцца ў цывільнае. Тым часам нямецкія батальённыя афіцэры, даведаўшыся аб дэзэрцыі, паднялі алярм і пачалі рабіць пошукі. Да двух немцаў, што выехалі шукаць, прымазаўся й сяржант І.С. са Слуцку - з паходжаньня беларус, што калісь служыў у Чырвонай Арміі. Гэта быў тып службістага-рэнэгата. Для яго не рабіла істотнай розьніцы, каму служыць, - адно абы прыдбаць пару мэдалёў ці іншых заслугаў. А калі-ж у часе службы давядзецца над кім пазьдзекавацца, асабліва над сваім, дык і весялей будзе І.С.

Сустрэўшы вабоз вайсковых сем'яў на галоўнай дарозе ў Граева, немцы й І.С. здалёк заўважылі на возе Мохартавага бацькі двух маладых беларускіх афіцэраў. На загад - падняць рукі ўверх - лейтанант Дрозд анічуць не замарудзіў, а Мохарт, як выглядала, яшчэ думаў, што рабіць, падымаць ці не. Немец стрэліў зпісталета й раніў Мохарта ў правае плячо. Тут-жа немцы затрымалі хурманку з двума беларускімі афіцэрамі. На запытаньне бацькоў Мохарта, куды іх павязуць, І.С. адказаў, што перавяжуць рану. Сьведкам гэтага выпадку быў старшы лейтанант Д. Кл-ч, які ехаў крокаў на дзесяць ззаду за Мохартавай хурманкай.

Мохарт і Дрозд адвезеныя былі ў палатку й трыманыя там цэлую ноч пад вартай. Назаўтра раніцою І.С. і адзін радавы забралі арыштаваных і на той жа хурманцы, узяўшы з сабой аўтаматычны пісталет і пару рыдлёвак, павезьлі іх у лес. Там адбылася экзэкуцыя. Сяржант І.С. меў нагоду прадэманстраваць сваю ляяльнасьць да гітлераўскіх гаспадароў. Адно шкадаваў, што ня было паблізу больш сьветак, калі бяз прынукі і са смакам ды насалодаю пазбавіў жыцьця двух маладых суродзічаў. Ужо каля абеду вярнуўся ў сваю роту. Толькі тады некаторыя агледзеліся, што сталася, ды было позна.

Для адступаючых жаўнераў Спэцыяльнага Батальёну лёс Бандыка й ягоных людзей, што пайшлі ў Аўгустоўскія лясы, застаўся тайніцай. Немцы адсунулі ад камандаваньня часьцямі ў батальёне ўсіх беларускіх афіцэраў, даўшы ім вольную руку ісьці, куды хочуць. Атрымаўшы чыгуначныя білеты, шмат паехала ў Бэрлін, дзе пасьля ўлучылася ў беларускае войска, што канцэнтравалася на Ліхтэнэрштрасэ. Некаторыя працавалі пры пабудове вакопаў і чыгунак. Жаўнеры Беларускага Спэцыяльнага Батальёну, пазбаўленыя сваіх афіцэраў, былі пасьля прыдзеленыя немцамі ў іншыя адзьдзелы.

Акрамя Мохарта й Дразда ў нямецкія рукі трапіла й колькі іншых «дэзэртыраў», між імі падафіцэраў і радавых, зь якімі гітлераўцы й распраўляліся на месцы.

 

: Беларуская краёвая абарона

 

Вялікія няўдачы на Ўсходнім фронце ды ўзмацненьне актыўнасьці бальшавіцкіх партызанаў у акупаваных раёнах Беларусі прымусілі немцаў грунтоўна пераацаніць сытуацыю. Для ўтрыманьня шляхоў сувязі між Райхам і ўсходнім фронтам, а таксама для кантролі пазафрантавых абшараў трэба было новых мілітарных сілаў. Немцы вычарпалі ўдома людзкія запасы, дарма што ўжо паклікалі на службу самыя старэйшыя й малодшыя гадавікі. Сытуацыя была крытычная. Пры неабходнасьці адступленьня з усходу магло здарыцца, што лінейныя адзьдзелы ў адзін прыгожы дзень апынуцца ў поўнай ізаляцыі ад Райху. Прыйшлося-б сілаю прабівацца праз другі фронт. Меншым адзьдзелам пагражала-б поўная ліквідацыя. Трэба было шукаць нейкага ратунку.

Пастаўленыя перад такой дылемай, нямецкія дзеячы ўважалі, што зь дзьвюх нядобрых сытуацый найлепшым выйсьцем была-б мабілізацыя людзкіх рэзэрваў акупаваных абшараў Беларусі. Тыя-ж беларусы, да голасу якіх немцы час-ад-часу прыслухоўваліся, маючы наўвеце дабро свайго народу, верылі, што ў гэным бязвыхадным становішчы лепш для беларускае моладзі ўзяцца за зброю й дзе мага ратавацца перад зьнішчэньнем між двумя агнямі. У кажным выпадку нельга забывацца, што беларусы ня мелі выбару: або сілком маглі быць загнаныя ў партызаншчыну, чаго ніхто не жадаў, або, атрымаўшы зь нямецкіх рук зброю, выкарыстоўваць яе найперш, дзе дасца, для самазахаваньня ня толькі сябе, але шырокіх масаў беларускага народу.

Камандуючым Беларускае Краёвае Абароны быў вызначаны маёр Кушаль, а начальнікам штаба - капітан Віталі Мікула. Абодва распрацавалі мабілізацыйны плян, і 10 сакавіка 1944 году была абвешчана мабілізацыя. Было зарганізавана 44 батальёны пяхоты й адзін сапёрны. Аблічана было, што агулам у вайсковых шэрагах алынулася каля 50 тысяч рэкрутаў. Кожны батальён быў самастойны, й хаця камандзерамі былі беларусы, яны падлягалі загадам нямецкіх уладаў. Немцы нідзе не дазволілі стварыць большую за батальён беларускую вайсковую адзінку.

Зь пяцідзесяці тысяч арганізаваных людзей можна было-б утварыць корпус, што быў-бы вельмі паважнай ваеннай сілай. Адылі немцы на гэта не дазволілі, не давяраючы беларусам, і трымалі раздробленае войска пад сваім пільным наглядам. Беларуская Краёвая Абарона разам зь ейным беларускім штабам была падпарадкаваная нямецкаму Генэрал-Камісару Беларусі - ген. фон Готбэргу. Усе загады, пасыланыя беларускім штабам у батальёны, мусілі праходзіць празь нямецкі штаб Готбэрга. Такая залежнасьць беларускіх камандзераў ад немцаў не дала ім магчымасьці выяўляць свае собскае ініцыятывы.

Афіцэрскі склад Беларускае Краёвае Абароны з гледзішча фаховых ведаў быў наагул слабы. Бальшыня людзей трапіла ў афіцэрскія шэрагі з падафіцэраў і атрымала рангі праз штаб БКА ад прэзідэнта Беларускае Цэнтральнае Рады. Многа новаменаваных афіцэраў выявілі добрыя камандзерскія здольнасьці і, калі-б былі магчымасьці, маглі-б згуляць вялікую ролю ў беларускіх збройных сілах. Магчымасьці былі абмежаваныя цесным нямецкім кантролем.

У чэрвені 1944 году ў Менск была пакліканая моладзь зь сярэдняй асьветай на першую Школу Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны. На гэтую моладзь, нацыянальна добра ўзгадаваную ў беларускіх школах, наскрозь патрыятычную, штаб БКА ўскладаў вялікія надзеі. Апошнім не суджана было збыцца. Змабілізаваныя сілы БКА і Школа Камандзераў былі зьмеценыя зь беларускае зямлі наступаючымі з усходу бальшавіцкімі арміямі.

Маса пакліканых, ня бачачы ніякае будучыні побач адступаючых гітлераўскіх акупантаў, выбрала сьцяжыны да сваіх хатаў, хоцькі-ня-хоцькі запрагаючыся ў бальшавіцкае ярмо. Большасьць зь іх хутка пасьля прыходу бальшавікоў была змабілізаваная ў Чырвоную Армію і нявышкаленая, апынуўшыся на перадавых пазыцыях, каб «адкупіць свае грахі», страціла жыцьцё. Іншыя-ж лічылі больш мэтазгодным выбраць дарогу на захад. Характэрна, што ў ліку апошніх апынулася ці не бальшыня самага перадавога, нацыянальна-патрыятычнага як грамадзкага, так і вайсковага актыву зь Беларусі.

 

: Беларуская цэнтральная рада й Радаслаў Астроўскі

 

«Кладуцца падваліны», - пісаў у менскай «Беларускай Газэце» ўвосень 1943 года ейны рэдактар Уладыслаў Казлоўскі з нагоды пакліканьня Беларускае Цэнтральнае Рады. Уладыслаў Казлоўскі загінуў ад кулі бальшавіцкіх агентаў у Менску, дарма што быў беларускім патрыётам, а не прыслужнікам акупантаў. Пішучы аб «падвалінах» і маючы наўвеце Беларускую Цэнтральную Раду, Казлоўскі разумеў будову беларускага самастойнага нацыянальнага жыцьця. Загаловак перадавіцы быў няўдалым, бо падвалінамі беларускага нацыянальнага самастойнага жыцьця (калі пад гітлераўскай акупацыяй наагул можна было гаварыць аб нейкай самастойнасьці) можна й трэба было лічыць хутчэй беларускае школьніцтва, арганізацыю моладзі, а найбольш той нацыянальна-патрыятычны элемэнт, які ахвярна вырываў з рук акупанта дзе што ўдалося ды як мага стараўся ратаваць народныя інтарэсы, абараняць народ перад вынішчэньнем...

Беларуская Цэнтральная Рада была пакліканая акупантамі дзеля кантролі ўсяго беларускага жыцьця, дзеля каардынацыі працы нямецкіх акупацыйных уладаў зь беларускімі цывільнымі й вайсковымі дзейнікамі.

Мала хто зь беларусаў лічыў БЦР за нейкі ўрад. Гэткім яна й не была. Скарэй лічылі яе экспазытурай(прадстаўніцтвам) акупанта. Тое ж прыблізна адносіцца й да гэтак званага Другога Кангрэсу, скліканага ў канцы чэрвеня 1944 году ў Менску для выяўленьня «народнае волі», як сяньня яшчэ намагаюцца цьвердзіць некаторыя прыхільнікі рэштак таго, створанага акупантам цела. «Дэлегаты» на зьезд былі вызначаныя валаснымі й раённымі ўправамі, ехалі ў Менск па назначэньню, а не па выбары людзей. Сьмешна было-б гаварыць там аб нейкай дэмакратыі, хаця трэба прызнаць, што на гэны зьезд, гучна званы «кангрэсам», зьехалася была маса самай перадавой, адданай інтарэсам народу, нацыянальнай працоўнай інтзлігенцыі.

У статуце Беларускай Цэнтральнай Рады было сказана, што прэзыдэнт БЦР назначаецца й звальняецца Генэральным Камісарам Беларусі. Беларускі народ тут ня меў аніякага слова. Трэба з усёй аб'ектыўнасьцяй моцна падкрэсьліць, што некаторыя рэфэрэнтуры БЦР былі абсаджаны людзьмі, якія ўсім сэрцам былі адданыя інтарэсам паняволенага народу, а не акупанта. Адылі нельга гэтага сказаць адносна ўсіх чысьценька, асабліва-ж самога прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага.

Аб асобе Астроўскага шмат пісалася й гаварылася, дый шмат яшчэ пройдзе часу, пакуль будзе сказана апошняе слова. Асабліва сяньня, калі чалавек жыве, людзі падыходзяць да ацэнкі яго з рознымі тэндэнцыямі. Сьвежыя ў памяці падзеі перашкаджаюць у ладнай меры адзьдзяліць зерне ад мякіны, вызначыць з пэўнай аб'ектыўнасьцяй добрае й благое. Можна дыскутаваць над тым, ці - калі-б беларускі народ пасьля Другой Сусьветнай вайны здабыў незалежнасьць, - пасадзіў-бы ён Радаслава Астроўскага на лаву злачынцаў і судзіў бы яго, ці не. Людзі вяжуцца з падзеямі, а мера цярпеньняў, прынесеных беларускаму народу пад час апошняе вайны, такая вялікая і ўсёпаглынаючая, што яна ў ладнай ступені яшчэ сяньня ўплывае на ацэнку тых ці іншых людзей, зьвязаных з пэрыядам таго жахлівага адрэзку гісторыі.

Сяньня цяжка яшчэ вызначыць Радаславу Астроўскаму адпаведнае месца ў галерэі людзей, што мітусіліся ці працавалі пры адміністрацыйным апараце ў Беларусі ў часе гітлераўскай акупацыі. Хвалі бурлівых часоў разам з добрым выкідаюць на паверхню плыні падзеяў і рознае шумавіньне. Усё яно бывае так зьмяшанае і неўпарадкаванае, што, зблізу гледзячы, нельга адрозьніць навет, ці добрае прыліпла да благога й цягне яго за сабою, ці наадварот. Толькі з адлегласьці часу, зважыўшы ўсе рухаючыя сілы, плыні ды розныя матывы заангажаваных людзей, можна так-сяк падсартаваць, вызначыць, ацаніць, паставіць на належнае месца.

Гаворачы аб Радаславе Астроўскім, адно можна сьцвердзіць з абсалютнай пэўнасьцю: памыляюцца тыя, што, ацэньваючы яго, кідаюцца ў скрайнасьці - ці то прыдзяляючы зусім да здраднікаў і народных злачынцаў, ці, з другога боку, - залічаючы да палымяных, адданых народу ахвярных патрыётаў ды разумных палітыкаў. Абедзьве ацэнкі - памылковыя. Трэба меркаваць, што калі ў 1941 годзе Астроўскі прыехаў у Менск, а пасьля накіраваўся ў Смаленск, каб быць бліжэй Масквы, дзе хацеў быць пасьля гітлераўскае акупацыі яе камісарам, ён кіраваўся вылучна сваёй амбіцыяй. Зноў-жа, калі ў 1943 годзе Астроўскі стаў прэзыдэнтам БЦР, дык і тут хутчэй за ўсё галоўным рухавіком такога кроку былі жаданьні аўтарытэту, нейкай матар'яльнай карысьці, чымся шляхотныя матывы служэньня паняволенаму народу. Надта-ж добра ведама, як немцы абыходзіліся зь перадавымі патрыётамі. Накіроўвалі іх шляхам ксяндза Гадлеўскага й выканчывалі ў склепах вязьніцаў. Быў-бы Астроўскі вызначным патрыётам, чалавекам поўнага нацыянальнага й асабістага гонару, беззаганнае маралі, ня быў-бы ён прэзыдэнтам БЦР. Немцы не хацелі бачыць на гэным становішчы асобы дамінуючай, аўтарытэтнай, перад народам заслужанай і яму поўнасьцю адданай. Ім патрэбна было калі нешта ня зусім маральна нізкое, дык, прынамся, цьмянае, але разам з тым і здольнае выклікаць пэўны давер, пашану сярод беларусаў. Астроўскі адпавядаў гэтым вымаганьням.

Прасачыўшы жыцьцёвую дзейнасьць Радаслава Астроўскага, можна прыдзяліць яго да апартуністых, а мо навет і да апаратчыкаў, хаця ня зусім у такім разуменьні апошняга тэрміну, якое прыдаюць яму бальшавікі, зь сістэмы якіх, здаецца, гэты тэрмін і выводзіцца. Вось-жа, калі залічыць прэзыдэнта БЦР да апаратчыкаў, то тут адразу-ж трэба й дадаць, што будучы прыладай нейкага апарату (звычайна чужога, акупацыйнага), Астроўскі заўсёды намагаўся мець у гэтым вялікім апараце свой малы апарацік, да пэўнай меры аўтаномны. Тут ён любіў быць поўным гаспадаром, навет з эрзацам нейкага дутага аўтарытэту, са сваёй вялікай шыльдай. Гэнае жаданьне аўтарытэту, штучна-эрзацнай надзьмутасьці, шумна-мнагазначнага тытулу й ці не зьяўлялася ў Астроўскага галоўным стымулам да дзейнасьці пад час гітлераўскае акупацыі, дый пазьней ужо - на эміграцыі ў Нямеччыне. Бо чым-жа можна было-б тады вытлумачыць такі палітычна самазабойчы крок Астроўскага пасьля вайны на эміграцыі, калі з музея абняслаўленых палітычных рэліквіяў выцягнуў ён на паверхню бурлівага эміграцыйнага палітычнага жыцьця палітычны труп - БЦР і стараўся яго ўваскрасіць? Хіба-ж рацыянальна думаючы палітык мог такое зрабіць?

Асьмельваемся цьвердзіць, што калі-б былы прэзыдэнт БЦР, пасьля ўпадку гітлераўскае Нямеччыны, ня выцягнуў на дзённае сьвятло нефартуннага мерцьвяка - БЦР, то шматлікія беларусы паміналі-б яго добрым словам. Не трэба забывацца, што прэзыдэнт БЦР у часе гітлераўскае акупацыі Беларусі меў вялікія магчымасьці рабіць добрае й благое, і тут трэба аддаць праўдзе справядлівасьць: ён зрабіў нашмат больш першага, чымся апошняга. Навет сяньня й навет ягоныя палітычныя праціўнікі з поўнай шчырасьцю цьвердзяць, што Астроўскі як прэзыдэнт БЦР пад час гітлераўскае акупацыі Беларусі стаяў на вышыні свайго заданьня. Пад заданьнем, ясна, разумеецца выкарыстоўваньне пазыцыі прэзыдэнта БЦР для абароны інтарэсаў і рэпрэзэнтацыі беларускага народу. У Астроўскага гэна дзейнасьць выявілася перадусім у намаганьнях стрымаць азьвярэлае вынішчэньне немцамі беларускіх вёсак і насельніцтва. Гэтак ён часта дакучаў Ген. Камісару фон Готбэргу, каб хутчэй арганізаваць беларускія збройныя сілы. Калі-ж была праведзена мабілізацыя ў БКА, а рэкруты ня мелі зброі, Астроўскі пагражаў Генэрал-Камісару, што, калі ў хуткім часе БКА не дастане зброі, ён, Астроўскі, выдасьць загад аб дэмабілізацыі. Гэта было падзейнічала на немцаў. Астроўскі аддаваў асаблівую ўвагу вайсковаму рэфэрату пры БЦР як у Менску, так і пасьля ў Бэрліне. Другое-ж, ня менш важнае - Астроўскі ня толькі не перашкаджаў, але спатураў, ды нярэдка й памагаў у працы самай перадавой і найбольш адданай інтарэсам народа беларускай інтэлігенцыі.

Каб ацаніць Радаслава Астроўскага з пазытыўнага боку, трэба ўявіць, колькі шкоды й цярпеньняў мог-бы прынесьці беларускаму народу, будучы на становішчы прэзыдэнта БЦР, іншы чалавек, прыкладам, адзін з тых юдаў-гадзюкаў, што спрычыніліся да загубы сьвятароў Гадлеўскага, Глякоўскага й Мальца. Дык навет поўнасьцю крытычна падыходзячы, трэба аддаць чалавеку належнае, але йзноў-жа ня кідацца ў скрайнасьці й гладзіць па галоўцы за тое благое, што ён мог-бы зрабіць, ды не зрабіў.

 

... І колькі слоў аб галоўных злачынцах

 

На заканчэньне нашай кароткай, даволі павярхоўнай і некамплетнай характарыстыкі падзеяў і некаторых людзей у занятай гітлераўскімі акупантамі Беларусі ў 1941-1944 гадах неабходна падкрэсьліць самую галоўную, сказаць-бы кардынальную, прычыну ці дзейнік, ад якое й выводзіліся ўсе няшчасьці, мільённыя страты ў людзях беларускага народу, ды - з другога боку - і рабіліся мерапрыемствы для абароны й самазахаваньня паняволеных. Гэнай прычынай былі сталінска-бальшавіцкія апэратыўныя групы чэкістых, чырвоныя партызаны.

Ужо 3 ліпеня 1941 году маскоўскі дыктатар, спасьцярогшы, што ня ўдасца яму ўтрымаць пад сваёй уладай Беларусі й іншых заходніх земляў Савецкага Саюзу, выдаў Чырвонай Арміі й партызанам наступны загад:

«Ніводная лёкаматыва, ніводная чыгунка, ні кіляграм пшаніцы ці літр гаручага не мусяць быць пакінутымі ворагу. Калгасьнікі павінны забраць з сабою ўсю хатнюю жывёлу. Партызанскія злучэньні, конныя й пяхотныя, павінны быць сфармаваныя для ўзрыву мастоў і дарог, для знішчэньня тэлефонных і тэлеграфных камунікацыяў, для паленьня лясоў...»

Няцяжка адгадаць, што маскоўскі кат-душыцель хацеў зрабіць зь Беларусі суцэльную пустыню. Дарма, што спачатку, і то з прычыны маланкавага наступу гітлераўскага вермахту, яму гэта не ўдалося. Пазьней загад у ладнай меры быў выкананы. Мала таго! Першапачатковая інструкцыя, відаць, пазьней пашырылася і ў пляны татальнай вайны ўвайшла таксама дырэктыва масавага вынішчэньня ўсяго жывога насельніцтва й ягонага матар'яльнага інвэнтару. Мусіць прыціснуты да сьцяны крамлёўскі дыктатар лічыў, што цывільнае безбароннае жыхарства, у тым ліку старыя, жанчыны й дзеці ў акупаванай гітлераўцамі Беларусі, былі ня менш важным прадметам для ліквідацыі, чымся самыя, чыста мілітарнага значэньня, аб'екты. Людзі пад загадамі Крамля бесьперапынна й мэтадычна праводзілі ў жыцьцё сталінскі загад, а азьвярэлыя гітлераўскія фашысты, маючы наўвеце свае мэты, аб якіх прыгадвалася вышэй, памагалі сталінцам рукамі сваіх і чужых, варожых беларускаму народу, элемэнтаў.

Душылася, крывавілася, гарэла й папялілася між двумя хіжакамі-тытанамі бедная й шматпакутная Беларусь. Што ўцалела ад Сцылы, тым намагалася пажывіцца Харыбда. І не было ніадкуль дапамогі, ратунку, ані спагады. Дзе што магло й як магло - арганізавалася й ратавалася. У жахлівых муках і цярпеньнях нарадзілася ўсьведамленьне сутнасьці існаваньня: каб быць і жыць, каб знайсьці ратунак, трэба было разьлічваць толькі й выключна на свае собскія сілы.

 

 

Частка першая. Менск - Альткірх - Марсэль

 

Неадчыненая школа

 

: I

 

22 чэрвеня 1944-га году Менск сьвяткаваў гэтак званы Дзень Вызваленьня. Гэтак гітлераўскія акупанты называлі дзень збройнага нападу на маскоўска-бальшавіцкую турму народаў. Дзеля належнага ўшанаваньня трэцяй гадавіны афіцыяльна было загадана правесьці ў гарадох акупаванае Беларусі парады вайсковых гарнізонаў, як нямецкіх, так і беларускіх, галоўным чынам Беларускае Краёвае Абароны.

У Менску, з усходняга боку Галоўнай вуліцы, паблізу маста на Сьвіслачы, пабудавана была вялікая трыбуна. Над ёю беларускі бел-чырвона-белы сьцяг гойдаўся побач зь нямецкай свастыкай. Каля адзінаццатай гадзіны раніцы мянчане шчыльнай жывой сьцяной запоўнілі ходнікі, некаторыя-ж, каб лепш бачыць парад, ускараскаліся на шчарбатыя сьцены прывулічных руінаў. На трыбуне зьявіліся высокія дастойнікі акупацыйнае ўлады й жменя беларусаў. Кульгавы фон Готбэрг стаяў у акружэньні сваіх ад'ютантаў і афіцэраў менскага гарнізону, побач зь левага боку ад немцаў камандуючы БКА маёр Кушаль гутарыў з шэфам штаба БКА капітанам Мікулам.

Зь левага боку ля трыбуны стаяла нямецкая вайсковая аркестра. Першым у парадзе йшоў адзьдзел Вэрмахту. Перад трыбунай рота затрымалася, й афіцэр, здаўшы Готбэргу рапарт, загадаў маршыраваць далей. Наступнай ішла Школа Камандзераў Беларускай Краёвай Абароны, а за ёю іншыя адзьдзелы БКА. Школа, апранутая ў чорную вопратку, з Пагонямі на шапках, яўна вырозьнівалася сярод усяго іншага войска. Той, хто прыглядаўся гэным двум сотням васемнаццацігадовых юнакоў, мог-бы мець уражаньне, што нехта павыбіраў іх з цэлай Беларусі, дапасоўваючы да нейкай агульнай, прынятай і вызначанай меркі. Усё гэта бадзёрае, румянае, здаровае, упэўненае - рабіла на гледачоў надзвычайна добрае ўражаньне.

Бадзёры роўны крок і раўнамерны тахт выклікалі доўгія воплескі мянчан, што прыглядаліся з абодвых бакоў вуліцы. Камандзер школы капітан Ласкутовіч, што вёў калёну, падыходзячы да трыбуны, скамандаваў «зрок направа» і... «стой!». Адно гэнае «стой» выйшла зусім слабенькае, пачутае толькі пярэдняй часткай калёны. Калі фронт затрымаўся, як было загадана, як быццам адзін чалавек, то заднія, не пачуўшы каманды, ледзь змаглі ў час спыніцца як папала, каб ня ўзьбіцца пярэднім на пяты. Выйшла, не гаворачы ўжо аб вусных камэнтарах, нешта падобнае да таго гуку, які бывае, калі сыпецца зь меху бульба ў склеп. Па натоўпе прайшоў гоман незадаваленьня.

Капітан Ласкутовіч, спасьцярогшыся ў час, што сам быў у тым вінаваты, зачырванеўшыся, здаў пры трыбуне рапарт камандуючаму БКА, і чорная калёна юнакоў памаршыравала далей.

 

: IІ

 

- Каб яго ліха, як яно нядобра выйшла! - жаліўся нехта, калі вярнуліся ў Паўночныя Казармы.

- І то-ж падумаць адно, гэтулькі часу маршыравалі, амаль цэлы месяц вучыліся, мазалі на нагах панаціралі, і цяпер во выйшла як на сьмех...

- Каб жа з нашай віны!

- Тое-ж і баліць, што ня з нашай віны, а зь ягонай..

- І то-ж, здаецца, такі здаровы мужчына, а ўжо не мог-бы ён моцна крыкнуць тое «стой», каб усе пачулі, ці што?

У гэны вечар кадэты мелі змогу выслухаць каля сёмай гадзіны па менскім радыё справаздачу аб урачыстасьцях, перадусім аб парадзе. І вось там ізноў пачулі музыку нямецкае аркестры, што стаяў побач трыбуны, а пасьля-ж і тое «стой», што было прычынай такой вялікай няўдач, ды і пасьля ўжо як нехта сыпаў бульбу ў склеп..

Здавалася-б, ня было надта чым журыцца. Інструктары з розных вайсковых школаў ведаюць больш кур'ёзныя выпадкі. Хто-ж будзе тады ў войску памыляцца, калі ня рэкрут? Але й было найбольш крыўдна, што няўдача выйшла ня зь віны рэкрутаў, а зь віны самога камандзера, дый то яшчэ пры самай першай нагодзе, калі, казаў той, толькі-толькі пасьпелі паказацца ў людзі. Затое і было крыўдна.

Калі кадэты са Школы Камандзераў БКА турбаваліся такой першай няўдачай, то гэта зусім зразумела. Усе яны зьявіліся ў школу ахвотнікамі ў пачатку чэрвеня, значыцца, прыехалі вучыцца, а не бібікі, як кажуць, біць. Гэта быў у бальшыні сялянскі элемэнт. Амаль ніхто зь іх раней ня трымаў зброі ў руках. Усе мелі сярэднюю асьвету й хоць пазьяжджаліся з усіх закуткаў Беларусі, - ад Вільні да Гомеля й ад Пінска да Віцебска - асноўнае, супольнае, што іх зьвязала, што прывяло ў Менск, было пачуцьцё народнае крыўды й нянавісьці да ворагаў, патрыятызм і ахвярнасьць. Гэтая моладзь зь сярэдніх школаў добра ведала, дзе ёсьць крыніцы няшчасьця народу й пастанавіла сваймі сіламі падбаць пра тое, каб іх зьліквідаваць. Да заняткаў у школе, няхай сабе й самых першых, элемэнтарных, адносіліся кадэты надзвычай паважна й пільна.

Гоманам перапоўніліся будынкі Паўночных Казармаў у Менску. Жыхары суседніх вуліцаў раніцою й папаўдні прыслухоўваліся прыгожым мэлёдыям беларускіх вайсковых песьняў. Хаця мянчане звычайна прымалі гэтых юнакоў за паліцыю, бо-ж яны насілі чорную вопратку, аднак хлопцы толькі ўсьміхаліся, паказваючы з гордасьцю на Пагоні, што мелі на шапках. Мала якая іншая беларуская вайсковая фармацыя мела Пагоні. Яшчэ больш цешыліся, даведаўшыся, што ў хуткім часе аздобяць свае каўняры Ярылавымі крыжамі на чырвоных палотнішчах. Магла-б некаму дзіўнай здацца гэткая, ледзь ня дзіцячая любасьць і прывязанасьць да сваіх нацыянальных адзнакаў з боку маладых, недасьветчаных у ваенных справах ды ў жыцьцёвай практыцы зусім зялёных юнакоў. Але-ж якім, калі ня гэткім спосабам, маглі яны выказаць свой гарачы патрыятызм, любоў да народу, якая ўзрастала, мацнела і ўкарэньвалася ў сэрцах іхных у меру росту гвалту над беларусамі з боку бальшавікоў і гітлераўцаў?

Пачаліся першыя заняткі й муштра. Беларуская каманда гучала на вялікім пляцы перад казармамі. Хаця юнакі ня былі прывыкшымі да вайсковага жыцьця й вечнага посьпеху, мала хто наракаў. Стараліся, бо ведалі, што ў будучыні здабытыя веды панясуць у пададзьдзелы, каб там падзяліцца імі са сваймі родзічамі. Вечарам, пасьля заняткаў, пад час прыгожае вясеньняе пагоды, выходзілі на пляц і тут, у жартах, весялосьці, з роднай песьняй праводзілі вольныя хвіліны.

Працаю й жыцьцём Школы кіраваў капітан Ласкутовіч. Зь нямецкага боку за Школай наглядаў капітан Шнайдар. У сталыя кадры ўвайшло колькі беларускіх афіцэраў і падафіцэраў ды нямецкіх інструктараў.

Жаданы лік рэкрутаў быў асягнуты. У незадоўгім часе Школа мела быць адчынена афіцыйна. Зь нецярплівасьцю чакалі кадэты таго дня, набіваючы ці шмат мазалёў на нагах пры падрыхтоўцы да афіцыйнай маршавай парады. Адылі мала хто прадбачыў ці навет варажыў, што адкрыцьцё ніколі не адбудзецца, што час іхнае кар'еры ў БКА надзвычайна кароткатрывалы. Мала хто бачыў, што бура вісела ўжо над галавой, хаця кажны яе спадзяваўся.

 

: III

 

Ужо ад даўжэйшага часу ў падаваных у прэсе камунікатах Вярхоўнага Камандаваньня Вэрмахту аб сытуацыі на франтах пачалі зьяўляцца такія часта паўтараныя, як нехта мог-бы сказаць, заваяваўшыя сабе там сталае права грамадзянства, азначаньні, як: «эвакуавана з мэтаю скарачэньня фронту», «плянава адведзена на загадзя прадугледжаныя пазыцыі» або «ворагу ўдалося ўварвацца пры цяжкіх стратах», ды шмат іншых падобных. Нідзе не гаварылася аб сваіх перамогах, як калісьці, а толькі аб варожых стратах. Інфармацыйнае Бюро Галоўнае Кватэры, дабіраючы найбольш адпаведную тэрміналёгію, старалася замаскаваць вялікія паразы на ўсіх франтох. Дзень 6-га чэрвеня 1944 году прынёс новую, вельмі важную для гісторыі вестку: магутны дэсант заходніх хаўрусьнікаў высадзіўся ў Нармандыі. Адкрыўся другі фронт. Гітлераў слаўны й прапагандаю размалёваны гэтак званы Атлянтычны Вал, празь які, паводле Гэбэльса, і мыш ня мела змогі праціснуцца, а ня тое каб хаўрусьніцкая армія, быў вышчарблены. Ангельскія, амэрыканскія й францускія жаўнеры паставілі першыя крокі на ўзьбярэжжах Ля-Маншу. Найбольшая нямецкая цьвярдыня ў Італіі - Монтэ Касыно, што сьцерагла дарогі з паўдня на Рым, была пасьля доўгіх і цяжкіх баёў здадзена ў рукі Восьмай Брытанскай Арміі. Усюды адступалі «з мэтай скарачэньня фронту», заўсёды «займалі згары прадугледжаныя пазыцыі», і кожны раз «праціўніку ўдавалася ўварвацца пры цяжкіх для яго стратах».

Нешматлікія з гэтых фактаў былі ведамыя тым, што знаходзіліся пад нямецкай уладай, ды й далёка не адразу. Газэты й радыё інфармавалі людзей зь вялікім спазненьнем, а вестак аб няўдачах найчасьцей не падавалі зусім.

У мурох Школы Камандзераў БКА вучні ня ведалі аб тым нічога. У горад выходзіць не дазвалялася. Кожны быў больш зацікаўлены парадкам дня й новымі абставінамі, чымся навінамі з прэсы. За грукатам і шумам вуліцы слаба чуваць было штораз бліжэйшае рэха гарматаў з усходу, а калі ноччу, на агульную трывогу, выбягалі хлопцы з будынкаў у вакопы, то ўважалі гэта за нармальнае ў ваенных часох зьявішча. Часта даводзілася сядзець у бамбасховішчах больш за гадзіну, а па адкліканьні трывогі з уцехаю беглі ў казармы, дзе чакала адкрытая, хоць ужо й астылая пасьцеля, каб заўтра на кліч службовага «ўставай!» ізноў як найхутчэй стаць на ногі.

 

: IV

 

Вечарам 28 чэрвеня, як кажнага вечара, была скліканая зборка на малітву перад сном. Як ніколі раней, абедзьве роты стаялі на першым паверсе. Пасьля малітвы нямецкі інструктар фэльдфэбэль Турн паклікаў да сябе перакладчыка.

- Згодна з загадам вышэйшых уладаў, - пачаў ён, - заўтра раніцою а гадзіне сёмай усе ўдзельнікі школы маршыруюць з Менска праз Маладэчна й Вільню на Горадню. Менск мае быць эвакуаваны. Далейшае наша шкаленьне маем прадаўжаць у Горадні. Ідзём пехатой.

Звыш дзьвёх сотняў застылых постацяў, уталопіўшыся ў Турна, замянілася ў слых.

- На вазы, - працягваў немец, - якія маем, загадана заладаваць найбольш неабходныя рэчы - харчы, зброю й амуніцыю. Кажны з вас забярэ сваю стрэльбу. Атрымаеце амуніцыю. Бярыце рэчы толькі найбольш неабходныя й тыя, што па дарозе ня будуць вас залішне абцяжарваць. Камандзеры зьвязаў вызначаць па трое чалавек, якім аддадуць несьці лёгкія кулямёты. Людзі гэныя будуць поўнасьцю адказныя за зброю й няхай не асьмеляцца яе кінуць. Калі-б хто так зрабіў, будзе караны. Зазначаю, што ўсё павінна быць у найлепшым парадку, які пад час эвакуацыі неабходны. Цяпер камандзеры зьвязаў дадуць інструкцыі да парадку падрыхтоўкі. Няхай ніхто не пасьмее спаць. Я скончыў.

Гэтая апошняя засьцярога была непатрэбнай. Вестка атрымалася такой неспадзяванай і ашаламляльнай, што спаньнё нікому ня было ў галаве. Пасьля атрыманьня дадатковых інструкцыяў ад камандзераў зьвязаў зборка скончылася, а ў залі запанавалі крыкі й гул.

- Канюхі, давай на двор, амуніцыю ладаваць на вазы!

- Усьпееце!

- Што знача ўсьпееце? Вы забыліся аб паслухмянасьці? Перш там зробіце, а пасьля каля сябе. Хутчэй! Дзе іншыя?

Кадэты не адразу ўзяліся за работу. Навіну трэба было абгаварыць.

- От і выйгралі вайну! Бачыў кум сліўку? Хутчэй адсюль уцякаем, чымся прыехалі. Школа ў Горадні... Гм, гэта выглядае віламі па вадзе пісана...

- Як школа будзе ў Горадні, то я буду называцца... Ну не ведаю як...

- Перадусім калі ты там будэеш?

- А табе сьпешна?

- А што-ж не? Як атрымаеш ад бальшавікоў у каршэнь, то пабачым, ці табе ня будзе сьпешна.

Хтосьці зарагатаў.

- Гэта менш важна. Найважнейшае тое, што ідзём пехатою. Ты ўяві адно пехатой такі сьвет дарогі.

- Трэба было табе ў кавалерыю йсьці, то паехаў-бы...

- От і навучыліся. Я не спадзяваўся...

- Добра Коля зрабіў, што не паехаў сюды. Бачыш во, адкуль можна ведаць...

- Скончыць там гутаркі ды брацца за падрыхтоўкі, - загадаў інструктар.

Хлопцы крыху прымоўклі. Той ці іншы паволі ўзяўся за работу. Цэлая ноч была наперадзе й ніхто надта не сьпяшаўся. Хацелася пачуць найбольш дэталяў аб заўтрашнім падарожжы, дый аб далейшым, але ніхто нічога ня ведаў. Кароткія й адрывістыя словы Турна шмат ня выясьнілі. Самая вестка, што далейшае шкаленьне будзе прадаўжацца ў Горадні, была вельмі сумлеўная. Хто-ж мог сказаць, што савецкі наступ будзе спынены перад Горадняй? А калі й так, то на як доўга? А пасьля - гэта амаль пэўнае - будуць ізноў уцякаць. І на чым тое ўсё кончыцца?

Што будзе зь іхнымі бацькамі, якіх пакінулі ўдома і якія нічога ня ведаюць, што сяньня сынам загадана пакінуць Менск, а за пару дзён, можа, й Бацькаўшчыну? Ці сяньняшні загад маршыраваць на Горадню абазначаў для іх заўтрашні загад пакінуць Бацькаўшчыну назаўсёды? Ведалі, што Нямеччына ў крызысе патрабавала маладых людзей для працы й сілаў для абароны на франтох. Чым стане для іх вайсковая вопратка з днём, як акупацыя ўсяе Беларусі маскоўскім агрэсарам станецца фактам? Ці будуць змушаныя аддаць сваё маладое жыцьцё за тых, што хацелі накінуць сьвету бяспрыкладную няволю?

Няшмат хто зь іх прыйшоў да так далёкіх рэфлексіяў. Адно кажны ведаў, што заўтра а сёмай гадзіне раніцай паставіць першы крок на дарозе, якая няведама дзе, калі і чым скончыцца. Будуць гэта першыя крокі на дарозе няведамай і няпэўнай, цяжкой і надта небясьпечнай.

Падрыхтовы да адыходу скончыліся блізка раніцы. Той ці іншы прылёг на голай пасьцелі, каб злавіць колькі хвілін сну. Нядоўгай была дрэмка, бо ўжо а пятай гадзіне загадалі выходзіць на двор да апошняга перагляду. Каля складоў стаялі запрэжаныя каламажкі, а канюхі канчалі ладаваць харчы, зброю й амуніцыю.

 

: V

 

У хуткім часе зь бязладнае, гаманлівае масы заспаных рэкрутаў сфармаваліся два асобныя доўгія трохшэрагі, устаўленыя адзін за другім фронтам да зялёнага будынка, і пачаўся апошні перагляд. Дружыновыя й зьвязовыя абыходзілі навокал сваіх падуладных, таму ці іншаму даючы кароткія ўвагі. Хтосьці ў скручаны й надзеты на шыю коц напакаваў зашмат хлеба, іншы занадта абцяжыў патранташ амуніцыяй, трэці меў, здавалася, зашмат рэчаў і ніяк ня мог парадзіць. Усё гэта патрабавала нагляду з боку старэйшых і спрактыкаваных. Ня радзілі нікому занадта сябе абцяжываць, ведаючы, што й так па дарозе шмат застанецца ззаду. Капітан Мікула й капітан Шнайдар наглядалі за агульным парадкам і давалі апошнія, зьвязаныя з падарожжам, загады. Капітан Ласкутовіч яшчэ раней адпрасіўся ў камандуючага БКА, каб заехацца ў Стоўпцы па сваю сям'ю. Да Афіцэрскае Школы меў далучыцца пазьней.

Калі ўсё было гатовае, капітан Мікула, седзячы на кані, зьвярнуўся да юнакоў з такімі словамі:

- Хлопцы! Хачу перад маршам сказаць вам колькі слоў. Шкада, што быў кароткі час і мы яшчэ добра не пазналіся. Але маю надзею, што, будучы разам, зжывёмся. А гэта цяпер самае асноўнае - прашу вас трымацца разам. Ведаю, што ўсе вы надзвычай добрыя й сумленныя беларусы, вялікія патрыёты, але ўсе вы яшчэ зялёныя. Перад намі стаіць вялікая дарога, якая няведама дзе й чым скончыцца. Не хачу вас дарэмна цешыць, а кажу так, як ёсьць. Перад намі цяжкасьці й небясьпекі. Дзеля таго наша згуртаванасьць поўнасьцю неабходная. Трымайцеся разам і слухайце загадаў. Дысцыпліна - самае асноўнае. Ад сябе хачу запэўніць, што я вас не пакіну й заўсёды буду з вамі. Лічыце на мяне ва ўсім і лічыце не толькі за камандзера, але й за старэйшага сябру. Я са свайго боку хачу верыць, што вы ўсе мне блізкія сябры, што на вас магу палягаць, што не падвядзеце. Дык давайце, трымаймася разам. А цяпер - шчасьлівае дарогі!

Гэтыя кароткія, вымаўленыя ў сяброўскім духу словы адразу здабылі для капітана Мікулы масу сяброў. Шэф Штабу БКА быў з тых людзей, якія ня толькі сваймі словамі, але й прыязным даверлівым паглядам, сяброўска-братняй прастатой, кароткім жартам і ўсьмешкай будзілі да сябе пашану й здабывалі давер. У сваім падыходзе да жаўнераў, асабліва-ж да кадэтаў, ён шмат розьніўся ад капітана Ласкутовіча, у якога найбольш віднай была вайсковая «помпа», надутасьць, дэманстрацыйнасьць, штучная палітуроўка. Праўда, кадэты слабавата ведалі яшчэ як аднаго, так і другога, але калі-б ужо давялося выбіраць, дык, пэўна-ж, больш галасоў выпала-б на Мікулу.

 

: VI

 

Сонца ўжо выглянула з-за ўсходняе шчарбатае сільвэты гораду і ў поўнай летняй велічы засьмяялася на лёгка-блакітным небе. Адчыніліся вароты Паўночных Казармаў. Выходзіла першая рота, другая, пасьля вабоз. Выцягнулася даўгая калёна, а дагэтуль глухая вуліца задуднела сотнямі жаўнерскіх і конскіх падковаў. Глухі й раўнамерны грукат цяжкім рэхам адбіваўся й гінуў у суседніх руінах. Адзін ці другі жыхар прывулічнае хаты нема прыліп да акна, прыглядаючыся да чорнай калёны. Не махаў на развітаньне рукою, але, пэўна-ж, нешта варажыў аб будучыні. Мо лічыў, што за колькі дзён прыйдуць іншыя «вызвольнікі». Бо ўжо-ж як там ні было, а прыйсьці, пэўна-ж, прыйдуць... Дый якое новае няшчасьце, якія зьдзекі прынясуць?..

Калі перад гэтым выходзілі кадэты за муры школы, дык ужо на трэцім кроку зачыналі «Першы зьвяз» або «Мы бойкая моладзь». 29-га чэрвеня выйшлі яны за браму моўчкі, й толькі гулкі крок ды раўнамернае ляскатаньне колаў каламажак замянілі рэха калішняй вясёлай і поўнагучнай мелёдыі. Цішыня панавала ў шэрагах.

Узьняўшы хмару густога й едкага пылу, павярнулі направа, на пяшчаную, пратаптаную сярод папялішчаў і руінаў дарогу, што вяла на Галоўную вуліцу. Тая грукацела несканчоным эшалёнам цяжкіх вайсковых транспартных машын, коламі вялізных гарматаў, гусеніцамі цяжкіх і лёгкіх танкаў. Ехалі яны радамі, адзін побач другога, а пры магчымасьці кожны стараўся абмінуць пярэдняга. Моцны гул суправаджаў іх праз амаль пустыя ад цывільных жыхароў вуліцы Менску. Усё кіравалася на Радашкавічы й Маладэчна. Туды-ж павярнула й Школа, паволі пасоўваючыся левым бокам дарогі.

Вось канчаюцца ўжо апошнія, драўляныя, там-сям раськінутыя побач шашы гарадзкія збудаваньні. Мінае яшчэ гадзіна - горад застаецца далекавата ззаду. Не адзін з маршыруючых аглядаецца, быццам-бы хочучы ў памяці ўтрываліць рысы дарагога места. Пару гадзін назад разьвіталіся зь зялёным будынкам, хутка гарызонт схавае за імі апошнія прадмесьці, й толькі імглісты вобраз зруйнаванае сталіцы надоўга застанецца ў памяці.

Высока ўжо паднялося сьпякотнае сонца. Як на далані відаць наперадзе даўгі вуж выежджанай дарогі, дзесьці на небакраі - сінявы шнур лясоў. Анямела, прытуліўшыся ў цень дрэва, галасьлівая птушка, далёка ад грукатлівае дарогі адляцеў вясёлы жаўрук. Грукаціць тая дарога сотнямі жаўнерскіх і конскіх падковаў, тысячамі колаў цяжкіх грузавікоў, енчыць і стогне пад цяжарам панцырных вазоў. Усё гэта з посьпехам імкнецца на захад, з такім посьпехам, што не варожыць уцекачам перамогі.

Паволі пасоўваецца доўгая чорная калёна, выбіраючы пабочныя прыдарожныя сьцежкі. Звычайна маюць тыя сьцежкі два кірункі, але гэтым разам усе падарожныя, а была іх колькасьць нязьлічоная, кіраваліся на захад.

 

: VII

 

Першая ноч падарожжа мінула спакойна. Абедзьве роты затрымаліся ў прыдарожнай вёсцы ды, накарміўшы й напаіўшы коней, павячэраўшы, разьмясьціліся па сялянскіх пунях на начлег. Хаця пах падгнілай леташняй саломы ня дзейнічае так дадатна на сон, як водар сьвежаскошанага сена, няпрывыклы да маршаў і змучаны рэкрут заснуў вельмі хутка. Ціхая й цёплая чэрвеньская ноч прыносіла гул і грукат снарадаў з неспакойнага ўсходу. Часты й працяжны, рэдка паадзіночны, глуха разьлягаўся ён у начной цемры, уліваючы трывогу ў сэрца жыхара й падвойваючы нэрвовасьць нефартуннага ўцекача. Дарма, што было вельмі цёмна - дарога жыла й рухалася. Ехалі ўпоцемках, вобмацкам. Бясконцы гул мэханічных вазоў, часта кароткія й адрывістыя крыкі нямецкае каманды або адзінотны стрэл быццам-бы дапаўнялі адгалоскі гармат з усходу і пасоўваліся разам зь імі на захад.

Яшчэ добра не разьвіднелася, як чорныя начлежнікі былі на нагах. Па кароткіх раньніх падрыхтоўках пакінулі вёску. Таму што вайсковыя мэханічныя эшалёны займалі цэлую шырыню дарогі, дазволена ім было маршыраваць калёнаю па аднаму бочнай сьцежкай. Марш быў вольны, але агульны парадак быў захаваны. Калёна хутка расьцягнулася на добрую пару кілямэтраў. Каля кожнае з каламажак, што былі наладаваныя харчамі, амуніцыяй і зброяй, ішло па колькі чалавек. Там, дзе дарога спускалася ў даліну, яны карысталі і з задаваленьнем пад'язджалі, усміхаючыся й махаючы рукамі абмінаным сябром. Дзень, як і ўчора, быў вельмі гарачы, сонца ўжо паднялося на некалькі пядзяў, на небе ня было ніводнае хмаркі, а смага й дарожны пыл сушылі горла пехацінцаў. Якраз узыходзілі пад горку. Нахіл быў нязначны, але надта-ж даўгі, й канюхі былі яўна незадаволеныя неабходнасьцю ісьці пехатой.

Пры адным з задніх вазоў плялося чацьвёра юнакоў. Адзін зь іх, правай рукой прытрымоўваючыся каламажкі, у левай трымаў дубец і штохвіліны падахвочваў сьцёбаньнем свайго лянівага гнядога коніка. Пагрубелыя ад пылу чорныя кучаравыя валасы няроўна ападалі на расшпілены брудны започаны каўнер. Аб выглядзе сваім, здавалася, ён зусім ня дбаў. Задаволены, што атрымаў хурманку, ён паклікаў сваіх трох калегаў, што вельмі ахвотна датрымоўвалі канюху (так называлі хурманаў) сяброўства. Трое гэных сяброў паходзілі зь Дзісьненшчыны, а ён пазнаў іх пад час вайны як вучняў Віленскае Беларускае Гімназіі. Жылі ўтрох на адной кватэры зараз за Вяльлёй каля Кальварыйскай вуліцы насупраць Замкавай гары.

Сам ён называўся Камовіч і быў роджаны ў Вільні. Зблізіўшыся зь імі, часта заходзіў на кватэру, дзе найчасьцей у бескарысных гутарках траціў пазашкольны час. Зрэшты, у гімназію таксама прыходзіў рэдка, а дырэктар школы ўжо колькі раз абяцаў выкінуць яго за дзясяты парог, калі будзе наведваць лекцыі, як дагэтуль. Але Камовіч чамусьці не апынуўся ня толькі за дзясятым, але навет за першым парогам, а пагрозы дырэктара так і ня прыносілі жаданых вынікаў, бо вучань зусім не рупіўся. Сяброўства зь дзісьненскімі хлопцамі было важным плюсам, бо было ад каго сьцягваць лекцыі. Тыя надта не супярэчылі, і здаецца, што віленчук быў з гэтага задаволены. Апрача таго, меў яшчэ адзін, і ўжо шмат важнейшы, мінус - любіў выпіць. Ня быў даслоўна п'яніцай, але знаходзіўся на простай дарозе, каб ім стацца ў будучыні. Апавядалі, што бацька ягоны шмат з гэтай прычыны пацярпеў. Часьценька ў хаце зьнікала з вачэй якаясьці дробная, дый не заўсёды ўжо такая дробная, рэч і чамусьці ніколі на старое месца не вярталася. Аб таямнічым зьнікненьні ведаў адзін сын.

Бацька - калішні выкладчык у тэй гімназіі, куды цяпер хадзіў Коля, - палагоджваў усе справы адносна сына ў школе зь яе цяперашнім дырэктарам, што калісьці быў ягоным вучнем. Ведаў аб гэтым Коля надта-ж добра, з пратэкцыі карыстаў аж залішне й да навукі ня рупіўся. Хоць бацька й гнаў сына вучыцца, мала памагала.

- Бацька пагутарыць з Грышкам (так празвалі дырэктара Пранука Грышкевіча), - казаў Коля, - і ўсё будзе ў парадку.

І запраўды, як ня дзіва, усё было ў парадку. Шмат сяброў напрыканцы школьнага году былі зьдзіўлены Камовічавымі ацэнкамі й пераводам яго ў наступную клясу. Магчыма, што дзівіла тое й самога вучня, але ўдаваў, што на такія ацэнкі поўнасьцю заслужыў.

Але вернемся да іншага. Як ужо было ўспомнена, з хаты зьнікалі ў розныя часы розныя рэчы. Звычайна ў дні, калі гэта здаралася, матка ламала галаву над тым, чаму Коля вяртаўся зь места дахаты пазьней нармальнага. Жанчына хоць тое-сёе й здагадвалася, сама сабе старалася запярэчыць, ня верачы, што зь некалі добрага й маленькага сынка вырас цяпер зусім не такі, як-бы яна жадала.

Аднойчы бацьку спатрэбіўся мікраскоп. Звычайна стаяў ён у шафе на паліцы, побач кніжак, абкручаны паперай. Адчыніўшы шафу, стары Камовіч зьняў паперу й пры немалым зьдзіўленьні замест цэннае прылады знайшоў нейкую імітацыю са шмацьця й палачак. Мікраскоп зьнік - калі й куды, няведама. Апавядалі, што пасьля была вялікая авантура, што сын часьцей сядзеў дома, што сядзеў дома ён не з сваёй волі, а на загад бацькі й што прайшло ці мала часу, пакуль Коля йзноў пачуў поўную вольнасьць. У нікога ня было сумлеву, што няўдалым майстрам імітацыі мікраскопа быў якраз Коля.

Сваіх трох сяброў ён наведваў часта. Сядзеў, бывала, доўга, й неяк напрыканцы гутарка заўсёды зыходзіла на тэму: як-бы здабыць пляшку «сівухі». Ягоны найбліжэйшы з гэных трох сяброў, Кастусь Дзежка, вывучыў і даўно ведаў Камовічаў падыход. Недарма, седзячы на балконе і ўбачыўшы ў вузенькім завулку Камовіча, Косьця рагатаў:

- Гэй, хлопцы, зірніце! І хто гэта, вы думаеце, пляцецца вунь да нас па дарожцы, калі не сам пан Камовіч чарачку жабраваць! Ха-ха-ха! Калі-ж ня верыце, дык зірніце вунь на паўаршынны чырвоны нос!

Камовічаў нос быў зусім у меру. Тут Косьця пераўвялічваў. Хоць адведзіны такія былі нярэдкія, чарачка знаходзілася амаль заўсёды. Купіць «сівухі» ў Вільні было лёгка, хіба што грошай не ставала. Пасьля п'янства прыходзілі песьні, а часамі й спрэчкі.

Звычайна пасьля такога вечару гаспадарова сястра, пяцідзесяцігадовая дэвотка, прыходзіла ў пакой студэнтаў і чытала ім маралі, якіх яны не слухалі.

Далёка заавансаванымі сябрамі з гэтай тройкі былі Сымон Спарыш і Віктар Караткевіч. Паходзілі з суседніх вёсак і сядзелі на адной школьнай лаўцы ад пятае клясы пачатковае школы ды разам трапілі ў Віленскую гімназію.

У канцы травеня, якраз пасьля сканчэньня заняткаў, усе тры разам з Камовічам добраахвотна паступілі ў Школу Камандзераў БКА ў Менску. Такім чынам трапілі яны ў лік тых чорнаапранутых юнакоў, што мелі быць асноваю новастворанае Беларускае арміі. Хаця-нехаця сяньня маршыравалі побач з жаўнерамі Вэрмахту з той толькі розніцай хіба, што тыя ехалі аўтамашынай, а яны валакліся пехатой.

 

: VIII

 

Коні цягнулі пад горку вольна, хаця ня былі яшчэ перамучанымі.

- Пайшоў ты! Я ця... нооооо! - паганяў Камовіч і часта сьцёбаў дубчыкам малога коніка.

Ішлі доўгі час моўчкі.

- Вы зірніце, хлопцы, назад, - адазваўся Віктар, - ці вы ўяўляеце, што-б гэта было, каб сюды паказалася хоць пару зьнішчальнікаў? Ай-я-яй, я-яй! Я хацеў-бы бачыць, як гэтая банда выглядала-б. Бальшавікі, відаць, ня ведаюць, дзе іхняе жніво. Гэта-ж падумаць толькі - такі дзень і ніводнага самалёту!

Хлопцы азірнуліся. Якраз узьехалі на горку. Ззаду на дарозе, што бегла тут праз глыбокую лагчыну аж да небакраю суседняга ўзвышша, цягнуўся адзін суцэльны двухрадовы шнур вайсковых вазоў. Некаторыя былі наладаваныя рознымі матэрыяламі, іншыя - перапоўненыя жаўнерамі. Яны ўздымалі за сабою шырокую й густую лявіну пылу, што павольна асядаў на прыдарожныя кусты, дрэвы й збожжа. Зь левага боку дарогі, на нядаўна выежджанай паласе, можна было заўважыць шмат конных хурманак. Запрэжаныя ў вадзіночкі, яны былі пераладаваныя ўсякім хатнім дабыткам. Ехалі на іх дзеці й старэйшыя, а дужыя валачыліся побач. Гэта былі калгасьнікі, што не хацелі больш падпасьці пад эксплуатацыю Сталіна.

- Так, тут можна было-б нарабіць кашы, - згадзіўся Кастусь.

- Ты пабач, - заўважыў ён, - нашы пераходзяць на правы бок дарогі на лагчыну. Можа, затрымаемся?

- Ага, так. Затрымоўваюцца. Ну, ужо час, - адказаў, зірнуўшы на гадзіньнік, Віктар.

Была адзінаццатая. Прайшло добрае паўгадзіны, пакуль цэлая калёна перабралася цераз заграможджаную шашу. Спыніліся ў паўкруглай шырокай лагчыне, што з паўночнага боку была абмежаваная высокім гонкім лесам. На сенажаці ляжалі нязграбленыя, прысохлыя да зямлі, пару дзён таму назад скошаныя пракосы сена. Канюхі на пачаканьні падкінулі па ахапку коням, а хлопцы пачалі зыходзіцца ў грамадкі, хто й дзе да сваіх. Загад коратка гаварыў: затрымацца! Той ці другі зьдзеў чаравікі ды аглядаў папрэлыя ад маршу ногі, рэдка хто ўзяўся за кавалак хлеба. Праўда, ужо была абедняя пара, але смага больш дакучала, чымся голад, а вады навокал ня было відаць.

Тым часам капітан Шнайдар і Мікула ды іншыя беларускія й нямецкія афіцэры воддаль сабраліся ў гурт і штось радзілі. Гаварыў Шнайдар. У правай руцэ трымаў тонкую палачку, паказваў ёю на вазы й на хлапцоў. Хутка разыйшліся. Немцы пайшлі ды па чарзе аглядалі хурманкі, а капітан Мікула паклікаў да сябе юнакоў. За колькі хвілін сабраліся яны навокал афіцэра, й Сымону выдалася, што было іх менш, чымся выйшла зь Менску. Некаторыя, відаць, пайшлі сваймі дарогамі, куды й чаго - тым часам было няведама. Але Мікула не казаў пералічваць.

- Слухайце, хлопцы, уважна! - пачаў ён голасна. - Тое, што вам зараз скажу, ня будзе вельмі прыемным. Датычыць гэта нашых інструктараў-немцаў, якіх ня зьбіраюся ў гэтым часе й месцы крытыкаваць. Як вы бачылі, перад хвілінай гаварыў да нас капітан Шнайдар. Згодна зь ягоным загадам, у далейшую дарогу ўсе немцы паедуць асобна вазамі, а мы маем ісьці пехатой. Нам пакінуць толькі пяць хурманак, на якіх павязецца харчы й амуніцыя. Усю рэшту - колькі там вазоў?

- Восем... - адказаў нехта.

- Усе, значыцца, гэныя вазы забяруць яны з сабою. Бачыце, якраз цяпер немцы вазы выбіраюць. З кожным з тых, выбраных немцамі вазоў, паедзе адзін канюх, які сваю работу ведае. Усе іншыя пойдуць ззаду. Загадана ўсім кіравацца на Вільню. Затрымаемся там дзесьці ў мурах былога гэтто паблізу Нямецкай вуліцы. З прычыны таго, што дарога перад намі далёкая, раджу вам асабіста, каму толькі ўдасца, садзіцца на спадарожныя нямецкія машыны, бо пехатой, хто ведае, ці дойдзеце. Хто можа - няхай ад Маладэчна едзе таксама цягніком. У Вільні на станцыі, а таксама ў горадзе, будуць некаторыя з нашых, ад якіх даведаецеся аб зборным пункце. Стрэльбы раджу браць з сабою для собскае бясьпекі. Гэта будзе ўсё. Пытаньні?

Колькі хлопцоў засталося пры капітане, іншыя-ж паразыходзіліся да сваіх рэчаў і радзіліся, як найлепш кіравацца ў далейшую дарогу. Шмат зь іх ахвоцілася на нямецкія машыны й кіравалася да шашы. Тым часам інструктары-немцы павыбіралі найлепшыя хурманкі й клікалі канюхоў ды загадвалі пераладоўваць свой багаж зь іншых на выбраныя.

- Слухай, Коля! - зьвярнуўся да Камовіча Кастусь Дзежка. - Кідаем к чорту наш воз. Няхай гэныя швабы на ім едуць, а мы, калі ўдасца, давай паедзем машынай. Ты ведаеш, колькі ты часу будзеш з гэнымі брухатымі валачыцца!.. Але пабач! Немцы твайго воза не выбралі. Дзе там хто захоча ехаць на такім здохленькім коніку.

- Ну ты, уважай. Не зьневажай гнядога! - адгрызнуўся Камовіч.

- Няма часу на жарты. Ідзі, пацалуй яго на развітаньне ды аддай гэтай імітацыі Шулу, ён ахвотна згодзіцца ўзяць пад апеку.

- То хадзем, забярэм хаця кулямёт. Той нам спатрэбіцца, хаця-б і на самагонку.

- Ты ўсё з самагонкай!

- Ды й рэчы таксама.

Сябры накіраваліся да свае хурманкі й хутка пачалі абвешвацца рознымі пакункамі й хатулямі. Дзежка ўзяў «дзегцярова», Сымон Спарыш і Віктар Караткевіч - па адной скрынцы амуніцыі. Шуло ахвотна згадзіўся ўзяць пад сваю апеку іхняга лянівага гнядога коніка. Чацвёрка накіравалася на дарогу.

Некаторым зь юнакоў ужо пашанцавала ўскочыць на вольныя нямецкія аўтамашыны, й групкі пры дарозе радзелі. Два капітаны на верхавых, нямецкія падафіцэры й некаторыя беларусы на хурманках накіраваліся на дарогу.

Нашай чацьвёрцы ўдалося перабрацца на левы бок шашы, дзе чакалі, наглядаючы выгаднай машыны.

- Толькі-ж, хлопцы, старайцеся, каб усім разам сесьці ды не разьдзяліцца.

- Ты ўжо ня бойся.

У гэны момант наладаваная трубамі плятформа крыху звольніла, й Камовіч з Дзежкам, быццам маланкаю, ускочылі і ўжо сядзелі наверсе.

- Хутчэй! Давайце сюды! - крычалі яны. Сымон нагнуўся, каб схапіць пастаўленую перад сабою цяжкую скрыню з амуніцыяй. У гэны момант нейкая хуткая машына, што абмінала калёну, наехала на скрынку і ўгнетла яе ў мяккі, разьежджаны, быццам попел, сівы пясок. У апошні момант нечыя моцныя рукі схапілі Сымона ззаду й адцягнулі ад дарогі.

- Але-ж зь цябе й расьцяпа! - буркнуў Віктар. - Шчасьце маеш, што не пакалечыла.

- Каб ня ты, дык і пакалечыла-б. Ну, а тыя дзе? Паехалі?

- Паехалі. Але ня бойся. Удасца й нам. Дагонім іх яшчэ ў Маладэчне.

Доўга не давялося чакаць. Большасьць транспарту валачылася паволі, й незадоўга наша двойка ўжо сядзела наверсе вялікае машыны. Хутка абмінулі школьныя хурманкі, пакінулі ззаду некаторых сяброў, што яшчэ чакалі на добрыя шансы, ды, з палёгкаю ўздыхнуўшы, перанесьліся ўжо думкамі ў Маладэчна.

 

Крывавая ноч у Вільні

 

: I

 

Больш аднае пары часу заняло даўгому таварнаму цягніку, перапоўненаму ўцекачамі й жаўнерамі, пакуль дапоўз з Маладэчна праз Ліду ў Вільню. Цывільныя ўцекачы былі пераважна з Полаччыны. Апавядалі, што бальшыня местаў на ўсход ад Маладэчна, улучна з найбліжэйшай Вілейкай, ужо эвакуавалася. У ліку едучых было шмат паліцыі, ці мала зь іх са сваймі сем'ямі й сваякамі. Адзін паліцай Сталюкевіч, чалавек у трыццатых гадох, ужо разьвёў добрае знаёмства з Камовічам і іншымі сябрамі нашае чацьвёркі, што хутка знайшлася пасьля прыезду ў Маладэчна. Хто ведае, ці ня была першапачатнай прычынай гэнага знаёмства празрыстая зьзяючая Камовічава пляшка сьпірту, якую гаспадар тым часам песьціў за пазухай, аж пакуль усе не разьмясьціліся ў зьверху адкрытым вагоне, прызначаным для перавозу бярвеньня й дроў. Дзе й як ён яе здабыў - для іншых сяброў было таямніцаю. Праўда, яны й ня дзівіліся, ведаючы ягоныя здольнасьці ў гэным кірунку. Дый часу ў Маладэчне меў даволі.

Такім чынам і дарога весялейшай стала. Як-бы ні было, а навет найменш адпорныя на алькаголь і не прывыклыя да яго Сымон і Віктар і тыя сербанулі па шклянцы, хоць надта-ж моршчачыся. Здавалася пасьля, што й цягнік весялей ішоў, што й вайна, пэўна-ж, не такая ўжо страшная, дый цыганскае жаўнерскае жыцьцё, да якога во толькі што пачалі прывыкаць, неяк там ужо паплыве.

Сталюкевіч з Камовічам і поглядамі выразна згаджаліся. Згода была бліжэйшая ў меру таго, як пусьцела літроўка. Першы красамоўна распавядаў субяседніку аб сваім гарачым патрыятызьме, аб тым, колькі яму ўдалося зьнішчыць чырвоных партызанаў, дый аб тым, колькі ворагаў Беларусі ён сваймі-ж собскімі рукамі вынішчыць яшчэ ў будучыні.

Камовічавым грудзям даволі-ткі добра дасталося, пакуль яму, божачыся, сяк-так удалося пераканаць субяседніка, што і ён, Камовіч, не такі ўжо самы апошні чалавек на гэтай плянэце, і што ён шмат каму й шмат чаго яшчэ пакажа. Бліжэй гэных двух быў прымасьціўся Кастусь, які, хоць у гутарцы малы браў удзел, сардэчна патаківаў, калі ад яго вымагалі.

 

: II

 

Калі цягнік на другі дзень каля паўдня давалокся да Вільні, давялося яму шмат пачакаць, пакуль уціснуўся на таварную станцыю. Даслоўна ўціснуўся. Па бакох ня было аніводнага вольнага чыгуначнага шляху. Колькі квадратных кілямэтраў таварнае станцыі было запруджана ваеннымі эшалёнамі.

На адным зь пешаходных пераходных масткоў над цэлым гэтым комплексам чыгунак і ваеннае ды ўцякацкае масы стаяла невялікая група віленскіх «анткаў», якія, назіраючы за гэтай вялікай кангламерацыяй жаўнераў, народаў і простых нешчасьлівых людзей, яўна цешыліся, часта ўсьміхаючыся й час-ад-часу вузенькай нітачкай сьліны выказваючы сваю зьнявагу да тых, якіх лёс у гэны час і дзень, на добрае ці благое, сагнаў на станцыю.

- Цьфу на вас, нячысьцікаў! - паказаў на іх Сымон.

- Ты бачыш, пасабіраліся басякі! - памог злаваць Кастусь.

З «анткамі» другі раз і то ўжо больш паважна давялося нашай чацьвёрцы сустрэцца тут-жа налева за Вострай Брамай, непадалёк ратушы. Пакінуўшы свайго прыпадковага спадарожніка Сталюкевіча, яны накіраваліся ў былое гэттто, дзе, як было сказана, затрымалася Менская Школа.

- Давайце спынімся на перакурку, - пасуліў Кастусь, зьнімаючы з пляча «дзегцярова» на рагу вуліцы.

- Давай, - адазваліся іншыя.

Хлопцы моцна зацягнуліся цыгарэтамі й, не сьпяшаючыся далей, разглядаліся. Два чалавекі сярэдняга росту затрымаліся крокаў за пяць воддаль і зь несхаваным зацікаўленьнем прыглядаліся ня так хлопцам ці іхным стрэльбам, як кулямёту.

- Скажыце, панове, - ня выцерпеўшы, агрэсыўна зьвярнуўся да іх Кастусь, - ці не закахаліся вы ў нас часам?

- У вас-то, можа, й не, - адказаў паляк з грымасай, - але ў гэты кулямёт, то можа...

- Як-бы то, пане, - з вымушанай ветлівасьцю прыйшоў на дапамогу другі, - каб мы так зрабілі маленькі гандэлек?

- Як то значыцца гандэлек? - удаў Кастусь, што не разумее.

- Прадайце нам кулямёт, - паясьніў той.

Камовіч штось шапнуў Кастусю на вуха і, відаць, для падмацаваньня свайго аргуманту пстрыкнуў вялікім пальцам па адамавым яблыку. Дзежка спахмурнеў.

- Здурэў ты, ці што? - кінуўся ён на Камовіча.

- Не разумееш, што ў сяньняшнія часы гэта твой найлепшы сябра?

- Ды я-ж толькі думку такую... - залепятаў Камовіч.

- Эх ты, разам з думкай. У цябе думка толькі аб самагонцы. Як табе ня сорамна!

Дзежка раптоўным рухам ськінуў з пляча і ўзяў напагатоў для стрэлу «дзегцярова».

Палякі змыліся вельмі хуценька.

 

: IІІ

 

У адным зь вялікіх будынкаў былога гэтто сабралася ўжо больш сотні юнакоў са Школы Камандзераў БКА. Засьведчыўшы службоваму падафіцэру сваю прысутнасьць і даведаўшыся, што тым часам ніякіх загадаў і плянаў няма, з дазволу падафіцэра Камовіч пайшоў наведаць сваіх бацькоў, а Сымон, Віктар і Кастусь выправіліся да Веньця. Гэтак называлі свайго колішняга гаспадара, у якога жылі на памешканьні. Польскае слова «венц», адпаведнае беларускаму «дык», ён вымаўляў, непатрэбна зьмякчаючы два апошнія гукі. Гэта й паслужыла для яго гатовай мянушкай.

Быў Веньць старым шасьцідзесяцігадовым кавалерам. Зь ім жылі дзьве сястры, таксама яшчэ дзеўкі, адна на колькі гадоў старэйшая, а другая малодшая за брата. Цэлы сьвет гэтай асаблівай тройкі круціўся паміж анёлкамі, касьцёлам, працай і «халупай», як яны называлі сваю хату. У Вільні жылі даўно. Веньць працаваў дзесь у гарбарні. Не раськідаліся, жылі вельмі сьціпла. Пакоі іхныя паабчэпліваныя былі рознымі глінянымі й парцалянавымі Езусамі ды Боскімі Маткамі, пачынаючы ад Вастрабрамскай, а канчаючы Чанстахоўскай і іншымі сакрамантамі, у тайніцу якіх тройка студэнтаў ніколі ня ўглыблялася. Адвялі хлапцам пакой на падстрэшшы. Былі там тры нізкія пасьцелі, стол з двума крэсламі й дзьве шуфляды. Адной выгадай для студэнтаў быў вялікі франтавы балькон, здадзены поўнасьцю для іх карыстаньня. Адтуль быў добры від на Вяльлю й Замкавую Гару. Там хлопцы праводзілі шмат свайго пазашкольнага часу.

Здаралася неаднойчы раніцою ў нядзельку, калі тройка храпла яшчэ моцным сном справядлівых у сваім душным пакойчыку, малодшая Веньціха, пастукаўшы ў дзьверы, безь вялікай цырымоніі прыходзіла гнаць студэнтаў «да касьцёла». Даўгія й шчырыя запэўненьні хлапцоў, што яны не каталікі, а праваслаўныя й што акрамя касьцёлаў ёсьць у Вільні таксама й цэрквы, ніяк не маглі памясьціцца ў цеснай галаве старой дэвоткі, якая часамі так надакучала, што найбольш гарачы й непаўстрыманы з тройкі - Кастусь, ускочыўшы з пасьцелі паўголы, у адных падштаніках, не так ужо ветліва выпрошваў нахабную місіянерку за дзьверы. Пасьля гэтага хлопцы звычайна пераварочваліся на сваіх цьвёрдых сеньніках на другі бок і храплі аж да абеду.

Бывала часта, што студэнты хадзілі паўгалоднымі. Мясцовыя харчовыя карткі далёка не задавалялі іхнага сялянскага апэтыту, й, прынамсі, раз на пару месяцаў то адзін, то другі ехаў за дзьвесьце з гакам кілямэтраў да бацькоў, каб прывалачы пару мяшкоў ежы, пераважна тлушчаў. Іншым разам, а бывала гэта вельмі рэдка, бацькі то аднаго, то іншага самі перасылалі харчы, калі нехта знаёмы ехаў ад іх у Вільню, бо поштай пераслаць было нельга, а за білетам на праезд чыгункай трэба было доўга абіваць парогі ў мясцовага нямецкага акруговага камісара. Бывала й так, што навет тых харчоў з картачак ня было за што купіць. Пакуль удалося ў кагосьці пазычыць колькі марак - кішкам даводзілася граць марша.

Па-свойму спачувала хлопцам старая Веньціха. Часьценька такое спачуваньне замянялася ў тры няглыбокія талеркі рэдкага зупы, званай «полевэчкай», якая ня так лагодзіла голад, як яшчэ больш спрычынялася да бурклівасьці кішок. Але, як кажуць, галоднаму й жук - мяса. Дык навет і за гэткую дабрату, выражаную трыма няглыбокімі талеркамі рэдзенькай зупы, Кастусь пасьля дазваляў старой дэвотцы заапякавацца не так ужо малым кусочкам сала, якое хоць часамі й пазнавата, але ўсё-ж знаходзіла іхны адрас.

 

: IV

 

- Знаеце што, хлопцы, - гаварыў да сваіх двух сяброў, кіруючыся на вуліцу, Кастусь, - я ў Веньці пакінуў цэлую кучу сваёй вопраткі, а самае галоўнае - тыя найлепшыя боты з бліскучымі халявамі. Чаму маюць нямытаму чорту заставацца? Давайце возьмем апылім іх і пагуляем харашэнька. Як вы думаеце?

Апыліць - у тэрміналёгіі Кастусёвай азначала збыць, прадаць, або, як часьценька казаў ён у размовах з палякамі, «сьпененжыць» - замяніць на цьвёрдую манэту.

- Добрая ідэя, - падтрымаў Віктар.

- Шкада мне зь імі расставацца, але ў войску яны лішнія, а грошы прыдадуцца, - дабавіў Кастусь. Хварсіў ён моцна тымі ботамі, надта-ж элегантнымі, шытымі з найлепшага хрому. Былі яны прадметам зайздрасьці не аднаго з падлеткаў у гімназіі.

- Ды й мой-жа кажушок у Веньці заваляўся дзесь, калі толькі мышы не дабраліся да яго, - адазваўся Сымон.

- Ну, брат, на твой цэнны й слаўны кажушок дык хіба й Веньцевы галодныя мышы ня кінуцца, - зарагатаў звычайна больш маўклівы Віктар. - Каб ты паслухаў нашай рады, то даўно кінуў-бы яго й перастаў сароміць нас у таварыстве.

- Га-га-га! Знайшоў што прыпамінаць, свой незаменны кажушок! - памог Віктару Кастусь.

Сапраўды прадзяўблі сябры Сымону галаву з гэтым рудым, ужо вынашаным, аж пачарнелым ягоным дамашнім кажушком. Сымон з дому быў бяднейшы за сваіх сяброў. Бацька ня мог здабыцца, каб прыдбаць сыну, які безь ягонага дазволу самадумам паехаў у Вільню вучыцца, лепшую вопратку. Меў, акрамя Сымона, яшчэ, як любіў гаварыць, пяць ратоў накарміць і пяцёра плячэй апрануць.

За Сымонаў самадумны выезд на навуку бацька яму па некаторым часе дараваў, але на лепшую вопратку для сына так і не здабыўся.

- Ну што-ж, сынок, едзь, вучыся, - казаў ён да сына, калі той, пераскочыўшы колькі класаў, здаў у Віленскую гімназію іспыты й з няскрываным задавальненьнем паведаміў аб гэтым старога. - Але Бог ведае, колькі я табе змагу памагчы. Так коратка з усім, што канца ніколі няма. Што-ж да вопраткі, то бяры во й насі, якую маеш, бо лепшай я табе ня спраўлю. Каб во сядзеў дома ды мне памагаў, то, можа-б, што... а так, то адкуль-жа. Рабіць, казаў той, некаму...

Сымон і ня крыўдзіўся за гэткія бацькавы словы. Ведаў добра тую вечную, ужо ў вёсцы прыказкавую бяду ў сям'і, дзе амаль усе грошы йшлі то на шпіталі, то на навуку. Маючы чатырнаццаць гадоў, страціў матку. Хвароба з якойсьці, самому Богу ведамай прычыны вечна не пакідала іхнай хаты. Да таго-ж бацька яшчэ стараўся, каб кожнае дзіця, прынамсі, скончыла сямігодку. Для малазямельнага селяніна пад польскай акупацыяй, што меў да працы адно сваіх двое рук, гэта ня было такім простым. А вайной яшчэ пагоршылася.

- Ды й чаго аж у тую Вільню? - крыўдзіўся на сына бацька. - Ці ня мог-бы ты дзе тут бліжэй, па суседзтву?

Так і давялося Сымону згрэбці з вопраткі што папала, у тым ліку й бацькавы падношаныя чаравікі, званыя ім шчыблетамі, амаль на цэлую паўпядзь завялікія на сынавы ногі, ды й той не такі ўжо зусім новы, таксама-ж бацькаў, руды кажушок. Хоць і даволі рослым быў Сымон, але бацькаў кажушок сягаў яму аж па калені, не гаворачы аб прадаўгаватых рукавах, якія даводзілася закасваць.

- Ты ўяві сабе, Віця, якое мне няшчасьце сягоньня здарылася, - гаварыў аднойчы Віктару Кастусь з выразным намерам, каб пакпіць з Сымона. - Стаю вунь на рагу Міцкевіча ў таварыстве гэтай прыгажуні з шостай клясы, ты яе знаеш, гэту з пульхненькай мордачкай?

- Знаю.

- Дзяўчына што называецца: можна і ў таварыстве паказацца; абстуканая, казаў той, дый з выгляду - і ззаду й сьпераду - ціп-топ. Адным словам, хоць ты да сэрца прытулі. Стаю, значыцца, і ўдаю джэнтлмэна, розныя кавалкі заліваючы. Ажно гляджу, адкуль ні вазьміся, прэ з-пад Зялёнага маста нейкі кажушок, проста так і сунецца, як той слонь, толькі зьнізу гэтае палозьзе даўгое, што ён называе туфлямі, у паветры нейкія замашыстыя паўкольлі выпісвае. Я аж ахнуў. Авохці, думаю, пакрака! Яшчэ возьме ды затрымаецца й дзяўчыну спудзіць. Тут ня ўсьпеў я ў душы перахрысьціцца, як той спыняецца ды, міргнуўшы на мяне бельмамі, дзяўчыне грабу на прывітаньне суніць. І што-ж ты думаеш... Тая крышку зьбянтэжылася, што мядзьведзь такі вітацца зь ёю маніцца, ды, хвіліну пастаяўшы, перапрасіла мяне й змылася. Які мне стыд, які сорам! Сьвет не бачыў!

 

: V

 

Так і цяпер, вярнуўшыся да старой улюбленай тэмы і, як Сымону здавалася, да ягонага забытага кажушка, аб якім меў неасьцярожнасьць напамянуць, хлопцы й не заўважылі, як мінулі Зялёны мост і, павярнуўшы сьпярша направа, а пасьля ў вулачку налева, станулі перад Веньцевымі дзьвярыма. Па знадворных сходах узабраліся на першы паверх і коратка пастукалі ў дзьверы. Адчыніла маладзейшая дэвотка. Яна зь немалым зьдзіўленьнем прыгледзелася да чорных юнакоў ды, распазнаўшы ў іх колішніх кватарантаў, кароткім «проша» ўпусьціла ў хату.

- Ведаеце, панічка, што? - пачаў Кастусь. - Думалі мы, што, праязджаючы праз Вільню, выпадала нам вас наведаць, ды тут і некаторыя нашы рэчы ў вас яшчэ засталіся.

- То панове сюды ненадоўга?

- Хто ведае, можа, толькі на пару дзён...

- О-о-о! Каго я бачу! - зь няскрыванай іроніяй, выйшаўшы з кухні, пачаў Веньць. - Праўдзівы рыцары бялорусіны! Маем гонар! Маем гонар! - прадаўжаў зьядліва. - О, а што-ж гэта ў вас на шапках? - зрабіў Веньць грымасу, прыглядаючыся бліжэй да «Пагоняў». - «Пагоня»! Ох, не! Навет і гэрб мусілі ад літвінаў украсьці! Ха-ха-ха! Але-ж то й войска! Хэ-хэ...

- Пане Веньць... - моцна пачырванеўшы ад злосьці, пачаў Кастусь.

- Пшэпрашам пана Костка, - перабіў яго Веньць, - але здаецца, што пан Костэк знае маё прозвішча.

- О так, знаю, пане Пшэпулкевіч... Скажыце мне, чаго вы так скачаце? Здаецца, што вы зусім іншы былі чалавек. Ці часам ня тое на вас падзеяла, што з усходу прыбліжаюцца так званыя вызвольнікі?

- Але-ж і камэдыя! - сьмяяўся, не зважаючы на Кастуся, закасваючы ніжнюю лупіну, Веньць. - Ну і як жа вы так? Збудавалі тую сваю Бялорусь? Рыцэжэ!.. Ха-ха-ха! Хэ-хэ... А дзе-ж ваша зброя?

У гэны момант Сымон выхапіў з-за пазухі й палажыў перад сабою на стале новенькі бліскучы «вальтэр». Купіў яго не так даўно ў нямецкага жаўнера ў Віленскім парку, разьмяніўшы на маркі залатую царскую пяцірублёўку, якую мачаха, быццам талісман, дала яму перад ад'ездам у Віленскую гімназію.

- Ёсьць і зброя, пане Веньць! - сказаў ён паляку паволі і з прыціскам на кожнае слова. - Ці, можа, вы дагаворыцеся да таго, каб яе выпрабаваць на вас?

Старэйшая дэвотка, што, прытуліўшыся да вушака дзьвярэй, выглядала з кухні, убачыўшы пісталет, з трывогай перахрысьцілася. Веньцеў твар хутка й выразна пабляднеў.

- Што, панове, сабе зычыце? - акінуўшы ўсіх позіркам і ня страціўшы раўнавагі, спытаў ён хлапцоў.

- Жадаем тое, што наша. Калі ласка, давайце ўсю вопратку, што мы тут пакінулі, - загадаў Кастусь. - І чым хутчэй, тым лепш. Мы думалі, што зайшлі да людзей, ажно выходзіць, што вы такія самыя сабакі, як і шмат іншых. І чакалі толькі нагоды, каб выявіць сваю хвальшывую натуру. Цьфу!

Пры ўспаміне аб вопратцы Веньць яшчэ больш пабляднеў. Ён, здавалася, з запытаньнем і трывогай зірнуў на малодшую сястру, тая, таксама перапалоханая, пазірала моўчкі то на пісталет на стале, то на хлапцоў, то на брата.

- Пане Веньць! - з выразным акцэнтам на тое «Веньць» пагрозліва прадаўжаў Кастусь. - Чакаем!

- Пане Костэк... - пачала нарэшце тонам просьбы маладзейшая Веньціха, - мы-б рады, зараз-бы аддалі, але яе, вашай вопраткі, тут няма.

- Як то няма? - падскочыў да яе Дзежка. - А дзе-ж яна?

- Мы аддалі на перахаваньне.

- Перахаваньне? А што гэта такое, гэтае перахаваньне? Хлусіш, старая! Ты сваю вопратку заўсёды трымаеш дома й не аддаеш на перахаваньне. А як-жа ты чужую магла аддаць?

- Брэша сука, - буркнуў, скоса паглядаючы на старую, Сымон, - прадала, напэўна.

- Толькі боты засталіся, - прызналася перапуджаная дэвотка.

- Боты? - паўтарыў Кастусь і, паглядзеўшы ўважна на ўсіх гаспадароў, хутка адчыніў дзьверы суседняга пакою, дзе калісьці жылі студэнты, і пачаў пароцца па кутках і шуфлядах. Па хвіліне вярнуўся з парай сваіх бліскучых ботаў.

- Запраўды нічога, акрамя гэтых, няма, - паведаміў, паказваючы на боты.

- Дзе-ж, вы думаеце, яны падзелі ўсю нашу вопратку?

- Слухай, можа, гэты памог-бы даведацца? - спытаў Дзежку, зрокам паказваючы на свой пісталет, Сымон.

- Ат, кіньце вы, хлопцы. Лепш пакінем мы гэту бяду ў супакоі ды хадзем, - парадзіў сябром Віктар.

- Можа, ты й праўду кажаш, што бяда. Гэта-ж падумаць, пражылі тут пару год і ня ведалі, што за сукіны сыны... - з фінальным адценкам згадзіўся Кастусь. - Цьфу! - плюнуў ён на падлогу ў бок гаспадароў ды хуткім крокам ськіраваўся да дзьвярэй. - Няхай вам Бог належна адплаціць! - дабавіў з-за пляча, выходзячы.

Далейшае адбылося, як можна было прадбачыць. Зайшоўшы да школьнага сябра Занеўскага, што жыў непадалёк на другім баку Кальварыйскай, тых бліскучых ботаў «апыліць» не ўдалося, але Занеўскі прыабяцаў, што ў будучыні гэта абавязкова пастараецца зрабіць, і на довад гэтага тут-жа, доўга не чакаючы, пасьля кароткіх шэптаў зь Дзежкам, паставіў на самы цэнтр стала не такую ўжо зусім сівую пляшку самагонкі.

- Ну, унтэрмэншы, - з жартам і паціраючы з задаваленьня рукі, гаварыў да сяброў Кастусь, - жлопайце й ведайце залатое сэрца Канстантына Іванавіча.

Доўга ня трэба было прасіць. Хлопцы абселі стол, на якім для датрыманьня таварыства літроўцы хутка зьявіўся халадзец, квашаная капуста й чорны хлеб.

Перакусилі й замяніліся колькімі словамі. Занеўскі не пакідаў Вільні. На прапанову Кастуся ехаць разам адказаў нявыразнай грымасай.

- Эт, братцы, едзьце ўжо вы. Я не такі гарачы патрыёт, як вы, неяк, можа, усё гэта ліха праміне й не зачэпяць.

На гэткі аргумант хлопцы паціснулі плячыма.

- Магу я цяпер прапанаваць, - прыпадняўся Сымон, - каб мы выпілі ня толькі за вольнасьць нашай Бацькаўшчыны, але й за наш шчасьлівы паварот, адкуль-бы ні прыйшлося там варочацца.

- Дык вы ня ведаеце, куды едзеце? - спытаў Занеўскі.

- Быццам у Горадню.

- Гэта віламі пісана.

- Дык вып'ем за тое, каб вярнуліся да сваіх вольных хатаў! - ня ўступаў Сымон.

- Давайце.

Усе апаражнілі чаркі.

- Божачкі-ж мае, дык вы ўяўляеце сабе тое, што нячыстая сіла гэна ўжо заняла нашы мясцовасьці? - дрыжачым голасам прыпомніў Сымон.

- Так, Дзісна ўжо напэўна ў іх руках.

- Магчыма, ужо дабіраюцца да Паставаў і Вялейкі.

Ужо пазнавата вечарам. не без малых цяжкасьцяў, удалося нашай тройцы знайсьці месца прыпынку ў былым гэтто. Сымону й Віктару, што менш былі прывыклымі да алькаголю, здавалася, што ў Вільні ў гэны вечар была аж падвойная колькасьць вуліцаў і што адлегласьці надта-ж пабольшалі.

 

: VI

 

Трэцяга ліпеня папаўдні Школа Камандзераў атрымала загад маршыраваць на віленскую таварную станцыю й ладавацца на цягнік. Кірунак ад'езду - ізноў захад. Аб той Горадні, што фігуравала ў загадзе ў Менску, і сьлед зьнік. Конны школьны вабоз ужо знаходзіўся ў горадзе, не бяз прыгодаў прывалокшыся запруджанымі дарогамі зь Менску. Зьявіўся й капітан Ласкутовіч, беларускі камандзер Школы, які заяжджаўся ў Стоўпцы па сваю сям'ю.

Пасьля зборкі пэрсаналу й пералічэньня выявілася, што блізу пятая частка кадэтаў недзе згубілася. Фактычна ніхто ня ведаў, ці згубілася, ці сьведама засталася. Праўдападобным было апошняе. Ніхто таму надта ня зьдзівіўся. Так з кожнае грамады пры напатканьні першых цяжкасьцяў адстаюць або зусім губляюцца найслабейшыя. Ваенныя-ж ліхалецьці, калі нейкі вайсковы адзьдзел апынецца ў цяжкім палажэньні, калі дысцыпліна паслабее, а камандзеры ня маюць беспасярэдняга нагляду за падуладнымі або навет часова й страцяць кантакт зь імі, зьяўляюцца без параўнаньня найлепшым сітам, выдзяляючы тых моцных і вытрывалых, што трымаюцца парадку й загадаў, ад тых слабых, ненадзейных або проста й недалужных, няздольных. Гэткія выпрабаваньні прыходзяць тут на дапамогу камандзерам, якія ведаюць, што ў далейшым могуць з большаю надзеяй пакладацца ў часе крытычных момантаў на жаўнераў, што бязь хістаньня здадуць першы іспыт. Можа, й лепш было для будучыні цэлае Школы, што ўсё тое слабое, нявытрывалае, ненадзейнае выдзелілася на першым этапе дарогі.

Вечар трэцяга ліпеня быў надзвычайна цёмны, душны й ціхі. Быў строгі загад, каб у ніякім выпадку - ці то пад час ладаваньня на цягнік, ці пасьля - не запальваць ніякага сьвятла, на адкрытым паветры ня курыць папяросаў. Паволі, асьцярожна, вобмацкам карабкаліся чорныя постаці на прыдзеленыя вагоны, разьмяшчаючыся бязь лішняга розгаласу. Размяшчэньне паводле дружынаў і зьвязаў свайго скромнага багажу, таксама ўжо перасеянага да самых неабходнасьцяў двухсоткілямэтровай дарогай, адбылося хутка. Стрэльбы й амуніцыю (хоць рэкруты на выпадак патрэбы яшчэ слабавата ўмелі імі карыстацца) загадана было кожнаму трымаць пры сабе ў вычышчаным баёвым стане.

Нашы чатыры кулямётчыкі й амуніцыйныя занялі сабе выгадны, ня надта цесны куток, а сам апякун «дзегцярова» заявіў усім зацікаўленым і незацікаўленым суседзям, што ён, Канстантын Іванавіч, разам са сваймі трыма сябрамі, заняў баявую пазыцыю, што суседнія адзінкі мелі ня толькі гэну пазыцыю, а й самога Канстантына Іванавіча рэспэктаваць і, барані Божа, у ніякім выпадку не асьмеліцца займаць вызначанае ім тэрыторыі. Пасьля такой голаснай заявы, што ня выклікала ніякіх сумлеваў, ён запрапанаваў сябром вылезьці з вагону й дакладней пазнаёміцца з працэсам навакольнай актыўнасьці.

Калі такім чынам чацьвёрка пакінула свой выгадны куток і, праходзячы каля вагонаў, цікавілася, як далёка ўжо пайшлі падрыхтовы да ад'езду, дзесьці высока ў цёмным, здавалася, дзёгцевым, версе пачуўся добра ўсвоены імі з бальшавіцкіх налётаў на Менск роўнамерны гул. Коратка там-жа ўверсе мільганула й разам пагасла сьвятло. Хутка з навакольных узгоркаў пачала рэгулярна пляваць процілятунская артылерыя. Таўстыя слупы пражэктараў густаватай сеткай упіваліся ў чорны дзёгаць неба й крэмзалі яго ўва ўсіх кірунках. Як раптоўна ўсё пачалося, так па колькі хвілінах і спынілася. Ізноў запанавала душная цішыня.

На таварнай станцыі чуваць быў раўнамерны гоман Усе чыгункі былі занятыя эшалёнамі. У цёмных вагонах гуло прыглушанае, паўсоннае жыцьцё.

Калісьці на гэтай і на сотнях іншых станцыяў па цэлай Беларусі навет у гэткую вячэрнюю пару пачулі-б вы рытмічныя гукі «Вір маршырэн Энгельлянд»* або іншым часам сівы ўжо, барадаты, здаецца, раманс «Лілі Марлен». Час мараў і падрыхтовак да маршаў «гэгэн Энгельлянд» даўно мінуў. Сяньня жаўнер з таго-ж «Энгэльлянд» глыбокімі клінамі ўрэзаўся ў Нармандыю, часьценька ўжываючы тактыку колішняга слаўнага нямецкага, што такія цяжкія прынёс яму страты, Дункірку.

* Мы ідзем на Англію.

Ад'езд меў адбыцца дзесь каля поўначы. Канюхі ўзяліся ладаваць хурманкі й коней. Набліжалася дзевятая...

 

: VII

 

Раптам...

Але якім-жа нікчэмным будзе само слова «раптам», калі яго тут ужыць пры апісан;ні таго, што здарылася.

Раптам разарвалася неба... Не. І так нядобра. Цяжка было сказаць, што здарылася перш, а што пасьля. Ясна было адно. На цэлай станцыі стала так прарэзліва відна, што нельга было адразу адкрыць зьнеспадзеўку асьлепленыя вочы й разгледзецца. Але ці быў і час, каб разглядацца. Здавалася, што бязьмежнае неба ў адну й тую самую часіну павесіла не толькі над станцыяй, ня толькі над местам, але над цэлым навакольным прасторам незьлічоныя мільёны лямпаў. Пад нагамі можна было-б знайсьці найменшую іголачку, найдрабнейшае зярнятка. Нябёсныя высі напоўніліся адным суцэльным, густым, выючым гукам, што сеяў найглыбейшую паніку. Таварная віленская станцыя, а найперш усё тое і ўсе тыя, што на ёй былі ў гэны нешчасьлівы вечар, - усё гэта пачало рвацца, тузацца, ламацца, крышыцца на тысячы, дзесяткі тысячаў, мільёны кавалачкаў.

Даўгія й сытыя кодаўбы цягнікоў пачалі ў незьлічоных месцах займацца буйным полымем, зьверху закончаным дымам. І як быццам-бы на нейкую раптоўную, часінную, маланкавую, магутную, усёабдымную каманду гэныя цягніковыя кодаўбы пачалі сыпаць пад свае колы й жываты сотнямі жывых цьвярозых і поўнасьцю прытомных, дрыгаючых, рэдка яшчэ пакалечаных людзкіх целаў. Быццам тыя майскія жукі, магутным штуршком рукі пазбаўленыя тысячаў галінак і лісточкаў клёну, покалі яны глухім градам на мулкі жвір і, быццам чэрві, паўзьлі пад шырокія жываты цягнікоў. А зьверху, быццам з адчыненага на ўсе вароты пекла, без найменшага перапынку неслася лавіна цяжкога, выючага й стогнучага мэталу. Пры сутычцы зь віленскай таварнай станцыяй яна замянялася ў магутны неміласэрны цыклён. Мільёнамі гулкіх асколкаў ірвала драўляныя й стальныя хрыбты й бакі цягнікоў, уядалася ў сотні людзкіх целаў, тонамі распаленага фосфару, клубамі сьмярдзючага дыму жорла ўсё драўлянае, здольнае гарэць, доўгімі й шырокімі вогненнымі языкамі лізала па хрыбтах чыгунак. Магутнымі стальнымі рукамі ськідвала з рэек вагоны й выгінала тыя рэйкі дугамі. Быццам абцярэбленыя й абсмаленыя рогі, тырчэлі яны ўверх. Цераз вузкую паласу чыгуначнага жвіру вогненныя языкі перакінуліся ў хуткім часе й на будынкі суседніх складоў.

 

: VIII

 

Стальны лівень зьверху быў такі густы й бесьперапынны, што мала каму з гэных запоўзшых пад нізы вагонаў нефартунных падарожнікаў уздумалася перабягаць у суседнія, паробленыя ў насыпах, бамбасховішчы. Усё-ткі Кастусь Дзежка адважыўся. Пасьля колькіх нырцоў цераз вогненна-стальную мяцеліцу ён зь вялікай сілай выцяўся, быццам аб гуму, аб суцэльна-сьціснутую, наўзор тых селядцоў у бочцы, мяккую масу людзкіх целаў у бункеры.

- Пане, тут і так ужо поўна! - крыкнуў адзін з тых селядцоў да Кастуся па-польску.

- Пацісьнецеся вы, скурчы сыны! - раўнуў Дзежка ў адказ. - А то застрэлю! - На довад такой злоснай пагрозы ён цэлай сілай, быццам руляй пісталета, укалоў пальцам у плечы аднаго з тых селядцоў, што стаяў з самага краю. Палякі, што пазьбягаліся, відаць, у бамбасховішча з суседніх хатаў, паціснуліся, й Кастусь пачуўся больш бясьпечным.

Сымон і Віктар запаўзлі і ўторкнулі свае галовы пад самую таўстую вось вагону. Перабягаць у бамбасховішча не адважыліся. Так здарылася, што іхны вагон шмат не пацярпеў, хіба крыху зьверху. Праўду кажучы, яны апынуліся не пад тым вагонам, на які былі заладаваліся, бо калі пачало ўсё тое, што было ў вагоне, паўзьці пад яго, дык трэба было чакаць чаргі, каб знайсьці сабе бясьпечнае месца. Скочылі тады адразу пад суседні, дзе было амаль пуста й прасторна. Можа, гэтым і выратаваліся ад амаль пэўнай пагібелі, бо якраз на той, раней іхны вагон выпаў шмат горшы лёс. Адзін бок ужо поўнасьцю заняўся полымем, а з-пад нізу чуваць былі стогны, енкі й просьбы дапамогі. Хтосьці нема крычаў, што гарыць жыўцом, іншыя енчылі ад ранаў. Чым даўжэй трывала вогненнае пекла, тым больш гусьцелі й паўтараліся стогны й просьбы помачы, часта заглушаныя выбухамі бомбаў.

Капітан Ласкутовіч папаў пад вагон, што быў заладаваны сажнёвымі дровамі. Не паспеў добра разгледзецца, як цэлы вагон падскочыў, засклыгатаў коламі аб сталь рэек. Цяжкая й густая хваля паветра жвірам лупянула ў ягоны твар і двума абухамі ўдарыла ў перапонкі вушэй. У галаве пачуўся працяжны гул тысячы званкоў і фабрычных гудкоў, у вачах паказалася нязьлічоная колькасьць рознаколерных зорак. Па ўсім целе прайшла, пачынаючы дзесь ад каленяў, вялікая млявасьць, і хутка ўсе ворганы пачуцьцяў зьдзервянелі.

Пасьля гадзіны зь нечым бамбардзіроўкі яе тэмп запаволіўся, а неўзабаве неба зусім супакоілася. Толькі віленская таварная станцыя крывавілася шырокім чырвона-жоўтым полымем, енчыла сотнямі галасоў параненых і паміраючых. Вялікае шчасьце, што на станцыі ня было эшалёнаў з узрыўнымі матэрыяламі. Аж жах падумаць, якое магло-б быць жніво сьмерці. Так і тут зноў апраўдаліся словы пісьменьніка: «у кажным няшчасьці шчасьце захована».

Усё, што жывое й цэлае, кінулася памагаць ратаваць параненых, тушыць пажары. Нашы рэкруты ратавалі сваю зброю й хатулі. З вагонаў, што былі прызначаныя для Школы Камандзераў БКА, два былі па-за межамі ўсякага ратунку. Гарэлі зьверху і з усіх бакоў, і да іх нельга было падыйсьці. Шмат хто аплакваў забітых сяброў. Паветра насычалася няпрыемным смуродам сьвежаабгарэлых целаў. Людзі, як цені, снавалі па гарачай станцыі. Ляніва цягнуліся адна за адной гадзіны, й быццам не хацела ніколі скончыцца жудасная ноч.

 

: IX

 

З нашай чацьвёркі найбольш пацярпеў Камовіч. Выцягнулі яго з-пад вагону ледзьве прытомнага. Увесь левы бок галавы, шыя й плячо былі апаленыя. Бядак стагнаў і енчыў.

- Гэй вы, абібокі! - клікаў Кастусь сваіх сяброў. - Ану памажыце мне яго выцягнуць.

Камовіч быў перанесены воддаль ад вагню ў групу іншых параненых і аддадзены пад апеку санітару. Хтосьці даў яму глыток вады, хлапец адкрыў вочы й пачаў стагнаць.

Было ўжо над ранкам.

- Хадзем, давайце паглядзім, там нешта цікавае адбываецца наперадзе, - запрапанаваў Віктар. Крокаў трыста ў заходні бок станцыі чуваць былі час ад часу нейкія выбухі. Хлопцы туды й накіраваліся.

Пры вагоне, што там-сям капціў сінявым дымам, аблізваны маленькімі чырвонымі язычкамі, сабралася купка жаўнераў. Былі тут пераважна немцы ды колькі чорных уніформаў са Школы БКА. Вагон быў паўнюсенькі, наладаваны скрынямі зь нямецкім каньяком. Алькаголь, добра прыгрэты, часьценька выбухаў і сінім полымем разліваўся ды сьцякаў на белы жвір пад вагонам. Але ратунак быў на месцы. Жаўнеры голымі рукамі хапалі нагрэтыя пляшкі з вагону, то ціснуліся збоку каля абгарэлай сьцяны, то адскоквалі далёй. Некаторыя, адкаркаваўшы пляшкі, вялікімі глыткамі каўталі рудую жыжку. Іншыя напаўнялі пляшкамі кішэні. Нейкі «фрыц», сеўшы на рэйку суседняе чыгункі, трымаў пляшкі ў абедзьвюх руках і, моцна ківаючы галавою, то сакавіта лаяўся, то нешта да некага прамаўляў, то па чарзе з кожнае пляшкі напаўняў горла. Побач ляжала цэлая куча паўнюсенькіх пляшак з алькаголем.

Было шмат п'яных. Некаторыя рэкруты са Школы Камандзераў БКА зь вялікай заядласьцю ўзяліся за ратаваньне цэннае вадкасьці. Кастусь, Сымон і Віктар у адпаведны момант выхапілі з паўтузіна пляшак. Натоўп каля вагона гусьцеў. Лаянка й таўханіна, гоман п'яных узрасталі.

- Was machst du hier, Mensch? - гаркнуў Сымону над самым вухам Турн. - Weg, weg, schnell!* - Сымон аж падскочыў зь перапалоху. Турн і Будке зараўлі на поўныя глоткі на сваіх чорных шкаляроў. Калі тыя хаця-нехаця мусілі адысьціся ад сьпіртнога вагона, самі два нямецкія інструктары, усё яшчэ з бурчэньнем пад носам, паціснулі іншых, каб абладаваць сябе рэдкай здабычай. Аднекуль зьявілася й пачала наводзіць парадак вайсковая жандармерыя.

* Што ты тут робіш? Прэч, прэч, хутчэй! (ням.)

 

: X

 

Сымон, Віктар і Кастусь, усьміхаючыся, накіраваліся ў бок свайго эшалёну ці рэштак яго. Па дарозе натрапіўся зьвязовы Масюк. Гэта быў у трыццатых гадах мужчына, паходзіў дзесьці з Наваградчыны. Ён быў добра выпіўшы. Моцна хістаючыся на нагах, баранаваў імі між двума чыгуначнымі эшалёнамі. Запэцканы ў сажы, з насунутай на самую патыліцу шапкай, у правай руцэ трымаў пляшку, у якой відаць было яшчэ чацьвяртушку каньяку, левай-жа размахваў да каго ні папала з сустрэчных.

- Гляньце, хлопцы, мой найлепшы сябра... ж-жыў... ж-жыў-цом згарэў...

- Хто гэта?

- Д-дык ты ня з-зннаеш? Майго найлепшага сябру ня з-знаеш? - Пахіснуўшыся, ён моцна штурхануў у грудзі Кастуся. Ад яго несла на колькі мэтраў, як з броварнай бочкі. -П-петт-раша ня знаеш, лейт-нанта? -цягнуў зьдзервянелым языком.

- Каго? Петраша? Хто-ж яго ня знае? Згарэў, кажаце? - Лейтанант Петраш быў школьным медычным афіцэрам. Гэта быў вельмі сяброўскі, ветлівы, бадзёры й заўсёды вясёлы чалавек. Усе хлопцы ў школе яго паважалі й любілі.

- Так, браточкі мае, згарэў... - кінуўся ў сьлёзы зьвязовы. Вельмі няпрыемна было бачыць дарослага мужчыну-жаўнера са сьлязамі ў вачох. Алькаголь зрабіў сваё.

- Х-ха... Х-ха-дзі, хадзіце, пакажу... вунь там ляжыць ш-шкілет...

Масюк цягнуў хлапцоў да зусім абгарэлага шкілета, якога аніяк нельга было распазнаць. Нечая дбайлівая рука ўжо парупілася напісаць на аркушы кардону, што ляжаў побач: «Доктар лейтанант Петраш са Школы Камандзераў БКА». Шкілет ляжаў за нейкіх дзесяць крокаў ад тых двух зусім спаленых вагонаў. Ці лейтанант Петраш, замяніўшыся ў жывую сьвечку, сам быў адпоўз, ці яго хто адцягнуў, цяжка было даведацца. Масюк кінуўся, прыгаворваючы й плачучы, абдымаць гэтыя косьці, але яго адцягнулі.

Капітан Ласкутовіч ня ведаў, якой зорцы дзякаваць за сваё цудам выратаванае жыцьцё. Гэта ці не які «вораг народа», працуючы дзесь на бальшавіцкай хвабрыцы, наўмысьля ўлажыў у бомбу пусты дэтанатар. Велічынёю з добрую дзежку, яна трапіла проста ў наладаваны дровамі вагон, пад якім ляжаў капітан, і, не дэтанаваўшы, толькі часова яго аглушыла.

Дорага каштавала бамбардзіроўка Школе Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны. Было шэсьць забітых і пятнаццаць параненых - некаторыя цяжка. Найбольш пацярпела група юнакоў зь Нясвіжа. Забіта было і двое коней.

Ужо позна, аж пад самы вечар, школа гатовая была да далейшай дарогі. Галоўныя палотнішчы чыгунак былі напраўленыя, і адзін цягнік за другім пачалі пакідаць станцыю, а на іх месца прыходзілі новыя з усходу. Школа пакінула ззаду колькі чалавек - хаваць забітых. Усіх параненых забралі з сабою, бо Вільня таксама знаходзілася ў працэсе эвакуацыі.

Вечарам чацьвёртага ліпеня цягнік затрымаўся ў Ляндварове. Каля дзевятай гадзіны чорныя рэкруты ізноў сачылі за бамбардзіроўкай Вільні. Паводля гуку й пажараў відаць было, што бальшавікі паўтарылі ўчарашняе пекла. Дый хто ведаў, ці абмежаваліся яны зноў адно таварнай станцыяй.

Гэтак маладыя патрыёты, вучні школы камандзераў БКА, на парозе чужога й няведамага сьвету бездапаможна хваляваліся ў той вечар, бачачы, як крышылася й папялілася ў полымі пажараў дарагая для іх сэрцаў гістарычная сталіца Беларусі. Гэны вобраз яны ўтрывалілі ў памяці н панесьлі на чужыну. Быў гэта малюнак пакуты й цярпеньняў усяго роднага, душанага й бэшчанага чужынцам...

 

Коўна - Вірбален - Кэнігсбэрг

 

: I

 

Цягнік імчыцца ў заходнім кірунку. Ён не затрымліваецца на малых станцыях, бо сьпяшаецца, не мае часу. Шпарка рэжа дрымотныя летувіскія лясы, густым дымам засьцілае ярка-зялёныя палі й квітнеючыя сенажаці, грукатам напаўняе пушчы й дубровы. Цягніку няма часу. Там, на ўсходзе, дзясяткі, а мо й сотні такіх-жа цягнікоў чакаюць на вольную дарогу. Там-жа стогнуць дарогі й палі пад цяжарам мільёнаў ног і гусеніцаў маскоўскае навалы. Яе мэта - чым найхутчэй дайсьці да Бэрліну й зьнішчыць бярлог тэўтонскага тырана - будаўніка «Новае Эўропы». Калі гэта будзе дасягнута, найбольшаму крывапіўцу й душыцелю ўсіх часоў чалавечае гісторыі - Джугашвілі-Сосо-Сталіну лягчэй будзе дабрацца да горла цывілізаванай хрысьціянскай Эўропы й сьвету.

Таму цягнік не мае часу. Ён сьпяшаецца. Пасьля поўдня пятага ліпеня хутка перапаўзае шырокі павольны зялёны Нёман і затрымоўваецца ў Коўне. Тут чакае колькі гадзін, мусіць, каб перапусьціць наперад яшчэ пільнейшыя, яшчэ хутчэйшыя цягнікі, а вечарам зь яшчэ большай заўзятасьцю, пакінуўшы сталіцу Летувы, пажырае адлегласьць, сьпяшаючы ў кірунку Кэнігсбергу. Так Горадня й тое «шкаленьне ў Го-радні» застаецца збоку. Чорныя юнакі-кадэты пакідаюць Бацькаўшчыну на доўгі час. Адзін Бог ведае, на як доўга...

Пакуль цягнік сьпяшаецца, выпадае нам бліжэй пазнаёміцца з асноўнымі асобамі аповесьці, бо як-ніяк, а прыйдзецца падарожнічаць зь імі праз цэлую Эўропу. Ды й ці толькі падарожнічаць.

 

: II

 

Нашы тры гэроі былі аднагодкамі. У той час, аб якім ідзе мова, кожнаму зь іх быў дзевятнаццаты год. Характарамі шмат розьніліся й быццам адзін другога дапаўнялі. Найбольш рухавым і бадзёрым з тройкі быў Кастусь Дзежка. Ён-жа быў і найбольш зухаватым і рызыкоўным, хоць, здавалася, менш разважным, чым ягоныя сябры. Заўсёды здольны на гумар, глядзеў на жыцьцё лёгка. Амбіцыянер зь яго быў першае клясы. Здавалася, што рэдка траціў галаву. Хоць ваенныя падзеі кінулі яго не на выбраную ім дарогу, усё-ж і тут ён чуўся як дома, добра прытарнаваўся да новага асяродзьдзя. Здольнасьцяў у яго не бракавала. Ды ўжо калі йдзе гаворка аб здольнасьцях, дык усе тры былі не калекамі.

Уся тройка была сынамі сялянаў, якраз тых перадавых і добрасумленных, гаспадарлівых беларускіх сялянаў, сыны й дочкі якіх за часамі гітлераўскае акупацыі запоўнілі беларускія сярэднія школы й арганізацыі моладзі, каб узбагаціць вынішчаныя польскімі й бальшавіцкімі акупантамі шэрагі сярэдняй беларускай інтэлігенцыі, а пасьля вырываць, адбіраць дзе што ўдасца ад акупанта, будаваць нацыянальны адміністрацыйны, а пасьля й вайсковы апарат Бацькаўшчыны.

Пазнаёміліся міжсобку на шасьцімесячных настаўніцкіх курсах у Глыбокім. Кастусь, скончыўшы пасьпяхова курс, маючы тут-жа пад бокам у Глыбокім бацьку, што працаваў урадоўцам у бюро акруговае ўправы Беларускае Самапомачы, паехаў у Вільню й здаў іспыты ў Віленскую Беларускую Гімназію. Ён ужо цэлы год вучыўся ў Вільні, а сябры яшчэ працавалі настаўнікамі ў пачатковых школах. На наступны год прыехаў вучыцца й Сымон, што ў сваю чаргу намовіў і Віктара. Такім чынам усе апынуліся ў Веньці, зь якім чытач ужо быў знаёмлены.

Бацька Кастуся ня быў багатым. Меў усяго каля дваццаці гактараў зямлі. Другі сын быў малодшы за Кастуся. Стары Дзежка быў старанным гаспадаром, і сям'я жыла ў дастатку, навет і ў часе вайны. Шматлікія знаёмыя Кастусёвага бацькі, будучы ў Глыбокім, заходзілі ў бюро БСП зусім без патрэбы, абы толькі пагутарыць са старым Дзежкам. Гэтае прозьвішча ніяк не падыходзіла ні да бацькі, ні да сына: абое былі тонкімі й высокімі, дый зусім ня круглымі, як звычайна бываюць дзежкі.

Стары ўмеў цікава павесьці гутарку зь кім-бы там ні было й быў з тых тыповых беларускіх сялянаў, што мелі прыроджаную й практыкай разьвітую інтэлігентнасьць, якая так часта прыходзіла ім на дапамогу там, дзе бракавала асьветы. Гэтак, калі Кастусь прыходзіў да бацькі й абое жартавалі, размаўляючы міжсобку, то магло здацца, што гэта гаворыць не бацька з сынам, а два сябры ці, яшчэ лепш, два дзяцюкі, што вось-вось зьбяруцца й зараз пойдуць разам да дзяўчат. Калі-ж зойдзе патрэба й будзе якая паважная справа, то й там дадуць сабе рады. Гэта сяброўскае дачыненьне бацькі да сына высока падняло ў вачах Кастуся аўтарытэт старога, за што яго любіў і паважаў.

Маці Кастусёва сядзела ўдома на гаспадарцы з малодшым сынам. Яна й шкадавала, што сям'я пачала распаўзацца па сьвеце, ды, як і кажная клапатлівая, дзяцей і сям'ю любячая беларуская матка, не раз ахкала ды ойкала, думаючы то аб мужу, то аб Кастусю, ды малілася за ўсіх Богу, каб сьцярог іх у небясьпечны ваенны час.

Віктар Караткевіч вельмі розьніўся ад Кастуся перадусім у падыходзе да жыцьця. Калі ў першага было заўсёды поўна плянаў на далёкую будучыню, не гаворачы ўжо аб заўтрашнім дні, дык Віктар, здавалася, жыў цяпершчынай, сягоньняшнім днём, а то й гадзінай і зусім ня журыўся аб тым, што будзе заўтра ці за год. І плянаў ніякіх не будаваў. У яго ўсё пакрывалася словамі «неяк будзе».

- Навошта, - пытаўся ён сяброў, калі даходзіла да гутаркі, - думаць мне аб тым, што будзе заўтра ці пасьля? Няхай сушаць сабе галовы іншыя, а я вось пражыў дзень, і добра. Будзе заўтра, буду тады й думаць. Яшчэ ніколі так ня было, каб ніяк ня было. Неяк будзе.

Гэткая непарушная Віктарава філязофія ў асноўным падыходзе да жыцьця перш за ўсё адбівалася на ягоным выглядзе. Заўсёды быў спакойны, павольны й зусім у меру разважны. Здавалася, й думаў зусім ня больш, чым было патрэбна, але якраз у меру, быццам ашчаджаў сваё інтэлектуальнае знарадзьдзе. Праўда, й бяды ён у жыцьці ня ведаў ніякай. Быў заўсёды добра дагледжаны, апрануты й накормлены, ды шчэ й капейка ў кішэні на дробныя расходы ня зводзілася. Віктарава маці глядзела сынка як сваё вока. Вучыўся, бывала, у Глыбокім, глядзіш - прыйдзе чацьвер, кірмашны дзень - маці ўжо й тут. Так і прывалачэ мяшок усякай еміны. Дый аб найменшых драбніцах здароўя распытае й на будучыню парадзіць ды асьцеражэ, быццам той сын так ужо той будучыняй цікавіўся.

Няхай чытачу не здаецца, што Віктар быў расьпешчаны сынок. О не, зусім ня тое. Калі быў ён расьпешчаны, дык толькі ледзь-ледзь, зусім крышачку: ніколі не вымагаў больш, чым патрабаваў, ды навет часамі мог выцярпець і не адзін недахоп. Такім ужо быў Віктар.

Дома пакінуў ён, акрамя бацькоў, малодшага брата. Бацька, здавалася, зусім мала цікавіўся сынам не таму, што матка цікавілася ім ці не замнога, а мо таму, што чакаў, аж пакуль сын вырасьце, і ўжо тады будзе гаварыць зь ім як мужчына з мужчынам. Ніколі ня супярэчыў, ані не загараджваў сыну дарогі да навукі. Для яго гэтае пытаньне не існавала. Што-ж, аб чым-жа тут і раздумоўваць? Грошы ёсьць, хлеб і скароміна ёсьць, вопраткі - хоць заваліся, помач сынава на гаспадарцы не патрэбна, бо й сам яшчэ малады, дык чаму-ж ня вучыцца. Няхай лепшым чалавекам будзе.

 

: III

 

Толькі адзін раз, здаецца, Віктар выявіўся ў вачох мамы дрэнным сынком. Ды мо тут крышку й непаразуменьне ў нас. Мо словы «дрэнны сынок» і ня зусім адпавядаюць для яго характарыстыкі пасьля таго, што зрабіў. У кожным выпадку добрая Віктарава мама ўважала, мусіць, што сыну было яшчэ не сямнаццаць гадоў, а мо, паводле яе, трынаццаць. Ды і хто-ж з нас ня ведае мамаў, якія ўжо выгадаваўшы сваіх дзяцей на кавалераў, усё ставяцца да іх як да дзяцей ці, прынамсі, стараюцца бачыць у іх маленькіх хлопчыкаў, якіх час-ад-часу, здаецца, пагладзілі-б і прытулілі, а калі якая малая бяда навернецца, то й пашкадавалі-б зусім ня так, як шкадуюць дарослых кавалераў. Зусім пэўна тады, што гэткая добрая маці адзін дзень будзе няміла рашчараваная й моцна зьдзіўленая. Гэтак было і зь Віктаравай мамай.

Віктар належаў да тых хлапцоў, ці мо ўжо й кавалераў, што рана пачынаюць падабацца дзяўчатам. Мо й ня ўсім дзяўчатам, а толькі некаторым. Ды й паўбяды было-б з усяго таго, калі-б усё толькі й абмяжоўвалася падабаньнем. Але ж не. Глядзіш - як адной ці другой харашуні закруціцца галава, а там ужо й пайшло. Там ужо неяк і ліст проста па-вучнёўску, яшчэ саромячыся, напіша. Неяк той ліст незаўважна ці то ў сшытак, ці то ў кішэню ткне, а ўсё-ж ён да Віктара дарогу знойдзе. Хлапец, удаючы моцна зьдзіўленага й не бяз сораму (ды навет і зачырванеўшыся), прачытае. Дый ці толькі прачытае. Глядзіш, адкуль тут у зусім, здавалася, нясьмелага Віктара той сьмеласьці прыгаршчы набярэцца, ды й адказ напіша.

А там ужо на школьным калідоры Віктар чамусьці палюбіць падаконьнік на самым тым вялікім вакне, прыліпшы да якога ў часе перапынку, можна надта-ж добра да ўсіх дзяўчатак прыгледзецца, дый не так да ўсіх, як асабліва да тэй аднэй - аўтарцы ліста. І каб-жа толькі прыгледзецца, а то й вокам падміргнуць, хоць пасьля мо яшчэ й зачырванеўшыся, засаромеўшыся, на момант адвярнуцца. А там глядзіш, неяк ідучы са школы, й сьцежкі іх разам зьбягуцца. Ды ўжо навет пасьля так бывае здарыцца зь Віктарам, што й адна ці другая лекцыя нявывучанай чамусьці бывае, у клясе заікацца, настаўніку адказваючы, давядзецца. А там, пэўна-ж, была ўжо прычына...

Цяжка было-б устанавіць, ці Віктар пачаў быў свае аморы якраз тым шляхам, аб праўдападобнасьці якога мы тут мяркавалі, адылі адно пэўнае, што зацікаўленую дзяўчыну ня толькі не адштурхнуў ад сябе, а наадварот: калі паехаў сам вучыць у пачатковую школу, то неяк так неўзабаве выпала, што абое апынуліся ў адной школе. Дый тут яшчэ было-б паўбяды. Але трэба ж было здарыцца, каб папаўся ў такую цесную вёску, што давялося з той самай дзяўчынай-настаўніцай адну супольную кватэру наймаць. Як там да гэнага дайшло - няважна, галоўнае, што Віктар зусім зраньня пазнаў найглыбейшыя тайніцы каханьня.

Няведама, хто быў данёс аб тым усім добрай Віктаравай маме. Мо яна й сама неяк пранюхала, дапыталася ці дагледзела. Аднаго прыгожага дня добрае матчына сэрца ня вытрымала, й жанчына зьявілася да сынка на памешканьне. Доўга ня думаючы, пусьціла ў рух добрую бярозавую палку. Дасталося-ж не толькі Віктару, але й ягонай каханай. Пасьля гэнага неяк у вёсцы знайшлося й другое памешканьне. Але якая-б вёска вялікая ня была, каханьне ня ведае ні адлегласьці, ні часу.

Дык і выезд у Вільню быў для добрай Віктаравай мамы на пацеху. Бачыла ў тым, пэўна, ня менш чым збаўленьне сына. Што мог ён рабіць у Вільні - гэта ўжо зусім іншая справа, але-ж там матчыны вочы нічога ня бачылі й вушы ня чулі. А ад Віктаравай каханкі той надта-ж моцна дасталося Сымону. Яна так і думала, што Сымон намовіў сябру вучыцца ў Віленскай Беларускай Гімназіі адно таму, каб разлучыць зь ёй.

 

: IV

 

Быў Віктар і хвалько першаклясны. Сымон, што сябраваў зь ім ад пятае клясы сямігодкі, сам ня мог-бы дакладна сказаць, калі першы раз заўважыў гэту рыску ў Віктаравым характары. Мо яна паходзіла ад поўнага дастатку й дабрабыту ў сям'і. Ён езьдзіў у школу самакатам, а Сымону цяжка было здабыцца ня толькі на вопратку, але навет на новы школьны сшытак ці алавік. Віктар заўсёды быў добра апрануты й абуты, а Сымону пад час бальшавіцкай акупацыі прыходзілася, ня гледзячы на кпіны ня толькі Віктара, але й іншых школьнікаў, наведваць заняткі ў лапцёх. Ня тое каб Сымон быў надта сарамлівы й моцна зважаў на насьмешкі іншых вучняў. Бяда-ж ня ведае сораму. Адно што неяк часамі цяжкавата й крыўдна было цярпець тыя насьмешкі й самахвальства з боку найбліжэйшага сябры.

Асабліва-ж тое самахвальства выявілася ў Віктара пазьней - на настаўніцкіх курсах і ў Вільні. І прычынаю было, здаецца, ня што іншае, як посьпехі ў першым каханьні. Як расхваліць, бывала, сам сябе Віктар, як зачне апавядаць, які зь яго Казанова, дык часамі аж слухаць брыдка. І найбольш характэрным было якраз тое, што Віктару не належылася аніякіх заслугаў у першым каханьні. Бо сама-ж дзяўчына навязалася, прычапілася, быццам смала тая. Віктар быў тут толькі змушаным, сказаць-бы інэртным, удзельнікам, што бязь ніякага супраціву паддаўся быў дзявочым хітрыкам. Адно ролі былі замененыя. Ня Віктар заляцаўся да дзяўчыны, а тая да яго. І сам пасьля мо не раз шкадаваў, што такі меў пачатак на дарозе амораў, бо, трэба прызнаць, пазьней быў зусім няздольны, каб самому, з сваёй собскай ініцыятывы, пачаць заляцаньні да якой-небудзь дзяўчыны Мо калі й былі ў Віктара якія-небудзь, хоць маленькія, здольнасьці ў гэтым кірунку. Ня быў-жа зусім калекам. Мо й разьвіў бы іх, каб ня тая замена роляў у першым каханьні. Як там ні было, а стаўся зусім няздольным да заляцаньня да дзяўчат. Ня ведаў самых элемэнтарных правілаў падыходу да прыгожага роду, ня кеміў, аб чым гаварыць зь дзяўчатамі, а калі, бывала, каторая падабалася, то ў яе прысутнасьці зусім траціў галаву.

Іншая рыса Віктаравага характару, што кідалася ў вочы, гэта была ягоная поўная згода з жыцьцёвымі абставінамі, ці, лепш сказаць, з курсам собскага жыцьця. Часам здавалася, што ня ён кіраваў сваім жыцьцём, а яно ім. Гэта ня значыць, што быў ён незарадны ды недалужны. О не. Далёка не. У сваіх межах, у пэўных рамках заўсёды патрапіў добра выкарыстаць магчымасьці, прыстасавацца да абставінаў. Але ўжо зусім немагчыма ўявіць, каб Віктар пачаў накідаць лёсу собскую волю або, тым больш, абвяшчаць яму вайну. Да гэтага ня быў здольны. Ані не стараўся глыбей аналізаваць жыцьцё й падзеі або браць іх у свае рукі. Калі дзе трапляліся на шляху перашкоды, дык стараўся іх абмінуць, а калі-ж не ўдавалася - выбіраў найлягчэйшую дарогу.

Калі-б, прыкладам, здарылася, што Віктар цяпер не едзе ў Кэнігсбэрг і не ўцякае ад бальшавікоў, а трапіў зусім у іншыя варункі ды абудзіўся раніцою ў бальшавіцкім цялятніку-цяплушцы, што вёз яго ў Сібір, то й тады, здавалася-б, многа не пачаў-бы думаць, але якраз толькі ў меру і зараз-жа пагадзіўся-б са сваёй новай пераменай лёсу ды стараўся-б выкарыстаць - дзе што далося-б - для свае выгады. Яму, пэўна, ніколі-б ня прыйшло ў галаву, каб неяк вырвацца ці ўцячы з гэнай, абчапанай бальшавіцкімі канвоямі цяплушкі, а ўжо, барані Божа, нагаварыць да таго іншых ці навет павесьці іх, выскачыць першым. Іншая рэч, што каб нехта плянаваў тыя ўцёкі ды ўсе згадзіліся-б уцякаць дружным гуртам, то там, пэўна-ж, і Віктар не застаўся-б ззаду, больш таго - і з вагону выскачыў-бы ўцякаць далёка не апошні.

Гэткі ўжо быў наш Віктар. І ў сумесным жыцьці са сваймі двума сябрамі ён быў, здавалася, залатой сярэдзінай між гарачым, парывістым, бойкім і агрэсіўным Кастусём і флегматычным, павольным, заўсёды задуманым, разважным і цьвёрдым Сымонам.

 

: V

 

Цэлае Сымонава дзяцінства было перапоўнена горам і нядоляй. Зь семярых дзяцей, што былі ў бацькі, Сымон быў пятым з чаргі паводле веку. Меў трое сясьцёр і столькі-ж братоў. Бацька меў нейкіх дзесяць гактараў ворнай зямлі й каля дванаццаці гактараў балота - у тым ліку каля чатырох гактараў балотных сенажацяў. Калі-б не тыя вечныя хваробы ў хаце, аб якіх нам раней давялося ўспамінаць, можна было-б сямейку добра прагадаваць і, як кажуць, песенькі сьпяваць. Але Бог хацеў інакш...

Зь дзяцінства малому Сымону помніліся толькі дактары, шпіталі, нараканьні, праклёны, малітвы - усё гэта перамешанае, здавалася-б, без пачатку й канца. Старэйшы брат, сястра й маці ўжо былі адышлі на той сьвет. Асабліва помнілася Сымону маці. Якая гэта залатая, якая працавітая й гаротная была жанчына. Як цяжка змагалася яна зь вечнымі хваробамі, недахопамі, жыцьцёвымі катастрофамі, як старалася вывесьці ўсіх дзетак у людзі. Сымон ніколі ў жыцьці ня здольны быў безь вялікага хваляваньня ўспамінаць пра матку. Дый ці толькі з хваляваньнем, але й з сьціснутымі зубамі. Бо хто-ж іншы, калі не вясковыя знахары, бабы-шаптухі злячылі, са сьвету зьвялі саракадвухгадовую гаротную матку. Толькі тады, калі выразна відаць было, што трэба шукаць нейкага наглага ратунку, павёз яе бацька зноў да гарадзкога лекара, які парадзіў адаслаць жанчыну аж у Вільню, у шпіталь. Нядоўга давялося ёй там ляжаць. Пасьля двух тыдняў адышла на той сьвет. Далёка ад дому, без блізкага чалавека каля смяротнае пасьцелі, яна і ў апошнюю хвіліну жыцьця ня мела нармальнае для паміраючага ўцехі, што прыносіць прысутнасьць блізкіх. Езьдзілі на паховіны бацька са старэйшай сястрой перад самым прыходам бальшавікоў.

Ажно тры гады пазьней, калі Сымон вучыўся ў Вільні, адшукаў магілку маткі на Росах. Пагода амаль злізала надпіс з пахіленага драўлянага крыжа, і Сымон не без цяжкасьцяў пераканаўся, што гэты, а ня іншы грудок быў магілкай ягонай маткі. Пацяшаў сябе думкай, што некалі, мо і ў недалёкай будучыні, паставіць на месцы збуцвелага драўлянага крыжа нейкі трывалы, мо каменны. Нічога з таго не выйшла. Ня ведаў, што хутка й самому прыйдзецца пакінуць Бацькаўшчыну, хоць і не на той сьвет ідучы, як матка...

На давяршэньне ўсіх бедаў зь сямейнымі хваробамі, са знахарамі ды шаптунамі, што больш шкоды, чым карысьці прыносілі малаасьвечанаму народу, была ў сям'і Сымонавага бацькі Спарыша яшчэ й вялікая гісторыя з замужжам найстарэйшай дачкі Веры. Замужжа гэтае характэрнае для беларусаў, і было яно паўтаранае па ўсёй Беларусі ў тысячах розных варыянтаў. Вера выйшла замуж не за чалавека, а за зямлю. З агідай успамінаў пра свайго швагру Сымон.

- Яно-ж сабе Лявон чалавек кепскі, да працы няздатны, п'яніца й гультай, - казаў, бывала, Сымонаў бацька пра будучага зяця, - але-ж зямлі мае дваццаць пяць гактараў. Там ужо яно неяк уложыцьца, утрэцца. Будуць жыць, нідзе ня дзенуцца.

Ажно і не «ўлажылася» і ня «ўцёрлася». І быў Лявон добры, пакуль жончын пасаг прапіў (а былі ў той час яшчэ ў старога Спарыша царскія залатыя пяцірублёўкі, й не адзін дзесятак Веры ў пасаг даў). А як прапіў, тады й жонку пачаў выганяць.

- Ідзі, - крычыць абнаглелы п'яніца, падгавораны вясковымі абібокамі, што да старога Спарыша розныя злосьці мелі, - нясі ад бацькі яшчэ золата! А як не прынясеш, дык ня жывацей! Я зь цябе выкалачу, такую тваю!..

І хадзіла Вера ўся ў сіняках. З прыгожай, як кветка, васемнаццацігадовай дзяўчыны за пару год адабраў Лявон усю маладосьць і сілу. Колькі, бывала, даводзілася малому Сымону нагледзецца й наслухацца, як пакрыўджаная, да паўсьмерці зьбітая старэйшая сястра гадзінамі й днямі плакала, прыбегшы да бацькоў, і жалілася, што яе, маладую, за бандытаву зямлю замуж аддалі.

Але нядоўга Лявону давялося жыцьцём цешыцца. Неяк хапіла яго раз ці два на жывот. Лекар загадаў ад усякае садавіны ўстрымацца. Дык дзе-ж там! Аднойчы, падпіўшы на кірмашы, сьпеленькімі грушамі да адвалу наладаваўся. Там-жа хутка й скончыўся. Сьляпая кішка, мусіць, ня вытрымала, ці што. Так і на паховінах плакала Вера па ім адно для вачэй людзкіх. Жыцьцё ейнае зруйнаваў ды ўдавой з трохгадовым сынам ды старэнькай сьвякроўкай пакінуў. І зь зямлі тэй толк малы быў, бо хутка-ж прыйшлі крывадушныя «вызвольнікі» са зьненавіджанымі калгасамі, дык зямлі хапіла ўсім, ажно пачало адрыгацца.

Мы вельмі павярхоўна пазнаёмілі чытача з тым, што адбывалася й як жылося ў сям'і Сымонавага бацькі. Мы пэўныя, што калі-б хацелі апісваць самыя неабходныя й цікавыя дэталі адносна шматлікіх хваробаў, то мусілі-б сьпісаць вялікую шпітальную кніжку, а калі-б яшчэ давялося заглыбляцца ў розныя асноўныя беды сям'і старога Спарыша, то вунь колькі трэба было-б паперы!

Хто сказаў, што для маляваньня жыцьця ў аповесьці патрэбна фантазія? Само жыцьцё бывае часта перапоўнена такімі капрызамі й фокусамі лёсу, што й найбольшы фантазёр пры найлепшым выдумляньні выявіўся-б мізэрным майстрам. І таму якраз жыцьцё бывае такое непраўдападобнае, такое жахлівае, бо праўдзівае.

Часта Сымону даводзілася думаць над тым, чаму якраз у іхняй хаце ня выводзіліся хваробы й калецтвы. Губіўся хлапец. Дый хто мог адказаць на тое пытаньне? Ахкалі й надзівавацца не маглі суседзі, а старэйшыя бабкі так і вырашылі, што сям'я Спарышова пад нейкім урокам была. Урок нехта, дый годзе.

- Божа мой, Божа, - бедаваў часта Сымонаў бацька, - залом нейкі ў мяне ў сям'і. І чаму гэта ў мяне ня так, як у людзей? Ці-ж я больш за каго награшыў? Калі-ж гэтаму канец будзе?

І ня мог ужо, састарэўшы ад нядолі й цяжкой працы, бацька прадугледзець, што й самому яму, больш чым каму іншаму з сям'і, найбольш трагічны й найбольш жахлівы канец прыйдзе ўжо ў часе другой бальшавіцкай акупацыі ў канцэнтрацыйным лягеры... Ды што й рэшткі сям'і ягонай, тых калекаў і цэлых яшчэ, раней захаваных неяк лёсам, разьвее-раськідае люты лёс па цэлым сьвеце...

 

: VI

 

Усе гэтыя нядолі-няшчасьці моцна адбіліся на Сымонавым характары. Будучы яшчэ школьным вучнем, ён паставіў, што зямля не для яго, што трэба будзе шукаць іншых сьцежак-дарожак. Гэтым і тлумачыцца тое, што без дазволу бацькавага паехаў і паступіў у Віленскую гімназію. Але ня толькі бацькава, матчына ці сямейнае гора й жыцьцё цікавіла Сымона. Бачыў ён, што й навакол у суседзяў-сялян ня лепш. Дый без хваробаў, як у іх. Бачыў навакол бяду й галечу.

Пад час першай бальшавіцкай акупацыі хадзіў у школу й вельмі падатны быў на ўсялякую прапаганду, навет і на школьную, бальшавіцкую. Дома бачыў зусім адваротны бок жыцьця. Бацька, выпрацаваны да зьнямогі, вечна праклінаў «гэтую нячыстую сілу», вечныя турботы аб тым, як выплаціць падаткі, аддаць «культналогі», «ізьлішкі» й іншае, бясконцае й ня зусім яшчэ малому хлапцу зразумелае, - усё гэта яўна запярэчвала казённай прапагандзе розных школьных і пазашкольных партыйных агітатараў. Народ апынуўся ў яшчэ большай галечы, чымся быў раней за панамі. Самае асноўнае, чаго Сымон Спарыш ня мог зразумець і аб чым нельга было нікога запытацца, гэта - чаму бальшавікі так душылі людзей, чаму вывозілі, чаму абкладалі такімі непасільнымі падаткамі, што прыходзілася сем дзён цэлымі порамі працаваць на тыдзень; агульна гаворачы - чаму не давалі людзям жыць?

Балючымі былі бясконцыя нараканьні бацькі. Звычайна пасьля колькіднёвай адсутнасьці з дому па нейкай бальшавіцкай працоўнай норме, вывазцы лесу або каменьня, стары Спарыш, вярнуўшыся зьняможаным дахаты, хрысьцячыся, вымаўляў: «Госпадзі міласэрны, дзе твая справядлівасьць? Ці-ж доўга ты яшчэ дазволіш, каб нячыстая сіла так народ душыла? Божа-ж мой, Божа, няхай бы ўжо хоць нейкі чорт прыйшоў на зьмену, абы ня гэтая нечысьць паганая. Дзе-ж яна на нас узялася, каб яна скрозь зямлю правалілася!»

Ажно прыйшла й зьмена, й той «чорт» на зьмену, што выявіўся анічуць ня лепшым за тую «нечысьць».

Маладому Сымону спачатку здалося, што пойдзе на лепшае. Неба было праясьнілася. Пачулася нешта роднае, дарагое, цела ад свайго цела, дагэтуль забароненае, апаганенае, стаптанае. У беларускіх школах хлапец выразна ўсьведаміўся. Да гэтага спрычыніліся найбольш лекцыі гісторыі й літаратуры на настаўніцкіх курсах. Настаўнік гісторыі, сам добры беларускі патрыёт, сваім навучаньнем будаваў у сьведамасьці й сэрцы Сымона лепшага, паўнавартаснага чалавека, добрага й сумленнага беларуса, вялікага патрыёта.

І ня дзіва, што цешылася юнакова сэрца, калі бачыў, як навокал расьлі беларускія школы, арганізоўвалася моладзь, грамадзкія інстытуцыі. Здавалася тады яшчэ Сымону, што немцы былі найлепшымі прыяцелямі беларусаў, а хто ведае - мо й найлепшымі людзьмі. Любіў надзвычайна чытаць і чытаў усё, што друкавалася па-беларуску. Нейкі час захапляўся перадавіцамі Ўладыслава Казлоўскага ў «Беларускай Газэце». Здавалася, што каб тады даў яму хто ў рукі стрэльбу й сказаў самому аднаму абараняць, прыкладам, ад бальшавікоў Менск, то пайшоў-бы без найменшага хістаньня.

Хутка прыйшлі рашчараваньні, а пасьля й зьмены поглядаў, калі тое, што юнак меў у галаве дагэтуль, можна было назваць поглядамі. Дачуўся Сымон, што спалілі немцы вёску Залатуху непадалёк Парафіянава, побач чыгункі Маладэчна - Полацак. Аб сапраўднасьці весткі ня было сумлеваў - перадалі яе Сымону людзі, якім поўнасьцю верыў. Спалілі-ж ня толькі малыя ў вёсцы будынкі, але папалілі жыўцом, пазганяўшы ў пуню, усіх жыхароў Залатухі, пераважна жанчын, старых і дзяцей. Хутка цэлая ваколіца з жахам пачала аб тым учынку гаварыць. Сымон глыбока задумаўся. У вёсцы, як апавядалі людзі, зусім ня было партызанаў. Адной віной Залатухі было тое, што ляжала воддаль чыгункі непадалёк лесу, значыцца, бальшавіцкія партызаны маглі раз ці два заглянуць у яе па дарозе да чыгункі, якую падміноўвалі.

Чаму-ж тады гітлераўцы палілі нявінных гаротных беларускіх сялян? Чаму дзяцей і жанчын? Ці-ж і яны былі партызанамі? Ці-ж гітлераўцы ня мелі часу, каб разабрацца, дзе, хто й што, ці паленьне й руйнаваньне ляжала ў іхных інтарэсах? Чаму, чаму й яшчэ раз чаму?

Жахлівае падазрэньне мільганула ў Сымонавай галаве: ці ня ёсьць і гітлераўцы такімі самымі зьнішчальнікамі, крывапіўцамі, эксплуататарамі беларускага народу, як і бальшавікі? Ці ня ёсьць і Гітлер такім самым крымінальнікам, як і Сталін?

Хутка пачалі прыходзіць весткі аб нямецкіх зьверствах з усіх канцоў і ваколіцаў. Яны былі ня менш жахлівымі, чым весткі аб зьверствах над беларускімі сялянамі з боку бальшавіцкіх партызанаў.

«Што з таго, што гітлераўцы дазволілі арганізаваць беларускае школьніцтва й адміністрацыю? - думаў Сымон. - Яны-ж паляць, рабуюць, страляюць людзей, адным словам, робяць зь Беларусі пустыню».

Апавядалі аб страляньні жыдоў. Сам Сымон бачыў, як немцы стралялі савецкіх ваеннапалонных. Каля самай іхняй вёскі прабягаў вялікі гасьцінец. Гэта тут раз давялося бачыць Сымону, як гналі немцы вялікую й шырокую, у дзесяць шэрагаў, калёну савецкіх палонных. Была зіма. Дарогаю валачыліся абдзёртыя, босыя, пасінелыя шкілеты. Здавалася, што ня было ім ні канца ні краю. Іх накіроўвалі ў лагер у Бярэзьвечах. Вясковыя жанчыны, панабіраўшы ў пелены бульбы ці хлеба, падыходзілі да дарогі й шпурлялі галодным. Шкілеты гуртамі кідаліся на хлеб і бульбу, а нямецкія канвойныя касілі іх з аўтаматаў, пакідалі кучы трупаў і йшлі далей... Ці мала чаго бачыў яшчэ Сымон...

Хто-ж мог-бы пералічыць усе тыя жахі й зьверскія ўчынкі акупантаў, аб якіх давялося чуць. Прыходзілі на памяць нядаўнія бальшавіцкія ўчынкі ў Бярэзьвечах, дзе ў колішнім манастыры, пераробленым на вязьніцу, людзі пазнаходзілі кучы трупаў з паабразанымі насамі, языкамі, жаночымі грудзьмі, павыколванымі вачыма, павыломванымі пальцамі. Прыгадвалася цяжкое жыцьцё пад савецкай акупацыяй, вывазы ў Сібір, вечныя нараканьні бацькі. І ў параўнаньнях маладога Сымона абодва акупанты выглядалі аднолькавымі. «Чорт іх ведае, - думаў юнак, - адна нячыстая сіла, а другая яшчэ горшая. Мусіць, каб паставіў на вагу, дык ніводзін не пераважыў-бы, абое, як кажуць, рабое».

Сымон аж усьцешыўся, што ён сам, без ніякіх падказваньняў збоку, дайшоў да такіх высноваў. Радасьць была тым большая, калі пераканаўся ў далейшым, што ягоныя новапрыдбаныя погляды адносна немцаў былі зусім правільнымі. Калі-ж адна думка была даведзена да канца, калі была пастаўлена над гэтым кропка, дык перад юнаком зьявіўся цэлы сьцяг зусім новых пытаньняў: хто-ж тады прыяцель беларусаў? Дзе-ж народ павінен шукаць ратунку? І ці наагул быў ратунак?

У гэны час ня мог юнак знайсьці адказу на такія пытаньні. Яны адно прынесьлі недавер і насьцярожанасьць да ўсяго чужога ды яшчэ большую любоў да роднага, блізкага, свайго пакрыўджанага народу.

Ня было ў Сымона ніякіх пытаньняў у дачыненьні да самога сябе. Даўно наважыў лічыць на свае сілы. Добра разумеў вартасьць навукі, а таму й пастанавіў прадаўжаць яе далей. «А там ужо будзе відаць», - думаў сабе.

Але й час навукі ў Вільні быў кароткі. Ясна было, што немцы зьбіраліся адступаць, а калі-б і не, дык падходзілі тыя гады, калі трэба было браць стрэльбу ў рукі. Хто быў дужэйшы, значыцца, хто трымаў зброю ў руках, той і лічыўся лепшым. Гэтую простую праўду пазнаў быў Сымон, назіраючы за рознымі падзеямі, якія заўсёды стараўся аналізаваць. Калі ў Вільні пачаўся прыём у Школу Камандзераў БКА, калі гэтую справу тройка студэнтаў пачала разважаць, дык выявілася, што погляды ўсіх сыходзіліся. Так неяк выйшла, што ніхто й нікога не намаўляў. Пасьпяшылі ў памяшканьне Віленскага Беларускага Нацыянальнага Камітэту на мэдыцынскі агляд, дзе й былі прынятыя ў БКА.

 

: VII

 

Шостага ліпеня Школа прыехала ў Вірбален - мястэчка на летувіска-прускай мяжы. Кадэты затрымаліся ў вайсковых бараках. Толькі параненыя былі накіраваныя ў шпіталь недзе ў ваколіцы Кэнігсбергу. Разам зь імі паехаў і Камовіч, зь якім, як пасьля выявілася, хлопцы разьвіталіся назаўсёды. Параненых пасьля не далучылі ўжо да Школы Камандзераў, і ніхто ня ведаў, што зь імі сталася. У Вірбалене Школа затрымана была на чатыры дні.

Быў гэта добры адпачынак. Пагода была цудоўная. Заняткаў - ніякіх. Рэкруты аглядалі самі сябе, чысьціліся, парадкавалі свае рэчы, падлічвалі страчанае, загаралі на сонцы, без канца дзяліліся перажываньнямі з жахлівай бамбардзіроўкі ў Вільні, з дарогі. Коратка кажучы - гаілі свае духовыя раны. А раны гэныя ўжо былі паказаліся ці ў аднаго. Такая раптоўнасьць выпадкаў за апошні тыдзень скаланула не аднаго - да самае асновы духовае істоты. Значны ўплыў на настрой гэтага юнацкага адзьдзелу прыносіла й няпэўнасьць заўтрашняга дня, няведамасьць будучыні. Ясным было ўжо, што не вярнуцца ім ані заўтра, ані пасьлязаўтра на пакінутую Бацькаўшчыну, хаця-б навет і ў абяцаную перад выхадам зь Менску Горадню. Што-ж было наперадзе? Куды вёў іхны шлях? Што сталася зь іншымі адзьдзеламі БКА? Дзе была беларуская цэнтральная адміністрацыя, г. зн. БЦР, штаб БКА і іншыя? Пытаньняў было без канца.

Вечарам, блізка на захад сонца, каля аднаго з баракаў на зялёнай траўцы сядзела грамада хлапцоў. Гаварылі аб тым-сім, пераважна-ж аб пакінутай радзіме, бацьках, агульным палажэньні, будучыні. Сярод іх былі капітаны Мікула й Ласкутовіч. Маладым рэкрутам хацелася пачуць што-небудзь і ад сваіх афіцэраў, што-небудзь пацяшаючае, запэўніваючае, падбадзёрваючае. Таму, калі Мікула па-сяброўску пачаў гутарку, адкуль ні ўзяліся дзесяткі слухачоў, што хадзілі воддаль. Цеснай сьцяной абкружылі абодвух капітанаў і замяніліся ў слых.

- Так, хлопцы, - гаварыў Мікула, - мы сяньня рассыпаліся, хаця дагэтуль і мелі нейкую дзяржаўную арганізацыю. Не ведаем цяпер, дзе знаходзіцца Беларуская Цэнтральная Рада, дзе ёсьць нашыя вайсковыя адзінкі. Мы страцілі адзін аднаго, бо ўцякалі. Цяпер трэба чакаць, пакуль усё стабілізуецца, і толькі тады я ясна пастаўлю пытаньне аб існаваньні афіцэрскае школы, бо цяпер яна, як такая, фактычна перастала існаваць. Трымайцеся ў цесным сяброўстве, не адыходзьце адзін ад другога.

- Перад гэтым адзін з вашых сяброў сказаў, што ён страціў ужо бацькоў, Бацькаўшчыну і ўсё, што меў. Такім чынам, засталося толькі страціць галаву, на якой яму ўжо мала залежыць. Праўда, запал вельмі патрэбны, але памятайце, што галоў ня трэба траціць надарма й бяз сэнсу. Якраз цяпер мы павінны старацца, каб іх як найбольш захаваць, бо ў будучыні будуць нам вельмі патрэбныя.

- У Вільні мы пацярпелі першыя, здаецца, дарэмныя ахвяры, - гаварыў далей капітан. - Але, з друтога боку, падумаўшы, дык і ня былі яны зусім дарэмнымі. Не былі-ж-бы мы на віленскай станцыі, калі-б не апранулі жаўнерскай вопраткі. А калі ўжо носім гэту вопратку, то й мусім быць падрыхтаванымі на ахвяры. Памятайце, што ахвяры ніколі не прападаюць дарэмна. Яны родзяць шэрагі новых змагароў, вядуць наперад, да вольнасьці новыя пакаленьні. Вы тут амаль усе зь сярэдняй асьветай. Вы ёсьць тая залатая моладзь, якая ў будучыні павінна шмат зрабіць для Бацькаўшчыны. Перад намі ўсё жыцьцё, й вы ідзеце за яго змагацца. Тым часам трымайцеся ў цесным сяброўстве, слухайце сваіх камандзераў. Цяпер дысцыпліна нам найбольш патрэбная. Амаль кожнага з нас сустрэў той самы лёс, і мы йдзём да аднае мэты. Наша школа не пачала яшчэ працы, якую павінна была пачаць. Мы яшчэ не сабраліся, калі здарылася...

- Чаму-ж беларуская армія не зарганізавалася раней? - спытаў адзін з слухаючых.

- Ня мы тут вінаваты. Нашы вайскоўцы ўжо ўлетку 1941 года езьдзілі ў Менск і пачалі старацца дастаць дазвол. Пісалі ў розныя куткі, хадзілі, абівалі парогі, пісалі ў Бэрлін. Нашых просьбаў ня слухалі. Я, прыехаўшы ў Менск і пабачыўшы, што ўсе дзьверы зачыненыя ды няма чаго рабіць, вярнуўся ў Нясьвіж, дзе надалей працаваў настаўнікам. Аж пазьней немцы схамянуліся. Ды ўжо пазнавета было. Сягоньня не прайшло трох месяцаў ад пакліканьня Беларускае Краёвае Абароны. Армія толькі пачала арганізавацца, а трэба-ж вам ведаць, што для арганізацыі й вышкаленьня арміі патрэбны ня месяцы, а гады. У выніку ўсяго гэтага што-ж мы маем сяньня? Ёсьць адзінкі, хаця яшчэ недашколеныя, але й тыя рассыпаныя. А дзеля таго, каб што-небудзь дасягнуць, трэба, каб усе сілы цяклі ў адну крыніцу. І дзеля таго паўтараю: сяньня згуртаванасьць і здысцыплінававасьць - гэта асноўнае. Трымайцеся, а там яшчэ ўсё будзе наперадзе.

Кароткая Мікулава гутарка ўсё-ж выдатна адбілася на настроях хлапцоў. Трэба заўважыць, што ня былі яны яшчэ выпрабаванымі ў змаганьні жаўнерамі, што даюць сабе ўсюды раду. Асабліва ў гэныя першыя дні на чужыне патрабавалі яны цёплага слова, сяброўскае падтрымкі ад сваіх афіцэраў. Дык і ня дзіва, што зараз пасьля капітанавай гутаркі пачаліся песьні.

 

: VIII

 

Песьні трывалі коратка. Прыйшоў капітан Шнайдар у суправодзе трох нямецкіх інструктараў-падафіцэраў: Кацынскага, Будкэ й Турна. Пры пасярэдніцтве беларускіх афіцэраў загадаў ён, каб увесь алькаголь, якім удалося прызапасіцца на станцыі ў Вільні, быў зараз-жа здадзены ім, немцам. Матываваў загад тым, што алькаголь быў маёмасьцю нямецкага Вэрмахту, што быў узяты на пажары без дазволу, й дзеля таго цяпер ён, Шнайдар, загадвае ўсё гэта вярнуць гаспадаром. Акрамя таго, рэкрутам - і ён асабліва падчыркнуў гэнае слова - не дазволена было піць. На выкананьне загаду немец даваў паўгадзіны. Зараз-жа казаў ісьці ў баракі ўсім, што мелі каньяк, ды прыносіць і складаць яго тут-жа на травіцы каля яго, Шнайдара.

- А скула яму ў бок! - адазваўся нехта. - Я свой добра схаваў, і фігу знойдзе.

- Трэба было самому набраць, - падтрымаў іншы. - Іш ты, які ласы на чужое знайшоўся!

- Няхай ідзе шукае. Я ня маю.

- Выпіць, значыцца, захацелася. Ідзі ды купі! Во!

- Я яму аддам каньяк? А трасцу ў бок чорту нямытаму!...

Рэакцыя была аднолькавая. Ніхто ня рупіўся выконваць загад немца. Кожны па-свойму камэнтаваў яго, й ніводзін ня скупіўся на сакавітыя словы. Капітана Шнайдара і ўсіх інструктараў-немцаў хлопцы моцна ня любілі. Найбольш не падабаўся ім той панскі прускі падыход, зь якім яны адносіліся да ўсіх беларусаў, пачынаючы ад афіцэраў, а канчаючы радавымі. Найбольш калола ў сэрца непашанотнае дачыненьне немцаў да беларускіх афіцэраў. Чым больш пачыналі ня любіць немцаў, тым больш прывязваліся да сваіх і шанавалі іх.

Калі Шнайдар пабачыў, што ніхто й ня думаў выконваць ягонага загаду, дык выслаў у баракі сваіх трох немцаў і пару беларускіх падафіцэраў, каб абшукалі ўсе клункі. Калі немцы стараліся перапароць увесь рэкруцкі багаж, то беларусы быццам ім памагалі, але вось толькі так, нехаця, дзеля людзкога вока. Лішне й гаварыць, што знайшлі колькі пляшак каньяку, хоць, пэўна-ж, далёка ня ўвесь, вывезены зь Вільні, - з той простай прычыны, што шмат яго было па дарозе выпіта, а некаторыя з хлапцоў, хітрэйшыя, што стараліся гэту небясьпеку прадугледзець, былі пахавалі свой у мясцох, дзе немцам і ня сьнілася шукаць.

У гэны вечар п'янствавалі немцы аж за поўнач...

 

: IX

 

Быў вечар. Школа Камандзераў БКА заладавалася ізноў на цягнік. Адным эшалёнам мелі ехаць і некаторыя паліцаі ды жаўнерскія сем'і. Цягнік чакаў на станцыі ў Вірбалене пару гадзінаў.

Сымону Спарышу давялося мець цікавую гутарку з адным паліцаем, нейкім Красоўскім. Сустрэў яго, шпацыруючы каля вагону, і той першы пачаў гаворку.

- А вы адкуль? - спытаў Красоўскі зусім бязь ніякіх уступных слоў.

- Адусюль, з цэлае Беларусі, - адказаў Сымон. Яму і ў галаву ня прыйшло, што гэты шыракаплечы, сярэдняга росту, чарнявы, сыценькі паліцайчык мог цікавіцца ягоным, Сымонавым, асабістым паходжаньнем.

- Я пытаюся, адкуль, зь якога гораду гэта ваша паліцыя?

- Мы не паліцыя.

- Як то? Вы-ж носіце паліцэйскае ўбраньне, - насядаў Красоўскі.

- Толькі да часу, бо зялёнага нам яшчэ ня выдалі.

Адно цяпер заўважыў Сымон, што малы паліцай быў добра падпіты. Відаць, што практыку меў добрую, бо трымаўся нядрэнна. Да іх далучыўся трэці. Сымон ведаў яго з выгляду - гэта быў адзін з менскай школы БКА, але ў той час ня мог прыпомніць прозьвішча.

- То хто-ж вы, калі не паліцыя? - прадаўжаў паліцай. - О-о-о-о, - быццам зьдзівіўся ён, прыглядаючыся да Пагоні на юнаковай шапцы, - і коніка нейкага тут на шапцы бачу...

- Па-першае, гэта ня конік, а Пагоня. Для нас яна шмат даражэйшая, чымся нейкая нямецкая курыца ці свастыка, - адказаў задзёрыста Сымон. - Па-другое, мы не паліцыя, а Афіцэрская Школа Беларускай Краёвай Абароны зь Менску.

- Афіцэрская школа? - зьдзівіўся Красоўскі й сплюнуў убок. - Го, го!

Сымон мяркаваў, зь якіх прычын так не падабаўся яму гэты прыпадковы размоўца. Ці гэтаму віной былі легкадумна-недарэчныя пытаньні адносна яго й школы, ці хамска-зухаватая пастава паліцая.

- А адкуль-жа вы будзеце? - пачаў Сымон.

- Зь Ліды.

- Вас тут многа такіх?

- А дзе там. Паразьбягаліся хто куды, адны дадому, другія ў лес, у польскія легіёны.

- То ў вас там і польскія легіёны былі?

- Каб ты ведаў. Многа хлапцоў пераходзіла туды з паліцыі.

- Чаму-ж яны пераходзілі?

- Усяк бывала. Кожны йшоў, куды яму было выгадней. Некаторыя йшлі проста таму, што ім падабаліся ў польскіх легіёнаў мундзіры.

- Бач ты! Вось дык гэта ўжо й людзі!

- А што-ж у тым благога?

- А вам падабаліся мундзіры? Вы бачылі іх калі? - распытваў юнак.

- Бачыў не раз. Я й сам думаў пайсьці, але неяк усё адкладаў, а цяпер гэта так раптоўна...

- Дык вось, значыцца, якія былі ў вас людзі! - дзіваваўся кадэт. - Пераходзілі да палякаў за мундзіры.

Сымон усё думаў, як ацаніць паліцая: ці гэта быў дробненькі дурань, у якога зьлятала шмат цікавага з п'янага языка, ці той, што мо пайшоў у паліцыю з нажывы, зладзейства, рабаваньня беларускіх сялян, ці што іншае. Яго найхутчэй можна было аднесьці да дробных, але надта назойлівых рабаўнікоў і шкоднікаў. З гэтакага матэрыялу выводзіліся сэксоты, чужыя агенты, правакатары.

- І разумна рабілі, што да палякаў ішлі. А што вы там нейкую Беларусь выдумалі... - плёў далей Красоўскі. - Калі яна была, тая Беларусь? Га?

- Як гэта вы гаворыце, выдумалі? - узлаваўся Сымон. - А хто вы, ня беларус?

- Я ніколі хамам ня быў, - адрэзаў той.

- Ах ты, сссукін сын! - гукнуў Сымон і ледзь ня кінуўся на паліцая.

- Чакай, братка, ня кідайся! - хапіў юнака за руку Курэц (так звалі трэцяга прысутнага), што да гэтага часу прыслухоўваўся моўчкі.

- Вось ты гадзіна, псіна панская! Каб цябе гром спаліў! - закончыў Сымон і адышоў ад гэтых двух. Яшчэ азірнуўся й бачыў, як Курэц гаварыў з Красоўскім. Здалося, што тыя двое былі знаёмымі. Сымон расказаў Віктару пра сваю прыгоду. Той сядзеў у адчыненых дзьвярох таварнага вагону й гойдаў даўгімі нагамі, стараючыся дастаць мыскамі да жвіру, панасыпанага кучкамі каля шпалаў.

- Што-ж, пойдзеш біцца зь ім? - адказаў Віктар. - Яшчэ ўся вайна перад намі. Хопіць боек, ня бойся.

Позным вечарам цягнік рушыў у заходнім кірунку. На працягу наступных дзён ён затрымаўся ў Кэнігсбэргу, пасьля завярнуў на паўдзённы ўсход і, даехаўшы да Лік (Элк) на поўнач ад Граева, зноў крута павярнуў на захад на Аленштайн (Ольштын), а адтуль у Польшчу. Была-ж карацейшая дарога з Кэнігсбэргу на поўдзень. Але, мусіць, недзе была зьмена загадаў.

 

«Кein Russland»

 

: I

 

Калі-б вы хацелі ў колькі словах схарактарызаваць найбольш трапна тое, што адбывалася ўлетку 1944 году на Мазуршчыне і ва Ўсходняй Прусіі, то можна было-б за прыклад даць наступны анэкдот.

Адзін жаўнер пытае другога:

- Куды ты едзеш?

- Слухай, сябра, - адказвае яму другі, - калі ў цябе ніхто ня пытае, куды ты едзеш, дык і ты ня пытайся. Вязуць, дык і едзь. Якая розьніца - куды?

Але ці-ж гэта анэкдот? Цэлыя масы ехалі, а яшчэ больш ішло. А куды? Хто-ж мог адказаць на гэтае пытаньне. Усе ведалі, адкуль - абы ўцячы, абы далей ад гэнай «нячыстай сілы». Калі-б вам давялося тады сядзець дзе пры дарозе й прыглядацда гэнаму мору людзей, пабачылі-б вы ня толькі розныя вайсковыя й паліцыйныя адзьдзелы з цэлай Беларусі, пачынаючы ад Бранску й Смаленску, але пачулі-б усе дыялекты нашай Бацькаўшчыны, ды, апрача таго, украінскую і расейскую мовы. Пабачылі-б старых і малых абаіх родаў, босых і абарваных, галодных і сытых, хворых і здаровых. Убачылі-б вы палешука, што на возе побач з рознымі клункамі вёз сьвінку, а ззаду за возам валок прывязаную кароўку, і спачувалі-б зморанаму пешаходу, што, разуўшыся, мачыў ногі ў прыдарожнай каўдобіне. Калі гэныя бясконцыя табуны ўцекачоў былі да нечага падобныя, дык хіба да цыганскіх вабозаў. Усё рухалася на захад, а там-сям пакуль што й таўклося на месцы.

Для ўсіх супольнымі былі тры рэчы: трывога, няпэўнасьць і турботы аб пражыцьці. Ня відаць было страху перад ворагам. Магчыма, што абыякавасьць і штодзённыя клопаты адпрэчылі страх. Найбольш шкодным было тое, што ніхто ня ведаў, дзе, што і як адбывалася. Стварыўся першаклясны грунт для розных, цяжкіх для пацверджаньня плётак і здагадак ды звычайных меркаваньняў.

Нельга сказаць, каб шмат хто з гэных качэўнікаў верыў, што немцы раптам падужэюць і затрымаюць бальшавіцка-маскоўскую хвалю наступу, але ўсё-ж, як у Беларусі кажуць. - галоднаму хлеб на ўме. Гаварылася й мяркавалася ўсяк. Бывала часта, што розныя гутаркі выклікалі й паніку. Ды й былі на гэта прычыны. Бальшавіцкія адзьдзелы наяжджалі, прарываючыся праз хаатычную нямецкую лінію абароны, на найбольш адсталых уцекачоў і там-жа на месцы распраўляліся зь імі па-свойму. Дый ня дзіва. Заседжаныя ў вакопах на ўсходзе Беларусі, яны зрушылі зь месца, а пазнаўшы смак перамогі, дэмаралізаваліся рознымі здабычамі, сьпяшаліся хоць на кім спагнаць злосьць за ўсе злачынствы, што нарабілі гітлераўцы ў Беларусі і ў тых абшарах Расеі, што яны акупавалі. Усіх уцекачоў лічылі за калябарантаў Гітлера.

 

: IІ

 

Немцам здавалася (дарэчы, зусім правільна), што грунт пачаў хістацца ў іх пад нагамі. Яны рабіліся нэрвовымі й азьвярэлымі. І калі мо яшчэ той зямельны грунт не ламаўся, то ўсё-ж нельга забывацца, што мусілі яны спраўляць хаўтуры па сваіх вялікіх марах і лятуценьнях аб вялікай Нямеччыне, аб гэтак званай «Новай Эўропе», дзе немец меў быць панам, а ўсе іншыя, здэградаваныя да пазыцыі «унтэрмэншаў», мелі на яго працаваць.

І як-жа горка было расставацца тэўтонскай душы зь лятуценьнямі, што былі так блізка да рэалізацыі! Якой чорнай мусіла выглядаць будучыня! І што немцам было з таго, што вусаты капрал абяцаў нейкую новую, найжахлівейшую зброю, якой меў скрышыць, спапяліць цэлы сьвет, калі гэны сьвет перад тым не ўпадзе перад ім, капралам, на калені? Ён-жа ці адно абяцаў і раней, улучна з той тысячагадовай вялікай Нямеччынай і «Новай Эўропай». Дык і хто, здарова думаючы, мог яму цяпер верыць? Пэўна-ж, шмат было закаранелых нацыстых, што верылі кажнаму слову Гітлера, але-ж, як кажа прыказка, як топішся, то й саломкі хопішся. Дык і хапаліся за тыя новыя абяцанкі свайго «фюрэра», быццам за саломку.

Але, з другога боку, падумаўшы, ці-ж льга сказаць, што нацысты ўмелі цьвяроза й здарова думаць? Адурманеныя спачатку гітлераўскай ідэяй аб нямецкім супэр-народзе, супэр-расе, аб нямінучасьці нямецкага панаваньня над усімі іншымі, яны цяпер не маглі пагадзіцца з рэальнасьцю, якая гаварыла, што хутка прыйдзецца падняць рукі ўверх, атрымаць заслужаную кару, а там ужо пасьля й навучыцца жыць як людзі з усімі ў згодзе. Дый здабыча-ж была так блізкая, мэта, здавалася, ужо так недалёкая.

Тыя, што працёрлі вочы і ўсё былі яшчэ былі адурманеныя, не патрапілі яшчэ пераацаніць абставінаў, што верылі яшчэ капралу, змагаліся, як цяжкараненыя дзікія зьвяры, якіх стараліся адагнаць ад пажывы, ад нішчэньня ўсяго жывога, ды пасьля асвоіць. А пры гэным змаганьні не маглі стаяць побач бязьдзейна й самыя звычайныя немцы - сяляне й работнікі, якія і з гэнай вайны, калі-б яна й была выйграна, мала, а мо й нічога не скарысталі-б. То была ня іхняя вайна. Гэта была бойня разьюшаных нацыстых, функцыянэраў-партыйцаў і вялікіх хвабрыкантаў, высокае вайсковае клікі й найбольш і перадусім вайна няпоўнага розуму капрала-«фюрэра». То была іхная вайна супраць усяго, што стаяла на шляху да панаваньня хоць пакуль што над часткаю сьвету. Што мог-бы тут скарыстаць і ці скарыстаў бы той найніжэйшы, найбяднейшы, найбольш эканамічна эксплуатаваны пласт народу?

Жахлівасьць татальных войнаў ляжыць у тым, што ў іх найбольш церпяць найменш вінаватыя й найбольш пакрыўджаныя, найбольш пераносяць і гаруюць самыя бедныя і з прычыны гэнай беднасьці найменш разьвітыя. Дык і што такія людзі робяць, калі набліжаецца ўпадак, прыходзіць канец іхным панам, тым, што пагналі іх на непатрэбную бойню? Тут хіба нельга абагульняць. Мерка, якой можна было-б паслугоўвацца ў дачыненьні да іншых народаў, тут непрыдатная. Хіба-ж ёсьць на сьвеце другі такі здысцыплінаваны народ, як немцы? І ці шмат такіх ваяўнічых, як яны?

Кажуць, што мужнасьць і сілу духу ваякі пазнаеш у часе паразы. З тым нельга не згадзіцца. Немец будзе ведаць, што заўтра трэба адступаць, што трэба будзе дынамітам узарваць усе вайсковыя ўладжаньні, але сяньня яшчэ будзе будаваць баракі. Хоць будзе бачыць, што скора трэба йсьці ў палон да праціўніка, але ня кіне стрэльбы, пакуль мае патроны. Немец, нарэшце, калі ўжо трапіць і ў палон, то будзе падпарадкоўвацца ўсім загадам канвойнага, рэдка плянуючы ўцёкі. Ён-жа, калі й краіна ягоная пераможана ды разьбіліся ўсе нядаўнія пляны й лятуценьні, адразу, быццам тая мурашка, бязь лішніх нараканьняў і разважаньняў, бярэцца за адбудову разбуранага жыцьця. У гэтым і ляжаць жывучасьць, сіла й дынамізм нямецкага народу.

Але, пэўна-ж, немцы таксама й перадусім людзі, й таму ўсё, што людзкое, ім ня чужое. Дык і цікава было назіраць іх у гэны крытычны час улетку 1944 году. Рэкруты са Школы Камандзераў БКА мелі добрыя магчымасьці такога назіраньня.

 

: IІІ

 

Калі чыгуначны эшалён са школай й вайсковымі сем'ямі ды паліцыяй затрымаўся ў Плоцку над Віслай, сем'і назаўтра былі адзьдзеленыя й накіраваныя на захад. Ніхто дакладна ня ведаў, куды яны паехалі, хоць найчасьцей называлі Лодзь. Капітан Ласкутовіч, камандзер Школы БКА, зьнік разам з сем'ямі. Кадэты мелі на гэта іншае слова. «Змыўся, - казалі, - дзесь наш камандзер, а капітана Мікулу пакінуў». Ажно ўзімку 1945 году паказаўся на вочы беларускім вайскоўцам капітан Ласкутовіч у Бэрліне.

На трэці дзень побыту Школы БКА ў Плоцку прыехаў туды камандуючы БКА маёр Кушаль. ЁН, пабыўшы ў Кэнігсбэргу колькі дзён і ня маючы там ніякай работы, страціўшы з сваймі адзьдзеламі лучнасьць, наважыў шукаць адзьдзелаў БКА й пасьля шматлікіх клопатаў натрапіў на сьлед Школы. Ня трэба забывацца, што ўсюды па чыгунках і дарогах панаваў хаос, слаба працавала сувязь. Паколькі беларускія адзьдзелы былі залежныя ад немцаў, а не самастойныя, лучнасьць яшчэ цяжэй было ўтрымаць. Немцы рабілі, што ўздумалі, часта ігнаруючы беларускіх афіцэраў.

Капітан Мікула зрабіў маёру Кушалю справаздачу аб прыгодах афіцэрскае школы, перадусім аб цяжкім першым маршы зь Менску ў Вільню, аб бальшавіцкай бамбардзіроўцы Вільні, у якой загінула колькі кадэтаў, а іншыя, цяжка параненыя, выбылі з шэрагаў. Адылі капітан Мікула ані разу ня ўспомніў, што капітан Ласкутовіч быў далучыўся да афіцэрскае школы .ў Вільні й што зноў яе пакінуў у Плоцку. Кушаль так і думаў, што Ласкутовіч зь Менску не далучаўся да Школы, а трымаўся недзе асобна.

 

: IV

 

Цягнік адагнаны быў на бочную чыгунку непадалёк маленькай станцыі на ўсходняй ускраіне Плоцку. Загад: чакаць. Рэкруты ня мелі-бы шмат супраць чаканьня, калі-б ня голад. Вось тры дні ўжо нічога ня елі. Зусім ня дзейнічала кухня, ажно на чацьверты дзень зьявіўся нейкі рэдзенькі суп. Харчавых пайкоў ня было. Хлопцы снавалі каля вагонаў, быццам цені. Як на злосьць, няміласэрна пражыла сонца.

Самыя перадавыя й найбольш пранырлівыя пачалі выдумляць, як і дзе што-небудзь прыдбаць зьесьці. Калі пасьля вычарпаньня ўсіх магчымых і немагчымых захадаў, прыйшлі да выснаву, што амаль няма шансаў заспакоіць голад, зрок іхны затрымаўся на зялёным бульбянішчы мо поўкілямэтра воддаль ад чыгункі.

- Глянь там! - паказаў адзін.

- Што там? - пытаўся іншы.

- Бульба! Хадзем ды накапаем.

- Далібог, бульба. Як мы раней не дадумаліся!

Хутка дзесяткі вуснаў згаладалых кадэтаў з насалодай паўтаралі адно слова: «бульба». Ужо абмяркоўвалі, як накапаць і зварыць. Усе згадзіліся, што трэба чакаць змярканьня, каб не адразу заўважылі немцы. У гэны вечар поле бульбы, што знаходзілася каля чыгункі, дзе затрымаліся менскія кадэты, пацярпела вялікія страты. Мо гэныя страты былі-б меншыя, калі-б самая бульба была, агульна беручы, большая за італьянскія гарэхі. Але мазурская зямля ў гэтай галіне не такая ўрадлівая, як беларуская. Давялося кадэтам шмат павырываць каліўя, каб накапаць хоць па пару прыгаршчаў. Цэлую ноч пяклі й варылі бульбу, й ніколі раней у іхным жыцьці яна ня была такой смачнай.

Ужо на наступны дзень капітан Шнайдар зрабіў агульную зборку й пад пагрозаю вялікае кары забараніў капаць бульбу.

Хлопцам у меншай меры была крыўдная сама забарона, чымся тыя прычыны, дзеля якіх нельга было пажывіцца. Шнайдар тлумачыў, што яны - афіцэрская школа - знаходзяцца ўжо на тэрыторыі Нямеччыны. Паколькі-ж гэта Нямеччына, - выходзіла з гутаркі Шнайдара, - а вы крадзеце нямецкую бульбу, дык гэтым самым абкрадаеце нямецкую дзяржаву. Паводле капітана Шнайдара, немцам можна было абкрадаць усіх, у тым ліку насамперш беларусаў, але ўжо ніяк нельга было наадварот. Лішне гаварыць, што нямецкі камандант не хацеў помніць, што абавязкам нямецкае дзяржавы было накарміць кадэтаў, як і ўсіх іншых жаўнераў, што маршыравалі побач немцаў. Ён наўмысьля забыўся, што людзі нічога ня елі ўжо на працягу трох дзён.

Каб яшчэ больш падкрэсьліць, што абазначала ягоная цэлая гаворка, ды каб рэкруты не забываліся, дзе яны ёсьць, Шнайдар колькі разоў паўтараў:

- Тут вам не Расея («кайн Руслянд»). Гэта вы раз назаўсёды памятайце!

Заўвага адносна «Руслянд» найбольш пакрыўдзіла кадэтаў. Не йшло тут ужо аб самую галоўную думку капітана, якую можна было-б коратка выразіць так: тут не Расея, а Нямеччына й што нам, немцам, можна было рабіць у Расеі, таго вам, «унтэрмэншам», нельга рабіць у Нямеччыне. Найбольш укалола тое, што немец лічыў іхную Бацькаўшчыну Расеяй - «Руслянд». Гэта кадэты прынялі як зьнявагу.

Ці-ж Шнайдар не ведаў, што ўсе яны зь сярэдняй асьветай, сьведамыя беларусы, вялікія патрыёты, што прыйшлі добраахвотнікамі й не ў нямецкую армію, а ў сваю? Ясна, што ведаў. Але ці ня вылазіла тут наверх тая ігнаранцыя прускага афіцэра, які, пакінуты самому сабе, без загадаў (а нямецкі афіцэр без загадаў - быццам рыба без вады), ня ведаў, як даць рады, ды толькі тое й рабіў, што паказваў сябе перад гэтымі людзьмі з усходу «обермэншам». Кадэты яшчэ больш паглыбілі сваю нянавісьць да немцаў, зроджаную яшчэ на Бацькаўшчыне. Яны з гэтым надта й ня крыліся.

Варта прыгадаць яшчэ адзін выпадак, які кадэты ўзялі на асаблівую ўвагу. На трэці дзень побыту ў Плоцку юнакі заўважылі пры станцыі трох беларускіх афіцэраў: маёра Кушаля, лейтананта Р-ка і ст. лейт. Гуцьку. Яны гутарылі міжсобку. Тут-жа збоку ацялюгваўся й Шнайдар у таварыстве якогасьці немца. На станцыі былі жанчыны й дзеці з тых сем'яў, што яшчэ не ад'ехалі, у тым ліку й немкі. Некалькі зь іх, абчапіўшыся клункамі, сядзелі пад малой стрэшкаю вакзалу. Яны намагаліся схавацца ад сьпякоты пад вузенькім ценем. Старшы лейтанант Гуцька заўважыў нешта сьмешнага ў немак і ня стрымаўся, каб голасна тое камэнтаваць і пасьмяяцца. Шнайдар, што стаяў побач, выразна спасьцярог той сьмех і падумаў Бог ведае што.

- Du lachst ueber Deutsche Frauen, Mensch! Du, Weissruthene... - пачырванеў і ўспыхнуў Шнайдар. - Du kannst die Ehre eines Offiziers nicht verletzen.*

* Ты сьмяешся зь нямецкіх жанчын. Ты, беларус... Ты не павінен зьневажаць гонару афіцэра (ням.)

Гуцька зьбянтэжыўся й адышоў ад немца.

Памінаючы, што немец гаварыў да беларускага афіцэра на «ты», што было яўнай зьнявагай і паніжэньнем, зь якой злосьцю ён накінуўся! А якое меў на гэта права? Тыя кадэты, што бачылі й прыслухоўваліся побач, не забыліся з найменшымі дэталямі расказаць аб гэтым сваім сябрам. Гэткім чынам Шнайдар пасеяў у шматлікіх сэрцах яшчэ адно зярнятка нянавісьці да немцаў, а пасеянае, пэўна-ж, ужо прынясе нейкія плёны...

 

: V

 

На вайсковы дзённы паёк у той час складалася 250 грамаў чорнага хлеба, які крышыўся, сыпаўся, ня мог утрымацца ў вадным кавалку й быў празваны цэглай; каля 50 грамаў маргарыны, зубок сыру прыблізна такой-жа вагі; макулінка мармаляды ды дзьве цыгарэты. Але апошніх ад даўжэйшага часу кадэты не атрымоўвалі зусім. Раніцою была чорная кава, на абед якая-небудзь рэдзенькая зупа з ледзь-ледзь паблісківаючымі на паверхні жыжкі плямкамі тлушчу, вечарам-жа - таксама кава. Атрымаўшы такі паёк, кожнаму жаўнеру даводзілася разьвязаць цяжкое заданьне: ці ўсё гэта зьесьці адразу й наесьціся сяк-так хоць раз у дзень, ці тры разы намагацца замарыць голад. Адны рабілі так, а другія йнакш. Голад усяроўна дакучаў.

Бульбу-ж, калі дзе па-суседзку была, шматлікія баяліся капаць, бо хто ведае, што немцам магло прыйсьці ў галаву. Той паёк, званы па-нямецку Verpflegung, быў тут-жа ўдачна й скора перайменаваны на блізкае па сугуках, але зусім рознае паводле значэньня нямецкае слова verfluchte (пракляты). Пасьля паўдня, калі прыходзіў загад двум чалавекам з кожнага зьвяза браць коц і йсьці да харчавога падафіцэра па паёк-«фэрпфлегунг», то навокал было чуваць: «Гэй, давайце па «фарфлюктар»! Хутчэй «фарфлюктар» ідзіце браць». Пакуль хто пайшоў па харчы, то слоўца «фарфлюктар» было паўторанае зь вялікім смакам і націскам на розныя лады й рознымі галасамі дзясяткі разоў. Гэным паўтараньнем кадэты зусім нядвухсэнсоўна давалі знаць, што яны думаюць адносна нямецкага харчовага пайка. Немцы-ж тое выразна чулі, й некаторыя навет усьміхаліся.

На шосты дзень побыту ў Плоцку прыйшоў загад накіравацца ў ваколіцы Цеханава. Цягнік вечарам пакінуў станцыю й на наступны дзень прыехаў у Цеханаў. Яшчэ ноч пераспалі людзі ў вагонах. Вымаршыраваўшы раніцою, пасьля трохгадзіннае хады, школа затрымалася ў маёнтку Даменты. Тут быў пакінуты першы зьвяз разам з усімі функцыйна-гаспадарчымі службамі й канюхамі, а другі й трэці зьвязы пайшлі ў суседнюю вёску. У іх ліку пайшоў Кастусь Дзежка, а два ягоныя сябры засталіся ў Даментах.

Наступная нядзеля ўдалася надзвычайна пагоднай. Было-б зусім весела, калі-б не сьпякота. Першы зьвяз выйшаў на сьвежа-зжатае поле састаўляць жытнія снапы. Гэткая праца была для юнакоў новасьцю ў войску, дык і ня дзіва, што сярод кадэтаў чулася такая гутарка:

- Ну, браток, цяпер мы ўжо сабе й на хлеб заробім, - пачаў нехта.

- Ты думаеш, што нам таўстапузы немец падвоіць за гэта порцыю «фарфлюктару»? - засьмяяўся іншы.

- Э, ці аб гэтым тут ідзе. Які ты цямняк, нічога ня кеміш. Мы-ж трымаем другую лінію фронту, так сказаць, забясьпечваем тых, што змагаюцца, хлебам.

- Тут ты, брат, як пальцам у неба папаў.

Некалькі галасоў засьмяялася.

- От, абы неяк вайну пражыць, і з нас будзе даволі, - пазяхнуў іншы.

- Я-б то так і да канца вайны згадзіўся езьдзіць ды навет і парабкам служыць, абы...

- Чакай, цябе яшчэ завязуць, пабачыш!

- Дык ты і парабкам навет служыў-бы? Вось дык дагаварыўся!

- І гэта гаворыць адна з кветак беларускае моладзі - надзея нашай паняволенай Бацькаўшчыны!

- Ты там ужо з кветкамі вылазіш? - агрызнуўся той, што хацеў быць парабкам. - Гэрой знайшоўся гэткі!

- Як-бы там ні было, а за «фарфлюктар» адрабіць мусіш.

Неміласэрна пякло ліпеньскае сонца. Юнакі пацелі ў таўстой суконнай чорнай вопратцы.

- Калі мы ўжо ськінем гэтыя паліцыйныя шматы? - прыгадаў адзін. - Хаця-б во скарэй што зялёнае далі.

- Ськідай цяпер, чаго-ж чакаеш.

Апошні ськінуў тоўсты мундзір і шпурнуў на ржышча. Гледзячы на яго, тое самае зрабіла цэлая група. Сымон з Віктарам кінуліся ў хітрыкі. Саставіўшы па пару копак, яны залезлі ў цень ды, аблажыўшыся навокал снапамі, праспалі ледзь не да абеду. Нямецкі «цугвахмайстар» (зьвязовы Турн сядзеў у канаве пры дарозе й ня надта сачыў за тым, дзе хто робіць. Хтосьці хапіў соннага Сымона за нагу, што тырчэла з-пад бабкі.

- Гэй, гляньце, хлопцы, хто ў бабках схаваўсяі - крычаў ён з уцехаю. Бабка ўся пахіснулася й на момант упала.

- Перастань ты! - усхапіўся сонны Сымон. - Што за дурныя жарты, ледзь нагу не выкруціў!

Навокал дружна зарагаталі.

- Сымон, мусіць, даўно на «фарфлюктар» зарабіў.

- Няма надта на каго рабіць. Мы прыйшлі ваяваць а ня нейкія снапы састаўляць, - апраўдваўся Сымон.

- Чакай, яшчэ наваюешся.

Апаўдні павольным крокам зьвяз ішоў дадому польнай дарогаю. Турн трымаўся ззаду калёны. Па абодвух баках дарогі стаяла буйнае, спелае, нязжатае жыта. Некаторыя цяжкія каласы навісалі, пахіліўшыся, над дарогаю. Адзін з кадэтаў, выцягнуўшы руку, скубануў пару поўных жытніх каласоў. Ён цярушыў іх у руцэ й рассыпаў зерне па дарозе Гэтак часта, бывае падсьведама, па прывычцы, робіць дбайлівы гаспадар-селянін, каб прыгледзецца й палюбавацца сьпелым зярняткам жыта. Турн гэта заўважыў.

- Наlt!* - гаркнуў ён.

* Стой! (ням.)

- Rechts um!* - скамандаваў.

* Направа! (ням.)

Усё павярнулася направа і ўпілося зьдзіўленымі вачмі ў немца. Той падбег да рэкрута, што трымаў яшчэ ў руцэ колькі зярнят. Быў злосны й зачырванелы, як бурак.

- Што ты робіш, чалавеча?! - пачаў раўці на зьбянтэжанага юнака. - Ты ідзеш па дарозе, рвеш каласкі й рассыпаеш зярняткі. А ці ведаеш ты, што нямецкі жаўнер на фронце галадуе? Ты свіньня! Цябе, мусіць, наўчыць трэба!

Ён хапіў хлапца за руку й павярнуў фронтам да калёны.

- Глядзеце ўсе! Глядзеце ўважна! Гэты чалавек нішчыць нямецкае дабро, нішчыць хлеб!

Дзьве постаці перад фронтам калёны выглядалі надта камічна: адзін у сваёй раптоўнай злосьці, другі - у зьбянтэжанасьці. Юнакі пазіралі то на немца, то на свайго сябру, што, растапырыўшы пальцы, трымаў на далані пару зярнятак жыта. Ня ведалі, ці з таго сьмяяцца, дзівіцца, ці ўспрымаць наагул паважна. Ці-ж Турн думаў гэнымі двума каласкамі накарміць галодных немцаў на фронце, ці гэта проста быў ізноў-жа зьдзек над чалавекам, што, пэўна-ж, ня думаючы зусім над тым, яшчэ па дамашняй сялянскай прывычцы, пацікавіўся сьпелымі каласкамі?

- Еs ist kein Russland hier!* - зьвярэў Турн. - Памятайце, тут Нямеччына! Гавару вам гэта апошні раз!

* Тут вам не Расея! (ням.)

Ізноў тое-ж Шнайдарава «кайн Руслянд», што выклікала лішнюю дозу нянавісьці да гітлераўцаў, адлюстравалася, замацавалася ў думках кожнага з гэных юнакоў-рэкрутаў.

Увечары таго дня Сымон Спарыш трымаў варту. Вечар быў лагодны, пагодны й ціхі. Нямецкія падафіцэры з афіцэрскае школы й суседніх ротаў пазьбіраліся ў садзе й п'янствавалі ды гарлапанілі да позных гадзінаў. Шмат хто навет «езьдзіў у Рыгу», як прынялося казаць між жаўнераў. Адзін нямецкі зьвязовы падышоў да вартавога й доўгі час гутарыў зь ім. Калі Сымон спытаўся, ці весела яму, той адказаў, што не, хаця й напіўся. Жаліўся, што па дарозе праз Торунь ягоны афіцэр не дазволіў яму адлучыцца наведаць сям'ю, што там жыла. Немец лаяў вайну, афіцэраў і шмат яшчэ чаго, хаця не быў надта п'яным. Ад яго-ж Сымон даведаўся, што ў наступную сераду, за тры дні значыцца, афіцэрская школа мела накіравацца ў паўночна-ўсходнім кірунку і далучыцца да нейкага палка беларускае паліцыі.

 

Капітан Мікула і ўтварэньне трыццатае дывізіі

 

: I

 

Віталі Мікула нарадзіўся ў 1913 годзе ў сям'і малазямельнага селяніна каля Нясьвіжа. Ягоная вайсковая кар'ера пачалася рана таму, што меў старэйшага брата ў польскім войску, які захацеў яго «вывесьці ў людзі». Сам старэйшы брат Віталяга, будучы пакліканым у польскае войска ды выказаўшы добрыя здольнасьці, быў пасланы на падафіцэрскую школу, якую скончыў з добрымі вынікамі. Па нейкім часе здаў іспыты ў афіцэрскую школу для падафіцэраў. Вучыўся там чатыры гады, у выніку чаго быў авансаваны на падпаручніка.

Калі Віталі скончыў сямігодку, старэйшы брат накіраваў яго здаваць іспыт у кадэцкі корпус. У Польшчы былі спачатку тры, а пасьля адно два кадэцкія корпусы, у якія прымалі маладых хлопцаў, што скончылі сямігодку ды змаглі здаць канкурсовыя іспыты. Скончыўшы корпус, юнакі былі кандыдатамі ў афіцэрскія школы.

Віталі Мікула вытрымаў іспыты пасьпяхова. Апрача праверкі агульных ведаў, ад кандыдатаў у кадэцкі корпус вымагаліся пэўныя фізычныя дадзеныя. Віталі быў малым, хударлявым, замораным хлапцом. Калі стаў на вагі, то выйшла, што важыў на колькі кілаграмаў менш, чым вымагала норма. Лекар маладога беларуса адкінуў.

Аднак Мікула не здаўся. Ён наважыўся на вельмі радыкальны крок: напісаць заяву прэзыдэнту Польшчы Масьціцкаму. У заяве, між іншага, пісаў гэтак: «Карпусовы лекар адкінуў мяне за тое, што мая вага не сягае нормы. Гэта праўда. Але лекар ня ведаў таго, што я ў хаце ад маленства гадаваўся адно на бульбе з халадніком». Няведама, ці гэты аргумэнт пераканаў Масьціцкага, але прэзыдэнт налажыў на пісьмо Мікулы рэзалюцыю «прыняць». Віталі Мікула трапіў такім чынам у кадэцкі корпус.

Так добра злажылася, што кадэт Віталі трапіў у роту Кушаля Франціша, добрага вайскоўца й ведамага беларускага патрыёты. Кушаль узяў хударлявага вучня на асаблівую ўвагу.

Было гэта ў 1932 годзе, якраз пасьля пераводу Кушаля з палка ў кадэцкі корпус на становішча камандзера роты. Вучыўся Мікула вельмі добра, але фізычным заморышам застаўся далей, нягледзячы на тое, што кадэтаў добра кармілі. У 1935 годзе кадэцкі корпус, аб якім мова, перавялі з горада Хэлмно на Памор'і ў горад Равіч у Пазнаньшчыне. Была ў Равічы ведамая вялізарная турма, дзе побач са злачынцамі адбывалі кары й розныя палітычныя, у тым ліку й грамадоўцы* - беларусы.

* Сябры «Беларуска сялянска-рабочай грамады» - масавай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі ў Заходняй Беларусі, у 1927 годзе забароненай польскімі ўладамі.

Увесну 1936 году, калі Кушалева рота рыхтавалася да выпускных іспытаў, камандзер яе быў папрошаны ў канцылярыю камандзера корпуса палкоўніка Кавальскага. Апошні пачаў распытваць Кушаля аб кадэце Мікуле. Атрымаўшы найлепшыя водгукі, Кавальскі тыцнуў камандзеру роты нейкі ліст і загадаў тут-жа прачытаць. У лісьце гэным адзін чалавек з тае вёскі, адкуль паходзіў Віталі Мікула, пісаў свайму сябру-беларусу, які сядзеў у Равіцкай турме, быццам за камунізм, што ў Равічы знаходзіцца «свой чалавек», Віталі Мікула, які можа яму дапамагчы. Турэмная адміністрацыя, заміж таго каб уручыць ліст вязьню, пераслала яго палкоўніку Кавальскаму.

Паляк заявіў Кушалю, што Мікула неадкладна будзе звольнены з кадэцкага корпуса. Шмат нэрваў каштавала беларусу, каб упрасіць Кавальскага пакінуць Мікулу ў корпусе, каб хаця здаў іспыты. Неахвотна, але паляк згадзіўся. Малая была з таго пацеха, бо калі пасьля іспытаў усіх пасьпяховых вучняў накіравалі ў афіцэрскія школы, Мікулу адлічылі. Але малады беларус і тут ня здаўся, а, паклікаўшы на дапамогу свайго брата, сам паехаў у Торунь, дзе была артылерыйская афіцэрская школа й куды ўдалося яму ўладзіцца. Скончыўшы школу, Віталі Мікула быў авансаваны на падпаручніка артылерыі.

З малых гадоў, трапіўшы яшчэ ў кадэцкі корпус, малады Віталі заўважыў дыскрымінацыю нацыянальных меншасьцяў палякамі. Яму-ж, якому давялося перажыць ці мала ліха, паўгалоднаму, недагледжанаму, які жыў, вечна турбуючыся за заўтрашні дзень і ўважаючы на свой кожны крок, каб дзе не праваліцца (абы, як гаварыў той старэйшы брат, «выйсьці ў людзі»), нацыянальнае ўсьведамленьне прыйшло ў раньнюю пару. Памаглі, зусім ясна, у гэтым самі-ж палякі, якія на кожным кроку вытыкалі нацыянальную розьніцу, хоць яны, ясна, ня ўжывалі слова «беларус», а найчасьцей - «хам» ці «кацап». У Мікулы, як і ў сотняў тысяч іншых прыгнечаных польскімі панамі беларусаў, нацыянальнае цесна вязалася з сацыяльным. Дык і дарога да поўнага ўсьведамленьня ня была крутая. Калі ў 1939 годзе ўспыхнула вайна, лейтанант Мікула не належаў да тых, што стараліся грудзьмі ўтрымаць нятрывалы паверсальскі твор - дзяржаву, пад прыгнётам якой было некалькі мільёнаў беларусаў.

 

: II

 

Магчымасьць служэньня свайму народу прыйшла ў 1943 годзе, калі арганізавалася Беларуская Самаахова й Францішак Кушаль паклікаў свайго былога вучня ў Менск. Віталі Мікула ўкладае элемэнтарны беларускі вайсковы статут, працуе над устанаўленьнем беларускай вайсковай тэрміналогіі й прысьвячае шмат часу і сіл вайсковаму школьніцтву. Цэлы час ён мае надзею, што Самаахова ёсьць адно пачатак беларускіх нацыянальных збройных сілаў. Адносна акупанта ў яго няма ілюзіяў. Ведамы сваёй сьціпласьцю, вымагальнасьцю да сябе й іншых ды настойлівасьцю, ён часта ўступае ў канфлікты зь немцамі ў абароне беларускіх жаўнераў. Ёсьць сяньня шмат людзей, якія цьвердзяць, што гэныя канфлікты ўплылі на пазьнейшы трагічны Мікулаў лёс. Вельмі праўдападобна.

Калі насьпела арганізацыя Беларускае Краёвае Абароны, адкрылася шмат шырэйшае поле да дзеяньня. Капітан Мікула, цяпер ужо заступнік камандуючага БКА, ведае, што сіла арміі ляжыць перадусім у афіцэрскіх кадрах. Выкладаючы на курсах перашкаленьня беларускіх афіцэраў для Самааховы, ён спасьцярог, што між добрага зерня была маса й мякіны, якую разьнясе ў ліхі час першы вецер. На такі нятрывалы элемэнт нельга было абапіраць армію на даўжэйшы час. Толькі зусім малады, добра нацыянальна ўзгадаваны й сьведамы, патрыятычны, адукаваны элемэнт мог стацца трывалымі падвалінамі пад будучую армію. Школа Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны, у якую прымаліся юнакі ад 16 да 19 год, і была адказам на гэтыя высновы. Мікула часьценька прыгадваў колішнія свае цяжкасьці й цэлую масу непрыемнасьцяў ды перашкодаў, што давялося перанесьці й перамагчы ў польскім войску беларусам, і добра ведаў вартасьць навучаньня будучых афіцэраў БКА ў сваёй роднай мове й пад сваёй камандаю, хаця ў заўсёднай амаль прысутнасьці немцаў. Дзеля таго ён прысьвячаў афіцэрскай школе ці не найбольш увагі.

З выгляду Віталі Мікула быў чалавекам дробнага складу, сярэдняга росту, сьветлавалосы, з шэрымі вачыма і, здаецца, рабаціньнем на твары. Наплечныя падкладкі вайсковага мундзіра рабілі ягоныя плечы шмат шырэйшымі, чым былі ўзапраўду. Рухі меў упэўненыя, надта апанаваныя, глядзеў заўсёды ласкава й стараўся прамаўляць ці гаварыць проста, бязь лішніх крывуляў. Твар ягоны, звычайна лагодны, меў тую ўласьцівасьць, што адразу будзіў давер і пашану да гэтага чалавека. Кадэты Менскае Школы Камандзераў БКА хаця спазналі капітана Мікулу бліжэй упершыню ў тую чэрвеньскую раніцу, калі пакідалі Менск, адразу вычулі, што ў асобе капітана маюць свайго найлепшага сябру, пратэктара, чалавека, які будзе дбаць пра іхняе дабро ня менш, чым пра сваё собскае. Яны, як пазьней паказалася, зусім не памыліліся.

 

: III

 

Перад тым, пакуль спынімся над падзеямі, зьвязанымі з утварэньнем трыццатае дывізіі, неабходна хаця павярхоўна пазнаёміцца нам яшчэ з дзьвюма асобамі - палкоўнікам Зіглінгам і маёрам Мураўёвым.

У жніўні 1942 года ў раённае места Гарадзішча Баранавіцкае акругі зьявіўся на чале пяхотна-панцырнага батальёну капітан Зіглінг. Гэта быў 57-мы батальён, што налічваў звыш 600 чалавек. Была там маса беларусаў, частка ўкраінцаў і іншыя. Батальён гэты, утвораны для змаганьня з чырвонымі партызанамі, меў нямецкіх афіцэраў і бальшыню падафіцэраў, шмат конных хурманак, верхавых коней і лёгкіх панцырных аўтамашын. Меў таксама колькі лёгкіх гарматаў, шмат цяжкое аўтаматычнае бальшавіцкае зброі ды навет малы разьведчы самалёт, званы «скрынкай».

Пасьля колькіх сутычак з партызанамі ў ваколіцах відаць было па баёвой спраўнасьці людзей, што адзьдзел быў добра здысцыплінаваны й вышкалены. Жаўнеры паважалі свайго малажавага камандзера, які адносіўся да іх па-людзку й не належаў да тых тупых афіцэраў старое прускае вайсковае касты, што так шмат шкоды прынесьлі гітлераўскай Нямеччыне ў часе вайны бесталковым ці проста зьверскім абыходжаньнем з чужымі.

Зіглінг меў добрую разьведку ў ваколіцах. Сам часта выяжджаў у далейшыя мясцовасьці для вышукоўваньня партызанскіх гнёздаў, асьцерагаючыся, каб не цярпела цывільнае мясцовае жыхарства. Яго нельга залічыць да тых зьверскіх тыпаў гітлераўцаў, што ў кожнай аперацыі супраць партызанаў бачылі нагоду, каб пусьціць дымам адну ці другую беларускую вёску разам з ейнымі жыхарамі. Дзякуючы пільнасьці й руплівасьці Зіглінга, у незадоўгім часе авансаванага на маёра, Гарадзішчанскі раён і суседнія ваколіцы былі ачышчаныя ад чырвоных. Батальён браў удзел і ў шырэйшых акцыях супраць чырвоных супольна зь іншымі адзьдзеламі ў далейшых мясцовасьцях Беларусі.

Здаралася, што Зіглінг мусіў прыходзіць да крайніх мераў, якіх высьцерагаўся - пушчаць з дымам беларускую вёску. Гэтак, напрыканцы 1943 году, пяцьдзесят сёмы батальён спаліў у часе зацятага бою вялікую валасную вёску Застарыньне. Налічвала яна звыш дзьвесьце гаспадарак і мала хто з жыхароў уцалеў. Бойку ў вёсцы справакавалі бальшавіцкія партызаны, што наўмысьля заселі на падстрэшшах і адкрылі агонь са звычайнай і аўтаматычнай зброі па адзьдзелах Зіглінгавага батальёну. Ужо хто як хто, а лясныя злачынцы добра ведалі, што мог значыць бой у вёсцы. Калі-б яны дбалі аб дабро мірнага беларускага жыхарства, то, пэўна-ж, не пачалі-б біцца ў вёсцы, ведаючы, што тая пойдзе з дымам разам з усімі будынкамі й жыхарамі. Няма іншага выясьненьня, як толькі тое, што чырвоныя сьведама сваймі й чужымі рукамі пастараліся зьнішчыць Застарыньне.

З украінскім русафілам маёрам Мураўёвым чытач сустрэнецца яшчэ шмат дзе ў будучыні, таму скажам пра яго адно пару слоў. Самае важнае, асноўнае, што нас цікавіць цяпер, гэта тое, што маёр Мураўёў быў надта блізкім сябрам Зіглінга, аж да розных інтымнасьцяў, як, прыкладам, супольных вандровак да дзяўчат у розныя часы і ў розных месцах. Мураўёў быў калісь афіцэрам савецкае арміі. Пасьля пераходу ў палон пайшоў на службу да немцаў і побач Зіглінга тры гады змагаўся з партызанамі ў Беларусі. Там абое й зблізіліся. Зіглінг часьценька браў на ўвагу парады Мураўёва - мо таму, што той меў язык і больш ведаў краіну, а мо і зь іншых прычынаў. Гэтае нас менш цікавіць. Асноўнае, што ня было тайніцай, - маёр Мураўёў уважаўся правай рукой Зіглінга й нярэдка ўплываў на тыя ці іншыя пастановы немца.

 

: IV

 

У месяцы ліпені 1944 года на Мазуршчыне на поўнач ад Варшавы ды ў самай Усходняй Прусіі знаходзілася колькі дзесяткаў тысяч людзей з розных збройных адзьдзелаў, а то й рэштак адзьдзелаў, што эвакуаваліся зь Беларусі. Насамперш былі там адзьдзелы Дапаможнае Паліцыі, Беларускае Краёвае Абароны, рэшткі чыгуначнага батальёну, украінскай зялёнай паліцыі, што дзейнічала ў Беларусі. Там-жа былі й рэшткі або й цэласьці такіх адзьдзелаў, як Зіглінгаў 57-мы батальён ды іншыя, створаныя немцамі з мэтаю змаганьня з партызанамі. У складзе гэтых збройных частак пераважалі палонныя з Чырвонае Арміі. Паводле нацыянальнага складу, гэта рознаякае войска было ў сваёй бальшыні беларускім. Некаторыя цьвердзілі, што беларусы складалі ці ня больш за 80 % усіх вайскавікоў. Ясна, ніхто-ж не правяраў і не падлічваў працэнтаў, адно ўгадвалі паводле характару адзьдзелаў. З праўдай далёка не разьміналіся.

Перад нямецкім вайсковым камандаваньнем паўстала пытаньне: што рабіць зь дзесяткамі тысячаў людзей, што ў Беларусі так ці йнакш былі дапамогай для акупацыйнага апарату? Бязумоўна, немцы былі задаволены з наяўнасьці людзкіх рэзэрваў, што лішні раз удасца выкарыстаць. Адно - ці паслаць іх да капаньня вакопаў і будовы ўмацаваньняў па-за фронтам, ці адправіць на паўнявольніцкую працу на фабрыках, ці, рэарганізаваўшы, - стварыць вялікую збройную адзінку? Пару тыдняў усё, як здавалася, вісела ў паветры. Хадзілі розныя чуткі. Найчасьцей цьвердзілі, што неўзабаве давядзецца капаць вакопы ці будаваць бункеры. Радзей мяркавалася аб тым, што людзі атрымаюць зброю ці захаваюць тую, што маюць, ды пойдуць ваяваць на фронт.

Маёр Зіглінг быў выкліканы ў Бэрлін, дзе меў даўжэйшыя гутаркі зь вярхоўнымі ўладамі. Бязумоўна, ён добра ведаў як людзей, так прыблізна й іхныя настроі, а там ужо, зьверху, пэўна-ж, таксама мелі свае пляны. Хутка пасьля Зіглінгавага выезду ў Бэрлін афіцэры збройных адзінак, што знаходзіліся на Мазуршчыне і ва Ўсходняй Прусіі, атрымалі загад зьявіцца ў ввабоз у ваколіцах гораду Эльбінг. Загад адносіўся да адзінак, у якія ўваходзілі беларусы і ў меншай меры ўкраінцы й расейцы. Іхны афіцэрскі склад быў мяшаны: прыблізна напалову - немцы, другая палова - афіцэры іншых нацыянальнасьцяў.

24 ліпеня 1944 году каля першае гадзіны ночы ў абозе каля Эльбінга зрабілі трывогу. Афіцэры атрымалі загад неадкладна рыхтавацца да канфэрэнцыі. Транспартнымі аўтамашынамі перавезьлі іх у вялікую падгарадзкую вілу, абстаўленую моцнай вартай. Пры ўваходзе ў будынак кожны быў грунтоўна кантраляваны.

Ніхто ня змог адказаць на агульнае, як здавалася, пытаньне: што гэта за такая важная канфэрэнцыя, што турбуюць ажно а першай уночы, дый навошта такія меры асьцярожнасьці? Калі сабраліся ўсе ў залі, няведама адкуль зьявілася вестка, пушчаная, відаць, наўмысьля, што чакаюць прыезду палкоўніка з Бэрліну, які мае тут-жа і выявіць пляны адносна далейшага лёсу афіцэраў і іхных адзьдзелаў. Прысутных было больш за паўтары сотні. Самая вялікая заля набітая была бітком. Чакалі блізу чатыры гадзіны, аж да раніцы.

З афіцэраў амаль палова была немцамі. Другой па велічыні групай былі расейцы, колішнія чыны Чырвонай Арміі. Украінцы, пераважна русафілы, якія трапілі ад бальшавікоў у нямецкі палон і пасьля перайшлі ў паліцыю, што аперавала ў Беларусі, былі трэцяй групай. Колькасна найменшая ў параўнаньні зь іншымі беларуская група мела таксама й найменш старэйшых рангамі: пару маёраў, колькі капітанаў, рэшта - малодшыя чыны. Яшчэ менш было між імі беларускіх патрыётаў.

Загадкавай была адсутнасьць камандуючага БКА маёра Кушаля, які ў час скліканьня афіцэраў у Эльбінг быў ці то ў Лодзі, куды заехаў пасьля Плоцку, ці ўжо навет вярнуўся назад у Кэнігсбэрг. Як пазьней выявілася, маёр Кушаль аб канфэрэнцыі быў наагул непавядомлены, хоць шэф штабу БКА капітан Мікула ў час атрымаў паведамленьне ды, на вялікі жаль, ня мог скантактавацца з Кушалем. Гэткім чынам капітан Віталі Мікула, апынуўшыся на канфэрэнцыі ў Эльбінгу, мусіў дзеяць на сваю руку, без папярэдняга паразуменьня са сваім начальнікам. Магчыма, што навет і нельга было мець нейкага папярэдняга паразуменьня ці плянаў, бо-ж сама канфэрэнцыя была неспадзяванай, тэмы нарадаў - няведамыя. Усё-ж можна было-б збольшага прадугледзець, што на парадку дня будзе лёс беларускіх збройных адзінак, іхняя будучыня, арганізаваньне іх у нешта большае. Можна тады загадзя было-б устанавіць беларускія пазыцыі, палітыку й тактыку.

Магчыма, што Генэрал-Камісар Беларусі фон Готбэрг, які склікаў тую канфэрэнцыю й якому да гэтага часу падлягалі ўсе вайсковыя ненямецкія адзінкі з былога Генэралкамісарыяту Беларусі ды які, пэўна-ж, і дэлегаваў маёра Зіглінга ў Бэрлін для нарады зь вярхоўнымі ўладамі, ня меў намеру памінуць цэлага штабу Беларускае Краёвае Абароны. Магчыма, што ў свой час і нейкай дарогаю быў высланы загад у Беларускую Цэнтральную Раду, каб дала дыспазыцыі ўсім афіцэрам БКА быць там і там ды тады й тады. Магчыма, што той загад дзесьці й кімсьці быў загублены. Па-першае, Астроўскі з ад'ютантамі сядзеў у Лодзі, працаўнікі-ж БЦР былі ў Кэнігсбэргу, а сам камандуючы БКА, маёр Кушаль, як мы ўжо раней успаміналі, езьдзіў па Мазуршчыне й па Ўсходняй Прусіі, шукаючы згубленых па дарозе зь Менску розных беларускіх адзьдзелаў і афіцэрскае школы БКА. Перш за ўсё трэба помніць, што быў хаос, дык і шмат рэчаў было магчымых і немагчымых. Магчыма, што й тое-сёе сталася не бязь ведама расейцаў, што былі абселі пасады каля людзей, якія тварылі трыццатую дывізію. Магчыма...

Перастанем губляцца ў здагадках, адно запамятаем, што са штабу Беларускае Краёвае Абароны на канфэрэнцыі ў Эльбінгу быў сам капітан Мікула. Беларускія афіцэры тварылі найменшую групку лічэбна, найніжэйшую рангамі і з найменшай колькасьцю людзей нацыянальна сьведамых і патрыётаў. Расейцы трымалі ў сваіх руках ці ня ўсе козыры: памінаючы немцаў, яны былі шматколькасныя лічэбна, мелі нямала высокіх чыноў - пару палкоўнікаў і шмат маёраў. Па-іхняму-ж думалі, пэўна, і многія ўкраінцы-русафілы. Іхныя людзі, у першую чаргу маёр Мураўёў, былі сябрамі Зіглінга.

 

: V

 

Ужо сьвітала, калі ў вялікай залі прыгараднай вілы ў Эльбінгу зьявіўся Зіглінг. Ён толькі што прыляцеў самалётам з Бэрліну й адразу пасьпяшыў на месца канфэрэнцыі. Магчыма, ня ведаў навет, што чакаюць яго добрых пяць гадзін, бо крышку дзівіўся, што ўсе выглядалі надта соннымі, а некаторыя дык проста й не саромеліся пазяхаць.

У дзьвярах сустрэў яго Мураўёў, які павіншаваў з новым авансам на падпалкоўніка. Давялося патрэсьці колькі добразычлівых рук. Справа была пільная, а Зіглінг - чалавек свае справы, дык і не трацілася шмат часу на выказваньне розных ветлівасьцяў. За сталом з аднаго боку новага падпалкоўніка (дзеля скароту будзем называць яго палкоўнікам) прымасьціўся ад'ютант-капітан немец, з другога-ж - Мураўёў. Далей было колькі расейцаў наперамешку зь немцамі. На залі асноўныя нацыянальныя групы захаваліся ў цэласьцях - немцы, як найбольш лічбоўныя й гаспадары, ня зьбіваліся ў кучу, затое асобна трымаліся расейцы, таксама як беларусы і ўкраінцы.

Зіглінг гаварыў паволі й выразна. Капітан-расеец перакладаў сказанае на расейскую мову. Каротка гаворачы, справа выглядала наступна: нямецкае камандаваньне ўважае, што для чужых збройных адзьдзелаў, эвакуаваных з усходу, ёсьць два выйсьця - або быць зарганізаванымі ў адну вайсковую адзінку й працягваць змаганьне супраць ворагаў Нямеччыны, або быць завербаванымі на працу пры пабудовах прыфрантавых умацаваньняў і ў нямецкай прамысловасьці. Нямецкае камандаваньне лічыць, што першы выхад быў-бы карысьнейшы для абодвух бакоў, але - і тут быў нясьмелы намёк, што быццам выбар залежаў ад гэтак званых хаўрусьнікаў з усходу, - усё залежыць ад зацікаўленых людзей. Калі захочуць ісьці працаваць, а не ваяваць, дык і тое будзе надта добра.

- Вы як афіцэры ведаеце, як вашы людзі думаюць. Адкажыце мне тады зараз на пытаньне: што яны хочуць - ці быць у войску і ваяваць побач немцаў аж да перамогі, ці працаваць?

У залі зашумела. Паветра было цяжкое. Густы табачны дым еў сонныя вочы.

- Конечно, воевать будем! - пачуўся першы голас.

- Застаёмся ў арміі!

- Мы е солдаты, а не робітнікі!

- Все согласны с этим? - дапамог Зіглінгу Мураўёў.

- Да, конечно.

- Усе.

- Так, давайце далей.

Пасьля аднагалоснага вырашэньня першага й самага асноўнага, як здавалася, пытаньня пачалася гутарка над тым, якой па сваім характары мае быць новая вайсковая частка. Што па прызначэньні гэта будзе пяхотная дывізія - лішнім было гаварыць. Ішла гаворка адно пра назву, нацыянальны твар. Тут немцы былі няміла зьдзіўленыя, калі давялося прыслухоўвацца да розных думак, што былі ў канфлікце між сабою. Расейцы, якіх было найбольш сярод афіцэраў, настойвалі, што дывізія павінна быць па нацыянальным характары расейская: некаторыя ўкраінцы (надта-ж неяк неадважна й нявыразна) даводзілі, што для ўкраінцаў было-б крыўдна, бо як-ніяк іх было-ж шмат. Палякі былі ў асноўным у ліку «фольксдойчаў», значыцца, выступалі разам зь немцамі. Ніводзін паляк не асьмеліўся выступіць пад шыльдаю сваёй нацыянальнасьці. А беларусы...

Капітан Мікула, што да гэтага часу маўчаў і ўважна прыслухоўваўся, добра ацаніў сытуацыю, у якой ён, разам з групаю беларускіх афіцэраў, а шырэй гаворачы - тысячы беларускіх жаўнераў на Мазуршчыне й ва Ўсходняй Прусіі, апынуўся. Пераважная бальшыня жаўнераў была беларусамі, адно афіцэраў было малавата. Але, пэўна-ж, у пачатках і іншыя афіцэры знайшлі-б месца ў дывізіі, пакуль сваіх набралася-б. Вунь-жа ёсьць афіцэрская школа. Адно абы дывізія была вызначана беларускай, а не расейскай ці якой іншай. БЦР і беларускія вярхоўныя дзейнікі мелі-б перад немцамі козыры ў руках. Дывізія была-б капіталам, які можна было выкарыстаць палітычна. Калі-ж такую нагоду пусьціць люзам і не дамагацца свайго, дык гэта будзе непрабачальнай памылкай і адаб'ецца адмоўна на беларускай справе ў будучыні. Нельга-ж дазволіць, каб расейцы на беларускім тавары капітал сабе рабілі. Капітан Мікула сумляваўся, што ўдасца чаго-небудзь дабіцца, але не было-ж іншага выйсьця. Як шэф штабу Беларускае Краёвае Абароны, перадусім гарачы патрыёт, што на першае месца заўсёды ставіў дабро свайго народу, ён мусіць заступіцца за сваіх жаўнераў, дамагацца іхных правоў ды там-сям і паставіць пэўныя кропкі над «і», каб ведалі немцы і - мо ў найбольшай меры - расейцы.

- Спадар палкоўнік, - пачаў Мікула спакойным голасам, устаўшы, - спадары афіцэры. Я хачу гаварыць не як звычайны беларускі афіцэр, але як заступнік камандуючага Беларускае Краёвае Абароны. Лічу абавязкам усім насамперш прыпомніць, што ўсё войска амаль, аб якім ідзе гутарка, гэта беларусы. Ёсьць іх там звыш 80 адсоткаў. Гэта жаўнеры Беларускае Краёвае Абароны, беларускай Дапаможнай Паліцыі, іншых беларускіх батальёнаў. Усе гэтыя людзі былі пад загадамі Генэральнага Камісара Беларусі, пасярэдне-ж - пад загадамі штабу БКА й паліцыі. Праўда, у Беларусі былі й іншыя, чужанацыянальныя адзьдзелы, якія цяпер пры адступленьні зьмяшаліся зь беларусамі і становяць часьць цэласьці. Яны-ж цяпер - гэтая малая часьць - асьмельваюцца дамагацца, каб усё беларускае войска, зарганізаванае ў новую дывізію, сталася іхным па нацыянальным характары. Спадары афіцэры, гэта ня толькі абсурд, гэта, мякка выражаючыся, непрабачальнае нахабства! - закончыў Мікула з націскам.

На залі падняўся вялікі шум, асабліва ў групе расейцаў. Зіглінг прыслухоўваўся адным вухам да перакладчыка, іншым - да Валянціна Мураўёва, што, нахінуўшыся, стараўся нешта сказаць палкоўніку.

- Откудова он такой взялся!

- Что он чепуху плетет, большинство солдат - русские! - крычалі расейцы.

Зіглінгаў ад'ютант стукаў у стол, стараючыся наладзіць парадак.

- Наша беларуская пазыцыя мусіць быць і ёсьць толькі адна, - прадаўжаў Мікула, калі супакоілася на залі, - новаарганізаваная дывізія павінна быць беларуская. Гэтага я дамагаюся як шэф штабу Беларускае Краёвае Абароны. Гэта нашыя жаўнеры, яны былі да гэтага часу пад нашаю камандай, такімі яны й павінны застацца. Іншанацыянальныя афіцэры й адзьдзелы, як меншыня, могуць увайсьці ў новую беларускую дывізію...

У часе, як гаварыў Мікула, Валянцін Мураўёў, нахінуўшыся, шаптаў нешта на вуха палкоўніку Зіглінгу. Той цікавіўся, здавалася, тым, што гаворыць украінскі русафіл, больш, чымся тым, што адбывалася на залі. Ізноў падняўся шум. Колькі афіцэраў зь беларускай групы ўздыхнула з палёгкай, пачуўшы Мікулавы словы. Украінцы выглядалі зьбянтэжанымі, а расейцы шумелі найбольш, паглядаючы на Зіглінга й Мураўёва. Перакладчык коратка пераклаў Зіглінгу сказанае Мікулам.

- Как меншость! Ха-ха-ха! - пачуўшы апошнія Мікулавы словы, зарагатаў старэйшы вусаты маскаль - падпалкоўнік, што стаяў побач вакна ў групе вышэйшых чынамі афіцэраў. - Да позвольте, господа офицеры, - прадаўжаў ён з сарказмам, - кому же этот молодой господин хочет очки втирать?!

- Где же ваши белорусские офицеры? Их большинство! Хэ-хэ, дураков ищут, что ли...

- Да зачем им офицера. И без них обойдутся... Хэ-хэ-хэ... - засьмяяўся яшчэ нехта іншы ў натоўпе расейцаў.

- Афіцэраў у нас на пачатак стане. А па-другое, ёсьць вунь афіцэрская школа - дзьвесьце чалавек. Вось і будуць афіцэры.

- Молокососы! Погодите, пока научатся...

- Да не довольно ли с него?! - убіўся ў гутарку ізноў той вусаты падпалкоўнік, што знаходзіўся пры вакне. - Валька! - зьвярнуўся ён беспасярэдне да Мураўёва. - Ты чего там зеваешь? Наведи порядок!

Капітан Мікула, заўважыўшы, што справа йдзе ў дрэнны бок, з усхваляваньнем і ўжо маласкрыванай злосьцю, голасна сказаў, зьвяртаючыся проста да Зіглінга:

- Спадар палкоўнік, гавару вам, што мы даволі маем маскалёў. Мы ніколі больш не пагодзімся, каб над намі верх трымалі ды намі камандавалі маскалі!

- Садись уже, садись, довольно с тебя! - рэзкім тонам спыніў Мікулу Мураўёў.

Шэф штаба БКА спачатку ня верыў сваім вушам. Як быццам апараны варам, упрытомніўшы дзёрзка-зьняважлівыя словы Мураўёва, ён акінуў зрокам беларускую групу, быццам спадзяючыся так патрэбнага ў той час падтрыманьня. Яно ня прыйшло. Мікула, імглістым поглядам абвёўшы залю, зачырванеўшыся, сеў. Што ў тую хвіліну думаў, няцяжка адгадаць. Адно ня ведаў, што, калі так рэзка й адважна выступіў супраць расейцаў у абароне сваіх жаўнераў, наважыў аб сваім будучым лёсе.

- Дивизия будет русская! - закончыў з фінальным адценкам у голасе Валянцін Мураўёў.

 

: VI

 

Школа камандзераў Беларускае Краёвае Абароны афіцыйна перастала існаваць 28 ліпеня 1944 году - роўна месяц пасьля выхаду зь Менску й два месяцы пасьля ейнага пачатку. Загадам штаба новазарганізаванай 30-й Усходняй (Другой расейскай) дывізіі яна сталася дванаццатай ротай чацьвёртага палка. Рэкрутам была выдадзена блакітна-зялёная вопратка, і ў хуткім часе мелі распачацца заняткі над вышкаленьнем. Камандаваньне ротаю абняў старэйшы векам, сівы, павольны, з двума залатымі зубамі наперадзе, старшы лейтанант Петрык, а шэфам роты быў назначаны «фольксдойч» Кацынскі.

Вестку аб ліквідацыі афіцэрскае школы кадэты прынялі зь вялікім незадавальненьнем. Фактычна была гэта толькі фармальнасьць - школа-ж перастала існаваць ад Менску. Але пакуль усё было плыннае, не надта выразнае, няведамае, дык ставала й месца на пешчаньне надзеяў: а мо яшчэ ня ўсё страчана, мо школа будзе ўзноўленай, мо капітан Мікула, на якога ўжо кадэты былі прывыклі пакладацца й якога палюбілі, асягне сваё. Маладыя юнакі-патрыёты навет не дадумоўваліся, якой катастрафічнай для беларусаў была сытуацыя ў вярхах. Ня ведалі, што быў недахоп арганізаванасьці, плянавасьці - замест іх часьценька выступала прыродная, амаль першабытная стыхійнасьць. Шэрагі беларускіх афіцэраў былі сьціплыя, хісткі элемэнт, што так ці йнакш на Бацькаўшчыне лічыў сябе беларусамі, тут ужо паказваў іншае аблічча. Сам штаб БКА быў здэзарганізаваны, камандуючы БКА зусім страціў сувязь са сваім заступнікам, а кожны рабіў, што далося на сваю руку. БЦР была раськіданая, галава ня ведала, што рабілі рукі... Аб якой супольнай плянавасьці дзеяньня магла быць мова? Кадэты аб гэтым ня ведалі. Тое-сёе дайшло да іхных вушэй пад час арганізацыі 30-й дывізіі, але няведама было, ці то былі плёткі, ці праўда. Юнакі, як людзі з асьветай, плёткам не давалі вялікай вагі, дык і цяпер зь недаверам махнулі рукой. А шкада, што не пацікавіліся бліжэй, не распыталіся, асабліва не праведалі, што сталася ў самога капітана Мікулы. Афіцыйны загад замяняў школу камандзераў на дванаццатую роту 30-й (Другой расейскай) дывізіі, ды і ўсяго. Што крылася за гэтым ззаду - кадэты ня ведалі, мусіць, таму, што былі яшчэ занадта зялёнымі. А шкада...

Цэлы апошні тыдзень ліпеня праходзіў пад знакам рэарганізацыі. Было шмат зборак, перапісвалі ўсіх у роце, выдзялялі спэцыялістых - кулямётчыкаў, мінамётчыкаў, розных патрэбных рамесьнікаў. Рота зноў зрабіла 25 кілямэтраў у паўночна-ўсходнім кірунку і затрымалася ў вёсцы Альшэўка Пустулскага раёну. Разьмясьціліся ў сялянскіх гумнах. У суседняй вёсцы Кзы быў штаб чацвёртага палка.

 

: VII

 

Пагода пагоршала. Колькі дзён бесьперапынна ліў дождж і значна пасьцюдзянела. Аднаго дня рэкруты праводзілі страявыя заняткі ў гумнах. Пасьля заняткаў, калі Сымон Спарыш ішоў з кухні, несучы ў кацялку зупу, хтосьці гукнуў яму збоку:

- Сымон, ідзі, вунь Кастуся Дзежкі бацька прыйшоў.

- Дзежкаў бацька? - спытаў зьдзіўлены Сымон, і ў ягоным уяўленьні мільгануў вобраз спакойнага, разважлівага, жартаўлівага старога, добрага беларускага патрыёта.

Сымон на хаду зьеў зупу й накіраваўся ў гумно, дзе быў трэці зьвяз. Здалёк заўважыў пад згорбленай вярбой тры постаці. Віктар Караткевіч стаяў каля бацькі й сына. Сымон аж жахнуўся: ледзь пазнаў старога Дзежку. Пасівелая кароткая барада пакрывала ўвесь схудзелы твар. Худы, босы, з пасінелымі ад холаду нагамі, апрануты ён быў у нейкія танныя падкасаныя штаны й палатняную сьвітку. З-пад расшпіленай на ўсю шырыню кашулі выглядалі касматыя грудзі. Вочы блішчэлі ад недахопу сну, харчаваньня й адпачынку.

- Вельмі прыемна бачыць вас на чужыне, - сказаў Сымон, вітаючыся, - дай Бог, каб я дачакаўся такой нагоды, як Кастусь. - Уяўленьне Сымонава намалявала постаць свайго бацькі - старога, прыгорбленага, заклапочанага. Цяжкі боль тузануў за сэрца. Сгары Дзежка й Сымон прывіталіся.

- Якім чынам вы сюды зьявіліся? - спытаў юнак.

- А вось тут недалёка едзе наш вабоз, недзе ў маёнтку затрымаўся. Дачуўся, што вы тут, і прыйшоў.

- Вельмі рады вас бачыць. Але-ж вы й зьмяніліся. Матка Боская! Вось паглядзі, сын, - гаварыў Сымон да Кастуся, - як выглядае твой бацька на чужыне.

Кастусь моўчкі пазіраў на старога.

- Калі-ж вы з Глыбокага выехалі? - пытаўся Сымон.

- З Глыбокага выехалі мы 27 чэрвеня. Усё яшчэ было цэлае. Пасьля дайшлі чуткі, што ў панядзелак бальшавікі былі ўжо ў Глыбокім, а мы выехалі ў папярэднюю пятніцу. Хто хацеў, той выяжджаў. Загадаў на гэта ня было.

Навокал старога сабралася грамада хлапцоў. Хутка кішэні яго былі напоўнены махоркай, сухарамі, цыгарэтамі. Віктар аддаў яму сваё афіцэрскае гумовае дажджавое паліто, што купіў яшчэ ў Вільні. З апавяданьняў старога Дзежкі вынікала, што ў ваколіцы былі беларускія ўцекачы з Глыбоччыны, Наваградчыны й Баранавіччыны. Разьвітаўшыся зь ім, Віктар, Кастусь і Сымон моўчкі пайшлі ў свае гумны. Вобраз схудзелага зморанага старога цяжкім каменем лёг ім на сэрцы. Гэта быў вобраз тысячаў, мо сотняў тысяч уцекачоў-беларусаў, што йшлі й ня ведалі куды - худыя, галодныя, абдзёртыя, гаротныя.

 

Марш у Прусію. Страйк за «Фарфлюктар», Альбрэхтаў

 

: I

 

Трэцяга жнівеня 1944 году прыйшоў загад рыхтавацца ў дарогу. Мелі йсьці пехатою каля 150 кілямэтраў на поўнач ва Ўсходнюю Прусію, дзе канцэнтравалася дывізія для вайсковага вышкаленьня. Назаўтра раніцою а шостай гадзіне дванаццатая рота пакінула Альшэўку й спалучылася па дарозе з батальёнам. Прайшоўшы Цеханаў, батальён накіраваўся на Млаву. Ішлі больш пехатой, а рэдка ехалі. Дзе была добрая дарога з горкі, там прысядалі на хурманкі й пад'яжджалі, хто мог і каму ўдавалася. Сымон ужо колькі разоў шкадаваў свайго маленькага гнядога коніка, якім калісьці ехаў зь Менску Камовіч, а пры ім цэлая суполка, ды якога пасьля перадалі пад апеку Шуло.

Дзень быў ізноў сьпякотны. Каля трэцяй гадзіны дванаццатая рота затрымалася на ўзгорку пры дарозе. Хурманкі былі пастаўлены ў адзін шэраг, канюхі таўкліся пры сваіх конях. Адна з хурманак неўзабаве вярнулася ад батальённага харчавога з «фарфлюктарам». Службовы падафіцэр клікаў людзей, каб ішлі браць харчы. Ніхто не варушыўся зь месца. Хлопцы стаялі групамі й штосьці абгаворвалі, нярэдка заядла спрачаючыся. Ужо ад некаторага часу заўважылі, што пайкі значна паменшылі бязь ніякай, як ім здавалася, прычыны. Пастанавілі знайсьці прычыны гэтага.

Калі нямецкі харчавы падафіцэр сам яшчэ раз гукнуў, каб ішлі браць і дзяліць харчы, й калі ніхто не паварушыўся - ён зьбянтэжыўся. Да яго падыйшлі Кастусь Дзежка й Сымон Спарыш і заявілі, што гавораць ад імя цэлай роты. Выясьнілі немцу, што рота адмаўляецца браць харчы аж да таго часу, пакуль ня будзе выясьнена, чаму паменшылі пайкі. Людзі былі галодныя й на тых пайках, што ім належыліся, а тут яшчэ іх зьменшылі. Немец спачатку пачырванеў, пасьля, выняўшы з-за пазухі паперку, пачаў выясняць, колькі й чаго належылася на дзённы харчовы паёк. Каля яго хутка зьявіліся Турн і Кацынскі, якія, разьведаўшы, у чым справа, адвялі Кастуся й Сымона на бок ды побач паставілі са стрэльбаю вартавога. Два сябры толькі цяпер пабачылі, што справа была надта паважная, што яны былі арыштаваныя, і зь нецярплівасьцю сачылі, што будзе далей, ці падтрымае іх салідарна цэлая рота.

Кацынскі загадаў усім неадкладна сабрацца. Паставіўшы іх у тры шэрагі, сказаў усім тым, што падтрымоўваюць дамаганьні, выказаныя двума іхнымі сябрамі харчавому афіцэру, адыйсьці тры крокі наперад і пяць направа. Рота адышла на вызначаную «фольксдойчам» адлегласьць. Толькі Мулага й Жук засталіся на месцы. Два чалавекі з паўтары сотні выламаліся з агульнай салідарнасьці. Кацынскі стаяў і думаў. Гэтага ён ніяк не спадзяваўся. Бачыў, што справа тут паважная, бо за выняткам двух недалугаў (аб іх будзе мова пасьля) усе былыя кадэты выступілі заадно. Кацынскаму, пэўна-ж, выдавалася, што выступіць толькі адзін ці другі дзесятак чалавек. У такім выпадку арыштаваных можна будзе абвінаваціць у падбухторваньні да бунту цэлага адзьдзелу і, згодна ваеннага права, застрэліць тут-жа на вачох ва ўсіх. З другога боку - прызнацца немцам, што яны давалі людзям меншыя пайкі толькі таму, што іх абкрадалі, таксама было цяжка. А калі й ня прызнацца, дык усё-ж хлопцы ня дурныя, яны й самі аб гэтым ведалі. Гаворка ішла пра сам факт пацьверджаньня гэтага немцамі.

Кацынскі ізноў паставіў роту на месца ды абяцаў, што разгледзіць іхнюю скаргу, праверыць, як яно ёсьць з пайкамі ў харчовага падафіцэра. Ён звольніў Кастуся й Сымона з-пад арышту, загадаў усім разысьціся ды браць харчы. Хутка пайкі былі падзеленыя, і ўсе зь нецярплівасьцю чакалі заўтрашняга дня. Цікава было пабачыць, што прынёс страйк за «фарфлюктар».

Назаўтра кожны з роты атрымаў больш хлеба, па адной кансэрве мяса на тры дні й іншае. Ужо чаго-чаго, а мяса рэкруты даўно не бачылі. Значыцца, сьмеласьць і салідарнасьць аплаціліся. Ад гэнага часу раз назаўсёды перасталі давяраць немцам, бо вось самі-ж былі змушаныя прызнацца, што зьяўляюцца зладзеямі.

Усе хвалілі за адвагу Кастуся Дзежку й Сымона Спарыша, ды проста зьдзекаваліся з двух рэнэгатаў - Жука й Мулагі. Рота больш, чым дагэтуль, сталася адной цэласьцю, скансалідаваным арганізмам, які пазнаў, што ў змаганьні за сваё існаваньне й правы павінен палягаць толькі на свае сілы.

 

: II

 

Калі даводзілася праходзіць праз горад, калёна маршыравала роўным прыгожым жаўнерскім крокам, нягледзячы на вялікую фізычную зьнямогу. Чысьценькі, зялёны, абкружаны возерам гарадок Дойчэ Эйлаў, каля самай паўдзённай мяжы Ўсходняй Прусіі, ветліва ўсьміхаўся ў цёплых праменьнях сонца, што ўжо кацілася зусім на захад, калі даўгая расьцягнутая калёна забубнела сотнямі жаўнерскіх і конскіх падковаў на яго вуліцах. Жыхары зь вялікай цікавасьцю прыглядаліся праходзячым.

Наперадзе йшла рота, утвораная з былой паліцыі, пераважна ўкраінцаў. Калі мінула невялікі мост і ўзышла на роўную вуліцу, жыдзенькі тэнар прышчаватага казачка-ўкраінца голасна зацягнуў «Чапаева».

- А мы што? - пачулася злоснае ў перадавых шэрагах дванаццатай. - Гэта яшчэ маюць нам праклятым «Чапаевам» галаву дурыць?

- Давайце іх перакрычаць!

Кацынскі, што ехаў пры чале роты на самакаце, ня браў увагі на гутаркі.

- Што за ідэя - перакрычаць? Сьпявайма па-людзку!

- Дудкевіч, зачынай!

- Давайце там, зачынайце! - данеслася і з хваста.

 

- Мы бойкая моладзь, арлы маладыя, -

 

пачаў ня надта яшчэ сьмела сьпераду голас, але тут больш сотні пасьпяшыла яму на дапамогу:

 

За намі нядоля братоў,

Ў душах нашых шчырых ідэі сьвятыя,

А ў жылах крывіцкая кроў.

 

Падраўняліся крокі, выпрасталася, мінуўшы мосьцік, калёна, і, здавалася, з усёй моцы паўтары сотні глотак стараліся сапраўды заглушыць «Чапаева». Але гэта ня было так проста, як магло выглядаць. Сьпяваючы «Бойкую моладзь» ці пасьля «Першы зьвяз», рэкруты з былой афіцэрскай школы БКА выяўлялі й сваю нянавісьць да бальшавіцкага Чапаева й пагарду да сьпевакоў-паліцаяў, шмат хто зь іх думаў і рабіў адно, служыў іншаму, а песьні, запазычаныя ад ненавіснага ўсяму чалавецтву ворага, цягнуў і сьпяваў па ўсёй Эўропе. Быў гэта ня першы выпадак песеннага змаганьня з паліцаямі, а разам з тым і змаганьня з усім бальшавіцкім, чужым, наносным, рэнэгацкім. Таму й ня дзіва, што й гэтым разам «Бойкая моладзь» і «Першы зьвяз» гучалі прыгажэй і ямчэй, чым «Чапаеў», і ўжо некаторыя з той, «чапаеўскай», калёны аглядаліся ў кірунку патрыётаў-беларусаў з незадаваленьнем. Жыхары-ж гораду зь цікавасьцю пазіралі на калёну і прыслухоўваліся да песеннага канцэрту. Ці хто зь іх ведаў, што ў гэты момант першы раз між іхных вуліцаў і будынкаў разьлягалася тут-жа побач і адначасова песьня ўжо недалёкай будучыні акупанта й песьні стагодзьдзямі крыўджанага й прыгнятанага гэным-жа акупантам народу...

 

: IІІ

 

Пасьля ўсяночнага маршу, каля гадзіны чацвёртай над раніцай батальён прыйшоў у вялікую вёску Альбрэхтаў, дзе й разьмясьціўся. Дванаццатай роце была адведзена вялікая пуня. Рэкруты ўлягліся спаць на леташняй саломе, намошчанай навокал каля сьцен. Толькі канюхі са сваймі хурманкамі затрымаліся ў іншым гумне.

Вёска Альбрэхтаў, як і тысячы іншых прускіх вёсак, мела высланую гладкімі камянямі вуліцу, свой «гастгаўз» (у дадзеным выпадку «Рэшкэ гастгаўз»), сваю стараватую мураваную лютэранскую сьвятыню зь вялікім пляцам каля яе, школу, дзе размясьціліся таксама нашы жаўнеры, ну і ясна - колькі дзесятак гаспадарак.

Вёска Альбрэхтаў, пэўна-ж, мела сваю гісторыю й традыцыі, мо й свой характэрны дыялект і сваіх баб-плётак ды наагул усё, што складае вясковае жыцьцё. Гэтымі дэталямі новапрыбылыя жаўнеры ня цікавіліся, а каб і цікавіліся, дык што з таго? Час ім на тое не пазваляў. Затое іх абыходзіла ўсё, што беспасярэдна адносілася да іх, а да гэтага ў самую першую чаргу належалі дачыненьні да іх прускіх баўэраў і наагул мясцовых немцаў. Трэба-ж не забывацца, што першы раз у сваім жыцьці апынуліся яны ў нямецкай вёсцы й тут мелі сустрэцца з карэннымі жыхарамі, што не насілі вайсковых мундзіраў.

Гэтак, у самы першы дзень побыту ў Альбрэхтаў, калі была зробленая зборка, зьвязовы Турн яшчэ раз, адно з шмат большым націскам паўтарыў і прыпомніў тое шнайдараўскае «кайн Руслянд», што ім так ужо ўелася ў памяць. Турн сказаў, што яны ўжо цяпер знаходзяцца ў Нямеччыне, што Нямеччына гэта не Расея і што ўсіх рэчаў, якія можна там - у Расеі, тут нельга рабіць. Пад гэтым разумеў, што ў Расеі можна красьці, можа, й забіваць, а тут - у Нямеччыне, усяго гэтага рабіць нельга. Не адзін з юнакоў пачырванеў ад злосьці, яшчэ раз слухаючы тую зьнявагу. Але што-ж зробіш?

Калі малы Лабуня, неяк ідучы па вуліцы, кінуў вокам на яблыкі, што сваім цяжарам зьгіналі сукі шматлікіх дрэваў у садзе аднаго баўэра, то навокал, адкуль ні вазьміся, сабралася група малых падросткаў-немцаў, што махалі кулакамі й пагражалі яму, быццам злодзею. Відаць, дзеці былі ўжо навучаныя старэйшымі. Беларусы адразу заўважылі, што, дзе-б яны ні павярнуліся, ці то на вуліцы, ці ў загуменьні, іх сачыла не адна пара вачэй - быццам разбойнікаў ці зладзюгаў, якім ніяк нельга было давяраць. Ясна, што такія «добрасуседзкія» дачыненьні выклікалі са свайго боку й нэгатыўнае стаўленьне беларусаў да немцаў. Варожасьць да сваіх афіцэраў і падафіцэраў, што нарадзілася пад Варшавай ці яшчэ раней, цяпер паглыбілася і ўгрунтавалася ў сэрцах маладых беларускіх патрыётаў пры сутычцы з прусакамі.

Ужо на другі дзень немалая частка роты пашла на вясковы пляц на страявыя заняткі, а іншым было загадана йсьці да баўэраў на працу. Сымон і Віктар пайшлі касіць жыта да гаспадара, у якога затрымалася рота. Ішло цяжкавата. Па-першае, яны былі амаль галодныя. Кожны касец ведае, што на чорнай каве й кавалку хлеба надта не накосіш. Нязручныя цяжкія нямецкія косы з крывымі касавідламі ніяк не спрыялі працы. На далонях хутка падняліся чырвоныя, набеглыя крывёю мазалі. Разам з Сымонам і Віктарам працаваў на полі паляк, што служыў у баўэра ўжо пяць год. Ён разгаварыўшыся, наракаў на немцаў і свой дрэнны лёс. Каля абедняе пары касцы зусім аслаблі. Калі вярнуліся на абед, Турн спытаў:

- Ну, як працавалася? Не ляніліся?

- Працавалася так сабе. З пустым жыватом надта-ж цяжка касіць, - адказаў Сымон.

- Як гэта? - насупіўся зьвязовы. - Што, ты раніцай не атрымаў кавы ці хлеба не маеш?

- Я піў каву, але на вадзічцы надта не накосіш. Цьвярдзейшым чым-небудзь на такую працу пасілкавацца трэба.

- Альфонс! - клікнуў гаспадара зьвязовы Штык, што быў прыкамандыраваны да роты ў вёсцы. - Гэтыя два пойдуць да цябе на абед.

Баўэр быў ужо выхіліў галаву цераз адкрытае акно й сам, мусіць, хацеў клікаць работнікаў на абед.

- Спарыш! - гукнуў Сымона Турн. - Аддай каму свой кацялок, каб прынёс тваю абеднюю порцыю зупы, вечарам зьясі. Абед у немца складаўся з кавалачка мяса, аблітага сосам, тоўчанай жменькі бульбы, тоненькай ськібачкі хлеба й кубка масьлянкі. Умясьціўшы той скупы абед у жываце ды яшчэ наверх уплёўшы порцыю гарохавае зупы, прынесенай з жаўнерскае кухні, Сымон і Віктар зусім нядрэнна падсілкаваліся. Пасьля паўдня зноў пайшлі ў поле вязаць снапы. Працавалі паволі, шмат гаварылі, але не стаялі. Дзень быў сьпякотны, ды надта й перапрацоўвацца ня было для каго. Пад вечар прыйшоў гаспадар і, агледзеўшы зьвязаныя снапы, сказаў, што малавата зрабілі й каб ішлі дадому. Было тое незадоўга перад канцом працы, й хлопцы здагадаліся, што прусак адсылае іх загадзя, каб ня даць вячэры. Віктар з Сымонам, вярнуўшыся, заселі зь іншымі сябрамі гуляць у «ачко» і так прагулялі той час да вячэры. Даводзілася ім працаваць яшчэ пару дзён у таго Рэшкэ, што меў гасподу. Калі хлопцы прыйшлі на абед, гаспадар - пузаценькі пяцідзесяцігадовы падсівелы немец, загадаў мыцца ў хляве, а пасьля казаў яшчэ звазіць дровы. Юнакі моцна пакрыўдзіліся й сакавіта лаяліся, ідучы дадому.

 

: IV

 

Яшчэ на Бацькаўшчыне давялося Сымону аднойчы пазнаёміцца з адным беларусам, што меў прэтэнзіі быць пісьменьнікам, дый сапраўды тое-сёе пісаў і там-сям друкаваўся. За часоў нямецкае акупацыі працаваў нейкім малым канторшчыкам пры Генэральным Камісарыяце, дзе й сталаваўся. Гэта быў, сьціпла гаворачы, немафіл. У кожным нямецкім учынку бачыў штось асаблівае, вартае насьледаваньня. Здаецца, што й сапраўды ўважаў немцаў за вышэйшую расу «гэрэнфольк». Сымон быў перакананы, што навет і самога сябе той пісьменьнік уважаў за істоту, якая немцам далёка не раўня.

- Ты паглядзі на немцаў вунь, - гаварыў неяк Сымону пісьменьнік, - вось дык культурны народ. Гэта ці бачыў хто! Хаджу на абед у сталоўку Генэральнага Камісарыяту. Дык што ты думаеш? Ня толькі чысьценька з талерак ядуць, што ніводнай макулінкі не марнуюць, але ўжо калі йдзе аб хлеб, дык, глядзіш - і ўчарашнія чорствыя скарыначкі падчысьцяць ды яшчэ й крошачкі пазбіраюць. Вось гэта дык культура! Гэта дык народ!

Сымону пазьней часьценька прыгадваліся тыя словы. Мо й трэба з пашанаю адносіцца да эканомнасьці й ашчаднасьці, - думаў Сымон, - ды часамі ня толькі варта, але прост-напраст неабходна. Адно калі йшла гаворка пра тую пісьменьнікаву заўвагу адносна немцаў, дык Сымон дабачваўся там і нечага іншага. Будучы ў Прусіі, заўважыў ненармальную нямецкую скупасьць. Адна рэч, калі казаць пра нямецкую скупасьць у дачыненьні да чужых, але-ж яна, скупасьць гэтая, не абмяжоўвалася толькі чужымі, абымаючы ўсіх - у тым ліку й сваіх нямецкіх жаўнераў. Ніколі, прыкладна, не давялося Сымону бачыць, каб нейкі нямецкі баўэр пачаставаў ці хаця-б даў што-небудзь свайму нямецкаму жаўнеру. Тут вайсковыя не хадзілі так па вёсках, жабруючы й просячы: «Матка, яйка, матка, шпэк», як гэта рабілі ў Беларусі.

Праўда, былі розныя гітлераўскія строгія правы аб падатках, усё ў кожнага баўэра было праверана й падлічана - і жывёла, і маёмасьць, і цэлы дабытак. Але-ж тое было і ў Беларусі, куды ў большай меры экспляатаванае акупантам.

Як ужо тыя акупанты ні душылі бедных беларускіх сялян, якім ужо не ставала самім не толькі хлеба, а часамі й бульбы. У найцяжэйшыя ваенныя часы беларусам ніяк нельга было раўняцда да прускіх баўэраў. І зноў у Сымонавай памяці ўваскрасала доўгая, здавалася, бясконцая, худая, абарваная калёна шкілетаў - палонных з Чырвонае Арміі. Калёна мінае Сымонавую вёску. Сялянкі, панабіраўшы ў пелены што было ў хаце пад рукою - скарынкі ці акрайцы хлеба, вараную бульбу, выходзяць да дарогі й шпурляюць яду ў калёну. Чуваць крыкі палонных, яны кідаюцца кучамі на яду, сьмерць косіць бедных людзей жалезьзем зь нямецкіх аўтаматаў.

Беларусы, самі бедныя, абрабаваныя, ледзь не жабракі, дзяліліся з беднымі людзьмі апошнімі кавалкамі хлеба, а хто й таго ўжо ня меў - бульбінай. І ці зрабілі-б гэтак нямецкія баўэры? Сымон быў перакананы, што не. Гэта - народ без душы, без спачуваньня.

З гэткага параўнаньня прыходзіла юнаку ў галаву думка, што народ ягоны быў адным з найлепшых, найбольш гасьцінных, спагадных у бядзе. Меў вялікае, гуманнае, поўнае хрысьціянскае любові сэрца. Яно абымала полымем каханьня ня толькі сваіх родных дзяцей - беларусаў. Войны паказалі, што навет жаўнер акупанта, калі ён быў галодны й папрасіў у беларускага селяніна кавалак хлеба, дый ці толькі хлеба, ніколі не адыходзіў ад дзьвярэй з пустымі рукамі. І магчыма, што беларускі народ якраз за такую сваю дабрату так шмат пацярпеў на працягу цэлае гісторыі ад іншых. Мо ён быў зашмат даверлівы, занадта добры, цераз меру спагадны.

Нараканьні прускіх баўэраў, што быццам беларусы іх аб'ядаюць, а ня едуць на фронт, былі зусім недарэчныя. Па-першае, жаўнеры хадзілі паўгалодныя. Ужо як тады будзе на фронце, думаў ці адзін зь іх, калі тут, дзе павінны быць нармальныя даставы, даводзіцца галадаваць. Па-другое, калі вы хочаце, каб вас баранілі, разважалі беларусы, дык хаця накарміць галодных выпадала-б. Іншыя, у злосьці на немцаў, кідаліся ў крайнасьці.

- Чакайце, вы, швабы! - пагражалі немцам. - Хоць ня з нашых рук, але дастанеце вы хутка. Вам бальшавікі пакажуць, дзе ракі зімуюць!

 

: V

 

У кожнай сям'і - гаворыць народная мудрасьць - бывае паршывая авечка. Знайшлася адна і ў дванаццатай роце. Даўно заўважылі сябры, што Курэц меў зладзейскія прывычкі. Гэта быў чарнявы, вастраносы, з зялёнымі вачыма, слабой інтэлігентнасьці хлапчук. Ужо ці раз бачылі, як ён то там то сям, бывае, якую малапатрэбную рэч у кішэню суне. Мо яна й ніколі яму не прыйдзе ва ўжытак, але ўсё-ж сьцібне, от так - толькі з прывычкі. Дык і ня дзіва, што ў Альбрэхтаў адзін ці другі ў роце заўважыў: глядзі, як Курэц вунь носам водзіць. Ужо ці не наважыў ён там што налева зрабіць...

І калі здарылася гісторыя з гуркамі, то ўсе адразу падазравалі Курца, хоць не шмат хто ў яго тыя гуркі бачыў.

Было гэтак. У баўэра, у якога рота затрымалася ў пуні, на панадворку, тут-жа каля вуліцы й калодзезя, расьлі гуркі. Гэта быў малы, трохкутны, абгароджаны частаколам, лапік. Ведама, як немец выкарыстоўвае кожную пядзю зямлі. Тут-жа й выгадна было, ня трэба здалёк ваду на паліўку прыносіць - адразу каля студні. Усе былі заўважылі тыя гуркі, што, як парсюкі, ляжалі на малых лешках. Уночы звычайна стаяў тут-жа вартавы. Гэтак было і ў тую ноч, калі гуркі прапалі. Раніцою некаторыя зь немалым зьдзіўленьнем пабачылі, што бальшыня гуркоў зьнікла мінулае ночы, а на лехах засталіся сьляды панабіваных цьвікамі падноскаў вайсковых чаравікаў ды паломанае каліўе.

Як-жа тут знойдзеш злодзея? Вартавыя нічога ня бачылі (і як-жа маглі не бачыць?!), ніхто да пакражы не прызнаваўся. Колькі ні рабіў скандалу баўэр, колькі ні муштраваў цэлую роту нямецкі падафіцэр, ніхто пра гуркі нічога ня ведаў. Ды і з самой роты, ясна, бальшыня нічога ня ведала, а тыя, што ведалі, маўчалі.

- Няхай сабе, калі ў нас і ёсьць злодзей, дык ён наш. Нашто дазваляць немцам каб каралі яго, - мяркавалі некаторыя. Гэта былі ўголас выказаныя думкі бальшыні роты.

Як і раней, пры страйку за «фарфлюктарам», рота выказала поўную салідарнасьць. Няхай і шмат хто думаў пра Курца, былі-ж і такія, што ведалі дый разам спажывалі, але ніхто не паказаў пальцам. Колькі-ж за гэта прыйшлося ўсім, падаючы й падымаючыся, пабегаць па полі, колькі немцу давялося дзерці глотку. Злодзея так і ня выкрылі.

Пасьля нейкае нядзелі побыту ў Альбрэхтаў прыйшла ў адзьдзел вестка, што цэлая трыццатая дывізія будзе перакінутая ў Францыю. Адзьдзелы ад'язджалі чаргова, ладуючыся на цягнік на станцыі Розэнбэрг. Неяк аднойчы пад вечар прыйшоў у дванаццатую роту загад падрыхтавацца да ад'езду. Рыхтаваліся дацямна й чакалі. Позна вечарам загад быў адкліканы. Яшчэ чатыры дні затрымаліся на месцы.

 

: VI

 

Зараз на загуменьні на скошаным жытнішчы адбываліся заняткі. Гэта былі самыя элемэнтарныя вайсковыя практыкаваньні. Вучылі маршыраваць роўным крокам, паварочвацца, салютаваць, трымаць у розных позах зброю. Звычайна заняткі праводзіў нямецкі зьвязовы Штык. Каманда ўжывалася нямецкая, а не беларуская - як у Менску, і ня ўсе добра цямілі нямецкую мову. Звычайна перакладчыкам служыў Вечка, высокі чарнявы худы хлапец з-пад Баранавічаў. Штык дзяліў роту на зьвязы, даваў беларускім зьвязовым інструкцыі, каб праводзілі тыя самыя практыкаваньні ў сваіх зьвязах, а сам хадзіў і наглядаў. Амаль кожны дзень з роты выдзялялі каля пяці чалавек, якія пасылаліся на працу да нямецкіх сялян.

Часьценька заняткі ў роце праводзіў шэф Кацынскі. Выпадае пазнаёміцца зь ім крышку бліжэй. Гэта быў «фольксдойч» (фактычна паляк) з Быдгошчы. Гаспадарчы падафіцэр дванаццатае роты сяржант Грамыка служыў разам зь ім у польскіх уланах у Грудзёндзу, дзе Кацынскі адбыў 18 гадоў. Лёгка было заўважыць у яго вайсковыя ўхваткі. Шэф насіў боты з кароценькімі халяўкамі і нагадваў, як здавалася Сымону, то жолуд, завостраны зьверху, то, іншым разам, растапыраны камель зношанай мятлы. Мо да гэтага крыху спрычыняліся адтапыраныя нізы мундзіра, востры вялікі нос ці навет і тая ўланская, вельмі характэрная хада. Росту Кацынскі быў высокага. Падоўжаны твар быў сьпераду закончаны даўгім шылаватым носам. Шпарка й злосна пазіраючы на ўсе бакі, верцячыся навокал, быццам тыя сьвярдзёлкі, бегалі нясупынна маленькія вочы. Цяжка было разрозьніць, ці Кацынскі сьмяяўся, ці моршчыўся ад злосьці. А мова! Што гэта за мова! Калі пачынаў камандаваць, то вусны яго плявалі несупынным ручаём словаў нямецкіх, польскіх і чыста мазурскіх.

Бывала зранку, пасьля сьнеданьня, службовы зробіць зборку ўсёй роты і паставіць у тры шэрагі. Кацынскі стаіць воддаль і прыглядаецца. Прыняўшы ад падафіцэра рапарт, фэльдфэбэль пачынае:

- Асhtung! Gerade aus! Rownaj, rownaj! Таm, psiakrew, bzusek do tylu! Jesce, jesce! Verfluchte Mensch, wieviel mal muss ich sagen?!*

* Увага! Раўняйся, раўняйся! Там, пся крэў, жывот назад! Яшчэ, яшчэ! Колькі я павінен табе таўчы?! (ням. і польск.)

Калі той, што не схаваў жывот - «bzusek do tylu», не зьвярнуў належнае ўвагі на «фольксдойчавы» словы, Кацынскі падбягаў да вінаватага рэкрута, браў абедзьвюма рукамі яго сьпераду за плечы ды правым каленам з усёй сілы пхнуў у жывот. Ясна, пхнуў ён не шкадуючы, так што гаспадару жывата ўжо не хацелася высоўвацца задалёка наперад круглай часткай свайго тулава. Калі пасьля сакавітае лаянкі Кацынскі выраўняе ўсе тры шэрагі і калі побач няма старшага лейтананта камандзера роты Петрыка, ён ідзе павольна перад фронтам і прыглядаецца да кожнага паасобку. Барані Божа, калі ў цябе незашпілены гузік або брудныя чаравікі. Ой і дастанецца-ж! Звычайна спаганяў усю злосьць на Мулагу.

Бывае-ж амаль у кожнай роце адзін найбольш неахайны й недалужны, а з прычыны гэтага - звычайна «ахвярны казёл». Гэткі знайшоўся і ў дванаццатай. Мулага быў ці не найбольшы за ўсіх ростам. Здавалася, што ён слаба панаваў над часткамі свайго цела. Ня было агульнай каардынацыі, гармоніі. Хадзіў, быццам складаны з кавалкаў. Дый ці толькі хадзіў. Усё рабіў ня так, як належылася маладому й рухаваму хлапцу.

- Вы ведаеце што? - жартаваў адзін зь сяброў. - Сяньня прачнуўся я й гляджу: Мулагаў азадак ужо стаіць на варце, а галава яшчэ сьпіць.

Мулага хутка стаўся пасьмешышчам роты. Што-б ні рабіў, усё выходзіла быццам не сваймі рукамі. Калі й гаварыў, то здавалася, што язык адмаўляўся яго слухаць. І найбольш караны быў за сваю павольнасьць. У той час, калі ўсе ўжо пасьнедаюць, апрануцца, пачысьцяцца й павыходзяць на зборку, Мулага яшчэ толькі канчае есьці. Ня тое што многа любіў есьці, калі было што, бо й росту быў вялікага й патрабаваў, але надта-ж паволі варушыў пры ядзе ськівіцамі. Здаралася, што прыбяжыць на зборку з выпушчанай наверх ніжням кашуляй або без аднае ці дзьвюх брызентавых халявак, якімі абкручваліся й зашпільваліся каля чаравікаў ніжнія канцы нагавіцаў.

Спыніцца «фольксдойч» перад Мулагам і ўвесь, пачырванеўшы, як бурак, аж анямее ад злосьці.

- Мulaha! - раўне на ўсю глотку фэльдфэбэль. - Verfluchte Mensch! Наst du keine Zeit Ordnung zu machen? Відзіш там то дзеўко? - пакажа Кацынскі пальцам на суседняе дрэўца. - Forwaerts maarsch! - Мулага бяжыць па-маленьку. - Lauf, lauf, Mensch! Schnell, schnell!* - раве ўсьлед Кацынскі, Мулага паскорыць крок.

* Мулага! Ах ты, пракляты! Няма часу навесьці парадак? Наперад марш! Гэй ты! Бяжы, бяжы! Хутчэй, хутчэй! (ням.)

- Ніnlegen!* - загадвае шэф.

* Кладзіся! (ням.)

Мулага падае.

- Auf!* - камандуе фэльдфэбэль.

* Падымайся! (ням.)

Мулага падымаецца.

- Ніnlegen! Аuf! Hinlegen! Auf! Links marsch! Schnell, schnell! Hinlegen! Auf! Zurueck marsch! Hinlegen! Auf!*

* Кладзіся! Падымайся! Кладзіся! Падымайся! Налева! Хутчэй, хутчэй! Кладзіся! Падымайся! Назад марш! Кладзіся! Падымайся! (ням.)

Каманды Кацынскага - падаць і падымацца на бягу - так хутка чаргуюцца, што Мулага ня ўсьпее легчы, як ужо мусіць уставаць. Фэльдфэбэль наўмысьля накіруе рэкрута ў якую брудную лужыну ці каўдобіну. Спачатку ўся рота прыглядаецца гэнаму караньню Мулагі з насьмешкамі й задаваленьнем. Паволі сьмех сьціхае, й на шматлікіх тварах зьяўляецца цень сымпатыі да адсталага сябры. Нікому не падабаюцца зьдзекі «фольксдойча» Кацынскага, якога ў роце ніхто ня любіў.

Пасьля такой муштры Кацынскі звычайна пашле змучанага, спочанага, зусім забруджанага ў гразь Мулагу ў гаспадарскі панадворак з загадам вычысьціцца й зьявіцца назад, быццам нованароджанаму, за дзесяць хвілін. У такім кароткім часе загад выканаць немагчыма. Калі Мулага спозьніцца, атрымае другую кару, іншага характару. Адылі ніякія кары Мулагу не памагалі. Назаўтра паўтаралася тое самае, што было сяньня. Дык і ня дзіва, што насьмешкі над адсталым сябрам з боку самых навет надаедлівых прыеліся. Паступова пачыналі ўважаць нармальнымі ўсе Мулагавы ненармальнасьці.

 

: VII

 

Аднойчы вечарам Віктар Караткевіч і Бука, вярнуўшыся з працы ад баўэра, голасна хваліліся ўсім, хто хацеў слухаць, што яны сяньня надта добра наеліся.

- Калі-б так кармілі, - гаварылі абое, - то бязь ніякіх цырымоніяў згадзіліся-б быць у немцаў парабкамі да канца вайны.

Хлопцы, папрыносіўшы з кухні чорную каву, пасядалі ў пуні кожны ля сваіх клункаў і пасьцеляў ды браліся за вячэру. Заяву Букі й Віктара прынялі па-рознаму.

- Гэта вы сказалі, што гатовы быць парабкамі? - зьдзіўлена папытаў Сымон. - Дзіўлюся. Я ведаю, што, пакуль трымаю ў руках стрэльбу, датуль буду чалавекам. А як пакіну, тады хто ведае...

- Праўду Спарыш кажа, - падтрымаў Сымона Шытко. - У сяньняшні час стрэльбы кідаць няварта.

Прысутныя паволі ажывіліся. Пачуліся з усіх бакоў галасы. У спрэчцы вырозьніваліся тры групы: адны падтрымлівалі Сымона, другія баранілі Буку, якога падтрымліваў Халяўка, рэдка адзываліся Каранькевіч і Будрэвіч. Трэцяя група спачатку маўчала.

- Гаворыце вы шмат усе, - пачуўся голас прадстаўніка трэцяй групы Качановіча, - але што з таго, калі мала робіце...

- А што-ж рабіць, па-твойму?

- Ты, спартсмэн, можаш пакінуць свае дурныя абзацы, бо нікому яны не патрэбныя, - упікнуў нехта Качановіча. Чаму яго называлі спартсмэнам - няведама. Мо таму, што быў высокі ды вельмі рухавы.

- Але чаму вы, хлопцы, як галодныя, - бараніўся Бука, - чаму вы тады гэтага ня скажыце? Чаму тады кожны з вас вурчыць і злуецца? Чаму ты, Спарыш, тады не зьясі сваёй стрэльбы замест хлеба?

Некаторыя засьмяяліся.

- Думкі аб стрэльбе тады, пэўна, у галаву не прыходзяць, - працягваў Бука. - Цяпер дык вы ўсе гаворыце, усе Спарыша падтрымліваеце, а тады дык не адзін кажа, што гатоў мундзір ськінуць і за хлеб працаваць.

- Трэба й зброя, й хлеб, - сьцвердзіў Каханчык. - Возьмем хаця-б сабе такі прыклад, няхай і гістарычны. Як Напалеон стаяў у Альпах ды жаўнеры яго галадалі, яны-ж не пакінулі зброі й не пайшлі зарабляць на хлеб. Напалеон сказаў: вунь хлеб, ідзеце й заваюйце. Яны пайшлі й заваявалі.

Гутаркі на гэтую тэму цягнуліся доўга, бо аж да гадзіны адзінаццатай вечара. Шмат было й дзяцінна-наіўнага й проста недарэчнага ў іх. Нехта ўспомніў і тое, што ўсе ўжо іх пакінулі (пад гэным «усе» разумелася перадусім Беларуская Цэнтральная Рада) і што справа была кепская, бо без правадыра можна лёгка загінуць.

- Правадыр сярод нас знойдзецца, - запэўніў Жылякоўскі.

- Мы цяпер, хлопцы, ваюем якраз так, як калісьці палякі йшлі разам з Напалеонам, - укінуў сваё Віктар.

- А ты, Караткевіч, лепш маўчаў-бы, бо ты свайго голасу ня маеш, - накінуўся на яго Бука. - Цягнеш то за адных, то за другіх. Ваяка гэткі знайшоўся. Ваюем, кажа. Дзе-ж гэта ты ваюеш, браце шаноўны? Вунь, каб пачуў порах, то нябось як тая мыш пад мятлу ўцякаў-бы.

У канцы ўжо ніхто не падтрымліваў Букі.

- Як гэта, хлопцы, Бука мог быць у Крывічах асьветным афіцэрам? Гэта-ж трагэдыя была, - сьмяяўся зь яго Сымон. - Куды-б гэта ён завёў і чаго навучыў-бы тых людзей? Падумайце-ж толькі. Вось дзе-б цярпела Беларусь!

Будучы ў Альбрэхтаў, Кастусю Дзежку яшчэ раз давялося сустрэць свайго бацьку. Валачыўся ён пры абозе ўцекачоў, што ехаў у Розэнбэрг. Вабоз складаўся са сваякоў людзей, што служылі ў войску. Стары Дзежка яшчэ больш пастарэў за гэты час. Вось што расказаў ён Кастусю й сябрам:

- Калі ехалі мы празь вёскі Прусіі, немцы адносілісяда нас вельмі дрэнна. Глядзелі на нас, як на людзей ніжэйшых, сьвіней якіх. Заходжу аднойчы ў хату і прашу вады. Вунь ідзі, - паказвае мне баба помпу на панадворку. А чым-жа, - пытаюся, - піць? Рукой, кажа. Ну й злосьць-жа мяне ўзяла. Проста-напраста лічыць нас за жывёлу. Што я тады раблю? Як прыязджаю дзе ў вёску ці ў горад, адразу здымаю кашулю й б'ю вошы. Гэта ім за кару. Няхай прыглядаюцца.

Хлопцы зарагаталі.

- Цяпер-жа сытуацыя паправілася, - закончыў стары Дзежка, - едзем у Розэнбэрг, а там нас будуць вызначаць на працу да гаспадароў.

23 жніўня 1944 года адзьдзел пакінуў Альбрзхтаў і накіраваўся ў Розэнбэрг, каб заладоўвацца на цягнік дзеля паездкі ў Францыю.

 

Падарожжа ў Францыю

 

: I

 

Нехта недзе зрабіў вялікую памылку, загадаўшы перакінуць трыццатую дывізію з Усходняй Прусіі ў Францыю. Можа, пасьля асоба ці асобы, адказныя за тое, і плявалі сабе ў бароды за такі промах, калі пабачылі, да чаго тое прывяло. Ды было позна. Мо да пастановы спрычыніліся пэўныя мяркаваньні, але калі такія й былі, то, пэўна-ж, яны не палягалі на разьліку на найбольшую баёвую выдайнасьць дывізіі ў будучыні. Хіба-ж немцы ня ведалі, што для жаўнераў трыццатае дывізіі - беларусаў, украінцаў, расейцаў і палякаў, найбольш небясьпечным ворагам быў бальшавізм? Хіба-ж яны не прадугледжвалі, што ў змаганьні з Чырвонай Арміяй мала каторы зь іх дастаўся-б жыўцом у бальшавіцкія рукі?

Людзі, што пазналі й добра адчулі панаваньне Сталіна, мелі ўсе прычыны на сьвеце, каб змагацца супраць бальшавікоў да апошняга патрону, навет ведаючы, што на другім баку могуць быць іхныя браты, нявышкаленыя й сілай загнаныя ў савецкія шэрагі. Адылі ў іх ня было ніводнае прычыны, каб змагацца супраць заходніх хаўрусьнікаў. Хіба-ж за нямецкі чэрствы хлеб і той «фарфлюктар», хіба-ж за спаленыя немцамі вёскі, гвалчаных жанчын, за бацькоў, старых і дзяцей? Не, ніводнай прычыны да змаганьня з заходнімі хаўрусьнікамі ў іх ня было. Таму й дзіўным выдаваўся загад, паводле якога дывізія была накіраваная ў Францыю.

Ня ўсе жаўнеры адразу й поўнасьцю ўсьведамілі, што загад гэны быў быццам Богам пасланым збаўленьнем. Мо некаторыя й ніколі таго не спасьцераглі, хаця, як чытач пазьней пабачыць, амаль усе скарысталі пасьля з нагоды, каб апынуцца на другім баку, дастацца ў вольны сьвет. Дый чаму-ж было ня скарыстаць?

 

: II

 

Эшалён, на які заладаваліся адзьдзелы 4-га палка, мінуўшы Торунь, Франкфурт-над-Одрай, праязджаў праз паўднёвыя прадмесьці Бэрліну. Тут першы раз на чыгуначнай станцыі была супрацьлятунская трывога. Зараз-жа ўсе цягнікі пакідалі станцыю, не так як у Вільні - дзе чакалі на няпрыяцельскія бомбы.

На чыгунцы сустракаліся работнікі з Усходу. Жаўнеры, праязджаючы, кідалі ім цыгарэты, на якія тыя прагна накідваліся. Усходнія работнікі часта відаць былі і на палях. Ці ў адным месцы жанчыны зграбалі й зьбіралі рукамі жытнія каласкі. Немцы стараліся не пакінуць на полі на змарнаваньне ніводнага зярнятка. Паабапал чыгункі там-сям тырчэлі рэдкія сасновыя лясы, а спрактыкаванае сялянскае вока адразу заўважыла, што бедныя ўраджаі далі ў гэтым годзе пясчаныя глебы Саксоніі. На другі дзень пад вечар, мінуўшы Віттэнбэрг, цягнік на даўжэйшы час затрымаўся ў Ляйпцыгу.

Сымон быў прыдзелены да батальённай кухні. Мусіў дапільнаваць, каб былі дровы, вада, каб на час была распаленая кухня, ды наагул быў на загадах у кухара Вальтэра. Каля Сымона тоўкся й Віктар. Абодва разьмясьціліся на адной з каламажак, што стаялі на адкрытых плятформах. Верх зацягнулі маскавальнымі палаткамі, званымі «пляндэкамі», пазатыкалі ўсе дзіркі й шчэлкі зь пярэдняга боку, каб не прадзьмуваў вецер, а ў сярэдзіне ўладзілі ненайгоршы мярлог. Тут-жа збоку была й кухня, якую Сымон даглядаў, а Віктар тое-сёе памагаў.

Кухар Вальтэр - гэта сярэдняга веку карлаваты немец, які, як сам хваліўся, перад вайной працаваў дзесь у рэстаране. Мо ён і не працаваў у ніякім рэстаране, бо, каб зварыць якую вайсковую гарохавую зупу, ня трэба было шмат умець, але-ж калі кухар Вальтэр гаварыў сваім жаўнерам, што некалі працаваў у рэстаране, дык тады й няўдалая зупа навет лепш смакавала, бо Вальтэр як-ніяк быў прафэсіянальным кухарам, што дадавала смаку. Мо Вальтэр быў кухарам проста таму, што ўсе пазыцыі ў трыццатай дывізіі, дзе варыліся ці раздаваліся харчы, былі абсаджаныя немцамі - гэта таксама магчыма. Хто там надта ўваходзіў у такія дробязі. Галоўнае, што Вальтэр варыў, а як варыў, дык гэта ўжо зусім іншая справа. Галодная кішка ўсё стравіць.

Дык хлопцы й прывыклі да Вальтэра, часьценька гаварылі й жартавалі зь ім. І кухар сам быў, здавалася, нядрэнны чалавек, на нікога ня гаркаў і часьцей усьміхаўся, чым хмыліўся, што, як вядома, было рэдкасьцю сярод вайсковых немцаў. Гэтак і пад час пастою цягніка ў Ляйпцыгу каля Вальтэра сабралася група хлапцоў. Гутарылі аб паляках. Кухар цьвердзіў, што палякі - гэта зусім не народ, што яны не маюць ніякай Бацькаўшчыны, што як тая скула сядзяць на нямецкім баку. Даводзіў, што палякі паўсталі толькі пасьля 1918 года на нямецкіх землях. Адным словам, гаварыў аб паляках так, як мог гаварыць аб іх кожны немец-шавініст. Ад Вальтэра хлопцы даведаліся, што восьмага жніўня палякі распачалі ў Варшаве паўстаньне, што ад немцаў моцна дасталося ім у скуру і што Варшава цяпер зусім зруйнаваная. Паводле кухара, палякі распачалі паўстаньне, надзеючыся на хуткую падтрымку бальшавікоў, каб захапіць уладу ў свае рукі.

Нямецкі стары чыгуначнік апавядаў, што дзесьці наперадзе была чыгуначная катастрофа - стукнуліся два цягнікі - і таму гэтаму эшалёну давялося так доўга чакаць. Чыгуначнік папрасіў у Вальтэра закурыць і скардзіўся, што ў Нямеччыне цяпер вельмі цяжка з куравам. На месяц даводзілася скурваць ня больш чым адну пачку махоркі.

На наступны дзень ехалі праз Ваймар, Эрфурт і Айзэнах у кірунку на Франкфурт-над-Майнам. Учарашні манатонны краявід замяніўся ўзгоркамі, далінамі, густа пакрытымі садамі. Каля кожнай дарогі цяжка зьвісалі пад вагою пладоў сукі садовых дрэваў. Месты Турынгіі танулі ў зелені садоў і таполяў. Кідаліся ў вочы сьпічастыя гатыцкія сьвятыні, чырвоныя чарапічныя дахі будынкаў, кветкі пры дамах, дагледжаныя агародчыкі. Усё гэта тварыла нязьмерна прыгожы малюнак прыроды Турынгіі. Яна ўсьміхалася цёпламу жнівеньскаму сонцу, натхняла чалавека жыцьцём, радасьцю і хараством, быццам тысячамі галасоў старалася запярэчыць, што вунь не так далёка - на ўсіх канцах гітлераўскае імпэрыі - пануе сьмерць і знішчэньне.

 

: IІІ

 

У Герстунгэн цягнік коратка затрымаўся. З правага боку, на суседнім чыгуначным палотнішчы, стаяў эшалён з варшаўскімі ўцекачамі. Гэта былі пераважна старыя й маладыя жанчыны ды дзеці. На схудзелых тварах утрываліўся цяжкі адпячатак вайны. Цярпелі з голаду. У кожны таварны вагон было ўпакавана па 50 чалавек. Хлопцы даведаліся, што пакінулі яны Прагу й Варшаву ў мінулую нядзелю. Уцекачы пацьвердзілі весткі, што места было поўнасьцю зруйнаванае й спаленае. Але змаганьне паўстанцаў прадаўжалася. Немцы вывозілі ўсіх, хто трапляўся ім пад рукі.

Сымон аж жахнуўся, прыглядаючыся да руінаў Франкфурта-над-Майнам. Як вокам сягнуць па правым баку чыгункі калісь быў вялізны горад - сяньня там засталіся папялішчы. Толькі высокая, ведамая па ўсім сьвеце франкфурцкая гатыцкая катэдра, як быццам той помнік над магілай, стаяла цэлай. Высокай сьпічастай вежай, нібыта пальцам, паказвала яна ў неба, можа, хочучы зьвярнуць увагу Нябеснага Валадара на тыя спустошаньні й сьмерць, што адбываліся ў зямным пекле.

Бліжэй, побач самой чыгункі, ня было руінаў. Тут уся зямля была падзеленая на маленькія лапікі, што зеляніліся агароднінай. На кожным кавалачку стаяла маленькая будка, дзе, пэўна-ж, гаспадары трымалі свае агародніцкія прылады, а мо й самі бавілі які час. Толькі ў адным такім агародчыку заўважыў Сымон згорбленага старога, што корпаўся з матыкай між градак. Наагул людзей нідзе ня было відаць. Ці-ж Франкфурт сапраўды замяніўся ў могільнік?

 

: IV

 

- Спарыш! Спарыш! Уставай! - пачуў Сымон праз сон.

- Чаго?

- Пара хлапцоў будзіць, каб кухню дагледзілі.

- Добра, ужо зараз.

Сымон выкарабкаўся паволі з свайго мярлогу на каламажцы й абтрасаў салому, што там-сям папрыставала да вопраткі. Гэта клікаў яго службовы падафіцэр Гуць.

- Ку-у-ка-а-ры-ку-у-у-у-у, - пачулася тоненькім голасам.

- Цікава, якога пеўніка сьпеў мы чуем, - голасна думаў, пацягваючыся, Сымон. - Можа, францускага? Як вы думаеце, спадар Гуць?

- Хутчэй усяго што францускага, - адказаў той.

Сымон разбудзіў хлапцоў, якім чарга была даглядаць за кухняй, заспанымі вачыма паглядзеў на ахутаныя імглою дамы нейкага гораду ды зноў палез у цёплы яшчэ мярлог. Але ўжо больш ня мог спаць. Паволі пачалі прачынацца навокал. Па голаснай гутарцы хлапцоў з суседняга вагону дадумаўся, што нехта зь іх зрабіў ужо экскурсію ў бліжэйшы сад і на ўвесь голас хваліў смачныя сьпелыя яблыкі. Быў гэта голас самага выдатнага «садоўніка» Курца.

«Садоўнік» у гэты момант меў, пэўна-ж, шмат сяброў, бо чуваць было, як не адзін прасіў яго, каб падзяліўся здабычай.

Калі Сымон, па некаторым часе, ізноў выкарабкаўся з хурманкі, пабачыў навокал сябе вялікі паўразбураны горад. Зь левага боку чыгункі ляжаў густа зрыты бомбамі могільнік, там-сям тырчэлі павыкіданыя наверх косьці, пахіліліся на бакі або зусім паваліліся надмагільныя помнікі.

- Навет і мерцьвякам супакою не даюць. Вось дык шэльмы, - вурчаў сам да сябе Сымон.

Побач цягніка работнікі папраўлялі пашкоджаныя бамбардзіроўкай шляхі чыгунак. Далей на левым баку відаць былі шматлікія коміны фабрыкаў. Там-жа высілася ў праменьнях узыходзячага сонца вострая высокая вежа сьвятыні. Гэта быў Штрасбург - Эльзас, паводле таго-ж кухара Вальтэра - усё яшчэ Нямеччына.

Ізноў рушыў цягнік і мкнуў проста на поўдзень. Побач чыгункі раськінуліся паласатыя шырокія палеткі, найчасьцей засаджаныя кукурузай, засеяныя пшаніцай, радзей бульбай, а найбольш - з садовымі дрэвамі й вінаграднікамі. Направа сонца залаціла вяршыні Вагезаў. Прыгожа ў іхных падножжах раськінуліся шматлікія вёскі. Раўніна - быццам стол. Сымон заўважыў, праяжджаючы праз станцыі, што людзі з выгляду былі тут нейкія іншыя, ня зусім мо такія, як немцы, дык прыйшоў да выснаву, што, пэўна, ці не французы.

А гадзіне дзевятай раніцы праехалі праз Кольмар, апаўдні мінулі Мюльгаўзэн і адтуль накіраваліся на захад.

Цягнік даўжэйшы час стаяў перад семафорам станцыі Альткірх. З бліжэйшага доміку жанчына вынесла поўную кашолку сьпелых яблык. Колішнія паліцаі, быццам тыгры, напалі на здабычу. Паналадоўвалі сабе поўныя кішэні, так што тым, якія на колькі хвілін падасьпелі пазьней, не засталося нічога. Жанчына стаяла побач і, усьміхаючыся, прыглядалася, як паліцаі душыліся за яблыкамі. Пабегла ў хату і зноў вярнулася з поўным кошыкам, ва ўзнагароду, што пабачыла тую самую штурханіну.

Пад вечар, каля гадзіны шостай, цягнік прыехаў у Бэльфорт, першы, навет паводле кухара Вальтэра, ужо зусім францускі горад. І мо таму, што ўязджалі ў Францыю, перад прыездам яшчэ кожны жаўнер атрымаў па шэсьцьдзесят штук патронаў да стрэльбы:

- Ну, братка, цяпер ужо й дадзём! Трымайцеся, французы! - жартаваў адзін, пакуючы амуніцыю ў патранташы.

Колькі ўжо даводзілася хлапцам бачыць разбураных і зьнішчаных гарадоў, але пабачыўшы руіны Бэльфорту, яны аж жахнуліся. Места так было ўсеяна ямамі ад бомбаў, што, здавалася-б, не знайшоў між імі цэлага няўшкоджанага лапіка, каб чалавеку льга было сесьці. Станцыі ў горадзе ня было. Навет чыгунка й тая праходзіла па зусім сьвежым насыпе. Паперакульваныя паравозы, вагоны, абгарэлыя руіны будынкаў, уся дашчэнту ўзараная бомбамі зямля - вось гэта быў вобраз Бэльфорту, што кінуўся новапрыежджым у вочы.

Яшчэ таго самага вечару, праехаўшы чарапашным ходам колькі кілямэтраў, цягнік затрымаўся ў малой мясцовасьці. На станцыі транспарт стаяў каля дзьвюх гадзінаў, пасьля адыйшоў крыху назад і затрымаўся сярод поля нанач. Навокал была пастаўлена моцная варта. Тлумачылі гэта тым, што ноччу ехаць было нельга з прычыны вялікай небясьпекі з боку францускіх партызанаў, званых макісамі.

Раніцою (а гэта была нядзеля) Сымон, прачнуўшыся, памыўся ў суседняй рэчцы і памог нанасіць у кухню вады. У гэны час з захаду надыйшоў ваенны транспарт, што затрымаўся побач. Гэта быў адзьдзел з трыццатае дывізіі, які, паводле апавяданьняў, даехаў быў на нейкіх 70 кілямэтраў да нармандзкага фронту, як раптам атрымаў загад вяртацца назад.

Шмат чаго апавядалі паяжджане. Паводле іх, у Францыі становішча было кепскае з прычыны сільнай, узмоцненай хаўрусьнікамі партызанкі. Нейкая казацкая вайсковая адзінка пайшла на ліквідацыю макісаў у гарах і сама была зусім зьліквідаваная. У другім месцы - апавядалі далей - адзін транспарт з трыццатай дывізіі спыніўся нанач блізка нейкай станцыі. Там чыгунка праходзіла праз адкрыты тунэль, вышыня якога дасягала месцамі дзесяці мэтраў, мераючы ад узроўню чыгуначных рэек. Ноччу наляцелі амэрыканскія самалёты й так закідалі эшалён бомбамі, што жывымі выйшла адтуль усяго дзесяць чалавек.

Цікава, хто так дакладна падлічыў гэную дзесятку. Відаць, што перапалох меў вялікія вочы, а плеткары - надта-ж даўгія языкі й нядрэннае ўяўленьне. Лішнім было-б сумлявацца, аднак, што ў гэных апавяданьнях была доза праўды. Вайна тут, як відаць, не абмяжоўвалася толькі да асноўнага фронту. Фронт быў і ззаду, як і ў Беларусі, дык і трэба было быць падрыхтаванаму на найгоршае, на ўсякія неспадзеўкі.

Хлопцы з дванаццатай роты сустрэлі ў гэным транспарце Мельніка, што калісьці быў пры школе камандзераў БКА, а цяпер - у трэцім батальёне. Ён застаўся ў чыне афіцэра. Мельнік апавядаў, што ў іхным батальёне, як і ў першым, кожная рота мела беларускага й нямецкага афіцэра. Не адзін з дванаццатай роты пытаўся сябе, чаму яны ня мелі свайго афіцэра. І ўжо каму як каму, але іхняй-жа роце, колішняй афіцэрскай школе, трэба было-б мець беларускага камандзера. І, відаць, было тое зусім не прыпадковым. Мо гэта мсьціліся на іх цяпер за тую салідарнасьць, выказаную аднойчы так дружна і ўдала пры страйку за харчы, а іншым разам - пасьля пакрадзеных у прускага баўэра агуркоў. Хто-ж мог ведаць...

У нядзелю днём давялося нашым хлапцам бліжэй пазнаёміцца з французамі. Побач чыгункі з правага боку працякала невялікая плыткая рэчка. Дзень быў спякотны й парны. Шмат хто пайшоў купацца. Каля паўдня пазыходзілася шмат французаў, старых і маладых, хлапцоў і дзяўчат. Хоць ніхто ня ведаў мовы, там-сям бачныя былі ўсьмешкі, размахваньне рук, пры дапамозе якіх тлумачылася тое, чаго ня змог язык. Кінулася новапрыехаўшым у вочы й сьмеласьць дзяўчат. Дзе-б вы бачылі ў Беларусі, каб узрослыя дзяўчаты так вось проста бязь ніякага сораму прыходзілі туды, дзе купаліся жаўнеры? А тут-жа во былі побач, усялякіх выглядаў і ростаў. Што-ж, калі языка ня было. Навет і самы галоўны фліртаўнік Кастусь Дзежка стаяў бязрадным.

 

Бэзансон - Вальдагон

 

: I

 

Раньнімі гадзінамі 28 жніўня 1944 году жыхары францускага гораду Бэзансон, што ляжыць на паўночна-заходніх сьхілах Альпаў, зь вялікім зацікаўленьнем прыглядаліся да даўгой калёны войск, што, пакінуўшы чыгуначную станцыю, пасоўвалася вуліцамі ва ўсходнім кірунку. Жыхары Бэзансону бачылі вайсковыя мундзіры, пэўна-ж, ня першы раз, і сам факт таго, што ў горадзе зьявілася новае войска, ня спрычыніўся-б да вялікага зацікаўленьня ім. Адно, што гэтае войска, усё пяхотнае, выдавалася ім зусім іншым, чымся тое, што бачылі дагэтуль. Найбольш цікавасьці выклікала не самая людзкая калёна, але тое, што цягнулася ў хвасьце за ёю: маленькія ў параўнаньні зь мясцовымі конікі, што хуткім дробненькім крокам цягнулі такія-ж малыя каламажкі з падвойнымі аглоблямі й дугамі. Французам найбольш дзіўнымі выдаліся тыя дугі - бачылі іх першы раз у жыцьці. І чатырохколавыя вазы пабудаваныя былі зусім інакш, чым іхныя, францускія, але ўжо-ж гэныя малыя конікі сваёй пародай ніяк не маглі быць сваякамі іхным францускім цяжкім цяглавым коням.

Дык і ня дзіва тады, што амаль усе аддавалі асноўную ўвагу коннаму вабозу. Ён быў прадметам гутарак і пераважна насьмешак. Апошнія плылі ня толькі на адрас самых вайскоўцаў і іх хурманак, што йшлі ў гэным часе па вуліцы, але і на адрас «бошаў» - немцаў. І як-жа было не сьмяяцца з будаўнікоў «новай Эўропы», якія даваяваліся да таго, што паклікалі на дапамогу адзьдзелы, якія так выразна рэпрэзентаваліся перад варожым насельніцтвам такім выдатна-сваеасаблівым транспартам? Хутка прыйдзе ім канец - так, напэўна, заключылі французы свае выснавы з тых назіраньняў.

Вестка пра гэтае дзіўнае войска хутка разжляцелася па Бэзансоне й суседніх вёсках, найперш тых, што ляжалі побач шашы ў Вальдагон. Спыніўшыся на часовы адпачынак у наступнай за горадам вёсцы, жаўнеры заглянулі ў шматлікія крамы. Тыя, што ўжо нейкім чынам прыдбалі франкі, накінуліся на віно. Крамнікі надта неахвотна бралі ў заплату нямецкія маркі. Дый чаму-ж мелі-б браць? Яны зусім справядліва варажылі, што дні нямецкага панаваньня былі палічаныя. А пасьля - што ты будзеш рабіць з маркамі?

Не адзін крамнік усьпеў ужо распытацца й даведацца, дарма што жаўнеры ня ведалі францускае мовы, пра іхную нацыянальнасьць.

- Нон алеман? - пытаўся крамнік, паказваючы пальцам на прысутнага жаўнера. Той па нейкім часе здагадваўся, што, мусіць, пытаюцца, якой ён нацыянальнасьці.

- Но, нон алеман, - адказваў. - Я - белорусьен, рус блянк, - тлумачыў.

- Рус блянк? - ківаў зь цікавасьці галавой крамнік.

Хто ведае, ці ня думаў, што жаўнеры гэтыя былі белымі расейцамі, у адрозненьне ад чырвоных. Пасьля мо ў галаве ягонай узніклі іншыя, зьвязаныя з гэным пытаньні, на якія не ўдалося-б здабыць ад гэтых людзей адказу.

- Шпрэхэн зі дойч? - пытаўся крамніка жаўнер. Француз з запярэчаньнем ківаў галавой, што па-нямецку не разумее. На гэтым звычайна гутарка канчалася. Жаўнер паказваў пальцам на паліцы тое, што хацеў купіць, зь цяжкасьцю дагадваўся аб цане, ізноў-жа паклікаючы на дапамогу рукі, і, заплаціўшы, выходзіў.

 

: II

 

Асфальтавая, добра дагледжаная шаша вілася па гарах і ўзгорках, часта разьдзяляючы падгорныя зарасьнікі й лясы, месцамі рэжучы горныя скалы. Прадугледжваючы магчымасьці нечаканае засадкі з боку партызанаў, была выдзеленая й высланая на фронт калёны пярэдняя старожа ў сіле адной дружыны. Яна йшла са зброяй напагатове. Заўсёды трымалася на адлегласьці зрокавага кантакту з галоўнай калёнай. Такая-ж самая старожа замыкала калёну ззаду. Хоць войска было больш двух батальёнаў і непраўдападобным магло здавацца, што французы кінуцца ў ясны дзень на змаганьне з такой сілаю, меры асьцярожнасьці былі нармальнымі ў чужой няпрыяцельскай тэрыторыі.

Конікам, асабліва ўзьбіраючыся пад горы, даводзілася цяжкавата. Наагул падарожжа было вольнае й маруднае. Дакучала сьпякота. Дарога пуставала. Рэдка праедзе ў заходнім кірунку вайсковая аўтамашына.

Першую ноч пасьля Бэзансону адзьдзел затрымаўся пры дарозе на чыстым полі. Ноччу разбудзіў жаўнераў густы лівень. Спалі пад наскора пабудаванымі палаткамі. Кожны меў трохкутны густы й непрамакальны кавалак матэрыялу, званы «пляндэкай», або проста маскіроўкай. Па самай сярэдзіне яе была прарэзаная падоўжаная адтуліна, у якую ўсоўвалася галава ў выпадку, калі маскіроўка апраналася. Канцы-ж зашпільваліся навокал каля пояса. Калі трэба было пабудаваць палатку, чатыры жаўнеры складалі свае трыкутнікі-маскіроўкі, прымацоўвалі ніжнія канцы матузамі да паўбіваных у зямлю калочкаў, і было гатовае «памяшканьне», дзе, хоць у цеснаце, магло памясьціцца чатыры ўдзельнікі. Дый спаць было цяплей. Трэба прызнаць, што выдумаў гэныя маскіроўкі нехта надта практычны, бо служылі яны дзьвюм мэтам: для апрананьня й для аховы ад ападаў у часе адпачынкаў.

Жаўнеры трыццатае дывізіі зь вялікай цікавасьцю прыглядаліся да францускіх гарадоў і вёсак. Найбольш дзіўным выдалася ім вялікая колькасьць гандлёвых рэкламных шыльдаў. У Беларусі гэтулькі ня было. Цэлыя франты крамаў былі размалёваны й пазавешаны рэклямамі. Рэдка дзе пуставаў кавалак сьцяны. Сымону яшчэ раней, прыкладам, вельмі дзіўным выдаўся нейкі вялікі надпіс, што займаў цэлую сьцяну сялянскай пуні ў прыдарожнай фэрме. Гэтая рэкляма была-б проста дзівам у Беларусі. У тым знадворным выглядзе краіны жаўнеры й бачылі найперш асноўную розьніцу між Францыяй і іхняй Бацькаўшчынай.

Хлопцаў з дванаццатай роты апанавала нейкая абыякавасьць. Рэдка былі чуваць гутаркі. Калі дзе пад час маршу пры дарозе напаткалася яблыня, абкідвалі яе з усіх бакоў палкамі й хутка падбіралі ападкі. Немцы не глядзелі скоса й ня крычалі ўжо, што тут «кайн Руслянд».

 

: IІІ

 

На другі дзень пад вечар адзьдзел прыйшоў у мясцовасьць Вальдагон і затрымаўся на адпачынак у бараках. Быў тут вялікі й выгадны вайсковы вабоз, прыгожа расплянаваны на плоскай падгорнай раўніне. Відаць было, што ня быў ён на скорую руку пабудаваны вайною, а, мабыць, раней.

Было тут і некалькі кухняў, і сталовых, і заля са сцэнаю, дзе, пэўна, некалі забаўлялі вайскавікоў мастацкія гурткі, і лазьні, і маса розных будынкаў, што служылі складамі, і наагул усё неабходнае для вайсковага жыцьця.Проста на поўнач ад вайсковага вабозу знаходзіўся вялікі кавалак поля для вайсковых шкаленьняў. Там былі стрэльбішчы й палі практыкаваньняў, плошчаю мо на пяцьдзесят квадратных кілямэтраў.

Дванаццатая рота разьмясьцілася ў двух суседніх бараках. Зь вялікім задавальненьнем некаторыя заўважылі, што на жалезных ложках былі сьвежапанапіханыя сеньнікі. Ці адзін ужо, кінуўшы збоку сваю зброю й вайсковыя клункі, зь вялікай насалодай выпрастаўся на пасьцелі, адчуваючы прыемную мяккасьць сена. Прыемнасьць трывала каротка. Прыйшоў загад, што ўсе без вынятку неадкладна павінны здаць усю амуніцыю. Гэткі нязвычайны загад зацікавіў не аднаго. Пачаліся адразу здагадкі й роспыты. І няведама дакладна, хто й адкуль прынёс тую вестку, мо навет яна раней яшчэ трапіла ў адзьдзел, што затрымаўся цяпер у Вальдагоне, - цяжка было ўстанавіць. Адно, што калі немцы загадалі здаць амуніцыю, дык тут-жа адразу знайшлося й паясьненьне: адзьдзелы з трыццатае дывізіі ў шматлікіх месцах і нярэдка масава пераходзілі ў горы да францускіх макісаў. Паясьненьне было зусім рацыянальнае. Усе адразу паверылі.

Характэрнай была настойлівасьць немцаў, каб ніхто не пакінуў пры сабе ніводнага патрону. Мусілі здаць якраз па шэсьцьдзесят штук, колькі былі раней атрымалі. Бяда была тым, што па дарозе згубілі адзін ці пару патронаў. Як-жа ты давядзеш немцу, што згубіў?

Загад аб здачы амуніцыі лішні раз пацьвердзіў, што немцы не давяралі беларусам. Каму было малавата довадаў да гэтага часу, той цяпер канчаткова пераканаўся. Думкі аб уцёках у горы да макісаў былі ўжо ў некаторых юнакоў з дванаццатае роты й раней, амаль зь першага дня прыезду ў Францыю. Цяпер-жа, калі прыходзілі з усіх куткоў чуткі, што беларускія адзьдзелы пераходзілі да французаў, зьявіўся штуршок, падахвочаньне, прыйшла й сьмеласьць. Ідэі пачалі крышталізавацца. Быў грунт для зьдзяйсьненьня задуманага. Хіба-ж тыя колькі дзесяткаў нямецкіх афіцэраў ды падафіцэраў маглі стаць перашкодай пры зрэалізаваньні пляна? Асноўнае - трэба было здабыцца на тую сьмеласьць, уплянаваць, а там ужо неяк пойдзе.

 

: IV

 

Даўно сьціх шум у бараку. Людзі, што ўжо два месяцы не спалі пад страхою будынку, акамянелі моцным сном. Некаторыя працяжна храплі. Толькі Сымон зусім ня спаў. У галаве маячыліся розныя думкі, уражаньні, успаміны. Перш за ўсё прыгадаў, што гэта быў вечар 29 жніўня - роўна два месяцы з таго часу, калі афіцэрская школа пакінула Менск.

Вось ён і цяпер бачыць сябе, як мерыць крокамі менскі запылены брук. Плечы давіць цяжкі жаўнерскі хатуль, едкі пыл душыць горла. Ён Сымон Спарыш, пакідае за сабою сэрца Беларусі - Менск. Уся істота моўчкі пратэстуе супраць такога нечаканага гвалту. Ён усхваляваны. Ногі быццам адмаўляюцца ступаць наперад. Маршыруе маўклівы, апусьціўшы галаву. Як-жа выразна нарысаваўся ў памяці ягонай гэты момант, той памятны нешчасьлівы дзень! Дзе гэта ён спыніцца? Ці ў той абяцанай Турнам Горадні?

Ажно вось прайшло роўна два месяцы, й за гэты час ліхі лёс закінуў яго зь сябрамі за тысячы кілямэтраў ад дарагой радзімы, на другі канец Эўропы, аж у негасьцінныя францускія Альпы. Чаго тут апынуўся? Што тут мае рабіць? Ваяваць? За каго? Ягоная-ж Бацькаўшчына й так ужо страчаная. Вораг даўно вунь зьдзекуецца над гаротным народам. Пакінуў адзін, пайшоў другі, а гвалт і зьдзекі надалей прадаўжаюцца. Толькі зьмяніліся крывавыя катнія рукі. Значыцца, ужо страціў усё найдаражэйшае - Бацькаўшчыну й сям'ю. Адно засталася свая галава. І як-бы тады было, калі-б і гэта апошняе давялося траціць? Ці мае ваяваць за немцаў супраць французаў, што таксама, як і беларусы, цярпелі пад панаваньнем нялюдзкага акупанта? Тое-ж было-б запярэчаньнем усялякай лёгікі. Адносна гэтага ня было ніякіх сумлеваў. Ён даўно разьмежаваў ворагаў ад прыяцеляў. Бунтарны дух ніяк ня мог пагадзіцца, што мусіць выконваць загады тых, якіх ненавідзеў. Неяк прыйшлі на памяць радкі верша, што ўлажыў некалі, будучы шчэ ў Вільні:

 

Павесім немцаў на вяроўку

І скуру пасмамі здзяром,

А бальшавіцкаму звяругу

Сякерай голаў адсячом.

 

Сымон і раней ня думаў вешаць усіх немцаў, адно тых, што зьдзекаваліся над ягоным народам, самых асноўных гітлераўскіх катаў, што палілі беларускія вёскі, жанчын, дзяцей. Дый вершык той злажыўся ў яго зусім бязь ніякіх разумовых намаганьняў, а проста спрычынены быў мо аж надмерным патрыятызмам і нянавісьцю да ўсіх ворагаў Бацькаўшчыны, перадусім бальшавікоў і гітлераўцаў.

Вось і цяпер гэны вершык прыгадаўся. Як там ужо будзе з вешаньнем немцаў, думаў Сымон, але-ж у горы да францускіх партызанаў то скаблянуць можна. Ёсьць усе магчымасьці. Дык і чаму-ж не скарыстаць? І Сымон аж заварушыўся на пасьцелі ад такой новай, маласпадзяванай думкі. Крыху дзівіўся, чаму гэта раней такая добрая ідэя ня прыйшла. Але-ж і цяпер яшчэ ня позна. Там трэба будзе з тым-сім пагаварыць, супольна абмеркаваць. А мо й ня толькі ў яго аднаго такая думка ёсьць, мо і ў каго іншага? Дык тады мо й разам? Варта падумаць больш глыбей, абмеркаваць усе «за» і «супраць», як кажуць. Гэта-ж бо такі важны жыцьцёвы крок меў бы быць. Дый ня толькі важны, але й небясьпечны. Асабліва-ж небясьпечны. Крыху рызыкоўна, бо й краіна чужая ды няведамая. Але якая-ж іншая магчымасьць ратунку? Жыцьцё-ж належыць да адважных і сільных духам.

Прыгадалася Сымону, што да гэтага часу ані ён, ані сябры ягоныя - ніхто не даваў вайсковае прысягі. Спарыш не ўважаў прысягу, як некаторыя іншыя, за чыстую фармальнасьць. Прысяга для яго была таксама нечым большым, чымся ўрачыстая дэкларатыўнасьць. Яна абазначала поўнае адданьне, без рэзэрву, без павароту, усяе свае духовай й фізычнае істоты на службу Бацькаўшчыне, народу. Магло пасьля прыйсьці Бог ведае што - раз дадзеная прысяга для Сымона былаб сьвятым правам і абавязкам на цэлае жыцьцё.

Лежачы ў Вальдагоне ў бараку на пасьцелі, Сымон пастанавіў злажыць прысягу на вернасьць Бацькаўшчыне. Лічыў, што час і месца зусім ня горшае, чымся якое іншае. Дагэтуль - дарма што пайшоў у беларускую армію - ніхто не парупіўся зь яго й пару сотняў іншых сяброў узяць прысягі. Тут-жа чалавек стаяў на парозе няведамага, цёмнага, небясьпечнага. Хто ведае, што можа стацца, куды лёс закіне. Што-б у будучыні зь ім, Сымонам, ні здарылася, якія-б ні давялося рабіць фармальнасьці, куды-б ні давялося трапіць - няхай Бог і Бацькаўшчына ведае, што ягоная ўрачыстая прысяга ёсьць сьвятым словам, абавязкам, вехаю дарожнай, якая будзе накіроўваць яго ў будучыні. «Няхай Бог усемагутны будзе мне сьведкам, - шапталі ў цемнаце вусны, - дарагая мая Бацькаўшчына, што на ўсё жыцьцё прысягаю служыць Табе й толькі Табе. Колькі ў мяне стане сіл, здольнасьцяў, здароўя - усё аддам для Твайго дабра. Прысягаю на сьветлую памяць пакойнай маткі маёй, на нявінную кроў маіх суродзічаў, на памяць загінуўшых нязьлічоных нашых змагароў за лепшую долю, што верным застануся Табе аж да сьмерці. Калі-б я сьведама адрокся тут прырэчанага - няхай мяне пакарае Бог. Сьведкамі гэтаму ёсьць маё сэрца й сам Усемагутны».

Аж сьлёзы пакаціліся з вачэй, Сымон так сябе ўзрушыў, так усхваляваўся, што толькі цяпер, пасьля даньня волі сэрцу й душы, пасьля прысягі, супакоіўся. Незадоўга ўжо спаў моцным і спакойным сном.

 

: V

 

Раніцою, пасьля скупога сьнеданьня й атрыманьня ўсёй, учора здадзенай, амуніцыі назад, даўгая шэра-зялёная калёна накіравалася проста на поўнач. Дзень быў сонечны й душны. Маршыравалі павольна. Пераначаваўшы па дарозе яшчэ адну ноч, на другі дзень дайшлі да рэчкі Дуб, што плыла лагчынай, з абодвух бакоў абмежаванай гарамі. Войска павярнула шашой на ўсход. Сымон цэлы час ішоў моўчкі і ўсё песьціў тую неспадзяваную думку аб уцёках у горы, што ўчора так раптоўна стрэліла яму ў галаву.

- Што-ж ты так нос павесіў, быццам-бы бацьку ў магілу пахаваў? - пачуў бас каля левага вуха. Гэта быў Віктар.

- Ведаеш, я й сам думаў з табой парадзіцца, але раней пастанавіў яшчэ перадумаць і абмеркаваць. Таму й нос, як ты кажаш, павесіў. Ці ня варта было-б смаргануць нам у горы?

- Як гэта ў горы? - зьдзівіўся той.

- Звычайна. - Сымон азірнуўся навокал, ці хто не прыслухоўваецца.

- Да францускіх партызанаў, - дакончыў амаль шэптам.

Віктар ня выказаў зьдзіўленьня. Добрых некалькі хвілін ішоў побач, нічога не адказваючы, ды, здавалася, перажоўваў такую новую ідэю.

- Га? Што ты думаеш? - перапытаў Сымон.

- Цяжка так адразу сказаць. Там няведама, дзе й да каго трапіш, мовы францускай не знаеш... Ды хто яго ведае. Надта-ж рызыкоўна.

- Я ведаю, што рызыкоўна. Небясьпека вялікая як з боку адных, так і другіх. Але падумай, як-жа тут далей быць? Паўгалодныя цэлы час жывём. Пачакаўшы-ж, пакуль прыйдзе фронт, у такое пекла трапіш, што сам Бог ведае, як удасца ўцалець. А выжыць трэба было-б за ўсялякую цану. Не за таўстапузых швабаў, а за сваю Бацькаўшчыну мы йшлі ваяваць.

- Гэта лішнім і гаварыць... Ведаю, што ваяваць няма за каго. Можа, й варта было-б уцячы. Толькі трэба было-б абдумаць, як гэта зрабіць...

- Дык вось давай і абдумаем.

- А як ты думаеш уцякаць - нам дваім ці ўсім гуртам?

- Лепш было-б усім гуртам, гэта ясна. Калі-б пасьля дзе й трапілася небясьпека, дык лягчэй было-б. Ды каб і да французаў цэлая сіла людзей прыйшла, дык больш лічыліся-б. А то пару чалавек - чорт ведае каму можна ў рукі папасьціся.

- Трэба лічыць на ўсё, навет на самае найгоршае.

- Вось-жа пра тое і йдзе. Варта было-б пагутарыць з бліжэйшымі хлапцамі й паглядзець, што яны думаюць. Мо хто яшчэ знойдзецца.

Памаўчалі.

- Слухай, - распачаў зноў Сымон, - пад час абедняга перапынку давай парадзімся з Кастусём і некаторымі іншымі. Пабачым, што яны аб гэтым думаюць. Калі-ж ніхто ня знойдзецца для кампаніі, дык смарганём удвух.

- Няхай будзе й так, - згадзіўся Віктар. - Толькі-ж калі-б давялося нам удвух, то як і калі гэта зрабіць?

- Няма нічога лягчэйшага. Адышоўся набок у кусьцікі, быццам дзеля патрэбы, пачакаў, пакуль усе пяройдуць, а там і гайда...

- Так проста?

- Нічога ня можа быць прасьцейшага. Немцы навет не заўважаць да наступнай. зборкі, а тая будзе ўжо аж надвечар, як затрымаюцца.

 

: VI

 

Віктар Сянькевіч у апісаны намі час быў юнаком сярэдняга росту, даволі мізэрнага выгляду. Першае ўражаньне ад яго складвалася між тым зусім памылковае. Можна было-б падумаць, пэўна, што гэта лагодны, добрай натуры чалавек, зусім ня здольны на больш паважныя нейкія рэчы. Мо да гэтага спрычынілася ягоная паўдзіцячая ўсьмешка ці павольна-лянівая гутарка - цяжка сказаць. Магло здавацца, што перад вамі стаіць зусім яшчэ зялёненькі хлопчык. Тут якраз можна было найбольш памыліцца. Віктар розумам і практыкай быў вельмі дасьпелы, пранырлівы, вынаходлівы. Меў моцную сілу волі й гарачае патрыятычнае сэрца. Але зь Віктарам нам часьценька давядзецца бачыцца ў будучыні. Чытач сам яшчэ пераканаецца ў трапнасьці нашай характарыстыкі.

Думка аб уцёках, што паўстала пераважна ў Вальдагоне, нарадзілася ў шматлікіх галовах. Некаторыя, схамянуўшыся, разважыўшы з усіх бакоў гэту новую ідэю, спакойненька адлажылі яе ці адсунулі ў нейкі бочны куточак мазгоў, бо былі баязьліўцамі й навет голасна перад сабою не асьмельваліся прызнацца, што ў іхных галовах магла паўстаць такая сьмелая ідэя. Іншыя-ж, адразу спасьцярогшы новае, ухапіліся за яго й пачалі думаць і дзеяць. Да такіх, акрамя Сымона Спарыша, зусім незалежна ад яго належалі Кастусь Дзежка, Рак, Лабун і Віктар Сянькевіч. Было, ведамая рэч, і шмат іншых, больш пасіўных. Успамінаем прозьвішчы чатырох толькі таму, бо яны зьяўляліся афіцыйным, але нелегальным камітэтам уцёкаў, які завязаўся сам сабой ужо ў Вальдагоне. Камітэт гэты, галавою якога фактычна быў Кастусь Дзежка, пастанавіў, пасьля шматлікіх гутарак зь сябрамі, прыступіць да арганізацыі пераходу на другі бок. Варта тут яшчэ зацеміць, што чытач ужо, бяз сумлеву, заўважыў, што ў камітэт не ўвайшоў ніводзін беларускі падафіцэр, хоць іх было ў роце чатыры. Адылі ўсе яны былі другараднае, а мо й ніжэйшае якасьці. Былыя кадэты хутка спасьцераглі, што немцы сьведама не далі ў роту нікога зь першаклясных падафіцэраў беларусаў. Гэтым і тлумачылася, што сярод ініцыятараў уцёкаў іх ня было.

Камітэт першым чынам пастанавіў уплянаваць месца й час пераходу ды сагітаваць цэлую дванаццатую роту й тыя суседнія роты, якія ўдасца. Былі надзеі на ўдачы ў сваёй роце, асабліва прыгадваючы ранейшую салідарнасьць і дружнасьць.

Далёка ня ўсе сябры згаджаліся на пераход да макісаў. У некаторых не ставала адвагі, іншыя-ж не пагаджаліся з плянам папярэдняга перастраляньня немцаў. Найбольш разыходжаньняў было адносна апошняга. Прадугледзілася, што немцы пры помсьце могуць зьліквідаваць многа самых перадавых беларусаў, якія застануцца ў іхных руках. Урэшце, урадзілі немцаў не страляць, толькі асьцерагчы, каб устрымаліся з рэпрэсіямі. Таму што людзі ня ведалі канкрэтна, дзе яны знаходзіліся, як далёка ад нямецкае мяжы, трэба было неадкладна здабыць інфармацыі. Асабліва важным было ведаць, ці далёка быў ад Нямеччыны адзьдзел, які пасоўваўся ва ўсходнім кірунку шашой у катлавіне рэчкі Дуб. Трэба было бачыць карту. Камітэт даручыў гэтую справу Віктару Сянькевічу.

Віктар Сянькевіч, што выглядаў надта мізэрна й меў на нагах страшна дакучлівыя мазалі, пажаліўся камандзеру роты Петрыку, што далей ісьці ня можа. Петрык зьлітаваўся й папрасіў двух старэйшых афіцэраў, што ехалі на чале калёны ў аўтамабілі, каб узялі «інваліда». Сянькевічу толькі таго й трэба было. Прысеўшы ззаду на аўце, на сваю вялікую пацеху, Віктар спасьцярог і карту, што адзін з афіцэраў трымаў на каленях. Адным вокам удалося Сянькевічу заўважыць вызначаную чырвоным алавіком трасу маршу, але дакладней ня мог спасьцерагчы ні мясцовасьцяў, ні нямецкае мяжы. Афіцэры - абодва былі са штаба Зіглінга - амаль забыліся аб існаваньні «інваліда». Зірнуўшы на карту, капітан павесіў мапнік на плячо і ўзяўся закурваць. Сянькевіч увесь замяніўся ў вочы. Хутка спасьцярог, што калёна была блізка нямецкае мяжы (фактычна мяжы Эльзаса), і ўжо на перапынку, калі войска затрымалася на адпачынак, зьлезшы з аўта, паведаміў Кастусю Дзежку й іншым сябрам камітэту аб выніках разьведкі. Было пастаноўлена ўцякаць тае-ж ночы, адкінуўшы канчатковы плян страляньня немцаў. На канчальную пастанову здабыліся ўжо позна папаўдні.

 

: VII

 

Пад час абедняга перапынку Сымон і Віктар Караткевіч выявілі сваю думку Кастусю Дзежку. Той пахваліў ідэю, але настойваў, што ўцякаць трэба гуртам. Заўважыў, што думка такая ёсьць і ў шматлікіх іншых, але канчаткова зарганізаванага і ўплянаванага нечага яшчэ ня было (адбывалася гэта перад разьведкай Віктара Сянькевіча). Іншыя сябры, да якіх зьвярнуліся Сымон і Віктар Караткевіч, былі зусім ненаважанымі й больш выпытваліся, чымся радзілі.

Мо тутака два нашы гэроі занадта пагарачыліся. Маглі-б пачакаць, больш разьнюхаць, разважыць, іншых намовіць. Ды й ня шмат трэба было каго намаўляць. Камітэт працаваў па зьвязах, усюды праводзілася агітацыя. Была зроблена сувязь зь іншымі ротамі, й там пачалася прапаганда, але, як пасьля выявілася, яна ня прынесла жаданых вынікаў.

Сымон асабліва падкрэсліваў той факт, што цяпер міналі спрыяльную тэрыторыю, што праходзіў час, які трэба выкарыстаць, і што пасьля мо ня будзе такой добрай нагоды. Такім чынам Сымон Спарыш і Віктар Караткевіч пастанавілі ўцякаць у той-жа дзень удвух пры першай лепшай нагодзе. Сымон меў першы адысьціся на левы бок дарогі ў кусты, быццам для патрэбы, перачакаць, пакуль цэлая калёна пяройдзе, а там ужо - і ў горы. Мясцовасьць добра падыходзіла. Горы высокімі скаламі засланялі паўночны бок. Такім самым спосабам, прайшоўшы яшчэ мо пару сотняў мэтраў, меў змыцца й Віктар Караткевіч. Бязумоўна, усю зброю й амуніцыю мелі захапіць з сабою.

 

: VIII

 

Рэчка вялікім лукам выгнулася ў паўдзённым кірунку, а побач яе бегла чыгунка. Толькі шаша не палегла тут побач рэчкі, а прасьцяком адскочыла ад яе на паўтара кілямэтра на поўнач ды апаясвала самыя падножжы гор. Зараз-жа побач дарогі зь левага боку былі густыя кусты, пасьля ў кірунку гор цягнулася на мэтраў сотню шырокая паласа сенажаці, там-жа зноў пачыналіся густыя горныя зарасьнікі. Самі горы былі з лагоднымі ўзбоччамі й нявысокія. Сымон кінуў вокам направа й налева, памяркаваў і наважыўся. Была ўжо гадзіна чацьвёртая ці больш папаўдні. Неба зацягвалася хмарамі, неміласэрна парыла. Можна было лёгка ўгадаць, што прыйдзе дождж, калі ня бура. Дзесь далёка на захадзе пагражаў гром.

- Слухай, Віктар, тут!

Віктар разгледзеўся.

- Ужо цяпер?

- А чаго чакаць? Ты зараз-жа падрыхтуйся, не зявай. Там за некалькі дзясяткаў мэтраў шмыгнеш і ты.

- Я гатовы. Хіба-ж ты не парадзіш мне хатуля забіраць, каб немцы пыталіся, куды йду.

- Добра, няма часу на жарты. Глядзі адно, як пачуеш у лесе мой голас, то адклікніся, каб мы, барані Божа, ня згубіліся.

- Добра, ідзі ўжо.

Сымон паправіў за поясам сваю гранату, якую пазаўчора ўдалося яму знайсьці ў Вальдагоне, агледзеў патранташы, стрэльбу й павольным крокам адыйшоў на левы бок дарогі, паплёўшыся ў кусты. Палажыў на траву стрэльбу, наўмысьля, каб усе бачылі, адшпіліў пояс з патранташамі й прысеў за кустом. Якраз праязджаў на самакаце зьвязовы Штык, што бачыў Сымона й не зьвярнуў на яго вялікай увагі. Жаўнеры часьценька па дарозе адыходзіліся ў кусты.

Таму, што Сымонава рота ішла пры хвасьце калёны, доўга не давялося чакаць. Хутка хвост схаваўся на загібе дарогі. Сымон хуценька зірнуў, ці нікога няма на дарозе, і шпаркімі крокамі кінуўся пад горы цераз паласу сенажаці. Адно некалькі крокаў дзяліла яго ад падгорных зарасьнікаў, як раптам з таго боку, дзе нядаўна знікла калёна, высунулася нямецкая вайсковая аўтамашына. Між Сымонам і ёй было мо паўкілямэтра адлегласьці.

У кузаве ехалі жаўнеры Вэрмахту. За першай паказалася другая й трэцяя.

Хаця Спарыш моцна ўстрывожыўся, але ў паніку ня кінуўся. Яму выпадала або тут-жа на месцы прылегчы на голай выкашанай сенажаці ды варажыць на тое, што немцы яго не заўважылі, або дабегчы тых колькі крокаў да кустоў. Мо да часу, пакуль дабяжыць, немцы яго й заўважаць. Але няўжо-ж кінуцца за ім у кусты? Сымон думаў маланкай і наважыўся дабегчы да кустоў. Прысьпяшыўшы як мага кроку й прыгнуўшыся, ён нарэшце грымнуўся ніцма цэлай сваёй постацьцю на першыя зарасьнікі. Трапіў, мусіць, на нейкія калючкі, што, быццам кацінымі кіпцюрамі, дзёрнулі яму ўздоўж твару. Гвалтоўна білася сэрца, цяжка дыхалі грудзі. Сымон баяўся зварухнуцца. «Бачылі ці не? Няўжо-ж бачылі? А вось тады мне пападзецца».

Крышку падняў галаву, павярнуў яе направа ў кірунку дарогі й сачыў за тымі трыма машынамі. Яны затрымаліся. Сымону новая хваля крыві хлынула ў галаву. Ужо яму здалося, што вось-вось пачнуць саскокваць з машын жаўнеры й гнацца, шукаць яго, Сымона, па лесе. Але нічога падобнага не сталася. Машыны пастаялі нейкіх пару хвілін няведама чаго й зноў рушылі. Юнак устаў і ледзь выблытаўся з густых калючых галінак. Правёў правай рукой па твары й пабачыў на далоні кроў.

- Каб цябе ліха! - прамармытаў.

Часу нельга было траціць. Хутка заглыбіўся ў зарасьнікі, якія зараз замяніліся сярэдняга росту дрэвамі. Пад нагамі шалясьцела леташняе лісьце. Затрымаўся, заладаваў стрэльбу, наставіў бясьпечнік і трымаў яе напагатове. Уважна разглядаючыся навокал, а перадусім у правы бок, яшчэ прайшоў колькі крокаў і пачаў клікаць свайго сябру:

- Ві-і-і-і-і-і-ктар!

Рэха гулка раскацілася на ўсе бакі. Адказу ня было. Сымон гукнуў яшчэ колькі разоў. Тое самае. Вецер моцна скалатнуў вершалінамі лесу. Сонца схавалася за хмарай.

Збочча гары раптоўна падымалася, й Сымон не бязь цяжкасьцяў крочыў наперад. Часта хапаўся за камлі дрэваў, каб не спатыкнуцца й не скаціцца назад. Ішоў ці, дакладней сказаць, лез мо хвілін пятнаццаць. Дрэвы зноў парадзелі й замяніліся нізкімі кустамі. Уверсе вецер хутка гнаў хмары на ўсход, Яшчэ колькі хвілін, і пачнецца дождж. Сымон ня мог зразумець, што сталася зь Віктарам. Няўжо-ж не асьмеліўся?

Адзінокая аса, узбуджаная, відаць, раптоўнай зьменай пагоды, а мо й нечаканым наведвальнікам, дробнымі кружкамі замітусілася над Сымонавым шлемам, быццам выбіраючы месца, дзе ўкусіць, і джгнула яго ў шыю.

- Ах, каб цябе нячыстая! - вылаяўся ўцякач.

Першыя рэдкія й цяжкія кроплі дажджу пасыпаліся на чупрыны кустоў. Сымон, выбраўшыся на плоскі гарызантальны хрыбет горкі, падаўся ў правы бок, асьцярожна ступаючы наперад. Хутка апынуўся над самым краем стромай сьцяны. Прысеў, схаваўшыся за куст. Тое, што пабачыў унізе, адразу выясьніла яму ўсю сытуацыю.

Пад нагамі яго ляжала вялікая мясцовасьць. Як пасьля даведаўся - называлася Клерваль. Дарога раптоўна загнула налева якраз там, дзе Сымон, уцякаючы, убачыў тры нямецкія аўтамашыны. Віктар таму й не мог уцячы. Бок гары з усходу быў надта стромы, а калі-б і не, дык Віктар Караткевіч ня мог-бы ўцячы ад свае калёны ў мястэчку. Сымон разглядаў мост на рэчцы, чыгунку, што праходзіла ля самага падножжа гары, шашу, якая, перабегшы на паўдзённы бок рэчкі, стужкай абкружыла даволі шырокую даліну ва ўсходнім кірунку. Дарога была пустая. Сымонавай калёны ўжо ня было відаць. Толькі ў мястэчку затрымаліся на вуліцы тры хурманкі. Па нейкім часе зь дзьвярэй крамаў выйшла колькі зялёных фігурак. Яны селі на каламажкі, якія трушком пакаціліся па шашы.

 

: IX

 

Сымон сядзеў, разглядаўся й разважаў. У сэрца пачала ўкрадацца трывога. Уцячы - гэта адно, але што цяпер рабіць? Трэба было наважыцца й то хутка. Куды кінуцца? Дый як-жа гэта аднаму быць? Бязвыхаднасьць раптам ярка адлюстравалася ў Спарышовым уяўленьні. Зрок блудзіў перш па далёкай дарозе, па стрэхах мястэчка й пасьля спыніўся каля правай рукі, якой юнак быў падпёршыся. На шыракаватай, можа, на сантымэтр цэлы, выхаджанай мурашкамі сьцежачцы Сымон заўважыў вялікую чорную мурашку, што цягнула ў колькі раз большы за сябе кавалак сухога дрэва. Учапіўшыся за яго пярэднімі лапамі, яна паволі рухалася задам.

Спарыш на момант забыўся аб сваіх турботах і зацікавіўся працавітым жыхаром лясоў і палёў. Асабліва цікава назіраць было, як мурашка старалася перавалачы свой багаж на другі бок таўставатай галінкі, што ляжала поперак ейнай сьцежачкі. Праз той вузенькі праход, што мурашкі вытачылі пад галінкай, кавалак дрэва не пралазіў. Пасьля пары няўдалых спробаў мурашка выпаўзла сама, адапхнула дрэва назад, колькі разоў абабегла навокал яго, быццам мяркуючы, што рабіць далей, ды хутка зноў узялася за працу, каб перацягнуць ладунак цераз бар'ер. Але як ні чаплялася заднімі лапкамі за галінку й як ні натужвала ўсе свае сілы - нічога не выходзіла. Ізноў абабегла навокал багажу, мяркуючы, які тут знайсьці ратунак.

Сымон сачыў тое мураўінае змаганьне з захапленьнем. На момант і забыўся, што сам знаходзіцца ў большым клопаце й небясьпецы. Цэлую ўвагу аддаў малой істоце. Гэтак калісьці любіў сачыць мурашак і ў дзяцінстве. Дый хто-ж ня любіць назіраць за тымі працаўнямі. Адчуваў Сымон і нейкае задаваленьне з мураўінага клопату - мо ад той сьвядомасьці, што ня толькі ён адзін у бядзе, але што і ўсё іншае ў прыродзе працуе, змагаецца й церпіць.

«І мог-бы-ж я памагчы ёй, - думаў хлапец, - але вось-жа няхай сама зробіць, а я буду збоку сядзець, сачыць і сьмяяцца. Няхай мурашка пазнае, які лёгкі на гэтым сьвеце хлеб».

Тым часам мурашка наважылася, мусіць, пераправіцца цераз папярэчную галінку іншым спосабам. Стаўшы раўналегла да свайго падоўжанага кавалка дрэва, яна пярэднімі лапамі падапхнула адзін ягоны канец уверх, так што ладунак ускосна лёг на бок галіны. Пасьля, адышоўшыся крыху назад, ухапілася за задні канец і зь вялікаю натугаю папхнула ўвесь цяжар уверх. Кавалак дрэва перакуліўся на другі бок галінкі.

Мурашка, відаць, узрадавалася, адскочыла назад і шпарка кінулася ў левы бок, каб самой пералезьці на другі бок праз той вузенькі праход пад галінкай. Мусіць, ашчаджала сілы й сама не хацела пералазіць цераз верх без патрэбы. Сымон дзівіўся - колькі мудрасьці ці мо толькі памяркоўнага інстынкту мела маленькая працавітая істота.

Мурашка зноў хапіла кавалак дрэва пярэднімі лапкамі й пачала цягнуць паволі, як раней. Але тут Сымон наўмысьля паставіў ёй на той вузенькай сьцежачцы вялікі шырокі свой палец. Мурашка, кінуўшы ладунак, абгледзела перашкоду і ўжо старалася, мусіць, разгледзець, як абысьці яе, бо кінулася крышку ўбок, хоць там дарожку загароджвалі сухія сцёблы травы. Шкада Сымону стала раптам мурашкі. Ён прыняў палец і зь вялікім спачуваньнем уздыхнуў: «Эх, братка ты мой, мурашка. Дзівяцца й людзі з тваёй працавітасьці й цярпеньня. Але ня ведаеш ты нашай горкай долі. Што й казаць! Ведала-б - дык і не пазайздросьціла!»

Юнак адчуў вялікі прыліў жалю й змагаўся са сьлязамі. Так і паплакаў-бы, здаецца, уволю й пажаліўся-б навет той мурашцы, бо ня было-ж каму. Але Спарыш не плакаў, хоць і сядзеў на вяршыні гары сам, хоць ніхто й не падгледзеў-бы. Сьлёзы лічыў адзнакаю слабасьці, а яму-ж нельга было цяпер быць слабым, старой сьлязьлівай бабай. Трэба было мацавацца, гартавацца й ходацца зь лёсам.

Сымон вярнуўся да сваіх папярэдніх думак. «Уцёк-то ўцёк, - разважаў Спарыш. - Але што-ж далей? Ці чакаць ночы, ці цяпер куды йсьці? Дый куды? Невядомая мясцовасьць, мова, людзі. І дзе-ж былі тыя макісы? Казалі, што недалёка тут у ваколіцы ёсьць, але-ж гэта мяне не грэе. А што будзе, як пападуся ў рукі немцам? Яно-ж таксама магчыма. Ды мо гэткі канец і найверагоднейшы. Гэта-ж тут каля самай дарогі, не абы-што табе. І што-ж тут рабіць?»

У гэты час неба густым цяжкім дажджом лінула на Сымона зьверху. Засланіўся галінкамі куста, але яны нічога не памагалі. Так вось пабудзь пад такім дажджом, дык хутка прамокнеш, а пасьля дзе высушышся?

«Трэба-ж нагвалт на нешта наважыцца. Не магу так вось сядзець, - разважаў Сымон. - А мо каб пайсьці дый дагнаць вабоз? Пэўна-ж, далёка не ад'ехаліся. Ці гэта ня будзе небясьпечна? Мо ўжо даведаліся, што мяне няма? Але які-ж іншы выхад? Мо там як вытлумачуся, а мо маёй адсутнасьці й не заўважылі, а калі й спасьцераглі, дык можна будзе неяк выясьніць, апраўдацца, сказаць, што проста дзеля патрэбы застаўся, ці яшчэ што выдумаць. Але што? І ці павераць? Дык што рабіць? Эх, што будзе, тое няхай будзе!»

Пры гэтай думцы Сымон махнуў рукой: буду даганяць!

Хуценька падняўся й, стуліўшы плечы, каб дождж не ліў за каўнер, падаўся назад тымі самымі сьлядамі, якімі прыйшоў. У лесе схаваўся пад страхой верхніх густых лісьцяў. Менш дакучаў дождж. Хутка перабег тую паласу сенажаці й зноў апынуўся на шашы. Перш упэўніўшыся, што нікога няма на дарозе, на хаду разладаваў стрэльбу. Хуткім крокам ішоў па правым баку. У Клервалі вуліцы сьвяцілі пусткай, жывой душы ня відаць было. Сымон мінуў масток і ўжо плянаваў, як гэта будзе тлумачыць сваю адсутнасьць. А тлумачыць, пэўна-ж, прыйдзецца.

 

: X

 

Першая гвалтоўная хваля ліўня мінула. Церушыў дробненькі гусьценькі дожджык. Сымон не зважаў. Каб толькі ўсяго й было бяды - дажджу. Прайшоўшы нейкіх пару кілямэтраў, заўважыў насупраць аўтамашыну. Гэта была легкавая даўгая вайсковая машына, у якой езьдзілі штабовыя афіцэры. Яна прыблізілася, звольніла, затрымалася. Сьпераду сядзеў шафёр, а ззаду - палкоўнік з капітанам. Сымон адсалютаваў.

- Што ты робіш адзін тут на дарозе й зь якога ты адзьдзелу? - гаркнуў палкоўнік на Спарыша па-нямецку.

- Я з трыццатай дывізіі, спадар палкоўнік. Мой адзьдзел пайшоў наперадзе, вы, пэўна, бачылі па дарозе...

- Я, яволь, - кіўнуў галавой афіцэр.

- ...а я крыху адстаў ззаду й стараюся дагнаць.

Афіцэр нічога не адказаў, уважна сьвідруючы Спарыша вачыма. Махнуў шафёру рукой, і машына памчалася далей. Сымон паскорыў крокі.

Маршыраваў больш дзьвюх гадзін. Дарога была зусім пустая. Яшчэ адзін раз праехала невялікая калёна нямецкіх вайсковых аўтамашынаў у заходнім кірунку. Пасажыры іх, здавалася, са зьдзіўленьнем кінулі вокам на адзінокага ўзброенага жаўнера на дарозе.

Трывога павялічвалася ў Сымонавым сэрцы па меры набліжэньня да свайго адзьдзелу. «А што будзе, калі прычэпяцца немцы? Што мяне чакае?» - думаў ён. Але пастановы ўжо не зьмяніў. У выпадку найгоршага разьлічваў, што памогуць, заступяцца сябры. Шаша зноў накіравалася цераз мост на рэчцы Дуб і перакінулася на паўночны яе бок. Воддаль хлопец заўважыў свой вабоз. Затрымаўся ён на шырокай лагчыне між шашой і рэчкаю. Канюхі, парасстаўляўшы каламажкі ля самага берагу рэчкі, ужо павыпрагалі й даглядалі коней, жаўнеры-ж мітусіліся навокал сваіх ужо дзе-нідзе пабудаваных палатак. Шмат зь іх, пасабіраўшыся групамі, пераважна пры хурманках, над чымсьці радзілі.

Сымона здалёк заўважыў Віктар і выбег насустрач.

- Ну як, уцёк? - сьмяяўся ён.

- Няхай цябе чорт, такога сябру! - скрывіўся Спарыш.

- Дык а што-ж я меў рабіць, калі там зараз вёска натрапілася?

- Ведаю, добра ўжо... Не патрабуеш апраўдвацца.

- Ты й добра зрабіў, што вярнуўся.

- Пыталіся пра мяне?

- Штык пытаўся. Я сказаў, што ты дзеля патрэбы застаўся. Ідзі зараз да яго замэльдуйся.

Сымон так і зрабіў.

- А што-ж з табой? Дзе ты так доўга бадзяўся? - спытаў немец, зырка ўталопіўшыся ў яго.

- Застаўся крышку ззаду, адпачыў. Пасьля дождж зачаў падаць, дык пад кустом перачакаў, - тлумачыў спакойна Спарыш.

- Так? А ня ведаеш, дзе Сіткоўскі й Камар?

- Не, ня ведаю, - адказаў хлапец. Ён зараз здагадаўся, што гэтыя хлапцы ўцяклі пасьля яго, і ў той момант ім пазайздросьціў толькі таму, што ягоныя ўцёкі не ўдаліся. Здавалася Сымону, што зьвязовы Штык здагадаўся, дзе ён быў і што сталася з двума, аб якіх пытаўся. Ягоны, здавалася, і твар гаварыў: «Ты-ж мяне, братка, стараешся вакол пальца абвесьці, але-ж я ведаю, дзе ты, даражэнькі, быў». І толькі чакаў Спарыш, як вось-вось Штык скажа: «Ты лгун! Ты ў горы ўцякаў, ды не ўдалося. Забраць яго! Зараз расстраляем перад фронтам адзьдзелу». І калі Штыкова правая рука палезла ў кабуру, у Сымона дзесьці каля каленаў пачалі бегаць мурашкі.

- Трымайце, трымайце яго! - крыкнуў Штык і выняў з кабуры «люгера».

Двое хлапцоў колькі крокаў воддаль трымалі добра адпасенага падцёлачка. Штык падышоў і, прыставіўшы рулю пісталета ў самы бычкоў лоб, стрэліў. Хлопцы адскочыліся, бычок гоцнуўся вобземлю, задрыпаўшы нагамі.

- Голад быў у Нямеччыне, дык хоць мо чужога пад'ядзём, - сказаў адзін з тых, што трымалі падцёлачка, сочачы ягоныя перадсмяротныя ўздрыгі.

- А фігу бачыў, дружа мой? - зарагатаў другі. - Немцы мяса зьядуць, капыткі нам дадуць... - зацягнуў ён на матыў «Если завтра война».

Штык, пачакаўшы пару хвілін і ўпэўніўшыся, што падцёлак застрэлены, уважна агледзеў «люгер» і палажыў яго ў кабуру.

- Бяжы да кухні памагаць абразаць бульбу!

Сымону ня трэба было двойчы паўтараць.

Кастусь Дзежка вельмі ўзрадаваўся, знайшоўшы Спарыша пры кухні. Ён расказаў, што ўсе радзілі над уцёкамі ў горы ноччу, што вялася агітацыя. Пастанова была пэўная.

- А як будзе з табою? - папытаў Сымона. Той адказаў не адразу.

- Ня ведаю яшчэ. Бачыш, вось я толькі вярнуўся з адных уцёкаў.

- Дык ты не марудзь, а памазгуй там у сваёй башцэ ды скажы мне. Я хачу, каб ты й Караткевіч, каб мы ўсе пайшлі разам.

- Добра, падумаю, - паабяцаў Сымон, шпурнуўшы абрэзанай бульбінай у вялікі кацёл.

 

Пераход да макісаў

 

: I

 

Дрэва вольнасьці час-ад-часу мусіць быць адсьвежана крывёй патрыётаў і тыранаў. Гэта - натуральнае яго ўгнаеньне», - пісаў да палкоўніка Сміта, зяця прэзыдэнта Адамса, аўтар амэрыканскае «Дэклярацыі аб незалежнасьці», будаўнік Злучаных Штатаў, архітэкт вольнасьці й дэмакратыі - Томас Джэфэрсон.

Кроў няслаўных і зьненавіджаных тыранаў праліваецца ў ахвяру новых і лепшых ідэяў; кроў змагароў за лепшыя ідэі родзіць вольнасьць, шчасьце, справядлівасьць. Але колькі-ж крыві праліваецца зусім бяз мэты, хіба толькі для насычаньня ненармальных, нялюдзкіх інстынктаў тыранаў...

Калі ў раньнюю пару другой сусьветнай вайны нямецкія карныя адзьдзелы збурылі чэскую вёску Лідыцэ й спалілі жыўцом усіх яе жыхароў мужскога роду, дамэтныя й палітычна разумныя чэхі раструбілі аб гэтым зьверстве па цэлым сьвеце, здабываючы вялікі палітычны капітал. Чэхі мелі за межамі спагадлівыя сэрцы, што спачувалі, пільныя вушы, што прыслухоўваліся, прыязныя рукі, што сьпяшылі ім на дапамогу.

За час другой сусьветнай вайны акупантамі ў Беларусі былі разбураныя тысячы вёсак, жыўцом папалена іх насельніцтва. Крышылася, папялілася, гарэла, стагнала, енчыла шматпакутная Крывіччына-Беларусь. У пякельна-вогненных муках уздымаліся пад неба, клічучы на ратунак і на помсту Ўсемагутнага, бясьсільныя абамлелыя рукі беларускай маткі, жыўцом душыліся дымам і гарэлі ў полымях пажараў няшчасныя нявінныя дзеткі.

Надлюдзкія цярпеньні гаротнага народу не ўзбагацілі беларускага палітычнага капіталу за межамі. Ня было там вушэй, што прыслухоўваліся, зычлівых сэрцаў, што спачувалі, сяброўскіх хрысьціянскіх рук, што пасьпяшылі-б на дапамогу. Беларусь за межамі была няведамай, недасьледаванай белай плямай на мапе, чужой правінцыяй. Рэха народных імкненьняў заглушана было грымотамі змаганьня за беларускую зямельку двух паразітаў-драпежнікаў.

А ў сталіцах заходніх дэмакратычных краінаў зьдзічэлыя ў сваёй прагавітасьці груганы - польскія абшарнікі, вайсковыя асаднікі, крывадушныя ксяндзы, ураднікі й іншая шляхоцкая й панская дробязь, што дваццаць гадоў жыравалі на беларускім целе, рыхтавалі тым часам нашаму народу новыя аковы. Белыя расейцы - папы, чарнасоценцы, усякай масьці няслаўныя нашчадкі Мураўёва-Вешацеля - з другога боку майстравалі яшчэ мацнейшае, больш удушлівае й цясьнейшае ярмо. Адны й другія чакалі добрае нагоды. І знаходзілі ў заходнім сьвеце сымпатыі й падтрымку для сваіх захопніцкіх плянаў і пасяганьняў на чужое.

Цяжкімі ёсьць пачаткі змаганьня за незалежнасьць без агульнага ўздыму, калі полымя сьвядомага, творчага, змагарнага патрыятызму не ахапіла яшчэ цэлы народ. Колькі-ж прыкладаў гэтага знойдзем, перагледзеўшы гісторыю нашай краіны, пачынаючы хаця-б ад Кастуся Каліноўскага. Колькі дарэмных ахвяраў, неапраўданага й непраслаўленага гэройства, колькі неўзнагароджаных цярпеньняў, а з другога боку - нявыкарыстаных магчымасьцяў!

Катаклізм Другой Сусьветнай вайны да самых асноваў скалануў беларускі народ. Побач зь нязьлічонымі стратамі ў ваеннай завірусе расьлі й множыліся ладныя шэрагі новых змагароў за вызваленьне й незалежнасьць Бацькаўшчыны. Адбываўся прысьпешаны працэс вырастаньня й гартаваньня новага беларускага сына - змагара за будучае шчасьце народу. Падрастала й гартавалася ў школах і нацыянальных арганізацыях моладзь, што высока ўзьняла бел-чырвона-белы сьцяг і крыж Ярылы, сьмела крочыла на змаганьне з варожай злыбядою. Гэтая моладзь, што расла ў самыя лютыя гістарычныя часы, прасякла бязьмежнай любоўю да пакрыўджанай Бацькаўшчыны. Яна пераконвалася, што ратунак народу ляжыць толькі ў сваіх собскіх сілах. Як не хацелася таго акупантам, зерне імкненьня да волі й самастанаўленьня аб сваім лёсе, пасеянае на ўраджайнай беларускай глебе, расло й буйнела.

Юнакі, што ў чэрвені 1944 году зьехаліся ў Менск у Школу Камандзераў БКА, прыйшлі добраахвотнікамі, каб ваяваць за вялікую й несьмяротную ідэю, імя якой - вольнасьць і незалежнасьць Беларусі. Маладыя гады, калі фармуюцца погляды й характары людзей, калі яны, быццам тая губка, што ўбірае ў сябе ваду, насычваліся ведамі й нацыянальнай сьведамасьцю, - гэтыя гады пражылі яны пад час вайны. Акрамя нармальнае навукі ў сярэдніх школах, дзе гадаваліся на добрых сыноў і сьвядомых грамадзянаў Бацькаўшчыны, мелі магчымасьць сачыць, як на іхных вачах рабілася гісторыя. Назіралі, як прыблуды-чужынцы тузалі на кускі, нішчылі ўсё роднае, жывое, як з аднаго боку гітлераўцы праводзілі ў практыку ідэю Ніцшэ - «сіла ёсьць права, а права ёсьць сіла», а з другога боку расейцы яшчэ раз практыкавалі ідэі Івана Грознага, Пятра Першага й Мураўёва-Вешацеля.

Якое-ж тады дзіва, што нянавісьць да ворагаў-прыгнятальнікаў, чужых прыблудаў і эксплуататараў радзіла ў сэрцах бязьмежную любоў і адданасьць да пакрыўджанае Бацькаўшчыны, радзіла патрыятызм, што часьценька пераходзіў аж у фанатызм? Імкненьні свае й адданасьць у службе для Бацькаўшчыны выказвалі энтузіязмам у вайсковай навуцы. Іхныя патрыятычныя пачуцьці і любоў да ўсяго роднага ў штодзённай жыцьцёвай практыцы выказвалася даверам да сваіх родзічаў, што йшлі тым самым шляхам; вялікая й шляхотная ідэя, за якую прыйшлі змагацца, узносіла сэрцы іхныя вышэй за ўсякія зямныя інтрыгі, махлярства й зло. Зялёныя яшчэ ў практычным будзённым жыцьці юнакі, лунаючы ў вялікіх вышынях на крыльлях чыстае ідэйнасьці, што скіравала іхныя крокі ў Менск, часта-густа ня ведалі аб розных практычных і варожых перашкодах, якія лёс і ліхалецьце стаўлялі на іхным цяжкім шляху.

Колькі-ж разоў прыйшлося гэтым юнакам падаць на шляху дзеля свае неспрактыкаванасьці. Колькі разоў падымацца й зноў падаць! Лёс, як наўмысьля, ставіў розныя выпрабаваньні. Гэты суровы лёс быў найлепшай школай. І слабыя паміж імі падалі й больш не ўставалі. А самыя моцныя, што мелі найлепшыя задаткі ў сваіх характарах, мацнелі й мужнелі, раслі шчэ больш духова і фізычна. А за тымі моцнымі падцягваліся, падраўноўвалі шэрагі й слабейшыя. Такім чынам, абсалютная большасьць трывала, вучылася, набірала практыкі, дасьведчаньня й сілы. А гэтай апошняй найбольш было трэба для беларускага народу. Гэтую простую праўду юнакі пазналі хутка. Сіла ў еднасьці. Дзе еднасьць - там сіла!

Калі ўжо пакінуць убаку іншыя прычыны, дзеля якіх юнакі пачалі хутка ненавідзець сваіх нямецкіх інструктараў, адну, самую асноўную, трэба яшчэ раз з поўнай сьвядомасьцю падчыркнуць: усе яны, бяз вынятку, прыйшлі ў армію добраахвотнікамі й прыйшлі змагацца за ідэю, а не за нямецкі хлеб. Калі паўстала думка аб пераходзе да францускіх макісаў, то кожны разважаў, што калі прыйшоў добраахвотнікам, дык і адысьці можа сам, калі захоча. Наверх усяго, мяркавалі яны, прыйшлі-ж у беларускую армію, а не ў нямецкую, ваяваць за беларускі народ, а не за нямецкі. Дык і за што-ж мелі змагацца яны, апынуўшыся ўжо ў Францыі, калі цэлая Беларусь была зноў у бальшавіцкім ярме? Ці ня лепш было далучыцца да тых народаў, што змагаюцца супраць тыранаў? І якія прэтэнзіі маглі мець да іх немцы за такі ці іншы паступак? Яны-ж ня былі наёмнікамі.

Ужо ў той час ясна відаць было, што немцы вайну прайграюць. Логіка падказвала, што ўсякая кропля крыві, пралітая на гэтым баку фронту, будзе дарэмная. Тым часам, перайшоўшы на другі бок, можна будзе зрабіць шмат чаго добрага для Бацькаўшчыны. А праца для Беларусі, змаганьне за яе вызваленьне і - у канцы - само вызваленьне й было іхняй мэтай.

 

: II

 

Цэлы падвячорак 31 жніўня, значыцца, таго самага дня, калі Сымон Спарыш вярнуўся са сваіх няўдалых уцёкаў у горы, імжыў дробненькі густы дожджык. Хмары нізка навісьлі над гарызонтам, лахматымі жыватамі чапаліся за вышэйшыя вяршыні гораў. Пахаладнела. Там-сям яшчэ завідна, бо вечарам было забаронена, жаўнеры параскладалі вогнішчы. Кожнаму дасталося па глытку сьпірту зь вячэрай. Здагадаліся, што сьпірт паходзіў дзесьці з францускага складу, бо немцы-ж чужым свайго алькаголю не раздавалі.

Адзьдзел быў разьмешчаны на шырокім лузе даўжынёю каля двух кілямэтраў, між шашою і рэчкаю. Каля самай рэчкі стаялі хурманкі й коні. Паабапал шашы вырас лес палатак. З паўночнага боку дарогі была нявысокая гара, зарослая густаватым хмызьняком. Лепшага месца для пераходу на другі бок ніхто й выдумаць ня мог-бы.

Дзесь па гадзіне адзінаццатай, калі ўжо, як здавалася, усё ў абозе спала, толькі хрупалі й пырхалі коні, з палаткі дванаццатае роты вылезьлі дзьве постаці. У руках адной быў ручны кулямёт «дзегцяроў», другая тарабаніла дзьве скрынкі амуніцыі. Яны ішлі прыгнуўшыся, моўчкі, асьцярожна ступаючы ў кірунку дарогі. Вартавыя, што паволі шпацыравалі па дарозе, кіўнулі ім галовамі, і двойка зьнікла ў цемры ў кірунку гор.

Мінаў час. Была ўжо поўнач.

Раптам з таго кірунку ў гарах, куды накіравалася двойка, пачуліся густыя кулямётныя стрэлы. Адна сэрыя, другая, трэцяя... Сьціхне і зноў. Вартавы з дванаццатай роты і зь іншых па суседзтву стрэлілі па пару разоў уверх на трывогу. Як быццам на агульную каманду, у абозе вырасла, ледзь не з-пад зямлі, вялікая маса людзей. Падскоквалі ўверх малыя палаткі. Людзі былі апранутыя й трымалі зброю ў руках. Гэта былі тыя, што ня спалі, а, прытаіўшыся, чакалі ўмоўленага сыгналу. Маючы з сабой зброю, захапіўшы еміну й неабходныя рэчы, усе яны кінуліся бегчы ў кірунку гары, адкуль было чутно яшчэ тарахценьне «дзегцярова».

- Партызаны! Партызаны! - чулася навокал.

Камандзер роты старшы лейтанант Петрык і ўсе нямецкія інструктары начавалі ў палатках па суседзтву. Калі Петрык пачуў стрэлы перш у гарах, пасьля ад вартавых і зараз-жа гоман і рух у абозе, ён хуценька ўсхапіўся, насунуў боты, накінуў мундзір і выглянуў на двор. Бачыў, як жаўнеры беглі ў кірунку гары, чуў крык «партызаны».

«Але-ж то файнае войска, - падумаў ён, - так хутка пачулі небясьпеку й самі бягуць на змаганьне з партызанамі». Дзеючы больш пад імпульсамі, чымся з развагай, ён хутка схапіў зброю, шлем і, клікнуўшы падафіцэраў, каб не заставаліся ззаду, кінуўся ў ведамым нам ужо кірунку. Бегчы прыйшлося нядоўга. Неяк па дарозе яшчэ цюкнула ў галаву Петрыку сумлеўная думка: чаму гэтае войска так хутка апранулася й зусім без майго ведама кінулася ў бок страляніны? Адкуль такі энтузіязм да наступу?

Петрыку доўга не давялося чакаць на адказ. Прайшоўшы ці прабегшы блізу кілямэтр праз падгорныя хмызнякі, рэдкія дрэвы, ён апынуўся на нейкім узбоччы сярод сваіх жаўнераў. За ім, засопшыся, цягнуўся й нямецкі інструктар Будкэ. Толькі Кацынскі, што пры пачатку трывогі зьбіраў хлапцоў у групу, прыйшоў у баявым парадку. Раптам немцы заўважылі, што яны абкружаныя з усіх бакоў суцэльнай сьцяной жаўнераў. Юнакі трымалі зброю напагатове.

- Злажыце зброю! - загадаў моцны ўпэўнены голас, і два чалавекі наблізіліся да немцаў. Тыя не супраціўляліся, толькі яшчэ зь нейкай зьбянтэжанасьцю, быццам вушам ня верачы, пазіралі навокал.

- Лейтанант Петрык, - пачаў той-жа цьвёрды голас, - мы ўсе, якіх тут бачыце, сяньня наважылі пакінуць нямецкую армію й перайсьці да францускіх партызанаў...

- Чаму? - вырвалася раптам у лейтананта.

- Самая галоўная прычына, калі хочаце ведаць, гэта тое, што мы пайшлі ў беларускую армію, а не ў нямецкую. Мы пайшлі змагацца за Беларусь, а не за ваш нямецкі «фарфлюктар», і былі добраахвотнікамі. Думаю, што мы добраахвотнікамі можам і адыйсьці, і вы, немцы, не павінны за гэта крыўдзіцца. Зразумела вам усё?

- Яволь, - адказаў ужо слабейшым і больш нясьмелым голасам афіцэр. Ён азіраўся навокал, быццам зьнячэўку злоўлены ў пастку зьвярок. У гэты момант яму менш абыходзіла прычына ўцёкаў жаўнераў, чымся трывога аб сваім далейшым лёсе. Пробаваў угадаць, што зь ім зробяць: ці адпусьцяць, ці застрэляць. Дарма трывожыўся Петрык. Жаўнеры ня мелі на яго злосьці, бо ніякае крыўды ім не зрабіў. Быў найбольш бясколерным нямецкім афіцэрам, якога колішнім кадэтам давялося пазнаць пад час кароткае вайсковае кар'еры. Гэта быў процілеглы полюс да таго зьненавіджанага Шнайдара. Заўсёды трымаўся быццам ззаду, а калі й даводзілася мець дачыненьні з жаўнерамі - меў іх колькі разоў кожны дзень - то быў вельмі талерантным. Хлопцы яго за гэта паважалі. Калі-ж ходзіць аб зьвязовых Будкэ й Кацынскім, то на гэтых шмат хто хацеў бы налажыць руку. Але трэба было браць увагу на тое, што ззаду засталіся сябры, якія маглі-б пасьля пацярпець за ліквідацыю немцаў. Дык найвыгадней было ўсіх трох адпусьціць назад.

- Вы цяпер пойдзеце назад і слухайце ўважна, што вам скажу, - гаварыў Кастусь Дзежка. - Ня сьмейце рабіць ніякіх рэпрэсіяў за наш пераход да французаў на тых, што з вамі засталіся. Яны за гэта не нясуць адказнасьці. Калі-ж вы станеце караць нашых людзей, дык памятайце, што мы дачуемся й вас знойдзем.

Апошнія словы былі вымаўлены пагрозьлівым тонам, што не пакідаў ніякага сумлеву.

- Мы хочам, каб вы далі слова, што ня будзеце рабіць рэпрэсіяў, - настойваў Дзежка.

Петрык нейкі час маўчаў і пазіраў на другіх немцаў, быццам хацеў спытаць, ці даваць такое слова.

- Дык што? Даеце слова?

- Я-ж афіцэр, выконваю загады, служу Нямеччыне... - мармытаў немец.

- Вы можаце гаварыць як чалавек.

- Што-ж, як чалавек я ня буду старацца рэпрэсаваць...

- А вы? - спытаў Дзежка ў Будкэ й «фольксдойча» Кацынскага.

- Я нікога не зачаплю, - пасьпяшыў Будкэ.

- І я тэз... - вырвалася па-мазурску ў Кацынскага.

- Вельмі добра. Такімі мы заўсёды хацелі вас, немцаў, бачыць, каб з вамі часам як зь людзьмі льга было пагаварыць. А то найчасьцей вы захоўваліся й паводзіліся, як зьвяры. А цяпер... - тут Дзежка хапіў аўтаматы немцаў, павымаў зь іх магазыны з амуніцыяй і перадаў зброю ўласьнікам, - можаце ісьці назад. І памятайце! Паўтараю яшчэ раз: не чапайце нашых людзей, бо мы вас знойдзем. Можаце ісьці.

У шчыльным кругу зрабіўся праход, і немцы, раз аглянуўшыся навокал, павольным крокам пакінулі месца збору.

- Я-б іх пусьціў, гадаўё гэткае! - пагражаў голас.

- Пастраляў-бы, вось што!

- Вось разумнік знайшоўся! Ты забыўся, што там нашы засталіся? Ці, можа, прыпомніць, як немцы робяць? Дзесяць за аднаго! Страляючы іх, ты страляў-бы сваіх.

- А-ах!

- Вось табе й а-ах!

Раптам усе загаварылі. Пачаліся нарады - як і што?

- Увага! - гукнуў Дзежка. - Тут нам заставацца цяпер нельга, хоць і цёмна ісьці, дый хто ведае, куды можна трапіць. Але трэба меркаваць, што немцы могуць па нас вярнуцца ды зь сілаю. Давайце тады пяройдзем хоць пару кілямэтраў ад галоўнае дарогі, дзе затрымаемся да світаньня. Там ужо будзем бачыць.

Шнурком і групамі малы адзьдзел пералез гару, якая была нявысокая, і паволі зыйшоў у лагчыну. Выглядала ў групе чалавек сорак, ня больш, хаця шматлікія варажылі, што мусіла ўцячы больш. Паслугоўваючыся дзе вачыма, а дзе вобмацкам, адзьдзел пасунуўся перш на захад, як здавалася, а пасьля крыху на поўнач. Каля другое гадзіны ночы пачаўся страшэнны лівень. Далей ісьці было немагчыма. Зашыўшыся ў густы хмызьняк, пастанавілі спыніцца. Людзі былі стомленыя ад няпрывычнага хаджэньня па ўзбоччах гораў. Дарма што вада цякла ручайкамі пад нагамі - жаўнеры, стуліўшыся пад дрэвамі, стараліся заснуць і перачакаць ноч.

 

: III

 

Уночы хтосьці моцна тузануў Сымона за нагу. Ён спаў пад нацягнутай на трох калочках трохкутнай маскіроўкай.

- Эй, Сымон! - забубнеў голас да соннага хлапца. - Ты ня ранены?

- Га? Чаго,ты?

- Ты ня ранены?

Сымон ня зразу ўпрытомнеў, чаго ад яго хацелі. Так моцна спаў, што ня чуў ніякай страляліны, а зусім забыўся аб тым. што сябры ўцякалі ў горы.

- Што ты, здурэў? - крыкнуў ён злосна. - Якое ранены й чаго ранены? Уматывайся к чорту й не перашкаджай спаць!

Калі ён разбудзіўся раніцай, заўважыў, што ўжо мусіла быць шмат пазьней, чымся звычайна, калі ўставала рота. Хутка стаў карабкацца з-пад свайго, нацягнутага на тры палачкі, маскавальнага трыкутніка. Таўхануў пасярэдзіне палатно, і вада лінула яму за шыю. Гэта ноччу дождж наліў на версе маскіроўкі маленькую сажалку.

- Вось, каб цябе нячыстая! - вылаяўся.

Лёгкі туман пакрываў даліну рэчкі. Пацягваючыся й расчэсваючы буйныя валасы, Сымон аглядаўся навокал. Абуў чаравікі, апрануў мундзір і схапіў кацялок, каб пайсьці зачэрпнуць з рэчкі вады й памыцца. Але тут вельмі дзіўнай раптоўна выдалася навакольная цішыня.

«Дзе-ж гэта ўсё падзелася? Што яны робяць?»

Заглянуў побач пад Віктараў трыкутнік. Сябра ўжо быў устаўшы.

«Дзе-ж ён мог быць?»

Воддаль заўважыў цыбатага Янкоўскага. Ён належаў да тых, што заўсёды і ўсюды плёўся ў хвасьце й атрымаў мянушку «недаробленага». Быў гэта сярэдняга росту тонкі юнак, з даўгой шыяй, адвіслымі вушамі, прышчаватым тварам. Найбольш ненармальнымі былі ягоныя, падобныя да дзьвюх мяцёлак, чорныя густыя бровы, што тырчэлі наўскасяк і ўверх. Янкоўскі корпаўся каля сваіх рэчаў. За ім заўважыў Сымон і малога Жука.

- Гэй, Янкоўскі! Скажы мне, дзе гэта ўсе нашы падзеліся? - гукнуў Сымон.

- А што, ты ня чуў?

- Што чуў?

- Ноччу бальшыня пайшла ў горы.

- Ідзі ты...

- Праўду кажу.

- У горы пайшлі? А як-жа то мяне пакінулі?

І цяпер толькі прыпомніў хлапец, як учора Дзежка прапанаваў ісьці разам і як позьнім вечарам ён адмовіўся ды, прымасьціўшыся побач Віктара Караткевіча, палез пад свой трыкутнік і ноч пераспаў, нічога ня чуючы.

- Дык, як то? Усе пайшлі й толькі цябе пакінулі? - перапытаўся Спарыш Янкоўскага.

- Шмат вунь засталося. Хто каля вазоў сабраўся, а іншыя сваймі справамі займаюцца.

Зь імглы высунулася шырокая сутулаватая фігура Віктара Караткевіча. Ён, мусіць, быў каля хурманак, адкуль чуваць быў гоман, але нічога ня было відаць.

- Ты ўжо ўстаў? Я не хацеў цябе будзіць, бо сягоньня пабудкі ня было. Ты чуў, што сталася?

- Крыху чуў.

- А мы, брат, так і празявалі.

- Бачыш, што выйшла. Колькі людзей уцякло?

- Цяжка іх палічыць, але выглядае, што палавіна нашай роты й шмат зь іншых ротаў.

- А хто з нашых беларускіх падафіцэраў?

- Грамыка й Гуць.

- Малайцы хоць за тое, што адважыліся. Ты слухай, а дзе нашыя швабы?

- Бачыў Штыка, як мітусіўся каля свае палаткі. Іншых ня бачыў. Хтосьці казаў, што Петрык паехаў раненька на кані, мусіць, ці ня ў полк...

- Такая справа.

Абодва памаўчалі.

- Чорт вазьмі, - з заклапочаньнем церабіў каля правага вуха Сымон, - хто ведае, што з гэтага выйдзе. Ніколі ня ведаеш, што швабы могуць зрабіць. Мо лепш было ўжо ўсім смаргануць разам. А што там каля кухні робіцца?

- Дыміць, відаць.

- Дык мо варта падыйсьці туды, каб кавы хаця якой дастаць?

Хлопцы ўзялі кацялкі й пайшлі да кухні. Выдавалі каву. Вальтэр быў хмарны й зь нікім у гутарку ня ўваходзіў. Навокал групкамі стаялі жаўнеры й на розныя лады камэнтавалі наглыя падзеі. З гутарак відаць была агульная няпэўнасьць што да будучыні. Усе з непакоем чакалі далейшых выпадкаў.

 

: IV

 

Празь нейкія паўгадзіны тое, што засталося з дванаццатай роты й іншых адзінак, якія начавалі на лузе, заварушылася. Вымаршыроўвалі ў далейшую дарогу. Пасьля пару гадзінаў маршу зноў пачаўся густы лівень. Затрымаліся ў вёсцы й перачакалі яго, пахаваўшыся, дзе хто мог - хто пад страху, хто пад дрэвы.

Як толькі спыніўся дождж, зьявіліся лейтанант Петрык, Кацынскі й Будкэ. Першы быў на кані, два апошнія - на самакатах. Зь імі, таксама конна, быў нейкі незнаёмы лейтанант. Гэта быў перакладчык са штабу батальёна. Калі рэшткі дванаццатае роты сталі ў трох шэрагах, як было загадана, на зборку, аказалася, што лік паменшыўся напалову. Перакладчык пачаў да жаўнераў па-расейску:

- Сягоньня шмат з вашых сяброў уцякло ў горы. Яны прылучацца да францускіх тэрарыстых і пасьля пападуць у рукі ангельцаў, якія адашлюць іх Сталіну, згодна заключанай умовы. Вашых сяброў чакае дрэнны лёс, калі не пагібель. Цяпер скажыце - а з вас некаторыя пэўна ведаюць - чаму яны гэта зрабілі? Ці ім было дрэнна ў нас? Ці есьці мала? Або, можа, яны мелі іншую мэту? Можа, мелі зь кім сувязь? Тут маўчаць ня трэба. Пэўна, з вас нехта хоць адзін ды ведае прычыны.

Адзьдзел маўчаў.

- Яшчэ раз прашу, хто ведае прычыны дэзэрцыі вашых сяброў, сказаць нам аб іх.

- Ну дык кажы, чаго-ж іх баішся, - голасам і таўхялём пад бок заахвочваў сусед Каханчыка. Гэты апошні быў адным з найбольш рослых, сьмелых і разважных у роце. Расейскі перакладчык заўважыў рух ягонага суседа.

- Вы што знаеце? - падскочыў да Каханчыка. Усе немцы пазіралі на хлапца з запытаньнем.

- А што ведаю, тое магу сказаць, - пачаў сьмела, аглянуўшыся на сяброў, Каханчык. - Як толькі мы прыехалі ў Нямеччыну ці яшчэ ў Прусію, дык немцы адразу пачалі нам дапякаць, што тут вам «кайн Руслянд», сталі абзываць дурнямі й тым падобнымі, адным словам, зьневажаць, колькі ня трэба. А мы-ж вунь прыйшлі ў Менск ахвотнікамі, дык нам і не падабалася, што як тых «кнэхтаў» нас трактуюць. Ды хаця-ж, каб толькі не падабалася... Мы-ж людзі зь сярэдняй асьветай. Думалі, што немцы гэта на ўвагу возьмуць. Афіцэрская школа як-ніяк... Ажна тутака адносіліся, казаў той, не як да хаўрусьнікаў, якія прыйшлі добраахвотнікамі ў войска, а быццам як да нейкага быдла, што сілком пазьбіралі, ці што... Што да ежы, то я адно пра сябе скажу: мне хапала...

- Мала было! - крыкнуў голас, набраўшы сьмеласьці.

- Есьці ніколі не хапала! - памог іншы.

Самы большы ядун Мулага не далажыў свайго слова, бо калі-б і адкрыў рот, каб што сказаць, маглі-б высьмяяць. Да выказваньняў Каханчыка тое-сёе далажылі іншыя. Усё зводзілася да таго, што немцы трактавалі колішнюю школу камандзераў БКА не па-людзку, адносіліся як да «унтэрмэншаў», што агоркла-абрыдла гэнае «кайн Руслянд» і іншае. Адылі аб сапраўднай прычыне пераходу сяброў іхных да французаў ніхто й не заікнуўся. Бо хто-ж мог быць настолькі сьмелым, каб вытлумачыць гітлераўцам, што беларусам, якія пайшлі ваяваць за шляхотную ідэю, было не па дарозе зь імі, што вучні Школы Камандзераў БКА даўно і надта-ж падрабязна вывучылі іх, ведалі, што чакае іх у будучыні, калі-б засталіся побач гітлераўцаў... Хто-ж мог сказаць немцам, што вайну яны ўжо прайгралі? Дый ці варта было?

Цікава было-б збоку назіраць, як, слухаючы трапныя простыя заўвагі, хаця і ў перакладзе лейтананта, і немцы наплывалі з твараў крывёй. Гэта-ж мо ніводнаму зь іх не даводзілася раней слухаць, каб чужынцы адкрыта іх крытыкавалі, дый што самае горшае - яны, нядаўнія паны Эўропы, стаялі, бязрадна апусьціўшы рукі, і мусілі слухаць. Ці адзін зь іх, паводле ранейшых прывычак, выхапіў-бы аўтамат і пачаў-бы касіць сьвінцом тых «унтэрмэншаў». Але-ж самі адчувалі, што знаходзіліся на дрыгве. Іх было мала, а войска ўсё чужое. І дзеля таго злавалі яшчэ больш, усьведаміўшы сваю бясьсільнасьць. Ці адзін мо абяцаў сабе ў думках, што адпомсьціць за гэта «унтэрмэншам» у будучыні.

Нейкі час пазьней дванаццатая рота перайшла пару кілямэтраў наперад, дзе сабраўся цэлы адзьдзел у сіле каля двух батальёнаў, ці таго, што засталося з учарашніх двух батальёнаў. На невялікай вясковай плошчы стаяла жменя афіцэраў перад фронтам пастаўленага чатырохкутнікам адзьдзелу, і зноў гаварыў перакладчык, паясьняючы й пашыраючы тое, што сказаў яму старэйшы афіцэр. Яшчэ раз страшыў, што ўцёкшыя да тэрарыстаў беларусы пападуць у рукі Сталіна і г. д. Пераконваў, што Нямеччына ў ніякім выпадку вайны не прайграе, бо гэтага навет і быць ня можа. Толькі, чаму быць ня можа - перакладчык ня вытлумачыў. Відаць, і сам ня верыў у тое, што гаварыў.

- Эх ты, братка, махаеш ты нам перад носам старым пудзілам і старымі абяцанкамі. А папытаўся-б хто, ці каторы табе паверыць... - камэнтаваў голас у другім шэрагу дванаццатай роты.

Ужо ў часе гэтай батальённай зборкі хлопцы заўважылі, што ў першым зьвязе бракавала яшчэ чатырох чалавек, якія раніцою былі на першай зборцы. Значыцца, махнулі ў горы. Віктар ізноў намаўляў Сымона, але калега адмовіўся.

У гэты-ж самы дзень, калі, прайшоўшы некалькі кілямэтраў, адзьдзел спыніўся на абед, Сымон зь Віктарам адшукалі афіцэра-перакладчыка, якому яшчэ з большымі дэталямі расказалі аб прычынах незадаваленьня і ўцёкаў беларусаў. Гаварыў найбольш Сымон, а сябра слухаў і час-ад-часу дакладаў слова.

Паўтарыўшы сказанае раней сябрамі, Сымон успомніў яшчэ аб непашанотных адносінах немцаў да беларускіх афіцэраў і пасьля даў два прыклады, як Кацынскі спрычыніўся да незадаваленьня жаўнераў, а ўрэшце й да ўцёкаў. Гэтымі прыкладамі былі сяржант Грамыка й зьвязовы Гуць.

Грамыка служыў яшчэ разам з Кацынскім у польскіх «уланах» у Быдгашчы. Няведама чаму Кацынскі мсьціўся на даўным знаёмым. Адно ўсе бачылі яго нялюдзкія й зьняважлівыя дачыненьні да беларускага сяржанта. А Грамыка як-ніяк быў шанаваны ў роце. Ён быў рослы, разважны дый не належаў да тых, што абы-каму дадуць над сабой верх трымаць. «Фольксдойч», зрабіўшы беларусу шмат непрыемнасьцей, у Прусіі даў яму функцыю загадчыка канюхоў, гэткім чынам фактычна адзьдзяліўшы ад роты.

Гуць у Менску быў гаспадарскім падафіцэрам школы. Адзін з найбольш гарачых патрыётаў, ён быў вясёлым і жартаўлівым хлапцом. Усе юнакі паважалі яго як старэйшага, дасьведчанага й сяброўскага. «Фольксдойч» Кацынскі адабраў у Гуця па дарозе ў Францыю пісталет і вызначыў зьвязовага на сталую працу пры кухні. Такім чынам, Гуць з харчовага падафіцэра колішняй афіцэрскай школы стаўся памочнікам кухара Вальтэра. Ён ня мог браць удзелу ў палявых занятках роты.

Абодва падафіцэры не маглі дараваць вялікае крыўды й чакалі на нагоду. Калі прыйшла магчымасьць, яны адны зь першых пайшлі да французаў.

Сымон расказаў перакладчыку і аб тым бунце за «фарфлюктар» па дарозе зь Цеханава ва Ўсходнюю Прусію. Расеец, выслухаўшы ўсё ўважна, запэўніў Сымона й Віктара, што ў штабе батальёна аб гэткіх несамавітых выхадках Кацынскага ня ведалі, і ён мяркаваў, што як шэф Кацынскі, так і ўсе нямецкія інструктары дванаццатай роты будуць зьмененыя. Сам перакладчык, як хлопцы ўцямілі з гутаркі з ім, быў колішнім афіцэрам Чырвонае Арміі. Яны ня прывязвалі вялікае вагі да ягоных мяркаваньняў, бо і ён-жа, пэўна, ня спрыяў беларусам больш, чымся тыя гітлераўцы.

Пасьля пераходу сяброў да макісаў, гутарак з афіцэрамі й частага ўжываньня пудзіла Сталіна тыя, што засталіся ў дванаццатай роце, не варажылі сабе добрае будучыні. Шматлікія чакалі, што немцы яшчэ пакажуць свой акрываўлены жалезны кулак. У якой форме ён выявіцца - ці ў форме працоўных лягероў, ці экзекуцыяў - дагадваўся, як хто мог. Ня было нічога пэўнага, й кожны стараўся адганяць ад сябе найбольш чорныя думкі. Гэта было надзвычайна цяжка.

Калішняя весялосьць роты, што вынікала зь сьвядомасьці ейнай сілы, аснованай на салідарнасьці, што ці раз ужо была дэманстраваная й вытрымала іспыты перад немцамі, беспаваротна зьнікла. Рэшткі адзьдзелу ўзышлі на самы небясьпечны адрэзак вандроўнага шляху. Небясьпечным ён быў таму, бо былі перакананымі, што ня мінуць ім кары з боку немцаў, дый нічога парадзіць, каб запабегчы таму, не маглі. Трэба было аддацца волі лёсу й спадзявацца найлепшага.

Калі-б вучні колішняе афіцэрскае школы БКА ведалі поўную сытуацыю, былі-б яшчэ больш трывожнымі. Хаця да вушэй даходзілі такія-сякія весткі аб пераходах да макісаў іншых адзьдзелаў з трыццатае дывізіі, мала хто навет дагадваўся аб разьмерах дэзэрцыяў. У катлавіне ракі Дуб, пачынаючы ад Монтбэльярд і Бэльфорт, сягаючы на поўначы да Бэзуль і на захадзе на Доль, па дарогах і чыгунках пасоўваліся, гэтым разам ужо на ўсход, элемэнты трыццатае дывізіі. Амаль ня было дня, каб з таго ці іншага адзьдзелу людзі не далучаліся да французаў. Дэзэрцыі сталіся масавымі. Але пераходы малых групаў былі нічым у параўнаньні з пераходам цэлага трэцяга батальёну, што пакінуў немцаў на захад ад Бэзансону, непадалёк Доль. Фактычна й нельга сказаць, што пакінуў немцаў, бо большасьць нямецкіх афіцэраў была беларусамі зьліквідаваная. Камандны склад трэцяга батальёна ў бальшыні складаўся зь беларусаў. Пераход да французаў быў плянаваны й добра арганізаваны.

 

Рэпрэсіі й ахвяры

 

: I

 

Немцы заўважылі сваю памылку запозна. Палягала яна ў накіраваньні трыццатай дывізіі ў Францыю. Беларусы хутка спасьцераглі, хто іхныя хаўрусьнікі, й не хацелі ваяваць побач гітлераўцаў. Найбольш дзівіла немцаў тое, што за выключэньнем колькіх арганізаваных пераходаў ня менш людзей уцякала ў горы малымі групкамі. Значыцца, бязь ніякага кіраваньня, без падказваньня зьверху, зусім без агітацыі людзі пакідалі вайсковыя шэрагі. Выглядала, што думка была агульная. Пагражала небясьпека, што калі-б затрымацца адзьдзелам трыццатае дывізіі ў Францыі даўжэйшы час, дык бальшыня пяройдзе да макісаў. Трэба было думаць аб контрмерах.

У інтарэсе немцаў было, каб адцягнуць адзьдзелы трыццатае дывізіі з Францыі ў Немяччыну. Гэта якраз супадала з плянамі камандаваньня. З-пад Марсэля пасоўвалася амэрыканская армія, у складзе якое быў першы францускі корпус г. зв. Вольнай Францыі. Стратэгічна для абароны найбольш прыдатным быў хрыбет Вагезаў і францускіх Альпаў. Трэба было ўмацаваць, абсадзіць войскам даліну ракі Дуб, раёны ад Дэль на швейцарскай мяжы й праз Бэльфорт на поўнач. Гэта мела быць абаронная лінія перад Рэйнам. Такім чынам трыццатую дывізію трэба было адцягнуць у Эльзас, які немцы лічылі Нямеччынай.

Каб спыніць уцёкі беларусаў у Францыі, трыццатая дывізія была абяззброеная. Працэс арыштаў афіцэраў і абяззброеньня дывізіі цягнуўся больш тыдня ў пачатку верасьня. Галоўная хваля арыштаў афіцэраў адбылася зараз пасьля арганізаванага пераходу да французаў трэцяга батальёну. Дзеяньне было скаардынаванае па ўсіх раськіданых на вялікіх адлегласьцях адзьдзелах. Вывезьлі іх перш у лягер за Рэйн, пасьля ў канцэнтрацыйны лягер у Дахаў. Даносчыкі, інтрыганты й звычайныя нелюдзі мелі тут важкае слова. Найбольш шкоды беларусам прынесьлі расейцы, што былі абселі вярхі каля палкоўніка Зіглінга.

Амаль па ўсіх адзьдзелах карысталіся немцы выпрабаванай тэхнікай раззбраеньня. Звычайна людзям, якія мала што падазравалі, хаця й былі неспакойныя, загадвалася перад абедам ці перад вячэрай вычысьціць зброю й паставіць яе ці то ў роўныя шэрагі, ці ў копкі, у залежнасьці, дзе гэта адбывалася - на полі ці ў абозе. Калі жаўнеры, паабедаўшы, вярталіся ад кухні, зброі на папярэднім месцы не знаходзілі. Часьцей маглі навокал заўважыць узброеныя нямецкія паліцыйныя адзьдзелы. Гэткім чынам абкружаныя, яны чакалі са страхам і трывогаю, пакуль камандзеры павыбіраюць часьць людзей для адпраўкі ў Нямеччыну на нявольніцкую працу. Вялікая маса беларусаў трапіла гэткім чынам на будову вакопаў на другім баку Рэйна, у Дахаў, на будовы чыгунак, на фабрыкі й іншыя варштаты нявольніцкай працы гітлераўскага Райха.

 

: II

 

Капітан Віталі Мікула быў узяты немцамі й расейцамі на вока ад часу той памятнай эльбінскай канфэрэнцыі. Вучні калішняй менскай школы БКА бачылі яго апошні раз на цягніку, калі падарожнічаў адным эшалёнам разам зь імі з Усходняй Прусіі ў Францыю. Ужо пасьля, калі шматлікія наважыліся ўцякаць да макісаў, кадэты шкадавалі, што ня было пры іх капітана Мікулы, які змог-бы пакіраваць і павесьці. Ніхто зь іх ня ведаў аб лёсе шэфа штаба Беларускае Краёвае Абароны. Капітан Віталі Мікула быў, зараз пасьля прыезду ў Францыю, назначаны камандзерам зьвязу ў першай роце шостага батальёна. Ротай камандаваў немец, а заступнікам ягоным быў расеец. Гэтак Мікулу спіхнулі на камандзера адзінкі, якой мог бы, у выпадку неабходнасьці, камандаваць старэйшы падафіцэр.

Мікула, спасьцярогшы сваю дэградацыю, стараўся неаднаразова навязаць кантакт зь Беларускай Цэнтральнай Радай або штабам БКА. Адылі, пасьля шматлікіх захадаў, прыйшоў да выснаву, што яго наўмысьля стараліся ізаляваць ад беларускай вайсковай верхавіны, тлумачылі, што ня ведаюць, дзе ёсьць БЦР і штаб БКА, ды давалі іншыя ўніклівыя адказы. Гэткім чынам, капітан Мікула ня мог прабіць варожае яму сьцяны Зіглінгавага штабу трыццатае дывізіі. Расейцы дбалі, каб гэты перадавы й адзін з найвыдатнейшых беларускіх афіцэраў і патрыётаў, раз трапіўшы ў пастку, ня ўцёк зь яе.

Мікула быў арыштаваны адным зь першых, зараз-жа пасьля пераходу да французаў трэцяга батальёну. Дэпартаваны ў канцлягер каля Карльсругэ, прабыў там больш месяца, а пасьля быў адасланы ў Дахаў. У ліку нязьлічоных тысячаў іншых ахвяраў дахаўскія газавыя крэматорыі спапялілі й Віталія Мікулу - добрага чалавека, выдатнага беларуса й высокакваліфікаванага афіцэра, якіх у беларусаў было так няшмат.

Шырока вядомым ёсьць сярод іншых народаў абразок, як адзін немец адпраўляў свайго сына ў войска. Казаў бацька юнаку: «Сынок, калі трэба будзе загінуць за Нямеччыну, ідзі наперад сьмела. Памятай, аднак, каб вораг дорага заплаціў за тваё жыцьцё. Бо ня будзе для твайго бацькі большай крыўды, а для народу большае няславы, калі ты загінеш задарма».

Шмат беларускіх афіцэраў, а перадусім адзін з найвызначнейшых зь іх - капітан Віталі Мікула - не загінуў у Дахаў задарма. Адылі страта для беларускага народу была надта балючай.

 

: IІІ

 

З дванаццатай роты дзьвюмя групамі накіравалі немцы ў канцлягеры дванаццаць чалавек, у іх ліку й ведамага чытачу Мулагу. Зброю й іншае вайсковае знарадзьдзе загадалі пакінуць у роце. Дазволілі забраць толькі па адным коцу й прылады да ежы ды вопратку й абутак. Новыя нявольнікі былі завезеныя ў лягер каля Карльсругэ, дзе будавалі новую чыгунку. Спалі ў канюшні, елі раз у дзень, гадавалі вошы й ледзь валачылі на працы ногі. У гэтым лягеры была вялікая група, звыш тысячы рэпрэсаваных з трыццатае дывізіі. Былі сярод іх расейцы, немцы, татары, іншыя азіяты, пераважна ўзбекі, што некалі трапілі ў трыццатую дывізію зь нямецкага палону. 80 працэнтаў усіх складалі беларусы.

 

Група Грамыкі ў макісаў

 

: I

 

Сяржант Грамыка мог быць добрым загадчыкам канюхоў, добрым сябрам і нядрэнным жаўнерам, але, як выявілася пасьля на шкоду цэлае групы дванаццатае роты, што адыjшла ад немцаў у ваколіцы мястэчка Клерваль і якую мы ад гэтага часу будзем называць групай Грамыкі, з; яго быў дрэнны камандзер.

Каманду-ж яму даверылі раніцою пасьля тае ночы з 31-га жніўня на 1-га верасьня, калі больш паўсотні былых кадэтаў, сяк-так задрамаўшы на ўзбоччы гары, задаволенымі былі, што нарэшце разьвіднела й можна будзе неяк рухацца далей. Сяржант Грамыка быў найстарэйшы векам (меў 37 год) і рангам. Выбар яго на камандзера быў зусім лягічным.

Група йшла краем лесу, усё больш адыходзячы ад галоўнае дарогі. Дзень быў хмарны, але дождж перастаў яшчэ над раньнем. Пастаноўлена было шукаць кантакту з французамі. Вычувалася нейкая крыўда да тых сяброў з дванаццатай роты, што не пайшлі разам у горы, а засталіся зь немцамі. Адылі ня было часу крыўдаваць, а трэба было думаць аб сабе, перадусім-жа аб забясьпечаньні будучыні, здабыцьці нейкай пэўнасьці, грунту пад нагамі. Маршыравалі аж да гадзіны другой па абедзе, выбіраючы лягчэйшыя сьцежкі й дарожкі ды асьцярожна сочачы, ці ня відаць якой вёскі. Пазнаходзілася больш сяброў, што давалі аб сабе знаць адзіночным стрэлам уверх. Ежы ў групе ня было ніякай, але зброі хапала. Была ў кожнага стрэльба, два кулямёты, былі й гранаты. Па абедзе назьбіралася звыш сямідзесяці чалавек.

На ўскраі лесу пярэднія заўважылі вёску, і ўсё спынілася. Пачалі радзіцца, што рабіць. Трэба было разьведаць, ці ў вёсцы ёсьць немцы. Воддаль чуваць быў грукат аўтамашын. Няведама было таксама, як да беларусаў аднясуцца французы. Самае-ж горшае - у групе Грамыкі ня было ніводнага чалавека, што добра ведаў-бы францускую мову. На вялікае шчасьце, па некалькі словаў ведалі Лабун і Рак. Супольнымі сіламі яны маглі-б неяк паразумецца. Іх і выбралі для навязаньня кантакту. Разам з Грамыкам накіраваліся ў вёску, а група заняла баёвыя становішчы на ўскраі лесу й чакала больш гадзіны.

- Відаць, што французы надта-ж асьцярожныя. Пакуль абмацваюць ды пытаюць, - камэнтаваў Дзежка, паглядаючы ўсё на рог хаты, за якім ужо даўненька схаваліся тры фігуры сяброў.

- А можа, нікога дома няма? - адазваўся іншы.

- Слушна кажаш. Можа, у цэлай вёсцы нікога няма дома. Вось башка твая зварыла.

- Калі ў хуткім часе ня вернуцца, бадай, давядзецца нам ісьці шукаць іх.

- Няйначай.

З-за кута крайняй хаты, адлеглай ад занятых групай пазыцыяў ня больш чымся на трыста мэтраў, паказаліся тры вайсковыя фігуры ў суправодзе двух цывільных. Яны хутка прыбліжаліся. Усе ішлі спакойна, адно Лабун махаў правай рукою, паказваючы на ўскрай лесу, пасьля далей назад, недзе на небакрай, мусіць, стараючыся французам расказаць, адкуль прыйшлі беларусы.

Французы зь вялікай асьцярожнасьцю, але й з задаваленьнем прынялі беларусаў да сваёй сям'і змагароў супраць супольнага ворага. Двух цывільных, што паўголасам заменьваліся між сабою незразумелымі словамі, завялі ўсю групу ў даволі вялікую будыніну непадалёк вёскі й сказалі чакаць, пакуль не прынясуць ежы. За паўгадзіны прытарабанілі дзьве скрыні з хлебам і сырам. Былыя менскія кадэты надта былі радыя, што нарэшце быў пастаўлены першы крок, зьвязаныя першыя ніткі з новым сьветам. Тым часам сама сьведамасьць таго, што чалавек сядзеў пад страхою ў сухім месцы й мог што-небудзь улажыць у пусты жывот, падбадзёрыла й падтрымала не аднаго з іх.

 

: II

 

Хутка пасьля навязаньня кантакту з макісамі Грамыка згадзіўся аддаць французам зброю. Узамен за гэта французы забавязаліся карміць і трымаць беларусаў у бясьпечных месцах аж да прыходу амэрыканцаў. Гэта сьведчыла, што мясцовыя адзьдзелы макісаў не плянавалі ніякіх важных ваенных дзеяньняў у задах нямецкага фронту, бо калі-б што хацелі рабіць, пэўна-ж, людзі былі-б ім патрэбныя ў вялікіх колькасьцях.

Гэткая ўмова Грамыкі выклікала ў групе вялікую буру. Французы пакінулі толькі чатыры стрэльбы й некалькі гранатаў. Некаторыя лічылі гэта поўнай капітуляцыяй. Былі цяпер на ласцы й няласцы ў францускіх партызанаў. Найгорш балела тое, што зрабіў гэта добраахвотна ўсімі выбраны чалавек, якому даручылі свой лёс. Выявілася ў далейшым, што Грамыка ня здольны быў да ніякага кіраваньня. Некаторыя беларусы падазравалі французаў, што з прыходам амэрыканцаў яны мелі намер аддаць ім беларусаў як сваіх палонных.

Надыйшлі дні вандроўкі. Пераходзілі з аднаго месца ў другое. Францускія праваднікі - лучніковыя вадзілі беларусаў па лясах, хаваючы іх ад нямецкіх вайсковых адзьдзелаў. Адна вёска не магла пракарміць столькі людзей доўгі час. Вадзілі таму па розных вёсках, прычым у бальшыні выпадкаў беларусы ў вёсках зусім не паказваліся, а начавалі дзесь па суседзтву. Удзень, ведаючы, што немцаў навокал няма, людзі сьмялелі, заходзілі навет у хаты, дзе даставалі гарачыя стравы. Як маглі, так стараліся паразумецца з французамі на мігі. Колькі кілямэтраў зрабілі беларусы пад час тае вандроўкі - цяжка сказаць. Хадзілі начамі й днямі, але ў асноўным круціліся па тых самых мясцовасьцях.

 

: III

 

Асноўная сутычка беларусаў зь немцамі адбылася зусім неспадзявана. Было гэта ў вёсцы, дзе начавалі ўжо пару дзён. Перад абедам французы сабралі цэлую групу на вуліцы й пачалі пералічваць. Мелі выдаваць яду. Гэта адбывалася напрыканцы вёскі. Зусім неспадзявана з-за загібу вуліцы паказаўся нямецкі «тыгр», а за ім яшчэ некалькі. Нямецкія танкісты, пабачыўшы групу людзей на вуліцы ў нямецкай вопратцы, падумалі, што натрапілі на свой адзьдзел, і першы танк звольніў. Думалі, магчыма, што ад сваіх удасца здабыць якія-небудзь інфармацыі.

Беларусы-ж ведалі, што гэта не «свае», і ў першы момант вельмі здзівіліся, якім гэта чынам немцы змаглі незаўважаныя пераехаць праз цэлую партызанскую вёску й так неўспадзеўку злавіць іх на вуліцы. Відаць было, што макісы часьценька рабілі тое-сёе бяз самых элемэнтарных мераў асьцярожнасьці. Магчыма, што камандзер мясцовага іхняга зьвяна быў больш аматарам, чымся жаўнерам.

Думаць было некалі. Усё, што жывое й мела здаровыя ногі, кінулася наўцёкі. У баку гораў быў высокі мураваны плот, які трэба было пераскокваць. Як яго ўдалося пераскочыць, мала хто памятаў. Людзі ня беглі, а проста ляцелі. Зараз-жа за вёскай была высокая й стромая гара. Туды ўсё й накіравалася. Трэба было перабегчы шырокі луг. Танкі адкрылі агонь, але ў нікога не трапілі. Колькі чалавек, схаваўшыся за муры будынкаў, спрабавалі адбіцца гранатамі. Немцы, дадумаўшыся, што гэта партызанская вёска, пачалі біць па ёй з гарматаў. Знішчылі сем хат. Беларусы не маглі ня толькі змагацца наагул, але навет бараніцца. Што-ж мелі зрабіць з чатырма стрэльбамі супраць танкаў?

На суседняй гары прасядзелі рэшту дня й цэлую ноч. Усе французы паўцякалі зь вёскі. Ужо на другі дзень раніцою павялі беларусаў у іншую мясцовасьць.

Група Грамыкі вычувала, што набліжаецца фронт. Хадзілі адно начамі й мусілі быць шмат больш асьцярожнымі. Увесь раён, па якім блукалі, воджаныя й укрываныя макісамі, быў вельмі лясісты й гарысты. Пагода, на вялікае шчасьце, трымалася добра. Рэдка былі дажджы, й часьцей выглядала сонца.

Адно пачалі дакучаць вошы. Доўгімі гадзінамі, калі не было пагрозы ад немцаў, былыя менскія кадэты займаліся вынішчэньнем дакучлівага ворага. Адны, здзеўшы кашулі, клалі іх на камень і білі другім камянём зьверху. Другія-ж знаходзілі большую забаўнасьць, палюючы па швах і па рубчыках.

 

: IV

 

- Але ты ведаеш, мусіць, дарма хваляць французаў як добрых кухараў, - казаў Віктар Сянькевіч Лабуну, які сядзеў побач. - Яны-ж бульбу ня ўмеюць зварыць. Сыраватую прынесьлі.

- Я спасьцярог, што яны ня сцэджваюць, як звараць, а так і пакідаюць у гарачай вадзе. Пасьля выцягваюць і адразу ядуць. Таму яна й ёсьць такая вадзяністая, - спасьцярог Лабун.

- Мусіць, няма большых спецыялістых ад бульбы, чымся беларусы, - дадаў Сянькевіч.

Абодва сядзелі пад дрэвам на ўскраі лесу. Навокал быў чуваць гоман іншых сяброў. Вось французы толькі што раздалі гарачую, недавараную бульбу й сыр (хутчэй нейкі камяк з тварагу, чымся сыр) на абед. Ужо тры дні трымаюцца яны пры гэтай вёсцы. Перайшлі сюды цераз галоўную дарогу. Ледзь немцы іх не спасьцераглі, хоць і было тое ўночы. Сярод макісаў знайшоўся тут у сярэднім веку маскалёк, які пару дзён імі «апекаваўся». Гэта маскалёк расказаў Віктару Сянькевічу, што макісы тут наагул былі слаба актыўнымі, ніколі лішняй адвагай не грашылі, надта ў бой ня кінуліся-б. Адно былі пасыўнымі праціўнікамі акупанта, хаця й зброі мелі ці мала. Вось такую работу, як, прыкладам, прыхінуць дэзэртыраў іншых нацыянальнасьцяў, асабліва-ж памагчы ўцекачам-палонным - гэта было па іхняй спецыяльнасьці. Беларусы былі для іх навіною, але таму, што самі пакінулі немцаў і прыйшлі ваяваць на гэты бок - адразу сталіся прыяцелямі.

Той маскалёк расказаў Віктару Сянькевічу, што калі-б немцы ў гэтай вёсцы наскочылі неспадзеўкі, то трэба бегчы ў паўночны бок у лес каля гораў, дзе ёсьць вялікая «яма», у якую льга добра схавацца. «Яма» ў будучыні выдатна памагла Віктару Сянькевічу ў распазнаньні вёскі.

У той момант, трымаючы ў правай руцэ недавараную бульбіну, а ў левай - камяк сыру, Сянькевіч паволі перажоўваў адно й другое ды ні аб чым надта ня думаў. Воддаль была відаць польная дарога, непадалёк - хаты малой вёскі. Дзень быў пагодны. Дакучалі крыху намуленыя ногі, й Віктар пачаў меркаваць, ці ня лепш ськінуць чаравікі ды даць нагам адпачыць, праветрыцца. Шкарпэткі былі амаль гнілыя. У левым чаравіку падносак адстаў ад скуры і ўбаку відаць была шчэрбіна. Бадзяючыся часьценька па мокрадзі, не ўсьцеражэшся ад вады. Дык Віктар цяпер і мяркаваў, ці не паськідаць чаравікі й праветрыць шкарпэты. Ужо глядзеў, дзе тут побач палажыць бульбіну й той сыр ды ўзяцца разувацца, як раптам непадалёк на польнай дарозе вырас, быццам тая дамавіна, з чорным крыжом на баку нямецкі танк. За ім паўзло яшчэ некалькі. Першы зь іх неадкладна пачаў пляваць агнём.

Віктар Сянькевіч не памятаў, калі і як сарваўся зь месца й пусьціўся наўцёкі. Хутка натрапіў на нейкую канаву й мерыў адлегласьць, колькі меў сілы. Побач, стараючыся не застацца ззаду, соп Каравы.

- Бяжым налева! - крыкнуў той Сянькевічу.

- А мо лепш направа? Га?

Налева відаць былі нейкія зарасьнікі, быццам балота, а направа было сушэй. Віктар Сянькевіч, доўга не думаючы й не зважаючы на спадарожніка, кінуўся направа. Па некаторым часе заўважыў, што ніхто зь ім не бяжыць. Уся група кінулася ў тым кірунку, куды пабег Каравы.Нямецкія танкі, пастраляўшы ды спасьцярогшы, што ў балотныя зарасьнікі рызыкоўна ехаць, завярнулі й паехалі сваёй дарогай. Усе аддыхнулі лягчэй. Толькі Віктар Сянькевіч, адбегшыся ад цэлай групы, не ведаючы, што сталася, наважыў ісьці сваёй сьцяжынай наперад. Празь нейкіх пяцьдзесят мэтраў натрапіў на дарогу. Многа ня думаючы, зірнуў у бакі й шпарка пераскочыў яе. Прайшоўшы яшчэ мэтраў трыста, Сянькевіч пачуў галасы, што гаварылі па-нямецку. Ён бухнуў у густа зарослую канаву ды падлез пад вялікі куст, што адначасна служыў сховішчам ад людзей і быццам парасонам ад дажджу, які зараз пачынаў цярушыць. Прыліп да зямлі й затаіў дыханьне, хоць у гушчары ня было чаго баяцца: цяжкавата было-б некаму спасьцерагчы малога юнака. Сянькевіч выразна чуў галасы нямецкіх артылерыстаў. Зь іхняй размовы здагадаўся, што поблізу стаяла процілятунская гармата. Як доўга ляжаў Віктар - сам не патрапіў-бы сказаць. З надыходам ночы асьмеліўся выкарабкацца й зашыцца ў гусьцейшыя кусты, прымасьціцца на сушэйшым, каб праседзець там мо й цэлую ноч. Толькі цяпер намацаў у кішэні тую недавараную бульбіну, якую перашкодзілі ў супакоі даесьці нямецкія танкі. Астылая й развадзянелая, смакам нагадвала, як здалося Сянькевічу, мокры грыб. Але, як казаў той, кішкі марш гралі, дык не ганьбаваў-бы й другой такой бульбінай, калі-б знайшлася пад рукой. Каля поўначы побач прайшлі немцы. Яны голасна гутарылі і йшлі з настаўленымі ад дажджу каўнярамі ды глядзелі пад ногі, дык Віктара й не заўважылі.

 

Адгалоскі

 

: I

 

Калі-б вы належалі да тых шчасьлівых, што маюць час і грошы падарожнічаць дзеля прыемнасьці ў мірны час, і калі-б апынуліся ў Францыі, варта было-б заглянуць і ў Эльзас. Можа, мы й ня зусім дакладна кажам. Варта было-б заглянуць у Эльзас у тым выпадку, калі вы маеце асалоду любавацца прыгожымі краявідамі й тым больш, калі зьяўляецеся садоўнікам або, прынамсі, любіце сады. Тут-жа й засьцерагаемся. Калі-б вы ехалі зь Мюльгаўзэна на поўнач, варта было-б ехаць паволі, мо навет не цягніком ці аўтамашынай, проста самакатам ды сям-там і затрымацца, каб нацешыцца й налюбавацца гэтай краінай. Варта наведаць яе ў жніўні й пры добрай пагодзе.

Воддаль на колькі дзесяткаў кілямэтраў на ўсход і на захад шашы, раўналегла да яе, расьцягнуліся апранутыя лёгкім блакітам ланцугі гораў. На захадзе - Вагезы, на ўсходзе - крышку далей за Рэйнам - Шварцвальд. Лёгка вышчарбленымі грабянямі вырысоўваюцца яны на спакойным, бясхмарным, залітым сонцам гарызонце. Вы, можа, затрымаецеся на дарозе й пачнеце ўгадваць, якая адлегласьць ад аднаго да другога горнага ланцуга. Можаце лёгка памыліцца. Трэба ўзяць на ўлік, што абодва грабяні гораў акаймляюць падоўжаную, роўную, як стол, нізіну па абодвух баках Рэйну.

Выехаўшы з Мюльгаўзэна й пасоўваючыся ў паўночным кірунку, якіх дзесяць - пятнаццаць кілямэтраў будзеце праязджаць праз лясы акацыяў, клёнаў, таполяў, грабаў і дубоў. Калі-ж вы беларус і пачнеце шукаць тут вольхаў ці бярозаў - дарэмныя будуць шуканьні. Мінуўшы лясы, вы будзеце пасоўвацца па роўненькай нізіне. Да вас будуць усьміхацца чырвоныя й жоўтыя сьпелыя яблыкі, усялякіх родаў грушы, жоўценькія й цёмна-сінія сьлівы, а часта сустрэнеце й вялізнае, як дуб, разложыстае галінамі ўверсе дрэва, на якім растуць італьянскія арэхі. Па баках шашы, можа, пачнеце лічыць высокія платы вінаграду. Дарэмна: іх тут такая маса, што ўсялякі лік страціш. Цяжкія й сытыя галіны вінаградных ягад аж просяцца, каб іх пакаштаваць. У іншым месцы позірк ваш затрымаецца на высокім ураджайным полі кукурузы. У бальшыні гэта кукуруза кармавая, якую ўзімку так любіць усякая хатняя жывёла. Там-сям натрапіце на загон пшаніцы, жыта ці бульбы, але, параўноўваючы колькасьць агульнай плошчы, занятай гэтымі культурамі, пэўна, зацікавіцеся, ці мясцовыя жыхары часам не харчуюцца больш яблыкамі, грушамі, сьлівамі й вінаградам, чымся жытнім ці пшанічным хлебам. А вось гэтыя вялікія расьліны з надта шырокімі лісьцямі, што цяпер мінаеце, - табака. Яе тут надта шмат.

Побач дарогі заўважыце моцныя, ужо добра зьверху пазарастаныя й амаль непрыкметныя бункеры: гэта зьвяно лініі Мажыно. Высокія шкілеты жалезных слупоў трымаюць на сваіх вярхах таўстое павуціньне электрычных правадоў. Па іх электрычная энэргія бяжыць з электрастанцыяў з Альпаў і Вагезаў у фабрыкі й памешканьні Мюльгаўзэна, Кольмара й Штрасбурга.

Калі-б вам пашанцавала ў залаты пагодны жнівеньскі дзень узыйсьці дзесь на які ўсходні схіл Вагезаў і кінуць вокам на ўсход, прыліпнеце нагамі да свайго месца на доўгі час. Бо хіба-ж не захочаце налюбавацца той цудоўнай панарамай, што перад вамі раськінецца? Пад нагамі зялёным дываном разаслаўся суцэльны сад, паперасяканы бліскучымі асфальтавымі стужкамі дарогаў. Між каронаў высокіх разложыстых дрэваў і сьпічастых таполяў адрозьніце чырвоныя стрэхі эльзаскіх вёсак; над кожнай зь іх абавязкова дамінуе высокая вежа гатыцкай сьвятыні. Сярод гушчы зелені вашае зыркае вока лёгка ўгледзіць высокія коміны й цёмныя карпусы фабрыкаў Мюльгаўзэна й Кольмара. І тыя дымныя коміны, і шэрыя фабрыкі здадуцца вам зусім не на месцы ў гэтым пладавітым велізарным эльзаскім садзе. Вока хоча цешыцца зеленьню й прасторам. Грудзі з насалодаю ўцягваюць сьвежае горнае паветра, а зрок павандраваў гэтак далёка - аж да блакітна-туманнага хрыбта Шварцвальда за Рэйнам. Вы ў такую хвіліну зьяўляецеся шчаслівым чалавекам і будзеце дзякаваць Творцу за тое, што маеце магчымасьць напівацца асалодай аднаго з найпрыгажэйшых вобразаў Ягонага тварэньня.

Але вы, здаецца, знаходзіцеся не ў Вагезах, а на дарозе й набліжаецеся да вёскі. Уязджаючы ў яе, пэўна-ж заўважыце на правым баку вялікую статую Збавіцеля або сьв. Дзевы Марыі і, калі вы набожны чалавек, з пакораю сьхіліце галаву. Чырванастрэхія, крытыя дахоўкай, тынкаваныя дамы гусьценька абступілі па абодвух баках вуліцу. Некаторыя зь іх маюць так званыя тырольскія сьцены, іншыя-ж схаваліся - абрасьлі дзікім вінаградным жываплотам.

Вы, пэўна, ужо не адну гадзіну ў падарожжы й дзеля таго спыніцеся ў мясцовай гасподзе, дзе перш за ўсё замовіце адборнага віна, каб адагнаць смагу. Сядайце за стол і раскашуйцеся, на колькі дазваляе ваша падарожная кішэня. Эльзасцы - народ бывалы, турыстаў ведаюць: накормяць, напояць і прыхінуць.

 

: II

 

Але мы ня турысты, кішэні ў нас пустыя, і час ваенны. Калі-б нам раптам і прысьнілася, што падарожнічаем на ўлоньні мірнае прыроды дзеля свае асалоды, нядоўга будзе трываць уява. Пагоднае залатое жнівеньскае ці верасеньскае неба падняло зь няпрыяцельскіх лётнішчаў цэлую масу ангельскіх ганчакоў «спітфаераў» і амэрыканскіх «мічэляў». Пэўна-ж, яны ня кружаць над эльзаскай раўнінай, каб пры-глядацца чупрынам яблыняў, сліваў ці лічыць зьверху платы густых вінаграднікаў. Шпаркім лётам снуюць над дарогамі, пільна сочаць усякі рух адзьдзелаў пад загадамі Трэцяга Райху, цяжкім грукатам зь лёгкіх гарматак частуюць тых, што былі настолькі неасьцярожнымі, каб у такі сонечны й выгадны для паветраных сіл дзень асьмеліцца ўжываць мясцовыя шляхі зносінаў.

А гарматкі тыя ня звычайныя. Яны пасылаюць ускосным ланцугом уніз рой вісклівых цяжкіх куляў, што пры сутычцы з цвёрдым прадметам - ці гэта садовае дрэва, нямецкая вайсковая аўтамашына, ці мякаць чалавечага цела, або навет і коніка дванаццатае роты - ірвуць аб'ект на сотні дробных кавалкаў. Кулі тыя завуцца бом-бом, і калі адна, не дай Божа, трапіць у вас, не знойдзеце ратунку. Адно добрае - канец ваш будзе хуткі, бо надта хутка сплывеце крывёю. Дый самае грукатаньне гарматак цяжкое й дэмаралізуючае. Навет калі й ня вы, а нейкі сусед знойдзецца пад абстрэлам, вы ўсё-ж не на жарты перапалохаецеся. Грукат той скалане вас да самай глыбіні, моцна патрасе вашы й так ужо напружаныя, а мо й зусім зьнячуленыя нэрвы. У той момант будзеце праклінаць хвіліну, калі вам уздумалася ці было загадана якраз у сонечны дзень апынуцца на гладкай эльзаскай дарозе. Мо на адзін міг уявіце, як слаўна было-б, калі-б побач раней яшчэ нехта нарыхтаваў ямку, каб вы маглі цяпер гоцнуць у яе й перачакаць небясьпеку. Але вам кажуць ісьці далей, і йсьці трэба. Бо вы-ж ня турысты, й час цяпер ваенны. Бывае, што гэтыя ганчакі апоруць вялікую ваенную калёну. Як-жа заядла зачнуць яе рваць на дробныя кавалкі, мясіць! Хавайся, хто жывы! Эльзаскі сад, перапоўнены грукатам, узрывамі, сьвістам, стогнамі й енкамі, замяняецца ў пекла.

Вунь далёка на захадзе ў Вагезах два штурмавікі «спітфаеры» дзяўбуць нешта ўжо на працягу гадзіны. Хутчэй за ўсё разбіваюць мост або нейкі доўгатрывалы абаронны пункт. Вось адзін зь іх шырокім лукам закружыў над мэтаю й, адляцеўшы на пару кілямэтраў, набіраючы імпэту, зноў прыбліжаецца да яе. Вось ужо ён далятае і, быццам той каршун, падае раптоўна на ўгледжаную здабычу. Вам здалёк здаецца, што ён зараз разаб'ецца аб горы - так нізка прыблізіўся да зямлі. Але не. Раптоўна пад вострым кутом адрываецца й ня мінае дзесяці часінаў, як да вушэй вашых далятае перш скугольны енк, а потым глухі й адрывісты гук цяжкога ўзрыву. Гэта «спітфаер»-штурмавік паслаў у аб'ект яшчэ адну бомбу. А вунь ужо й другі пачынае раптоўна падаць уніз. Другая бомба крышыць назначаны аб'ект.

Вам здаецца, што два самалёты, проста забаўляючыся, дзяўбуць здабычу. І ня дзіва. Нідзе навокал не пабачыце ніводнага нямецкага самалёту. «Люфтваффэ» дажывае апошнія месяцы. Ёй не хапае паліва, паветраных апаратаў, лётнікаў. Дзеля таго й забаўляюцца ангельскія штурмавікі над эльзаскім садам.

Бывае, што яны забягуцца, каб пацікавіцца, што робіцца за Рэйнам. Там ужо забава цяжэйшая. Нямецкая супрацьлятунская артылерыя пачынае раптоўна пляваць у блакітныя высі з дзесяткаў хуткастрэльных гарматаў. Снарады ўзлятаюць у неба й там ірвуцца на шмат дробных кавалкаў. Здаецца вам, што нехта б'е малаткамі па пустых чарапах. Немцы, відаць, умацоўваюцца й наважыліся бараніцца на Рэйне. Пэўна, спадзяюцца, што рака яшчэ раз выканае ролю добрае натуральнае абароны Нямеччыны з захаду, як рабіла ўжо ці раз у мінулым.

Але вось з усходу чуваць магутны гул. Дрыжыць і стогне зямля. Гул мацнее й бліжэе. Гэта сотні хаўрусьніцкіх бамбавікоў вяртаюцца з рэйду на Нямеччыну. Цяпер яны ўжо, як вокам сягнуць, пакрываюць лёгкаблакітнае верасеньскае неба. Якая-ж іх маса! Не пералічыш! Яны сягоньня поўныя валадары нямецкага неба, а заўтра - пераможанага нямецкага народу.

 

: IІІ

 

Можа, у мірны час войска стаіць і школіцца на месцы ў якімсьці абозе ці, як яшчэ даўней, у цьвярдыні. Можа, тым, што стаяць доўгі час на адным месцы, брыдзее штодзённасьць, можа, яны хочуць даўгіх маршрутаў, зьмены месцаў, новых абставінаў. Адылі вайною дакучае пяхотнаму жаўнеру сталая валакіта. Цэлымі месяцамі ня ведае ён утульнай цяплыні бараку, супакою рутынна-манатоннага жыцьця вайсковага вабозу. Вялікая й бязьлітасная ваенная машына кідаецца ім, быццам вецер, лёганькай пярынкай. Сяньня, кладучыся спаць, ён ня ведае, дзе будзе наступны яго супачынак.

Надта цешыліся жаўнеры дванаццатай роты, калі, нарэшце, пасьля даўгой дарогі, што пачалася ад Альбрэхтаў, спыніліся над нейкім каналам на поўнач ад Мюльгаўзэну й даведаліся, што тут даўжэйшы час давядзецца затрымацца.

- Значыцца, мы й дома, - гаварыў нехта, усьміхаючыся.

- Покуль што дома. Адно - покуль што... - адказаў іншы.

Бесьперапыннае падарожжа ня было адзіным няшчасьцем дванаццатай роты, што ад гэтага часу якімсьці загадам перамянілася ўжо ў шостую. (Мусіць, думалі рэарганізаваць дывізію.) Асноўным ворагам быў голад. Вось ужо мінула два дні, як жаўнеры не атрымлівалі ніякіх пайкоў. Жылі пераважна садавінай і бульбай. Калі з Кольмару прывезьлі хлеб, людзі ўсьцешыліся, бо надарылася магчымасьць прыпомніць, як ён смакуе.

Уявіце сабе, зь якой урачыстасьцю дзялілі колішнія кадэты той «фарфлюктар». Перш трэба было падзяліцца ўсім на групы па сем чалавек у кожнай, бо бохан хлеба выпадаў на сямёх. Гэтак сабралася сем чалавек, што накіравалі свайго найбольш даверанага сябру пайсьці прынесьці харчы. Пайшоў чалавек з коцам пад пахаю, а шасцёрка стаіць ззаду й чакае на ўрачыстасьць. Вяртаецца сябра і ў перакінутым цераз плячо коцы нясе штосьці ды аж прыгінаецца, быццам ад цяжару вялікага. Хлопцы сустракаюць яго сьмехам. Смяяцца-ж трэба, бо сьмех трымае цябе пры жыцьці, гумар дадае сілаў і вытрываласьці.

Гэтак выбраны харчавы зь вялікаю павагай, паволі кладзе на травіцу коц ды надта-ж асьцярожна разгортвае яго.

- Увага, хлопцы, увага! - падняўшы ўверх паказальны палец правае рукі й зрабіўшы позу, быццам той сьвятар на казаньні, пачынае ўзьнёслым тонам. - У гэты ўрачысты момант, з ласкі самага добрага й ласкавага «фюрэра», вы маеце магчымасьць прыглядацца харчавому прадукту - гэтак званаму хлебу. Усе помняць, што такое хлеб і як яго есьці?

З уданым зьдзіўленьнем, цесна абступіўшы харчавога, шасьцёрка маўчыць.

- Дык пытаюся яшчэ раз: ці ўсе ведаюць, што такое хлеб? Ці вы ўжо зусім адвыклі ад яго й прывыкаць ня хочаце?

Сем пар вачэй упіваюцца ў падсохлую, чарнявую, быццам зямля, крохкую малую буханку хлеба, што ляжыць пасярод коца.

- Хлеб? - пытаецца адзін з грымасай.

- Хлеб, кажаце? Запраўды ён?

- Гляньце, хлопцы! Далібог, мусіць, хлеб!

- Ня можа быць!

- Як-жа не! Зірні вунь на гэны аб'ект. Да чаго ён падобны?

- Да цэглы.

- Эш, дурань ты. Гэта-ж хлеб!

- І хто-ж дасьць таму веры? Дай лепш панюхаем, ці запраўды ён, і тады будзем ведаць напэўна. - Гэтак сказаўшы, аўтар словаў намагаецца ўзяць баханку.

- Прэч, нячыстыя рукі! - крычыць харчавы і зноў зь вялікай пашанай кладзе хлеб на месца. - Ёсьць якія прапановы?

- Засушыць цэлую баханку, надзець на завостраны калочак і трымаць перад вачыма ўсіх ува ўсе часы дня й ночы, каб ніколі не забываліся, як выглядае хлеб! - прапануе адзін.

- Эх, братка, і зварыла-ж галава твая! Дык уночы-ж нехта ўкрадзе й зьесьць.

- Як украдзе? Вартавога паставім!

- Дык вартавы й зьесьць, каб хутчэй варту мог скончыць і йсьці спаць.

- Разумна гаворыш.

Усе дружна рагочуць.

- Дык ты-ж, харчавы, не марудзь надта. Дзялі ўжо.

- Усе згаджаюцца? - пытае харчавы.

- Дзялі! Дзялі! - крычаць.

- Добра, - кажа харчавы. - Воля народу - воля Бога. Калісь Хрыстос надзяліў некалькімі баханкамі колькі тысяч чалавек, а я-ж спадзяюся, што гэтай баханкай нас сямёх задаволю. Цьфу! Цьфу!

Харчавы быццам плюе на далоні й зь вялікай павагаю закасвае рукавы, а хтосьці ўжо падсоўвае яму нож. Нагінаецца над баханкаю хлеба, вокам вымярае таўшчыню кавалкаў і пачынае рэзаць. Усе, нахіліўшы галовы, уважна сочаць кожны рух нажа.

- Ты-ж глядзі, хаця ня крышы, - перасьцерагае нехта.

- Ня бойся. Ніводная макулінка не змарнуецца.

Баханка ўжо парэзаная. Раптам рука з нажом павісае ў паветры над парэзанымі кавалкамі. Харчавы вінаватым позіркам акідвае таварышоў.

- Ээээээ! Дык што-ж ты да сямі лічыць не ўмееш?

- А дзе-ж ты двух падзеў?

- Браточкі, вінаваты! - апраўдваецца харчавы з пакаяньнем. - І як гэта сталася, што пачынаў дзяліць на сем, а выйшла толькі пяць?

- Ты-ж скажы.

- А мо хто ня хоча хлеба?

- Хто не хоча хлеба? Руку ўверх!

Маўчаньне. Па тварах бегаюць усьмешкі.

- Э, браткі, - цярэбіць заклапочана галаву харчавы, - мусіць, мне давядзецца цяпер паварушыць мазгаўніцай, як тут зь пяці сем склеіць.

- Ну, дык хутчэй варушы, ды ўжо-ж надта не марудзь, бо зашмат мы возімся.

Харчавы доўга мяркуе, нажом значыць палоску на кожным кавалку, пасьля адразае. Стараецца з малых кавалачкаў злажыць вялікія. Выходзіць нядрэнна. Амаль усе кавалкі роўныя.

- Ну, як? - пытае, акідваючы ўсіх пераможным поглядам.

- Удала, удала! - апрабуе адзін.

- Дзялі ўжо маргарыну! - спанукае іншы. Паўтараецца той самы працэс з маргарынай і мармалядай. Нарэшце ўсё падзелена, й кожны бярэ свой паёк.

- Ну, вось, браткі, - зноў гаворыць харчавы, - цяпер застаецца вам толькі вырашыць пытаньне, ці гэты так званы хлеб кожны з вас мае праглынуць за адзін раз, ці захаваць кавалачак на памятку. Але гэта ўжо справа кожнага з вас паасобку.

 

: IV

 

У аўторак 12 верасьня на новым месцы пастою адбылася зборка цэлага батальёну, да якога належала шостая (раней дванаццатая) рота. Толькі цяпер, ужо пасьля пераходу людзей да макісаў і пасьля нямецкіх рэпрэсіяў, можна было заўважыць, як пахуднеў батальён.

Найбольш беднай выявілася шостая рота, хаця й іншыя паменшалі. Тэмаю зборкі была адозва камандзера дывізіі Зіглінга да жаўнераў. У ёй гаварылася, што ўцёклыя ў Францыі жаўнеры былі загітаваныя й перацягнутыя на другі бок францускімі тэрарыстамі дзеля зьнішчэньня, што неразумным і неабдуманым крокам самі трапілі ў варожую пастку, бо пападуць у рукі Сталіна, а там ужо ведама, што іх чакае.

Адозву чытаў той самы перакладчык, зь якім нам давялося пазнаёміцца раней. У прыгожа афарбаваных словах Зіглінг выясьняў, што Нямеччына ня толькі не прайграе вайны, а што цяпер, як ніколі раней, стаіць яна на парозе канчальнай перамогі над усімі ворагамі гэтак званай новай Эўропы й нацыянал-сацыялістычнага ладу. Нямецкія вучоныя працуюць над новай зброяй, якая будзе такая рэвалюцыйная й зьнішчальная, што адразу забясьпечыць Гітлеру перамогу. А пасьля гэткай перамогі і ўсе тыя, што верна служылі й памагалі «вялікай Нямеччыне» ў самы цяжкі й выпрабавальны час, атрымаюць узнагароды паводле заслугаў.

Канец адозвы ў вельмі нясьціплых выразах дакляраваў усім розныя ўзнагароды, й выглядала, што іхныя велічыні ўзалежніваліся ад ахвярнасьці й вытрываласьці, якую жаўнеры цяпер маюць выказаць.

Ясна было, што Зіглінг стараўся падняць мараль ненадзейных і прыпадковых хаўрусьнікаў Нямеччыны. Прыпадковых таму, бо вялізарная бальшыня гэтых апранутых у нямецкія мундзіры чужынцаў апынулася ў іх толькі дзякуючы свайму бязвыхаднаму становішчу, а часта й капрызнай памылцы лёсу. Аднак, як прыкладам, былыя чырвонаармейцы пайшлі сюды, каб у нямецкіх лагерах ваеннапалонных не памерці з голаду й холаду, жаўнеры БКА выбралі чужыну, каб не застацца пад бальшавіцкім прыгонам. Школа Камандзераў БКА апынулася тут таму, бо пасьля эвакуацыі зь Менску была надзея прадаўжэньня шкаленьня і ў Горадні, а пасьля ўжо ня было іншага выйсьця.

Была гэта, ясна, зусім іншая група. Да яе трэба аднесьці ішмат каго з былых паліцаяў. Сярод іх было багата добрасумленных людзей, пераважна беларусаў, якія ніколі нікому не зрабілі крыўды, выконваючы службовыя абавязкі на Бацькаўшчыне. Але ў групе гэтай была маса й такіх, што апынуліся ў паліцыі дзеля нажывы й рабунку. Былі гэта пераважна палякі, якія пасьля назваліся беларусамі, або рознае масьці рэнэгаты. Шмат яны зрабілі людзям крыўды й многа вынішчылі нявіннага беларускага народу. Людзі гэтыя, калі-б асталіся дома, сустрэлі-б заслужаную кару ад самога народу, які нядаўна так безаглядна вынішчалі дзеля собскай нажывы ці ў інтарэсах варожых для беларусаў сіл.

Адозва Зіглінга не магла дасягнуць свае мэты. Усе ўжо перасталі верыць словам немцаў. Вечны голад, нястача курыва, цёплае вопраткі - гэта рабіла самы большы ўплыў на людзей.

Трынаццаць чалавек з шостай роты было адвезена ў штаб батальёну, што знаходзіўся на другім баку каналу. Украінскі капітан у прысутнасьці двух немцаў выбраў з групы найбольш выглядных хлопцаў - дзесяцёх з трынаццаці, у тым ліку нашых двух герояў: Віктара Караткевіча й Сымона Спарыша. Былі павыбіраныя людзі і з іншых групаў-агулам 169 чалавек. Украінец патлумачыў, што ўсе выбраныя пойдуць на ўтварэньне аднаго баёвага батальёна. Які гэта меў быць батальён і чым меў розьніцца ад іншых адзінак дывізіі, капітан ня выясьніў.

Фактычна канцом існаваньня былой Школы Камандзераў БКА, цяпер шостай роты, як суцэльнай, моцна спаенай патрыятычным беларускім духам адзінкі трэба лічыць сярэдзіну верасьня 1944 году. Апрача ўзятых з шостай роты дзьвюх групаў - адной у канцлягер і другой у новы батальён - за пару дзён частка людзей была выслана зноў у зусім іншы адзьдзел. Такім чынам, у шостай роце засталася малая жменька беларусаў з колішняй афіцэрскай школы з Менска. Рота была папоўнена чужымі з іншых адзьдзелаў. Відаць, такое разбіцьцё роты было немцамі добра ўплянаванае, і ўжыцьцяўленьне яго мела сваю мэту, аб якой няцяжка было дадумацца, бяручы на ўвагу кароткую гісторыю маршу афіцэрскай школы з Менску да Эльзасу.

 

Батальён Мураўёва

 

: I

 

Шаснаццатага верасьня дзесятка хлапцоў з шостай роты ў суправодзе падафіцэра, пакінуўшы сваіх сяброў, прайшла дарогай восем кілямэтраў у паўдзённым кірунку і, павярнуўшы ў бок Рэйну, зрабіла яшчэ кілямэтры чатыры. Быў тут лес, бальшыню якога складалі ня высокія й гонкія дрэвы, а розныя нізкія кусты. Колькі баракаў стаяла ў двух шэрагах. Яны былі ў добрым стане. Дарожкі між баракаў, таксама як і асноўная дарога, што вяла ад асфальтавай шашы, былі заасфальтаваныя. Непадалёк, на поўнач ад баракаў, была паляна, На ёй рудзела выпаленая сонцам трава. Відаць, і трава ня вельмі расла на гэтым недагледжаным лапіку зямлі, хаця, выйшаўшы зь лесу, вялікі ростам чалавек мог адразу поўнасьцю схавацца ў рослай кукурузе ці табацы. Ужо па дарозе ў вабоз хлопцы зь вялікім задаваленьнем заўважылі лапушыстую табаку, бульбу, яблыні й садавіну, што цяжка прыгінала галіны дрэваў.

Хутка давялося ім ці мала скарыстаць з ураджайнай ваколіцы. Першых пару дзён пасьля прыходу ў вабоз амаль ніякіх заняткаў ня было, адно рабілі розныя сьпіскі для картатэкі новага адзьдзелу. У вольныя хвіліны, асабліва надвечар, хлопцы хадзілі па полі, дзе абладоўваліся бульбай, садавінай і зялёнай табакай, якую пасьля сушылі на вогнішчах у лесе. На такія харчы яны не надта наракалі, бо колькі-ж ужо разоў раней даводзілася быць у шмат горшых абставінах.

Баракі запаўняліся войскам. Папрыходзіла па жменьцы чалавек з усіх адзьдзелаў дывізіі. Людзі былі пераважна дабраныя: маладыя векам, здаровыя, хоць перамучаныя дарогай і недаяданьнем. Хутка давялося пазнаёміцца з афіцэрамі й даведацца, у які адзьдзел яны трапілі.

На той палянцы сабраўся цэлы батальён у сіле каля 600 чалавек. Усе афіцэры давалі каманды й гутарылі толькі па-расейску. Яны былі былымі чырвонаармейцамі. Ужо-ж каму як каму, а тым дзесяці юнакам з шостай роты трэба будзе вучыцца каманды ў трэцяй мове: пасьля сваёй беларускай і чужой нямецкай прыйшла на зьмену расейская.

Маёр Мураўёў, векам гадоў каля 35, зграбны, ніштаваты з выгляду, з добра вытрэніраванымі вайсковымі манэрамі, прыняў рапарт ад камандзера першае роты й пачаў гаварыць па-расейску. Гаварыў бязь лішняй нацягнутасьці, проста, адкрыта й зразумела. Вось што ў галоўным сказаў:

- Я скажу вам ясна, маніць ня маю прычыны. Нашае палажэньне цяпер няважнае. Вялікая колькасьць нашых сяброў з дывізіі Зіглінга, якога я асабіста ведаю, пайшла да францускіх тэрарыстаў. Яны здрадзілі тым, зь кім побач тры гады ваявалі. Цяпер, калі немцам прыйшлося туга, яны пакінулі іх і пайшлі на той бок. Ці добра зрабілі? Не!

Яны як адыходзілі, дык, мусіць, забыліся, што гэтым сваім крокам кладуць пляму на ўсіх тых сваіх сяброў, што застаюцца. Пайшло два батальёны цэласьцю. Апрача таго, пайшло шмат зь іншых адзьдзелаў меншымі групамі. Яны пабілі сваіх афіцэраў і інструктараў-немцаў. Але на францускім баку іх зараз абяззброілі. Яны-ж нам так напаскудзілі, што больш і нельга было. Палажылі пляму не толькі на нас, але на ўсіх тых, што прыбылі з усходу ў Нямеччыну.

Што-ж заставалася рабіць? Зіглінг заявіў аб гэтым здарэньні Гітлеру. Той, памяркаваўшы, што з дывізіі гэтай, мусіць, нічога ня выйдзе, загадаў адаслаць яе на цяжкія работы пры будове фартыфікацыяў над Рэйнам.

Палажэньне было цяжкое й амаль бязвыхаднае. Я як маёр выпрасіў у Зіглінга дазволу на ўтварэньне з часткі гэтых людзей аднаго баёвага батальёна на спробу, каб паглядзець, што з таго выйдзе. Гэта была мая добрая воля. Я даў Зіглінгу слова, што з выбраных людзей зраблю дасканалую вайсковую адзінку. Палкоўнік мне дазволіў. Даў мне таксама нашых найлепшых афіцэраў, бо я веру, што вы лепш будзеце слухаць сваіх афіцэраў, чымся нямецкіх.

Мураўёву, мусіць, і ў галаву ня прыйшло, што шматлікія выбраныя ім людзі расейцаў, г. зн. ягоных афіцэраў, уважалі такімі-ж самымі чужынцамі, як і немцаў.

- Цяпер я звяртаюся да вас, - працягваў украінскі русафіл, - навет не як да жаўнераў, а проста як да людзей. Прылажэцеся вы працай і ўсімі стараньнямі, каб дасягнуць тое, што перад сабою мы паставілі. У вас павінна быць яшчэ жаўнерская гордасьць. Ад вас залежыць лёс сем'яў і вашых сяброў. Або вы сваймі паводзінамі загоніце іх у магілу, або давядзеце, што вы можаце быць жаўнерамі. Дык дайце мне слова, што будзеце на сто працэнтаў выконваць усе загады, каб дасягнуць нашу мэту. Ну што, даяце?

- Даём! - крыкнула часьць сабраных.

- Ну, паглядзім, - закончыў пагрозліва маёр. - Крычаць вы таксама ўмееце, я гэта ведаю.

У голасе Мураўёва ня чулася хвальшывае ноты. Здавалася, што гаварыў шчыра й сам верыў у тое, што казаў. Адно ў тым жаўнерскім адказе «даём» чулася нотка няпэўнасьці, хістаньня. Што-ж мелі рабіць? Ізноў вунь пазганялі, спрабуюць нанава ляпіць новае ці ўжо надта-ж старое, майстраваць нешта ў імя няведама чаго. Трэба-ж неяк усё гэта перажыць. А там? Далей мо праясьніцца, будзе відаць.

 

: II

 

Было прыгожае верасеньскае надвячор'е. Стаяла залатая пагода. Вяла ападалі на зямлю першыя пажаўцелыя лісткі дрэваў, ледзь-ледзь варушыў чубамі дрэваў і кустоў навакольнага лесу вецер.

Каля пятай гадзіны васемнаццаць чалавек, у тым ліку й Сымон Спарыш, рыхтаваліся трымаць варту. Раптам прыйшоў загад сабрацца цэламу батальёну. Ізноў месцам зборкі была суседняя паляна, дзе пару дзён таму назад прамаўляў маёр Мураўёў. Прыехаў вайсковы духавы аркестр. Батальён стаў у дзьве раўналеглыя калёны. Чакалі коратка.

У прысутнасьці двух ад'ютантаў-капітанаў і маёра Мураўёва зьявіўся палкоўнік Зіглінг. Быў гэта чалавек сярэдняга веку й росту, з гладка прычэсанымі цёмнымі валасамі, ледзь паднятым уверх носам, мала заўважнымі яшчэ маршчынамі на лбе. На гладка дапасаваным зялёным мундзіры відаць быў цэлы шэраг медалёў. Сярод іх увыдатняўся Жалезны крыж, пад ім нейкі меншы белы крыж, колькі адзнакаў за раны. На правай пярэдняй кішэні зіхцела вялікая зорка, пакрытая меншай свастыкай. Абуты быў у кавалерыйскія боты з доўгімі выглянцаванымі халявамі.

Прыняўшы рапарт ад камандзера першае роты, госьць затрымаўся каля правага флангу адзьдзела. Чаргова вітаўся, салютуючы й падаючы руку камандзерам ротаў. Між афіцэраў завязалася жывая гутарка, густа пераплятаная сьмехамі й жартамі. Відаць, што палкоўнік быў прыхільнікам блізкіх кантактаў са сваймі падуладнымі, добра ацэньваючы іх вартасьць для пабудовы цясьнейшага сужыцьця й зразуменьня, якое так часта патрэбна ў баёх. Ён хутка, бязь лішняй помпы, зрабіў вакол сябе хатнюю сяброўскую атмасфэру. Аркестр, што стаяў побач, зайграў марш, пасьля колькі іншых песьняў, разам з падношанай і надта-ж ужо ўцёртай бальшавіцкай «Кацюшай». Жаўнерам было загадана сесьці з дазволам курыць і размаўляць. Усе прынялі загад з задаваленьнем. Паселі там, дзе стаялі.

Камандзер дывізіі быў цэнтрам агульнай увагі. Сеў ён на прынесенай лаўцы, па правай руцэ пасадзіўшы Мураўёва. Навокал паселі іншыя афіцэры. У рухах і гутарцы Зіглінга відаць была ўпэўненасьць і сьвядомасьць таго, што ён тут поўны гаспадар. Пару разоў пачаставаў бліжэйшых афіцэраў цыгарэтамі, гутарыў і жартаваў з імі. Над жаўнерамі падымаліся густыя клубкі смярдзючага табачнага дыму. У большай меры быў гэта дым з недасушанай, накрадзенай вечарамі зялёнай табакі, што расла тут-жа па суседзтву.

Прайшло больш гадзіны часу. Усе ўсталі, выраўняліся пад гучную каманду афіцэра. Штаб дывізіі адышоўся ўбок, і батальён пад гукі аркестру пачаў вымаршыроўваць у кірунку вабозу. Палкоўнік прыглядаўся.

Раптам нізенька з грымотным гукам шмыгнуў над самымі чупрынамі лесу няпрыяцельскі самалёт. Ледзь здолеў нехта крыкнуць «флігэрдэкунг» (налёт (ням.)), як усе, быццам вялікі статак мышэй перад катом, куляючыся й падбіваючы адзін аднаго, кінуліся ў кусты. Самалёт маланкай праляцеў, і не пасьпелі яшчэ ўсе рассыпацца, як голасны рогат пачуўся з афіцэрскае групы. Там, дзе стаяў аркестр, ляжала на траве цэлая куча інструмантаў, адно адзін вялікі барабан, відаць, кінуты барабаншчыкам на хаду, ёмка каціўся па цвёрдым мурагу воддаль ад месца зборкі. Некалькі разоў перакуліўся барабан па пожні і, насьмяшыўшы ўсіх уволю, затрымаўся на карлаватым кусьціку.

 

: IІІ

 

На поўнач ад вабозу, на ўскраі лесу, быў ладны кавалак выгану, дзе штодзённа праводзіліся заняткі. Той факт, што гэны кавалак зямлі марнаваўся без карысьці для сялян, тлумачыўся хіба тым, што тут тырчэлі добра падгнілыя, але моцныя яшчэ карчы высечанага некалі лесу. Рэйна адгэтуль ня відаць было - ён хаваўся дзесь далей на ўсход, за зеленьню кустоў.

Заняткі ў найбольшай меры былі баёвыя: вучыліся страляць і ўсякіх іншых хітрасьцяў пяхотнага баёвага майстэрства. Відаць, на звычайную страявую муштру ня было часу. Мала яго вызначалася й на вывучэньне савецкае зброі, бо прадбачылася, што перад адыходам на фронт усяроўна выдадуць нямецкую.

Зьмяніўся адзьдзел, і зьмянілася атмасфэра й песьні. У модзе былі песьні калі не савецкія, дык, прынамсі, расейскія. Колішнім сябрам зь менскае афіцэрскае школы БКА прыкра было слухаць выхваляньне Чапаева й іншае маскоўскае макароншчыны. Віктар Караткевіч і так ніколі не сьпяваў, бо ня меў голасу. Сымон-жа надта любіў сьпяваць, адно цяпер устрымоўваўся, бо чужыя песьні быццам тупой іржавай пілой рэзалі дзесьці па нэрвах, хоць часта і ў чужой мове сьпявалі аб Беларусі.

Вось чуецца, як жыдзенькі тэнар наперадзе зацягвае напеў:

 

«Ой там у лесу белорусском

Солдат молодой умирал...»

 

Яму ўтораць паўтары сотні жаўнерскіх глотак. І далей ізноў напеў:

 

«Там дрались проклятые бандиты

Из первым белорусским полком...»

 

Песьняй, што ўсім прыйшлася да спадобы й сьпявалася па ўсіх ротах, была наступная:

 

«Товарищ, товарищ, ты ходишь туда,

Скажи, с кем ухажерка гуляет моя...

По правде сказавши, товарищ ты мой,

Твоя ухажерка гуляет со мной.

 

Не жаль мне кареты, не жаль мне коня,

Но жалко девчонки - она молода.

Карету я справлю, коня я куплю -

Такой ухажерки нигде не найду...»

 

Зь іншых, часьцей ужываных, трэба прыгадаць «Скакал казак через долину», што Бог ведае ад якіх казакоў узяла пачатак. Пару разоў прабавалі нашы юнакі з былой школы БКА зацягнуць «Першы зьвяз» і «Ідуць жаўнеры беларусы», але нічога не атрымалася. Былыя паліцаі й чырвонаармейцы не маглі ведаць патрыятычных беларускіх песьняў, ды яны пераважна й сьпяваліся без напеваў, не так, як расейскія.

Зараз пры ўваходзе ў вабоз ад галоўнай шашы з правага боку быў бункер. Пабудаваны ён быў з доўгіх круглякоў, ды зьверху й з бакоў абложаны зямлёю. У ім - двое дзьвярэй ды колькі шчылінаў навокал. Далей, па правым баку, стаяў даволі вялікі трысьцен. Там мясьціліся два кухонныя катлы, у адным варылі каву, у іншым - зупу. Варыцца, бывае, тая зупа на абед, а смурод ад каніны разносіцца ветрам па ўсёй ваколіцы.

- Што сягоньня будзе на абед? - спытае адзін другога.

- Што-ж у цябе, братка, нос не ў парадку? Конская галёнка, брат, будзе.

- Наядзёмся каніны і - ух! Іржаць будзем, як жарэбчыкі. А як пабяжым на фронт, дык, пэўна, промаху не дамо. Трымайцеся, ворагі!

Жарты жартамі, а ці каму ўдалося-б наесьціся каніны, каб і хацеў. У зупе той, як казалі яшчэ дома, бывала, крупіна за крупінай ганялася з дубінай, а наверсе пару ледзь заўважных сьвечачак конскага тлушчу можна прыкмеціць было. Даводзілася людзям паясы яшчэ больш сьціскаць. Недарма часта здаралася, што ў бараках адзін ад другога апошнюю мізэрненькую пайку хлеба краў.

 

: IV

 

Напрыканцы верасьня батальён Мураўёва пачаў праводзіць тактычныя заняткі. Адбываліся яны на падчышчаным ужо кукурузным полі, на поўнач ад бараку, на скраі лесу. Каля самага лесу быў высакаваты, на мэтры чатыры, насып. Ён быў, відаць, зроблены даўно для затамаваньня разводзьдзяў з Рэйна й цягнуўся ўздоўж лесу на колькі кілямэтраў.

У адзін прыгожы пагодны дзень праграмаю заняткаў батальёна быў наступ і атака. Меў прыехаць Зіглінг, але не зьявіўся. Спадзяючыся ягонага прыезду, дружыновыя яшчэ загадзя падбадзёрвалі сваіх хлапцоў, каб выявілі максімум стараньняў і паказалі сябе найлепш вышкаленымі. Пад час практыкаваньняў мела быць ужываная вострая амуніцыя. На кожную стрэльбу было выдадзена па дваццаць ладункаў. Страляць мелі ў расстаўленыя на полі й каля насыпу мішэні. Выхадным пунктам наступу былі рэдкія кусты каля зарослага густой травой ручайка на заходняй ускраіне кукурузнага поля. Увесь рух меў адбывацца ў кірунку Рэйну, што хаваўся дзесь за лесам.

Першы наступ быў праведзены напуста. У ходэе яго шмат пакрычаць давялося камандзеру першага зьвяза, у якім былі Сымон і Віктар, старшаму лейтананту Рэшатаву, што ладна надарваў свой голас. Пад час другога наступу, ужо каля гадзіны дзесятай, ужываліся вострыя патроны. Для назіраньня практыкаваньняў прыехаў маёр Мураўёў. Затрымаўся на краі поля, ззаду на левым фланзе першага зьвяза.

Жаўнеры стараліся перабягаць наперад індывідуальна, як і вымагалася, бо пад вялікую траскатню стрэльбаў і кулямётаў ня чуваць было загадаў камандзераў. Часта рабілі «флігэрдэкунг», бо брытанскія самалёты таксама цикавіліся практыкаваньнямі. Не дапаўзаючы якіх трыццаць мэтраў да насыпу, усе мелі ўстаць і на маскоўска-бальшавіцкі лад, з «громким ура», у поўны рост кінуцца ў атаку.

Сымон пільнаваўся, каб надта ня высоўвацца наперад, але й не заставацца ў хвасьце. Каля яго падбягаў і падаў вобземлю, сапучы, як мядзьведзь, Віктар. Прыбліжаючыся да насыпу, Сымон заўважыў, што меў яшчэ два патроны. Адзін выстраліў, калі ўсе ўсталі й з тым «громким» кінуліся наперад,

- Прекратить стрельбу! - пачуўся ззаду загад з колькіх афіцэрскіх глотак.

Сымон памяркаваў, што, мусіць, аднаго патрона няварта пакідаць, а лепш пусьціць уверх, і, хоць усе былі ўжо на насыпе й страляніна спынілася, ён, наставіўшы ўверх руль стрэльбы, паціснуў курок. Не прайшло й хвіліны, як заўважыў капітана, што бег у ягоным кірунку ад маёра Мураўёва.

- Ты куды страляў? - пытае Сымона афіцэр.

- Уверх.

- Ты чаму страляў уверх?

- У мяне застаўся адзін патрон, а загадана было...

- Дурыла ты! Знаеш, што табе за гэта будзе? Валяй хутка да маёра!

Сымон пусьціў у рух ногі. Камандзер батальёна прыбліжаўся ў ягоным кірунку.

- Спадар маёр, па вашаму загаду...

- Ты куды страляў? - насупіўся Мураўёў.

- Уверх.

- А куды было загадана страляць? Ты... - тут маёр вылаяўся зацяжным маскоўскім трохпавярховым матам, - сукін сын!

Пры гэтых словах, як трымаў у правай руцэ скураныя рукавіцы, з усёй сілы сьцебануў імі хлапца па твары. Толькі пярэдняя стрэшка Сымонавага шлема крышку затрымала ёмкі ўдар.

- Ты знаеш, што на тым баку шмат народу пры вакопах працуе? - дзёрся Мураўёў. - А што, калі ты каго зь іх забіў? Ты разумееш гэта ці не, дурак? Каму гэта даваўся загад спыніць стральбу?

У Сымона ад страху аж павукі забегалі па сьпіне й зьнядужалі ногі.

- Зараз абяззброіць яго й адвесьці ў бункер! - крычаў камандзер. - Адправім у працоўны лягер, а калі прыйдуць весткі з таго боку Рэйну, што ёсьць забітыя, застрэлім, як сабаку, перад фронтам цэлага батальёну. Забраць яго, адвесьці!

Да Сымона падбег капрал зь ягонае-ж роты, што выконваў цяпер ролю лучніковага. Узяў юнакову стрэльбу, пас з патранташамі й шлем ды загадаў: «Ну, пайшлі!»

Зайшоўшы ў свой барак, Сымон расказаў аб выпадку старшыні роты. Старшынёй быў добры чалавек - украінец Налепа. Ён надта-ж па-людзку абыходзіўся з жаўнерамі роты. Дазваляў ім вечарамі хадзіць у яблыкі, табаку, бульбу. Вядома, што чалавекам з начальства, які можа зрабіць найбольш прыкрым або прыемным аднастайнае жыцьцё жаўнера, бывае старшына роты. Налепу жаўнеры паважалі й слухалі, добра ацэньваючы ліберальнае дачыненьне да іх. Выслухаўшы Сымона, Налепа сказаў, што ня было нічога так страшнага, як хлапец уявіў, што яго, пэўна, патрымаюць да вечара й пусьцяць. Сымон зь лягчэйшым сэрцам, падбадзёраны, павандраваў з капралам у бункер. У адной каморцы бункера сядзела чатыры чалавекі. Сымона пасадзілі самога ў другой. Пры бункеры стаялі два вартавыя.

Сымон захапіў у бараку кніжку і, крышку памяркаваўшы, прыйшоў да выснаву, што надта ня выпадае бедаваць, бо, пэўна, усё добра скончыцца. Узяўся за чытаньне. Але й чытаючы, колькі разоў хаця-нехаця вяртаўся да трывожнага пытаньня: «А што, калі возьміць і застрэліць? Чорт яму верыць, маскалюгу гэтаму!»

Яшчэ ніколі раней ня сустрэўся Сымон лоб у лоб з пытаньнем аб магчымай сьмерці. Навет калісь пад вагонамі пад час тога пекла ў Вільні, калі жыўцом гарэлі параненыя сябры, ніяк ня прыходзіла ў галаву, што яго могуць забіць. Калісьці й дзесьці - а дзе дакладна, дык не патрапіў-бы й сказаць - ён пастанавіў, што не павінен дарма прапасьці ў гэтай вайне, а мусіць перажыць яе за ўсякую цану. Трэба-ж было яшчэ так шмат зрабіць для сваіх родных і Бацькаўшчыны. Ці-ж ён, малады, здаровы, поўны сіл, сьведамы сваёй беларускасьці юнак, мог дараваць усе крыўды, цгго ворагі зрабілі ягонаму народу? О, не! Сто разоў не! Як і што ён будзе рабіць - Сымон ня ведаў, ды ці й быў цяпер час над тым думаць. Галоўнае вось, каб жыцьцё захаваць, а там дзесь ужо неяк праясьніцца й будзе відаць, што рабіць трэба. Дык усё й зводзілася да захаваньня жыцьця.

І цяпер Сымон аж жахнуўся пры думцы, што так лёгка й зусім за дурніцу мог налажыць галавой. Але гэта былі толькі хвілінныя, як джала, пякучыя думкі, што хутка адыходзілі й не пакідалі па сабе сьледу. Ня верыў-жа юнак, што сапраўды за нейкі дурны патрон могуць яго застрэліць.

«Вось, пэўна, настрашыць яму ўздумалася. І Налепа-ж казаў, што, пэўна, вечарам выпусьцяць, - супакойваў сябе юнак. - Але-ж чаму я такі легкадумны? Няхай-бы ён ужо згарэў, той патрон. Як быў загад спыніць страляніну, дык чаму-ж я не паслухаў? Калі ўжо неяк тут з гэтага клопату выкарабкаюся, дык трэба будзе пільней прыслухоўвацца да загадаў і падпарадкоўвацца. Такая-ж во бязглуздзіца й да чаго можа чалавека давесьці».

Віктар прынёс Сымону кацялок зупы й «фарфлюктар». Пад'еўшы, хлапец ужо больш супакоіўся й амаль цэлае паабедзьдзе чытаў. Каля шостай гадзіны прыбег да бункера дзяжурны афіцэр.

- Гэта ты сядзіш за дваццаты патрон? - спытаў Сымона.

- Я.

- Бяжы да маёра.

Перад баракам стаяла група афіцэраў. Яны пакурвалі, жартавалі. Вечар быў сонечны й цёплы. Сымон адразу спасьцярог, што ўсе афіцэры, у тым ліку й Мураўёў, былі ў добрым настроі. Гэта яму дадало шмат адвагі.

- Ты за што сядзеў? - пачаў Мураўёў.

- За сяньняшні выстрал, - бойка адказаў хлапец, хоць дрыжыкі ўсё яшчэ бегалі па лытках.

- А ты куды страляў?

- Уверх.

- А куды было загадана страляць?

- У насып.

- Ці-ж у насып? А ня ў мішэні?

Усе прысутныя афіцэры змоўклі й прыслухоўваліся. Усьмешкі бегалі па некаторых тварах.

- У мішэні, - згадзіўся Сымон.

- Дык вось бачыш, якая рэч... На тым баку Рэйна працуе шмат людзей пры вакопах, і толькі цяпер званілі мне, што ёсьць адзін паранены.

Калі-б Сымон тады меў час думаць над тым, што сказаў камандзер батальёна, дык пазнаў-бы хлусьню. Бо й як-жа, каб з такой колькасьці людзей, ды яшчэ й дзесь далёка за тым Рэйнам, якраз ягоны, Сымонаў, нефартунны стрэл некага параніў? Эх, ужо-ж і ня ўмеў Мураўёў выдумляць.

- Праўда, - прадаўжаў маёр, - уверх стралялі й іншыя... Але што я цяпер павінен з табою зрабіць? Як ты думаеш? Ці, па-твойму, вінаваты ты, ці не?

- Вінаваты.

- Дык што я павінен з табою зрабіць? Як пакараць? Ты прыдумай сам - якую-б ты даў сабе кару? Сымон маўчаў. Мураўёў паўтарыў пытаньне.

- Маё ўяўленьне, спадар маёр, занадта абмежаванае, каб прыдумаць сабе кару, - адпаліў Сымон.

- Эх ты, хітрун! Ну ладна. На гэты раз дарую. Глядзі, каб у будучым слухаў загадаў. Уматвайся ў роту!

Сымон як скаблянуў адтуль у свой барак, дык аж костачкі бразджэлі.

Такая была гісторыя з дваццатым патронам.

 

: V

 

Каб бліжэй пазнаёміцца зь людзьмі, што складалі батальён Мураўёва, варта нам, паважаны чытач, прыслухацца да адной даволі цікавай гутаркі, якая аднойчы адбылася ў бараку другой роты, да якой належалі Сымон і Віктар.

Каля даўгога стала сядзеў старшына роты сяржант Налепа й каля дзесятка хлапцоў, што чысьцілі зброю, рыхтуючыся йсьці на варту. У ліку іх з колішняй афіцэрскай школы БКА былі Пісаронак, Войнік, Віктар Караткевіч, Жылякоўскі й Сымон Спарыш. Усе іншыя служылі ў Беларусі ў паліцыі. Да іх належаў Курленя, што, паводле ягоных-жа словаў, быў калісьці капралам у польскім войску, Земет - зусім неадукаваны селянін-паляшук, Шэмет, якому таксама варта было-б скончыць, прынамсі, пачатковую школу й які вырозьніваўся адно высокім ростам і даўгімі нагамі, ды Гвардзейчык - малажавы хлапец, што вельмі любіў парадак і чысьціню, як у вопратцы, так і ўсюды. Гаварылі аб дробных штодзённых справах. Гутарка не вязалася.

- Але ты, Гвардзейчык, гаворыш па-расейску, якраз як паляк, - сказаў Сымон. - Можа, ты й ёсьць паляк? - спытаў ён.

Гвардзейчык ледзь заўважна пачырванеў.

- Адкуль ты ўзяў, што я гавару, як паляк? - адказаў пытаньнем.

- Акцэнт дык у цябе, братка, якраз як у паляка, што вось толькі што наламаўся па-расейску. Вось няхай-жа іншыя скажуць. - Пры гэтых словах Спарыш зірнуў уважна на сяброў, быццам спадзяючыся іхняй падтрымкі.

- Чорт яго знае, - адказаў Гвардзейчык, - язык зьмяшаўся, й сам ня ведаеш, як гаворыш.

- Ты кажаш, - зьвярнуўся да Сымона Земет, - што ён гавора, як паляк. А ты-ж як гаворыш?

- Па-беларуску.

- Так, ты гаворыш па-беларуску... Ты сам ня ведаеш, як гаворыш.

- Ён-то ведае, - падтрымаў Сымона Віктар. - Ён гавора па-беларуску. Але ты ведаеш? Наагул, ці ведаеш, хто ты ёсьць?

Земет натапырыўся.

- Я гавару так, як усе гавораць, а па якому...

- Ты й сам ня ведаеш, - дакончыў за яго Пісаронак, і ўсе навокал засьмяяліся.

- Нейкай ломанай мовай, - казаў далей Земет, - пэўна-ж, і не па-беларуску. Чорт яе тую беларускую мову ведае. Гаварыць гэтак, як цяпер пісалі ў беларускіх газэтах, дык можна й язык паламаць. Нейкі-ж дурань такое выдумаў.

- Дурань, кажаш, выдумаў? - заатакаваў Земета Віктар Караткевіч. - Ці ведаеш ты, такі разумны, сам хто ты ёсьць?

- А цікава, ці ведаеш, хто ты ёсьць? - памог Пісаронак.

- Зь якога ты гэта народу?

- Як быў дома, дык казаў, што тутэйшы, а тут дык і ня ведаю, - тлумачыў паляшук.

- А цяпер, мусіць, таксама тутэйшы! - укінуў сваю капейку Гвардзейчык.

Усе голасна зарагаталі.

- Эх, брат, дык, мусіць, твая нацыянальнасьць тады залежыць ад месца жыхарства, калі ты ўсюды тутэйшы, - рагатаў Жылякоўскі.

- Беларусь ваша... - умяшаўся Курленя. - Вы, як сядзелі там на месцы, тады, мусіць, і Беларусь будавалі, а як самім давялося пацярпець, дык, мусіць, і нічога не здабудзеце. Як немец устанавіў быў нейкую там Беларусь, дык тады й начальнікаў хоць адбаўляй. Тады яны былі ласымі на гатовенькае. А саветы як ударылі, дык усе, як мышы, паразьбягаліся. Дзе-ж ваш Астроўскі? Чаму аб Кушалю нічога ня чуваць? Дык цяпер нас, дурненькіх, ваяваць выпраўляюць, а начальнічаць, дык іх было поўна.

Гэту тыраду Курлені падтрымлівалі Шэмет і Земет. Варта заўважыць, што, згодна з апавяданьнямі іншых, брат Земета пайшоў у польскія партызаны ў раёне Лідчыны.

- А ты, мусіць, хацеў, каб Астроўскі ці Кушаль з табою пад адным вашывым коцам спалі? - адпаліў Курленю Сымон. Некаторыя засмяяліся. - Ці твой прымітыўны розум можа хаця ўявіць клопаты тых людзей?

- А якія-ж яны маюць клопаты? Зашыліся недзе ў спакойны куток і сядзяць, як мышы пад мятлою. Клопаты ў іх! Ня маюць чаго рабіць, дык няхай-бы хоць сюды пару слоў сказаць прыехалі.

- Але-ж, але! Чулі вы? - перадражніваў Курленю Віктар. - Курленя, важная пэрсона, загневаўся, што да яго Астроўскі на пацеху й падтрымку штаноў ня прыехаў.

Усе зарагаталі.

- Чаго ты смяешся, дурань ты! - Пры гэтых словах Курленя сакавіта лаяў. Старшына Налепа ад некаторага часу сядзеў на сваёй пасьцелі насупраць стала й моўчкі прыслухоўваўся да гутаркі.

- Астроўскі - вялікі пан! - цягнуў Курленя. - Нідзе аб ім і ня чуваць. Калі вы яго бачылі ці чулі ад яго хоць адно слова?

- Чаму-ж не, - адказаў Караткевіч, - прыязджаў да нас у Вільню ў гімназію, гаварыў, і мы чулі.

- Што-ж ён вам гаварыў? - пацікавіўся Земет.

- Ён сказаў нам коратка й ясна, - тлумачыў Сымон, - сьцеражыцеся нягоднікаў.

Усе вельмі голасна зарагаталі. Земет узлаваўся.

- Іш ты, скалазуб! Толькі сьмяяцца, а каб што дзельнага сказаць, дык ты ня можаш, - бурчэў ён, гледзячы на Сымона.

- Так, Беларусь збудавалі, - пачаў пагардлівым тонам Курленя, - а як прыйшлося самім пацярпець, дык усе начальнікі ў лес пайшлі.

- Хацелі збудаваць, чаго ня было й ня будзе, - дапамог Земет.

- Пэўна-ж, што на гэткіх дурнях, як вы, нічога не збудуеш. Вы нікому ня служылі, ня толькі Беларусі. Толькі й здольныя былі самагонкаю залівацца ды людзей аграбаць! - падсыпаў жару Жылякоўскі.

- Бачыш ты, які патрыёт знайшоўся! - апраўдваўся першы. - Калі ты стаў гэткім? Вам, мусіць, у гэных школах у галовы дурнаты набілі.

- Вось у тваю дык, мусіць, нічога не наб'еш, бо зараз усё зь яе выляціць, - адказаў Жылякоўскі.

- Слухай, Земет, і ты, Курленя, - пачаў Гвардзейчык, - ты думаеш, што гэткая дзяржава, як Беларусь, магла так хутка стаць на ногі і ўтрымацца? Калі яна атрымала дазвол на арганізацыю свае арміі? Аж напрыканцы сорак трэцяга года. А ты глянь, якія ўжо добрыя былі пачаткі...

- Ды што ты там пустое пляцеш, - не даў Гвардзейчыку дакончыць Курленя, - я сам бачыў, што выраблялі беларускія начальнікі. У нас быў адзін афіцэр, якога западозрылі ў палітычных зносінах з бальшавікамі. Я там дакладна ня ведаю, як тое было, але ён нас усіх хацеў немцам выдаць і ўсю віну зваліў на нас. Добра, што памяшаў гэтай справе адзін, што знаў усё, дык мы й засталіся жывымі, а так...

- Чакай хвілінку, - укінуў слова старшына Налепа, - дык гэты афіцэр, ці хто там, пэўна, камуніст быў, няйначай. Па тваіх словах гэтак выходзіць.

- Які-ж ён камуніст, калі быў у нас у войску? Гэта-ж было цяпер, а не пры саветах.

- Дык што-ж ты думаеш, што цяпер камуніст ня мог у войска залезьці? - трымаў сваё Налепа.

- Мусіць, Курленева галава зацеснаватая, каб такую магчымасьць мог уявіць, - засьмяяўся Караткевіч.

- Ты-ж перш казаў, што гэта там за нейкую дзяўчыну выйшла, - дапёк Курленю Гвардзейчык.

- Дзе там за дзяўчыну! За якую табе дзяўчыну...

- Ага, за якую... Ты й сам ня ведаеш, што гаворыш. Сягоньняшняе ня ведае, што ўчарашняе плявузгала. Усе голасна смяяліся з Курлені. Зьбіты з панталыку былы паліцай яшчэ спрабаваў агрызацца.

- Перастань ты, Курленя, ужо даводзіць, бо нічога ня кеміш, - адазваўся Пісаронак.

- Даволі вам, хлопцы, сварыцца. Для ўсіх па мэтру зямлі хопіць, - уткнуў свае пяць капеек Войнік.

- Вось гэта дык разумна сказана.

Усе голасна засьмяяліся.

У роце даволі часта вяліся гутаркі на тэмы, зьвязаныя з Беларусьсю й беларускімі справамі. Прычынаю была прысутнасьць юнакоў з калішняй Школы Камандзераў БКА. Курленя, Земет і Шэмет - не адны, што вырозьніваліся тупасьцю й няведаньнем усяго, зьвязанага са сваёй Бацькаўшчынай і палітычнымі справамі. Былі сотні такіх. У роце, як і ў цэлым батальёне, было даволі ўкраінцаў, зь якімі беларусы ніколі не ўваходзілі ў калізіі, дыскутуючы палітычныя тэмы.

Украінцы былі беларусам добрымі сябрамі. Дружба выплывала з супольнага гістарычнага лёсу абодвух народаў, што, маючы на працягу стагодзьдзяў супольных ворагаў з захаду і ўсходу, прывыклі, зжыліся з ідэяй, што яны браты ў нядолі й адзін другога мусяць заўсёды падтрымоўваць. Гэта ня была тая хвальшывая, некім зьверху накінутая, дружба. Яна мела карані ў сівой мінуўшчыне і ўважалася зьявай нармальнай, прост-напраст арганічнай, штодзённай, аб якой навет і не ўспаміналася.

 

: VI

 

У палове верасьня батальён Мураўёва пакінуў вабоз над Рэйнам і спыніўся ў адлегласьці нейкіх 25 км на захад у вёсцы Ільгойзэрн. Гэта была вялікая вёска, прыкладна за 15 км ад першых хрыбтоў Вагезаў. Войска разьмясьцілася па гаспадарскіх гумнах, а дзе каму ўдалося - дык і па хатах. Сымон Сларыш у гэтым часе атрымаў новую функцыю: ён быў вызначаны канюхом. Вярнуў назад сваю каламажку й малога гнядога коніка, што калісьці мы ўжо бачылі ў руках у Камовіча пры выхадзе зь Менску.

Прызнацца, Сымон быў задаволены сваёй новай павіннасьцю, бо канюхі мелі, акрамя шматлікіх клопатаў, некаторыя выгады. Да гэткіх перш за ўсё належала тое, што заўсёды былі забясьпечаныя транспартам, ня мусілі ў маршах валачыць на плячох сваіх рэчаў, тое-сёе здабытае збоку, прыкладам, гародніну ці садавіну, маглі прыхаваць на возе, дый на заняткі не хадзілі рэгулярна. Сымон адно стараўся знайсьці прычыну, чаму яго вызначылі канюхом. Падазраваў, што калі-б сам папрасіў такой функцыыі, не атрымаў-бы яе. І прычыну няцяжка было адгадаць.

Камандзерам другой роты быў капітан Віньніцкі - сярэдняга веку высокі ўкраінец, які асабліва нічым не вырозніваўся. У роце былі чатыры зьвязы й камандзерам кожнага быў афіцэр. Першым зьвязам, да якога належалі Сымон Спарыш і Віктар Караткевіч, загадваў старшы лейтанант Рэшатаў - расеец самай чысьцюсенькай вады. Гэта быў дробненькі ростам, круглатвары, крышку курносенькі, з малымі зласьлівымі вочкамі былы чырвонаармеец. Рэшатаў быў вельмі рухавы й энергічны. Калі гаварыў да каго, вочкі ягоныя, быццам два сьвярдзельчыкі, здавалася, вярцелі яго наскрозь - нічога ад іх не схаваецца. Малы маскалёк найбольш і даўся Сымону й Віктару ў знакі, асабліва-ж першаму.

Трэба зацеміць, што хлопцы давалі вялікую волю сваім языкам, будучы часьценька зусім неасьцярожнымі. А асьцярожнасьць была асабліва патрэбная, проста неабходная. Яшчэ ў абозе над Рэйнам аднойчы капітан Віньніцкі прыпамінаў роце, што ніхто ня мае права выказваць свайго незадаваленьня, шырыць розныя, шкодныя Нямеччыне чуткі. «Усе вы, - казаў капітан, - прыйшлі ў гэты батальён добраахвотнікамі. Мы раней пыталіся тых, што ня хочуць у нас служыць, каб выявіліся. Для іх ёсьць шмат месца ў працоўных лягерах. Калі-ж вы засталіся, дык цяпер трымайцеся й не наракайце».

Папярэджаньне было пагрозьлівае, бязь ніякіх недаказанасьцяў. Яно, адылі, не падзейнічала ані на Віктара, ані на Сымона. Яны й далей давалі поўную волю языкам. Сымон даўно заўважыў, што Рэшатаў чапіўся да яго без патрэбы. У войску-ж, ведама, як трапіш свайму начальству на вока - яно будзе памятаць цябе цэлы час.

Гэтак і з крымінальнікам: хоць і адбудзе сваю першую кару, навет і будзе старацца паправіцца, паліцыя ўсё роўна цэлае жыцьцё будзе за ім сачыць. Калі здарыцца дзе што ў ваколіцы, яго першага правяраюць, паклікаючы на допыты.

Рэшатаў-жа чапіўся да Сымона й Віктара Бог ведае за што. Мо заўважыў, што іхныя языкі гладка хадзілі, асабліва-ж Сымонаў. Што Рэшатаў ня любіў Сымонавага языка - у гэтым юнак хутка пераканаўся. Гэтак аднойчы ў вёсцы Ільгойзэрн, хутка пасьля пераезду туды, хлапец паехаў на кані да батальённага вэтэрынара. Ня тое каб гнядому чаго не хапала ці хворы быў, але-ж вэтэрынар мусіў мець нейкі занятак, дый коні рэгулярна хадзілі на праверку здароўя ў войску - так, як і людзі. Сымон затрымаўся ў гаспадарскім панадворку, там, дзе кватараваў вэтэрынар, і, чакаючы яго, сядзеў на возе ды ад нечага рабіць жаваў саломіну. Вуліцаю праходзіў Стыкар і яшчэ пару вайсковых.

- А ты што тут робіш? - спытаў Спарыша Стыкар.

- Адпачываю.

- Ты, Спарыш, там будзь больш асьцярожным. Учора чуў я, як обер-лейтанант Рэшатаў казаў, што трэба будзе цябе ўсьцішыць, бо ты незадаволены й надта шумна сябе вядзеш. Тых чатырох ужо «форт»! - пры гэтым апошнім слове махнуў рукой. Стыкар гаварыў аб чатырох, што ў мінулую нядзелю напіліся гарэлкі ды, даўшы волю п'янаму ўяўленьню, зрабілі засадку на камандзера чацвёртага зьвяза Юхневіча. Мелі намер яго забіць. Нехта, відаць, даказаў, бо штучка ім не ўдалася, і ўсіх чатырох выслалі ў рабочы лягер. - Так што глядзі, - асьцерагаў Стыкар канюха, - крыху стрымайся.

- А чаму-ж Рэшатаў так гаварыў?

- Ды ў сувязі з высылкай тых чатырох.

Бачыш, што вырабляецца, разважаў Сымон. Прыйшло яму ў галаву, што Рэшатаў, пэўна, меў у роце сваіх давераных людзей, якія ўсё яму даносілі. Гэта й ня дзіва: у батальёне існавала шпіёнская сетка. Афіцэры ў бальшыні паходзілі з савецкае арміі, дзе начальства мела сярод байцоў заўсёды надзейныя вочы й вушы. Чаму-ж і тут не практыкаваць старых прывычак?

Сымон надта-ж ненавідзеў таго паршывенькага, як ён называў Рэшатава. І курносенькі маскалёк, калі зьвяртаўся да канюха, дык заўсёды са зьнявагамі, прычэпкамі. Вельмі-ж злосна бегалі малыя обер-лейтанантавы вочкі й моршчыўся, падымаўся курносенькі нос.

Чысьціць, бывала, Сымон свайго гнядога гадзінамі цэлымі. Загадаюць. Выглянцаваць мусіш так, каб аж зьзяў. От-жа і ўелася яму тая чыстка. Блішчыць ужо конік з усіх бакоў - здаецца, вычысьціў так, хоць ты вядзі на выстаўку. Прыйдзе Рэшатаў ды плясь коніку па азадку. Возьме ды пацягне, прыціскаючы, далоньню па баках, пад жывот навет злазіць. Пасьля выме з кішэні чысьцюсенькую белую хусьцінку, уважна абатрэ даланю, і... тут ужо пачынаецца. Як гэта так? Чаму на чыстай хусьцінцы цэлая жменя пылу?

- А это что? Чистил, говоришь? Да какая же это чистка? Ты почисти как сьледует, дурака-то валять мне нечего! Давай-ка опять за работу!

З такой лютасьцю й нянавісьцю пазірае тады Сымон на скрыўлены обер-лейтанантаў твар, так цярэбяцца рукі. «От бы-ж і зьехаў аплявуху, - думае хлапец, але паўстрымоўваецца ў пару. - Каб ты здох, пракляты маскалюга!»

- Ну, чего стоишь? - грыміць той. - Давай-ка, поди. Берись за работу немедленно!

Сымон вурчыць, злуецца, плюе дый зноў пачынае ад конскай морды. Бывае, без малага цэлы дзень скрабе.

«І ці-ж гэта ня зьдзекі? - разважае ў думках. - Ну навошта-ж гэту падлу так скрабці? Эх, чакай-жа ты, ня мінеш маіх рук!» - пагражае канюх у думках Рэшатаву.

 

: VII

 

Сымонава нянавісьць падвоілася, калі аднойчы атрымаў у апеку обер-лейтанантавага верхавога. Гэта быў вялікі, спрытны, беглавы конь.

- Ты уже с одной разленился-то, - гаварыў Рэшатаў, - мало работаешь. Так вот тебе другая. И смотри, - пры гэтым махаў пальцам, - чтобы была чистой как следует. И не только лошадь, а и седло.

«Ах, каб ты здох, гіцаль, дзе ты на маю галаву ўзяўся!» - кляў сам сабе пад носам Спарыш.

Яшчэ колькі разоў паўтаралася гісторыя з хустачкай і пылам з той розніцай, што Сымон зьвяртаў цяпер найбольшую ўвагу на верхавога. Прыйшлося папацець удвая, а мо і ўтрая больш, чымся раней. Усё роўна не мог задаволіць маленькага расейца. Вычарпалася аж да дна юнакова цярпеньне. Раз неяк заўважыў, што два раменьчыкі ў сядле з правага боку, якімі падшпільвалася падпруга, былі надарваныя. Сымон патузаў іх, пакруціў, надарваў яшчэ больш перагнілыя ніткі, так што яны ледзь трымаліся.

- Чакай-жа ты, сукін сын, хоць гэтым ды адамшчуся.

Назаўтра раненька рота выходзіла на стрэльбішча ў Вагезы. Ужо каля шостай гадзіны Сымон меў падаць обер-лейтананту каня. У горы трэба было ісьці больш дзьвюх гадзін, і дзеля таго выходзіла рана. Сымон збольшага махнуў граблом і шчоткай па кані ды ўжо ўськідаў сядло, як тут збоку пачуў крыклівы голас расейца:

- Эй, турок ты! Что, еще не готов?

- Зараз, обер-лейтанант!

Рэшатаў стаяў і глядзеў у другі бок вуліцы, прыкурваючы цыгарэту. Там ужо ішла першая калёна войска. Яны былі не далей як на сто мэтраў ад канюха й афіцэра.

- Калі ласка, обер-лейтанант, - падаў Сымон каня.

Трымаў верхавога за аброць, аддаўшы камандзеру ў рукі павады. Той усадзіў левую нагу ў стрэмя, схапіўся абедзьвюма рукамі за сядло і, ёмка падпіхнуўшы сябе правай нагой, ужо маніўся закінуць яе наверх, як раптам усім цяжарам, разам з сядлом, бразнуўся вобземлю. З калёны, што бачыла ўсю гэту сцэну, загрымеў голасны рогат колькі дзесяткаў чалавек.

Конь, хутчэй адчуўшы, чымся ўбачыўшы, што яздок чамусьці апынуўся на зямлі, зрабіў колькі крокаў убок заднімі нагамі й левым вокам накасавурыўся на лейтананта. Рэшатаў маланкаю ўсхапіўся зь зямлі й, як разьюшаны тыгра, кінуўся да Сымона. Ніколі хлапец не ўяўляў сабе, што ў такога маленькага чалавечка магло быць столькі кіпучай злосьці. Аж пабляднеў ад страху.

- Ты-ы, сукин сын! Бродяга ты! - Тут маскалёк перасаліў сваю лаянку трохпавярховым маскоўскім матам, пачынаючы недзе зь Ленінграду, а канчаючы на Растове. - Я тебе за ето знаешь что сделаю?! Я тебя, гада, в тюрьму, в рабочий лагерь! Вот! Я уж тебя постараюсь, погоди-ка, сукин сын ты!

Юнак дрыжаў ад страху, хоць дзесьці ў глыбіні грудзей давіў моцны сьмех. У той момант ня мог ведаць, ці дорага абыдзецца яму гэты жарт. Тым часам Рэшатаў кінуўся да сядла й знайшоў прычыну ўсяго няшчасьця. Уважна агледзеў раменьчыкі.

- Это когда они порвались? А?

- Учора надвечар, обер-лейтанант.

- А ты почему не зашил?

- Дык калі-ж я? Ноччу меў зашываць?

- А мне что к этому? Разве ты не знаешь своего дела? Погоди-ка, я тебя научу, сукин сын ты! Лавинский, где дружиновый Барлай?

Канюх Лавінскі, з паходжаньня ўкраінец, што даглядаў каня капітана Віньніцкага, замітусіўся:

- Зараз знайду, обер-лейтанант!

Пабег і за пару хвілін прывёў дружыновага Барлая.

- Этого негодяя, - тросься злосны Рэшатаў, паказваючы пальцам на беларуса, - посадить на пять суток в сарай на воду и хлеб и поставить караульного. Там я еще придумаю, что с ним сделать. Утром и вечером только выпускать, чтоб лошадей досмотрел, а так держать под караулом в сарае. Понял?

- Так есть, господин обер-лейтенант.

Барлай пазіраў на разьюшанага афіцэра, на ляжачае на зямлі сядло й пабляднелага, перапалоханага Сымона, стараючыся, мабыць, адгадаць, што сталася.

- А ты, Лавинский, сейчас же пришить ремни! - загадаў Рэшатаў украінцу. - Имеешь пять минут время.

- То як цэ за пяць мінут? - пачаў той.

- Ты еще здесь? - кінуўся да яго маскалёк. - Ступай же немедленно.

Лавінскі падняў сядло, узяў каня й пайшоў на панадворак.

- Забирай этого негодяя! - крыкнуў афіцэр Барлаю.

- Пайшлі, - кіўнуў галавой дружыновы. Гэткім чынам канюх Спарыш апынуўся ў пустым, высланым чыстай саломай баўэрскім хлеўчуку. Знадворку да дзьвярэй загадалі гаспадару зрабіць прабой і прынесьці замок. Паставілі са стрэльбаю вартавога. Быў гэта незнаёмы Сымону хлапец з трэцяга зьвяза. Вязень не надта наракаў на свой новы быт.

- Эт, чорт з табой, - бурчэў ён, - хоць крыху адпачну. Надта-ж дакучаў голад. Прыносілі толькі адну лусту, значыцца, паўпайка, чорнага хлеба на дзень і паўгаршка чыстай вады.

Але Рэшатаў ня выканаў пагрозы. Пратрымаў хлапца пад замком і вартаю адно дзьве пары. Параўнальна лёгка абышоўся Сымону той жарт над обер-лейтанантам. Адно яшчэ больш дакучлівым, прычэплівым і нязносным стаўся ад той пары малы маскалёк.

 

: VIII

 

У канцы верасьня й першай палове кастрычніка ў ваколіцы Вагезаў праводзіліся тактычныя баявыя заняткі пры ўдзеле цэлай дывізіі. Відаць было, што час вышкаленьня канчаецца. Па адзьдзелах кружылі розныя плёткі аб хуткім фронце. Адна з такіх плёткаў, прыкладам, гаварыла, што хутка «трыццатка» мае паехаць у Чэхаславаччыну ці навет і ў Югаславію.

Маёр Мураўёў на зборцы свайго адзьдзелу акрамя колькіх шаблонных перасьцярогаў і іншых слоў для падтрыманьня маралі, паведаміў, што генэрал Уласаў вёў перамовы з камандаваньнем Вэрмахту й з самым правадыром Райху, каб з усіх усходніх фармацыяў стварыць адну вялікую армію пад ягонай-жа камандаю й выслаць на Ўсходні фронт.

Тым часам становішча з харчаваньнем было няцікавае.

У вёсцы Ільгойзэрн і ў суседнім Гэмары жаўнеры панадзіліся былі наведваць мясцовыя пякарні. Спачатку некаторым собіла дастаць адну ці другую баханку чорнага хлеба. Адылі, калі вестка аб такой магчымасьці абляцела пададзьдзелы, калі пры пякарнях пачалі расьці зялёныя натоўпы, немкі, робячы вялікія вочы, казалі:

- Ohnе Каrtе gibts nicht.*

* Толькі па картках (ням.)

Тады некаторыя з найсьмялейшых кінуліся зусім на яўнае нахальства. Валачыліся па хатах і, як кажуць, проста з моста прасілі:

- Ваuer, bitte Вrot.* - Нехта з тых-жа баўэраў хутка парупіўся данесьці цывільным уладам. Выйшла забарона прадаваць войску хлеб у пякарнях і ў хатах.

* Гаспадар, калі ласка, хлеба (ням.)

Давялося налягаць на садавіну й бульбу, якія лягчэй было дастаць. Асабліва цярпелі садовыя дрэвы й вінаграднікі пад час вялікіх тактычных заняткаў. Часта бывала, што адзін ці другі жаўнер, перабягаючы пад час заняткаў з месца на месца, заляжа пад кустом вінаграду або на бягу пачне калаціць яблыню ці грушу. Пакуль скончацца заняткі, то аж пуп трашчыць, а ў роце аскому нагоніць.

Аднойчы на полі канюх Сымон натрапіў на цэлую кучу параськіданых і раздуваных ветрам дробных ангельскіх лятучак. Былі пісаныя ў ангельскай і нямецкай мовах. Схаваў юнак пару штук у кішэню й вечарам, ужо вярнуўшыся на базу, уважна прачытаў нямецкі зьмест.

Камандзер амэрыканскае арміі заклікаў нямецкіх жаўнераў здавацца ў палон. Лятучка гаварыла, што становішча Трэцяга Райху ўжо зусім безнадзейнае. Немцы былі бітыя на ўсіх франтах, хаўрусьніцкія арміі набліжаліся хуткім тэмпам да Рэйну, нямецкія месты ляжалі ў руінах. Амэрыканец раіў немцам ратаваць сваё жыцьцё, ня слухаць вар'ята фюрэра й пераходзіць у палон. Даваліся інструкцыі, як гэта рабіць. Трэба было, увайшоўшы ў кантакт з войскам хаўрусьнікаў, абавязкова найперш падняць уверх рукі, махаючы такой адной лятучкай, каб пераможцы ведалі, што ты не прыйшоў да іх у госьці, ды выясьніць, што здаешся ў палон ангельскімі словамі: I surrender*. А там ужо будзе ўсё добра. Цябе не пакрыўдзяць і, пэўна-ж, не заб'юць.

* Здаюся (англ.)

«Маем, значыцца, й запрошаньне, - падумаў Сымон і схаваў тую лятучку ў самую найдалейшую ніжнюю кішэню свае вопраткі. - А хто ведае? Мо й давядзецца скарыстаць з запрошаньня хутчэй, чым спадзяемся». Аб тым, што яму, канюху Сымону, давядзецца гасьціць у амэрыканцаў ці там у каго іншага на другім баку, хлапец ня меў сумлеваў. Толькі-ж, вядома, мо яшчэ прыйдзецца перад тым пастраляць крыху, вось хаця-б сабе ўверх, абы дзеля вачэй людзкіх...

 

Набліжэньне

 

: I

 

Мапны пакой бункеру галоўнакамандуючага нямецкімі збройнымі сіламі ярка асьветлены. Пакуль што ў ім толькі адзін прысутны - малодшы штабовы афіцэр. Усе сьцены пакоя абвешаны мапамі. Пасярод стаіць доўгі стол, таксама засланы мапамі. Больш у пакоі няма ніякай мэблі. Афіцэр стаіць на зэдліку каля сьцяны, у левай руцэ трымае сьпісаны машынкаю ліст паперы і, часта на яго пазіраючы, правай рукою бярэ сьцяжкі, паўтыканыя ў розных месцах мапы, ды перасоўвае на іншыя месцы. Чырвоныя сьцяжкі са свастыкай пасярод. Яны вызначаюць крывулі тэўтонска-фашыстоўскага дыназаўра, што раптоўна ў апошнія часы пачаў худнець і звужацца. Там, дзе стаялі сьцяжкі, гарэла зямля, людзі, жыцьцё - там быў фронт. Але ці толькі там?

Цяпер ужо ўсюды быў фронт. Вось хоць-бы выйсьці наверх з бункеру. Што там робіцца! Пекла! Вечная трывога. Людзі днямі й начамі ня вылазяць з нораў-падвалаў. Гарыць, ломіцца, крышыцца, папяліцца шкілет яшчэ наймагутнейшага ў сьвеце гораду. А тут унізе, тут што-ж... спакойна. Які-ж зманлівы гэты спакой. А мо ўжо так перад надыходам той канчатковай, вырашальнай, нямінучай часіны? Мо гэта ўжо дыханьне сьмерці?

Але-ж не! Сто разоў не! Тут жыве яшчэ «ён». О, так! Гэты «ён» валодае ўсім і ўсімі, натхняе, кіруе, вядзе. Гэта мозг усяго, клубок, да якога вядуць усе ніткі яшчэ шматлікіх, хоць ужо надта-ж паскубаных, зьняможаных армій, групаў, адзьдзелаў... А яшчэ-ж «ён» кажа, што будзе такая зброя, аб якой і сьвет ня сьніў. А слоў-жа ніколі вунь на вецер дарма ня кідаў, з ранейшага ведама... Ого! Яшчэ пазнаюць ворагі. Яшчэ на каленях прыйдуць да яго міласьці й міру прасіць. Вось абы ўжо хутчэй гатовая была гэта зброя. А тады... Ого, што будзе тады!

А тым часам...

Афіцэр у бункеры часта трэ правай даланёю бараду, мармыча, штось лае сабе пад нос. Заўсёды, як толькі дзе даводзіцца перасунуць сьцяжок на ўсходняй крывуліне ў заходні бок ці на заходняй ва ўсходні, голас яго мацнее, вурчыць, гаркае. Ківае галавою. Ці-ж гэта лёгка?! Помніць-жа ён лепшыя часы. Сьцяжкі тады перасоўваліся ў зусім іншых кірунках. Дыназаўр сыцеў, таўсьцеў, выпяціў быў свой жывот аж на прадмесьці Масквы, лапай ледзь не зачапіў Александрыю ў Егіпце ды думаў растаптаць брытанскія абтокі. Ох, якая-ж тады была асалода перастаўляць сьцяжкі! Разам з дыназаўрам рос і ён сам, неяк і галава падымалася вышэй дый ногі раўней хадзілі.

А цяпер полымя дабіралася да нэрвовага цэнтру Райху. Гэта было тое самае страшнае зямное полымя, што вогненна-жалезным языком лізала жыцьцё ня толькі выдатных ваякаў вермахта, але і ўсе славутыя фюрэравы мары-летуценьні, спадзяваньні. І яно было больш жахлівае й знішчальнае за тое полымя, што пасылала неба. Афіцэр яшчэ раз уважна праверыў усе крывуліны на сьценнай мапе, задуманы, уталопіўшыся ў мапу, пастаяў хвіліны тры, паківаў галавою, пасьля падыйшоў да стала й там правёў тую самую аперацыю. Тут ужо пайшло барзджэй дый вурчэньня, гарканьня таго менш было. Хутка накіраваўся да дзьвярэй, і крокі яго паглынула рэха бункернага калідору.

 

: II

 

Мінула каля паўгадзіны. З калідора пачалі далятаць гукі розных галасоў. Пры ўваходзе адбываўся самы грунтоўны кантроль. Рукі мацалі партфелі, правяралі дакуманты, зыркія вочы доўга й уважна аглядалі візітантаў. Нельга-ж было, каб ізноў паўтарыўся ліпеньскі дзень у Прусіі.* Дый фюрэр апошнімі часамі дзіваком нейкім ставаўся, бачыў усюды й знаходзіў тое, чаго ня было, выдумляў непраўдападобнае, шукаў вінаватых. Але-ж ня ім, дробным чарвям, дадзена было разгадаць тайніцы фюрэравага мозгу. Поўзалі-ж перад ім, дык і цяпер лётаць не пачнуць. Трэба цягнуць да канца...

* Маецца на ўвазе няўдалы замах на Гітлера, падрыхтаваны групаю нямецкіх афіцэраў.

Пасьля доўгай і дэталёвай іспытацыі язык гаркаў кароткае адрывістае слова. Крокі мералі недаўгую ўжо адлегласьць да мапнага пакою, і ў дзьвярах вырасталі адчаканеныя постаці: маршалы, генэралы, адміралы. То й былі тыя ніткі, што лучыліся з галоўным клубком. Гэта тыя мацаўкі-лапы спрута, што ціснуў, душыў усіх і ўсё, высмоктваў зь іх апошнія сокі й кроў у імя будучага панаваньня «супэрнароду», «супэрмэнаў», «вярхоўнай» арыйскай расы. Гэта тыя служакі колішняга капрала кайзераўскіх войск, што бурыў усё старое, будаваў «новую Эўропу».

А мо яны - гэтыя маршалы, генэралы, адміралы - ужо перасталі быць будаўнікамі, мо сталі ўжо магільшчыкамі? Хто-ж мог напэўна сказаць. Але-ж не! Яшчэ раз не! Ён-жа ўсё ведае, за ўсіх думае, усяго дапільнуе. Яшчэ выведзе й прывядзе. А ім тым часам што? Хіба-ж толькі па сваіх дзялянках ды адрэзках... А там ужо ўва ўсім галоўны - ён...

У мапным пакоі час ад часу стукаюць запяткі, сьціскаюцца выцягнутыя рукі пры вітаньнях, падаюць прыцішаныя словы. Мундзіры абступаюць стол, сьцены. Вочы ўпіваюцца ў тыя пункты-сьцяжкі. Вочы звужаюцца, касурацца. Твары моршчацца. Панурыя гэта твары - яны даўно забыліся, як сьмяяцца. Заўсёды напружаныя, неспакойныя. Мяркуюць, у якім «ён» настроі, што зробіць, загадае, як аднясецца. Ці зноў не палезе на тую найвышэйшую ноту. А мо што й пацяшальнае скажа. Недарма-ж паўзьлі з усіх канцоў, сьпяшаліся, дэнэрваваліся. Можа... можа...

У пакоі іх ужо пару дзесяткаў. Раптам уся актыўнасьць і рух спыняюцца. Чакаюць, прыслухоўваюцца. Усе вочы ўпіваюцца ў дзьверы. Прыбліжаецца, ідзе. У дзьвярах паказваюцца чорныя варухлівыя вусікі, звіслая на лоб пасма валасоў, рудыя вочы. Спыняецца пара чорных выглянцаваных ботаў. Мо гэта тыя самыя боты, што калісь падрыгвалі з захапленьня ў Камп'енскім лесе ў дзень капітуляцыі Францыі? Побач - два рослыя цені. Ногі на момант затрымліваюцца, вочы хутка паўзуць па ўсіх прысутных, і пасьля ўжо ногі прыбліжаюцца да цэнтру стала.

Фюрэр, мусіць, ня ў гумaры. На твары ў яго цень. Галава то апускаецца над настольнай мапай, то падымаецца, павяртаючыся ў той бок, да каго гаворыць. Палец блудзіць па крывулінах. Чуваць рапарты, пытаньні, перапытваньні. Часам у тым пакоі так глуха, што, калі-б вочы не бачылі, падумаў-бы, што тут нікога няма. Але ў гэты момант якраз найбольш напружана працуюць мазгі прысутных. Стараюцца ўгадаць, што «ён» думае, што зробіць, скажа ці спытае наступнае. Усе вочы ўпіваюцца ў ягоны твар, стараюцца злавіць найменш заўважны цень думак. С;мяротная цішыня. Толькі час ад часу шаргануць па цэменце падковы ботаў або пачуецца нясьмелы кашаль ці прытоенае дыханьне.

Ня так шмат часу патрэбна ўжо фюрэру: мо пару месяцаў, паўгода, у найгоршым выпадку год. Ужо Лёндан стогне пад агнём «V-2», супраць якое англічане не ведаюць абароны. Але ж гэта адно пачатак. Што ж ракеты «V-2» у параўнаньні з той зброяй, што мае на думцы фюрэр і над якой дзень і ноч працуюць найбольш вартасныя нямецкія мазгі! Абы час дазволіў, абы ўсё не развалілася, ня скрышылася. Цяпер усё асноўнае й зводзіцца да здабыцьця часу. Дык за любую цану трэба ўтрымацца, загарадзіць, ня пусьціць.

На мапе, бывае, акрамя фюрэравага пальца зьявіцца побач і іншы, што ўслужліва стараецца дапамагчы першаму. І вось фюрэраў палец даязджае ў сваю чаргу й на эльзаскі адрэзак, тыцкае на тую даліну між Вагезамі й Альпамі.

- А як сытуацыя тут? - чуецца хрыплаваты голас.

- Калі-б можна... - пачынае іншы.

- Тут вельмі важны адрэзак, - перабівае яго той першы, - тут праціўнік будзе старацца прарвацца любой цаною, бо гэта асноўны падыход да Рэйну з паўдня.

- Не дапусьціць яго! Галоўная абаронная лінія на Рэйне мусіць яшчэ лепш умацавацца. Якое цяпер становішча?

- Наступ ворага затрыманы. Фронт статычны. Акцыі зводзяцца да разьведак. Праціўнік падцягвае вялікія сілы, запасы, рыхтуецца да наступу. Адзьдзелы нашы аслабленыя, змучаныя ад доўгага адступленьня з паўдзённай Францыі й патрабуюць перагрупоўкі.

- Які стан рэзэрваў? - гаркае фюрэр. Другі голас называе колькі адзьдзелаў.

- Ёсьць там і трыццатая пяхотная расейская дывізія, - заканчвае ён.

- У якім стане?

- Канчае вышкаленьне.

- Даць яе супраць французаў. Матэрыял гэта другарадны, але, умела пакамандаваўшы, можна яго добра выкарыстаць. Французам яны павінны даць рады. Неадкладна дайце дыспазыцыі ў гэтым кірунку.

Фюрэраў палец пасоўваецца на поўдзень, да Італіі.

За пару гадзінаў з Воўчага Логава зашыфраваныя загады паляцелі ва ўсе канцы, у меншыя воўчыя логавы. Ляціць той голас па дроціку і ў штаб трыццатай. І там ужо выпрастоўваецца шыя й плечы дзяжурнага афіцэра, пачынаецца рух у штабе. Стукаюць падковы, гаркаюцца ў тэлефонныя трубкі загады, бразгаюць дзьверы. Галоўны загад дзеліцца на кавалачкі, на дзесяткі, сотні меншых. І далей ужо, у самых меншых адзьдзелах, ён яшчэ больш драбіцца, ажно пакуль, як той кій у муравейніку, не спрычыніцца да агульнага, гарачкавага руху. А там ужо, гэтым разам з самых нізоў, ад самых найменшых выканальнікаў, чуюцца сакавітыя камэнтарыі, заўвагі. Дый якія-ж цікавыя яны бываюць...

 

: III

 

У пакойчыку, пры цьмяным сьвятле маленькай лямпы, Віктар Караткевіч даўно выводзіў свае храпунскія рулады. Ня было тут ніякіх пасьцеляў - усё жыцьцё адбывалася на падлозе. Побач Віктара, прылёгшы на сеньніку, аблакаціўшыся на правую руку, Сымон прыглядаўся да тройкі сяброў, што гулялі ў вачко, а то зноў вяртаўся да свайго занятку - набіваньня табакаю папяросных гільзаў. Ужо амаль даехаў да сотні. Табакі ўдалося прыдбаць ад баўэра. Стараўся хлопец зрабіць запас на будучыню. Трое ўкраінцаў - Лавінскі, Антаненка й Панамарэнка - так загуляліся ў карты, што забыліся аб часе й існаваньні.

Раптоўна й хутка адчыніліся дзьверы, й дзяжурны падафіцэр крыкнуў:

- Алярм! Хуценька пакаваць усё да самага найменшага. Прыгатовіць коні й хурманкі. Не марудзіць! Няма часу!

Шах-барах-бам. Пачаўся грукат, рух, суматоха. Чуліся сакавітыя слоўцы з прычыны страты тае ці іншае рэчы. Беганіна на двары, запраганьне коней, ладаваньне ўсякай усячыны. Нарэшце ўсё гатова, й пачынаецца чаканьне аж да раніцы. Жаўнеры ў поўнай гатоўнасьці апошні раз кладуцца, дзе хто пападзе, стараюцца схапіць крышку сну.

А гадзіне чацьвёртай над раніцай войска пакінула Ільгойзэрн і накіравалася на тую самую дарогу, якой калісьці прыйшло з Францыі. Ізноў прыйшлі дні й ночы ў маршы, з адпачынкам - дзе й як давядзецца.

20 лістапада ў ліку іншых адзьдзелаў дывізіі батальён Мураўёва наблізіўся да вёскі Гальфінгэн, непадалёк Альткірха. Цэлую ноч выразна чулася рэха гарматаў з захаду. Агонь гарматных залпаў частымі пробліскамі асьвятляў заходні гарызонт. Цярушыў дробненькі густы ыазойлівы дожджык.

А другой гадзіне ночы прыбылыя ў вёску Гальфінгэн жаўнеры разьмясьціліся па гаспадарскіх пунях. Схапіўшы колькі мага сну, ужо каля гадзіны дзясятай раніцою войска было на нагах. Атрымалі прадукты, новенькія нямецкія стрэльбы, амуніцыю. Кожная рота, акрамя бальшавіцкіх кулямётаў і мінамётаў, прывезеных зь Беларусі, атрымала па чатыры супрацьтанкавыя панцырфаўсты. Тут-жа, напагатове, коратка было й выясьнена, як іх ужываць. Справа зусім просьценькая, здаецца. Трымаеш панцырфаўст пад пахай, уважаючы, каб канец трубкі тырчаў на пядзі тры ззаду, каб у часе стрэлу ня ўдарыла ў цябе полымя, - а там ужо толькі прыцэліўся ды прыціснуў курок.

Зараэ пасьля паўдня на нямецкіх аўтамашынах войска выехала на фронт. Пад вечар пакінуў вёску й вабоз разам з кухнямі. Жаўнеры надзеяліся, што мо нарэшце перастануць ужо карміць іх канінай, тым больш што бачылі, як ад фронту нямецкія жаўнеры гналі табуны чырвоных эльзаскіх кароў.

Вабоз з кухнямі затрымаўся на паляне сярод лесу, на ўсход ад вёскі Асбах, што цераз рэчку межавала з Альткірхам. Але нядоўга давялося яму там быць. На наступны дзень, пад цяжкім мінамётным агнём праціўніка, вялікая частка вабозу пакінула паляну й вярнулася назад у Гальфінгэн.

Ужо надвечар таго самага дня пачалі зьяўляцца першыя ўцекачы з фронту, што апавядалі пра баявое хрышчэньне.

 

: IV

 

- Ты ведаеш, братка, ну і наваяваў-жа я, - апавядаў Віктар Сымону.

- Гэта ўчорака нас як забралі адсюль на машынах, дык завезьлі аж на другі бок Альткірха. Высадзілі й давай фармаваць. Чуем там за нейкім узгоркам страляніну, але рэдкую. Кажуць нам туды йсьці. Наш зьвязовы, гэты сабака Рэшатаў, сам ня йдзе на першы агонь сустракаць праціўніка, а выпраўляе нас ды сам ззаду пляцецца. Мне загадалі несьці амуніцыю да «дзегцярова». Ну што-ж, думаю, можа, з «дзегцяровым» будзе зручней, чым са стрэльбаю. Але-ж, каб цябе халерачкі, цяжкавата трошкі. Трэба гэтую качаргу на плячы тарабаніць дый дзьве скрыні амуніцыі, дык і нялёгка, чорт вазьмі. Як-жа тут, думаю, даць сабе рады? Ідзём так дарогай шнуркамі па абодва бакі каля канаваў, каб у выпадку чаго зручней скрыцца было, а я ўсё думаю, як бы тут з гэтым цяжарам палагодзіць. Аж тут проста мне быццам на падмогу каля дарогі пакінуты дзіцячы возік бокам ляжыць...

- Які возік?

- Дзіцячы, звычайны дзіцячы возік на чатырох калёсцах і ў добрым стане навет.

- Што ты кажаш...

- Сапраўды, - запэўніваў недаверлівага сябру Віктар. - Вось дык, думаю, шчасьце. Я цап за яго, палажыў скрынкі з амуніцыяй, стрэльбу й пхну яго сабе па дарозе, быццам ні ў чым не бывала. Іншыя толькі паглядаюць на мяне, пальцамі сябрам паказваюць ды рагочуць. А мне што? Я іду, як на тым парадзе, быццам баба з дзіцём па гарадзкой вуліцы, ды пасьвістваю.

- Ха-ха-ха! - рагатаў Сымон.

- Ідуць, знаеш, немцы ад фронту. Эсэсманы пераважна, старыя, аброслыя, паперакідаўшы зброю цераз плечы, плятуцца. А я пытаюся ў іх - wie gehts?* А яны, братка, як ашчэрыліся на мяне, як зачалі злосна лаяць, зьелі-б, здаецца...

* Як маецеся? (ням.)

- Ну ў цябе-ж розуму хапіла. Гэта-ж уявіце толькі: тыя, пэўна, у азадак добра ад амэрыканцаў дасталі, а тут вось па дарозе нейкі блазан ідзе зь дзіцячым возікам перад сабою й пытаецца - wie gehts. Гэта-ж, братка, зьнявага проста...

- Ну і заеліся-ж былі. Я думаў, што каторы аплявушыць кінецца.

- Табе толькі заставалася яшчэ спадніцу бабскую надзець ды хусьцінку павязаць - можа-б, тады амэрыканцы ў госьці прынялі...

- Якія амэрыканцы?

- Як то якія? А хто-ж там на другім баку?

- Дзе там амэрыканцы! Французы на другім баку, вось хто. Кажуць навет, што чужаземны легіён, брат. Я-ж, пэўна, не разабраўся яшчэ, нікога не бачыў, але-ж іншыя кажуць.

- Чужаземны легіён, кажуць?

- Няўжо-ж...

- Дык там-жа крымінальнікі з усяго сьвету...

- А чорт іх ведае, братка, хто там. Зрэшты, можа, яшчэ даведаемся й пабачым. Але цяпер слухай-жа, што было далей.

- Ну, расказвай.

- Мінулі мы першы ўзгорак з правага боку каля дарогі. Там бачыў я нямецкія гаўбіцы - акапаныя стаялі. Ажно падыходзім пад нейкую вёску (гэта была Балерсдорф на захад ад Альткірха). Загадана нам легчы й сачыць, што наперадзе робіцца. Відаць з правага боку пры дарозе касьцельная вежа, там ці не назіральнік артылерыйны сядзеў толькі. Заўважылі нашы нейкіх падазроных людзей, рух наперадзе. «Давай, - кажа дружыновы, - папробуем». Чуваць было таксама воддаль каля дарогі ў кустах, як танкі равуць. Нашы кулямётчыкі давай псяюрыць па кустах, а мінамётчыкі - міны пускаць у ход. Але-ж, братка, доўга й чакаць не давялося. Мусіць, з таго боку добра нас угледзелі, асабліва з той касьцельнай вежы. Як сьцягнулі мы на сябе агонь, ратуначку няма. Французы як прыпсяюрылі па тым узгорку, што мы мінулі з правага боку каля дарогі, дык гаўбіцы нямецкія ажно ўверх падскокваюць. Найгорш, што й нідзе схавацца няма, каб хаця дзе якую ямку выкапалі. Так нам прысмажылі, што я аж увесь са страху пачаў калаціцца. Братка ты мой, я й сам ня ведаю дакладна, як і што сталася пасьля. Ня помню, калі я пастанавіў уцякаць і ці наагул я пастанаўляў. Мусіць, ногі самі мяне адтуль панесьлі. Адно апамятаўся тады, як ужо пару кілямэтраў назад зрабіў і перад Рэшатавым апынуўся.

- Як гэта - перад Рэшатавым? Дык ён так далёка застаўся ззаду?

- Так, братка. Ён зусім з намі не хадзіў. З падафіцэрамі наперад пхнуў, а сам ззаду застаўся, маскалюга пракляты.

- Дык які зь яго тады камандзер? Ці Віньніцкі яму дазволіў? Гэта-ж камандзеры зьвязаў на першыя пазыцыі разам з войскам мусяць ісьці.

- Кажу табе, што з намі не пайшоў, а ззаду застаўся.

- Вось які ваяка, значыцца.

- Ён ваяка толькі з канюхамі, а не на фронце.

- Ну добра, расказвай далей.

- Дык тут і пачалося самае цікавейшае. Як пабачыў мяне й іншых Рэшатаў ды як запеніўся, як пачаў раўці, то я думаў, што застрэліць на месцы. «Караткевіч! - раве на мяне. - Дэзэртыр ты! Дзе твая зброя, амуніцыя? Як ты сьмеў усё на полі пакінуць?!» Але-ж і запеніўся. Я не на жарты перапалохаўся. І ведаеш што? Загадвае мне, каб я йшоў назад і ўсю мною пакінутую амуніцыю й стрэльбу прынёс. Я тлумачыў, што там ужо нікога з нашых няма, бо й сам-жа ён бачыў, што ўсе паўцякалі, дык нічога не памагае. «Ідзі! - раве. - Прынясі назад стрэльбу й амуніцыю, а то застрэлю зараз, як сабаку». Штож было рабіць? Мне прыйшло ў галаву, што ці ад Рэшатава кулю дастаць, ці ад французаў, дык фактычна няма розніцы. Ня мог я сказаць, што ня выканаю загаду. Дык і паплёўся я назад па тую амуніцыю, ізноў мне аж той дзіцячы возік прыпомніўся. У канцы канцоў, - думаю, - як ужо траплю да французаў у палон, дык таксама не прайграю. Тут надыходзіў ужо й вечар, дык, думаю, пакуль дайду, то й сьцямнеецца. Іду, й лыткі мае ад страху дрыжаць. Дзе пабачу які куст ці які цень - хоць тых ценяў і ня было, бо дробны дожджык імжыў, - дык мне здаецца, што за кожным француз сядзіць. Ізноў-жа - як я туды зайшоў, як знайшоў тое месца, як прыцягнуў назад тую амуніцыю з возікам, дык і сам ня цямлю. Адно што, здаецца, каб другі раз мне так нехта загадаў, дык і не пайшоў-бы. Вось, браце, як я ваяваў. Можаш сабе ўявіць.

- Як той ваяка Швэйк.

- Падобна.

Караткевіч змоўк. Гутарка адбывалася надвечар другога дня пасьля Віктаравых прыгодаў, у Гальфінгэне на сене ў пуні.

- А што там чуваць пра вынікі баёў іншых? - спытаў пасьля кароткага маўчаньня Сымон.

- Якія там наагул баі! Нашы людзі, братка, наагул баёў унікаюць. Ужо дзе калі прыпруць і выхаду няма, дык адбіваюцца.

- Дык усе, значыцца, так, як ты, адразу драпака смарганулі?

- Ды ня ўсе. Былі сутычкі ў іншых. Але ўсе адступілі. На заходнім прадмесьці Альткірха, ужо пазьней ноччу, першая наша рота адзін танк францускі зьнішчыла, але такіх паважнейшых і большых баёў ня было, адно сутычкі. Нашы ўцякаюць, бо папраўдзе дык і ваяваць няма чым. Ну як ты затрымаеш танкі? Кулаком? На адну роту далі па чатыры панцырфаўсты. Дык добра-ж, калі яшчэ пападзеш, а то й напуста пусьціш каторы. Дык і ўцякалі. Колькі ўжо ў палон да французаў папалася...

- І ў палон ужо?

- О, так. Ужо многіх не далічыліся.

- Дык дзе-ж цяпер нашае войска?

- Ужо на гэтым баку Альткірха, па гэтым беразе рэчкі ў вёсцы Асбах загадана вакопвацца. Увесь батальён тут.

- Слухай, а чаму-ж ты аж сюды прыбег? Ці над табою добрае сэрца Рэшатава зьмілавалася ды адпусьціў цябе на адпачынак?

- Смяешся? Уцёк я, вот і ўсё.

- А ты знаеш, што цябе чакае, як зловяць?

- Дык я-ж пры сваім абозе. Што-ж яны зробяць? Адпачну й пайду назад.

- Але-ж зь цябе й ваяка. Ты-ж без загаду, самадумам нічога не павінен рабіць. Што ты - маленькі, ці што?

- Ат, - махнуў рукою Віктар, - неяк будзе. Вось давай лепш пасьпім, а тады буду бачыць, што рабіць. Можа, Рэшатаў навет і ня ведае, што я тут...

- Як то ня ведае?

- Мо ўжо думае, што я да французаў папаўся. Не аднаго-ж мяне не стае.

- Ну, глядзі. Не кажы, што я цябе не папярэдзіў.

Але змучаны Віктар, выпрастаўшыся на сене, ужо драмаў. Сымон перастаў яго турбаваць. Знадворку чуваць было конскае хрупаньне й частае фырканьне, а з захаду лёгкі восеньскі вецер часьценька прыносіў глухі гул гарматаў. Сымон лёг каля сябры і, перадумаўшы ўсё расказанае Віктарам, заснуў.

 

: V

 

Прыйшла ў вабоз у Гальфінгэн вестка, што два францускія танкі заехалі назад у вёску Гаймсбрун і, заняўшы пазыцыі на могільніку пры шашы, перасеклі адну з галоўных артэрыяў сувязі фронту з тылам. Вёска Гаймсбрун ляжала ў адлегласьці трох кілямэтраў проста на поўнач ад Гальфінгэна і кілямэтраў восем на захад ад Мюльгаўзэна. Лінія фронту, што бегла па рэчцы Іл ад швайцарскай мяжы ды лукам абгінала з захаду Мюльгаўзэн, зусім блізка падыходзіла да Гаймсбруна. Танкі выканалі зручны манэўр, адрэзаўшы адзін шлях сувязі й даставаў. Ня было ніякай мовы аб праезьдзе немцамі дарогай цераз Гаймсбрун на фронт.

Шаша лёгкай дугой абгінала могільнік. Адзін танк, заняўшы пазыцыю на адным краі, сачыў за дарогай на поўдзень, другі-ж, стаўшы на другім баку, - за дарогай на поўнач. Тут-жа, насупраць могільніку, на другім баку вуліцы, стаяў касьцёл. На званіцу паслалі французы пару кулямётчыкаў, што назіралі за дарогамі, а пры дапамозе пераноснага радыё паведамлялі танкістам унізе аб усякім руху, што адбываўся на шашы. У той дзень, 24 лістапада, калі немцы наважылі зьліквідаваць няпрыяцельскія танкі, у вабоз канюхоў у вёску Гальфінгэн зьявіўся Вітвіцкі. Ён прыйшоў мабілізаваць канюхоў для выкананьня баявога заданьня. Сабраў восем чалавек, у іх ліку й нашых двух гэрояў, уручыў ім два панцырфаўсты, кулямёт, і такі баявы адзьдзел накіраваўся ў Гаймсбрун.

Хто-ж быў Вітвіцкі? У нашай аповесьці ён і выступае ўсяго адзін раз, але варта зь ім бліжэй пазнаёміцца хаця-б таму, што гэты вырадак пакінуў крывавыя сьляды й папялішчы па ўсёй Глыбоччыне. Доўга не забудуцца пра яго сяляне Глыбоцкае акругі як пра аднаго зь перадавых гітлераўскіх катаў-нелюдзяў.

Пасьля сьмерці будаўніка Вэрсальскае Польшчы маршала Пілсудзкага ў 1935 годзе польскія акупанты Заходняе Беларусі наважыліся замацаваць памяць «дарагога маршалка» на Віленшчыне пабудовай на казённы кошт сотні пачатковых школаў, параськіданых па ўсім Віленскім ваяводзтве. Адна такая сямікласная школа імя Пілсудзкага - двухпавярховы шэры цагляны будынак - вырасла й на станцыі Каралеўшчына. Пад школу быў адведзены вялікі пляц, навокал абгароджаны плотам. З заходняга боку, крокаў на пяцьдзесят воддаль ад школы, вырасла абабітая шалёўкамі малая трохпакаёвая хатка, крытая гонтам. Гэта было памяшканьне для школьнага вартаўніка.

Віктар Караткевіч і Сымон Спарыш пачалі наведваць новую школу ад пятае клясы. Апрача шматлікіх дзяцей мясцовых польскіх ураднікаў, чыгуначнікаў, асаднікаў і панкоў, што вучыліся тут, амаль палова дзяцей былі беларусы з навакольных вёсак. І ў гэтай школе Сымону й Віктару першы раз давялося сустрэцца з Вітвіцкім. Як школьнікі сустракаюцца з вартаўніком? Проста бачаць яго дый часамі ўцякаюць ад яго, калі ўлезуць, дзе забаронена, а той выганяе. Так і нашы два гэроі ведалі Вітвіцкага адно з выгляду. Фізіяноміяй сваёй ён належаў да людзей, пабачыўшы якіх, не забудзецеся ніколі. Перадусім - нос. Што гэта за нос! Гарбаты й даўгі, як сланоў хобат, тырчаў ён далёка наперад на вузкім твары й плоскай галаве. Блізенька носу з двух бакоў сядзела пара зялёна-рудых вачэй. Доўгія хвалістыя валасы ападалі аж на шыю. Трэба прыгадаць і густа зморшчаны, ня зусім нізкі лоб ды асабліва-ж вусны: рот быў вузкі, а вусны таўстыя. Калі Вітвіцкі гаварыў, то здавалася вам, што голас дзесь выходзіць з даўгога гарбатага носу-хобата, а таўстыя кароткія вусны вось так адно для гульні неяк дзіўна скручваюцца ў трубку, каб не пахваліцца, што за ім разьмясьціліся падобныя да конскіх іклы й калаваты, быццам маленькае палена, язык.

Асабліва Сымон цікавіўся тым носам-хобатам. Бывала, ідучы зь верхняга паверху на двор на перапынак, здалёк заўважыць Вітвіцкага каля знадворных дзьвярэй і вялікага вакна. Той звычайна пабрыньквае ў правай руцэ вялікім званком, прыглядаецца, як вучні выходзяць на двор. Сымон, бывала, зойдзе збоку ды так угледзіцца ў нос-хобат, што нарэшце й сам вартаўнік заўважыць ды, жартуючы, сыкне на хлапца, каб напалохаць. Гаварыў Вітвіцкі хутка, адрывіста й неяк зусім не так, як мясцовыя палякі. Здавалася, што польскія словы вымаўляе зь вялікай цяжкасьцю.

Вітвіцкі ажаніўся зь беларускай дзяўчынай зь недалёкіх Міхалёў, дзяцей ня меў і, пэўна-ж, сядзеў-бы й працаваў пры школе яшчэ доўгі час, калі-б ня прыход бальшавікоў. Раптоўна Вітвіцкі прапаў. Гаварылі людзі навокал, што быццам трапіў у вязьніцу ў Бярэзьвечах, дзе ў былым кляштары над возерам бальшавікі трымалі сотні людзей. Гаварылі ўсяк, але напэўна ніхто ня ведаў. Дый хто там надта цікавіўся былым школьным вартаўніком. Пагутарылі й хутка змоўклі.

Адно з прыходам гітлераўскіх акупантаў выявілася, што Вітвіцкі сапраўды сядзеў у Бярэзьвецкай вязьніцы, што за польскім часам працаваў на карысьць нямецкае разьведкі й што быў зьвернуты ў Нямеччыну бальшавікамі пад час вымены людзей, якая адбылася ў 1940 годзе між Масквою й Бэрлінам, калі Сталін і Гітлер былі добрымі хаўрусьнікамі. Калі ў 1941 годзе былы шпіён Вітвіцкі зьявіўся ў Глыбокім, дык шмат хто пэўна не пазнаў-бы колішняга школьнага вартаўніка з Каралеўшчыны, калі-б не тая сталая прыкмета - нос-хобат. Гэтым разам і дэкарацыя была іншая. Цяпер Вітвіцкі ўжо прыехаў сюды гаспадарыць. Гэты былы вартаўнік заняў пачэснае месца нямецкага школьнага шэфа й інспэктара на Глыбоцкую акругу. Якім прыхільнікам беларусаў быў Вітвіцкі, няхай сьведчыць хаця-б адзін першакласнае вагі ў школьных справах факт, што на беларускага акруговага школьнага інспектара ён трымаў ведамага няпрыяцеля беларусаў - маскаля Субботіна, які навет на школьных вучнёўскіх пасьведках падпісваў сваё прозвішча з падвойным «б» і «т».

Было-б яшчэ паўбяды, каб былы шпіён Вітвіцкі абмежаваўся адно школьнымі справамі ў акрузе. Адылі ўлада ягоная, як і ўсіх гітлераўцаў-акупантаў, была неабмежаваная. Школьны шэф, на вялікае няшчасьце загнаных у гэтто жыдоў і беларускага насельніцтва Глыбоччыны, выкарыстоўваў тую ўладу поўнасьцю.

Кожны жыд з гэтто, калі ішоў вуліцаю ў калёне на працу ды здалёк заўважыў немца, мусіў здымаць шапку й кланяцца. Шматлікія немцы, асабліва мясцовыя працаўнікі цывільнай улады, ня бралі таго на ўвагу. Інакш было зь Вітвіцкім. Барані Божа, пападзіся яму пад руку жыд, што ішоў па ходніку, замест па бруку, або што ня ськінуў перад ім шапкі - застрэліць на месцы. І колькі-ж было такіх выпадкаў. Ведалі ў Глыбокім яго ўсе жыды й баяліся як агню. Добра было, калі Вітвіцкі ішоў па вуліцы ў ярка-зялёным мундзіры цывільнага ўрадніка. Тады жыд мог убачыць яго здалёк і ў пару дрыжачай спрацаванай рукой ськінуць шапку. Бяда, што ён часьценька хадзіў у цывільнай вопратцы. Казалі некаторыя, якія ведалі гэтага вырадка бліжэй, што рабіў ён гэта наўмысьля. Ідучы апранутым у цывільнае, Вітвіцкі заўсёды трымаў у кішэні напагатове «люгэр». Сустрэўшы калёну жыдоў на вуліцы ды заўважыўшы, што некаторыя ня ўсьпелі яму пакланіцца, ня міне яе, каб не пакінуць на бруку пару трупаў.

Зь мясцовых гарадзкіх польскіх басякоў усякае масьці арганізаваў Вітвіцкі адзьдзел, што трымаў варту каля будынку нямецкага камісарыяту ў Глыбокім. Было іх звыш сарака. Усе выводзіліся з гарадзкое польскае басоты, гатовай на ўсё за адпаведную заплату. Чаму-ж з польскіх басякоў? - спытаў-бы нехта. Хіба-ж ня было ў горадзе ці навокал ахвотных хлапцоў зь беларускае моладзі?

Усё гэта сталася не прыпадкова. Немцы, згодна зьверху накінутага пляну ці інструкцыяў, паслугоўваліся адкідкамі грамадзтва зь ненавіснай беларускаму насельніцтву польскай басоты. Яны ведалі, што тая здольная была на ўсе брудныя справы. Дый патрэбная-ж была немцам нязгода й грызьня між мясцовым беларускім і малымі рэшткамі польскага насельніцтва. У агульны нямецкі плян, дзеля таго, уваходзіла польская басота, сюды- ж пэўна належаў і маскаль інспэктар Субботін; бабскія брыгады прастытутак-полек, што, быццам тыя мухі гной, абселі акруговы камісарыят, нямецкую жандармерыю, СД і паасобных, важных у адміністрацыі немцаў; палякі ў чорнай паліцыі й іншыя.

Вітвіцкі з бандай польскай басоты хутка даўся ў знакі беларусам навокал Глыбокага, асабліва ўздоўж чыгункі Полацак - Маладэчна. Ён здабыў сабе пару пакінутых бальшавікамі транспартных аўтамабіляў, прыдбаў чэскую зброю й часьценька выязджаў на паляваньне. Ясна, не называў таго паляваньнем, а рэйдамі супраць чырвоных партызанаў. Бяда ў тым, што ні камандзер, ні адзьдзел басякоў нічым ня выявіліся як змагары супраць бальшавіцкіх групаў. Затое колькі-ж яны папалілі й абрабавалі вёсак уздоўж успомненай чыгункі, дый ці толькі каля яе!

Выедуць, бывала, на тыдзень ці два. Дзесь знойдуць на чыгунцы міну. Значыцца, трэба-ж знайсьці й вінаватых. Дзе яны там будуць ганяцца за сапраўднымі злачынцамі! Лягчэй спаліць суседнюю адну ці другую вёску. Так і глядзіш, як абкружаць яе, пазганяюць у пуню ўсіх малых, старых бацькоў і матак ды ўсіх жыўцом спаляць. Пазьдзекаваўшыся ўволю над маладымі дзяўчатамі, аддадуць іх пасьля разам з хлапцамі ў адпаведнае месца й рукі, каб накіраваць на нявольніцкую працу ў Нямеччыну. Такія оргіі, дзе цякла самагонка й кроў, адны гарэлі жыўцом, а іншыя былі гвалчанымі, Вітвіцкі надта-ж любіў. Пасядзеўшы ў Глыбокім пару месяцаў пры «школьных справах», былы вартаўнік выяжджаў са сваёй групай на правінцыю, каб піць, душыць, забіваць, гвалціць, паліць. «Ваякі» не адставалі ад камандзера. Выезды былі даволі пэрыядычныя.

Пра зьдзекі Вітвіцкага над беларускім жыхарствам Глыбоччыны можна было-б, сабраўшы тысячы фактаў і праслухаўшы сьведкаў, напісаць вялікую асобную працу. Гэта ня ёсьць наша мэта. У няслаўных шэрагах гітлераўскіх катаў нашай акрываўленай Бацькаўшчыны Вітвіцкі заняў адно зь перадавых месцаў. Мы толькі коратка абмежаваліся ўспамінам пра Вітвіцкага таму, што тэма гэта разьмінаецца з нашым асноўным апавяданьнем, і хацелі чытача хоць збольшага пазнаёміць з абліччам чалавека, якога мы пакінулі ў таварыстве васьмі канюхоў на дарозе з Гальфінгэна ў вёску Гаймсбрун, дзе чакаюць іх два францускія танкі й пара кулямётчыкаў на касьцельнай званіцы. Дык і вернемся цяпер да іх.

 

: VI

 

Маленькая група пакінула Гальфінгэн раніцою каля гадзіны дзевятай. Імжыў дробненькі дожджык, вецер хутка гнаў хмары й гнуў абголеныя ўжо восеньню дрэвы. Дарога ў Гаймсбрун была пустая.

На самым перадзе малой баёвой групы, што павольна йшла дарогай, тырчаў хобат-нос Вітвіцкага. Побач дрыпалі два жаўнеры з панцырфаўстамі на плячох. Наступным ішоў кулямётчык, амуніцыйныя, а ў самым хвасьце, неахвотна стаўляючы ногі, цягнуліся Віктар з Сымонам. На плячох несьлі стрэльбы, якія празывалі «качэргамі».

- Ну, што-ж, папаўся? Га? - сьмяяўся зь Віктара Сымон. - З аднаго фронту ўцёк, дык хоць на другі трапіш.

- Вязе мне, брат, - усміхнуўся таварыш, - ніяк ня выкручуся.

- Можа, зь цябе ваяку яшчэ й зробім. Як ты думаеш?

- Зь мяне-то яшчэ, але-ж і ты не калека. Га-га-га... Нарэшце выцягнулі й цябе. Паваюй крыху, годзе канюхом быць.

- Але адкуль, ты думаеш, гэты сабака ўзяўся? Ты думаеш, ён пазнаў нас?

- Пэўна-ж, пазнаў. Ён раз пабачыць чалавека й помніць заўсёды. А нас-жа бачыў ня раз на настаўніцкіх курсах дый пасьля. Чаму-б яму не пазнаць. Мусіць, недзе пры нашай дывізіі прыляпіўшыся быў, нячысьцік.

- Ці ты калі сьніў, як мы яшчэ ў пяты клас дома хадзілі, што некалі нас школьны стораж у бой павядзе?

- Дажыліся гонару, што й гаварыць! - адказаў не адразу Віктар.

Гутарка ня клеілася. Вычувалася нейкая далёка схованая, але яўна прысутная трывога. Баявое заданьне, што стаяла перад групай, як-ніяк было цяжкое й складанае. Варта не забывацца, што некаторыя канюхі ніколі раней не бралі ўдзелу ў баёх. Праціўнік, што пры дапамозе двух танкаў заблакаваў дарогу, кожную хвіліну спадзяваўся немцаў і, пэўна-ж, сачыў усе падходы. Седзячы на званіцы, французы маглі далёка навокал бачыць усё праз біноклі. Дажджлівая пагода прыйшла канюхам на помач. Маглі падысьці зусім блізка незаўважанымі, хоць элемэнт раптоўнае атакі быў выключаны, бо праціўнік быў падрыхтаваны на ўсялякія неспадзеўкі.

Увайшоўшы ў вёску й мінуўшы колькі двароў, Вітвіцкі затрымаў групу. Паясьніў сытуацыю й плян, якім шляхам адзьдзел меў зьліквідаваць францускія танкі. Воддаль, ледзь заўважна празь імглісты дожджык, чарнелі невялікія дрэвы на могільніку й побач цераз вуліцу направа - касьцельная вежа. Вітвіцкі гаварыў адно аб танках, нічога аб кулямётчыках на вежы не ўспамінаў. Ніхто ня ведаў аб іх. Паводле пляна, сам ён з кулямётчыкам і адным панцырфаўстам меў ісьці наперадзе. Далей ішоў яшчэ адзін жаўнер з панцырфаўстам. Двое са стрэльбамі мелі йсьці паўз агароды з правага боку вуліцы, а двое зь левага - дзеля дапамогі цэнтру з флянгаў.

Гэтак хутка разьмяркаваўшы людзей, група, ужо гатовая да бою, рушыла наперад. Вітвіцкі з кулямётчыкамі, амуніцыйным і панцырфаўстамі пасоўваўся асьцярожна каля сьцен хатаў на вуліцы. Вёска была зусім мёртвай. Сымон з Віктарам накіраваліся паўз агароды з правага боку. Яны сачылі за вуліцай, а мо не найменш і за агароднінай ды якой садавінай.

- Ну, куды цябе пагнала? Хадзі хутчэй! - спанукаў Сымон сябру, які заскочыў пад яблыню, каб паглядзець, ці не захаваўся дзе які позні ападак.

- А табе куды спяшацца? Бяжы, як хочаш.

- Але-ж калі ўжо ня хочаш біцца, дык хаця ўдаваць мусіш. А то што будзе, як пабачыць Вітвіцкі?

Хлопцы, туляючыся паўз гаспадарскія будынкі й пераскокваючы цераз платы, паволі пасоўваліся наперад. Затрымаліся, паслухалі. Мёртвая цішыня. Ізноў крануліся наперад. Раптам са званіцы зарагатаў кулямёт. Хутка пасьля гэтага на вуліцы пачуўся крык. Сымон і Віктар кінуліся туды, каб пабачыць, што сталася. Выбегшы з двара, спасьцераглі, як два жаўнеры цягнулі параненага. Папалі яму ў нагу.

- На, трымай гэтую балдавешку, - аддаў адзін зь іх Віктару панцырфаўст.

- Што там сталася?

- Як сыпануў вунь са званіцы, дык і хавацца ня было дзе.

- Дзе ранілі?

- У нагу.

З боку могільніка чуваць была перастрэлка. Вітвіцкі, відаць, спрабаваў адбівацца, але ручны аўтамат не раўня быў кулямётам танкавым і тым, са званіцы. Хутка паказаўся й ён ды, махнуўшы ўсім рукой, загадаў ісьці назад у Гальфінгэн. Параненаму сяк-так перавязалі вышэй калена нагу, палажылі на захопленую ў адным панадворку кароткую драбінку, што служыла за ношкі. Дарога назад выдавалася шмат цяжэйшай, бо трэба было валачыць параненага.

Тое, чаго не змаглі зрабіць канюхі пад камандаю Вітвіцкага, зрабіў нямецкі танк «Тыгр» на наступны дзень. Ён прыехаў дзесь ззаду й адно ўспеў паказацца ў Гаймсбрун, як абодва «шэрманы» кінуліся наўцёкі. Ведама, «шэрман» «тыгру» не раўня, і ў такіх выпадках тым, што сядзяць у «шэрмане», добра мець зручнага шафёра. «Тыгр» дагнаў і спаліў аднаго, а другі ўцёк у бок фронту. Дарога праз Гаймсбрун ізноў была адкрытая.

 

Чалавек, якога немцы не маглі застрэліць

 

: I

 

Віктар Сянькевіч пастанавіў шукаць нейкага прытулку. Ноч была дажджыстая. Малады юнак палохаўся кугаканьня соваў і іншых лясных жыхароў, але найбольш баяўся немцаў. Не ўгадаеш, дзе можаш на іх наткнуцца. Здавалася Віктару, што прырода й людзі - усе разам змовіліся супраць яго. Змочаны, дрыжучы ад холаду, галодны, ён ледзь цягнуў ногі, наўздагад выбраўшы кірунак. Заўсёды, зрабіўшы колькі крокаў, затрымоўваўся, прыслухоўваўся ўважна навакольным гукам і ўпіваўся зрокам у цемру, хочучы супакоіць сябе, што небясьпека аднікуль не пагражае. Ня надта верыў Віктар, што ў чужым лесе, у нейкіх няведамых гарах ды ў дажджлівую ноч удасца знайсьці нейкі прытулак. Калі-б тады нехта й папытаў яго, які прытулак меў наўвеце, пэўна, не патрапіў-бы адказаць. Абы што-небудзь: хату якую, пастухову будку або навет нейкую сухую нару - усё было-б добра, адно каб схавацца ад гэтага праклятага настырлівага дажджу, што да касьцей прабіраў зябам. Колькі разоў здалося Сянькевічу, што непадалёк пачуліся людзкія галасы, і ўжо ўяўленьне малявала сілуэты немцаў. Затрымоўваўся, устрывожаны, на месцы й з палёгкай уздыхаў, калі побач ня бачыў ворага.

Над раніцай выйшаў на скрай лесу й непадалёк, цераз поле, убачыў будынкі. Па змучаным бяссоньніцай твары прабег цень задаваленьня. Пастанавіў ісьці ў вёску. У самай крайняй хаце сустрэлі Віктара зь недаверам і пытаньнем. Сям'я складалася з сярэдняга векам чорнага тоўстага мужчыны, ягонай хударлявай жонкі й дзяўчынкі, векам каля гадоў дзесяці.

Віктар, як умеў, так пытаўся, ці ёсьць у вёсцы немцы. Гаспадар некалькі разоў хітнуў галавой у знак запярэчаньня. Толькі калі Сянькевіч даў яму зразумець, што ён ня немец і што ўцёк да макісаў, твар у француза праясьнеў, і ён паглядзеў на юнака больш прыхільна. Ноздры Віктаравага носа казытаў пах нейкай стравы, а вочы, здавалася-б, каб маглі, дык уміг зьелі-б толькі што пачатую баханку белага хлеба на стале. Ён ужо быў і наважыўся папрасіць есьці, але гаспадар папярэдзіў, сказаўшы ісьці разам зь дзяўчынкай, якая завядэе Віктара ў добрыя рукі да макісаў.

Хата, у якую прывяла Сянькевіча дзяўчынка, знаходзілася ў адлегласьці мо паўкілямэтра ад галоўнай дарогі. Гаспадыня была палячкай, а муж ейны, як пасьля выявілася, шэфам правінцыйнай партызанкі. Ніштаватая з выгляду, гадоў трыццаці, жанчына была даволі гаваркая. Віктар даведаўся ад палячкі, што ён ужо другі, які прыйшоў прасіць «азылю». Першы быў нейкі паляк, які, згодна словаў гаспадыні, саскочыў з нямецкага аўта ды ўцёк сюды да партызанаў. Паляк называўся Зэмбэк, і гаспадыня хутка Віктара зь ім пазнаёміла. Быў гэта сярэдняга росту бляндын, даволі ветлівы й бесклапотнай натуры сілезьняк. Гаварыў дыялектам Сілезіі.

Перш за ўсё Віктар зьвярнуў самую асноўную ўвагу на яду, якой палячка наставіла цэлы стол. Было там мяса й бульба, малако й белы хлеб і шмат іншага. Пасьля колькі-дзённай галадоўкі юнак накінуўся на яду, й на працягу нейкай паўгадзіны для яго нічога на сьвеце, акрамя стала са стравамі, не існавала. Аж павесялеў хлапец, адсапнуўшы пасьля ежы. Другое, што ўсьцешыла Віктара, гэта тое, што ў хаце знайшлося тое-сёе з цывільнай вопраткі. Гэткім чынам, ськінуўшы зь сябе ўсё мокрае і вашывае, Віктар прасіў гаспадыню, каб спаліла нямецкую вопратку разам з вошамі, якіх, пэўна, было там сотні. Хоць яно ня ўсё так пасавала, як хлапцу хацелася-б, усё-ж таўсты й цёплы сіні свэтар, а таксама суконныя штаны й шэры падношаны гарнітур былі не найгоршай здабычай, бяручы на ўвагу, што дасталіся з ласкі добрых людзей. Для пакрыцьця галавы атрымаў Віктар зусім на сваю меру капялюш з даволі высокай стрэшкай. Ён ніколі ня мог падазраваць, што высокая стрэшка капелюша некалі ўратуе яму жыцьцё. Паляк і беларус былі адведзеныя ў лес. Тут ім, як казалі французы, амаль зусім ня будзе пагражаць небясьпека. Атрымалі па некалькі коцаў для спаньня, і кожны дзень прыносілі ім есьці. Дэзэртыры спадзяваліся, што гэтак выгадна, у лясной яме пад прыкрыцьцём галінаў, пралежваючы цэлыя дні й спажываючы чужыя харчы, дачакаюцца прыходу хаўрусьнікаў. На вялікі жаль, гэтак не сталася.

 

: IІ

 

Прайшло некалькі дзён. Аднойчы ва ўмоўлены час ніхто ня прынёс яды. Наагул ніхто не паказаўся да гадзіны пятае. Уцекачы здагадаліся, што нешта не ў парадку. Дзень быў дажджлівы й вельмі ветраны. Раптам пачулі шмат людзкіх галасоў і заўважылі сярод дрэваў, даволі далёка яшчэ, нямецкіх жаўнераў, што йшлі шнурам са зброяй напагатове. Гэта быў адзьдзел, што ачышчаў лес ад партызанаў. Уцекачы кінуліся бегчы, пакінуўшы ў сваім мярлогу кацялкі, коцы й іншыя драбніцы. Немцы не заўважылі ўцекачоў, толькі, знайшоўшы іхны сьвежы мярлог, не маглі разгадаць, як гэта так сталася, што здабыча ўцякла з-пад носу. Сянькевіч і Зэмбэк, зашыўшыся ў гушчар, прасядзелі да позьняй ночы. Дождж ня пераставаў. Хлопцы пастанавілі йсьці далей. Вылезшы з гушчару, накіраваліся да той хаты, дзе Віктар упяршыню навязаў лучнасьць з французамі. Прайшлі адно пару сот мэтраў, як збоку пачулася вострае: «Гальт!» Наскочылі на нямецкі патруль. Колькі мага силаў у нагах, двойка рванула назад. За плячыма зарагатала аўтаматычная зброя. Пад час уцёкаў Віктар Сянькевіч згубіў Зэмбэка. Упацёмку, моцна перапалоханы, Віктар бег туды, куды ногі кіравалі. Галоўнае было - бегчы, чым далей ад куляў, ад немцаў...

Па дарозе Сянькевіч натрапіў на нейкую глыбокую канаву, напоўненую вадой. Па калені ў вадзе прасядзеў там колькі хвілін, пасьля памаленьку, амаль вобмацкам, асьцярожна, каб не рабіць шуму, Віктар ці то плыў, ці то йшоў, абы як надалей хаця ад вартаўнікоў. Нарэшце ўдалося выкарабкацца з вады. Увесь мокры ў ніжняй палавіне, заглыбіўся зноў у лес. Жывячыся арэхамі, ягадамі й сьлімакамі, удалося Сянькевічу праседзець там пару дзён. Адылі надта пачынаў дакучаць голад. Навокал нічагусенькі ня было чуваць: ні стрэлаў, ні галасоў. Здавалася юнаку, што ўсё замерла ці прытаілася й чакала на ягоны наступны крок. Навет совы й тыя прыціхлі.

Віктар ня мог ведаць, што сталася. Мяркаваў, што, мабыць, немцы адступілі й запанавала міжфрантавая цішыня. Нейкая сіла зноў пхала юнака наперад. Ды ўжо й нястачы цярпеў вялікія: трэба было чаго-небудзь добра пад'есьці й падсушыць вопратку.

 

: III

 

Віктар выйшаў зь лесу й накіраваўся ў вёску. Зірнуў на свой ручны гадзіньнік, які добра трымаў час, нягледзячы навет на тое, што быў замочаны пад час уцёкаў і боцьканьня ў вадзе. Была адзінаццатая гадзіна. Юнак прыгадаў, што была гэта нядзеля. Прайшоўшы пару сотняў мэтраў, пабачыў тую самую хату, дзе першы раз заглянуў да французаў і адкуль яго накіравалі да палячкі. Стаў як укапаны і думаў, што рабіць. Ісьці ці ня йсьці? Аглянуўшыся навокал і ня ўбачыўшы нідзе немцаў, ішоў далей па аўсянішчы. Заўважыўшы па дарозе адзінокі сноп аўса, што, быццам сірата, ляжаў на апусьцелай ніве, Віктар, як сялянскі сын, навет па прывычцы, бязь лішняй думкі ўзяў сноп пад паху. Ужо набліжаўся да хаты, як раптам перад носам заварушыліся нямецкія жаўнеры. Было іх там каля сотні, калі ня больш. Сядзелі ў вакопах і, зразумелая рэч, даўно бачылі Сянькевіча. Хлапец на адзін дроб часіны захістаўся ў сваёй хадзьбе. Зусім не разгубіўшыся, ён маланкава пастанавіў, што трэба ўдаваць нейкага сына францускага селяніна, што йдзе наведаць свайго дзядзьку дзесь далей каля дарогі. Немцы Віктара не зачапілі, а ён стараўся выглядаць зусім бесклапотным і навет крыху здзіўленым, што пабачыў у адным месцы столькі жаўнераў.

Калі ўвайшоў у хату, тоўсты чорны мужчына й ягоная хударлявая жонка адразу пазналі ранейшага наведвальніка, хоць цяпер ён быў у цывільнай вопратцы. На тварах іхных адбіўся вялікі перапалох. Француз зь няскрыванай трывогай махаў рукой, паказваючы на дзьверы. Сянькевіч зірнуў на гаспадыню й папрасіў хлеба й малака, але тая дала зразумець, што ня можа яго цяпер карміць. Нічога не заставалася, як адно пакінуць хату. Выйшаўшы на двор, Віктар ужо павярнуў направа й наважыў ісьці да палячкі, але не зрабіў і пяці крокаў, як пачуў ззаду шурпаты голас: «Наlt, Меnsch!»* Быццам ня чуючы таго голасу, ішоў далей. Раптам за самай сьпіной пачуў выстрал. Стаў і азірнуўся. Да яго падышлі тры немцы.

* Стой! (ням.)

- Хто ты такі? - спытаў адзін зь іх.

- Я жыву ў суседняй вёсцы і йду да майго дзядзькі, што жыве там каля дарогі.

Віктару здавалася, што так сказаў, але й сам ня верыў, бо гаварыў нейкай француска-нямецкай мешанінай, якую жаўнеры няведама ці разумелі. Бязумоўна, што-б хлапец там ні казаў, ня мела-б яно вялікае вагі. На яго гаркнулі, а адзін штурхануў рулём стрэльбы ў плечы, й павялі ў пуню, дзе была каманда нямецкага адзьдзелу. Прывёўшы, пачалі шукаць зброі. Знайшлі ўсе Віктаравы дакуманты, пісаныя ў нямецкай мове. Пачырванелі ад злосьці, а сяржант з васпаватым тварам, плюнуўшы Віктару проста ў вочы й лаючы яго мянушкай дэзэртыра, сабакі, здрадніка й Бог ведае яшчэ чым, пачаў аплявушваць юнака дзьвюмя рукамі.

Забралі ад Віктара гадзіньнік, усе дакуманты, здымкі, навет хустачку. Пазванілі некуды, й за хвілін дзесяць прыехалі два афіцэры. Шмат з хлапцом не цацкаліся: проста загадалі адвесьці мэтраў сто ад будынкаў і расстраляць. Заданьне было даручана двум жаўнерам. Адзін зь іх насадзіў штык на стрэльбу і, ударыўшы Віктара прыкладам у азадак, гаркнуў, каб выходзіў. Нічога не заставалася, як падпарадкавацца загадам. Выходзячы, схапіў з полкі сваю хустачку й пару франкаў, што ляжалі побач. Чаму гэта зрабіў - сам ня ведаў. Немцы, быццам не дагледзеўшы, ня ўзялі таго на ўвагу.

Ішлі па польнай дарозе - Віктар сьпераду, а два немцы ззаду. Зрабіўшы крокаў дваццаць, Сянькевіч пачуў недзе касьцельныя званы. Магчыма, што яму здалося. Апошнія перажываньні, хваляваньне, цяперашняя ледзь не паніка перад нямінучай сьмерцю дый ранейшы голад, фізычная слабасьць, вычарпаньне - усё гэта магло выдатна спрычыніцца да ўяўленых званоў. Званы чуліся, як здалося Віктару, зусім выразна. Разам з гэтым ва ўяўленьні вырас зморшчаны, заклапочаны твар маткі, а дзесь вышэй над гэтым усім - воблік Бога. У адну тую хвіліну Віктар Сянькевіч заглянуў у раньнюю сваю маладосьць і ў будучыню, якая вось мае скончыцца за пару хвілін. Пасьля здавалася, што ў момант гэты перажыў раптам некалькі гадоў. Нейкі падсьведамы голас падказаў: уцякай направа!

Віктар азірнуўся назад, а немец, ціснучы штыком у сьпіну, крычаў:

- Schnell, du verfluchte Schweinehund! Marsch!*

* Хутчэй, праклятая свіньня! Марш! (ням.)

Непадалёк, з правага боку, пачынаўся лес, зь левага-ж быў абгароджаны калючым дротам гарод. Юнак незаўважна зусім паціснуў на правы бок дарогі, а немец, спасьцярогшы гэта, яшчэ раз поркнуў штыком у плечы. Прайшлі так мэтраў з дваццаць. Віктар, сочачы прыбліжэньне свайго канца, мераючы апошнія крокі на гэтым сьвеце, цьвёрда наважыў, што не называцца яму больш беларусам, калі, як тая авечка, паслухмяна дазволіць сябе застрэліць. Колькі меў сілы, раптам ірвануў направа.

Пырскнуў агонь з аўтамата. Наступна пачуўся крык, і Віктар падсьведама ведаў, што за ім бягуць. Кулі сьвісталі каля вушэй, але неяк зручна іх абмінаў, зігзагамі перабягаючы між дрэваў. Нешта сарвала з галавы капялюш. Ужо шмат пазьней мясцовыя французы, знайшоўшы прастрэлены капялюш, шукалі па лесе ягоны труп, будучы пэўнымі, што немцы юнака застрэлілі. Пасьля дзесяці ці больш хвілін бегу Сянькевіч упаў зьняможаны. У галаве паказаліся сотні рознакалёрных зорак, здавалася, што лёгкія вось і глядзі як разарвуць грудзі, два цяжкія малаткі білі ў скроні. Адкрыўшы рот, зь вялікімі цяжкасьцямі ён стараўся злавіць паветра. Воддаль чуліся нямецкія галасы.

 

: IV

 

Калі яны сьціхлі, а Сянькевіч крыху адпачыў, наважыўся ісьці далей. Было ўжо па абедзе. Па нейкай раськіданай чыгунцы выбраўся зь лесу й пайшоў полем. Чаму ішоў, чаму не сядзеў на месцы? - на гэтае пытаньне ня змог-бы адказаць ня толькі ў той час, але й ніколі пазьней у сваім жыцьці. Магчыма, што поўнасьцю ня змог перанесьці ўдару таго моманту, калі немцы вялі яго на расстрэл, калі так нечакана стаў на парозе сьмерці... Магчыма, што цяпер яшчэ ня верыў, што ён жывы й цэлы. Як-ніяк, а за гэных паўгадзіны ці болей ад часу, калі, знайшоўшы ягоныя дакуманты, пачаў аплявушваць яго нямецкі сяржант у пуні, аж да часу, калі, уцёкшы ад нямецкіх жаўнераў, прытаіўся ў лесе, Віктар перажыў адразу некалькі гадоў. Калі-б юнак здольны быў рацыянальна думаць, першае, што пастанавіў-бы адразу пасьля ўцёкаў, было-б пасядзець, ахаладзець, адпачыць і добра абмеркаваць наступны крок. Замест таго Віктар зусім бязь ніякае развагі ўстаў і пайшоў.

Каля гадзіны пятай па абедзе, зрабіўшы кілямэтры найменш чатыры, пабачыў ён воддаль нейкую вёску й туды накіраваўся. Здавалася, што яму зусім не рабіла розьніцы, ці там будуць немцы, ці хто іншы. І толькі падышоў да першае хаты, як прымеціў нямецкага жаўнера з біноклямі ў руках. Гэты цэлы час немец сачыў за Віктарам і чакаў ягонага прыбліжэньня. Уцякаць ня было куды, дык Віктар абыякава накіраваўся ў хату. Там былі тры дзяўчыны ў школьным веку й старая, што, як здалося Сянькевічу, была іхняй маткай. Першае, што спытаўся Віктар, гэта - ці далёка былі «Аmericains». Яму адказалі, што амэрыканцы былі зусім недалёка, што фактычна тут цяпер прабягала нямецкая франтавая лінія - самыя перадавыя пазыцыі. Віктар папрасіў есьці, й яму адно пасьпелі даць два яблыкі, як у хату ўваліліся тры немцы: два радавыя й адзін падафіцэр. Радавыя ўміг схапілі Сянькевіча за рукі, а падафіцэр стаў крычаць на ўсю глотку:

- Ты, пракляты «швайнэгунд»! Ты думаеш, што ты раз уцёк ад нашых, што цябе не застрэлілі, дык ізноў уцячэш?! Ты пракляты «унтэрмэнш», дэзэртыр! Марш! Застрэліць яго зараз-жа, як сабаку!

Адзін з жаўнераў пры гэткіх падафіцэравых словах ляснуў замком.

- Ня тут! Ня тут! Du verfluchte Mensch!* Вядзі на двор ды адыйдзіся якіх мэтраў пяцьдзесят ад будынкаў.

* Ты, пракляты! (ням.)

- Jawohl, Herr Feldvebel!* - гаркнуў адзін з жаўнераў, а Сянькевіч, папхнуты магутным штуршком руля ад стрэльбы, ледзь носам не занурыў каля парогу. - М-ааа-р-р-р-рш! - крыкнуў ззаду немец. Калі Віктар кінуў вокам навокал, выйшаўшы з хаты, у яго ня было найменшай надзеі на ратунак. Нідзе ані кусьціка, ані дрэўца - вялікі роўны луг. Тут каб і ўцякаць пачаў, каб і страўсавы ногі меў, дык цяжка лічыць было на посьпех. Але дапамога прыйшла, адкуль Сянькевіч зусім яе не спадзяваўся. Адышліся ня больш як мэтраў трыццаць; Віктар - ідучы наперадзе, а два немцы ззаду. Раптам навокал пасыпаліся снарады.

* Слухаюся, гер фэльдфэбэль! (ням.)

- Ніnliegen!* - крыкнулі абодва немцы й прыляглі да зямлі.

* Кладзіся! (ням.)

Сянькевіч, з маланкавай хуткасьцю пастанавіўшы выкарыстаць момант, прасіў Бога, каб дадаў сілы ў нагах. Ён нырцом кінуўся праз узрывы й енк снарадаў. Толькі пасьля Віктар мяркаваў, што амэрыканцы, пабачыўшы, як два немцы вялі нейкую цывільную асобу на расстрэл, наўмысьля адкрылі агонь з мінамётаў. Так і не спасьцярог, што сталася з двумя жаўнерамі, якія мелі быць ягонымі экзекутарамі - ці засталіся ляжаць, ці даганялі, ці былі пакалечаныя амэрыканскім агнём. Адышоў кілямэтры тры ў кірунку гор. Быў у такім стане фізычнага й духоўнага напружаньня, што ўсё навокал пачало здавацца яму паўрэальным. Два разы стаяў на парозе сьмерці й выратаваўся. Сьведамасьць адмаўлялася гэтаму верыць. Заміж таго, каб цяпер узяць нейкія меры асьцярожнасьці, каб зрабіць выснавы, паставіць тую кропку над «і», Сянькевіч, быццам наўмысьля, яшчэ раз выклікаў на выпрабаваньне свой лёс. Тое, што зь ім нядаўна два разы сталася, выдавалася яму па-за межамі ўсялякай заканамернасьці, рэальнасьці, навет лёгікі. Быццам учадзелы, колішні менскі кадэт цяпер зусім, як кажуць, не шманаў, што зь ім далей будзе. Ішоў наперад і ня ведаў куды, быццам у імгле...

На падыходзе да ракі перад Віктарам раптоўна вырасла зялёная замурзаная фігура старога жаўнера.

- Гальт! - крычаў немец. - Куды йдзеш?

Удаючы маладога француза, што крыху ведае нямецкую мову, Віктар тлумачыў немцу, што амэрыканцы разьбілі ягоную вёску, забілі сваякоў і што ён проста ўцякае ад небясьпекі. Стары, здавалася, паверыў, тым больш што нядаўна бачыў пажар у тым кірунку, адкуль зьявіўся Сянькевіч. Ён ня толькі не затрымаў хлапца, але яшчэ перасьцярог яго, сказаўшы, што той ходзіць па самай лініі фронту. Віктар падзякаваў старому й пайшоў да рэчкі. Была гэта рака Дуб, у гэтым месцы даволі шырокая. Доўга не думаючы, Віктар кінуўся ў ваду й перабраўся на другі бок. Невядома чаму здавалася яму, што ўжо ніякая небясьпека аднікуль не пагражала.

Там-сям уздоўж рачной даліны чуваць былі стрэлы, недзе ў гарах сакатала аўтаматычная зброя. Віктар, сеўшы пад дрэвам, распрануўся, павыкручваў ваду з вопраткі, павыліваў яе з чаравікаў. Адпачываў мо паўгадзіны, пасьля пайшоў пад горы. Заглыбіўся ў гушчар лесу і, прымасьціўшыся сяк-так пад кустом, заснуў. Ноччу прачынаўся ад грукату артылерыі, што была вельмі актыўнай. Падпоўзшы пад вялізны дуб, прасядзеў там да абеду наступнага дня.

Устаўшы, пайшоў шукаць яды. З другога боку гары знайшоў некалькі дзічак-ігруш і так добра «паабедаў». Калі артылерыя зусім сьціхла, Сянькевіч зноў наважыўся йсьці шукаць недзе прытулку. Адылі гэтым разам юнак цьвёрда пастанавіў трымацца воддаль ад будынкаў, перш асачыць, ці няма немцаў. Калі з узбочча гары заўважыў хаты, наважыў завярнуць назад і абгледзець лепш ваколіцу. Скруціўшы направа, зрабіў пару кілямэтраў і наткнуўся на пустыя нямецкія вакопы. Усё паказвала на тое, што тут нядаўна было войска й што насьпех адсюль уцяклі. Параскідваныя навокал валяліся шлёмы, шынялі, кацялкі, амуніцыя. У адным месцы знайшоў Віктар кавалак размяклага хлеба, які спажыў зь вялікім смакам.

Адышоўшы крыху ад вакопаў, ён наткнуўся на вялікую яму. Пачаў шукаць у памяці й прыгадаў старога маскаля, які некалі расказваў пра яму, у якую трэба было-б уцякаць на выпадак небясьпекі. Гэта-ж і была тая яма, каля якой знаходзілася некаторы час уся група Грамыкі. Віктар прыгледзеўся ўважней і навет распазнаў некаторыя раней знаёмыя месцы. Калі так, то побач і была тая вёска, што на працягу колькіх дзён утрымоўвала харчамі Грамыкавых людзей.

Да вушэй Віктара Сянькевіча дабеглі нейкія зусім новыя, даўно ўжо нячутыя ім гукі: вясёлы сьмех і сьпеў дзяўчат, радасны гоман, шум матораў... Хлапец мяркаваў, што ў вёсцы, напэўна, ужо ёсьць амэрыканцы, й неадкладна туды накіраваўся. Навакольле было зрытае бомбамі. Пад дрэвамі зусім неспадзявана Віктар спасьцярог француза, які, седзячы, здаецца, драмаў з аўтаматычным пісталетам на жываце, і якога распазнаў як колішняга шэфа, што апекаваўся групай Грамыкі.

- Моnsieur!* - гукнуў Віктар. Той ускочыў, быццам падпалены агнём, наставіўшы на Віктара аўтамат.

* Месье! (франц.)

- Аllemagne?*

* Немец? (франц.)

- No, non Allemagne!* - станоўка й шчыра запярэчыў аброслы барадой, аблеплены балотам, галодны юнак. Француз ня мог прыгадаць Віктара, калі той стараўся давесьці, што ён належаў некалі да групы беларусаў, якімі апекавалася суседняя вёска й гэты самы «мусье». Ня дзіва, бо раней чалавек быў у нямецкай вайсковай вопратцы, а цяпер - у цывільнай. «Мусье» завёў Віктара ў крайнюю хату да маладой жанчыны й папрасіў, каб накарміла яго. Віктар чакаў хвілін пятнаццаць. На стале зьявіўся белы хлеб, а да яго - яечня, віно, фрукты. Галодны й фізычна зусім вычарпаны юнак ня ведаў, на што перш кінуцца. Выпіў шклянку віна й адразу асалавеў. Страўнік, што да гэтага часу працаваў на слімаках і дзічках, быў зусім зьбянтэжаны ад прыплыву чырвонай вадкасьці, што давала ўздым і цяплыню.

* Не, ня немец! (франц.)

Добра пад'еўшы, Віктар аж па пояс згінаўся ў падзяках шчодрай гаспадыні. Яна перадала госьця ў рукі карлаватаму, з вялікім кругленькім пузам, старэйшаму дзядзьку, што, здавалася, ня йшоў на кароценькіх ножках, а каціўся, быццам бочачка. Той павёў Сянькевіча да амэрыканцаў, якіх была поўная вёска. «Джып», зрабіўшы пару кілямэтраў, затрымаўся перад вялікім будынкам, ранейшай школай. Адчыніўшы дзьверы, Віктар убачыў вялікую грамаду дарагіх людзей - усіх сяброў з групы Грамыкі. Кінуліся вітацца й цалавацца. Сыпаліся пытаньні й урывістыя адказы. Кастусь Дзежка прытуліў Віктара, быццам роднага брата. Калі ўсё навокал сунялося, яму першаму апавядаў Сянькевіч на працягу пару гадзін, як немцы ніяк не маглі яго застрэліць...

Амаль усе сябры з групы Грамыкі даўно былі пэўнымі, што Віктар Сянькевіч падарожнічае дзесь на іншым сьвеце...

 

: V

 

На наступны дзень транспартныя машыны павезьлі групу Грамыкі на захад. Праехаўшы некалькі кілямэтраў, амэрыканцы выладавалі людзей каля паўразбуранай фэрмы. Непадалёк знаходзіўся вайсковы вабоз і склады. Калі ўсю групу завялі ў хлеў, высланы сьвежай саломай, і сказалі, што ад гэтага часу ён будзе зьяўляцца для іх жыльлёвым памяшканьнем, калі навокал паставілі канвойных, калі беларусы даведаліся, што ад заўтрашняга дня пачнуць працаваць з рыдлёўкамі, як магільшчыкі, расплюшчыліся ў былых менскіх кадэтаў вочы.

- Гэта здрада! Гэта праклятыя макісы нас, як палонных, амэрыканцам аддалі! - жаліўся адзін.

- Вось табе й хаўрусьнікі! Ты бачыў такую нечысьць, што зрабілі! - падтрымліваў другі.

- Нам ня трэба было зброі аддаваць. Дурніцу зрабілі. Гэта Грамыка ўсё вінаваты, вось што!

- І што-б ты рабіў з той зброяй, калі-б не аддаў французам? Ваяваў-бы зь імі й амэрыканцамі?

- Я, братцы, плюю на гэткіх хаўрусьнікаў. Гэта проста сволач, дый годзе!

- І толькі падумайце сабе: прыйшлі самі да іх са зброяй у руках. Разам нядолю дзялілі, а яны вось што... Гэта самая звычайная подласьць. Цьфу!

- Як яны маглі нас так аддаць, быццам сваіх палонных?

Гнеў быў усеагульны. Нянавісьць да макісаў узрастала. Колішнія кадэты з Менску не надта ведалі, чаго яны чакалі ад хаўрусьнікаў. Кожны мяркаваў, што будуць зь імі амэрыканцы лічыцца, як з хаўрусьнікамі, што, мабыць, пусьцяць як вольных людзей, што атрымаюць магчымасьць выбараў далейшых шляхоў у жыцьці. Ніхто не спадзяваўся, што здраджаныя францускімі макісамі, перададзеныя амэрыканцам, як быццам палонныя, апынуцца ў нейкім хляве, каб займацца пахаваньнем трупаў на суседнім могільніку... Гэтага аніяк ніхто не спадзяваўся.

Праца на могільніку была цяжкая. Кожны мусіў выкапаць адну яму ў дзень. Зямля была цвёрдая, быццам скала - хоць ты зубамі грызі. І тут былыя менскія кадэты . зачалі сапраўды адзін другога пазнаваць. Калі хто не спраўляўся са сваім заданьнем, дык іншыя, сільнейшыя, дапамагалі слабейшым. Адны ездзілі пад самы фронт і зьбіралі трупы, іншыя «апраналі» прывезенае ў мяшкі, трэція капалі ямы, а чацвёртыя звакопвалі. Праца йшла ледзь не канвеерам, як на амэрыканскіх хвабрыках. Адно есьці было малавата, хоць яда была наагул нядрэнная. Цяжка папрацаваўшы, арганізм дамагаўся дастатковай пажывы. Нянавісьць да амэрыканцаў пабольшылася, калі аднаго дня прывезлі яны й разьмясьцілі побач нямецкіх палонных. Беларусы чуліся надта пакрыўджанымі. Некаторыя бажыліся, пры наплыве злосьці, што, калі-б другі раз апынуліся пры нямецкай арміі й мелі выбар - уцякаць да макісаў ці заставацца пры немцах, - больш не зрабілі-б памылкі.

- Я-б, братка, біў гадаўё гэтае, пакуль амуніцыі ставала. Пасьля пайшоў бы ў палон, і тое самае было-б. Адно, што лішняга гада са сьвету звёў-бы, вось што! - казаў Кастусь Дзежка. З Кастусёвай думкай згаджалася цэлая група.

 

: VI

 

У Віктара Сянькевіча пад пахаю вырасла вялікая скула. Ён ня мог больш працаваць з рыдлёўкаю ці кіркай. Амэрыканскі вайсковы лекар, агледзеўшы яго, сказаў, каб больш нічога на могілках не рабіў, пакуль не адашлюць у шпіталь. Віктар атрымаў новую функцыю, якую й сам ня ведаў як-бы назваць: ні то парадкавага, ні то падручнага да ўсіх працаў. Зьбіраў сьмецьце, падмятаў памяшканьні, дзе жылі амэрыканцы, выконваў іншыя дробязі. Акрамя сьмецьця Сянькевіч зьбіраў гарэхі, яблыкі, грушы па суседніх садох, недакуркі ў абозе. Усю такую здабычу зносіў у хлеў і дзяліў сярод сяброў вечарам пасьля працы. Часьценька даставаў ад амэрыканцаў шакаладу, пячэньне й іншыя прысмакі. Асаблівую цану мелі ў групе акуркі, бо хлопцы цярпелі на нястачу табакі. Гэткі Віктараў занятак патрываў з тыдзень часу. Амэрыканцы адвезьлі яго ў шпіталь у Бэзансон, дзе праляжаў сем дзён. Адтуль быў высланы ў Авіньён каля Марсэля. Група Грамыкі, папрацаваўшы каля трох тыдняў магільшчыкамі, таксама ў бальшыні сваёй апынулася пасьля ў абозе ў Авіньёне, а адтуль трапіла ў Другі корпус Андэрса ў Італію.

 

Лейтанант Сьцервін

 

: I

 

Яшчэ за дзень перад гэnай няўдачнай выправай канюхоў у Гаймсбрун давялося Сымону Спарышу везьці на фронт на сваёй хурманцы харчы. Чатыры вазы, у тым ліку й Сымонаў, паехалі ў галоўны харчавы склад, што быў у гумне суседняй вёскі, і, наладаваўшы свае возікі, павалакліся ў кірунку Асбаха. Ужо на ўсходнім беразе вёскі заўважыў Спарыш там-сям па абодвух баках дарогі нямецкія гарматы, што папрытуляліся, нахутка акапаныя, каля дрэваў і кустоў. Характэрна, што нідзе ня відаць было цяжкіх гарматаў, танкаў ці панцырных машынаў. У галаве не надта спрактыкаванага ў ваенных справах канюха Сымона паўстала пытаньне: якія мэты мелі немцы на гэтым адрэзку фронту? Ці спадзяваліся яго доўга ўтрымаць? Калі так, то дзе-ж была ўся неабходная зброя?

Элемэнты трыцдатай дывізіі, месцамі ўперамешку зь іншымі адзьдзеламі, займалі адрэзак фронту ад швайцарскай мяжы, праз Альткірх, і дугой абгіналі на захадзе Мюльгаўзэн. Іншыя, адарваныя ад дывізіі адзьдзелы, былі параскіданыя яшчэ далей на поўнач і на захад - баронячы й так даволі недаступныя шляхі ў Вагезах.

Жаўнеры з «трыццаткі», седзячы ў вакопах на самым левым фланзе каля швайцарскай мяжы, ноччу маглі бачыць сьвятло на швейцарскіх межавых вышках. Усе адзьдзелы былі лёгка ўзброеныя. Ці-ж яны маглі трымаць ворага кулямётамі й мінамётамі навет у тым выпадку, калі-б стараліся й хацелі? Шмат хто думаў, што на фронце прыйдуць на дапамогу панцырныя часьці, цяжкая артылерыя, самалёты. Але вось прыйшоў фронт, і нічога таго ня было відаць. Немцы разлічвалі, відаць, адно на затрыманьне наступу праціўніка, каб, такім чынам, ззаду на лініі Зігфрыда за Рэйнам даць больш часу для падрыхтоўкі ўмацаваньняў. А там ужо зіма й цяжкі для фарсіраваньня Рэйн прыйдуць абаронцам Нямеччыны на дапамогу.

Прайшло каля трох гадзінаў з часу, як вярнуліся канюхі з баявога паходу на францускія танкі ў Гаймсбрун. Віктар Караткевіч усё яшчэ круціўся каля Сымона й варажыў, што рабіць: ці лепш самому вярнуцца на фронт, ці чакаць на тое, што лёс прынясе. Дарма турбаваўся хлапец, бо лёс зусім неспадзявана вырашыў праблему. Надвечар зьявіліся ў вёсцы два афіцэры, заданьнем якіх было сабраць усіх дэзэртыраў і адвесьці на фронт. Адзін зь іх, капітан са штаба Мураўёва, паклікаў падафіцэра, што наглядаў за канюхамі, і пачаў распытваць пра дэзэртыраў.

Выявілася, што ў вёсцы было іх колькі дзесяткаў. Найчасьцей скрываліся пры канюхах у сялянскіх хатах. Некаторыя ўжо пасьпелі ўпіцца добрым мясцовым віном, ня беручы на ўвагу пратэстаў сялян, шнырачы па іхных вінных і фруктовых складох.

Мабілізацыя дэзэртыраў заняла звыш дзьвюх гадзін. Сяляне памагалі афіцэрам шукаць, пазбываючыся няпрошаных і шкодных «гасьцей». На скрыжаваньні вуліц у цэнтры Гальфінгэна сабралася ладная група ўцёклых з фронту жаўнераў, а ўсё яшчэ знаходзілі новых. Віктар Караткевіч ня кідаўся ў ніякія хітрыкі, а спакойна павесіў на плячо «качаргу» й далучыўся да натоўпу. Агулам сабрана было трыццаць два чалавекі. Сымон наважыў пацікавіцца тым, што робіцца, і таксама падышоў да месца зборкі. Стаяў побач, прыглядаючыся.

- А ты што робіш? - клікнуў яго капітан. - Давай далучайся! - Канюх зьбянтэжыўся. Думаў, што капітан не да яго гаворыць, і азірнуўся назад, каб пабачыць, ці хто за ім не стаіць, але там нікога ня было. Гэны рух спасьцярог капітан.

- Ты, ты! Я да цябе гавару! - паказаў на канюха пальцам. - Чаго аглядаешся? Давай, станавіся ў калёну! Хутчэй!

- Гаспадзін капітан, я-ж канюх, а не дэзэртыр.

- Няважна, хто ты. Ногі маеш здаровыя, стрэльбу насіць можаш, дык і далучайся.

- Дык як-жа конь мой сам застанецца? - спрабаваў Сымон.

- Даволі! ДалучайсяІ Дзе твая зброя?

- На возе.

- Бяжыце й прынясіце ягоную стрэльбу і ўсё іншае, - загадаў капітан падафіцэру. Той хутка пабег у пуню, каля якой стаяла Сымонава хурманка, і вярнуўся з «качаргой», шлемам і торбай-хлебаком.

«Цьфу на цябе! - кляў сам сябе Сымон. - І чаго мяне сюды чорт нёс? Ці ня мог гэта я дзе збоку, здалёк ад іхняга вока перачакаць? Але хто-ж там угадае, дзе цяпер лепш».

- Ха-ха-ха! - сьмяяўся Караткевіч. - Папаўся, галубок!

- Ну, добра. Табе ўжо буду кумпанію трымаць. Прынамсі, пад маім наглядам ад цяперашняга часу будзеш ды другі раз з фронту не ўцячэш.

- Ты глянь, які ваяка! Пабачым, як ты сам устоіш!

 

: II

 

Дробненькі асеньні дожджык ня ўнімаўся. Густыя зрэбныя хмары паўзьлі нізка над зямлёй. Зьмяркалася рана. З-за хмараў час-ад-часу выглядаў тоненькі серп маладзіка. Ужо ладна сьцямнела, калі адзьдзел змабілізаваных дэзэртыраў, у іх ліку й канюх Сымон Спарыш, пакінуў Гальфінгэн і накіраваўся дарогаю на Альткірх. Ішлі моўчкі. Навет тыя, што былі нядрэнна падпілі пры сялянскіх вінных бочках, хутка працьверазелі. На чале адзьдзелу йшоў лейтанант Сьцервін. Капітан, з якім ён зьявіўся ў вёску, яшчэ раней ад'ехаў на самакаце, сьпяшаючы ў батальён.

Лейтанант Сьцервін быў у батальёне Мураўёва зьвязовым камандзерам у трэцяй роце. Быў гэта сярэдняга росту, тонкі, чорнавалосы, з шэрагам залатых зубоў наперадзе, нябрыдкі з выгляду мужчына. Гадоў яму было звыш трыццаці пяці. Шмат хто называў яго франтам. І ня дзіва, бо лейтанант Сьцервін аддаваў асаблівую ўвагу ня толькі вопратцы, але й выгляду наагул. Яму здавалася, што ён вельмі прыгожы. Вопратку ўважаў дадатковай аздобай. Любіў таксама розныя цацкі й бліскучкі, як на руках, так і на мундзіры. Ня толькі цяпер, але шмат раней, калі ўдалося яму здабыць месца камандзера паліцыі раённага места X. на Бацькаўшчыне, прыдбаў сабе вялікі срэбраны пярсцёнак з чэрапам і дзьвюма скрыжаванымі косткамі - якраз такі, як насілі некаторыя гітлераўскія каты. На другім меншым пальцы лейтанант-францік насіў вялікі залаты пярсьцёнак з манаграмай. На левай руцэ ў Сьцервіна гняздзілася каштоўная залатая «Амега», якую собіла здабыць у курсе выконваньня «службовых абавязкаў» у Беларусі.

Афіцэрскі мундзір Сьцервіна аж залішне выразна быў паабшываны сярэбранымі ніткамі. Калі-б вам давялося сустрэць лейтананта ў Эльзасе ў сьвяточны дзень, калі ён прыбраны й адфранчаны йшоў па вуліцы, каб заглянуць да якой-небудзь мясцовай дзяўчыны, вы падумалі-б, што бачыце перад сабою старэйшага рангам афіцэра, калі ўжо не самога генэрала. Гэтак сьвяціліся й блішчэлі абчэпленыя аздобамі рукі, зьзялі адзнакі на паплечніках і на шапцы. Любіў Сьцервін пафарсіць выглядам - што й гаварыць.

Бяда вось адно, што надыходзіць бура. Прыйшоў фронт і надта-ж няпэўныя часы. Тут ужо малавата было спрактыкаваных паліцыйных здольнасьцяў Сьцервіна, каб пранюхаць, што чакае наперадзе. А здольнасьцяў і практыкі-ж не бракавала. Ці-ж гэта ўпяршыню даводзілася нюхаць, прадугледжваць, камбінаваць?

Чалавек гэты быў беларусам адно з назову й для выгады. Сэрца ў яго - калі сэрцам называць ня той кавалак плоці, што пульсуе ў чалавека ў грудзёх, а крыніцу прывязанасьці й каханьня некага ці нечага - ня было. Бацька быў расейцам, а маці нечым нявыразным - ні то палячкай, ні то ўкраінкай-галічанкай. Коратка гаворачы, дома Сьцервін не атрымаў ад маці тае прывязанасьці й любові да свайго народу й Бацькаўшчыны, што маткі даюць дзецям са сваім грудным малаком, з прыгожымі народнымі калыханкамі, казкамі, фальклорнай культурай. Хлапец меў і нядрэннае ўзгадаваньне, казалі, што скончыў гімназію, хоць быў ладны гультай і надта да навукі ня хіліўся.

Але ён быў перадусім камбінатарам. Надта-ж палюбіў выгаду й багацьце, каб на шляху дасягненьня хоць часткі матэрыяльнага дабрабыту маглі перашкодай стаць такія рэчы, як сумленьне, асабісты гонар, прынцыповасьць ці пашана да правоў іншых. Ужо за часамі польскае акупацыі Сьцервін неяк прымазаўся ў лясьніцтве. Нядрэнная была пасада, тым больш што ці раз даводзілася якога мужыка за каўнер у лесе злавіць або й маладзіц, што зьбіралі ў недазволеных месцах ягады. Ды пакуль там суд ды справа, дык і пазьдзекавацца ўволю можна было.

Эх, як соладка быць начальнікам! Сьцервін ужо як асмакаваўся тым «карытам», дык дзе-ж там яго адгоніш. Усе добрыя пасады ці службовыя месцы ён заўсёды называў «карытамі». Дарма што для ўспакаеньня палякаў і задаваленьня прыёмных на працу ў лясьніцтва нормаў трэба было з праваслаўнага на каталіка перахрысьціцца, дарма што даводзілася ці раз польскім вялікім і малым начальнікам рукі лізаць, дарма што і ў «двойку» (польскую разьведку-дэфэнзыву) даводзілася часамі тое-сёе даносіць - Сьцервін-жа трымаўся пры «карыце» й меў усе намеры. ўтрымацца далей.

Куды горш было, калі прыйшлі бальшавікі й давялося ў зусім іншы раён змывацца, дакуманты падрабляць. Але й тут нос Сьцервіна не падвёў. Зрабі ты каму паслугу, зробяць і табе. Сьцервін заўсёды трымаўся гэтай аксіёмы й шчэ ніколі не расчараваўся ў сваіх разьліках-камбінацыях. Іншая справа, што трэба было ведаць, каму ласкі рабіць і хто табе мог тым самым адудзячыць. Гэтак і пры бальшавіцкай акупацыі ўдалося там падмазаць, там падкупіць, а ці ў адным месцы дык і проста звычайна папрасіць, і ўсё-ж, урэшце, удалося цёпленькае местачка пры гарадзкім гандлёвым прадпрыемстве знайсьці. Ня тое каб ён быў гандляром. О, не! Але ўсё-ж, як кажуць, дзе п'юць, там і льюць. Ці-ж чалавек ня мог скарыстаць хоць з маленькага карытца? Няўжо-ж меў каля крамаў, як іншыя, у чэргах гадзінамі й днямі тырчаць? Трэба-ж было й есьці, й апранацца. Дык і шмат зручней было пры гарадзкой бальшавіцкай гандлёвай фірме працаваць. Там, як ужо прынялося, усё было «па блату». Ты некаму, дык і нехта табе. Так яно й вялося зьверху аж у самы ніз. Праўда, трэба было мець зыркія вочы й надта-ж чульлівыя вушы, каб дзе не праваліцца. Але-ж вочы й вушы ў Сьцервіна былі ледзь не падвойныя, калі гаварыць пра практыку, набітую руку. Дык і йшло ўсё гладзенька, як па маселцу...

Ажно тут новая перамена - немцы. Зноў спатрэбіліся ўсе інтэлектуальна-вынаходніцкія здольнасьці. Ды тут і не так проста. Вайна-ж трывала. Хто ведае, хто там каго зможа, пераможа, чым тое ўсё кончыцца. Чакаць мо на цішэйшае даўжэй давядзецца, й неяк не хацелася ўсяго на адну карту стаўляць... А як-жа тут без «карыта»? Нейкі час давялося сядзець, як той мышы пад мятлой, прыглядацца, сачыць, што іншыя робяць, варажыць. Бачыў, як усялякая гарадзкая басота, польская ў найбольшай меры, у паліцыю кінулася. Сачыў, як нажывалася. Дык што-ж там і варажыць доўга. Трэба-ж наважыцца, каб запозна ня было. Любіў-жа ўладу. А хто-ж вайной мог мець уладу, калі ня той, што зброю трымаў? Дый ня там - на фронце, але тут - ззаду, дзе было крышку выгадней, зацішней, большыя, так сказаць, відокі на нажыву.

Доўга не надумваўся. Пакаштаваў-жа вунь некалі ваеншчыны яшчэ пад польскай акупацыяй. Можа-б, тут так і знайсьці тое «карыта»... Іншыя там беларускім патрыятызмам, нацыяналізмам загарэліся, у адміністрацыю, школьніцтва кінуліся. Гэта ўсё не для Сьцервіна было. Якое-ж там «карыта»?

Ясна, цяпер пастараўся ўсюды самым чыстым і адданым беларусам фігураваць. Трэба-ж было лезьці. Дык і ўлез на кароткатэрміновыя афіцэрскія курсы й нядрэнна скончыў. А пасьля ўжо й да «карыта» бліжэй.

Эх, і «карыта»-ж было гэта! Не абы якое! Тут ужо трэба было неяк зь нямецкімі ўладамі, пераважна з жандармэрыяй камбінаваць. Дык і што-ж там такога... Ці-ж першы раз даводзілася даносіць на тых, што на дарозе стаялі, у ласку ўбівацца, падкупліваць? Як на тое шчасьце, надта-ж разумны чалавек быў камандантам нямецкай паліцыі. Добра разумеў такіх людзей, як Сьцервін. Што было да гэтага лейтананта, што пры ім пацярпела пад мянушкаю камуністаў колькі нявінных беларускіх патрыётаў, што разбагацеў немец - усё бачыў. Здабыўшы месца каманданта гарадзкой раённай паліцыі, пачаў жыраваць і сам Сьцервін. Тут жа й яўрэяў можна было выкарыстоўваць і над сялянамі ўволю пазьдзекавацца, асабліва-ж дзе ў акцыю супраць бальшавіцкай партызанкі паехаўшы. І піць-жа было, хоць ты, казаў той, заліся. Не шкадаваў Сьцервін ані сабе, ані тым, што памагалі яму да ўлады далезьці. Пажыў, казаў той, па-людзку.

Калі-б было ў Сьцервіна нейкае сумленьне, можа, варта было-б пачаць гаварыць аб ім. Адылі гэта быў бы пусты гук.

 

: III

 

Калі мы кагадзе заўважылі, што Сьцервін быў фарсісты, франтаваты, дык мусім дадаць, што ў яго абедзьве якасьці гэтыя вязалася вузка й цесна з заўсёдным паляваньнем на прыгожы род. Ці аднае-ж дзяўчыны ласкаў удалося пакаштаваць Сьцервіну на працягу свайго бурненькага жыцьця! Хто-ж іх і пералічыць. Ды мо ня зусім і ласкамі яны часамі былі. Бывала, што й змушаць прыходзілася, асабліва-ж калі ўлада была ягоная. Бывалі дзяўчаты, аб якіх Сьцервін і забыўся - пералётны момант прыемнасьці, дый толькі. Бывалі й жанчыны. Усё тое зацерлася, от так выкарысталася ды і ў нябыт адыйшло. Адно сваёй сяброўкі школьнай, у якую калісьці, як казалі, утрэскаўся па вушы, ніяк забыцца ня мог. Ня хінулася да яго дзяўчына, дый годзе. Колькі-ж быў налазіўся, нацягаўся за ёю, грошы страціў, намаганьняў рабіў. Рыба ніяк не клявала.

Можа-б, што было, каб паабяцаў жанімства. Але ня меў-жа такіх шляхотных намераў. Заўсёды трымаўся тае аксіёмы, хто ведае калі й кім яму ў вушы ўложанае: «Усіх дзевак не здабудзеш, але старацца трэба». Дык і стараўся. Ды нічога-ж ня выходзіла. І Сьцервін быў злы. Як-жа, яго, такога прыгожага (а гэткім заўсёды сябе лічыў), і проста так, як нейкую кузурку, пад нагу, ці як тую анучу - набок? Гэтага-ж ён не даруе. Эх, не даруе! Ня будзе-ж ён называцца Сьцервіным, калі тое вось так люзам пусьціць.

Доўга чакаў. Ня было магчымасьцяў, дый абставіны ня тыя. Бывалі моманты, што й ня верыў, што некалі наагул давядзецца свой намер ужыцьцёвіць. Ажно як камандантам паліцыі стаўся, ідэя ў галаве нарадзілася. Праўда, жанчына тая даўно замужам была, хлопчыка чатырохгадовага мела. Як-жа тут? Ды шчэ й муж на адказным становішчы ў адміністрацыі служыць. Яно-ж сабе хоць і ў беларускай, хоць і не на такой ужо высокай пасадзе, але-ж чалавек быў іншымі шанаваны, давер меў, ведамы беларускі патрыёт.

Самае горшае, што жанчына як наўмысьля ўвесь час пад носам была, Сьцервіна дражніла. Дый яшчэ больш расьцьвіла, папрыгажэла. На яго-ж цяпер і зусім ужо ўвагі ніякай не зьвяртала, хоць і ці не найбольшым начальнікам у гарадку быў. Эх, як-жа тут дараваць. Гнаілася старая рана, й сьвярбелі рукі, што трымалі стырно лякальнае ўлады. Часьцей і часьцей усё мяркаваў Сьцервін, як, калі й якім чынам...

Хто ведае, што магло-б яшчэ быць, калі-б не камандант нямецкае жандармэрыі. Той дык як зь неба быў пасланы. Можа-б, ён і ня прыдаўся так для собскіх мэтаў Сьцервіна, калі-б ня факт, што немец быў бязьдзетны й што ягоная жывоцістая немка няздольная была малых у сямейку прыводзіць. Муж быў вельмі тым незадаволены, але й ня было рады.

Адно пасьля таго, калі нямецкі камандант раз на вуліцы ўбачыў прыгожага сінявокага сьветлавалосага сынка той жанчыны, на якую ад маладосьці вастрыў зубы Сьцервін, калі спытаўся, чый гэта быў хлопчык, адно тады прыйшла ў галаву лейтананта сьветлая думка.

- Якое-ж бы гэта было шчасьце, каб я такога меў, - гаварыў немец, гледзячы на малога хлапчука, што праходзіў з маткай па вуліцы.

Сьцервін часьценька выпіваў зь немцам, гаварыў яму «ты», адным словам, быў блізкім чалавекам. Немец быў у пажылых гадах, на вайну папаўся не з сваёй волі й, пэўна-ж, каб ня гэтая завіруха, дык і ў паліцыі даўно ня служыў-бы, а спакойна сядзеў-бы на пэнсіі, пакурваў люльку ды смактаў-бы з куфля хмельнае піва ды мо таксама, як і цяпер, наракаў, што жонка сям'і не памножыла.

- А гэтага вы не хацелі-б часам за сына мець? - паспрабаваў адважна, кіўнуўшы ў бок малога, Сьцервін.

Немец адразу ня ведаў, што сказаць, і памаўчаў, доўга пазіраючы то на свайго субяседніка, то на дзіця з маткаю, што ўжо павярталі за рог дому.

- Гм... чаму-ж бы не. Прыгожае дзіця. Зусім рыхтык як немец.

Ізноў памаўчалі. Сядзелі абодва на верандзе дома, дзе мясьцілася паліцыя.

- Можа-б, як давялося зрабіць... - быццам так, ад нехаця кінуў Сьцервін.

- Матка-ж ягоная. Што зь ёй? Што з бацькам? - быццам пытаючы самога сябе, спахапіўся немец.

- Што-ж матка... можна-б як-небудзь набок.

- Я ня ведаю. Муж ейны чалавек ведамы...

- Пакіньце справу мне, а я ўжо так неяк нешта прыдумаю, - запэўніў Сьцервін.

Немец доўга і ўважна прыглядаўся да падпітага таварыша. Нарэшце твар ягоны паясьнеў, і выраз поўнага зразуменьня; а мо ўжо і ўяўленьня шчаслівай будучай сямейкі адбіўся на абліччы. На твары ў Сьцервіна мільганула агідная ўсьмешка, прагавіта-злосныя шэрыя вочы бліснулі полымем нянавісьці ў тым кірунку, куды пайшла жанчына, а тонкія вусны моцна сьціснулі нямецкую цыгарэту.

Муж нічога не падазраваў, калі выкліканы быў хутка пасьля гэтае размовы ў паліцыйны кабінет Сьцервіна. Давялося каманданту вочы хаваць, у твар не глядзець, але ня мог-жа, раз пачаўшы, нічым скончыць. Чалавека збаёдаць было лёгка, а ў Сьцервіна практыкі было хоць адбаўляй. Ня вельмі-ж Сьцервін пасьля браў на ўвагу й розныя выказваньні ды пагрозы сяброў зьліквідаванага, уключна аж зь нядвузначнымі пагрозамі зь іхнага боку.

Са шмат большай далікатнасьцю давялося дзейнічаць у дачыненьні да жонкі застрэленага. Колькі-ж разоў прыходзіла бедная маладая жанчына да каманданта, як горка плакала, як прасіла. Спрабаваў пасылаць яе Сьцервін да каманданта нямецкай жандармерыі, на яго віну звальваючы, але той ці ня так разумеў цэлую гульню, ці не хацеў рукі пэцкаць - адсылаў жанчыну назад да Сьцервіна.

Хадзіў камандант па кабінеце й насалоджваўся відам прыбітай горам жонкі й маткі, якая, быццам тая безабаронная, не аброслая яшчэ ў пер'е маладая птушачка, звалілася з гнязда й ня ведала, што зь ёю, бездапаможнаю, станецца. Колькі разоў запэўніваў, што мужу ейнаму ня будзе ніякага ліха, што павезьлі яго на допыты ў Менск, што ўсё будзе добра, але жанчына не давала яму супакою. Калі захацела даведацца адрас, дзе можна было знайсьці мужа ў Менску, паставіла Сьцервіна ў тупік.

Давялося нарэшце намёкамі апэраваць. Мо Сьцервін ня быў надта вынаходлівы з тымі намёкамі, мо крыху грубавата праводзіў цэлую справу. Як-жа жахнулася, зьбялела, ледзь не самлела, пакрыўджаная, калі аднойчы ягоныя, Сьцервіна, намёкі поўнасьцю яе ўпрытомнілі і калі яна ўявіла, што камандант ад яе хацеў. Лепш-бы той сцэны й не прыпамінаць, - гаварыў сабе пасьля Сьцервін. Але-ж трэба было неяк. І як-жа інакш?

Пару дзён яна не паказвалася зусім. Ужо камандант Сьцервін і надзею пачаў траціць і сумлявацца ў мэтазгоднасьці цэлага прадпрыемства. Але адно на момант. Мяркаваў, што ці ня прыйдзецца й зь ёй радыкальным спосабам, так, як з мужам, скончыць. Ня мог-жа затрымацца на паўдарозе. Немец чакаў на дзіця. Аж на грудзях палягчэла, калі на трэці дзень, апусьціўшы вочы, сама, бяз хлопчыка, яна прыйшла. Тады ўявіў сабе камандант, як моцна гэта прыгожая істота мусіла кахаць свайго мужа, што для ратунку яго, пасьля доўгіх і цяжкіх змаганьняў, непраспаных начэй (гэта й на пахудзелым і збляднелым твары відаць было), згадзілася гонарам сваім ахвяраваць. Дзесьці ў натуры ў Сьцервіна зьявілася нешта ў выглядзе спачуваньня. Адылі адно на момант, бо зараз-жа ў памяці адрадзіўся той бесцырымонны спосаб, якім яна некалі, яшчэ дзеўкай будучы, пазбылася яго ды пасьля ён быццам і не існаваў для яе. Стары чарвячок злосьці й нянавісьці, прагнасьці помсты зноў заварушыўся пад грудзьмі.

Не мог і цяпер Сьцервін не заўважыць няскрыванай пагарды, што сьвяцілася ў прамяніста-блакітных вачох. Найбольш і калолі яго тыя вочы. Яны разам вабілі й зьдзекаваліся зь яго, прыцягвалі й мучылі, чаравалі й сьмяяліся зь ягонай нікчэмнасьці.

Не пайшло яно ўсё так, як плянаваў Сьцервін. Асноўнае - памыліўся камандант, калі лічыў, што гэта годная жанчына з крыштальна чыстым сэрцам, непераможна-ўзлётнаю душою, незапэцканым сумленьнем, высокай маральнасьцю наважыла ахвяравацца сваім гонарам, аддацца Сьцервіну фізычна, навет і для ратунку мужа. І цэлае шчасьце, што ў пару спасьцярогся, а то магла-б зарэзаць. Гэтак трымаючы ўжо яе ў абдымках ды розумам і чуцьцём падрыхтаваўшыся да кульмінацыйнай насалоды, спасьцярог Сьцервіна хуткі рух, і ў парў заўважыў сталь нажа ў ейнай правай руцэ. Вырваўшы з рукі нож, моцна разгарачаны, амаль ня помніў камандант, як сьціснуліся кляшчамі ягоныя пальцы вакол мяккай, быццам лебядзінай, шыі... Апамятаўся адно, як нехта пастукаў у дзьверы.

Пробаваў супакойваць сябе пасьля Сьцервін, даводзячы, што помста прыйшла, што мэту асягнуў, што аддаў дзіця немцу, што ўзмоцніў сваю пазыцыю й лішні барыш здабыў. Ды нешта й ня тое было. Птушачка зарана выскачыла з рук. Добра адчуваў, што ў параўнаньні з задушанай жанчынай, якую не ўдалося згвалціць, ён быў адно малым, нікчэмным, брудным, запэцканым у чужую кроў чарвяком.

Часамі й пабойваўся помсты за той вялікі злачын. Хоць здавалася, што ані муж, ані жонка ня мелі навокал сваякоў, усё-ж былі пагрозы з боку мясцовага беларускага актыву, а мо дзе якое вока й сачыла. Стараўся ад гэтага часу ўважна прыглядацца й прыслухоўвацца. Асабліва цяпер, ужо на парозе пераходу ў зусім іншы, заходні сьвет, пад іншую ўладу, якая, пэўна-ж, будзе шукаць злачынцаў і караць іх, Сьцервін быў моцна ўстрывожаны. А злачынстваў тых зрабіў шмат - і супраць жыдоў, і палякаў, і найбольш супраць беларусаў, пераважна сялян. Дык і было чаго баяцца. Не дарма-ж слухаў вушамі й стараўся абнюхваць носам.

 

: IV

 

Ідучы на чале адзьдзелу дэзэртыраў па дарозе на фронт у Асбах, Сьцервін не сягаў зрокам на свой жыцьцёвы шлях. Думаў тое-сёе пра цяперашняе. Дый думаць было цяжкавата. Так, як і шмат іншых афіцэраў, ён быў амаль пэўны, што раней ці пазьней прыйдзецца апынуцца на другім баку, а там ужо давядзецца носам на ўсе бакі пачмыхаць, пашохаць, паглядзець, разьведаць. Мо й там дзе якое «карыта» будзе, калі ўдасца, калі грахоў ня прыпомняць. Дый «карыта»-ж мо будзе ня зусім такое, як у Беларусі. Хто-ж яго ведае...

Задатак-жа нейкі ў яго пры сабе ёсьць. Вось, успомніўшы аб задатку, гэтым жалезным капітале, былы камандант аж крыху павесялеў. Як-жа хваліў сябе цяпер за мудрасьць і далёказорнасьць: у гарачы час, калі эвакуіраваўся з Бацькаўшчыны, стукнула яму ў галаву ідэя жменьку ці другую залатых манетаў паўшываць у розныя месцы мундзіру, улучна з тым самым бясьпечным месцам.. Адно-ж уцеха ўцехай, але каб хаця капітал як захаваць, каб вось неяк чэрці не знайшлі. Хто яго ведае, як там будзе з тым пераходам. Трэба будзе старацца, камбінаваць.

Гэтак Сьцервін, вядучы калёну, найбольш цяпер і думаў аб тым капітале. Пару разоў для пэўнасьці й рукамі там-сям па швах і па гузіках памацаў, улучна аж і з тым найбольш бясьпечным месцам. Ажно весялей неяк зрабілася.

«Ужо калі-б на тым баку дзе й давялося цяжкавата, дык, можа, пры дапамозе жменькі гэтых манетаў удасца дарогу як-небудзь прачысьціць. Людзі-ж нідзе ня без грахоў. Можна намовіць, перакупіць. Хто-ж мог бы на мікалаеўскія не паахвоціцца?» - разважаў былы камандант.

Прыходзіла часамі на думку Сьцервіну й ягоная сям'я: жонка й двое дзетак. Ня было часу забраць іх з сабою, уцякаючы, так горача было. Што-ж зробіш... Нельга было прыхінуць сям'і, дык хаця самому трэба было ратавацца. Ня мог-жа заставацца на пэўную сьмерць. І не вінаваціў сябе за тое. Ды наагул калі-небудзь і пры большых «справах» ці вінаваціў сябе ён? Усё-ж рабілася для палепшаньня будучыні. Дык і навошта было гуляць нейкімі апраўданьнямі? Ці-ж то ён устанавіў правы жыцьця? Жыцьцё-ж, паводле Сьцервіна, гэта былі джунглі, дзе мацнейшыя й хітрэйшыя заўсёды былі наверсе, а слабейшыя й пакрыўджаныя крычалі аб праве, праўдзе й іншых драбніцах. Бяда была ў тым, што жаўнеры ня ведалі гэтага прыродна-жыцьцёвага права, што палягалі на сумленьні, справядлівасьці, гарэлі нейкім патрыятызмам, верай у Бога ці яшчэ чым.

«Цьфу на гэта ўсё! То было для іншых, а не для яго, Сьцервіна, што рана пазнаў асноўную жыцьцёвую праўду. Ведаў, што ў жыцьці, асабліва дзеля большых здабыткаў, ці нат для собскага ратунку ў выпадку небясьпекі, ахвяры трэба было несьці. Дык і што-ж такое, калі ён тут у ахвяру прынёс сям'ю сваю? Выхаду-ж ня было. Ня мог-жа з сабою забраць. Калі-б дзеля сям'і застаўся, дык усе разам пацярпелі-б - у гэтым не магло быць сумлеву. Дык і чорт яе там з бабай - другая будзе. Падумаеш, баба! Крышку шкада было дзетак, дзяўчынкі й хлопчыка. Пэўна, бальшавікі іх зьліквідуюць. Але як-жа йнакш льга было...»

Ад гэткага разважаньня ў думках Сьцервін зноў перакінуўся да цяперашняй сытуацыі, і няпэўнасьць пачала закрадацца ў яго сьведамасьць.

«А што, калі знойдзецца такі адзін ці два, што на другім баку данясуць, пастараюцца ўсе ягоныя мінулыя грашкі прыпомніць? Нямала ёсьць ворагаў. І тут у дывізіі, хаць і, здавалася, што не заўважыў нікога, - хто-ж яго там ведае... Мала што можа здарыцца? І хіба-ж калі навет дзе хто й быў, што трымаў яго на воку, дык ці-ж ён вылезе цяпер наверх? Гэта там, ужо на другі бок дастаўшыся, трэба будзе ўважней прыглядацца. Ужо калі што дзе вылезе, пакажацца, пастараецца паклікаць яго да адказнасьці ці на нейкі суд перад нейкай уладай (а ўлада-ж там, як-бы яна ні выглядала ці называлася, усё-ж будзе), дык, пэўна-ж, - на другім баку. Але, што-ж меў цяпер рабіць, каб гэтаму запабегчы? Нічога. Зробленага - ня вернеш. Трэба падрыхтавацца на найгоршае, а там ужо няхай будзе, што будзе, што мае быць. Добра вось, што яшчэ жменьку гэтых залаценькіх неяк захаваў. Мо на помач прыйдуць. Дый калі-ж не яны, у выпадку няшчасьця, дык хто-ж тады мае памагчы? Трэба сьцерагчы й хаваць іх, быццам сваё вока. Можа, у іх будзе пачатак і канец ягоных непрадугледжаных цяжкасьцяў? Абавязкова, абавязкова трэба дапільнаваць, каб не адабралі. Гэта-ж, можа, апошні ратунак».

Гэтак Сьцервін, заглыбіўшыся ў свае думкі, валачыўся з правага боку на чале калёны. Ад некаторага часу крыху звольніў кроку і, маршыруючы амаль на ўзроўні сярэдзіны групы, адным вухам падслухоўваў, як нешта ўсё вурчаў свайму сябру той канюх, якога прыпадкова залічылі ў лік дэзэртыраў і паслалі зь імі на фронт. Не падабаўся Сьцервіну хлопец. «Хто яго ведае чаму? - думаў сабе. - Можа, ён што пра мяне ведае? Чаго так уважна колькі разоў да мяне прыглядаўся? Навет і тады, калі яго арыштавалі за лішні выстралены патрон і калі Мураўёў ужо надвечар выклікаў з бункера, калі ўсе афіцэры стаялі каля бараку, дык надта-ж неяк дзіўна быў уталопіўся ў мяне. Няўжо-ж мяне знае? Ня можа быць. Хлопец, здаецца, зусім незнаёмы. Каб ведаў, каб быў пэўны, дык, можа-б, дзе тут пры фронце як-небудзь набок яго ўдалося? І чаму ён мне не падабаецца? Мо таму, што заголасна заўсёды выказваецца са сваім патрыятызмам? Гэта-ж і ад Рэшатава пару разоў пра яго й пра ягонага, сябру чуў. А патрыёты - асабліва цяперашнія, беларускія - гэта-ж вар'яты. Яны там за нешта ўзьнёслае, уяўленае, няіснуючае стаяць, дык і гатовы добраму, практычнаму, такому, як ён, чалавеку крыўды прынесьці».

Сьцервін уважней наставіў вуха й стараўся слухаць, што гаварыў канюх. Той колькі разоў пазіраў на яго і, відаць, нешта хацеў сказаць.

- Спадар лейтанант, - нарэшце асьмеліўся, гаворачы чысьценька па-беларуску.

- Ну, что?

- Пусьціце мяне назад у вабоз. Мяне-ж памылкова забралі.

- Как то? Да при чем здесь я? Разве я тебя забрал?

- Хоць, можа, і ня вы, а капітан той, але-ж я канюхом быў і толькі прыпадкова папаўся яму пад руку. Дый конь мой застаўся сам, даглядаць за ім няма каму. Пусьціце, спадар лейтанант.

- Если и была ошибка, то не моя, конечно. Пускать тебя назад я не имею права.

- То-ж вы цяпер камандзер. Як-жа не маеце права?

- А тебе какое дело? Разве я должен тебе докладывать о том, что делаю? - Пры гэтым Сьцервін накасавурыўся і ўжо даволі пагрозьліва зірнуў на канюха.

- Пакінь ты! - таўхануў пад бок Сымона Віктар. - Чаму ты яго просіш? Будзем во разам.

- Я-ж думаў, што мо чалавек зразумее, ажно...

Сымон ня сяньня заўважыў фарсістага афіцэра. Ня змог-бы пэўна вытлумачыць, чаму той яму так не спадабаўся з выгляду. Ня йшла гаворка аб вопратцы ці аб тых бліскучках, але найбольш - аб самім твары. Сымону здавалася, што гэта наскрозь хвальшывы чалавек. Хоць бліжэй яго й ня ведаў, назіраў адно здалёку, але-ж хто мог не спасьцерагчы ягонай празьмернай лісьлівасьці да сяброў-афіцэраў, асабліва да старэйшых камандзераў сваіх, і той абыякавасьці, штучнай адлегласьці, на якой трымаў сябе Сьцервін у дачыненьні да малодшых чынамі?

Цяпер-жа Сымон першы раз трапіў пад ягоную ўладу. Чуў раней, што быццам Сьцервін быў беларусам. Дык і чаму-ж, калі іншыя афіцэры гаварылі па-беларуску й па-ўкраінску, памінаючы ўжо толькі чыста вайсковую расейскую каманду, чаму ён - гэты францік з шэрагам залатых зубоў наперадзе, аніяк не хацеў зь ім, Сымонам, навет і цяпер гаварыць па-беларуску? Няўжо-ж ён быў аж настолькі маскаль?

«Эх, тут нешта ня тое. І цікава, чаму гэты чалавек мне так не падабаецца? Ці ня варта было-б крышку больш аб ім пранюхаць?»

 

: V

 

- Гальт! - пачулася зь цемры наперадзе, й два ручныя ліхтарыкі з абодвух бакоў дарогі вузенькімі палоскамі сьвятла прарэзалі восеньскую цемру ды коўзалі па тварах затрыманых Сьцервіным людзей. Дарожная старожа нямецкае вайсковае паліцыі сачыла за рухам у абодвух кірунках, лавіла й затрымоўвала падазроных й дэзэртыраў.

Сьцервін падыйшоў наперад да немцаў, замяніўшыся зь імі колькімі сказамі, і малая калёна паволі рушыла наперад. Яшчэ зрабілі адзін кілямэтр. Пад узгоркам шаша павярнула дугой налева ды пасьля стужкаю выпрасталася ў кірунку Асбаха. З правага боку, ледзь заўважныя ў цемры, тырчалі густаватыя зарасьнікі. Дарога была пад сталым абстрэлам артылерыі праціўніка. Ледзь заўважны цёмны гарызонт асьветліцца водбліскам гарматных стрэлаў, да вушэй прыбяжыць сьвіст снарадаў. Гул узрываў спыняе манатонна-нуднае выцьцё асеньняга ветру. Праціўнік страляе вобмацкам, наўгад. Вось ізноў чуваць, як дзесьці за ўзгоркам зарагаталі жалезныя глоткі, і сотні кіляграмаў жалеза зь няпрыемным дэмаралізуючым енкам лятуць у кірунку малое групы дэзэртыраў. Сьцервін ня турбуецца. Яшчэ з Бацькаўшчыны, а то й з апавяданьняў ведае, што ня трэба баяцца тых снарадаў, сьвіст якіх чуеш загадзя. Сьвішчуць толькі пералётныя. Тых, што могуць у цябе трапіць або не далятуць, сьвісту ніколі не пачуеш. Дык Сьцервін і ня турбуецца. Ня тое, каб ён адважным быў. Зусім не. Ці раз дома даводзілася, не аглядаючыся, назад пяткі падмазваць, а то часамі й камбінаваць, каб дзе пад лівень агню ня трапіць. Праўда, была ў Сьцервіна адвага іншага роду: прыкладам, у селяніна самагонку адабраць ці над жыдамі пазьдзекавацца, абрабаваць дзе каго пад час «выкананьня службовых абавязкаў». Баёвой-жа адвагай не грашыў...

Колькі снарадаў загрымела шнурам побач дарогі. Вецер прынёс смурод пораху. Але што-ж такое? Дзе-ж гэта людзі? Азірнуўшыся, Сьцервін спасьцярог, што бальшыня ягоных людзей зь перапалоху пакацілася ў прыдарожную канаву. Толькі жменька, звольніўшы крок, ня ведае, што рабіць.

- Эй, там! - раве на ўсю глотку лейтанант. - Кто вам приказал прятаться? Встать сейчас же, такую вашу...! Ишь ты! Вон какие с вас, значится, вояки. Подыматься! Погодите, вы еше ничего не видели! Еще, может быть, забудете, куда и прятаться надо будет!

Не без задаволенай ухмылкі на твары параўнаў у гэны момант Сьцервін сябе, спрактыкаванага і, паводле яго-ж самога, вельмі адважнага жаўнера, з гэтым, на яго думку, палахлівым збродам дэзэртыраў. Аж выпрасталася з задаваленьня кароценькая шыя і раўней пайшлі ногі.

Перад будынкам, дзе мясьцілася каманда батальёну, падзел людзей адбыўся хутка. Усе былі накіраваныя да сваіх ротаў.

- Глядзеце, хлопцы, ня курыце й ціха гаварыце, - перасьцерагаў зьвязны падафіцэр малую групку, у якой былі Сымон і Віктар.

Групка мінула колькі цёмных хатаў, увайшла ў зарасьнікі ды, зь цяжкасьцю выцягваючы ногі зь мяккай размоклай гліны, павярнула на край лесу, дзе ледзь відаць былі абрысы нейкага будынку. Падыйшоўшы, заўважылі, што была гэта невялікая сьвятыня. Увайшлі. Вокны касьцёлу пазавешаныя былі знутры жаўнерскімі коцамі, а ў цьмякым сьвятле адзінокае сьвечкі, што гарэла ў куточку, можна было разгледзець пару дзесяткаў замурзаных, аблепленых засохлаю глінай людзей, што спалі на падлозе. За алтаром, у круглай адтуліне ў сьцяне, тырчаў кулямёт, а пры ім сядзеў чалавек. Побач, у кутку, галава статуі Маткі Боскай схавалася ў рудавата-глінястым шлеме. У куце, зьмешаныя з розным жаўнерскім хламам, туліліся касьцельныя рэчы.

- Хто тут ёсьць? Войнік! Гэта ты? - пачаў клікаць Сымон, прыпомніўшы, што тут павінна быць пару ягоных сяброў.

- Как, Спарыш? И ты здесь? Каким образом? - пачуў хлопец няпрыемны голас курносенькага Рэшатава, што ў паўдрэмцы сядзеў на прыступках аўтара.

- Я ня ведаю, гаспадзін обер-лейтанант, - зьбянтэжыўся такім спатканьнем Спарыш. Ён быў ужо крыху й падзабыўся аб існаваньні расейца, хоць прыгадваў, што ён тут. У сустрэчы ня было нечаканасьці, адно зьбянтэжанасьць. - Накіравалі мяне толькі аднаго з канюхоў. Ці гэта, можа, прыпадкова? Пашліце мяне назад, обер-лейтанант. Тут адзін не мае стрэльбы, дык я яму аддам гэту, а ў абозе маю другую.

- О, нет! - ашчэрыўся Рэшатаў. - Ты теперь с фронта не уйдешь, будешь здесь все время. Уж будем воевать вместе...

- Давайце строіцца тыя, што прыйшлі! - загадаў лейтанант Калмыкоў. Старшына Налепа ўзяўся за ўпарадкаваньне новапрыбылай групы.

- Зараз пойдзеце ў вакопы, дзе маеце прасядзець у абароне па дваццаць чатыры гадзіны, - тлумачыў Калмыкоў. - Глядзеце, каб ніхто не пакідаў пазыцыяў без загаду.

Калмыкоў даў кароткую інфармацыю аб баёвой сытуацыі й распалажэньні роты. Трынаццаць чалавек, прызапасіўшыся амуніцыяй, пакінулі касьцёл. Прайшоўшы прыблізна дзьвесьце мэтраў, спыніліся на самым бугру ўзгорка. Перад імі на захадзе адкрылася даліна. Пры млявым сьвятле месяцавага сярпа Сымон заўважыў у цемры будынкі горада Альткірха. Прыблізна адлеглая на пяцьсот мэтраў на захад, цьмяна вызначалася стужка шашы, што бегла да пярэдніх вакопаў батальёна Мураўёва. Бліжэй у гэты бок ледзь можна было заўважыць крывулю прасёлачнай дарогі. Бугор, на якім затрымалася група, быў даволі абрывісты; пэўна, цяжка было-б узьлезьці на яго танкам праціўніка. Гэтулькі спасьцерагло маласпрактыкаванае ў вайсковай тапаграфіі вока канюха Сымона. Зігзагаватая глыбокая канава, аж па калені напоўненая вадой, была адным з перадавых вакопаў.

- Хлопцы, вылазьце! Зьмена прыйшла! - гаркнуў зьвязовы.

Паволі, зь вялікай цяжкасьцю выцягваючы з глінястае калатушкі ногі, пачалі вылазіць з ямы запэцканыя з ног да галавы цёмныя фігуры.

- Але-ж вы й абляпіліся! Чаго тут і баяцца: вас і супрацьпанцырны не ўзяў-бы! - здабыўся адзін з прыбылых на жарт.

- Скалі, скалі зубы. Пабачыш, як табе стане весела, тут пасядзеўшы, - агрызнуўся нехта з папярэдняй зьмены.

- Колькі чалавек прывёў? - пачуўся голас дружыновага Лакусты.

- Трынаццаць.

- Хто з вас знае панцырфаўст?

- Я, - пахваліўся Ўладзік.

- І я, - далучыўся Сымон.

- Ідзеце там колькі крокаў проста наперад. Там у бункеры сядзяць трое з гэтым «шрэкамі» - зьмяніце іх. Хто трэці? Давайце хутка, не марудзіць! Чаго стоўпіліся так у кучу? Што, вы на кірмашы, думаеце? Хочаце, каб вас мінай узнагародзілі? Давайце, хто там яшчэ, - пяць чалавек ідзеце налева. Завядзі іх, Пісаронак, пакажы!

Сымон, Уладзік і трэці, ім незнаёмы, накіраваліся наперад. З бункеру вылязьлі Войнік, Панумарэнка й Бабрыцкі. Ногі ўлезьлі аж па калені ў глінястую калатушку. Упоцемку хлопцы абмацалі ў сьценах бункеру даўгаватыя полкі, высланыя ўжо вільготнай саломай. Два Сымонавы таварышы палезлі на тыя полкі спаць, а канюх, узяўшы з сабою панцырфаўст, што называў «балдавешкай», ды «качаргу», падняўся па выразаных прыступках на перадавы назіральны пункт, каб трымаць варту. Толькі цяпер прыгадаў, што дзесь па дарозе згубіўся вызначаны, мабыць, у другі вакоп Віктар Караткевіч.

- Але-ж цяля, - бурчаў пад носам Сымон. - Яго, як тое дзіця, за ручку вадзі. Чаму-ж нам цяпер якраз собіла разьдзяліцца, у вабліччы найбольшай мо небясьпекі...

 

Ноч і сьвітаньне

 

: I

 

Зольная васеньняя эльзаская ноч дыхала хуткабежнымі нізкімі хмарамі, хлістала густым і назойлівым, праймаючым аж да касьцей дробненькім дожджыкам, там-сям шпурляла й тузалася мінамі й снарадамі. Людзі зяблі й дрыжэлі, ляскалі зубамі, мясіліся ў жыдзенькім гліняным цесьце, адхуквалі й церлі пасінелыя рукі; трасучыся ад золі, туліліся да акалелых і насычаных вадою сьценаў вакопаў, абрасталі рудаватаю глінаю. Людзі, як краты. Краты ў гліне.

Сымон Спарыш прыліп да пярэдняе сьцяны вакопу. Дрыжыкі пачыналіся зьнізу, ад мокрых нагавіцаў і шкарпэтак. Хваляю прабягалі па сьпіне й канчаліся на пасінелых ад сьцюжы вуснах. Цяжка было трымаць паднятымі алавяныя павекі. Мала памагаў настаўлены тонкі каўнер мундзіра. Маскавальная палатка крышку ратавала ад дажджу, але ня грэла. Навокал былі дзіч і пустка. Хмары, дождж і гліна. Золь і гліна. Зямля й цемра.

Сымон амаль ня здольны быў думаць. Здавалася, што пад халодным шлемам празяблі мазгі. Толькі нудны й жаласны вецер сьвістаў каля шлему, паўзучы нізенька над самымі грудамі ральлі. Над вакопамі мільганула нейкая цёмная шыракакрылая зьява і, пакруціўшыся, шыбнула зь ветрам у кірунку лесу. Здалося, што груган.

- Цьфу на цябе! - злаваўся былы канюх. - На нядобрае ты, гад, мусіць, варожыш.

У галаве пашарпанымі абрывамі, малазьвязанымі вобразамі перасоўваліся міражы: ці гэта быў брэд. Не, мусіць не. Чалавек быў у тым стане, калі ані ня сьпіць, ані ня жыве сьведама. Мусіць, і мазгі былі празябшыя, здранцвелыя, акалелыя.

Першаы міраж: міска стравы. Тлустай, сытнай, гарачай. Абавязкова гарачай, хоць мо й ня так тлустай. Ах, якое то было-б багаслаўленьне для прысохлага да сьпіны жывата, для прагнучага цяпла арганізму. І няхай бы хто папробаваў тады сказаць Сымону, што ёсьць на сьвеце лепшыя дабрадзействы за тлустую, сытную, гарачую міску стравы. Нічога ня было. Была адно цемра, золь, быў галодны празяблы Сымон, і ў ягоным уяўленьні - гарачая міска стравы.

Дзе гэта апошні раз давялося былому кадэту-канюху спажываць такі ўяўлены прысмак? Хіба-ж ня была гэта тая густая нямецкая гарохавая зупа ды ўжо й, пэўна-ж, ня рэдзенькія крупы са смярдзючай канінай. Не. Гэта было хіба шмат раней. Так. Напэўна, раней. Здаецца, так нядаўна - усяго чатыры ці пяць месяцаў таму назад, а з другога боку - цэлая вечнасьць. Гэта было ўдома, яшчэ на Бацькаўшчыне, у бацькавай хаце, калі прыехаў зь Вільні...

Другое трызненьне - абед у сялянскай хаце. З-за шырокага дубовага падоўжанага стала далятае звон алюмініевых лыжак аб гліняныя міскі. Сямейка, аблакаціўшыся, нахіліўшыся над міскамі, заядла сёрбае. Няма часу. На полі чакае жніво, а то й малацьба. Мала хто гаворыць. Толькі кот мяўкае, круціцца й трэцца каля ног пад сталом, назірае, дзе й як падпільнаваць кусочак леташняй, пахучай, на дробненькую мязгу пацёртай у зупе сьвініны.

- Кастусь, не разьлівай на кашулю, разінька ты, - перасьцерагае й навучае бацька.

Кастусь - самы малодшы. Ён яшчэ не ўмее добра валодаць лыжкаю. Пакуль пад'есьць - залье ўвесь перад сіняй кужэльнай кашулі. На сьцяне паволі, мераючы хвіліны, цыкае-такае вага вялікага, пазалочанага, прывезенага некалі бацькам з Петраграду, гадзіньніка. Вось захрыпелі спружыны, адхінуўся далёка назад мядзяны малаточак.

- Бум!

- Раз, - чуецца дзіцячы голас з-за стала.

- Бум!

- Два.

- Чуем безь цябе. Глядзі ўжо, куды лыжку нясеш, разінька, - ізноў ня вытрымаў бацька.

Як прыемна й утульна было ў роднай хаце, хоць і беднай, але-ж сваёй. Дзе-ж яны падзеліся - родныя, дарагія, незаменныя? Ці зьмёў іх ужо з паверхні зямлі нячысьцік з усходу? Госпадзі, Валадар Усемагутны! Ці-ж пры падзеле долі на гаротнай зямельцы гэтай ня выпала ў Цябе трохі больш дабра беларусу? Чаму й за што так цяжка караеш?

Пасінелыя вусны шэпчуць, ледзь варушачыся ў цемры...

Уяўленьне зноў вяртае вобраз бацькі - хваравітага, спрацаванага, згорбленага горам і несканчонай жыцьцёвай злыбядой. Зморшчаны ласкавы твар. Блакітныя спачувальныя вочы. І словы:

- Ідзі-ж, сынок, калі ты ўжо так пастанавіў, але помні, што сам сабе мусіш раду даваць. Я больш ня ў сілах. Каб во не бяда гэта й не вайна, дык, можа-б, як і памог, а так...

І ў гэны момант, здаецца, няма між бацькам і сынам адлегласьці.

Голас зноў абрываецца. Ён- зусім нярэальны. Ці й сапраўды калі такі быў? Усё-ж ужо нярэальнае, навет жыцьцё самое. Яно - жахлівае, беспрасьветнае...

Але-ж не. Некалі ня было для Сымона ані гэтай эльзаскай калатушкі-гліны, ані чужой золі, ні выючага ветру. Была сям'я, цяпло, утульнасьць, бацькоўскае й мацярынскае каханьне й клопаты. Было роднае цёплае гняздзечка, крыльле, што ахоўвала, вусны, што сьпявалі й цешылі, грудзі, што тулілі, сэрца, што білася любоўю... Былі штодзённыя дробныя клопаты, звычайная будзёншчына ў сваёй сямейцы. Усё гэта, такое далёкае, непаўторнае, цяпер адыйшло ў нябыт...

Трэці міраж: на Росах ледзь стаіць ужо пахілены, збуцьвелы, падгнілы драўляны крыж. На ім пагода амаль зьлізала чорны надпіс. На зусім аселую, амаль зраўнаную з навакольнай зямлёй магілку дрыжачая юнацкая рука стаўляе запаленую сьвечку. Вецер гасіць яе. Далонь ахутвае слабое полымя. Заплылыя сьлязамі вочы яшчэ раз поўзаюць па тым зьлізаным на крыжы надпісе, каб упэўніцца, што яна тут, а ня ў іншым месцы... Дарагая, незаменная, адзіная... Хоць адзін сын знайшоў сюды сьцяжыну, каб адведаць, успомніць. Чаму-ж ліхі лёс не дазволіў легчы табе ў роднай вёсцы, каб адведвалі дзеткі, каб штодзень зрок іхны шукаў зводдаль месца твайго супачынку?

Калісьці даўно-даўненька, здаецца, назад цэлыя стагодзьдзі таму, было гэта. Сымону гадоў ці ня дзесяць тады мінула. Вунь памагаў ужо матцы зь сярпом пры загоне перасьпелага жыта. Трэба-ж чым хутчэй. Суседзі, у якіх стае рук да працы, даўно пажалі. Памагае й самая старэйшая замужняя сястра. Рэжуць вострыя сярпы таўстыя сьцёблы, й паволі пляцецца гутарка.

- Эх, Божа-ж мой, Божа, - уздыхае, выпрастаўшы сьпіну й навокал пазіраючы, маці, - працуеш, працуеш век, а памрэш, дык ці ўспомніць хаця хто...

- Мама, мамачка даражэнькая... каб ты толькі ведала...

Але гэтых апошніх слоў ня чуваць было тады на жытнішчы. Іх цяпер заглушае жаласлівы вецер на чужой эльзаскай зямлі.

 

: II

 

Ад самай першай сутычкі з французамі, ад часу заняцьця пазыцыяў на фронце, перабежкі людзей да праціўніка прадаўжаюцца. Пераходзяць найчасьцей малымі групамі - па тры-чатыры. Камандзеры бачаць, як таюць шэрагі, як убываюць людзі. Рапарты аб перабежках падаюцца ўверх позна - каб адцягнуць, утаіць. Афіцэры бачаць, што мараль войска нізкая. Адной з прычынаў зьяўляецца нізкаякаснае й нярэгулярнае харчаваньне. І чаго-ж вартая ў баі армія, якая навет на сталым адрэзку фронту, пры добрых магчымасьцях даставаў, ня можа наладзіць нармальнага харчаваньня?

Няма сумлеву, што праціўнік ад перабежчыкаў ведае колькасьць, якасьць, твар, баявую маральнасьць і распалажэньне ўсіх адзінак на гэтым баку. Ён ужо добра зарыентаваны, што тут адно павуціная заслона, прайсьці празь якую ня будзе ніякіх цяжкасьцяў. Ведае, пэўна-ж, і тое, што беларусы ня маюць намеру бараніць чужой нявольніцкай імпэрыі. Праціўнік, як відаць, спыніўся адно для перадышкі, каб падцягнуць запасы амуніцыі, харчоў, людзей. Тое з трыццатай дывізіі, што само не адпаўзе добраахвотна на той бок ды пакуль што трымаецца ў цэласьці, жыве на пазычаным часе.

Галодныя жаўнеры насуперак загадам зьверху лазяць па гаспадарскіх падвалах, забіраюць усё, што пападаецца пад руку зь еміны. Іншыя, забываючыся, заліваюцца віном. Ці адзін ужо дастаў за гэта кулю ў лоб ад немцаў. Але галодных не накорміш загадамі, забаронамі, не пашлеш у вакоп бараніць свае пятлі...

Камандзеры батальёну Мураўёва, прынамсі, тыя, што стараюцца бачыць і думаць, ведаюць, што штучна склееная адзінка дажывае апошнія дні. Дзеля таго думаюць яны аб ратаваньні свайго жыцьця ў недалёкай будучыні. Калі пачнецца апошні акт драмы на нямецкім баку, калі гарматнымі грымотамі адчыняцца дзьверы ў новы сьвет, трэба ўцалець пад агнём і перайсьці на другі бок - вось асноўная ідэя, што гнезьдзіцца ці ў адной галаве.

Лейтанант Сьцервін зноў паклікае на дапамогу ўсю сваю вынаходлівасьць. Што хутка фронт крахне - у яго няма сумлеву. Застаецца адно крыху прадугледзець, а пасьля - папярэдзіць выпадкі. Трэба перабрацца на той бок - гэта ўжо ясна, ведама й пастаноўлена ня сяньня. Трэба ня толькі перайсьці цэлым, але й захаваць усё сваё багацьце.

Лейтананта Башмакова - камандзера зьвяза з чацвёртай роты - Сьцервін ведаў яшчэ зь Беларусі. Разам у паліцыі доўгі час служылі. Каб яму, Сьцервіну, столькі год здаровага й шчаслівага жыцьця, колькі яны ўдвух літраў самагонкі зглумілі. Дый чаго іншага толькі ня выраблялі пад час таго глумленьня... Адным словам, гэта - «парень», зь якім шмат чаго можна было зрабіць. Дый ці першы раз рабіць прыйдзецца...

Ня трэба было Башмакову й двух слоў, каб зразумеў, у які бок кіруе Сьцервін свае аглоблі.

- Так в чем же дело, - адказаў былы чырвонаармеец, - давай, не медля...

Умовіліся на сяньня. Башмакоў мае быць дзяжурным па роце, будзе цэлы час у баёвой гатоўнасьці. Каля гадзіны адзінаццатай сустрэнуцца на перадавых пазыцыях, на левым крыле абаронных вакопаў Асбаху. Сьцервін будзе абыходзіць пазыцыі свае роты, а там ужо сустрэнуцца й гайда... Так, здаецца, проста й дасканала. Як піць даць, казаў той. Ужо раней асачылі й абмяркавалі дарогу на другі бок, найбольш праўдападобныя месцы пазыцыяў праціўніка, да якіх трэба накіравацца.

Сьцервін зацягнуў пару глыткоў штучна пэрфумаванага, пахучага, удушлівага дыму зь нямецкае цыгарэты, устаў і зірнуў на камандзера роты, што драмаў за сталом пры закуранай лямпе.

- Думаю пройтись, Иван Павловнч, - кінуў, быццам нехаця.

- Да, да, хорошо, пройдитесь, - адказаў камандзер, - проверьте, как там ребята и вообще, что где слышно. Черт подери, уже двадцать три человека из роты удрало, - церабіў галаву. - Разве они не знают?.. Да, впрочем... - махнуў вялай рукой капітан.

Сьцервін бярэ на плячо аўтамат і, не азіраючыся, выходзіць.

- Але-ж і цёмна, бляха! - кляне, спыніўшыся за дзьвярыма.

Ноч цёмная, як дзёгаць. Лейтанант пастаяў, колькі змог разгледзеўся, штосьці памяркаваў. Рука выцягнула з-пад пазухі плоскую пляшку, а вусны ўзяліся смактаць зь вялікай прагнасьцю. Цяплыня разьлілася па жываце.

Сухі вецер магутнымі крыльлямі бушаваў у цемнаце. Дзесьці ўверсе шумелі густыя клубы хмараў, калаціліся вяршыні аголеных дрэваў. Вецер церабіў выстаючую ў Сьцервіна з-пад шапкі грыўку валасоў.

Нідзе нікога ня відаць. Лейтанант пастаяў, пасьля, паволі адмераўшы крокаў трыццаць у заходнім кірунку, павярнуў налева ў бочную, вядучую на поле, вулічку. Ужо набліжалася адзінаццатая, і хто ведае, ці Башмакоў яго не чакае. Ён і ня думае паказвацца ў вакопы свае роты. Чаго? Няма дурных. «Трохі мо й занадта цёмна, але хто яго ведае. Можа, так і лепш», - мяркуе, асьцярожна ступаючы, Сьцервін.

Ззаду, здаецца, чуваць нейкія крокі. Ён спыняецца й азіраецца, але нічога не бачыць. Зрэшты, навокал-жа свае. Чаго-ж тут баяцца? Але нейкая няпэўнасьць пачала дакучаць апошнімі днямі... Ледзь ня трывога. Ніколі так раней ня было... Эх, дурнота, - махае ён у думках рукой і для пэўнасьці падцягвае ды трымае напагатоў аўтамат, каб у выпадку нечаканасьці... Туліцца бліжэй да сьцяны забудаваньняў па левым баку. Можа, так хутчэй спасьцеражэ спадарожніка. Ізноў спыняецца й чакае момант, але нічога ня відаць. «Ат, мусіць, ці не здалося мне. Дый чаго я так, як дзіця, трывожуся? Свае ж навокал...» - і ставіць смялей крокі, трымаючыся амаль самых сьцен.

Раптам нечыя рукі, быццам стальныя кляшчы, хапаюць за шыю й цягнуць за вугал хаты.

- Ах ты! У-у-у-ух! - вырываецца нечакана ў Сьцервіна, і ён напружвае ўсе сілы, каб вырвацца са стальных абдымкаў. Але напасьнік балюча крутануў назад левую руку Сьцервіна, а другой уміг ськінуў з пляча аўтамат і трымае за горла.

- Стой, гадзюка! - нянавісьцю дыша голас. - Папаўся ты нарэшце!

Ззаду хуткім трушком збліжаюцца нечыя крокі, й перад Сьцервіным вырастае рослая фігура.

- Маліся, нячысьцік, калі ў Бога верыш! - загадвае шурпаты бас. - Бо прыйшла хвіліна помсты. За ўсе крыўды, якія ты прынёс беларускаму народу, за гвалчаную матку, мужа, дзіця, за расстраляных і апаганеных...

- Пу-у... - задыхаецца і ўецца, быццам тая гадзюка ў кляшчах, Сьцервін.

Вочы ягоныя аж вылазяць з вачніц, спасьцярогшы маланкавы рух правай рукі папярэдняга напасьніка. Даўгое жыгала кантаватага штыка ўядаецца пад рэбры.

- У-у-ух!

Сьцервінавы калені гнуцца, арганізм слабее й звужаецца, паглынае ўсё навокал начны дзёгаць.

Дзьве постаці моўчкі пару хвілін стаяць над сьвежым трупам. Насок жаўнерскага чаравіка паварочвае ўверх уліплы ў балота нос.

- Ці ня лепш было-б дзе прыхаваць?

- Пэўна-ж. Але дзе?

- А вось, давай, цягнем туды, - паказвае гаспадар голасу ў бок будынку з большым падстрэшшам. - Чым-небудзь накрыем. Пакуль суд ды справа, дык і ня будуць ведаць, дзе падзеўся. Падумаюць, што ўцёк. А то нашы нявінныя хлопцы пацярпець могуць...

- Дык давай хуценька!

Адзін бярэ труп за рукі, другі за ногі й цягнуць пад іншы будынак. Палажыўшы пад самай сьцяной, воддаль ад вуліцы, бяруць, што трапляецца пад рукі - усялякі хлам - і кідаюць наверх. Штык застаецца ў грудзях.

- Здаецца, што будзе добра.

- Мабыць, ужо ня відаць, - мяркуе друті.

- Ты стой! - спасьцерагаецца першы. - Гэты-ж гад на сабе кучу золата пэўна. меў... Чаму-б не папароцца?

Момант маўчаньня.

- Можа, й праўда... Ах, - махае рукой другі, - няхай яно яму на водкуп ад чарцей у пекле будзе. Хадзем хутчэй!

Адзін падымае кінуты па дарозе каля вугла хаты Сьцервінаў аўтамат, і абое накіроўваюцца ў поле. Паволі, крадучыся, мінаюць пярэднія пазыцыі і, кіруючыся на захад, таюць у ночы.

 

: III

 

Пасьля ўсяночнай варты, па калені ў калатушцы, Сымон быў зьменены. Вярнуўшыся ў касьцёл, крышку, што ўдалося, падсушыў, адпачыў і зноў быў накіраваны з панцырфаўстам у хату, дзе з двума іншымі мелі назіраць з акна ў падвале. Тут крышку пажывіліся. Праўда, у гаспадарскай пустой хаце не знайшлі хлеба. Тут не яны ўжо першыя былі, ды мо й не апошнія. Адно было ўволю яблыкаў і кіслага белага віна. Цэлы час паласкалі віном засохлыя горлы й закусвалі фруктамі.

Таго самага вечару, калі помста дагнала лейтананта Сьцервіна, Сымон зноў быў высланы на правы фланг у малы ненакрыты вакопчык. Зь ім пайшоў ведамы ўжо чытачу Гвардзейчык. Ніводзін не спаў, бо й спаць было цяжкавата неяк. Каля паўночы сухі вецер пачаў разганяць хмары, і зноў паказаўся серп месяца. Міны не давалі заснуць. Яны сьвісталі, чаргуючыся, па ўсёй лініі фронту. Направа ад таго месца, дзе трымалі пазыцыю Сымон і Гвардзейчык, на паўночны захад ад іх, нехта нанізваў вогненныя пацеркі на шнурочак. Рэгулярныя дугі агнявых куляў то падымаліся ўверх і лукам спадалі да зямлі, то зноў ёмка несьліся, прыгнуўшыся, здавалася, да самых чубоў недалёкіх кустоў. На дапамогу ім побач рагаталі снарады лёгкай артылерыі й мінамёты. Аб'ектам праціўніка быў мост на канале ў вёсцы Гагэнбах. Здабыўшы яго, можна зайсьці ў тыл адзьдзелам у Асбаху, адрэзаць ім дарогу водступу. З боку «трыццаткі» агонь быў слабы. Навет няшмат зарыентаваным у вайне Спарышу й Гвардзейчыку пасьля паругадзіннага назіраньня ясна было, што праціўнік здабыў аб'ект і вужакай улез у зробленую адтуліну. Пад дзень агонь перанёсься добрых пару пядзяў на ўсход.

Нядзельнае світаньне 26 лістапада загрымела сотнямі глотак францускіх гарматаў. Загарэлася доўгая дуга эльзаскага фронту. Французы згушчалі агонь на пярэдніх пазыцыях вёскі Асбаха, намацвалі бункеры й звычайныя вакопы. Снарады торгалі мяккія грудзі голага поля, крышылі дрэвы. Жвавы вецер разганяў едкі сінявы дымок пораху па-над буграмі й далінамі. Пасьля блізу гадзіннай артылерыйскай, амаль аднабочнай, кананады згусьцелі хвалі гукаў танкавай, аўтаматычнай і пяхотнай хуткастрэльнай зброі. Сухі ляскат «стэнаў» - амэрыканскіх кароценькіх скарастрэлаў - нагадваў трэск ломаных галінаў.

Цяжар галоўнага ўдару пайшоў на Асбах і направа ад Сымона, праз вёску Гагэнбах, дзе ноччу праціўнік здабыў мост на канале. З боку «трыццаткі» супраціў быў зусім слабы, амаль ніякі. Толькі на пярэдніх пазыцыях Асбаха кароткі час бражджэў «максім», але й той хутка заглох. Праціўник хутка й глыбока ўядаўся ў грудзі «трыццаткі».

Яшчэ на досьвітку, калі хваляй пасыпаліся артылерыйскія стрэлы, Сымон гаварыў Гвардзейчыку:

- Ну, братка, ці ня ёсьць ужо гэта пачатак канца?

- Так выглядае.

- Няхай там што будзе - будзе, а кішкі зноў пачынаюць марш падыгрываць. Варта было-б крышку іх заспакоіць.

Гэтак памяркаваўшы, двое сяброў палезьлі ў свае сінія торбы, званыя хлебакамі, і памалу жавалі чорны сухі хлеб, пасьля яблыкі. Нарэшце, не спяшаючыся, закурылі, увесь час пазіраючы наперад у бок праціўніка. Лагчына перад фронтам была пустая й спакойная. Яны ня спускалі вачэй з бочных і задніх вакопчыкаў, зь якіх ледзь тырчалі вяршкі шлемаў. Ззаду, крокаў сто воддаль, блізка краю лесу, тырчаў зь ямы шлем лейтананта Калмыкова, і за ім абое найбольш сачылі. Калмыкоў ад учарашняга быў на той самай пазыцыі, адкуль назіраў, каб ніхто не пакідаў прызначаных месцаў.

Ураганны агонь францускай артылерыі быў перанесены далей назад, а з боку Асбаху й з правага крыла ўжо далёка ззаду даляталі водгукі рэдкіх і кароткіх сэрыяў «стэнаў».

- Слухай, ці не пара нам вылазіць? - запытаўся ў Гвардзейчыка Сымон.

- Хто яго ведае.

- Бач, Калмыкова ўжо няма, ці ня скрыўся дзе ў лесе. Шлёмы таксама парадзелі па вакопах.

- Дык давай, вылазім.

- Падпаўзём, давай, да суседзяў налева.

- Слухайце, дзе Калмыкоў? - пыталі суседзяў Гвардзейчык і Сымон, асьцярожна аглядаючыся навокал.

- А я ня ведаю, - адказаў адзін.

- Дык чаго тады сядзець? Давайце ў лес. У лесе далучыліся да вялікай групы - каля паўсотні чалавек. Былі тут обер-лейтанант Рэшатаў, Калмыкоў, дружыновыя Лакуста, Булько, Віткоўскі й іншыя падафіцэры. Новапрыбылыя хутка даведаліся аб трапнасьці сваіх ранейшых мяркаваньняў. Праціўнік заняў вёску й абкружыў ззаду лес: завязаў мяшок, як казалі. Доказам гэтага быў трэск і грукат разнаякай зброі, перанесены далёка на поўнач за канал. Да групы цэлы час далучаліся новыя. Радзіліся, як найлепш й найбясьпечней трапіць у палон.

- Так вот, ребята, - пачаў курносенькі Рэшатаў, - желаем мы этого или нет, у нас только один остался теперь путь - это в плен. Мы окружены. Слышите стрельбу со всех сторон? Удирать нам уже некуда. Только и кранись, как всех нас перестреляют. Нужно сдаваться. Ваша судьба, конечно, лучшая, чем у нас, офицеров. Кто знает, что с нами сделают. Но вы сами знаете: я мог давно удрать, да ведь остался только для вас. Потому и остался, что вас жалко...

- Каб табе скула ў бок, як ты праўду гаворыш, ты, крывадушны маскалюга! - злосна загрымеў былы Рэшатаў канюх Спарыш.

Обер-лейтанант раней гаварыў, гледзячы больш сабе на мыскі хромавых боцікаў, чым у вочы людзям, а цяпер, пры такой нечаканай рэакцыі, ці навет, як магло яму здацца, пагрозе, яўна зьбянтэжыўся й на момант зусім зьбіўся з панталыку. Кінуў вокам перш на былога свайго канюха, пасьля на Калмыкова й рэшту людзей, быццам чакаючы ад іх слоўнай дапамогі.

З групы пачуліся галасы:

- Кінь ты, Спарыш, цяпер не пара на гэта.

- Перастань, Сымон.

- Дык чаго тады чакаць? Давайце, ідзём, - запрапанаваў адзін з групы.

- Все согласны? - пасьмялеў маскалёк і зірнуў яшчэ раз на Сымона.

- Давайце.

- А погоны нужно сорвать, я думаю, - гаварыў Калмыкоў Рэшатаву.

- Да зачем? Разве солдаты не знают или не скажут? Пущай уже, что будет - все равно.

- Давайце тады не чакаць, бо могуць па нас страляць, - перасьцярог Булько.

- Паслаць аднаго да іх. Хто тут умее крыху па-француску? Няхай ідзе й скажа, што мы тут чакаем.

- Кідаем зброю! - крычэў голас.

- Давайце сюды ў кучу. Пасы, патранташы - усё чысьценька. Не разыходзьцеся.

- Только не кричать! - супакойваў сам неспакойны Рэшатаў. - Могут услышать - они здесь близко - тогда дело плохо.

- Кто там пойдет к ним?

- Лоеў, давай ты, ты-ж крышку гаворыш...

- Давай, Лоеў!

Таго, каго называлі Лоевым, ня трэба доўга намаўляць. На хаду адкінуў пас, хлябак і накіраваўся лясной дарожкай у кірунку Асбаху.

 

: IV

 

Ськідаючы з пляча стрэльбу й пас з патранташамі ды шлём, Сымон Спарыш адчуваў, што закрывае яшчэ адзін разьдзел у сваім жыцьці. Шкадаваць ня было чаго, й перад сумленьнем ня трэба было рабіць справаздачы: сілай апранутае адкідалася набок, на ваенны сьметнік. Адно, што юнак думаў, - гэта тое, што не адкінуў-бы так лёгка зброі, калі-б змагаўся за Бацькаўшчыну. Сьвядомасьць сілы, як права, ужо даўно была асвоеная яшчэ гадамі зялёным юнаком. Для Сымона стрэльба была больш чымся прылада, якой можна было забіваць; гэта быў сымбаль прыналежнасьці да тых, якія нейкае права маюць ці мець могуць, да тых, што змагаюцца за быт і людзкія правы, а зусім не да тых, што надужваюць сілу для паняволеньня й прыгнятаньня слабейшых. Стрэльба ў Сымонавых вачах - гэта перадусім прылада абароны, адстойваньня сваіх правоў у тых месцах і абставінах, дзе лічыліся толькі з моцнымі, зброю маючымі.

Юнак стараўся мяркаваць, дзе й на якіх пазыцыях ён быў і куды пойдзе ў будучыні. Як-ніяк - знаходзіўся на парозе няволі. Ці ў няволю йдзе дабравольна ці пад прымусам - менш істотна. Сымон цешыў сябе, лепш сказаць - ашукваў сам сябе тым, што йдзе ў няволю дабравольна... Дык і стрэльбу трэба было дабравольна адкінуць.

У хуткім часе вярнуўся Лоеў. Ногі ягоныя ледзь валачылі цяжкія драўляныя клумбы, што французы далі ўзамен за чаравікі.

- Гляньце, гляньце! Ужо ўспелі пераабуць! - зьдзівіўся хтосьці з натоўпу.

- Нявузка, брат! Якія ёмкія дзеравяшкі!

- Это плохо, что они сапоги снимают, - заўважыў Рэшатаў і з жалем, развітальным поглядам кінуў на свае хромавыя боцікі.

- Давайце хутчэй! - загадаў Лоеў. - Далі мне пятнаццаць хвілін часу й папярэдзілі, што калі за гэты час не прывяду вас, то будуць страляць. Станавецеся тройкамі!

Два разы ня трэба было паўтараць. Усе сталі тройкамі й рушылі дарожкай, кіруючыся ў вёску.

- Падымайце рукі ўверх! - крыкнуў Лоеў, ідучы наперадзе й махаючы ня зусім ужо чыстай і ня надта белай насаткай.

Сьпераду, з прыдарожных кустоў, вырасла некалькі фігураў і, гарлапанячы на розныя лады незразумелай мовай, падняўшы ўверх аўтаматы, набліжаліся да калёны палонных. Адзін, старэйшы рангам, паказаў рукой, каб спыніліся.

- Афіцэры, наперад! - загадаў па-нямецку.

Успомненыя выйшлі на чало калёны.

- Ці зброі ў каго няма?

- Няма.

- Марш наперад! І не гаварыць! Рукі трымаць уверсе!

Калёну з двух бакоў абступіла больш дзесятка французаў. Некаторыя зь іх хісталіся на нагах, відаць, былі падпіўшы. Два былі апранутымі ў чорныя цывільныя штаны, у аднаго ў похве пры баку вісеў доўгі нож. Усё гэта было малое, хударлявае, мізэрнае. Між імі - тры чорныя. Як даведаліся палонныя пазьней, тут было шмат мараканцаў, сенегальцаў і іншых афрыканцаў.

Сымону зь першага пагляду не спадабаліся гэтыя «вызвольнікі». «Што-ж, - разважаў ён, ідучы, - каб хаця йшоў чалавек у палон ды да нейкага сапраўды людзкога войска. Парабак і той добрым панам ганарыцца. А тут во нейкая нявыразная плеўка, казаў той. Аж сорамна да такіх у палон ісьці. Ці-ж гэта войскам яно называцца мае права? Вунь гэны паўцывільны й паўвайсковы, а гэты во з нажом ходзіць... Цьфу ты, нячыстае! Бандыты нейкія, дый годзе. Вось каб было за што ваяваць, дык адпсяюрылі-б што называецца, паказалі-б мы ім, дзе добрае войска. Вы гэта ня думайце, што нас зброяй перамаглі...»

Найбольш балючым і паніжаючым у Сымонавым разуменьні было тое, што вось гэтыя, хто ведае адкуль пазбіраныя ў адну кучу бандыты думалі, што зброяй перамаглі й прымусілі здацца ў палон такіх рослых, дужых, але - на іх думку - баязьлівых і малавартасных жаўнераў...

 

Fort Breville

 

: I

 

Ад швайцарскае мяжы аж да паўдзённых Вагезаў 26 лістапада 1944 году прарваная была лінія нямецкае абароны. Павуціньне пяхоты, мясцамі толькі падтрыманае артылерыяй, ня выказала значнага супраціву. Адно штаб Зіглінга й рэшткі некаторых адзьдзелаў мелі час і магчымасьць адступіць. Масы беларусаў - жаўнераў трыццатае дывізіі - хлынулі ў адчыненыя французамі й амэрыканцамі дзьверы, узыйшлі на парог новага сьвету. З вакопаў і бункераў, з умацаваных будынкаў, з узгоркаў і далінаў, адусюль, дзе знайшоў іх хаўрусьніцкі агонь, па адным, меншымі й большымі групамі валакліся гэтыя новыя нявольнікі пад зброю францускіх і амэрыканскіх канвойных. Вочы іх гарэлі-сьвяціліся ад непраспаных начэй, запалыя шчокі, бледныя твары сьведчылі аб недаяданьні й вялікіх фізычных цярпеньнях. Кожны цягнуў на сваёй вопратцы па пару кілаграмаў гліны ці чорнай гразі. Шмат каго канвойныя пазбавілі чаравікаў, абулі ў танныя дзеравянкі, а то й пакінулі ў шкарпэтках ці анучах.

Група Рэшатава й Калмыкова кіравалася галоўнай вуліцай Асбаху ў бок Альткірху. Пры ўваходзе ў вёску, налева побач дарогі, францускія танкісты стараліся выцягнуць зь вязкай гразі цяжкі амэрыканскі танк «шэрман». Па абодвух баках яго вежы бялелі лёрэнскія крыжы - прынятыя дэ Голем знакі Вольнай Францыі. Вёска была перапоўненая цывільнымі й войскам. Па вуліцы ва ўсходнім кірунку паволі паўзьлі танкі й машыны. Жаўнеры, седзячы на іх зьверху, насалоджваліся хвалямі радасных галасоў і прывітаньняў жыхароў, якія падносілі ім хлеб і віно. Маладыя дзяўчаты, якіх жаўнеры трыццатай дывізіі рэдка й бачылі, кідаліся ў абдымкі да афрыканцаў, голасна сьмяяліся й дарылі іх сакавітымі пацалункамі.

Група Рэшатава са сьлімачай хуткасьцю пасоўвалася па самым краі вуліцы. Яе праводзілі крыкі, гігіканьне, лаяньне й зьдзеклівыя насьмешкі чорных афрыканцаў. Адна ці другая жанчына з натоўпу разьюшана падскоквала да калёны з кулакамі. Мужчыны кідаліся зь яўным намерам, каб ударыць каторага палоннага. Канвойным цяжка было трымаць воддаль цывільных. што раптам набраліся адвагі. Жыхары Асбаху хацелі, відаць, адпомсьціць галодным жаўнерам «трыццаткі» за тое, што адважыліся на працягу апошняга тыдня заспакойваць свой голад куском іхняга хлеба ці агародніны.

Сымон заўважыў у натоўпе жанчыну гадоў сарака з дзіцём на руках. Яна, прыглядаючыся да палонных, горка плакала. Хто-ж мог увайсьці ў тайніцы ейнага гора ў гэты дзень і час? Магчыма, што дзесь на далёкім фронце, мо на другім баку Эўропы, мела сына ці мужа ды ўяўляла, што й ён дзесь галодны, празяблы, а мо й хворы пляцецца ў ліку палонных пад чужым канвоем. А мо ўжо была ўдавой...

Адно двух- ці трохгадовае дзіця, нічога не разумеючы, чаму навокал такая вялікая суматоха, шырока расплюшчанымі нявіннымі вочкамі, толькі дзецям уласьцівым поглядам, пазірала навокал.

На заходнім баку Асбаху, зьлева, дымілі яшчэ галавешкі хаты, а ў суседняй вываленая была цэлая сьцяна. Магчыма, што якраз адгэтуль заікаўся халоджаны вадою стары бальшавіцкі «максім» пад час раньняга наступу францускіх адзьдзелаў. Далей дарога зьбягала ў лагчыну. Па абодва бакі яе валяліся снарадныя лускі, нямецкія шлемы, шапкі, патранташы. Крыху воддаль, налева й направа ў вадзе ляжала колькі пашматаных на кавалкі францускіх жаўнераў. Як давялося даведацца пазьней Сымону, французы раніцою, зусім бяз элемэнтарнай асьцярожнасьці, відаць, п'янаватыя, ішлі тут групамі ў наступ. Адзін з пярэдняе абароны батальёну Мураўёва пачаставаў іх парай панцырфаўстаў, ды, пэўна-ж, і той, ужо раней прыгаданы «максім» таксама наступоўцаў не пагладзіў.

Плетучыся паволі побач бясконцай калёны машын і танкаў, пад дзікія крыкі й насьмешкі мараканцаў, палонныя мінулі на рэчцы новапабудаваны мосьцік і накіраваліся ў вялікі двор фабрыкі пры ўваходзе ў Альткірх. У варотах двара групе загадалі спыніцца й пачалі вобыскі. Акрамя канвойных, падыходзілі да палонных і іншыя, што спыніліся з машынамі. Яны шукалі па кішэнях, выцягвалі запальнічкі, ножыкі, забіралі з рук гадзіньнікі, а некаторыя навет выкідалі ў гразь усякую непатрэбную ім дробязь. Праз увесь гэты час палонныя былі прымушаныя трымаць рукі ўверх.

Непадалёк на адкрытым джыпе сядзеў афіцэр і штосьці балбатаў у радыёперасыльны апарат. Магчыма, гэта быў карэспандэнт, а мо й афіцэр сувязі.

- Вы откудова? Вы русские? - адлажыўшы набок трубку, раптам спытаў ён па-расейску.

- Не, беларусы.

- Да всякие есть, - паправіў іншы.

- А чего же вы за Гитлера воевать пошли?

- Да мы не пошли. Он нас сам забрал.

- Да уж ожидайте, пока вам поверим, - скрывіўся афіцэр.

Адзьдзел, да якога трапіў Рэшатаў са сваёй групай, як выясьнілася, складаўся пераважна з мараканцаў. Было сярод іх шмат чорных, а таксама расейцаў, палякаў, а магчыма, што й беларусаў. Зрэшты, дзе пад час Другое Сусьветнае вайны ня было славянаў? Ваявалі яны пад усімі сьцягамі й па ўсіх тэатрах вайны.

На вялікай фабрычнай плошчы група спынілася. Пачаўся ўжо другі і яшчэ больш грунтоўны кантроль з боку канвойных. Бедны быў той, хто меў добрыя боты: хутка давялося зь імі разьвітацца. Сымон быў задаволены, што меў адно падношаныя чаравікі. Разутыя найчасьцей не атрымоўвалі нічога ўзамен. Французы, відаць, запасаліся абуткам, каб пры нагодзе было за што выпіць.

Воддаль ад новапрыбылых стаяў натоўп - сотні мо тры - раней ужо прыгнаных з трыццатай дывізіі. Сымон спасьцярог там Налепу й шмат іншых са свае роты. Афіцэры стаялі ў асобнай групе побач. Лейтанант Башмакоў ніяк не мог дапытацца, дзе згубіўся лейтанант Сьцервін. Камандзер роты Багданаў цьвердзіў, што пазаўчора каля гадзіны адзінаццатай Сьцервін сабраўся ў абход пазыцыяў і ад гэтага часу яго не бачыў. Думалі, што пазьней выясьніцца, што мо на гэты бок забадзяўся, ажно й тут няма. Чалавек як у ваду кануў. Ніхто зь іх так і не даведаўся, што сталася са Сьцервіным, а тыя, што ведалі, тым часам маўчалі.

Пасьля блізу гадзіннага чаканьня ўсіх палонных накіравалі ў горад пад канвоем мясцовае паліцыі. Прайшоўшы колькі вуліцаў, спынілі іх перад будынкам каманданта. Афіцэраў паклікалі на допыты. У гэтым часе францускія жаўнеры, што праходзілі й праязджалі, шнырылі ў людзей па кішэнях. Ужо зусім сьцямнелася, калі загналі палонных у падвал нейкага вялізнага будынку. Там прасядзелі мо пару гадзін, атрымаўшы першую страву па гэтым баку - па лыжцы нясмачнай поліўкі.

Заладаваўшы людзей на шматлікія транспартныя машыны, завезлі іх за паўдзесятка кілямэтраў у нейкае мястэчка, дзе разьмясьцілі на начлег (як Сымон назаўтра даведаўся, прыгледзеўшыся) у пустой жыдоўскай сінагозе. Пры ўваходзе ў яе яшчэ раз лазілі людзям па кішэнях, і ў шматлікіх беларусаў вытварылася ідэя, што французы - дасканалыя кішанёвыя майстры.

Сымон апынуўся наверсе, у вялікім бочным пакоі. Людзей напакавалі туды, як у бочку селядцоў. Праз вокны сьвістаў вецер. Было цёмна. Людзі клаліся адпачываць на сьцюдзёнай падлозе. Ногі й галовы так паблыталіся, што цяжка было-б і разгледзець, што да каго належыць.

У адным кутку чуваць было нямецкую мову.

- Ты куды нагу ўпёр мне ў плечы! - жаліўся адзін голас.

- Павярніся-ж ты хаця крышку, каб і я прылёг.

- Вось дык і жывём, - уздыхнуў трэці.

- Камэрад, камэрад! Дас іст фаў драй! - дражніў немцаў Рэшатаў.

Колькі чалавек гучна засьмяялася.

 

: II

 

Раніцою Сымон разгледзеўся. Бажніца была паўнюсенька набіта народам. Балькон, ніжняя заля, бочныя каморкі - усё было перапоўнена.

- Слухай! - гукнуў Сымона Пісаронак. - Караткевіч тут ёсьць.

- Так? Дзе ён?

Знайшлі Віктара на бальконе. Сядзеў і, пазяхаючы, разглядаўся. Усміхнуліся, паздароўкаліся, моцна паціснулі рукі.

- А калі-ж ты трапіў? - пытаў Сымон.

- Учора апаўдні.

- Дык дзе-ж ты так доўга быў заваляўся?

- Братка, каб ты толькі ведаў, - пазяхаў ізноў той. - Хацеў я ўжо быў заставацца ў селяніна. Дамовіўся, усё абцяпаў, як належыцьца. Начаваў у яго цэлую ноч. Дзе-ж ты, братка, такое бачыў... Як пасядзеў адну пару ў тых вакопах - вады па калені... Не, думаю, не такі я дурань, каб калець на сьцюжы. Дык ведаеш, пайшоў да Рэшатава й прашу, каб даў мне боты. Ён кажа: дам табе боты, дык хутка ні цябе, ні ботаў не ўбачу. Зараз змыешся, кажа. Як узяла мяне, братка, злосьць. Не, думаю, скула-ж табе ў бок. Калі так, думаю, дык і фігу мяне больш убачыш. Забраўся я да мужыка ў пуню на сена й выспаўся як належыцьца. Спаў да васьмі. Раніцаю ўстаў, папіў культурна кавы, пасьнедаў у гаспадара дый толькі ўжо збіраўся ў цывільнае пераапранацца, як тутака табе й пачалося. Ад хаты да пуні не было як перабегчы: міны кругом клаліся, кулі навокал сьвісталі...

- А я-ткі думаў, чаго яны так моцна ў тым баку страляюць? - жартаваў Сымон, ведаючы, што сябра заўсёды дабаўляе й перахвальвае. - Ажно гэта яны цябе стараліся зь бясьпечнага сховішча вывудзіць. От яно як!

- Ты сьмейся ня сьмейся, - крыху зьбянтэжыўся Віктар, - а надта смачна й ня было. Гаспадар дамовіўся мне цывільную вопратку ў пуню прынесьці. Дык дзе там! Ня было як. Ці то ня мог прайсьці, ці то пабаяўся. Ягоная хата была якраз з таго боку вёскі, дзе найбольш абстрэльвалі. Што-ж тады мне заставалася рабіць? Залез я, ведаеш, у хлеў і схаваўся пад бычкоў за карыта...

- Куды? Куды?

- Схаваўся за карыта ў быкоў.

- У быкоў? Га-га-га! - рагатаў Сымон, а Пісаронак яму памагаў. - Але-ж зь цябе й ваяка. І даволі арыгінальнае сховішча. А даіць іх ня пробаваў? Га-га-Та, хэ-хэ...

Віктар зьбянтэжыўся.

- Ну, апавядай далей, - спанукаў сябра.

- Што-ж там многа апавядаць? Прыйшлі й выцягнулі.

- Хто прыйшоў і як выцягнулі?

- Гаспадар сказаў ім, мусіць, бо доўга чакаць - не чакаў. Прыйшло, брат, двое - чорны зь белым. Як хвацілі мяне за рукі й ногі ды як павалаклі з-за таго карыта, дык чаго ўсіх канцавінаў не павыкручвалі. Як убачылі, заразы, гадзіньнік, дык чаго з рукой не адарвалі. Забралі ўсё ўсенькае: і хлябак, і шапку, застаўся во як стаю.

- Эх, брат, ну й ваяка-ж зь цябе, - сьмяяўся Сымон. Рана пачалі ладаваць палонных на машыны. Між афіцэраў відаць было й маёра Мураўёва. Ён стараўся быць вясёлым, але гэта не надта ўдавалася. Вясёласьць была штучная. Тое-ж наглядалася й між іншых афіцэраў. Яны апранулі штучныя маскі бесклапотнасьці, з-пад якіх відаць было няпэўнасьць ці навет і некаторую трывогу. Магчыма, што ў галовах гнязьдзіліся ранейшыя, часта паўтараныя немцамі пагрозы, што ўсе палонныя будуць аддадзеныя ў рукі Сталіна.

Даўгі транспарт з палоннымі, што стаялі ў кузавах аўтамашынаў, ужо каля паўдня выехаў у кірунку Бэльфорта. Праяжджалі празь вёскі, густа ўпрыгожаныя францускімі сьцягамі, міма сьвяточна апранутых жыхароў і калёнаў францускага войска, што пасоўвалася на фронт. З боку як адных, так і другіх у адрас палонных чуліся дзікае выцьцё, пагрозы й насьмешкі. Той ці іншы з французаў падбягаў і стараўся плюнуць у палонных. Хто ведае, ці сустрэчныя адносіліся-б інакш, калі-б ведалі, што палонныя ня былі немцамі.

Транспарт праяжджаў празь вялікую вёску, дзе разбурэньні й розны хлам на вуліцы сьведчылі аб нядаўніх баёх. Усюды было поўна цывільных і вайсковых. На павароце аўтамашыны спыніліся. Сымон зь сябрамі стаяў у кузаве другой машыны. Колькі цывільных, у тым ліку адна жанчына, набраўшы поўныя прыгаршчы гразі, пачалі абкідваць ёю палонных. Яны дзіка смяяліся й крычалі, калі гразь пападала ў мэту. Канвойныя, што стаялі па чатыры ў кожным кузаве з бакоў, з уцехаю глядзелі на тыя зьдзекі, бесьперапынна жуючы амэрыканскую гуму.

Малы смаркаты падлетак, каб зблізку лучыць гразёй у каторага палоннага, спрабаваў узабрацца на прыступку кабіны. Гразь, няўмела кінутая малой рукой, адбілася аб борт кузава й часткова трапіла смаркачу за каўнер. Пачырванеўшы ад сораму й злосьці, ён схапіў з кучы хламу палку й зноў стараўся дастацца на прыступку, каб біць безабаронных людзей. У гэты час адзін старэйшы чарнавусы мужчына, прыдбаўшы добрую дубіну, пачаў абкладаць ударамі палонных на кузаве трэцяй машыны. Былі там пераважна немцы, й тым па краях добра папалася. У кузавах машынаў адбываўся ў часе гэтых пабояў рух: мацнейшыя выпіхалі слабейшых на краі, а самі ціснуліся, прысеўшы на кукарэчкі, у бяспечную сярэдзінку. Пабоі й дзікія крыкі натоўпу прадаўжаліся, аж пакуль транспарт ня рушыў зь месца.

На змярканьні транспарт прыехаў у малое мястэчка блізу Монтбэльярда. Вялізарная пустая хвабрычная заля памясьціла звыш тысячы чалавек. У ліку іх было каля чвэрці немцаў. Вечарам былі выдадзены першыя харчы: дванаццаць бісквітаў (сухароў) на кожнага, вялізная пушка - каля трох кілаграмаў - валовай кансэрвы на восем чалавек і па пушцы кансэрваванага супу на кожнага. Многія цьвердзілі, што паёк гэты быў лепшы, чымся ў арміі пры немцах. Мелі слушнасьць. Такі-ж самы паёк атрымалі й на наступны вечар, дык і на голад не давялося жаліцца. Адчувалася адно нястача вады, якой выдавалася абмежаваная колькасьць. Пасьля валовай кансэрвы нядрэнна п'ецца, й дзеля таго кожны хацеў прапаласкаць рот. На другі дзень немцаў пачалі накіроўваць у далейшы вабоз, а новыя транспарты цэлы час прывозілі палонных з фронту. Да Спарыша, Караткевіча й Пісаронка далучыліся тут Жылякоўскі, Дудкевіч, Сакоўскі, Лобік, Замочак і іншыя. Пасьля абмену весткамі выявілася, што на фронце зь ліку былых кадэтаў зь Менскай афіцэрскай школы загінула двое сяброў. Качаноўскі, празываны спартсмэнам, загінуў у лесе на правым крыле ад Асбаху. Лях, што паходзіў дзесьці з Наваградчыны ды разам з Дудкевічам трымаў пазыцыю пры кулямёце на поўдзень ад Альткірху, быў забіты незаўважаным навет сваймі сябрамі побач. Відаць, снайпер узяў яго на мушку. Як сядзеў пры кулямёце, якога не маніўся выкарыстоўваць, так і ўзьлёг на яго. Сябры думалі, што задрамаў. Пасьпелі яшчэ пахаваць. Ніхто ня мог з пэўнасьцю сказаць, ці хто з былых кадэтаў адступіў зь немцамі на ўсход.

 

: III

 

Дзьве пары прабылі палонныя ў пустой хвабрыцы й на трэці дзень пехатой былі накіраваны ў Монтбэльярд, дзе затрымаліся на вялікім школьным панадворку. Тут-жа былі ўжо ўсе палонныя афіцэры. Адлучыўшы немцаў у асобную групу, француз у цывільным адзеньні загадаў сваім людзям пры дапамозе палонных афіцэраў перапісаць асобна палякаў, а асобна расейцаў. Беларусаў і ўкраінцаў як быццам і ня было. Выглядала, што французы мелі наўвеце дзяржаўную прыналежнасьць, а не нацыянальнасьць. Гэткі загад паставіў у тупік шматлікіх гарачых патрыётаў беларусаў і ўкраінцаў, для якіх адмова ад собскае нацыянальнасьці азначала шмат больш, чымся двукосьсе на ўрадавай паперы. Дарэмным было-б старацца даводзіць некаму з французаў, што акрамя палякаў і расейцаў ёсьць народы, якія страцілі незалежнасьць, але ніколі ня выракліся сваёй гістарычнай спадчыны й змагаюцца за аднаўленьне дзяржаўнасьці. Па-першае, палоннага ніхто ня слухаў, і той, хто наважыўся-б выясьніць справу нацыянальнасьці, сьцягнуў-бы, пэўна, на сваю галаву больш клопату, чым дабіўся-б карысьці, па-другое, хто-ж мог бы спадзявацца, каб нейкі францускі вайсковы ці цывільны чыноўнік мог разьбірацца ў такіх справах ды шчэ ў такіх умовах, дзе ён быў поўным гаспадаром жыцьця й сьмерці гэтых палонных...

Разумеючы ўсё гэта, навет самыя гарачыя беларускія патрыёты пакінулі думкі аб тым, каб пісацца беларусамі. Ведалі, што гэта магло-б раўняцца самагубству. Маглі-б іх палічыць за расейцаў. Пасьля-ж, хто ведае, маглі-б выслаць да Сталіна. Усё-ж такі цяжка чалавеку рабіць гвалт над собскім сумленьнем, тым больш калі яно да гэтага часу было чыстым перад сабою, Богам і Бацькаўшчынай. Адно ратаваньне жыцьця змусіла шмат каго на такі крок.

Пасьля даўгаватага працэсу перапіскі выявілася, што група расейцаў была вельмі скупая - усяго пару дзесяткаў чалавек. У іх ліку апынулася трое кадэтаў зь Менску, што да вайны гадаваліся пад маскоўскай акупацыяй. Польшча-ж значна пабагацела на новых «палякаў», на перапіску якіх пайшло шмат аркушаў паперы. «Палякамі» сталіся Сымон Спарыш, Віктар Караткевіч і іншыя іх сябры з былое Школы Камандзераў БКА.

Калі жарты й кпіны ў амаль бязвыхадным становішчы сапраўды вызначаюць жыцьцяздольнасьць і трываласьць некаторых людзей, дык можна сказаць, што якраз да такіх належала бальшыня былых менскіх кадэтаў.

- Відаць, братцы, выгадней будзе ад цяперашняга часу апрануць чужую скуру, - камэнтаваў адзін перапіс і шлях у «палякі».

- Як то чужую? А што-ж ты мо не паляк? Ці-ж ня сам гэта меў гонар радзіцца ў вялікай і моцарствовай? - падпусьціў другі зь няскрыванай іроніяй.

- Ці-і-і-і-і-ха вы! - перапалохаўся трэці. - Не забывайцеся, што могуць непакліканыя вушы гэту гутарку пачуць. Вам тады не на жартачкі выйдзе.

- Дык, мусіць, братцы, калі мы - «палякі», варта й на польскую гутарку памаленьку пераключацца.

- Пся крэў! - пераключыўся ўжо адзін.

- Перастанеце вы нарэшце ці не? Пара ўжо вырасьці й быць больш асьцярожнымі. А то быццам дзеці малыя, сьмешачкі ўсё...

Ноч пераначавалі ў школьным падвале на голай падлозе. Назаўтра раніцою, заладаваўшы палонных на аўтамашыны, транспарт накіраваўся ў Бэзансон. Ехалі той самай дарогай побач ракі Дуб, якой калісьці адступалі з Францыі. Пазнавалі вёскі й мястэчкі. Кадэты БКА пазналі навет тое месца, дзе бальшыня іхных сяброў перайшла да макісаў. Шмат мясьцінаў было цалкам разбурана й спалена. Макісы, як відаць, дрэнна стараліся ўсьцерагчы маёмасьць свае краіны перад знішчальнымі адзьдзеламі немцаў.

У Бэзансоне аўтамашыны накіраваліся на ўсход ад гораду дарогай, што вяла на высокую гару, на версе якой палонныя пабачылі высокія муры старой цвярдыні - Форт Брэвіль. Вужакай узабраўшыся наверх, дарога перарэзала першую старасьвецкую каменную сьцяну. Зараз за гэтай першай, даволі высокай сьцяной паабапал дарогі налева й направа відаць былі руіны. Другая сьцяна была яшчэ вышэйшая й мацнейшая. За ёй цягнулася глыбокая шыракаватая канава, абодва бакі якой спалучаў трывалы каменны мост. Аўтамашыны спыніліся перад галоўнай брамай цьвярдыні, ля якой стаяў вартавы. Гэта ўжо трэці з чаргі мур вышыні мо на мэтраў пятнаццаць быў асноўным і найлепш утрыманым. Скрыпнулі дзьве вялікія палавіны старое брамы, і машыны зь людзьмі пакаціліся адна за другой на шырокі двор.

Амаль у цэнтры яго, на невялікім бугры, стаяў немалы каменны двухпавярховы будынак прастакутнае формы. Крыху воддаль за ім ззаду стаяла малая капліца. Паміж двума будынкамі, як давялося пасьля заўважыць прыезджым, знаходзілася брацкая магіла закатаваных немцамі францускіх патрыётаў. На магіле стаяла вялікая пліта з крыжам ды дзесяткамі імёнаў і прозвішчаў. Можна было меркаваць, што Бэзансонская цьвярдыня - Форт Брэвіль была ператворана немцамі ў катоўню. Муры ейныя былі апырсканы кроўю францускіх патрыётаў.

Вялікі двор, у цэнтры якога былі прыгаданыя намі кагадзе аб'екты, быў абкружаны двух- і трохпавярховымі будынкамі з тоўстымі каменнымі сьценамі, у прызначэньні якіх цяжкавата было разабрацца. Сярод палонных было шмат немцаў, адасобленых ад усіх іншых. Па схудзелых і змучаных тварах можна было здагадацца, што кармілі іх дрэнна ды што знаходзяцца яны тут ад даўжэйшага часу, збіраныя з усіх адрэзкаў фронту.

Новую групу зноў падзялілі паводле нацыянальнасьцяў. Групай «палякаў» заапекаваўся сярэдняга росту й веку, шыракатвары, добра адпасены мужчына, апрануты напалову па-цывільнаму, напалову па-вайсковаму. Меў цёмна-зялёны мундзір, шэрую вайсковую фуражэрку з жаўтаватым арлом наперадзе й чорныя цывільныя штаны.

- Uwaga! Bacznosc! - вырвалася з ягонае хрыплаватае глоткі. - Ustawic sie w trojszeregu!*

* Увага! Зважай! У тры рады шыхтуй! (польск.)

«Палякі» схамянуліся, пачуўшы новую для іх ці ўжо надта-ж даўно забытую мову й каманду, ды памалу, як авечкі, топчучыся, і не бязь лішніх таўхалёў, пачалі станавіцца ў калёну па трое.

- Naprawo r-o-o-wnaj! - ня сунімаўся новы камандзер. Беларускія афіцэры на правым крыле, а за імі цэлая вялізарная калёна так-сяк выраўнялася. Камандзер з двума французамі пералічыў усіх, пачынаючы з правага крыла, выдзеліў у асобную групу афіцэраў, параўнаў колькасьць усіх з колькасьцю прозьвішчаў на перапісаных лістах і, адлічаючы зноў па колькі дзесяткаў, накіроўваў кожную групу ў адны ці ў другія дзьверы падвалу каменнага будынку.

 

: IV

 

Зьмяркалася. Падвал, у які трапілі Віктар і Сымон зь сябрамі, быў зусім цёмны. Палонныя вобмацкам шукалі, дзе прытуліцца нанач. Новапрыбылыя хутка выявілі, што падвал ня быў пусты: колькі папярэджаньняў і лаянак у польскай мове сьведчылі, што тут ужо прысутнічала пэўная група «родакаў». Пасьля колькіх пытаньняў новапрыбылыя даведаліся, што тыя таксама служылі пры нямецкім войску, хоць і былі палякамі, як яны тлумачылі, сілаю забранымі з «кангрэсоўкі» або зь Сілезіі. Беларусы ўгадвалі, што быў гэта ня хто іншы, як польскія «фольксдойчы», якія цяпер пры зьмене палітычнага ветру зьмянялі й нацыянальны колер.

Людзей налезла, як селядцоў. Паветра было цяжкое, пахла цьвільлю. Сымон і Віктар вобмацкам знайшлі пустое месца на вялікім круглым камяні. Угадвалі, што быў гэта млыновы камень. Тут-жа побач яго намацалі вялікае драўлянае кола. Усё гэта сьведчыла, што падвал некалі служыў млыном.

- Вот, братка, будзе табе сяньня пасьцеля, - гаварыў упоцемку сярод ціхага агульнага гоману Віктар.

- Адно, што на галаву капаць ня будзе. Што й гаварыць - высьпімся па-людзку.

- Яшчэ-б! Бяда вось адно, што нічога пасёрбаць не далі. Кішкі марш граюць.

- Весялей, брат, будзе спаць.

- І што, ты думаеш, з намі будзе?

- Вось дзівак, яшчэ пытаецца. Усё добра будзе. Ты сягоньня памножыў шэрагі палякаў, дык яны цяпер аб табе й клапаціцца будуць.

Удзень яшчэ, адразу пасьля прыезду ў Форт Брэвіль, «палякі» даведаліся, што ў хуткім часе маюць быць добраахвотна высланыя ў польскую армію ў Італію.

- Так, гэта я ведаю. Мяне цікавіць толькі, як яно там тое польскае войска выглядае, - мяркаваў Віктар.

- Нейкі-ж там цяпер у іх маршалак ці «вудз начэльны» ёсьць. І, пэўна-ж, такімі, як мы, «патрыётамі» заапякуецца.

- Чорт пабяры, але-ж, брат, і цьвёрда. Ніколі-ж не даводзілася яшчэ на камені спаць, - жаліўся Віктар, паспрабаваўшы прылегчы і не зьвярнуўшы ўвагі на саркастычную нотку ў Сымонавым адказе.

- Але ты ведаеш, - цягнуў сваё Спарыш, - нашы дарогі, мая з тваёй, значыцца, мусіць, ніколі не разлучацца. Гэта-ж я думаў, як нас там пад Альткірхам разлучылі ды паслалі ў іншыя вакопы, што мо прыйдзе якая завіруха й згубімся. Ажно не. Мусіць, ужо нам лёс вызначыў быць усюды разам.

- Або як мы некалі ўмовіліся ўцякаць у горы, - прыпамінаў Віктар, - і ты пайшоў, а я не. То ты пасядзеў на гары й вярнуўся. Ізноў дарогі чуць не разлучыліся.

- Даволі дзіўна злажылася. Відаць, што й будучыня ў нас супольная. Давай, брат, ужо трымацца разам, што-б ні было.

- Трымаліся ад пятае клясы, дык чаму-б цяпер ня трымацца. Але-ж, брат, і муліць гэты камень, чорт-бы яго пабраў!

- Гэй, сусед! Сусед! - клікнуў Сымон у курінку агню папяроскі, што мігаў упоцемку. - Хто гэта? Ты, Дудкевіч? Дай і мне пару разоў смактануць, хоць вусны папячы.

- Нічога, браток, ужо не пацягнеш. Дастаў во сам на ногаць даўжыні тут ад аднаго збоку, - тлумачыў Дудаевічаў голас, - адно слінькі засталіся.

Дзесьці з кутка, спачатку ціха, а пасьля галасьней, дрыгаючы, заікаючыся й захлынаючыся ў агульным бубненьні людзкіх галасоў, прыбегла да вушэй якаясьці песьня аб Касі й Ясю.

- Вось табе й весялей цяпер будзе, - таўхануў Спарыш Віктара. - Мо калісь і сам сьпяваў ды забыўся, дык прыпомні.

- Глядзі во, некаму-ж і весела тут. Маўчалі-б ужо лепш. Гул у падвале паволі сьціхаў. Нядоўга трывала й выцьцё сьпевакоў. «Няма лепшага лякарства на забыцьцё нядолі, чымся сон», - думаў Сымон, стараючыся заснуць. Адылі сон нялёгка прыходзіў. Акрамя мулкага млыновага каменя пад бакамі й галавой, сама галава была перапоўнена роем думак.

Поўная зьмена абставін, а самае галоўнае - тое, што воляй-няволяй давялося трапіць у «палякі», вярэдзілі пачуцьці й сумленьне беларускага патрыёты. Ясна, што ня было іншага выйсьця, што чалавек бачыў сябе, як нейкую дробненькую бездапаможную пылінку на хвалях бурлівага ваеннага мора. Але пачуцьцё не заўсёды накіруеш сьцюдзёнага й прадуманага выснаву, асабліва калі ім кіруе гарачая й бязьмежная любоў да паняволенай Бацькаўшчыны.

 

: V

 

Разбудзілі рана. Пры дзьвярах падвалу, зь якіх паволі вылазілі на двор палонныя, стаялі па тры перапішчыкі. Сымон зь Віктарам і іхныя сябры заўважылі пры сваіх дзьвярах Кнора - камандзера іхняга зьвяза ў Менскай Школе БКА. Зь ім быў іншы афіцэр з батальёну Мураўёва й трэці, якіх хлопцы ня ведалі па прозвішчах.

- Як прозьвішча? - спытаў Кнор па-польску Сымона.

- Сымон Спарыш.

- Пан зьяўляецца палякам, пане Спарыш?

Пры гэтым Кнор зусім выразна, але незаўважна для двух іншых афіцэраў маргнуў Сымону правым вокам.

- Так, я ёсьць паляк.

Пры гэткім пытаньні й адказе карціла юнаку зарагатаць перад Кнорам на ўвесь голас, але асьцярожнасьць падказала іншае. Кнор адзначыў знаёмага ўжо яму амаль шэсьць месяцаў «паляка» па сьпіску й апытваў далейшых. На шырокім двары электрычны рухавік пампаваў ваду. Адна помпа забясьпечвала нейкія тры тысячы палонных у мурах Форт Брэвіль. Як давялося даведацца нашым гэроям, бальшыня тутэйшых сталых палонных былі немцамі. Атрымоўвалі яны на дзень па 250 грамаў чорнага хлеба й па макулінцы маргарыну. Два разы на дзень атрымоўвалі ваду, за якой ужо цяпер станавіліся групамі ў чаргу каля помпы.

З аднаго будынку двое палонных вынесьлі на насілках цень чалавека й заладавалі на аўтамашыну, што накіравалася вонкі цераз галоўную браму. Яшчэ адна ахвяра вайны й няволі...

Атрымаўшы сьціплую порцыю чорнага хлеба й маргарыны, палонныя рушылі каля паўдня на Бэзансонскую станцыю. Сымон дачуўся ўжо пазьней, што маёр Мураўёў з Рэшатавым і шматлікімі іншымі былымі савецкімі афіцэрамі, а таксама й група радавых, трапілі з Бэзансонскай цьвярдыні за калючы дрот вабозу, адкуль стараліся іх выслаць да «бацькі» Сталіна. Хадзілі чуткі, што некаторым зь іх удалося дастацца ў францускі чужаземны легіён, а некаторых везлі ў савецкую Расею, ды што не адзін зь іх кінуўся з борта мараплаву ў Міжземнае мора. Усё гэта былі толькі чуткі, якія немагчыма было вайной праверыць.

Эшалён з палоннымі быў пад наглядам былых афіцэраў. Канвойных ня было, акрамя колькіх чалавек польскае ваеннае місіі. Фактычна людзі ўжо ня былі палоннымі й вальней уздыхнулі. Сымона здзівіла тое, што бальшыня людзей ўжо пераключылася на польскую мову. Калечылі яны яе, зьдзекаваліся над ёй на розныя лады - аж слухаць было брыдка. Усё-ж Сымонавы й Віктаравы сябры, былыя кадэты зь Менску, гутарылі па-беларуску й ні перад кім ня крыліся.

Цягнік з таварнымі вагонамі, перапоўненымі «палякамі», пакінуўшы Бэзансон, накіраваўся праз Доль, Дыжон і Валенцыю ў Авіньён, што ляжыць у дэльце Роны, блізка на поўнач ад Марсэлю. Іншым разам чалавек мог бы захапляцца хараством вінаградных палёў ронскай даліны, жахнуцца, убачыўшы зьнішчэньні Дыжона й іншых спадарожных гарадоў. Цяпер усё было ахутана пакрывалам абыякавасьці. Голад, нядоля й няволя прытупілі рэакцыю на ўсё чутае й бачанае. Апатыя да жыцьця зьяўляецца адзінай меркай перыяду існаваньня, калі нармальна ня жывецца й не адчуваецца.

 

: VI

 

Польскі транзітны вабоз у Авіньёне меў адно заданьне: працай вайсковае місіі, што трымала кантакты з камандамі хаўрусьніцкіх сілаў у паўдзённай палавіне Францыі, зьбіраць усіх грамадзян былой Рэчы Паспалітай, так ці йнакш трапіўшых пад нямецкія вайсковыя штандары, і накіроўваць іх у Італію ў Другі корпус, што ўваходзіў у Восьмую брытанскую армію. Акрамя людзей з нямецкіх фармацыяў, вайсковая місія старалася вербаваць і іншых палякаў на тэрыторыі Францыі. Вабоз быў адно зборным і перасыльным пунктам. Ня было тут ані дакладнага медыцынскага агляду, ані выдаваньня вайсковай вопраткі, ані вайсковых заняткаў. Людзей зьбіралі, кармілі, у выпадку патрэбы давалі медыцынскую дапамогу і адсылалі мараплавамі з Марсэлю ў Нэапаль.

У абозе былі выгодныя баракі, кухні, лазьні, прасторны пляц, што пад восеньскімі дажджамі замяніўся ў жыдзенькую жаўтаватую калатушку, ды - ці не самае найважнейшае - вялікія канцылярыі, што гулі сотнямі галасоў, вечна пульсавалі жыцьцём бесканечнае ракі народу. Харчы былі добрыя. Праежджыя адпачывалі тут, нічога не рабілі, адно памалу загойвалі фізычныя раны.

Якіх там толькі людзей і тыпаў не давялося бачыць! Перадусім - вопратка. Шмат было апранутых па-цывільнаму. Іншыя дзесьці й аднекуль, мо яшчэ зь перад вайны, захавалі ведамыя чатырохрожныя шапкі, званыя рагатоўкамі. Надта сьмешнымі выглядалі яны для непрывычных вачэй. Вялізная колькасьць, мо больш паловы, насіла нямецкую вайсковую вопратку. Былі некаторыя ў амэрыканскіх і брытанскіх «батледрэсах». Акрамя польскае мовы, чуваць было найбольш беларускай і ўкраінскай. Не ўсе хаваліся са сваёй мовай і нацыянальнасьцю. Хіба-ж і вайсковая місія й каманда Другога корпусу ў Італіі ня ведалі, што амаль палова насельніцтва перадваеннай Польшчы была беларусамі і ўкраінцамі? Дык і цяпер мусілі талерантна адносіцца да моваў і нацыянальнасьцяў.

У Авіньёне нашы гэроі прабылі цэлы тыдзень. За гэты час адпачылі й фізычна пахарашэлі. Чысьцілі, мылі, латалі, вылежваліся ў сухіх і цёплых чыстых пасьцелях або хадзілі па абозе й зьбіралі навіны.

На трэці дзень пасьля прыезду сустрэлі пры санітарным пункце Віктара Сянькевіча й Касіновіча - двух сяброў з групы Грамыкі. Узрадаваліся ім, як братам, тым больш яшчэ, што ад іх здабылі весткі аб частцы колішняй афіцэрскай школы, што перайшла да макісаў. Была надзея, што зноў усе зьбяруцца ў кучу, хоць ужо на італьянскім беразе.

Пасьля шасьцідзённага адпачынку ў Авіньёне група ў ліку 418 чалавек накіравалася ў Марсэль, дзе затрымалася ў транспартным абозе блізка порту Пару дзён пазьней прыехала з Авіньёна яшчэ 200 чалавек. Выходзіць у горад было забаронена. Забівалі час гульнёю ў карты. На зьведаньне гораду мала было ахвотнікаў. Ня ведалі мовы, ня мелі грошай. Ніхто не жадаў валачыцца бяз мэты. Чакалі на выезд.

 

 

Частка другая. Бэрлін - Цьвізэль - Нэапаль - Балёнія

 

Кляймо нячысьціка

 

: I

 

Вялікія прасторы пустога адкрытага мора заўсёды натхняюча ўзьдзейнічаюць на чалавека. Які прастор! Якая вольнасьць! Якая магутнасьць! Зрок ваш блудзіць па шэра-блакітных ці зеленкаватых бурлівых хвалях і, не знаходзячы пункту апоры, мімаволі паведамляе розуму пра веліч і бязьмежнасьць бачанага. Мо першы раз у жыцьці вы бачыце мора ці акіян і ня можаце наглядзецца. Яно вас паглынае, усочвае ў сябе. Яно - вольнасьць, яно - уздым, яно - магутнасьць! Вы адрываецеся ад рэчаіснасьці, забываецеся, што, будучы на борце мараплава, усё яшчэ зьяўляецеся часткаю людзкога й цывілізаванага. Блудзіце зрокам туды, дзе амаль незаўважна край мора зьліваецца з прасторам неба. Захапляецеся стыхіяй бязьмежнае, здаецца, вады й паветра і ўяўляеце, што вы таксама частка яе. Калі вы здольныя глыбока думаць і марыць, то забудзецеся аб фізычным існаваньні й станеце часткаю неабсяжнага мора, часткаю вольнае, магутнае прыроды.

Ня дзівіцеся, калі паэт, сутыкнуўшыся зь вялікім прасторам мора, гойдаючыся дзесь на мараплаве, адкоціць такі ёмкі верш ці паэму, што вы ніколі й не падазравалі-б яго ў такіх здольнасьцях. Мора - яго натхненьне. Ён-жа абавязкова пад тым вершам ці паэмай і зазначыць, што напісана на Атлянтычным ці іншым акіяне, дый не забудзецца аб даце, каб ведалі, маўляў, што ён быў там і што магутныя воды маюць і на яго такі самы творчы ўплыў, як на сотні й тысячы іншых слаўных папярэднікаў - тварцоў мастацкага слова.

Ня дзівіцеся, калі пачуеце, што мора мае й гаючыя ўласьцівасьці. Ці адзін духова змучаны й скалечаны чалавек знойдзе ў мерных і шумных марскіх пералівах бальзам, што гоіць духовыя раны, дапамогу ў турботным жыцьці, раўнавагу духовае трываласьці, знойдзе надзею й пабачыць зарысы лепшае будучыні.

Але мора - гэта перадусім стыхія, сіла. Неабмежаваная, нявычарпальная. Яно ад бяспамятных часоў нішчыла, крышыла й тапіла на сваім шляху ўсё слабое, бездапаможнае. Нязьлічоныя разы было загубай для чалавека. Тапіла ягоныя заакіянскія экспэдыцыі, руйнавала ўзьбярэжную маёмасьць і здабытак. Чалавек нарэшце знайшоў сродкі бясьпечнага падарожнічаньня па моры, але ніколі не пакарыў яго неабмежаванай сілы.

Сымон, едучы з Марсэлю ў Нэапаль мараплавам разам са сваймі сябрамі, першы раз быў на моры. Перад вачыма задумлівага юнака разьлёгся новы, вялікі й бязьмежны сьвет. Ціхае зеленкаватае Міжземнае мора дыхала магутнасьцю, вольнасьцю. Лёгкі паўдзённа-заходні вецер часаў грывы хваляў, асеньнім халадком перакачваўся й разгульваў па шурпатай гладзі. Чарада чаек шнурам цягнулася ў хвасьце за мараплавам, манатонным і сумным крыкам наганяючы нейкую тугу й журботу.

 

: IІ

 

Пасажыры павольна хадзілі па палубе, заглядалі ва ўсе закануркі старога мараплава, сачылі за рутыннай працай матросаў, прыглядаліся хвалям і птушкам, гаманілі аб тысячы й адной розных дробных справаў;

Задуманы Сымон стаяў, абапёршыся на агароджу борту, і дзесьці блудзіў зрокам удалечы. Лёгка-шумнае мора, журботны крык чаек і раўнамерны рух мараплаву нараджалі ў юнацкай галаве ці мала думак. Жыцьцё, як яго бачыў хлапец, было няцікавае й невясёлае. Даўно абыякавасьцю апрануліся ягоныя пачуцьці. Як мараплаў цяпер плыў у нейкі чужы Нэапаль, у новую прыстань, так, выдавалася яму, плыла й вялікая, страшная хваля жыцьця. Хтосьці аднекуль кіраваў гэтай хваляй, вызначаў ейны бурлівы ход да нейкай мэты. Ён, Сымон, быў несены ёю міма сваёй волі, кіданы з аднаго канца Эўропы ў другі. Вось хваля тая хутка выкіне яго на незнаёмы бераг, там падхопіць іншая ды з новай сілаю панясе далей у няведамасьць, і так, здавалася, будзе без канца. Ня быў гаспадаром самога сябе, не загадваў курсам жыцьця й лёсу, а даўно ўжо стаў часткаю нейкай вялікай, бяздушнай, жахлівай пражорлівай машыны. Яна дыхала агнём і жалезам, харчавалася смерцю й калецтвам, нішчыла слабое й бездапаможнае, крышыла-папяліла ўсё па дарозе.

Дык і што з таго было Сымону, што сяньня пакінуў ззаду Марсэль, а заўтра пабачыць Нэапаль? Ці-ж італьянская зямля магла быць для яго больш гасьціннай, чымся француская? Або што яму з таго, што цяпер задарма падарожнічае па Міжземным моры? І ці-ж дарма? Ці-ж ня прыйдзе дзень, калі крывёй давядзецца заплаціць за такое падарожжа? Дзе-ж была тая крыніца надзеі й веры ў нешта вялікае, лепшае, да чаго чалавек імкнецца й што трымае яго пры жыцьці? Да чаго цяпер мог імкнуцца Сымон, ня будучы гаспадаром самога сябе й трапіўшы ў шэрагі людзей, якіх даўно навучыўся ненавідзець за іхныя зьдзекі над беларускім народам? Ці льга было адгадаць, што нясе будучыня?

Даўно ўжо мінула пяць гадоў ад часу, як Сымон, тады яшчэ чатырнаццацігадовы школьны хлапчук, жыў пад польскай акупацыяй. З успамінаў, што захаваліся ў галаве адносна акупанта, стараўся цяпер угадаць, як выглядае польская ўлада, войска й паны на чужыне. А ўспамінаў гэтых было - хоць адбаўляй. Надзвычайна добра прыгадваў усё з раньняга дзяцінства, лепш мо навет, чымся тое зь недалёкай мінуласьці.

Вось, прыкладам, першы дзень у школе.

Даўно карціла Сымону ў школу. Будынак быў па суседзтву, і хлапец вечна то тырчаў на школьным панадворку, то падслухоўваў пад кляснымі дзьвярыма. Сачыў і слухаў, што робяць дзеткі. Зайздросьціў ім і шкадаваў, што так паволі расьце ды яшчэ яму не пара з большымі ў школу. Кожны дзень выпытваў матку, калі-ж яна нарэшце пашле яго на навуку. Ажно прыйшоў доўгачаканы дзень.

Матка, трымаючы босага Сымона за руку, прывяла яго ў клясу. Настаўніца ўталопілася ў дзіця, зірнула на босыя бруднаватыя ногі, зрэбныя сінія порткі з працёртымі ўжо каленямі, саматканую кужэльную сінюю й даволі зашмальцаваную кашулю й спыніла свае вострыя, быццам цьвікі, рудыя вочы на пакрытым рабаціньнем твары. Правай рукою пагладзіла вялікую на Сымонаў век галаву й спытала:

- Поведз, як се называш?

Сымон зьбянтэжана й нічога не разумеючы пазіраў то на чужую, злосную, здавалася, жанчыну, то на матку.

- Як се называш? - паўтарыла настаўніца й сагнулася так, што рудыя вочы апынуліся на ўзроўні хлапчуковага носа.

- Якса называш... - паўтарыў зьбянтэжаны малы.

- Вучыцелька пытаецца цябе, як завешся, - тлумачыла сыну матка.

- Ну, скажы.

- Сымон, - асьмеліўся малы.

- Шымон? - перапытала настаўніца. Хлапец нічога не адказаў. - То ідзь, Шымон, і сядай тутай, - загадала настаўніца, узяўшы малога за руку й садзячы на самай першай лаўцы, насупраць свайго стала. Сымон сеў і баяўся паварушыцца на месцы, сочачы за незнаёмай жанчынай і не разумеючы амаль нічога зь ейнай гутаркі. Толькі тады крышку пасьмялеў, калі прынесла кавалак паперы й кавалак алавіка ды загадала маляваць сабачую будку. Па некаторым часе асьмеліўся навет зірнуць направа й налева і, праверыўшы, што небясьпека зьнікуль не пагражае, узяўся за маляваньне. Гэтак пачалася Сымонава навука ў польскай школе.

Ня мог прыпомніць, колькі было яму гадоў, калі ў вёсцы польскія ўланы праводзілі манэўры. Не разумеў тады, што такое гэнае «манэўры», але так усе старэйшыя называлі той вялікі рух людзей у зялёным, што адбываўся навокал. Было тое, мабыць, пад восень, бо добра ўцямілася хлапцу, як уланы абтрэслі й да апошняга яблычка падабралі ўвесь іхні й суседнія сады, патапталі агароды, панішчылі дабро на палях. Даводзілася бачыць, як цягалі снапы аўса з поля на корм для коней, чуць, як бацька злосна праклінаў панаяжджаўшых, апранутых у зялёнае людзей, як сварыўся зь імі і як гэта нічога не памагала. Усе тыя людзі гаварылі таксама незразумелай для Сымона мовай. Ужо тады малы адчуваў, што нейкія чужыя крыўдзяць ягонага бацьку і ўсіх у вёсцы. Ужо тады і ён пачаў іх за гэта ня любіць.

Хлапец заўсёды быў першым вучнем у сваёй клясе. Меў неабмежаваную прагавітасьць да навукі. Скончыўшы чатырохгодку, прасіў бацьку, каб паслаў яго ў пятую клясу ў бліжэйшае мястэчка. Настаўніца таксама радзіла Сымону прадаўжаць навуку. Пятую й шостую клясы скончыў самым першым вучнем з узнагародамі. Адзін раз атрымаў блвакнот, іншы - пяро-самапіску. Вельмі-ж тым ганарыўся. Але дзьверы да далейшае навукі й дарога ў сьвет былі зачыненыя.

У мястэчку вучылася ў старэйшых клясах сямігодкі шмат палякаў. Былі гэта дзеці вакольных панкоў, асаднікаў, чыгуначнікаў і ўраднікаў. Усе яны, амаль бяз выключэньня, не важна як вучыліся, пасьля сканчэньня шостае клясы йшлі ў гімназію. Навука ў сярэдняй школе каштавала шмат грошай, якіх Сымонаў бацька ніколі ня мог-бы здабыць. Ясным было для хлапца, што ягоныя й самыя лепшыя ацэнкі ня былі тут дапамогай. Вучыўся той, хто меў грошы, а яны ўсе чамусьці былі ў палякаў. Тут-жа, на перашкодзе, стаяла й веравызнаньне й нацыянальнасьць.

 

: III

 

Вучыць праваслаўнай рэлігіі ў вясковую школу кожны панядзелак прыяжджаў з адлеглае на шэсьць кілямэтраў царквы аднавокі дзяк. Быў гэта чалавек гадоў звыш сарака, адзін з тых беларусаў, што разам з царкоўшчынай пашыралі сярод народа й расейшчыну, уважаючы, мусіць, што й Бог хутчэй паслухае, калі зьвяртацца да яго ў чужой мове. Прыяжджаў у школу на самакаце.

Хаця дзяк, акрамя царкоўнай славяншчыны, стараўся гаварыць і вучыць па-расейску, усе дзеці гаварылі на лекцыі й адказвалі па-беларуску, так, як умелі з дому. Ужо пазней, два ці тры гады перад вайною, польскае міністэрства асьветы загадала, каб і на лекцыях праваслаўнае рэлігіі ўжывалася адно польская мова.

Гутарачы па-беларуску, дзеткі чуліся неяк сьмялей, быццам дома, хоць і ня ведалі, што прычынаю ўсяму была родная мова. Дзяк-жа й сам добра ня ведаў расейскае мовы ды быў дзіўны й меў свае капрызы.

У малодшай клясе адбывалася лекцыя, тэмай якой было тварэньне сьвету. Аднавокі дзяк апытваў вучняў, як паўстаў сьвет.

- Ну, вот ты там, - тыцнуў пальцам у самага рослага ў клясе Хведзьку, сына Сьцяпана, што меў собскую малатарню ды абмалочваў усе навакольныя вёскі, - скажы, как Бог сатварыл сьвет.

Хведзька быў найтупейшым вучнем у клясе. Шмат хуліганіў, рэдка слухаў, што гаварылі настаўнікі, і мала калі што ўмеў. Так і цяпер ён не заўважыў-бы даўгога, ськіраванага ў яго дзяковага пальца, калі-б сусед не штурхануў у бок. Прыпадняўся паволі і ўталопіўся ў дзяка.

- Ну, гавары! - налягаў аднавокі.

- Што гаварыць?

- О так, значыць, ты і не слыхал! Чэм-жа занімаешся? Хто паўторыць, што я пытаўся? - Дзякава вока хутка павандравала па тварах усяго кляса. Паднялося некалькі рук.

- Вот ты скажы, - тыцнуў дзяк пальцам у хлапчука з трэцяй лаўкі.

- Ты пытаўся, як Бог рабіў сьвет, - адказаў той.

- Як то ты на мяне кажаш «ты»? - пачырванеў дзяк. - Як трэба абрашчацца да старшых?

- Вы...

- Ну садзісь.

Дзякава адно вока зноў уталопілася ў Хведзьку.

- Чаго-ж стаіш? Атвічай, как Бог сатварыл сьвет!

Хведзька пераступіў з нагі на нагу, упіўся зрокам у павыразаныя ножыкам наверсе лаўкі розныя выкрунтасы, быццам там стараючыся знайсьці адказ, кінуў левым вокам на суседа й нясмела пачаў:

- Спачатку была ноч і цьма й нічога...

- Как, как? - спыніў яго дзяк, бусьлінымі крокамі мераючы ўшыр і ўдоўжкі клясу.

- Спачатку была ноч...

- Как ты гаворыш? Какое «спачатку»? Как нужна сказаць?

Малацьбітоў сын зьбянтэжыўся. Дарма моршчыў лоб. Ня ведаў, як сказаць «спачатку» ня толькі, мусіць, ён, але й бальшыня ўсіх вучняў, бо ўсе прыціхлі, быццам тыя мышы ў нары перад набліжэньнем ката. Сачылі, што будзе далей.

- Ну атвічай, атвічай! Чаго выпяціў глаза, как дурак! У мяне на лбе не напісана.

- Спачанатку нічога не было... - пачаў Хведзька.

- Какой яшчэ «пачанатак»? Што з табой?

Кляса замёрла. Усе думалі, як яно мае быць: «пачатак» ці «пачанатак».

- Спачанатку была ноч...

- Глупы ты «пачанатак»! - узлаваўся аднавокі дзяк. - Гавару, што не так, а ты сваё. Как нужна сказаць, хто знает?

Зьбянтэжаныя вучні разглядаліся навокал. Як-жа магло быць, калі не «спачатку» й не «спачанатку»? Толькі адна рука паднялася да адказу ва ўсім клясе. Належала яна Лабаковай Жэні, брат якой быў ведамым на цэлую ваколіцу камуністам, шмат гадоў праседзеў па вязьніцах і дома ды наогул усюды часьценька гаварыў па-расейску.

- Как нужна сказаць?

- Сначала.

- Харашо, садзіся.

Кляса з палягчэньнем уздыхнула. Ад гэтага часу малацьбітовага Хведзьку празвалі «пачанаткам», і мянушка прыліпла да яго ў школе на цэлы час. Сымон, што надта любіў вучыцца мовы, часьценька думаў пра тое «сначала», якога нідзе навокал - ані дома, ані на вуліцы ніколі ня чуў. Гэтак побач польскай мовы беларускія дзеткі калечыліся й расейшчынай з дазволу й зь ведама тых-жа самых акупантаў.

Калі настаўніца аднойчы аб'явіла, што ад гэтага часу ня толькі на лекцыях, але й на перапынку дзеці павінны паслугоўвацца адно польскай мовай, хіба-ж ёй і ня сьнілася, што нялёгка выкараніць беларушчыну. Толькі пры гутарках з настаўніцай карысталіся дзеці польскай мовай, а ў гутарках міжсобку - ці то ў клясе, ці на перапынках - і ня думалі. Увядзеньне-ж польскае мовы на лекцыях праваслаўнае рэлігіі яшчэ больш зьбіла сялянскіх дзетак з панталыку, хаця й да гэтага часу былі яны зьбянтэжаныя расейшчынай.

 

: IV

 

У вёсцы, хат дзесяць воддаль ад Сымонавага бацькі, жыла сям'я каталікоў Грыніцкіх. Рыгор Грыніцкі быў малазямельным; жыў на чатырох гактарах малаўраджайнае зямлі. Гадоў яму было за шэсьцьдзесят, і даўно-даўненька быў удаўцом. Меў дзьве брыдкія дачкі: адной - крышку менш, а другой ужо пераскочыла было за саракоўку. Ніводнай не пашанцавала з замужжам. Рыгор кешкаўся дзень і ноч, апрацоўваючы свае чатыры гактары, ды шкадаваў, што некалі Бог не даў яму сына. Абабітая белай шалёўкаю хата ўжо ладна ўрасла ў зямлю, на дзіркатай страсе раслі сабачыя грыбы й там-сям па каліве травы, а гнаёўка з-пад хлявоў летам падбіралася аж пад сьцены хаты. Пасьля дажджу цяжкавата было дабрысьці праз забалочаны панадворак да Рыгоравых дзвярэй. Бяда сьвяцілася і ў пазапіханых анучамі вокнах, і ў перагнілым ужо, пахіленым набок плоце, й на неўрадлівым пясчаным полі.

Адылі дочкі лічылі сябе нейкай шляхтай (мусіць, таму, што былі каталікамі), значыцца, згодна лёгікі акупанта, - і палякамі. Ды як яшчэ тым ганарыліся! Дарма што ўсюды сьвяцілася бяда, гэта-ж яны як-ніяк ды належалі да лепшых людзей, калі ўжо не да паноў ці падпанкаў, дык ня былі-ж і мужыкамі, а шмат лепшымі за іх. А чым лепшымі й іншымі былі яны ад навакольных беларусаў - пэўна-ж, і не патрапілі-б вытлумачыць.

Шляхоцкасьць сваю абедзьве дэвоткі стараліся звычайна дэманстраваць раніцою кожнае нядзелі, калі, апрануўшы, што мелі найлепшае, ды скомкаўшы чаравікі пад пахамі, мясілі босымі нагамі вулічную гразь, каб не спазьніцца ў аддалены на пяць кілямэтраў касьцёл. Хіба што вялікая непагода стрымлівала іх у хаце. Інакш ня было Божай нядзелькі, каб старэйшая Яніна й малодшая Вікця сядзелі дома.

- Гляньце, гляньце, вось ужо й «пшэкі» ў касьцёл пруць! - сьмяялася ці адна вясковая жанчына, спасьцярогшы старых дзевак на вуліцы. Хто й калі падгледзеў, як Яніна аднойчы ў касьцёле трымала дагары нагамі малітоўнік і шаптала нешта, малпуючы іншых, цяжка было дайсьці. Адно бабскія языкі, раз асмакаваўшыся тэмай, пачалі дадаваць ад сябе й размалёўваць. Смеху й гутаркі было на доўгі час.

Вікці-ж пашанцавала й замуж выйсьці. хаця й надта позна. Неяк, панёсшы ў мястэчка на продаж яйкі, трапіла яна на вока Антку Віткоўскаму. Якая-ж вялікая была старой дзеўцы радасьць, калі «каляяж», па колькіх месяцах знаёмства, пасватаўся. Дый ня ведалі ў вёсцы напэўна, ці пасватаўся ды калі тое сталася, адно зьдзівіліся, як Вікця выйшла за Антка замуж. Дарма што разьведалі й разьнюхалі, што Антак кінуў першую жонку, што пасьля доўгі час жыў напавер з жыдоўкай, што быў нячэсны чалавек і вялікі крутадух, для Вікці быў гэта чалавек, мусіць, ці ня з самага неба пасланы. І гаварыў адно па-польску, а гэта ў Вікціных вачах было вярхамі ўсіх вярхоў. Нарэшце старая дзеўка стала сапраўднай шляхцянкай, хоць мо крышку і ў гнаі задрыпанай. Антак па нейкім часе й «калею» пакінуў, дарма што Вікці надта тое не падабалася. Прыйшоў да цясьця ў хату й пабудаваў на ўзгорачку кузьню ды час-часам й на полі тое-сёе памог. Каваль зь яго быў ніякаваты, дый браў даражэй за іншых. На доказ свае заавансаванасьці ці прагрэсу Антак паказваў сялянам, што ён не карыстаўся звычайным кавальскім мяхом, як іншыя, а разьдзьмухоўваў вугальле ветрачком, наганяным вялікім колам з ручкаю. Вікцін Антак вызначаўся сярод мясцовых тым, што рэдка стыкаўся дома, найбольш валачыўся ў суседняе мястэчка, дзе, як маўлялі, круціўся з рознымі бабамі.

Першага сынка свайго назвала Вікця Чэсем і старалася выгадаваць зь яго добрага палячка й шляхціца. У адным была бяда: сама ня ўмела ня толькі пісаць й чытаць, але й добра «пшэкаць».

Чэсю мінула ўжо гадкоў пяць. Заўсёды і ўсім цікавая старэйшая Агата праходзіла неяк вуліцай, і слаба чуткае вуха ейнае ўлавіла на Вікціным панадворку нейкія гукі. Гэта «шляхцянка» гутарыла з малым Чэсем. Яна калупалася зь кіёчкам у свіным вядры, а малы стаяў збоку й церабіў раскудлачаныя валасы.

- Чэсю, свэньдзі глуўка? - пытала матка.

Малы маўчаў.

- Чэсю, свэньдзі глуўка, свэньдзі, аж цярэбіць.

Як пачула Агата гэтае «свэньдзі, аж цярэбіць», дык на той-жа самы дзень сама палавіну вёскі абегла. А там яно ўжо маланкай па цэлай вёсцы разышлося. Як «шляхцянка» сына на палячка вучыла - гэта-ж сьмеху людзям было - хоць ты адбаўляй. Так і празвалі ад гэтага часу Вікцю «свэньдзі, аж цярэбіць», бо на тую «глуўку» дык неяк і язык людзкі цяжкавата было ламаць.

Сымон і той не дараваў. Калі раніцою ў нядзельку «пшэкі» - Яніна, Вікця, Чэсь і часамі Антак - ішлі ў касьцёл, выбягаў на вуліцу й пускаў ім услед: «Чэсю свэньдзі, аж цярэбіць!», «Чэсю свэньдзі, аж цярэбіць!» Яно сабе як Антак ішоў паўз хату, дык малы Спарыш і сябры ягоныя крышку асьцерагаліся з тым «свэньдзі», але ўжо-ж спаганялі, бывала, лахву, калі йшлі адно жанчыны з Чэсем. Чуць не на кілямэтр беглі за «пшэкамі» ззаду й «свэньдзілі» так, як адно дзеці патрапяць гэта рабіць.

Так малыя вясковыя беларусы, і не апошні ў іхнім ліку Сымон, вучыліся адрозьніваць чужое й старэйшымі высмейванае ад свайго любага й дарагога, наноснае - ад мясцовага, штучнае - ад натуральнага.

 

: V

 

Хутар Сымонавага бацькі межаваў зь вялікім фальваркам польскіх ваенных асаднікаў, братоў Жарноўскіх. Ці раз малы хлапец, пасучы кароў на вузкім папары, прыглядаўся, што рабілася ў асаднікаў каля хаты й на полі. Тое, што бачыў, навет малому ў ягоных гадох кідалася ў вочы. Там і жыта было больш рослае й буйнейшае, чымся ў навакольных сялян, там ярчэй залацілася й ямчэй пад лёгкім подыхам ветру згіналася цяжкакалосная пшаніца, адтуль вецер дыхаў вострым пахам цьвітучай буйнай грэчкі, там ярчэй і весялей зеляніўся авёс, там каровы былі сыцейшыя й поле раўнейшае. А што й гаварыць ужо аб вялікім кавалку рослага гонкага лесу, у які ці раз Сымону даводзілася бегаць крадкам зьбіраць баравікі й падасінавікі. На полі ў Жарноўскіх наёмны пастушок даглядаў вялікае стада кароў. Лёгка было яму пасвіць: жарцікі - травы вунь колькі, ды яшчэ якой! Гэта не тое што Сымонавы каровы (ніколі больш чым за дзьве зь цялушкаю ня было) вечна голага папару ў бочную ярыну ці сенажаць мецілі.

Хутка наядаліся каровы Жарноўскіх (было заўсёды пару дзесятак), і пастушок заганяў іх апаўдні ўлетку ў вялікую загарадзь каля хлявоў на добрых пару гадзін. Інакш было з Сымонам. Папробуй адно - загані, дастанеш ад бацькі там, дзе баліць. Дарма што каровы на папары пацелі й ледзь маглі ад рою аваднёў сяк-так адбараніцца. Бацька наказваў хлопчыку, каб трымаў як найдаўжэй: мо дзе якую лішнюю травіну знойдуць. Адно напаіць дамоў ганяць даводзілася. Маці часьценька й даіла ўдзень на полі, хоць і малака таго было як кот наплакаў. Даілі-ж аж тры разы, каб хоць лішнюю кропельку выціснуць. Адкуль-жа малако, калі не ставала пашы?

У Жарноўскіх дастатку было - хоць адбаўляй: і кароў, і коней, і сьвіней, і ўсякіх свойскіх птушак, а зямлі - мусіць, гактараў за сотню ды самай ураджайнай. Ня дзіва, што маглі пастуха за шэсьць пудоў жыта ды пару ботаў на лета наймаць ці жнеек цэлымі дзесяткамі... У час жніва на вузкіх сялянскіх навакольных палосках тырчалі жаночыя хусткі-адзіночкі, а ў асаднікаў - цэлая грамада ў распачатым хвасьце кішэла. Дружныя маладыя дзявочыя галасы жніўнымі песьнямі на цэлую ваколіцу на заходзе сонца гудзелі.

Увосень і зімою браты Жарноўскія са стрэльбамі на паляваньне хадзілі. Сабак паляўнічых мелі некалькі. Ды хадзілі ня толькі па сваім, але й па навакольным сялянскім. Хто-ж ім мог забараніць? Яны-ж - паны і «владза». Мусіць, і стрэльбы тыя маглі адно да «лепшых» і багацейшых належаць - мяркавалі суседзі.

Меў адзін Жарноўскі малую дзяўчынку, званую Тарэскай, што з Сымонам у адным клясе вучылася. Вучаніца зь яе была слабая, адно вопраткай вырозьнівалася на цэлую школу. У яе сукеначкі й пальтачкі з новенькага й крамненькага былі, ня так, як у іншых: з хатняга саматканага ды яшчэ з латамі на латах. Зьнелюбіў Сымон Тарэску ад самага пачатку. Прычынаю была, мусіць, тая «панскасьць» і «лепшасьць», хоць малы Спарыш адчуваў усё тое падсьведама. .

Калі Тарэска аднойчы йшла ў школу вытаптанай паўз мяжу Спарышовага хутара сьцежкай, то хлапец адважыўся і, падбегшы, шырока раськірэчыўшы ногі, загарадзіў ёй дарогу. Ня тое каб адважыўся. Ня было-ж каго баяцца. Баржджэй наважыўся, чым адважыўся.

Дзяўчынка нясьмела зірнула на загарадзіўшага дарогу рослага хлапца, кінула вачмі на бакі, назад і ня ведала, што рабіць. Пад пахаю трымала бліскучую новенькую скураную сумку.

- Не хадзі тут! Гэта наша сьцежка, а ты хадзі дарогай! - грозна загадаў Сымон.

- Пусьць мне, - плаксівым голасам паспрабавала дзяўчынка.

Сымон ня ўступіў, дарма што чорная карова дабіралася ўжо да суседняга аўса. Таго навет і ня бачыў, а цэлай істотаю сачыў, што будзе рабіць «шляхцянка». У «шляхцянкі» перш задрыжэла ніжняя вусьніна, а потым ужо й то надта раптоўна пакаціліся па твары сьлёзы. Яна хутка крутанулася на правай назе і ўжо на бягу дамоў кінула пагрозьліва Сымону:

- Я повем маме. Зобачыш ты, хаме, кацапе едэн!

Ня першы раз давялося хлапчуку чуць такія словы. У суседнім мястэчку, бывала, калі праходзіў вуліцай, адлучыўшыся ад бацькоў, малыя польскія падросткі абкідвалі гразёй і крычалі ўслед «хаме» й «кацапе». Дык там хаця-ж былі хлопцы, а тут такая малая жаба Тарэска й тая адважылася.

- Ах ты, шчанё, здыхлячка панская, ты мяне яшчэ празываць будзеш! Трымай яе! - кінуўся за дзяўчынкай.

Тарэска, уцякаючы, згубіла скураную сумку, і Сымон спыніўся. Адагнаў з аўса чорную карову й адно цяпер затрывожыўся. Сачыў за фальваркам Жарноўскіх. Хутка адтуль паказалася зноў малая фігура Тарэскі ў суправодзе маткі. Прайшлі побач, скоса пазіраючы на Сымона.

У тую раніцу спазьніўся хлопчык у школу, бо старэйшы брат занадта адцягнуў з падменай на пасьце. Трапіў на суровыя й злосныя вочы настаўніцы. Ведаў, што ўсё пераказана й атрымае кару. Надта-ж балелі ногі, калі давялося за тое «наша» прастаяць цэлую гадзіну на каленях. Нічога добрага для Тарэскі не варажыў Сымонаў погляд. Зьненавідзеў ад таго часу малы хлапец яшчэ больш ня толькі Тарэску, але і ўсё, што яна й ёй падобныя рэпрэзэнтавалі.

 

: VI

 

Чытач, які знаёмы з абставінамі жыцьця прыгнечаных беларускіх сялян пад польскай акупацыяй, што мо на сваёй скуры перажыў панскае панаваньне, добра павінен ведаць мэтады гаспадараньня польскіх паноў і асаднікаў ды адміністрацыі ў прамежку між Першай і Другой сусьветнымі войнамі. Ці-ж льга забыцца ўсю тую смуту, застрашваньне, эксплуатацыю й паніжэньне, якія былі спадарожнікамі польскіх акупантаў? І хіба-ж чытач не сьмяяўся-б, калі-б мы спрабавалі вобразна паказаць, як наш малады гэрой сам усьвядоміўся сацыяльна й нацыянальна? Гэткіх рэчаў ня было й быць не магло. Поўнае сацыяльнае й нацыянальнае ўсьведамленьне магло прыйсьці адно збоку. Дапамогай была беларуская школа, царква, свае гурткі, арганізацыі. Толькі яны маглі паказаць беларусам дарогу зь цямніцы, у якую заперлі палякі.

Але ці-ж пачне хто цьвердзіць, што беларусы былі поўнасьцю нясьведамыя навет пры адсутнасьці сваіх школ, сьвятыняў і грамадзкіх інстытуцыяў? Школы й гурткі свае былі-ж зараз пасьля вайны, калі народ пачаў быў будаваць незалежную дзяржаву. Адно ўжо пасьля палякі іх паступова зьліквідавалі. Старэйшыя ўсё гэта помнілі. І калі часам некаторыя не маглі выказацца, якой яны нацыянальнасьці, а паводле веравызнаньняў дзялілі сябе на «рускіх» і «польскіх», то ўсё-ж поўнасьцю ведалі адно, што яны былі «тутэйшымі», значыцца, гаспадарамі, а ўсё, што было ў школе, царкве ці касьцёле, - гэта чужое, прынесенае тымі, што запрэглі іх у ярмо. Эканамічныя, палітычныя й духоўныя эксплуататары беларусаў былі вечным аб'ектам іх насьмешак, казак і жартаў. Расейскі поп, польскі ксёндз і пан былі, як правіла, асноўнымі гэроямі насьмешлівых і кусьлівых жартаў, што нязьлічонай колькасьцю кружылі ў народзе. У тых насмешках, жартах і казках народ знайшоў найлепшую зброю супраць акупантаў. На іх узгадоўваліся й бедныя сялянскія дзеткі й моладзь, бо ведама-ж, што людзі ў маладым веку найбольш цікавяцца казкамі й анэкдотамі. Гэта была мо адна страва, якой пакрыўджаны народ карміў і ўзгадоўваў маладое пакаленьне й якую не маглі забараніць ні польскія ксяндзы ці паны, ні верныя Маскве папы.

Стары Спарыш ведаў, што ён беларус, хоць, як і прыгнятальная бальшыня іншых, спалучаў нацыянальнасьць з праваслаўнай рэлігіяй. Першы раз пачуў Сымон слова «беларус» пры перапісе насельніцтва. Было яму тады гадоў каля васьмі. Хоць і не распытваў пасьля бацьку, што гэта такое тое «беларус», па-свойму запамятаў і вытлумачыў. Аднойчы давялося яму ў суседняга вясковага доктара-самавука заўважыць на сьцяне адрыўны каляндар, пісаны лацінкай. Вучаны ў польскай школе хлапец ня ведаў, навошта ў слове «чацвер» над абодвума, пісанымі лацінкай «ц» стаялі нейкія птушкі, й прачытаў цэлае слова не «чацвер», а «цяцьвер». Толькі пасьля ўдалося распытацца доктаравага сына, свайго аднагодка, што гэта быў беларускі каляндар, які бацька дастаў зь Вільні.

Самі палякі былі сваймі магільшчыкамі ў акупаванай Заходняй Беларусі, калі сваю апрычонасьць ад мясцовага насельніцтва й быццам «лепшасьць» і «вышэйшасьць» выказвалі ня добрай гаспадаркай, навукай і паляпшэньнем дабрабыту насельніцтва, а вечным, штодзённым вытыканьнем беларусам іхняга невуцтва, цемнаты, бяды й прымітыўнае адсталасьці. Народ, загнаны на дно матэрыяльнай галечы, ведаў, на каго паказваць пальцам, як на віноўніка. У паноў ляжалі тысячы гактараў слабавыкарыстоўванае зямлі, асаднікі абразалі хутары й вузкія палоскі, а селянін беларускі часта-густа душыўся на пары гактарах самае неўрадлівае зямлі, а то й зусім быў безьзямельным ды цягнуў бяду батраком, працуючы на пана ці асадніка. Не дарма-ж людзі вечна сварыліся й судзіліся за зямлю, а судовы акупацыйны апарат выцягваў зь іх апошні цяжка зароблены грош.

Нічога не ўтрывалілася так у Сымонавай памяці, як справа зь сярнічкамі. Прадукцыя сернікоў была ў руках манаполю. Навет на бензінныя запальнічкі трэба было мець дазвол, за які салёна плацілася. Пачка-ж сернікоў каштавала восем грошаў. Калі параўнаць, што мужчыны пры касьбе ці жанчыны пры жніве зараблялі ў сярэднім ня больш за паўтара злотага, а дзесятак яек пад вясну каштаваў каля сарака грошаў, выходзіла, што сернікі былі надзвычайна дарагімі. Каб ашчадней было, сяляне звычайна шчапалі сярнік на дзве, а то й на чатыры часьці. Прыгадваў Сымон, як маці, скончыўшы страву раніцою, зграбала ў кучку гарачыя вугалькі ў печы, каб захаваць прысак на распалку вечарам. Здаралася-ж, што й ня было чым у хаце дроў у печы ці лямпы запаліць.

- Бяжы, сынок, да Антаніны, папрасі пару вугалькоў, каб печ распаліць, - прасіла хлопца маці, - а калі няма, то няхай сернікоў зь пяток пазыча.

Прынесеную хлапцом пазычаную запалку намагалася маці найперш падзяліць вострым нажом на колькі частак. Часьценька не ўдавалася. Найцяжэй было з галоўкаю серкі, што часта пры расшчэпліваньні зусім адпадала ад дрэва. Сымон ніколі не забыўся, як цяжка пры гзтым уздыхала маці:

- Божа-ж ты мой, от-жа якое ліха. І не ўдалося. Кажуць - дзе каротка, там ірвецца.

Сьпяшыў назаўтра Сымон зь дзесяткам яек у мястэчка. Свая сям'я бачыла яйкі на стале адно на Вялікдзень ці пры цяжкіх летніх працах. Збыўшы тавар, вяртаўся дахаты хлапец з новым запасам сернікоў, а маці зноў старалася кожную штуку падзяліць на чатыры.

Усе малыя дзеці цікавяцца рознымі машынамі. Малы Спарыш любіў цягнікі, аўтамабілі й самалёты. Першых нагледзеўся ўволю, бо чыгунка прабягала каля вёскі. Горш было з аўтамашынамі. Хаця вёска ляжала пры галоўнай дарозе, яны праходзілі там надта рэдка. Бывала, спасьцеражэ хлапец на дарозе вялікі клуб пылу і - адкуль возьмуцца тыя ногі - прэ, задыхаўшыся й адвесіўшы язык, каб хаця-ж усьпець прыгледзецца зблізку. Звычанна ехаў гэта з адлеглага на восем кілямэтраў маёнтку пан Сьлівінскі. «Які-ж бы я быў шчаслівы, - думаў Сымон, - калі-б гэны пан спыніўся хоць на мінутку й дазволіў прыгледзецца да самаходу, а мо й дакрануцца да яго».

Колькі чуў хлапец пра магутнасьць польскае дзяржавы, колькі наслухаўся ад настаўніцы гісторыі апавяданьняў аб польскім гэройстве ў мінулым, аб сіле Польшчы ў сучасным. Ад мясцовых панкоў і ўсякай адміністрацыйнай дробязі чуў, што Польшча мае самую найсільнейшую армію ў Эўропе, што такой не маюць ні немцы, ні расейцы. Былі ў палякаў, паводле іх, і моцныя танкі й самалёты, і падводныя лодкі «Ожэл» і «Сэмп», і іншая зброя.

- Няхай адно цяпер адважацца швабы ці кацапы ступіць на нашу польскую зямлю! - вымахвалі кулакамі панкі й падпанкі. - Не дамо ніводнага гузіка ад нашага польскага плашча.

І хутка прыйшла нагода. У палякаў забралі ня толькі ўсе «гузікі», але й сам «плашч». За два тыдні зьгінула «вялікая моцарствовая», якую паны так нядаўна маніліся яшчэ разбудаваць «ад можа да можа». Польскі акупацыйны апарат, быццам тая пена, зьнік зь беларускага цела, а маскоўская чырвань, дазволіўшы сялянам на парумесячную перадышку, хапіла іх за горла абцугамі калгаснае сістэмы. Запоўніліся на станцыях гаротнікамі-беларусамі цяплушкі-вагоны, і ўчора яшчэ прыгнятаны панамі беларускі селянін ехаў сяньня ў Сібір следам тых-жа прыгнятальнікаў.

Калі раней Сымон Спарыш мяркаваў, што палякі ёсьць фальшывыя, эксплуататары, нялюдзкія ў дачыненьні да слабейшых, дык за часамі гітлераўскае акупацыі, сочачы, як верна служылі немцам і дзе маглі вынішчалі беларусаў, пераканаўся, што было сярод іх ці мала подлых. З агідай глядзеў, як людзі, якіх ведаў са школы, што раней пагражалі «швабам», сяньня за кавалак хлеба гатовыя былі лізаць ім пяткі, зьдзекаваліся над безабароннымі, абы выслужыцца новым панам.

«Так, - думаў юнак, прыглядаючыся зеленкавата-шэрым хвалям Міжземнага мора з мараплава, што вёз яго цяпер у Італію, - вельмі-ж цікава, як выглядаюць і што робяць цяпер «пшэкі» й ці хоць крышку зьмяніліся, навучыліся й паразумнелі за вайну. Дый глядзець цяпер ужо буду іншымі вачыма. Колькі-ж за час вайны набраў чалавек жыцьцёвай практыкі. Гэта-ж ня тое, што калісьці - сьвет быў закрыты. Галоўнае, што прыйшла нарэшце нацыянальная сьведамасьць і што з поўнай разумовай сьпеласьцю магу цяпер добра ацаніць колішняга акупанта».

 

На сонечным узьбярэжжы

 

: I

 

Нэапаль! Колькі на працягу стагодзьдзяў валадары пяра прысьвяцілі табе слоў, колькі кампазытары складалі аб табе песьняў, колькі маляры спэцкалі фарбы, стараючыся адлюстраваць тваё прыгожае аблічча. А ты ўсьміхаўся празрыста-блакітнаю гладзьдзю шырокае паўкруглае затокі, вітаў падарожных залатымі праменьнямі ўзыходзячага з-за твае сьпіны сонца, супіўся шэрымі, па гарбатым сьхіле раськіданымі мурамі ды вечна пагражаў цёмным сілуэтам велічна-маестатычнага Вэзувія.

Уяжджаючы ў Нэапалітанскую затоку з захаду, мінаеце па дарозе з правага боку малы скалісты абток* Капры. Недарма ў даўнейшыя часы служыў ён добрым сховішчам і абароннай цьвярдыняй для піратаў. Стратэгічнае палажэньне забясьпечвала рабаўнікам хуткі й зручны доступ да ўсіх пунктаў горнага пахілага ўзьбярэжжа, а лябірынт водных злучэньняў пад скаламі абтоку быў дасканалым сховішчам для нарабаванай здабычы, зброі й ваенных матэрыялаў.

* Востраў.

Зьмяніліся спосабы людзкіх войнаў і разбояў, а разам зь імі й прызначэньне абтоку Капры. У выгодных вілах, санаторыях і на летнішчах адпачываюць багатыя замежныя госьці з усяго сьвету, лечацца й дужэюць змучаныя й хворыя, упіваюцца сонцам і палошчуцца ў крыштальна чыстай вадзе падарожнікі, кішэні якіх патрапяць вытрымаць немалыя кошты. Абток Капры славіцца па цэлым сьвеце ў песьнях, памінаецца ў назвах вуліц, мільгае сьвётламі нэонаў на вуліхац вялікіх гарадоў у рэклямах самых разных прадуктаў. Абток Капры лагодна казыча прыемныя ўспаміны ці аднаго з багачоў, якому ўдалося правесьці там у выгадзе й пяшчотах сонечныя часы жыцьця.

Адылі для звычайнага чалавека, што праяжджае паўз Капры ў Нэапаль, абток застаецца ў памяці нярэальным, нявыразным сілуэтам ахутаных ранішнім туманам скалаў. Затое Нэапаль - гэта ня зьява, а рэальнасьць, даступная бальшыні хаця-б таму, што зьяўляецца галоўнай брамай, празь якую замежнае людзкое мора плыве на сонечныя берагі Апенінскага паўабтоку.

Нельга не захапляцца прыгожай панарамай Нэапаля ўдзень, а ўжо зусім немагчыма ўстрымацца ад захапленьня ўначы. Тады старажытны горад забаўляецца золатам мільёнаў сьвётлаў. Калі вам давялося-б увечары прыглядацца месту з мараплаву, пэўна-ж, вы імкнуліся-б адрозніць верхнюю мяжу, дзе электрычныя сьвётлы зьліваюцца зь яркімі зоркамі, і другую мяжу ўнізе, дзе яны выразна адлюстроўваюцца ў спакойнай вадзяной роўнядзі. Падумаеце, што нечая магутная рука шчодрай жменяю рассыпала кавалкі золата ў небе, на зямлі і ў вадзе.

Кіньце вокам на паўдзённы бераг, што дугой абгінае затоку. Розныя збудаваньні непарыўным шнурам абселі бераг, як сягнуць вокам - аж да Сорэнто. Колькі-ж разоў сьпіхаў людзей і іхныя збудаваньні ў мора магутны двухгаловы Вэзувій. Яны зноў мабілізавалі сілы й сродкі ды дзяўблі чорную вулканічную ляву, зноў узьбіраліся вышэй і вышэй на падножжа вулкану. Так і цяпер самыя найадважнейшыя, а мо й найбяднейшыя пасяліліся аж на мяжы небясьпечнае зоны. Пражыць іх сонца зьверху й пячэ чорная лмільёнамі ўсякнутых праменьняў чорная лява зьнізу. Яны першымі адчуваюць кожнае дыханьне, кожны ўздрыг небясьпечнага суседа. Вунь тросься-ж ён ізноў пад вясну ў 1944 годзе. І цяпер заўважыць можна малых хлапчукоў па вуліцах Нэапаля, Пампеі й суседніх мясцовасьцяў, што ў шкляных прабоўках прадаюць на сувэніры турыстам па жменьцы гэтае апошняе, чорнае, да дзёгцю падобнае лавы. Дый хто пэўны, што гэта лява, дый якраз апошняя? Мо каторы набраў, дзе чаго пад руку папала. Ім-жа, малым, босым, паўгалодным, абарваным, абы тую ліру здабыць, абы з дня на дзень пражыць.

Калі Нэапаль вітае вас тварамі незьлічоных будынкаў і палацаў, затока аж кішыць рухам усякіх мараплаваў і лодак. У порце людзі ўвіхаюцца над выладоўваньнем транспартных суднаў. Ваенныя матэр'ялы й прадукты едуць з-за акіяну, з Ангельшчыны. Трэба карміць вялікую ваенную машыну, што намагаецца цяпер выпхнуць немцаў зь італьянскага бота на поўнач. Мараплавы халодзяць свае жываты й грэюць бакі каля берагоў прыстаняў. Каля іх мітусяцца малыя лодкі - быццам тыя парасяты каля сытых сьвінаматак. Гудзе рой людзей, цывільных і вайсковых - быццам у гарачую летнюю пару пчолы каля вульля. Між портам і абтокам Капры рэгулярна курсуюць пасажырскія зь дзвюма палубамі, адкрытыя параплавы. Яны заўсёды запоўненыя народам. Гледзячы на той людзкі мурашнік, можаце ўявіць важнасьць гэтай арганічна-жыцьцёвай артэрыі, празь якую перанаселеная Італія, а цяпер пад час вайный звыш мільённая армія, лучыцца й супольна жыве з вонкавым эўрапейскім і заакіянскім сьветам.

Гледзячы на Нэапаль і ваколіцу, можаце дзівіцца, якім гэта чынам сабраў Творца сюды столькі цудаў прыроды. Хто ведае, ці ў працэсе тварэньня ня спыняўся ён тут на адпачынак і ці не пазносіў тыя скарбы ў гэтае месца наўмысьля, каб налюбавацца-нацешыцца вынікамі свае працы...

 

: II

 

Ня гледзячы на тое, што ўжо палова сьнежня мінула й што ў далёкай Беларусі, пэўна, пануе лютая зіма, Нэапаль купаецца ў сонцы. Вуліцы ягоныя брудныя й пыльныя. Па асфальтах бражджаць і стогнуць вялікія зялёна-шэрыя грузавікі. Дзесьці далёка на поўначы шалее бесьперапыннае змаганьне. Тут-жа адно цягнецца тоўстая нітка, што вядзе да гэтага клубка агню й смерці. Па ёй плывуць сокі, што стала ўзмацняюць і папаўняюць неабходнымі калёрыямі ўсе клетачкі вялікага арганізму ваеннае машыны. Побач гэтай ніткі таўчэцца самая бедная, абадраная й звычайна зладзейская гарадзкая Нэапалітанская галеча. Прагнымі вачыма сочыць, ці дзе няма якое прорвы, ці не пацячэ набок, каб накінуцца, нарабаваць. А калі само дзе не пацячэ, то й дзірку пастарацца зрабіць, дапамагчы, абы нажыцца.

Вялікая каляна «палякаў», выладаваўшыся ў порце, паўзе ў кірунку чыгуначнай станцыі. Зацікаўленая публіка затрымліваецца на тратуарах і стараецца ўгадаць, што гэта за яны такія ў нямецкай вайсковай вопратцы. Вока шукае й не знаходзіць канвойных. Наперадзе калёну вядуць два польскія афіцэры ў ангельскіх апранахах. Загадка разьвязана. Гэта палякі, што ваявалі за Гітлера, а цяпер, мусіць, ці ня будуць ужо памагаць ангельцам. Гэтак падумаўшы, зацікаўлены з тратуара прадаўжае сваю дарогу. Ад калёны адно не адстаюць падшыванцы - малыя хлапчукі. Іхняе заданьне зусім празаічнае: што-небудзь дзесьці ўпаляваць. Усё-ж і ў гэтых палякаў сёе-тое ды мусіць быць.

Калёна чакае на станцыі. Вунь ужо паўзе даўгаваты вуж вагонаў, хутка заладуюцца ды паедуць. Гавораць, дзеляцца ўражаньнямі, закурваюць. Розныя хатулі бязь ніякага парадку параськіданыя ляжаць на плятформе. Воддаль стаіць не адна й ня дзьве, а некалькі групаў босых, замурзаных, абарваных малых італьянцаў. Прыглядаюцца жаўнерам, горача міжсобку перакідваюцца словамі. Адважнейшыя ледзь заўважна прыбліжаюцца да клункаў.

- Гэй там! Глядзі! Глядзі, вунь цыганё пляцак папёрла! Лаві яго! - раве нечы голас.

Малы басаногі хлапчук, схапіўшы пляцак, колькі сіл у нагах прэ цераз чыгуначныя рэйкі. За ім зрываецца зялёная фігура й вось-вось, глядзі, як дагоніць. Злодзей кідае хатуль і сам дае ходу. Іншыя групкі хлапчукоў як быццам хто мятлой падмёў. Ня дурныя яны цяпер тырчаць пад носам у жаўнераў, калі аднаму не ўдалося.

 

: III

 

У самым куточку між абцасам і падноскам італьянскага бота ляжыць вялікі й стары партовы горад Таранто. Колькі кілямэтраў на поўнач ад яго, побач галоўнае шашы на Бары, у часе Другой сусьветнай вайны знаходзіўся вялікі пераходны вайсковы абоз* Ёлянда. Ляжаў ён на камяністай, парослай аліўкавымі дрэвамі раўніне. Дробныя кусты й аліўкавыя дрэвы складалі тут асноўную флёру. Зямля навокал адно месцамі была культываваная. Там-сям каля дарогі заўважыць можна было адзінотныя каменныя, з плоскімі вярхамі будынкі. Там жылі наёмнікі й арандатары вялікіх фэрмаў, што належалі да багатых абшарнікаў, уласнасьцю якіх была большая частка паўдзённае Італіі. На ўзгорках пасьвіліся, пабрынькваючы званкамі, козы й авечкі, раслі аліўкавыя дрэвы, а на ўраджайнейшых глебах - вінаграднікі й аранжавыя сады.

* Лягер.

Абозам Ёлянда была вялікая колькасьць сярэдніх, пераважна васьміасабовых, шэрых брызентавых палатак. Толькі кухня й харчовы склад былі мураваныя зь белай каменнай цэглы. Навет склад вопраткі й абозная канцылярыя былі разьмешчаныя ў палатках. Абоз прымаў рэкрутаў, надзяляў іх вопраткай, клясыфікаваў паводле здольнасьцяў і зброі ды высылаў у базы вайсковага шкаленьня - асноўным чынам у пяхотную 7-ю дывізію, папулярна званую базай «сёмкі», што была ў адлеглым на нейкіх пятнаццаць кілямэтраў па дарозе ў Бары абозе ў мясцовасьці Сан-Базыльё.

У Ёляндзе рэкруты затрымліваліся нядоўга: найбольш каля двух тыдняў. Тут ськідалі старую, пераважна нямецкую, вопратку й атрымоўвалі цёмна-зялёныя ангельскія «батледрэсы», праходзілі медыцынскі агляд, першыя канцылярскія фармальнасьці й чакалі далейшага прызначэньня.

Транспарт людзей з Францыі, выладаваўшыся на чыгуначнай станцыі ў Таранто, за пару гадзін усьпеў пехатою ў Ёлянду. Пры ўваходзе ў абоз прыбыўшыя заўважылі спорную групу людзей. Тыя выглядалі сярод новапрыбылых сваіх сяброў і знаёмых. Чуліся ўсхваляваныя выкрыкі й голасныя вітаньні. Знаходзіліся раней згубленыя.

Амаль усе жыхары абозу насілі на галовах скручаныя накшталт шапак зялёныя шалікі, а пры баках - прычэпленыя да портак вялікія чорныя нажы-складанчыкі. Хто й калі ўвёў тут такую моду - няведама. Шалік, служачы галаўным уборам, тлумачыўся хіба адсутнасьцю берэтаў, якіх тут новым рэкрутам не выдавалі. Але чаму нажы былі ў кожнага прычэпленыя якраз з правага боку й віселі ды гойдаліся пры хадзьбе - гэта цяжэй было паясьніць. Некаторым з новапрыбылых, што ўбачылі такую групу людзей пры ўваходзе ў абоз, - усіх зь зялёнымі шалікамі на галовах і нажамі-складанчыкамі пры бакох - магло здацца, што, пэўна-ж, было гэта ўжо тут устаноўлена нейкім загадам, а калі не, дык няйнакш увайшло ў традыцыю, няведама калі й кім пачатую. Гэтак і новыя пасьля насьледавалі ранейшым жыхарам.

Для адміністрацыйных мэтаў новая група людзей была падзеленая на дзьве вялікія роты. Сымон Спарыш трапіў у 84-ю, а Віктар Караткевіч і Дудкевіч - у 85-ю.

 

: IV

 

Як ні разглядалася наша тройка сярод жыхароў абозу, не магла знайсьці ані сяброў з былой Школы Камандзераў БКА, ані іншых з трыццатай дывізіі.

На трэці дзень пасьля прыезду зьвязовы папрасіў Спарыша памагчы пры перапісцы людзей. Сымон быў заняты ў канцылярыі, седзячы задам да дзьвярэй, як ззаду раптам нехта абедзьвюма рукамі закрыў яму вочы якраз так, як робяць пры гульнях дзеці.

- Адгадай - хто! - пачуўся ў беларускай мове перамешаны са сьмехам ззаду нечы бас.

- Пусьці. Далібог, не адгадаю.

Сымон адвярнуўся. Перад ім стаяў нявысокі ростам сябра са Школы Камандзераў БКА, прозьвішча якога ніяк ня мог прыгадаць. Помніў, што той уцёк у Францыі ў горы. Сябра ўсьміхаўся.

- Пазнаеш?

- Чаму-ж не? Здароў.

Хлопцы моцна сьціснулі на прывітаньне рукі.

- Якім-жа чынам ты тут апынуўся? - зацікавіўся Спарыш.

- Зусім проста. Так, як і ты, толькі што раней, - сьмяяўся той.

- Мо Дзежку бачыў?

- А вось ён стаіць, - паказаў знойдзены сябра ўбок.

Сымон выглянуў з палаткі. Усьміхаючыся, стаялі там Дзежка й Лабун. Хлапец хацеў кінуцца да сяброў, каб прывітацца, ды спыніў яго голас зьвязовага:

- Піш, пан, піш!

Прайшло каля дзесяці хвілін, пакуль Сымон змог закончыць свой абавязак і кінуцца да хлапцоў, каб з асалодаю паціснуць іхныя рукі.

- А бадай-жа на вас! Вось дзе дык сустрэча. Шукалі мы вас тут на месцы й не спадзяваліся, што так хутка.

- Ну, ну. Ізноў наша тройка сабралася.

- Але цікава, што Дзежка й да гэтага часу ад Лабуна не адкацілася.

Хлопцы дружна зарагаталі.

- Дзе-ж вы пасяліліся? - цікавіўся Сымон.

- У школе падхаронжых, кілямэтраў дваццаць адсюль. За нейкіх пяць хвілін наш воз ад'яжджае.

- Шкада, што так хутка. Нічога ня зробіш. Думаю, што хутка ўбачымся.Скажыце, як вы там выжылі? Як вялося?

- Зусім добра. Працаваў у амэрыканцаў на кухні, - казаў Дзежка.

- І цэлы час чакаляду налева сьпіхаў, - памог Лабун.

- Цікава, аднак, што табе амэрыканцы гумары з галавы ня выдурылі.

- Не, братка. Жывём.

Ізноў засьмяяліся.

- Мне цікава было ведаць, як вам вялося да таго часу, пакуль да амэрыканцаў трапілі, - пытаў Сымон.

- Гэта, братка, доўгая гісторыя. Раскажам, як трапіце да нас.

- Дык вы ў школе падхаронжых?

- Фактычна дык ня школа, а кампанія, зь якой ідуць у школу. Там усе зь сярэдняй асьветай.

- Дык, мусіць, і мы туды трапім.

- Пэўна-ж. Старайцеся. Гані Дудкевіча й Караткевіча ды рэшту. Гэта патрэбна для нашай справы й будучыні. Трэба, каб там было як найбольш беларусаў.

Сымон запісаў адрас, і сябры разьвіталіся.

Сустрэча пад аліўкавымі дрэвамі ўзбагаціла Сымонава жыцьцё й падняла ягоны дух. Няма ў жыцьці нічога больш каштоўнага, чымся ў незнаёмых людзкіх джунглях, выкінутаму на чужы бераг й адзінокаму, сустрэцца з дарагімі сябрамі.

У гэны-ж самы дзень, надвечар, адбыўся ў роце падзел па зброі й вайсковых адзьдзелах, у якія мелі накіроўвацца рэкруты. Сымон Спарыш, Віктар Караткевіч і Мікола Дудкевіч трапілі ў тую роту «цэнзусоўцаў», у якой раней апынуліся Дзежка, Лабун і іншыя былыя кадэты зь Менску.

 

: V

 

Вечар на Куцьцю быў хмарны й ветраны. Але вецер і хмары былі сухімі, а надвор'е - цёплае. Жыхары Ёлянды гудзелі каля палатак, быццам тыя пчолы каля вульляў пасьля гарачага працавітага дня. Кожны па-свойму стараўся вызначыць урачысты вечар, калі не пры стале й сярод сяброў ці найбліжэйшых родных, дык, прынамсі, у думках. Сам дзень у абозе нічым ня розьніўся ад іншых дзён чаканьня на далейшы лёс. Адно пры атрымліваньні сухіх прадуктаў, акрамя звычайнага пайка, кожны атрымаў па мяшочку італьянскіх гарэхаў і пачцы салодкіх фігаў. Тыя, што былі абжыўшыся й ведалі мясцовыя хады, прыдбалі аднекуль італьянскага віна - белага «Б'янка» ці навет лепшага чырвонага «Россо». Гудзелі ў групах пры сьвечках у палатках і пад голым небам. Падпітыя няроўнымі шурпатымі галасамі заводзілі калядкі.

Сымон сядзеў, абапёршыся сьпіною аб камель аліўкавага дрэва, й моўчкі лушчыў гарэхі. Побач яго, на разасланым на траве коцы, выцягнуўшыся, як парсюк пасьля яды, ляжаў Віктар. Лёгкі вецер казытаў дробныя лісточкі нізенькіх аліўкавых дрэўцаў. Хлопцы маўчалі. Мо ня было аб чым гаварыць, а мо й гаварыць ленаваліся. Дый аб чым? Цэлы час разам былі, разам цярпелі й перажывалі. Хіба-ж прыпамінаць і паўтараць абодвум ведамае? У гутарках разумеліся на паўслове.

Калі-б у гэны час раптоўна перад іхнімі насамі прарваўся зь зямлі водны фантан, то хіба й таму ня зьдзівіліся-б. Адно мо зварухнулі-б галовамі, каб пераканацца, што ня страцілі здольнасьцяў распазнаваньня навакольных зьяў. Даўно перасталі ўсяму дзівіцца. Жыцьцё за апошніх колькі месяцаў прынесла столькі неспадзевак, што тыя прымаліся ўжо як звычайныя зьявы й на ўсё глядзелася зусім абыякава. Добра вось, што іх цяпер пакінулі ў супакоі, што колькі часу могуць пабыць вольнымі. А гэткія-ж часіны надта рэдкія, проста выпадковыя.

Кожны з хлапцоў быў пры сваіх думках. Віктар, як звычайна, лянуецца думаць і адно прымружанымі вачыма паглядае ўверх на зрэб'е хмараў. Ён задаволены, што можа паляжаць і што нічога ня трэба рабіць. Што яму да таго, што недзе ў некага цяпер Куцьця й што недзе й некалі там нарадзіўся Збавіцель. Віктар наогул мала думае. У галаве, быццам кавалкі хмарнага зрэб'я ўверсе, зьяўляюцца лапікі ўспамінаў. Яны нясуцэльныя, нязьвязаныя. Віктар не маніцца іх вязаць. Навошта? Трэба было-б тое-сёе аналізаваць, хвалявацца, перажываць яшчэ раз, а на гэта ў Віктара няма ахвоты. Дык няхай і мільгаюць, і перасоўваюцца.

Сымон тым часам зусім не пад аліўкавым дрэвам, а далёка, на Бацькаўшчыне. У бацькавай хаце сівы дзед мароз тоўстым слоем лёду пазалепліваў шыбы ўсіх вокнаў і намаляваў-павыводзіў на іх усялякія ўзоры-выкрутасы. На дварэ лютая сьцюжа, мо па калені ці па пояс сьнегу. Сам стары, барадаты, сівы дзед мароз таўчэцца каля акон і чакае, пакуль паклічуць яго ў хату куцьцю есьці. Вунь засланы ўжо сенам і накрыты чысьценькім белым абрусам доўгі й шырокі стол. Гусьцеюць на ім першыя стравы. Глыбокая міса з куцьцёй, быццам каралева, расьселася ў самым цэнтры. Побач - другая з салатай-вінегрэтам. На талерках, быццам парсюкі, серабрацца селядцы, абложаныя пакроенай і палітай ільняным алеем цыбулькай. Навокал шэрагам парастаўляліся талеркі, паляглі нажы й відэльцы. На краі стала спачывае спорная баханка чорнага жытняга хлеба. Дзесь там на прыпечку ў катле, пры грамадзе гліняных місак, чакае поліўка з грыбамі.

Вось сядае за стол уся сямейка, і бацька адмаўляе малітву. Усе набожна хрысьцяцца. Месцы навокал стала занятыя, акрамя аднаго. Мусіць, пакінулі для яго - Сымона. Сон гэта ці рэальнасьць? А мо няма ні стала таго, ні хаты, няма й цэлай сям'і...

Але не, не! Яны мусяць быць! Яны жывуць? Ня мог-жа Бог дапусьціць! Вунь, усе за сталом. Так, усе чысьценька, адно яго, Сымона, не стае. Часта пазіраюць на пустое месца. На ягонае, Сымонава. Хоць яго й няма сярод іх целам, але-ж ён прысутны духам. Ох так, напэўна. А ці-ж яны ведаюць, што Сымон жыве? Адкуль-жа? Колькі-ж бы хлапец цяпер даў, каб ведалі, што ён жыве й што зусім цэлы, што хаця сядзіць у паўдзённай Італіі пад аліўкавым дрэвам, але што ён зь імі ўсёй істотай, усім сваім існаваньнем.

Колькі-ж гэта часу мінула ад дня, калі й Сымон дзяліўся куцьцёй з роднымі за бацькоўскім сталом? Год? Два? Ня быў-жа на Каляды дома і ў мінулым годзе - не ўдалося зь Вільні бяз пропуску цягніком даехаць.

Вунь пачалі ўжо цягнуць з-пад абруса сена й варажыць. Найдаўжэйшую травіну выцягнула найменшая Сымонава сястра. Усе прарочаць ён шчасьце і ўсміхаюцца. Бацька выцягнуў найкарацейшую й зажурыўся. Іншыя нешта сказалі, й стары павесялеў. За Сымона цягне малодшы брат. Усе пільна сочаць за ягонай рукой. Выцягвае доўгую, сухую, пакручаную, тонкую травіну. Задумаўшыся, прыглядаюцца і ўздыхаюць. Ці-ж могуць угадаць Сымонаў лёс? Сам Бог ведае. А традыцыя - традыцыяй.

Далёкі бацькоўскі дом, Бацькаўшчына. Якое яно ўсё цяпер нерэальнае. Здаецца, што й зусім нічога рэальнага няма на сьвеце, апрача гэтых сытных італьянскіх гарэхаў, салодкіх фігаў і аліўкавых дрэваў. Дый самая тая Куцьця. Гэта-ж сяньня Куцьця каталіцкая, а праваслаўная - аж за два тыдні.

Дык усё гэта няпраўда. Дарма. Мо й шкада ў галаве ярзоліць. Мо лепш так, як сябра Віктар - парсюком выцягнуўшыся, на зрэбныя рэдзенькія хмары ўпоцемку ўглядаецца...

Хмары былі ў мінулым, плывуць яны бесьперапынна цяпер, хмары й на гарызонце будучыні...

 

: VI

 

- Дык расказвай, як і дзе вы там гадаваліся ў Францыі, - прасіў Сымон Кастуся Дзежку. Было гэта па пераезьдзе ў Сан-Базыльё. На ўзьмежжы кустоўя сядзелі на крушні: Лабун, Дзежка, Спарыш, Дудкевіч і Караткевіч.

- Гадаваліся, няма чаго й казаць. Ладнае ты, братка, слова падабраў, - уздыхнуў Дзежка.

- Дык як сказаць? Існавалі?

- Гэта будзе бліжэй да праўды.

- Колькі вас было тады ў групе?

- У той, што перайшла?

- Так.

- Добрая рота, братка, мусіць, за сотню спарней. Ня праўда, Лабун? Нашых са школы больш паловы было, а рэшта з суседняе роты, што побач стаяла. Помніш?

- Але-ж.

- Ну, дык вось.

- І куды вы тады пайшлі?

- Тады ўночы мы нікуды надта не пайшлі. Адышліся ад абозу, выставілі варту й прычакалі дня. Пераспалі, як хто мог і як папала. Паршывенькі дождж надта дакучаў. Назаўтра разгледзеліся й папаўзьлі далей, выбіраючы, дзе зацішнейшыя міжгорныя сьцяжыны.

- І як вы, усе разам ішлі?

- Ясна, што гуртам стараліся трымацца.

Дзежка тут даволі падробна расказаў, як быў навязаны першы кантакт з макісамі і як пазьней беларусы хаваліся ад немцаў.

- А цяпер, хлопцы, хачу бачыць перад сабой дзесяцёх з цыгарэтамі, - паўжартам спыніў Кастусь апавяданьне.

- А свае дзе падзеў? Ужо ў макароньнікаў?

- Мусіць, не ў макароньнікаў, а ці ня ў карты прабуліў.

Кожны жаўнер на тыдзень атрымоўваў па сто штук цыгарэт. Апрача таго, дазвалялася купіць пяцьдзесят штук па нізкай цане, бо не плацілася падатку. Навет найбольш апэтытным курцом такой колькасьці хапала. Некаторыя-ж прадавалі свае цыгарэты італьянцам, каб здабыць грошы на віно, карты й іншыя прыемнасьці.

- Дык што-ж гэта вы? Хочаце мо, каб вам задарма апавядаў? - жартам злаваўся Дзежка.

Перад ягоным носам зьявіліся тры пачкі з цыгарэтамі.

- Паволі, паволі! Не пхайцеся, станьце ў чаргу! Не магу-ж я кожнаму з вас зрабіць гонару. А цяпер сотня з агнём!

Зьявіўся й агонь. Усе закурылі.

- Ну й што далей? - пытаўся Караткевіч.

- Далей... аж жах прыпомніць, братка. Няхай мне цяпер каторы ўладыка стане аб пекле рассасульваць, то хуценька разьвітаецца ён з барадой. Няма хіба нідзе горшага пекла за тое, што мы бачылі.

Дзежка цяжка ўздыхнуў і, спахмурнеўшы, зірнуў на Лабуна.

- Няхай вось ён скажа.

- Што ж то ўжо было за пекла там такое?

- Цэлы месяц трупаў зьбіралі й закопвалі... - дапамог Лабун.

- Трупаў?

- Самых сапраўдных. Да таго-ж часамі ўжо такіх гнілых і сьмярдзючых, што аж табе тое галоднае нутро вырывала. А цьфу!

- Немцаў ці амэрыканцаў?

- Усялякіх. Гэтыя заразы - францускія макісы, сіфіліс гэты, выдалі нас амэрыканцам, як палонных сваіх. Надулі, дый годзе. Што-ж зробіш... З Грамыкі камандзер быў ніякі, усю зброю французам аддаў, да таго-ж ніхто мовы па-людзку ня ведаў. Ну і ўпялілі-ж нас амэрыкашкі - на могільнік! Падзялілі на групы, й гайда - адны ямы капаць, іншыя трупаў каля фронту зьбіраць, трэція ў мяшкі іх апранаць, чацьвёртыя - закопваць. А то-ж то восеньскае надвор'е - дождж, золь, не дай ты, Божа. Вопратка - самі ведаеце якая. Прамоклыя заўсёды да апошняй ніткі хадзілі, зуб на зуб не пападаў. Часта няпрытомныя былі ад голаду, як напрацуешся, то кішкі аж да пазваночнага слупа, здаецца, ліпнуць.

- Мала есьці давалі?

- Давалі, братка. Наясіся таго, каб ім здароўе такое. Дадуць якую пушку кансерваванай фасолі й булку белага хлеба на дзень на васьмёх. Хлеб той быццам вата якая, не тое што жытні, на наш беларускі сялянскі жывот ён не пасуе. У гнілых трупах вунь па кішэнях пароліся, каб якую скарынку знайсьці. Ня жартачкі гэта!

- А як вы гэных трупаў цягалі?

- Звычайна, братка. Возьмеш вяроўку, прывяжаш да ног, калі яны цэлыя, і цягнеш у выкапаную яміну. Гэта нямецкіх так. Амэрыканскіх дык ладавалі на машыны й адвозілі на могільнік. Немцаў дык у агульныя ямы закопвалі. Сьлізка, брат, гліна мокрая. Запэцкаешся, бывала, ад ног да галавы, што й родная маці цябе не пазнала-б.

 

: VII

 

- Колькі, братцы, цікавых выпадкаў было. Каб гэта калі пры нагодзе сеў ды апісаў так, як яно было, валасы з жаху на галаве станавіліся-б, чытаючы. І найцікавейшае тое, што чым чалавека больш крыўдзяць, чым больш над ім зьдзекуюцца, тым больш, здаецца, хочацца жыць. Чалавек стаіць на парозе таго сьвету: апаганены, скрыўджаны, аплёваны, даведзены да самай страшнай фізычнай і маральнай галіты. Здаецца, што між ім і чорнай маткай зямлёй няма ўжо ніякай розьніцы. Ледзь ногі валачэ: хадзячы труп. Адной нагой пераступіў ужо парог сьмерці. Перад ім няма наймалейшай надзеі, найдрабнейшай макулінкі пацехі зь зямнога жыцьця. І тады, калі прыходзіць той апошні штуршок, імпэт якога перавядзе цябе цераз мяжу жыцьця й сьмерці, тады ў гэты момант інстынкт фізычнага самазахаваньня й утрыманьня пры жыцьці выяўляецца з найвялікшай, самай дынамічнай сілай. Тады крышацца на кавалкі моцныя характары, топчуцца апошнія сьляды ўсяго таго, што называецца чалавечай годнасьцю, абліччам ці як хочаце назавіце... Чалавек перамяняецца ў самую нізкую жывёлу, у нікчэмнага паўзучага чарвяка, у самую подлую істоту, гатовую зрабіць усё, каб утрымацца пры жыцьці. У слабым, здаецца, ужо няздольным на ніякі адпор арганізме знаходзіцца столькі сілы, што ніколі не паверыў-бы. Уся гэта сіла ўжываецца на тое, каб утрымацца пры жыцьці. Як той клешч за цела, так хапаецца ён за апошнюю нітачку ратунку. Як гэта страшна, як жахліва, як брыдка!

- Што, ты бачыў каго так, у такім стане?

- Яшчэ-б, каб ня бачыў! Няхай Лабун скажа. Да гэтага-ж якраз і вяду, каб на прыкладзе паказаць. Вы ўсе хіба добра помніце Курца?

- Гэтага злодзея, што ў Альбэртаў у немца гуркі пакраў?

- Таго самага.

- Чаму-ж не помнім.

- Дык ён-жа ўжо тут ёсьць.

- Так?

- А што, ты не заўважыў?

- Здаецца, што бачыў.

- Дык што-ж было з тым Курцом?

- Як нармальна, як кожны дзень, працавалі мы пры зьбіраньні трупаў. Амэрыканец канвойны загадаў яму памагаць выцягваць трупы зь ямы. Той заваляўся, мусіць, ці трапіў ня туды, куды трэба было. Курэц мусіў узяцца за гнілую, запэцканую, сьмярдзючую вяроўку. Гэты гультай наогул ухіляўся ад працы й, дурань, узяў ды адмовіўся. Амэрыканец, доўга не думаючы, яго пад стрэльбу й гоніць воддаль ад нас, каб застрэліць. Людцы-ж вы мае, каб вы бачылі, што гэты падла вырабляў! Енчачы, скуголячы, як той благі сабака, скакаў перад канвойным, просячы літасьці. Цалаваў яму ногі, рукі, плакаў, стагнаў. Выняў зь кішэні нейкі абразок і, махаючы ім часта ды цалуючы, крычаў немым голасам: «Я поліш (паляк, значыцца) - хачу жыць! Даруй, даруй мне, міленькі!» Енчыў ён і візжэў то на каленях, то ўчапіўшыся аберуч за амэрыканцаву нагу, то вытвараючы не-праўдападобныя грымасы й фігуры ў падскоках. Бачыў хто з вас, як раптам курыцы тапаром галаву адсячэш і кінеш на зямлю, як яна падскоквае? - якраз гэтак. Калі-б канвойны й хацеў яго застрэліць, то, мусіць, рады не даў-бы. Жывёла гэта ўчэпіцца яму то за бот, то за шынель - ніяк адагнаць ад сябе ня можа. Было-б тое відовішча надзвычайна сьмешным, калі-б не такім жалюгодным і трагічным. І як льга было зьмілавацца над такой нікчэмнай істотай? Гэта-ж, гледзячы на гэтага гультая й злодзея, трэба было сароміцца, што такая нікчэмнасьць ходзіць на дзьвюх нагах і залічае сябе да роду людзкога. Госпадзі ты мой, як гэта брыдка! Шкада слоў. Ды ці наогул ёсьць адпаведныя словы, каб трапна схарактарызаваць такога, прабачце, «чалавека»?

Дзежкавы разважаньні глыбока кранулі сяброў. Добра ведалі Курца, але мала хто мяркаваў, што так нізка той мог упасьці. У думках асуджалі маральны бок гэтага ўчынку. Трэба заўважыць, што гэтыя, векам яшчэ маладыя хлопцы найвышэй за ўсё цанілі гонар і асабістую маральнасьць. Жыцьцё духова іх ня зьвіхнула, дарма што калечыла фізычна й ставіла на найцяжэйшыя, самыя рэзкія духовыя выпрабаваньні. Ваенная віхура ўзмоцніла й адшліфавала шляхотныя бакі характараў, зрабіла адпорнымі на розныя ліхалецьці так, як шліфуецца сталь добра загартаванага мяча ў частых і густых бітвах. За шэсьць месяцаў, ад Менску, фактычна перажылі некалькі гадоў. Прысьпешаны жыцьцёвы працэс ламаў і нішчыў духова слабых, яшчэ больш узмацняў стойкіх і моцных. Прывязанасьць да акрываўленай Бацькаўшчыны, вялікая ідэя ейнага будучага вызваленьня не маглі існаваць там, дзе замест гонару, чыстага сумленьня, любові й веры ў Бога гнязьдзіліся задаткі подласьці, здрадніцтва й нікчэмнасьці.

- А што-б зрабіў ты, калі-б быў на ягоным месцы? - спытаў Кастуся Дзежку пасьля агульнага парухвіліняага маўчаньня Віктар Караткевіч. Усе зноў углядаліся ў апавядальніка. Той бліснуў злосным поглядам у кірунку Віктара. Румянец разьліўся па твары.

- Ты мяне сьмееш гэта пытаць? - зашыпеў нізкім, быццам зьмяіным, голасам. - Хіба-ж табе ня ясна? Чакай, - схамянуўся ён, нешта быццам прыпомніўшы. - А можа, й сапраўды ня ведаеш, што трэба было-б зрабіць. Яй-богу, мусіць, ня ведаеш. Дык вось слухай, брацец ты мой. Накруці сабе гэта на вус. Перадусім. я ня быў-бы такі дурны, каб адмаўляцца выконваць загад канвойнага. Я-ж безабаронны чалавек. Дык якім гэта чынам магу сказаць яму, што ня буду рабіць таго, што загадвае? Хіба-ж бяду на сябе сьцягваць? Па-другое, калі-б ужо здарылася так, як з Курцом, то зрабіў-бы адно з двух: або без пратэсту атрымаў бы кулю ў лоб, або калі-б хацеў захаваць жыцьцё, - а гэта зусім ясна, што так было-б - то не чапаўся-б яму за рукі й ногі, не цалаваў-бы апаскуджаных чаравікаў і рук, не прасіў-бы ў яго літасьці. Хутчэй за ўсё ўчапіўся-б яму за стрэльбу, якую намагаўся-б адабраць, і, калі-б Бог мне дапамог, налева махнуць. Вось што я стараўся-б зрабіць, грамадзянін Віктар Караткевіч. Зразумела вам? - закончыў, уталопіўшы вочы ў Віктара, узьнятым голасам Дзежка. - Ніколі! Паўтараю: ніколі, - пры гэтых словах ён моцна стукнуў сябе кулаком у грудзі, - не скаціўся-б я да такой подласьці й нізасьці, да такой быдлячай нікчэмнасьці, каб у нейкага, можа, мяне нявартага, амэрыканца, скуголячы, як той сабака, падскокваючы, як клоўн у цырку, жыцьцё мне дараваць прасіць! Гэта-ж тое самае, што апляваць і апаганіць ня толькі самога сябе, але свой цэлы род і Бацькаўшчыну. Толькі чалавек, які ня мае гонару, што праваліўся маральна, так зрабіць можа. Зрэшты, калі-ж ты, жывёла, меў сьмеласьць адмовіцца ад працы, дык чаму-ж не адважыўся атрымаць за гэта належную кару? Ах, цьфу! - махнуў на заканчэньне рукою. - Шкада й гаварыць.

- Ну не, брат, гаварыць не шкада. Гаварыць аб такіх рэчах трэба. Гэтак толькі й навучышся, - паправіў Дзежку Лабун.

 

: VIII

 

- Мне ўчора неяк давялося гаварыць з гэтым самым злодзеем Курцом, - пачаў Мікола Дудкевіч. - Ён ня толькі скрываецца й ня прызнаецда, што беларус, але й беларускай мовы высьцерагаецца.

- Ну й дзякуй Богу, што беларусы такой цацы пазбыліся. Насьвініць ён і палякам.

- Гэта істота зусім перамянілася. Дарма шукаць у яе нечага людзкага. Удае цяпер найлепшага й найцьвярдзейшага паляка. Але калі-б заўтра ізноў трапіў у небясьпеку й дзеля ратаваньня свайго нікчэмнага жыцьця трэба было замяніцца ў нейкага там папуаса, дык зрабіў-бы гэта бяз хвіліны хістаньня. Нам трэба яго абмінаць і высьцерагацца.

- Ён можа на нас навет і ўладам даносіць.

- Яшчэ-б, каб не. Такі ўсё можа.

- Мне здаецца, што гэта адносіцца не да аднаго Курца, Ёсьць і іншыя, што неяк дзіўна захоўваюцца, - адазваўся Сымон. - Можа, гэта які часовы дурман ці зь перапалоху, а можа, й сапраўды думаюць палякамі парабіцца. Адным словам, тут нечым нявыразным пахне. Ня хочуць навет гаварыць па-беларуску.

- Аб кім ты гэта?

- Ды хаця-б аб гэтым франце... як яго...

- Маклюку?

- Так, аб ім. Нейкі-ж вельмі дзіўны ён цяпер. Спатыкаю ўчора, прыглядаюся дый пазнаць не магу: твар Маклюка, а вопратка «гарцэрская». Здароў. Маклюк, кажу. А той да мяне: «Як се маш?» Я, братцы, аж анямеў ад зьдзіўленьня. Стаю, рот разявіўшы, дый ня ведаю, што тут казаць. Ён дык мне проста ў вочы сароміцца глянуць. Выглядае так, быццам-бы ў кіпучы вар трапіў. «Што гэта з табой? - пытаюся. - Што гэта за такія шматы ты апрануў? Ці не сабіраешся дзе на які маскарад?» «Запісалэм се до гарцэжы», - тлумачыцда, быццам сабаку праглынуўшы. «Што з табой? - кажу. - Ці ня з глузду ты зьехаў?» На гэта ён ані словам, быццам вады ў рот набраўшы. А пасьля, ужо крыху адвагу вярнуўшы: «Веш, цо было то пшэшло, а тэраз ест цось зупэлне іннэго». Тут мне, братцы, як быццам хто доўбняй па галаве. Стаю, пазіраю на гэтага дзівака й ня ведаю, што далей гаварыць ці рабіць. «Ну як-жа маешся?» - пытаюся вось так сабе, абы нешта сказаць. «Добжэ», - адказвае мне ўсё яшчэ па-польску. Я думаў спачатку, што прыкідваецца ці якой халеры, ажно й сапраўды да мяне цэлы час па-польску пшэкае. Гэта мяне, урэшце, як сьлед узлавала. Што ты, кажу, па-людзку гаварыць забыўся, ці што? Ён пачырванеў, як бурак, і стаіць ды бельмамі лыпае, у сабакі вочы пазычыўшы. Я плюнуў і пайшоў.

- Маклюк у «гарцэжы» запісаўся! Га-га-га! - паехаў на ўсю глотку Караткевіч, які ня мінаў нагоды, каб зарагатаць.

- Я-б табе, Віктар, зь вялікай ахвотай памог сьмяяцца, калі-б тут было што камічнае. Па-мойму, не сьмяяцца, а плакаць трэба.

- Што я - дурны? Плакаць, што той «гарцэжам» зрабіўся? Сьмяяўся й сьмяяцца буду.

- Няма чаго кідацца ў крайнасьці, - спасьцярог Дудкевіч. - Ані смяяцца, ані плакаць ня трэба. Мо гэта часовая хвароба, і хлапец ачуняе.

- Якая часовая хвароба? - усхваляваўся Спарыш. - Што ён дзіця, ці мо неадукаваны, ці нясьведамы? Можа, ня ведае, хто ён ёсьць?

- Чакай, чакай, гэта зусім ня тое. Трэба не забывацца, што між намі ня ўсе былі духова моцнымі й патрыётамі. Адныя мо хочуць проста прытарнавацца да новых абставінаў, а іншыя мо не пазбыліся яшчэ запалоханасьці, што палякі нагналі на нас некалі. Ды ў кожным стадзе знойдзецца паршывая авечка.

- Гэта ты трапна сказаў. Па-мойму, нам трэба асьцерагацца такіх паршывых авечак, не гаворачы аб самых звычайных свіньнях. Варта было-б і адасобніць іх ад стада.

- Мы ня маем цяпер такіх магчымасьцяў, каб загадваць некаму, што мае рабіць, як называцца ці якой мовай гаварыць, - умяшаўся Лабун. - Тых, што стараюцца прытарнавацца да абставінаў, як нехта з вас сказаў, варта ігнараваць, але нельга зусім адкідаць. Магчыма, што некалі вернуцца ў сваю сям'ю...

- Карысьці зь іх будзе, як зь перадойкі малака...

- Цяпер галоўнае, каб усе тыя цьвёрдыя, заядлыя патрыёты трымаліся разам і жылі дружна.

- Праўду гаворыш, Лабун. Ты мне проста словы з вуснаў выняў, - шлёпнуў Дзежка Лабуна па плячы. - Трымаймася, хлопцы, разам, жывём дружна. У групе ў нас будзе сіла. А цяпер стараймася ўсе дастацца на школу падхаронжых, каб тое, што пачалі ў Менску, скончылі тут. Нашай Бацькаўшчыне афіцэры будуць патрэбныя, няважна, дзе й якія вайсковыя школы яны здабудуць.

- Вось гэта дык мне падабаецца, - дапамог Сымон. - Згода, хлопцы?

- Абсалютна ясна, што будзем трымацца.

- Слухайце, яшчэ хвіліну ўвагі! - прасіў Дзежка. - Я вам цяпер апавядаў, як мы цягалі й закопвалі нямецкія й амэрыканскія трупы. Вось і заўважце: нас ужо ворагі на працягу стагодзьдзяў стараюцца задушыць і закапаць, а мы ўсё яшчэ жывём, наша Бацькаўшчына церпіць і змагаецца. Вось давайце й пастановім зрабіць усё ў нашых сілах, каб не сталася так, каб перад канцом вайны нехта нам паховіны спраўляў. Выжыць і ўтрымацца ў групе - гэта самае галоўнае. А пасьля прыйдзе яшчэ наша змаганьне.

- Але-ж ты й маладзец! Ёмка, брат, сказаў. Відаць, што ты пры трупах часу не траціў, а цэлы час аднекуль чэрпаў мудрасьць. Дык вось, братка, прыйдзецца мне паставіць табе не чарку, а цэлую пляшку! - жартаваў Сымон.

- Сьмех набок, а Канстантын Дзежка - маладзец. Разумна гаворыць. Варта так рабіць, як некалі нехта сказаў: кроў за Бацькаўшчыну праліваць трэба, адно не сваю, а чужую.

Калі-б хто, ня ведаючы, аб чым ішла гутарка ў малой групе, прыглядаўся ёй зводдаль, то мо й зьдзівіўся-б, што ўсе, паўставаўшы й голасна гаворачы, трэслі ўверх кулакамі, быццам некаму пагражаючы, пачалі сьціскаць адзін другому рукі й пасьля, ужо зусім супакоіўшыся й закурыўшы, памалу папляліся ў кірунку шэрых жаўнерскіх палатак.

 

Скрыготы і ўздрыгі

 

: I

 

У вялікай канцылярыі базы сёмай дывізіі ў Сан-Базыльё поўна людзей. Сюды й туды снуюць меншыя й большыя начальнікі, скрыпяць дзьверы, шоргаюць падковы, нярэдка чуваць стук запяткаў. Пры двух шэрагах сталоў сядзяць пісары. Капаюцца ў паперах, прыводзяць у парадак гэтак званую эвідэнцыю - пэрсанальныя гісторыі рэкрутаў. У невялікім шэрым сшытку жаўнер А ці Б мае запісанае ў асноўным усё, што датычыцца ягонага паходжаньня, адукацыі й шмат іншага ад часу нараджэньня. Шэрыя сшыткі, званыя эвідэнцыйнымі, пасьля будуць стала папаўняцца: там будуць значыцца ўсе зьмены ў вайсковым статусе А ці Б, водгукі афіцэраў, поступы па вайсковай лесьвіцы, удзелы ў баях, мэдалі й іншае.

Перад самым крайнім сталом канцылярыі ад раньня стаіць чарга. Рэгіструюцца найнавейшыя «ахвотнікі» другога корпусу - тыя, што трапілі сюды з-пад сьцяга свастыкі. Адзін капрал, не сьпяшаючыся, выпаўняе фармуляры, другі выпісвае вайсковыя кніжкі. Ідуць пытаньні й адказы.

- Ваша імя й прозьвішча?

- Спарыш Сымон.

Пасьля йдзе месца й дата нараджэньня.

- Веравызнаньне?

- Праваслаўны.

Капралава пяро асьцярожненька крутлымі прыгожымі літаркамі запісвае адказы. Сымон сочыцць за ягоным кончыкам. Калі яно пад рубрыкай «нацыянальнасьць» пачынае «п», «а» і ўжо пераходзіць да «л», з вуснаў юнака зрываюцца словы:

- Хвілінку, пане капрал!

- Што такое?

Пяро адрываецца ад недакончанага «пал» і павісае ў паветры.

- Я па нацыянальнасьці беларус, а не паляк.

Твар капрала выражае зьдзіўленьне. Глядзіць на Сымона, быццам на вар'ята, і, нарэшце, зьвяртаецца да лейтананта, загадчыка секцыі:

- Пане лейтанант.

- Слухаю вас.

- Можна да пана з пытаньнем?

- Калі ласка.

Капрал падыходзіць да афіцэра з фармулярам у руцэ ды кладзе на стале перад носам.

- Гэты рэкрут кажа, што ён не паляк, а беларус. Як маю пісаць?

Афіцэр адказвае не адразу. Перш глядзіць на фармуляр, пасьля акідвае зрокам Сымона.

- Праваслаўны? Гм... - мармыча пад носам. - Запішыце яго беларусам.

Капрал вяртаецца да свайго стала. Пяро перачырквае тое незакончанае «пал» і выводзіць слова, да напісаньня якога рука надта нязвыклая. Сымон уздыхае з палёгкай і пазірае на сяброў, што стаяць за ім. «Ага, бачыце, як трэба? Крышку сьмеласьці - і ўсё будзе ў парадку. Паспрабуйце-ж цяпер вы запісацца палякамі», - гаворыць ягоны зрок.

- Наступны! - загадвае капрал. - Як прозьвішча?

- Жалудовіч.

- Жолондовіч?

- Не Жолондовіч, а Жалудовіч.

- Па-польску будзе Жолондовіч, - нецярплівіцца капрал.

- Я-ж не казаў, што хачу зьмяніць прозвішча.

- То ня зьмена. Вы былі раней Жалудовічам, а цяпер будзеце Жолондовіч! - гаворыць капрал з націскам, які не пакідае ніякіх сумлеваў, што пытаньне вырашана.

Жалудовіч, заклапочаны, цярэбіць за вухам, аглядаецца на сяброў, што ледзь заўважна ўсьміхаюцца, і ня ведае, што рабіць.

Капралава пяро прыгожымі роўненькімі чорнымі нітачкамі напісала пад рубрыкай «прозвішча» Жолондовіч.

- Як імя?

- Аляксандар.

- Веравызнаньне?

- Каталік.

- Рыма-каталік?

- Так.

- Нацыянальнасьць - паляк? - глядзіць капрал на Жалудовіча з усьмешкай, што быццам гаворыць «Папрабуй-жа сказаць, што не».

- Не паляк, а беларус.

- Пёрруне! - лае пісар, злосна кідаючы асадку аб стол. - А цо то за звежэ? Рыма-каталік і беларус? Як то можа быць?

- Звычайна, - не траціць раўнавагі «Жолондовіч». - Рэлігійная прыналежнасьць - рыма-каталік, а нацыянальнасьць - беларус.

- Няма каталікоў беларусаў! - злосна трымае сваё капрал. - Усе каталікі - гэта палякі.

- Так? - зь іроніяй адказвае «Жолондовіч». - Дык тады запішыце, пане капрал, і ўсіх французаў, італьянцаў і гішпанцаў палякамі. Яны-ж таксама каталікі.

Пісар, зьдзіўлены й анямелы, талопіцца ў Жалудовіча, быццам яму хто мокрай анучай зьехаў па твары.

- Пся крэў! - гарачыцца ён бездапаможна. Падбягае зноў да лейтананта, й абое паўголасам доўга абменьваюцца думкамі. Капрал вяртаецца да свайго стала, і ў эвідэнцыйным фармуляры польскае арміі родзіцца яшчэ адзін беларус.

 

: II

 

База другога польскага корпусу, званая «сёмкай» у Сан-Базыльё, займала звыш трохсот гактараў плошчы. Заўсёды была па берагі перапоўненая рэкрутамі, што вялікім адміністрацыйным апаратам дзяліліся тут на розныя зброі й адзьдзелы, і або на месцы атрымоўвалі перашкаленьне ў майстэрстве пяхотнае зброі, або высылаліся, пасьля сэгрэгацыі, у іншыя цэнтры шкаленьня. Камяністая раўніна была ўсеяна тысячамі палатак. З паўдзённага боку абозу шыракаваты каменны вал адзьдзяляў абоз ад нікому няпрыдатных карлаватых кустоў-зарасьнікаў.

У цэнтры абозу, пасярод вялікае плошчы, знаходзіўся даволі вялікі, збудаваны зь белых вапнякоў будынак. У буднія дні быў ён кінатэатрам, у нядзелю - касьцёлам. Пры польным алтары ксяндзы па чарзе служылі там імшу. Войска не магло памясьціцца за адзін раз у будынку, й дзеля таго імша паўтаралася.

Адылі ня ўсе жаўнеры ідуць у касьцёл. Праваслаўныя маюць сваю капліцу побач галоўнае шашы. Іх невялікая жменя, дый тая пад час службы не мае даволі месца ў палатцы, дзе ледзь памясьціўся алтар. Сьвятар, стары сівенькі 70-гадовы мужчына, прыбыў сюды з палякамі, вывезенымі калісьці з акупаваных Польшчаю зямель Заходняй Беларусі і Ўкраіны ў глыб Савецкага Саюзу. Як і ксяндзы, ён мае ступень капітана й бярэ капітанскі «жолд». Заданьне ягонае - духовая апека над праваслаўнымі «палякамі» й іншымі.

Сьвятар служыць літургію па-славянску, а казаньні гаворыць па-польску. Язык змагаецца зь няпрывычнай мовай. Выходзіць зусім ня гладка. Здаецца, што ў кожны момант накінутая сілай у царкву польшчына заглохне ў вуснах старога, язык адмовіцца слухаць гаспадара й пераключыцца на чысьцюсенькую расейшчыну.

Між наведвальнікаў праваслаўнае капліцы бальшыня радавых. Рэдка стрэнеш падафіцэра, а афіцэраў хоць ты са сьвечкай шукай. На грамнічнае сьвята 1945 года сабралася каля сямідзесяці чалавек. Некаторыя ўціснуліся ў капліцу, іншыя прыслухоўваюцца да службы блізка ўваходу, а бальшыня стаіць групкамі воддаль. Мова ў бальшыні польская, рэдка беларуская або ўкраінская. Адно самыя сьмелыя й сьвядомыя ня толькі не хаваюцца, а быццам наўмысьля дэманструюць сваю няпольскую нацыянальнасьць.

Усё гэта выдаецца нейкім нярэальным. Сказалі-б вы, што перад вамі стаяць цені людзей, якія баяцца саміх сябе. Выкрыўленая сьвятаром мова камічна пераплятаецца з калечаньнем яе вернікамі. Адчуваецца, што нечая нябачная рука прыдушыла, але зусім не зламала яшчэ гэтых людзей. Дзесьці ў глыбіні сэрца засталіся родныя парасткі, якім дай добрую пажыву, сонца й глебу - вырастуць і зацвітуць сваім родным.

Зусім зразумела, што Сымона Спарыша цікавіць, якія тут людзі. Дзе-ж ужо тады, калі ня тут сваіх шукаць. Ён і цяпер, паслухаўшы й пэўна ацаніўшы сьвятара, ляніва блукае між малымі групкамі й прыслухоўваецца. На вока трапіла тройка, якіх па веку й выгляду назваў-бы спарахнелымі грыбамі. Па іх рухах і павольнай сьпеўнай гутарцы, па берэтах, што, быццам тыя сялянскія круглыя аладкі, нязграбна ляжаць на пасівелых галовах, Сымон дагадваецца, што гэта дзядзькі-сяляне. Капрызны лёс некалі адарваў іх ад плугоў, кінуў на Сібір ці ў Нямеччыну, а пасьля прынёс аж сюды.

Адзін зь іх, росту сярэдняга, гадоў каля пяцідзесяці, выцягнуў зь кішэні чырвоную вайсковую кніжку й штосьці паказвае сябрам. Гаворыць па-польску. Сымон незаўважна асьцярожненька прыблізіўся.

- А я падаваўся беларусам, - кажа той, трымаючы ў руках кніжку, - але пакуль запісалі ў кніжку, дык палякам зрабілі.

- Ты беларусам падаўся? - пытае вастраносы, мо саракагадовы субяседнік.

- Так. І паглядзіце - тут напісалі паляк.

Тоўстым нязграбным пальцам тыцкае ў кніжку. Сымон пазірае цераз плячо. У дзвюх рубрыках, дзе павінна быць паказана нацыянальнасьць маткі й бацькі паводле нараджэньня, густым чорным чарнілам замазаныя два словы, а пад нізом фігуруе па-ангельску «поліш» (паляк).

- А вось ты не беларус, - цьвердзіць гаспадару кніжкі вастраносы.

- Чаму так?

- Ну, бо ў Польшчы жыў. Я таксама праваслаўны, але не беларус. Я табе скажу вось што: дзе быў польскі касьцёл, там ня было беларусаў, а дзе была царква - там былі.

- Дык што гэта ты пляцеш? - адазваўся трэці. - Гэта-ж ці ня помніш, што ў нас праваслаўных рускімі называлі? Так і казалі - польскія Каляды й рускія Каляды. Іначай я і ня чуў...

- Дык тыя, што называлі рускімі, то й былі беларусы.

Сымон спачатку маніўся ўмяшацца ў гутарку, але пасьля памяркаваў, усьміхнуўся й вярнуўся да сваіх сяброў.

 

: III

 

Давялося за апошніх колькі месяцаў нашым гэроям навучыцца глядзець праз пальцы на шмат якія рэчы, праходзіць безьліч фармальнасьцяў і дзеля таго, калі пасьля двухнядзельнага побыту загадалі ім стаць да прысягі «на вернасьць Рэчы Паспалітай» у тым кіна-касьцёле, загад ня выклікаў вялікіх супярэчнасьцяў. Мо паўгода назад, калі-б нехта сказаў ім, што змушаныя будуць прысягаць на бел-чырвоны сьцяг, не адзін плюнуў-бы гэтаму некаму ў вочы. Сяньня ўважалі акт прысягі простаю фармальнасьцю без значэньня, неабходным злом, якога нікому зь іх ня мінуць. Важнае было тое, што гарэла ў сэрцы, а не безьзьмястоўныя для іх гукі шаблённае прысягі ў чужой мове й чужому пану.

Адылі мы далёка размінуліся-б з праўдай, калі-б сказалі, што ніводнаму зь іх гэта прысяга не лягла цяжкім болем на сэрцы. Дарма што лёгіка жыцьця падказвала іншае - у сэрцах не пагасла юнацкая любоў да Радзімы й блізкіх. Прысяга была той тупой іржавай пілой, што бязьлітасна шоргала па крывавячых духовых ранах. Калі вусны аўтаматычна паўтаралі ксяндзовы словы «на вернасьць», уся духовая істота пратэставала супраць такога гвалту. Дзесьці з самага жыцьцёвага нутра ўпэўнены голас супакойваў, што гэта ўсё адна фармальнасьць і дурніца, што галоўнае - гэта прысяга пачуцьця, сумленьня й гонару. Але й цяпер, як раней у Францыі, калі, трапіўшы ў палон, трэба было запісвацца палякамі, уся натура старалася бараніцца перад новым і яшчэ горшым гвалтам.

У чацьвёртай роце ўсе рэкруты былі зь сярэдняй асьветай. Зьбіралі іх сюды, каб накіраваць пасьля ў афіцэрскія школы, званыя падхаранжоўкамі. У першай палове студзеня 1945 году ў роце было каля паўсотні былых кадэтаў зь менскае Школы Камандзераў БКА. Прыходзілі групамі й паасобку: тыя, што перайшлі былі да макісаў у Францыі, і тыя, што пасьля папаліся ў палон з трыццатае дывізіі. Усе, быццам змовіўшыся, накіроўваліся ў чацьвёртую роту. Чым больш прыходзіла старых сяброў, тым было весялей.

Бальшыню зь іх ня зьвіхнуў бурны лёс - яшчэ больш памужнелі, набраліся практыкі, дасведчаньня, пасталелі розумам. Хоць ня кідалася цяпер так у вочы тое патрыятычна-юнацкае злучво, дзякуючы якому некалі перамаглі супольна так шмат цяжкасьцяў, хоць, здавалася, ня было між імі сяньня такой спаенасьці, як некалі, іх трэба было лічыць адзіным і моцным целам. Трымаліся й сябравалі між сабою, часьценька сьпявалі родныя песьні й зь вялікім недаверам адносіліся ня толькі да польскіх камандзераў, але й да палякаў наогул. Сваімі рэнегатамі пагарджалі й ігнаравалі іх.

Найсьмялейшымі былі Кастусь Дзежка й Сымон Спарыш, першы мо навет больш, чымся апошні. Дзежка, дарма што надта пацярпеў у амэрыканскім палоне, ня страціў ранейшага гумару. Больш таго - ён цяпер патрапіў быць здольным цынікам. Ніколі й нікому ня ўступаў, асабліва-ж калі ведаў, што слушнасьць на ягоным баку. Выразна разумеў, што сьмех - гэта ня толькі здароўе, але й найлепшая зброя ў дасьведчаных руках. Сымон, што на свой век быў занадта сур'ёзным, шмат думаў і перажываў, ня мог адразу зразумець таго-сяго зь Дзежкавага захаваньня, аж пакуль адно здарэньне ня выясьніла шмат чаго раней загадкавага.

У палатцы, дзе памяшчаліся Дзежка, Лабун, Самароб і Яронскі - чатыры менскія кадэты - жылі й чатыры палякі: жартаўлівы й звычайна ветлівы, паходжаньнем дзесь з Пазнанскага краю, Чарнецкі, паважны й ціхі Фост'як, бесталковы й балбатлівы Скронскі й бурклівы, вечна незадаволены сын асадніка з Заходняй Беларусі, беларусаед Мыдлеўскі. Ён ад свайго бацькі атрымаў у спадчыну тое пачуцьцё «вышэйшасьці», панскасьці й «лепшасьці» ў дачыненьні да сялянскага беларускага народу, не гаворачы ўжо аб неталеранцыйнасьці да ўсяго беларускага ды іншых адмоўных «цнотах». Не абмінаў нагоды, каб пазьдзекавацца над «кацапамі». Пад слова «кацапы» падводзіў ня толькі расейцаў, але й беларусаў і ўкраінцаў. Хаця нейкім чынам трапіў у роту «цэнзусоўцаў», некаторыя сумляваліся, што меў сярэднюю асьвету. Пабыўшы ў Сібіры, надта зьненавідзеў расейцаў. Разам умацавалася ў яго й ранейшая нянавісьць да беларусаў, на целе якіх некалі ўзрос і гадаваўся.

У Дзежкавай палатцы часьценька гулялі ў карты, пераважна ў ачко. Стаўкаю былі цыгарэты, але таму, што яны ў банку нішчыліся й брудзіліся, дык гулялі сернікамі, якія пасьля зменьвалі на цыгарэты. Гэтак у адзін студзеньскі падвячорак, пасьля дзённых рэкруцкіх заняткаў на полі, аматары картаў заселі вакол малога століка. Дзежку выдатна шанцавала, і пасьля няцэлай гадзіны перад ім ляжала з паўтузіна выйграных пачак цыгарэтаў. Ён паклікаў аднаго зь сяброў, што сачылі за гульнёй, і, пашаптаўшыся, сунуў таму ў кішэню тры пачкі. Праз паўгадзіны сябра вярнуўся з дзьвюма пляшкамі добрага віна. Дастаў яго, пэўна-ж, ад італьянца, шмат якіх цэлы час круцілася каля базы, каб які гандаль зрабіць.

- Ну, хлопцы! - пачаў Дзежка, трымаючы ў кожнай руцэ па пляшцы віна. - Ведайце добрае сэрца радавога Канстантына Дзежкі. Не хацеў-жа я абгульваць вас сяньня, але калі вы, проста сказаць, напрасіліся, дык дазвольце мне хоць пачаставаць вас.

- Брава! Маладзец! - гукнуў Скронскі, што надта-ж любіў пацягнуць віна, асабліва дармавога.

- А за што-ж п'ём? - пытаўся Фост'як.

- Увага, панове, увага! - падняў уверх руку Дзежка. - Вып'ем сяньня за новы беларускі ўрад!

- Урад? А дзе-ж ён?

- А вось зараз зарганізую.

- А міністраў маеш?

- А во зараз будуць. Колькі-ж гэта мне патрэбна? Чакайце хвілінку: найперш мушу мець міністра вайны, пасьля гандлю, гаспадаркі, замежных справаў, асьветы, нутраных справаў, - лічыў на пальцах. - Цьфу на цябе! Ужо шэсьць трэба, а ў мяне пад рукою адно чатыры беларусы.

- Прэм'ер-міністрам хіба-ж сам будзеш? - падказваў Скронскі.

- Абсалютна ясна, зразумелая рэч.

- У вас, у цэлай «Кацапіі», ці знойдзецца столькі разумных людзей, каб на ўрад хапіла... - кінуў з кутка Мыдлеўскі. Ён сядзеў воддаль ад гульцоў і ўшываў гузік. Хлопцы й забыліся-б аб ягоным існаваньні, калі-б цяпер не адазваўся.

Арганізатар «урада» зірнуў на шляхцюка.

- Ты ня бойся. Наш просты дзядзька цябе гэткага разумнага шляхціца прадасьць, купіць і грошы палічыць.

- Зьдзісек, перастань ты! - гукнуў да Мыдлеўскага Фост'як.

- Я гэтых хамаў знаю... - буркнуў той у адказ.

Дзежка ўдаў, што ня чуў апошніх слоў.

- Ну дык давайце, хлопцы, вып'ем. Бяры, Чарнецкі, ты гэту пляшку, - сунуў Дзежка суседу віно, - ты самы тут у нас, мабыць, паважнейшы й пачынай, а я буду з гэтай.

- Дык ты-ж ураду ня скончыў арганізаваць, - спасьцярог Самароб.

- Няважна, братка, зарганізую пасьля, а цяпер вып'ем за ягоныя посьпехі.

У гэты час Спарыш, пачуўшы знадворку шуміху, увайшоў у палатку.

- А вось і яшчэ адзін міністр, - паказаў на новапрыбылага Скронскі.

- Так, братка, - хлопнуў Дзежка па плячы Сымона, - добра, што на час зьявіўся. Арганізую беларускі ўрад і якраз раздаю міністэрскія партфелі. Хочаш цёпленькую пасаду?

- То як гэта ты? - усьміхнуўся Сымон. - З пляшкаю ў руцэ ўрад арганізуеш?

- Ну, ведаеш, трэба-ж за здароўе й за будучыя посьпехі абліць крышку. Дык давайце, хлопцы: за здароўе новага беларускага ўраду! - падняў Дзежка ўверх пляшку й прапаласкаў горла. - На, цягні, Самароб, і перадавай далей.

- За здароўе беларускага ўрада! - гукнуў Скронскі й нахіліў пляшку. Абедзьве пляшкі пайшлі па руках. Кожны, не шкадуючы, стараўся добра пацягнуць.

- Давай-жа мне, а то ўсё вып'еш! - адбіраў наступны.

- То як-жа там з партфэлямі? - пытаўся Скронскі.

- Няхай сабе то й жарт, - заўважыў Чарнецкі, - але як беларускі народ будзе нас паіць, дык, можа, й нашы суседзкія дачыненьні ўнармалізуюцца.

-Ясна, абы пабольш віна й водкі.

Усе дружна засьмяяліся.

- Дык вось што да міністраў цяпер, панове, - прадаўжаў Дзежка, - Самароба назначаю міністрам гандлю, Яронскага - вайны. Сымон Спарыш будзе ў мяне міністрам юстыцыі - надта-ж паважная й вялікая ў яго галава. Кацялок, панове, у яго варыць, што называецца. На міністра юстыцыі падходзіць. Згода, панове?

- Згода, брава! - памог Скронскі.

- Лабуна... чакайце, што-ж тут даць Лабуну?

- Дай яму гаспадарку, - прапанаваў Чарнецкі.

- Куды ён. Гаспадар зь яго ніякі. Беларусь галадаць будзе, - жартаваў Дзежка. - Вы-ж не забывайцеся, што й вам, палякам, харчы прадаваць будзем, бо ў вас-жа на тых голых мазурах нічога надта не расьце. Не, мусіць. На міністра гаспадаркі я каго іншага знайду, а цяпер мушу Лабуна партфелем забяспечыць.

- Дай яму вонкавыя справы.

- Дай яму партфель хамскае асьветы. Будзе вучыць кацапаў, як клапоў і вошы ганяць, - параіў гэтым разам ужо надта-ж голасна Мыдлеўскі.

Усе ў палатцы сьціхлі й пазіралі на Дзежку. Той змоўк і пачырванеў. Ледзь заўважна дрыгнула ніжняя губа. У вачах зьявіліся маланкі. Мыдлеўскі ня першы раз дапякаў Дзежку й іншым беларусам і цяпер ці не перабраў мерку.

- Ты агідны, сьмярдзючы паразіт! - прашыпеў зьмяёй арганізатар «ураду». - Ты гніль з падонкаў жыцьця людзкога! Я-б цябе, гада...

Мыдлеўскі ня даў скончыць. Маланкаю кінуўся на Дзежку. Беларус адступіў пару крокаў убок, а былы асаднік з разгону, зачапіўшыся за нейчую нагу, бразнуўся вобземлю. Дзежка хутка накінуўся на яго й пачаў таўчы кулакамі.

Усё гэта сталася так хутка, што адно цяпер прысутныя спасьцераглі сур'ёзнасьць выпадку. У палатцы падняўся крык і вэрхал. Змагароў пачалі разбароньваць, а Фост'як, выбегшы на двор, клікаў службовага. У дзьвярах пачуўся прарэзьлівы гук сьвістка й вырасла высокая фігура капрала падхаронжага зь бела-чырвонай павязкай на левым рукаве.

- Зва-а-жай! Што тут такое дзеецца? Што за балаган?

Змагары стаялі пасярод, засопшыся, і абтрасалі з вопраткі пясок.

- Ён на мяне накінуўся, пане падхаронжы! - жаліўся Мыдлеўскі.

- Я на цябе накінуўся? Ах ты, лгар! Няхай во хлопцы скажуць! - бараніўся Кастусь.

- Ці ня бойка гэта тут была? - распытваў службовы.

- Ніхто ня біўся, пане падхаронжы, - асьмеліўся Лабун.

- Як то не біўся? Ён мяне біў! - крычаў паляк. - Пане падхаронжы, я ня лгу. Я яму гэтага не дарую.

- Хадзеце вы двое за мною ў канцылярыю.

 

: IV

 

Камандзерам чацьвёртай роты «цэнзусоўцаў» быў сярэдняга росту, лысаваты й гарбаносы лейтанант Эдвар Цясьлюк, празваны жаўнерамі Эдзем. У войску ёсьць два роды афіцэраў: франтавыя й заднія або школьныя. Эдзё быў дасканалым прыкладам апошняга роду. Належаў да тых, што любяць капацца ў паперах, прытрымлівацца літараў загадаў, сачыць за найменшымі дробязямі; пільнаваць, каб блішчэла на кожным рэкруце вышліфаваная спражка й зьзялі выглянцаваныя чаравікі; дагледзець, каб на мушцы стрэльбы ня было аніводнай пылінкі, каб былі зашпілены ў жаўнерскіх мундзірах усе гузікі й аплікі; спасьцерагаць, каб на паголенай жаўнерскай барадзе ня было аніводнай валасінкі і каб у шэрагу роты, пастаўленай на «зважай», не зварухнулася без загаду аніводная постаць. Эдзё належаў да тых, што робяць усё магчымае, каб агарчыць і абрыдзіць жыцьцё рэкрутам розных ваенных школаў. Можна было-б сьмела залажыцца, што калі-б Эдзё нейкім чынам трапіў ваяваць на фронце ў ліку рэкрутаў, якіх школіў на жаўнераў, то першая куля, якую яму давялося-б атрымаць, прыляцела-б ня з боку праціўніка, а ззаду ад сваіх людзей. Мо з гэтай прычыны школьныя афіцэры й ня высылаюцца на фронт, хіба ўжо ў самыя крытычныя часы, калі вычарпаюцца афіцэрскія рэзэрвы.

Адылі Эдзё, акрамя спраўнага вока на розныя неабходныя й лішнія дробязі, валодаў яшчэ й іншым талентам, - яму, прынамсі, здавалася, што гэта быў талент, - красамоўства. Калі не ўяўляў сябе Цыцэронам, то ўжо найменш Пятром Скаргам. Бяз сумлеву лічыў сябе адным са слупоў узгадаваньня вызвольнай польскай арміі, а дзеля гэтага акрамя найстражэйшага выкананьня загадаў і розных, часамі аж камічных драбніцаў, уважаў здольнасьць прамаўленьня за адзін з найважнейшых сваіх атрыбутаў. Калі-б Эдзё, з гэтымі прамоўчымі здольнасьцямі, апынуўся нейкім чынам на перадвыбарчай плятформе мітынгу ў дэмакратычнай краіне, то здарылася-б адно з двух: або пасьля колькіх хвілін прамаўляў-бы да пустых крэслаў, або прамоўца быў-бы абшлёпаны памідорамі й гнілымі яйкамі. Але Эдзё быў вайсковым афіцэрам. У войску-ж ці табе хочацца ці не, падабаецца ці не, а слухаць мусіш. Афіцэр тое выкарыстоўваў і хіба сам адзін у найбольшай меры насалоджваўся собскімі прамовамі.

Амаль кожнае раніцы, пасьля агульнае раньняе малітвы, сьнеданьня, падліку людзей і рапарта чацьвёртая рота хаця-нехаця мусіла слухаць колькіхвілінныя Эдзевы прамовы. У лейтананта было шмат тэм, сярод найбольш улюбёных былі - аб чысьціні й парадку, аб падпарадкоўваньні загадам і аб розных духовых «цнотах».

Выпадак зь Дзежкам і Мыдлеўскім адкрыў перад Эдзем новыя небакраі. Чампіён пашырэньня й узгадаваньня розных духовых «цнотаў» убачыў перад сабою новыя вялікія магчымасьці выяўленьня сваіх прамоўніцкіх здольнасьцяў.

Перш за ўсё назаўтра два віноўнікі былі пакліканы да карнага рапарту. Мыдлеўскаму лейтанант даў адно вуснае папярэджаньне, а Дзежку пакараў чатырма гадзінамі гэтак званае «стойкі ў поўным рыштунку». Кастусь адбываў кару на працягу чатырох дзён у абеднюю пару - па адной гадзіне кожны дзень. Роўна а дванаццатай адзначаўся ў службовага падафіцэра роты. Апрануты быў як для паходу, улучна з плецаком, шлемам, патранташамі й стрэльбай. Пляцак напакаваны быў прыпісаным жаўнерскім рыштункам. Вопратка мела быць вычышчаная й выпрасаваная, як з-пад іголачкі. Службовы падафіцэр пасьля інспэкцыі адводзіў Дзежку ў цэнтральнае месца на пляцы перад палаткамі роты, дзе ставіў пакаранага на «зважай» са стрэльбаю на левым плячы, і ў гэтай пазыцыі юнак мусіў адстаяць цэлую гадзіну. Каму здаецца, што гэта лёгенька, няхай паспрабуе пастаяць гадзіну, як сказаў-бы селянін, улегцы, а ня то што наладаваўшы на сябе мо пуды два рознага знарадзьдзя. Пакараны ня мае права зрабіць найменшага руху, акрамя морганьня вачыма. Галоўная небясьпека - млявасьць, што праз пэўны час апаноўвае пакаранага. «Стойка» ў асноўным і палягае на змаганьні ўкаранага з млявасьцю і драньцьвеньнем цела. Апрача ротнага службовага падафіцэра, што ня спускаў зь Дзежкі вока, заглядаў у роту дзеля дапільнаваньня адбыцьця кары й батальённы службовы афіцэр.

На наступны дзень пасьля пакараньня Дзежкі Эдзё наважыўся асьвяжыць свае прамоўніцкія здольнасьці. Нагодаю была раньняя зборка пасьля сьнеданьня перад заняткамі ў полі.

- Рэкруты! - пачаў да пастаўленай на «вольна» роты самародны Цыцэрон. - Учора пакараў я радавога з нашай роты сумай чатырох гадзінаў «стойкі ў поўным рыштунку пад стрэльбай». Ведаеце, што гэта адна з найцяжэншых караў, якія ёсьць у войску, але я кажу, што за ягоную віну - гэта кара надта лёгкая. Так, пане, гэта лёгкая кара, якую я мог адмераць за тое, што ён зрабіў. Ніколі, паўтараю, ніколі, колькі часу служыў я афіцэрам у войску, ня было мне міла караць падуладных. Заўсёды аб гэтым зазначаў, казаў і вам колькі разоў, прасіў, каб вы захоўваліся й трымаліся ўсіх рэгулямінаў* і загадаў. Калі караю, дык толькі ў меру крайняй неабходнасьці, толькі тады, калі падуладны ня бачыць, што ўсё, што я раблю, гэта дзеля ягонага дабра. Так, пане, дзеля ягонага дабра й сам заслугоўвае кары.

* Статутаў.

Гарбаносы лейтанант паправіў сваю напалеонаўскую паставу, кашлянуў разоў пару, прачысьціў прасочанае алькаголем горла й пасьля, акінуўшы суровым зрокам тры шнуры твараў, працягваў:

- Вы, можа, думаеце, што рэкрут Дзежка адбывае кару за звычайную бойку, пад час якой без правакацыі накінуўся на невінаватага сябру? Кажу вам, што не. То ня была бойка зь нейкае звычайнае прычыны. Біліся не таму, што падпілі ці не падзялілі дзяўчыны. Прычына была другая. Над ёй хачу й затрымацца.

Другі польскі корпус пасьля цяжкіх і зацяжных гэройскіх баёў у паўночнай Афрыцы пад Тобрукам і ў Італіі, асабліва пад Монтэ Касына й на Лініі Готаў, страціў тысячы, а мо й дзесяткі тысяч сваіх найлепшых жаўнераў. Дарога наша са зброяй у руках да вольнай Айчыны яшчэ далёкая. Прайшлі мы, можа, толькі палавіну яе. Так, пане, хто ведае. Таму й армія наша патрабавала новых папаўненьняў, сьвежых сілаў. Таму, ведаючы, што акупант Польшчы сілаю забіраў у свае шэрагі нашых «родакаў» і што яны цяпер, карыстаючы зь пераможнага маршу хаўрусьнікаў, пераходзяць да іх масамі ў палон і жадаюць далучыцца да нас, наша каманда даўно папаўняе шэрагі корпуса палоннымі зь нямецкае арміі. З гэтага дваякая карысьць: і для тых, што прыходзяць, і для нашай арміі, бо яна расьце й мацнее. Найбольшая-ж з таго карысьць для нашай Айчыны Польшчы, бо ейнае дабро толькі ляжыць у нас на сэрцы.

Але не забывайцеся, што гітлераўскі акупант Польшчы разьядаў і нішчыў цела нашага народу. Вынішчыўшы мільёны голадам і ў канцэнтрацыйных абозах, ён уводзіў розьніцу й сеяў нязгоду сярод жывых. Адным з мэтадаў такога «ружнічкаваньня» быў вынаход на тэрыторыі Польшчы нацыянальнасьцяў, якіх раней ня было або якія ня выявіліся. Некаторыя людзі, якім убіта ў галовы, што яны не палякі й што палякі - іх ворагі, трапілі й да нас. Яны ёсьць прадукт гітлераўскае палітыкі, аб чым найчасьцей і ня ведаюць. Я скажу вось што: пара было-б ім прыпомніць тыя дабрадзействы, якімі іх надзяліла перадваенная Польшча, і забыцца...

- Ачхі! А-ачхі! А-а-апсік! - пачулася гвалтоўнае кашляньне пару дзесяткаў асоб у роце. Эдзё раптоўна змоўк і, злосны, зачырванеўся. Былыя менскія кадэты зрабілі анёльскія міны й чакалі далейшага.

- ...кажу, варта было-б ім прыпомніць тыя дабрадзействы зь перадваеннай Польшчы, - працягваў са злосным націскам афіцэр, - і выкінуць з галавы гітлераўскія «бздуры». Так, пане, асабліва цяпер, калі наша армія ўзяла іх пад крыльлі свае апекі, павінны яны быць удзячнымі Польшчы. Але здаецца, што яны яшчэ ня ўсвоілі лекцыі. Пад нямецкай акупацыяй маглі пашыраць розныя дурніцы й марыць аб нейкім «ружнічкаваньні». Для нас-жа яны былі й будуць польскімі грамадзянамі. Іхні абавязак, так, як і наш, змаганьне за вызваленьне польскай Бацькаўшчыны. Таму дзіўна, што некаторыя зь іх, трапіўшы навет цяпер у нашыя адзьдзелы, стараюцца дэманстраваць нейкія нацыянальныя розьніцы. Я не хачу гэтага чуць і бачыць у сваёй роце! - крыкнуў, ледзь не запеніўшыся, нашчадак езуіта Скаргі. - Хачу папярэдзіць тых, што хочуць уводзіць у нас розьніцы й нязгоду, што мусяць спыніць гэта неадкладна! Няхай выкінуць з галавы гітлераўскія «бздуры» дзеля свайго дабра. Або яны будуць добрымі жаўнерамі й добрымі польскімі грамадзянамі, як усе іншыя, або, калі будуць далей прадаўжаць бруднае палітыканства, для іх знойдзецца месца па-за рамамі арміі. Так, пане. Запішыце гэта сабе на лбе, да каго гэта адносіцца!

Чампіён духовых «цнотаў» спыніўся, каб адсапнуцца, пераступіў з нагі на нагу й закончыў такімі словамі:

- Вы ўсе ёсьць жаўнеры, й аб тым, што маеце рабіць, думае армія, у даным выпадку думаю я. Жывеце, працуйце, захоўвайцеся як жаўнеры. У войску няма й не можа быць ніякай палітыкі. Ясна ці не?

Рота стаяла нямая. Злосны й зьбялелы Дзежка, здавалася, каб мог - спапяліў-бы зрокам і разьвеяў бы цень Эдзі.

- Пане старшыня, - звярнуўся камандзер да старшыні роты, старэнькага, але чэрствага сяржанта харонжага, - дайце дыспазыцыі да дзённых заняткаў.

 

: V

 

Вечарам таго-ж дня Сымон Спарыш заглянуў у палатку да Дзежкі. Там аж у дзьве партыі рэзалі ў «ачко». Сымон пакруціўся і, лічачы сваю асобу лішняй, наважыў наведаць Лабуна. Застаў яго адзінокага ў пустой палатцы. Пры млявым сьвятле сьвечкі нешта разглядаў у кніжцы. Лабун належаў да людзей, якіх слушна называюць кніжнай мольлю. Калі ня бываў п'яны ці падвыпіты (што часьценька здаралася), вольныя хвіліны прысьвячаў кніжкам. Быў надзвычайна здольны й начытаны. Сымон часьценька клікаў яго прафэсарам.

- Здароў, прафэсар! - прывітаўся.

- Здароў, брат, здароў. Хадзі й прысаджвайся.

Сымон сеў побач і прыглядаўся да матэматычных фігур у Лабуновай кніжцы.

- Вось, братка, гэта дык неспадзеўка. Хто ў чым: адзін у карты, другі на выпіўку, трэці да дзяўчат бяжыць, а ты тут зь нейкімі перапутанымі матэматычнымі фінціклюшкамі забаўляешся. Як цябе нешта такое цікавіць можа ў такі час?

- Кожнаму, братка, сваё, як ты сам сказаў, - бліснуў матэматык акулярамі.

- Дык гэта ты называеш сваім?

- Пэўна-ж. Я люблю матэматыку.

- Ну ведаеш ты што? Я-б хутчэй зразумеў, каб ты які цікавы раман чытаў, ці што... Не магу ўявіць, як нехта ў такіх абставінах і пры такой атмасфэры матэматыку грызьці можа...

- Дык вось ведай, што ёсьць адзін такі, - распрамяніўся Лабун сьмехам, нагадваючым грымасу.

- Пахваліся-ж хаця, як далёка залез ты па матэматычнай драбіне.

- Глядзі вось сам, - падсунуў хлапец Сымону кніжку ў мяккай рудой вокладцы.

- Ого, братка, - ківаў Спарыш галавою, - ты ўжо так далёка, што я нічога не разумею. Вышэйшая матэматыка? Гм... Ня ведаю, хваліць ці ганіць. Навошта табе яна?

- А вось няхай будзе. Што навучуся - маё, ніхто не адбярэ, - адказаў Лабун абыякава.

- У школу ісьці манішся?

- Будзе відаць. Пакуль што няма магчымасьцяў.

- Можа й, выпадала-б табе пазайздросьціць, што такую хлёсткую маеш мазгаўніцу. Я каб і хацеў, то ня мог-бы, асабліва ў такіх абставінах.

- Невядома, ці лепшыя будуць.

- Я ня гэта меў на думцы. Мяне страшна прыгнятае тое, што мы воляй-няволяй папаліся да гэтых пшэкаў, і ты бачыш, якія яны. Вазьмі гэты выпадак зь Дзежкам. Што ты думаеш наконт яго?

- Паводле нашага Эдзі, дык ён заслужыў.

- Эдзю маю ў... Пытаюся, як паводле цябе.

- Думаю, што гэта крайняе сьвінства з боку Эдзі, вялікая несправядлівасьць. Шляхцюк даўно правакаваў і прасіў аплявухі. Але, ведаючы гэту псіну, ці можна было чаго іншага спадзявацца?

- Хлопцы нашы ўсе такой думкі, а палякі глядзяць па-рознаму. Можна выпадак ацэньваць з двух бакоў: як чыстую бойку - і ў даным выпадку Мыдлеўскага поўная віна, бо ён першы на Дзежку скочыў, - або дашукоўвацца матываў і правакацыю разглядаць правакацыяй. Як ні вазьмі, якім бокам ні абярні, усяроўна кругом вінаваты панок гэты. А Эдзё з поўнай сьведамасьцю судзіў аднабакова: прыпісаў Дзежку ўсю віну й знайшоў матывы ў нейкім гітлераўскім выхаваньні й «бздурах». Вось дык судзьдзя, каб ты галавой налажыў! Гэта-ж проста зьнявага й аплявуха для нас, беларусаў. Гэта, братка, найбольш і баліць. Які-б ён дурны, гэты сукін сын, ні быў, але тут прызнаць выпадае, што ведае, дзе ўдарыць у балючае месца. Хутчэй за ўсё ён кіраваўся абшарніцкай логікай: я тут пан, а ты - хлоп, ня варты майго польскага пса. Правоў ніякіх не маеш і дзеля таго мусіш лізаць ногі свайму пану й яму падпарадкоўвацца. Вось як усё гэта выглядае.

- І з гэтага ты надта зьдзіўлены?

- Прызнацца - так. Чалавек шмат чаго нядобрага ведаў і бачыў у палякаў, але спадзяваўся, што мо вайна зрабіла на іх нейкі дадатны ўплыў, навучыла чаго. Кажуць - дасканалішся ў нядолі. Можа, яно не адносіцца да палякаў, а мо Эдзё - вынятак. Калі-ж яны ўсе такія, тады трэба іх пашкадаваць, бо не скарысталі зь вялікай гістарычнай лекцыі.

- Ведаеш, я не філязоф і ня гістарычны тэарэтык. Але тое-сёе ў гэтым разбіраюся. Успомні дачыненьні палякаў да беларусаў між гэтымі войнамі. Польскія паны, дзякуючы сваім інтрыгам, дурной палітыцы ў дачыненьні падбітых народаў і бяздарнай гаспадарцы, зруйнавалі ня толькі сваю «Карону», але й Вялікае княства Літоўскае. Лагічна вынікала-б, што доўгая няволя пад Маскоўшчынай мусіла-б спрычыніцца да пераацэны імі дагэтуляшнага шляху, знаходу памылак, канкрэтнага перабудаваньня палітычнай псыхікі вядучае клясы, пастаўленьня новых вехаў да лепшае будучыні. А яны - што? Гістарычная лекцыя ня была засвоена. Адразу пасьля здабыцьця незалежнасьці ў васямнаццатым годзе прагавітыя панкі і іншая трухлядзь, кіруючыся абшарніцка-рабаўнічымі інтарэсамі, узяліся абрабоўваць наш бедны сялянскі народ, адбіраць у яго апошнюю зямельку, школы, цэрквы й іншае. Імкнуліся да поўнага зьнішчэньня нашай апрычонасьці, да асіміляцыі. Ты, зрэшты, ведаеш, як было. Там вось і былі зародкі іхняга няшчасьця, новае вялікае трагэдыі, якая адбывалася й цяпер адбываецца на нашых вачох. Мы, братка, не пазналі яшчэ добра палякаў цяпер, ня ведаем добра, якія ўплывы зрабіла на іх вайна. Прытым заўваж, што маем тут справу зь мілітарыстамі. Ня трэба забывацца, што пасьля першай вайны якраз легіянеры-пілсудчыкі былі тымі асаднікамі, што прыехалі ў Беларусь і паадбіралі ў нашых сялян найлепшую зямельку. Калі-б гэтай хэўры ўдалося адваяваць Польшчу хоць у перадваенных межах, дык нашы сяньняшнія афіцэры былі-б заўтрашнімі асаднікамі. Такі Эдзё лавіў-бы беларускую рыбку й паляваў-бы на беларускіх зайцаў, а ты й я вывозілі-б ягоны гной і гадавалі-б збожжа.

- У тым-то й сук. Яно-то й самае цяжкое. Для нас якая з таго карысьць, што палякі сяньня, стараючыся адваяваць дзяржаву, адначасна ўжо руйнуюць і ейныя асновы? Ад таго часу, калі лёс спалучыў шляхі беларускай дзяржавы з польскай, наша нацыянальная зорка перастала ясна свяціць, а цяпер амаль зусім зьнікла. Толькі маскалі на тым скарысталі. Польскім панком варта было-б зрабіць парадак у сваім катушку, пакуль у чужы пхацца. Ніколі нікому ня прынесьлі яны дабрабыту. А цяпер, дзякуючы сваёй палітычнай недасьпеласьці, самі лятуць у бездань і іншых за сабой цягнуць!

- Нам трэба зь імі мець як найменш супольнага. Як ты кажаш, будуць цягнуць нас за сабою ў бездань.

- Гэта ўсё справы будучыні. Цяпер вось трэба неяк ператрываць, асьцерагацца, каб панскія «псы» цябе ня ўкусілі. Можа, варта вучыцца на іхных памылках. Гэта ці ня будзе найбольшая карысьць для нас у польскай арміі. Прыйдзе канец вайны, й хто ведае, як будзе сьвет выглядаць. Але што-б ні сталася, тое, што навучыўся, - тваім будзе, а для нашай Бацькаўшчыны патрэбныя спрактыкаваныя людзі. Вучыся на памылках ворага. Як прыйдзе час - будзеш ведаць ягоную моц і слабасьць. Змаганьне зь ім ня будзе тады вялікай праблемай.

- Ты-ж хаця не пачынай змагацца цяпер, пакуль на іхным хлебе сядзіш.

- На іхным хлебе? Але-ж і дурань ты, хлопчык мой. А на чыім яны? Ангельцы іх кормяць, і фактычна яны цяпер ня больш чым найміты.

- Няхай сабе.

- Дык вось і «няхай сабе». Не зрабілі яны для нас ніякай ласкі, прымаючы ў армію. Кіраваліся сваймі інтарэсамі й ня маюць чаго цяпер з чорнага рабіць белае. Ня быў-бы ты патрэбны ім за «пахолка» - фігу цябе ўзялі-б.

- То праўда. Разумна гаворыш. Аж не пазнаю цябе часамі.

- Ну, ты ўжо кпінкі ня строй, браце. Ясна, што праўда. І чаго-ж цяпер маюць зь сябе шляхоткаў удаваць, калі адзіным матывам іхнім было выкарыстаньне нашых людзкіх сіл. Тут і прабіваецца, як пад вясну вада празь лёд, тая фальшывасьць, гнілізна й недаспеласьць іхнага палітычнага характару. Заўсёды кіраваліся й кіруюцца лёгікай таго нэгра, што сказаў: «Калі я ў каго ўкраў карову - дык гэта добра, а калі хто ў мяне ўкраў карову - дык гэта дрэнна».

- Ведаеш, я гаварыў зь Дзежкам, і ён раіў, каб мы абое падаліся ахвотнікамі на фронт, - перайшоў на іншую тэму Лабун.

- На фронт? Ахвотнікамі? Як гэта разумець?

- Ня ведаю й сам... Надакучыла гэта вазьня рэкруцкая, абрыдла, агоркла проста. Вечна толькі «зважай» ды «вольна». Чацьвёрты ці пяты раз ад таго самага пачынаем. Нейкай перамены трэба было-б.

- Але-ж Дзежкава башка й зварыла. Ці, можа, і твая тут памагла?

- Можа...

- Яго псіна гэта карае, а ён на фронт пайшоў-бы. Якая-ж тут лёгіка?

- Кажа, што асабістыя прычыны.

- Кінь ты. Няма ў яго асабістых прычынаў, выдумкі толькі. Я лепш яго знаю, чымся ты. Зрэшты, калі ззаду можна тое-сёе зманкіраваць, то на фронце ня ўдасца. Ці мо пайшлі-б пры нагодзе ў палон да ранейшага пана? Ах, - махнуў Сымон рукою, устаючы, - я ня думаю, што гэта вы паважна.

- Была такая думка.

- Думкі могуць быць. Асабліва ў Дзежкі дык аж роіцца ад іх у галаве. Ён, брат, такі гарачы. Як нешта пастановіць, дык зараз загараецца саламяным агнём. А праектаў і думак - цьма. Не хачу слухаць. Слухай, цяпер хачу аб больш празаічным. Ці ня грызе цябе чарвячок часамі?

- Прызнацца, - пацерабіў Лабун за вухам, - дык грыэе. Варта было-б замарыць.

- Вось цяпер толкам гаворыш. А маеш за што?

- Павінна дзесь быць.

- Ты-ж ня курыш. У цябе цыгарэтаў, пэўна-ж, і свіньні не ядуць. Цягні, брат, хутчэй. А я зараз знайду дзесь макароньніка, й крышку заморым чарвяка.

- Чарвякоў, - паправіў Лабун, - бо й твайго таксама.

- А ты думаў, я аб якім гэта? Ну дык ты насалоджвайся матэматыкай, пакуль я вярнуся, - казаў Сымон, узяўшы ад Лабуна дзьве пачкі цыгарэтаў і выходзячы па віно.

 

: VI

 

Кожная вёска мае сваіх баб-пляткарак, а кожны вайсковы абоз - дзівакоў-гэрояў. У Сан-Базыльё найбольш папулярным і ведамым гэроем быў ня хто іншы, як сам камандзер базы 7-й дывізіі генэрал Пшэўлоцкі, празваны Прашка. І прычынаю гэтага ня была яго пазыцыя як камандзера абозу, а зусім іншае. Ці то ён сапраўды быў камічным, ці то выглядаў камічным у вачох жаўнераў - было, мабыць, адно й другое. Стаўся аб'ектам показак, жартаў і насьмешак...

Пшэўлоцкі распачаў вайсковую кар'еру яшчэ ў расейскай царскай арміі. Быў чалавекам расейскай культуры і ўзгадаваньня. Як ні сьцярогся, расейскія словы ўсё роўна траплялі ў ягоную мову, як і тая «пряжка», што сталася ягонай мянушкай. Генэрал меў слабасьць да бліскучых жоўта-залатых спражак, што аздаблялі шырокабрызентавыя ангельскія вайсковыя пасы. Гэтак, сустрэўшы ў абозе жаўнера ды кінуўшы вокам на брудны пас і спражку, генэрал нахмурыўся.

- Гэй, стшэльцу! - гукнуў радавога, калі той адсалютаваў.

- Я ёсьць, пане генэрал! - выпрастаўся радавы.

- Чаму ходзіце з такой бруднай пряжкай?

Радавы, зьбянтэжыўшыся, нічога не адказаў.

- Пытаюся, чаму пряжка брудная? - падняў голас на нотку вышэй Пшэўлоцкі.

- Не разумею, пане генэрал.

- Як гэта не разумееш? Хто за цябе мае чысьціць?

- Што чысьціць, пане генэрал?

- Дурнем прыкідваешся? Пряжку чысьціць, пся косьць!

- А што гэта такое «пряжка»?

- Пряжка то ёсьць... гэта ёсьць спшоншка, стшэльцу, - растлумачыў, на момант зьбянтэжыўся Пшэўлоцкі.

Ад гэтага часу мянушка прыліпла да старога афіцэра.

Расейшчына часьценька прабівалася наверх то ў генэралавай гутарцы, то ў навыках. Аб расейскім узгадаваньні Пшэўлоцкага сьведчыў сапраўдны факт, што здарыўся пры адкрыцьці курсаў для жаўнераў корпусу ў Мачэраце. Генэрал прамаўляў да вучняў, звяртаючы асаблівую ўвагу на тое, каб не марнавалі часу, казаў, што патрабуе іх Бацькаўшчына, а дзеля таго ён лічыць патрэбным падкрэсліць трагізм Польшчы ў мінулым.

- Польшча патрабуе асвечаных і кваліфікаваных кадраў як у войску, так і ў іншых дзялянках дзяржаўнага апарату. Старайцеся й вучыцеся, каб гэныя кадры папаўняць, каб народ наш быў мацнейшы, каб у будучыні апяклі рукі тыя, што палезуць па наша дабро.

- На працягу гісторыі, - палез Пшэўлоцкі ў мінулае, - Польшча пацярпела тры распадзелы. Здарылася яно так таму, што мы ня былі пільнымі. Першы распадзел быў у 1772 годзе, другі за дваццаць гадоў і яшчэ за пару гадоў апошні. Нашы непрыяцелі пачацьвярцілі Польшчу на тры няроўныя палавіны. З захаду, - тут генэрал намаляваў у паветры нейкую крывулю, быццам дэманструючы дзе, - немцы забралі Памор'е й Пазнаншчыну, з паўдня другі кавалак узялі аўстрыякі, а з усходу мы таксама ўзялі кавалак... цьфу! - запозна спасьцярогся генэрал. - Я хацеў сказаць, што з усходу росыяне забралі кавалак.

Тое неспадзяванае «мы», заміж расейцы, зьбіла генэрала з панталыку, і ён пачырванеў. Шмат хто з прысутных, ня тоячыся, зарагатаў. Ня ведама, што больш сьмяшыла: ці тое, што Польшчу «пачацьвярцілі на тры няроўныя палавіны», ш тое, што пузаценькі афіцэр прыдзяліў сябе да расейцаў, распадзельнікаў Польшчы.

Акрамя «пряжак», Пшэўлоцкі зьвяртаў ці не найбольшую ўвагу на салютаваньне. У базе сёмай дывізіі прыгадвалі іншае здарэньне, што магло адпавядаць праўдзе.

Пры арміі была дапаможная жаночая служба, афіцыяльна ведамая як «Помоцніча Служба Кобеца» (у скарочаньні ПСК - пээска). Ад гэтых скаротаў усіх жанчын пры войску ахрысьцілі «пэсткамі». Пару сотняў было іх у Сан-Базыльё.

І вось, апавядаюць, выяжджае Пшэўлоцкі джыпам з абозу на шашу. Сьпераду - шафёр, а ззаду, разваліўшыся на сядзеньні, выставіўшы кругленькі жывоцік, - сам генэрал. Сьпераду джыпа, на самым цэнтральным месцы над радыятарам, хвалюецца ў ветры малы генэральскі сьцяжок. Высокі пасажыр, пагладжваючы жывоцік, разглядаецца навокал.

Непадалёк за брамай абозу трапляе яму на вока маладая дзяўчына ў вайсковым адзеньні. На вялікае генэралава здзіўленьне, яна ня толькі не салютуе, але, здаецца, навет не спасьцерагае генэралавай машыны, ані пасажыра ў ёй.

- Стой, Збысю! - загадвае шафёру генэрал.

Машына борзда затрымоўваецца, а Збысь узіраецца ў камандзера.

- Крані машыну назад да гэнай «пэсткі», - паказвае зрокам афіцэр дзяўчыну, што засталася крокаў больш дваццаці ззаду.

Аўтамабіль едзе назад і затрымоўваеца каля «пэсткі».

На твары ў дзяўчыны зьяўляецца цень зацікаўленьня. «Няўжо-ж ён вярнуўся, каб мяне ўзяць ды падвезьці?» - думае, відаць, яна.

- Охотнічко! - пачынае высокім тонам Пшэўлоцкі.

- Так ест, пане...

- Хадзі бліжэй!

Дзяўчына падыходзіць.

- Паглядзі сюды! Едзе генэральскае аўта, на перадзе фур-фур повева хоронгеўка і генэрал сядзіць, як бык... а охотнічка для чэго не салютуе?

«Пэстка» зусім анесьмялела й згубіла язык, асабліва таму, што генэрал параўнаў сябе да быка.

Хутка па абозе Сан-Базыльё ды незадоўга й па цэлай арміі пачалі «пэстак» дражніць генэралам-быком. Ідзе, бывала, які Ясё ці Здзісё й сустрэне «пэстку».

- Гэй, охотнічко! - гукне. - Едзе аўта, хоронгеўка повева фур-фур, генэрал сядзіць, як бык, а охотнічка што на гэта?

Да гэтага аматары анэкдотаў дабаўлялі часьценька зусім няцэнзурныя варыянты.

У першых тыднях 1945 году рота «цэнзусоўцаў», акрамя шматлікіх вайсковых заняткаў, здавала экзамены, каб пацьвердзіць сярэднюю адукацыю. У суседняй вялікай палатцы штодзённа зьяўляліся сябры вайсковай школьнай камісіі.

Віктар Караткевіч пад час экзаменаў зь літаратуры пахваліўся, што польскай літаратуры ня ведае, адно беларускую. Настаўнік адаслаў яго да мізэрнага з выгляду, дробненькага, худога калегі.

- Раскажыце мне, што вы ведаеце аб «Пану Тадэвушу», - пачаў апытаньне новы экзаменатар.

- Я-ж казаў таму другому пану, што вучыўся ў беларускай гімназіі...

- Дык вы ведаеце беларускую літаратуру?

- Так.

- Дык раскажыце, што ведаеце пра Пранціша Аляхновіча.

Караткевіч быў адным з вучняў Віленскае Беларускае Гімназіі, што побач зь сяброўкай-гімназісткай нёс адзін з дзесяткаў хаўтурных вянкоў за дамавінай вялікага беларускага мучаніка й драматурга, застрэленага бальшавіцкім агентам зімою 1944 году. Крышку зьдзівіўся з такога пытаньня.

- Магу гаварыць па-беларуску?

- Калі ласка, - адказаў па-беларуску афіцэр. Пасьля выяўленьня сваіх ведаў аб творчым багажы Аляхновіча Караткевіч расказаў аб трагічнай сьмерці драматурга й паховінах, у якіх браў удзел. Афіцэр чуў аб гэтым першы раз і вельмі зацікавіўся. Пазнаёміліся. Караткевіч даведаўся, што настаўнік быў некалі блізкім сябрам замардаванага пісьменьніка, што сам быў вывезены ў Сібір у 1939 годзе, што быў беларусам, заслужаным у беларускім адраджэнскім руху. Быў гэта прафэсар Гук.

 

: VII

 

Пасьля экзаменаў, у канцы студзеня рознымі загадамі 4-я рота «цэнзусоўцаў» пачала разьдзяляцца. З групы колішніх менскіх кадэтаў чалавек дзесяць, у тым ліку Сымон Спарыш, Кастусь Дзежка й Аляксандр Лабун, трапілі на падафіцэрскі курс у 21-шы батальён. Віктар Караткевіч і Мікола Дудкевіч трапілі ў ліку іншых у школу падхаронжых у недалёкую Матэру. Доўта ім там не давялося пабыць. Палякі, заўважыўшы, што ў афіцэрскую школу трапіла блізу паўсотні беларусаў, выдалі загад, што вайсковыя ўлады не маглі прызнаць ступеняў адукацыі, здабытых пад нямецкай акупацыяй. Зацікаўленыя ў будучыні, паводле таго-ж загаду, могуць складаць заявы на курсы, што мелі быць зарганізаваныя пры войску, а тым часам, хіба яшчэ пасьля некаторага вышкаленьня, мелі папоўніць франтавыя адзьдзелы. Гэтак палякі, у час спасьцярогшыся, не дапусьцілі ў афіцэрскую школу беларусаў, хоць тая самая прычына, г. зн. адукацыя, здабытая пад нямецкай акупацыяй, не перашкодзіла ім затрымаць у Матэры ўсякіх «слёнзакаў», «поможакаў» і «кашубаў». Шматлікія былыя менскія кадэты, уцалеўшы ў апошняй фазе вайны, падалі ўсё-ткі заяўкі на курсы й пасьля пасьпяхова іх пакончылі.

Другая рота 21-га батальёну - фактычна падафіцэрская школа - праходзіла навуку прысьпешаным тэмпам. Выглядала, што на фронце патрабаваліся людзі й што вучні недарма елі белы хлеб. Вестка аб сканчэньні шкаленьня прыйшла ў канцы лютага. Камандзер роты, лейтанант Олесь, раніцою пасьля сьнеданьня сабраў людзей у прасторнай сьвятліцы школы і, прыняўшы рапарт, пачаў гаварыць да вучняў:

- Сабраў я вас, хлопцы, дзеля таго, каб паведаміць, што сяньня нам, на вялікі жаль, прыйдзецца разысьціся. Хачу таксама ў кароткіх словах закрануць і нашу палітычную сытуацыю. Няма чаго хаваць, што палажэньне наша сягоньня крытычнае. Вы самі гэта ведаеце. Інфармую вас згодна з загадам вышэйшых кіраўнікоў арміі. Палажэньне наша проста трагічнае. Гэта не значыць, што мусім апускаць уніз галовы. Былі ў нашай гісторыі цяжэйшыя моманты, й мы ператрывалі, дзякуючы гэраізму нашага народу. Ператрываем і гэты. Дый ня толькі ператрываем, але й дасягнем намечанае мэты.

Слухаючы, здавалася, што й сам лейтанант Олесь ня надта верыў у гэтае «ператрываньне» й перамогу.

- Крымская афэра, як вам ужо ведама, паказала, да чаго здольны тыя, якіх мы ўважалі за сваіх хаўрусьнікаў. Яны зрабілі з ворагам гандаль нашым коштам. Яны нас здрадзілі. Выглядае цяпер, што Ангельшчына й Амэрыка перастануць прызнаваць наш адзінапраўны лёнданскі ўрад. Але гэта ня значыць, што й мы перастанем прызнаваць яго. Ялта ці ня Ялта, ён - адзіны ўрад, вакол якога згуртаваны ўвесь польскі народ. Мусім згуртавацца ля яго яшчэ шчыльней, каб з большай упэўненасьцю ісьці да мэты. Лёнданскі ўрад - адзіная наша апора й адзіны легальны ўрад Польшчы.

Для паінфармаваньня чытача мусім прыгадаць, што падчас Другой сусьветнай вайны Сталін утварыў з польскіх камуністаў, гадунцоў Масквы, гэтак званы Люблінскі камітэт, перайменаваны пазьней у Варшаўскі ўрад. На канферэнцыі ў Ялце Сталін дамагаўся ад заходніх хаўруснікаў прызнаньня гэтага камуністычнага твора як адзінапраўнага ўраду Польшчы. Хаўруснікі ня надта настойвалі, што эміграцыйны ўрад у Лёндане, пад загадам якога быў другі корпус у Італіі, першы корпус Мачка ў Галандыі, нешматлікі марскі флот й паветраныя сілы, ды (пакуль яно трывала) збройныя сілы Варшаўскага паўстаньня, быў адзіным легальным польскім урадам. Справу разьвязалі кампрамісам.

Да часу вольных выбараў у парлямант у акупаванай савецкімі войскамі Польшчы наважылі ўтварыць урад з двух існуючых урадаў. Гэткім чынам польскі вызвольны фронт поўнасьцю прайграў, а маскоўскі чырвоны дыктатар атрымаў вольную руку ў акупаванай краіне.

Пасьля абвешчаньня Ялцінскае ўмовы на Захадзе вялікая частка палякаў страціла надзею на вызваленьне Польшчы. Нашчадкі Касьцюшкі й Пілсудзкага добра ведалі цану маскоўскім словам, і адно самыя наіўныя маглі верыць, што Польшча пасьля вайны нейкім чынам станецца вольнай. Да такіх наіўных, як выглядала, лейтанант Олесь не належаў.

- Я раней казаў і цяпер кажу, - прадаўжаў ён, - што канфлікт між заходнімі хаўруснікамі й Масквой нямінучы. Гэта толькі справа часу. Мусім ня траціць веры, мусім захаваць свае сілы да апошняга бою.

Афіцэр адчытаў спэцыяльны загад камандзера Другога корпусу генэрала Ўладыслава Андэрса, які закранаў Ялцінскую канферэнцыю, ейныя пастановы ў справе Польшчы й заклікаў жаўнераў ня толькі прадаўжаць няскончанае змаганьне зь Нямеччынай, але вытрываць і мацавацца духам у далейшым.

Вучні падафіцэрскае школы таго-ж самага дня разышліся па сваіх адзьдзелах. Нашы гэроі, вярнуўшыся да Эдзі й прабыўшы там дзьве пары, атрымалі загад выяжджаць на фронт і ў канцы лютага паехалі ў Брындызі - суседні порт на Адрыятычным моры, каб адтуль мараплавам накіравацца на поўнач.

 

Вэгэтацыя

 

: I

 

Найцяжэйшым і найбольш страшным момантам, што пабуджае глыбокія духовыя перажываньні для трапіўшага першы раз у жыцьці за краты вязьня, ёсьць першая хвіліна сьведамасьці пасьля абуджэньня з начнога сну. Яна больш жахлівая за той момант, калі чалавек перакрочыць першы раз парог турмы. У вязьніцу чалавек уваходзіць усё-ж падрыхтаваным да гэтага; ён пагаджаецца, што ў сілу нейкіх нямінучых абставін сустрэне за гэтым парогам няволю, зьдзекі й цемру. Адмоўна зарэагуе ён на абставіны, новае навакольле за цяжкімі ржавымі жалезнымі дзьвярыма, можа, зь перапалоху зробіць інстынктыўны крок назад адно таму, што ўяўленьне раней не змагло адлюстраваць у сьведамасьці ўсіх нечаканасьцяў, якія яму цяпер наканавана перажыць. Адно - ён ня можа дакараць сябе за тое, што ня ведаў, куды яго вядуць. Тым часам, будзячыся рана пасьля першай ночы ў вязьніцы, адкрыўшы вочы, не адвыкшы яшчэ ад вольнага жыцьця й хатніх абставінаў, у гэную першую хвіліну соннай паўсьведамасьці пачне чалавек вадзіць зрокам па шэрых турэмных сьценах і столі і зь вялікай натугаю старацца ўгадаць, дзе знаходзіцца. Першыя пасьля сну промні сьведамасьці пастараюцца паклікаць на помач памяць, каб разьвязаць загадку. Паволі падымецца галава; вочы ськіруюцца на адзіны сноп сьвятла, што падае знадворку ў камэру праз густыя краты маленькага ваконца; розум пачне адрозніваць людзей, рэчы, навакольле, і ажно тады прыйдзе страшнае разуменьне, што чалавек знаходзіцца ў вязьніцы.

Інстынкт самазахаваньня падкажа розуму, што гэта ці ня ёсьць адно непрыемная зьява, міраж; недавер у момант авалодае галавою. На момант заплюшчацца вочы й зьявіцца борзда народжаная надзея, што няпрыемная зьява, пэўна-ж, зьнікне, што гэта, мабыць, толькі благі, кашмарны сон. Паволі й нясьмела зноў пачнуць адкрывацца вочы, а зьява ўсё-ж не аддаліцца. Наадварот - ворганы чуцьця пачнуць з упэўненасьцю дэманстраваць, што першая зьява была канкрэтнай і цалкам рэальнай; цені вязьняў пачнуць рухацца й гаварыць; моцныя жалезныя краты ў цеснай адтуліне ўсё яшчэ тырчаць, разрэджаныя хмарным снапом сьвятла; з-за цяжкіх турэмных дзвярэй прылятуць гукі мерных крокаў турэмнага вартаўніка, лязгат турэмных ключоў - усе самыя розныя гукі й водгулле раньняй вязьнічнай беспрасьветнай будзёншчыны. Разбуджаны навічок, канчаткова ўпэўніўшыся, што ён знаходзіцца ў катушку, будзе сядзець нейкі час нярухома, рукою падпёршы падбародак; пазяхаючы ды ўздыхаючы, пачне шкадаваць, чаму салодкі сон забыцьця ня трываў далей, чаму на зьмену прыйшоў бязьлітасны кашмар сапраўднасьці. У гэны момант як нельга лепш ацэніць ён волю й ніколі ўжо ня зможа забыцца, якую вартасьць мае сон, забыцьцё, нябыт, летуценьні. Калі мае крылатае ўяўленьне, дык пры дапамозе яго, магчыма, зробіць выснаў, што найлепш змог-бы адсядзець у вязьніцы, калі-б увесь час мог спаць або знаходзіцца ў забыцьці. Яшчэ ўчора, ведзены ў вязьніцу, уяўляў, пэўна-ж, гэту няцікавую сапраўднасьць, фізычную нядолю. Адылі й цяпер ужо, пасьля першага пачуцьцёвага ўструсу, здолеў пагадзіцца, што хаця-нехаця, а мусіць зжыцца з абставінамі, што гэтыя абставіны існуюць і існаваць будуць ад яго зусім незалежна. Ён ужо дасьць гэтым абставінам правы грамадзянства дзесьці ў малой каморачцы свайго пачуцьця й розуму. Зразумее, што й сам цяпер зьяўляецца арганічнай, шэрай, бястварай часьцінай гэтых абставінаў, што мусіць падрыхтавацца фізычна й духова, прытарнавацца найвыгадней і найлепш, каб перажыць з найменшай для сябе стратай той быт-нябыт.

Але непераможны й заўсёды прысутны інстынкт самазахаваньня вечна шэпча й падказвае іншае, заўсёды намагаецца ратаваць, абнадзейваць, цягнуць з прадоньня. Ён - падсьведамы й, здавалася-б, неазначаны, але заўсёды прысутны і ў момант фізычнага ці духовага крызісу сьпяшае людзкой істоце на хуткі ратунак. Паколькі фізычнае існаваньне чалавека бязвыхаднае, ён цягне пачуцьцёва-разумовую людзкую істоту цераз адзін парог часовага ратунку, пераносіць яе ў зусім іншы сьвет - туды, дзе сам чалавек зьяўляецца поўным і абсалютным валадаром быту й нябыту - у сьвет мараў і лятуценьняў. Кожны чалавек, няхай будзе ён найбольшы скэптык, самы заядлы пэсыміст і нявера, мае гэткі сьвет - менш або больш абмежаваны. Туды ён у найбольш цяжкія й крытычныя хвіліны ўцякае ад назойлівай сапраўднасьці, там валадарыць і як магутна крылаты арол бушуе па неабсяжных прасторах летуценьняў. Шматочкі парваных і разьбітых надзеяў саўюцца ў тонкую пражу нейкай суцэльнасьці, з руінаў разбуранага й разьвеянага духовага самабыту пачнуць вышукоўвацца рэшткі, макулінкі веры ў лепшае й сьвятлейшае. Паўстануць падпоры й масты, празь якія зьняможаны духовы арганізм пачне памалу, вобмацкам крочыць праз бездані да будучыні. Адно нявера можа затрымацца над непраходным прадоньнем, а ў веруючага народзіцца надзея, аснованая на вечнай, адзінай і незаменнай боскай справядлівасьці. Нефартунны духовы мучанік даверыць сябе ў рукі апекі й ласкі Найвышэйшага і Ўсемагутнага. У гэты час духовага ўпадку й фізычнага крызісу ён пачне мацнець любоўю да Адзінаправільнага Валадара. Інстынкт самазахаваньня, узброіўшы гэткім чынам прагнучага дапамогі, прынясе яму найбольшую ўслугу якраз тым, што ў першапачатковай стадыі свайго дзеяньня зьяўляецца штуршком, пабуджальнікам успамагальных сілаў духовае натуры, мабілізатарам крыніцаў супрацьдзеяньня й абароны перад цяжкой рэальнасьцю.

 

: II

 

У нармальных мірных умовах дзяцінства, пакуль чалавек не стане на собскія ногі, навет падбіраючыся, а то й пераскочыўшы жыцьцёвую дваццатку, ён рэдка мае змогу з аб'ектыўнасьцю заглянуць жыцьцёвай рэчаіснасьці ў вочы. Абапірае свае мяркаваньні й крокі на слаба абгрунтаваных, а то й фальшывых поглядах, бачачы твар жыцьця праз сваю, асаблівую адно для яго, прызму. Адсюль такія шматлікія ў юнацкім веку памылкі, рашчараваньні ці іншыя няшчасьці.

Сымон Спарыш мала меў часу, каб дасьпяваць у нармальных спакойных абставінах ды паўтараць тыя памылкі, што рабілі раней і будуць прадаўжаць рабіць пазьней юнакі ранейшых і будучых пакаленьняў.

Сусьветны катаклізм кінуў яго ў ліку іншых сяброў на скрыжаваньні пякельных дарог, туды, дзе разьюшаная сіла й гвалт. Там ня мелі вагі ані пачуцьцё, ні розум. Сіла была правам, а права - сілаю. Магутны цыклён-гігант душыў і цёр на мязгу ўсё падатнае й слабое, арганічна хворае, фізычна нятрывалае й крохкае. Трывала й буйнела адно моцнае й непахіснае.

Як малая, цьвёрда зьлепленая снежная куля, кінутая па зьмякчаным адлігаю снегу з высокай горнай вяршыні, буйнее, таўсьцее й набірае разгону й сілы па дарозе ды крышыць пасьля й нішчыць усё жывое й мёртвае, гэтак раздзьмуханая сіла ваеннага гвалту й зьнішчэньня, здавалася, што далей, то больш набірала моцы й імпэту. Дэструкцыйнасьць ваеннае сілы ня можа быць рацыянальнай, поўнасьцю накіраванай ці кантраляванай. У меру павялічэньня ейнае разьюшанае гвалтоўнасьці першапачатковыя дзейнікі, што выклікалі яе з пэўнымі вызначанымі мэтамі, трацяць над ёю навет частковы кантроль. Гэтаксама, як у групе падвыпітых дзецюкоў паб'юцца двое, пасьля-ж на дапамогу ці проста, каб узяць нейкі ўдзел, прыйдуць усе непакліканыя, й зробіцца неразбярыха такая, што пад канец няведама, каго вінаваціць, - таксама і ў вялікіх войнах. Пасьля пэўнае мяжы сіла гвалту выклікае дзейнасьць пабочных элемэнтаў, дзеля розыгрышу асноўнае стаўкі непатрэбных. Гэтак бандыты рабуюць і забіваюць, выкарыстоўваючы ваеннае бязладзьдзе там, дзе няма пільнага вока ўлады; садысты страляюць і жыўцом паляць людзей не дзеля таго, што гэта неабходна, а таму, каб насыціць сваю зьвярыную прагавітасьць сьмерці й зьнішчэньня іншых. Нарэшце навет найбольш нэйтральныя, што, як кажуць, «Богу духа віноўныя», дзеля свае абароны змушаны прыняць удзел у агульнай разьні й забойствах. Хто-ж пасьля гэтага здолее разабрацца - дзе, хто і ў чым вінаваты? У Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны бальшыня сялянскіх вёсак, пераважна зь лясных раёнаў краіны, пайшла з дымам. Жыхары - або там-жа жыўцом паленыя, або страляныя - не жадалі браць удзел у чужой для іх вайне двух тытанаў. Хіба-ж іхняя віна палягала ў тым, што ня сумелі ў час абараніцца...

Маладому Сымону ў галаве не мясьцілася, што цывілізаваны чалавек можа перайсьці ўсе межы дзікасьці й быць рухавіком такога ўсеагульнага гвалту - купацца ў крыві, засьцілаць касьцьмі нявінных мільёнаў прасторы сьвету й пры гэтым яшчэ сьпяваць гімны й оды вялікім і малым катам. Гэта звярыная крайнасьць людзкой натуры да глыбіні скаланула й зрушыла нясьмелыя яшчэ погляды юнака, паставіла перад ім цэлы сьцяг пытаньняў, на якія нельга было знайсьці гатовых адказаў.

«Чалавека, што забівае, называюць зьверам, - думаў юнак, - але-ж зьвер, калі ён забівае, то ня без патрэбы. Найчасьцей спажывае здабычу, пасьля адпачывае й не мае патрэбы зьнішчаць іншых дзеля самога толькі зьнішчэньня. Інакш кажучы, зьвер робіць толькі біялагічную функцыю, забівае для ўтрыманьня пры жыцьці свайго арганізма, робіць тое, да чаго пакліканы ў прыродзе, рэдка ці навет ніколі ня выходзіць за рамы біялагічных нормаў існаваньня. Зусім іншае з чалавекам. Ён пакліканы не для забойства, а для сужыцьця зь іншымі ў любові. Бог стварыў яго, даў розум, каб дасканаліўся й наследаваў Творцу. Да забойства пхае яго прагавітасьць, ненасычанасьць. Раз распачаўшы гвалт над іншымі, ня ведае межаў. Калі, такім чынам, параўноўваць чалавека са зьверам, то параўнаньне выпала-б на карысьць апошняга. Больш таго: калі-б зьвер меў розум і ведаў, што ягоным іменем празываюць чалавека-забойцу, то, пэўна-ж, моцна пакрыўдзіўся-б. Было-б гэта для яго ці не найбольшай зьнявагай».

Пасьля такіх крайнасьцяў у сваіх роздумах і выснавах Сымон мяркаваў, што чалавеку добраму, які трымаецца Божых прыказаньняў, няма на зямлі месца. Ён заўсёды будзе крыўджаны й эксплуатаваны, таптаны й біты іншымі. «Сярод ваўкоў вый па-воўчаму», - прыходзіла на думку старая народная мудрасьць. Перад уяўленьнем прабягаў шлях беларускага народу за апошніх пару стагодзьдзяў - шлях нядолі, крыўдаў і зьдзекаў з боку чужынцаў.

Ці беларус выйграў што-небудзь таму, што ня біў і ня гвалціў, што служыў чужым панам? Чым менш супраціўляўся, тым больш зносіў крыўдаў. Сьвет, аснованы на сіле, лічыцца адно зь сілаю. Ніхто ніколі ня ўважыць слабога, няважна, колькі-б ён маліўся ці прасіўся, колькі-б ні даводзіў аб сваіх правох, аб дабрыні, чысьціні душы й сэрца.

 

: IІІ

 

Як таму вязьню, што першы раз абудзіўся з начнога сну ў вязьніцы, здавалася часамі Сымону, што ўся гэта жахлівасьць гвалту й сілы, гэты жудасны рогат сьмерці, панарамы папялішчаў і могільнікаў, людзкой нядолі й енкаў зьяўляюцца адно благім сном, што ня можа-ж гэта быць, што ёсьць-жа нейкія нормы маралі, існуе-ж нейкая любоў на сьвеце, дабрата ў сэрцы чалавечым. Пытаўся ня раз сам сябе: ці дзякуючы нейкаму нявытлумачальнаму прыпадку ня сьніць ён часамі, ці прост-напраст ня здурэў?

Да агульных гэткіх перажываньняў далучаліся зусім асабістыя, сямейныя. Постаць старога, хваравітага, спрацаванага бацькі рэдка пакідала юнакова ўяўленьне. Сьніў страшныя сны: то капаў бацьку магілку, то бачыў бацьку ў дамавіне, то выносіў тую дамавіну й спушчаў у яму. Цэлы цыкл сноў ад часу выхаду з Бацькаўшчыны аж да Італіі й далей заўсёды круціўся навокал бацькі.

«Ці не завініў я часам перад ім? - пытаў сябе. - Ці ня мусіў я застацца ў хаце й быць яму падпораю, дапамогаю на старасьці? А мо, - і пры гэтай думцы аж дрыжэў хлапец з жаху, - мо бальшавікі ўжо зьвялі яго са сьвету за тое, што я пакінуў дом і што, будучы яшчэ дома, нідзе ня крыўся са сваймі антыбальшавіцкімі паглядамі? Цэлая-ж вёска аб тым ведала. А ці-ж ня было ў вёсцы здраднікаў-юдаў, дрэнных людзей?»

Думкі пра бацьку й сям'ю не давалі хлапцу супакою. Часьценька ўночы, сасьніўшы бацьку, найчасьцей мёртвага, з дрыготамі будзіўся й выціраў з твару халодны пот. Доўга пасьля ляжаў, адплюшчыўшы вочы, углядаючыся ў цемру й раздумваючы над цяжкім лёсам. Адылі як мага падбадзёрваў сябе й мацаваўся на духу, прысягаючы на бацьку, радзіму і ўсіх сьвятых, што выкарыстае рэшту свайго жыцьця, не пашкадуе сілаў, каб у будучыні служыць пакрыўджанаму й паняволенаму народу, каб адпомсьціць крыўдзіцелям і катам - чужым і сваім. І ў той момант сьведамасьць бясьсільнасьці радзіла бязьмежную злосьць і нянавісьць на ўсіх тых, што стараліся й цяпер яго, Сымона, выкарыстаць для сваіх шкодных мэтаў.

«Каб гэта з Божай дапамогай, - думаў хлапец, - я стаўся нейкім вяліканам або замяніўся ў непераможныя мільёны, ведаў-бы, што рабіць. Пазьбіраў-бы па зямлі ўсе цацкі, званыя гарматамі, самалётамі й іншымі прыладамі зьнішчэньня, пераплавіў-бы іх на плугі, машыны й іншыя прылады міру й жыцьцёвага дабра, а ўсім чысьценька людзям загадаў-бы працаваць і паводле запрацаванага атрымоўваць так, як вызначыў Бог. Даў-бы вольнасьць усім народам і не дазволіў-бы на ніякія крыўды ці зьдзекі. Любоў бліжняга сталася-б асноваю ўсяго жыцьця».

 

: IV

 

Сымон часта параўноўваў сябе да пабочнага гледача, які для задаваленьня цікавасьці выйшаў на гарадзкі ходнік, каб прасачыць вялікую й бурлівую хвалю натоўпу, што бушавала й імкнулася некуды да вызначанай мэты. Натоўп быў чужы, як і чужым было для яго змаганьне, на якое сьпяшылі хвалі людзей. Ён вось толькі сабе так, з простай, людзкой цікавасьці выйшаў з памяшканьня, каб бліжэй прыгледзецца, што навокал рабілася й што азначала вялікая мітусьня. А мітусьня й гармідар павялічваліся, хвалі людзей нясупынна прабягалі міма, дзесьці чуваць было страляніну, аднекуль несьлі параненых, цягнулі забітых. Усё мацней бушавала й

буйнела людзкое мора. Яно разьлілося ня толькі на шырыню прасторнай вуліцы, але пачынала паглынаць і тратуары. Шумела й пагражала, гвалтаўнела й раўло.

Пабочны глядач Сымон адчуваў і ведаў, што яго з тым морам нічога ня лучыла, ніякім чынам ня мог быць удзельнікам, маленькаю пешкай у агульнай бушуючай стыхіі. Стоячы гэтак і раздумваючы, не спасьцярог, як яго тоўхаюць і штурхаюць. Напаўдзікая хваля, што ў чужой для яго мове тысячамі глотак крычала й раўла нейкія лёзунгі, імчала наперад, гусьцела й буйнела навокал. Ня прыйшло яму ў час у галаву, што можа паглынуць і панесьці яго разам з сабой, дый не заўважыў, як, штурханы й піханы чужымі локцямі й целамі, апынуўся ў самай яе гушчы - пасярод вуліцы. Сярэдзіна вуліцы была хрыбтом хвалі - плынь тут была найбольш ёмкая. Адно цяпер юнак спасьцярог, куды трапіў. Ногі яго, падбіваныя чужымі, чапаліся адна за другую, хаця-нехаця памалу крочылі ў агульнапрынятым кірунку. У галаве мільганула думка, што трэба за ўсякую цану ратавацца, вырвацца, прабіць неяк дарогу набок, ізноў апынуцца на ходніку ці дзе далей зусім збоку, адно каб у спакойным і зацішным месцы. Калі ня ўдасца, ён дорага можа заплаціць за такую неасьцярожнасьць, бо воддаль відаць было ўжо мора агню, чуваць стрэлы гарматаў і дробнае зброі. Спрабаваў кінуцца ў адзін бок і ў другі, але людзкое мора так згусьцела, што трэба было разьвітацца з думкамі аб ратунку. Хваля мела адзін кірунак і зь вялікай гвалтоўнасьцю несла на хрыбце сваім усё жывое. Нельга было ўстаяць і на месцы, бо вось тысячы людзей могуць паваліць цябе й растаптаць у жыдзенькае цеста. Выбару ня было - адно рухацца наперад ды за любую цану пры небясьпечнай нагодзе старацца захаваць жыцьцё.

Нейкая нябачная сіла кіравала той дынамічнай хваляй, штурхала яе наперад да вызначанай мэты. Людзі, здавалася, ап'янелыя прагавітасьцю бою й крыві, напралом валілі па дарозе ўсе стрэчныя перашкоды. Там, дзе на небакраі гарэла ў моры агню й рагатала тысячамі гарматных глотак зямля, крышыліся апошнія ўмацаваньні. Натоўп ведаў, што пасьля канчальнага збурэньня іх зможа ступіць на сонечны бераг недзе яшчэ далей, што й было ягонай мэтай.

Але вось раптам прыляцелі зусім іншыя галасы. Сьпераду прыбегла вестка, што навет пасьля ліквідацыі асноўнай перашкоды ня ўдасца нікому ступіць на сонечны бераг, бо той ужо заняты быў чужымі цёмнымі сіламі, адгароджаны бар'ерам, які ніколі ня ўдасца скрышыць сіламі натоўпу, навет калі-б ён і ўдзесяцярыўся.

«Здраднікі! Прадалі нас, ашукалі! - крычалі сьпераду на розныя лады. - Куды йдзём? Да якое мэты? Навошта цяпер бязсэнсоўныя ахвяры?» Ды ня было выбару. Рух наперад прадаўжаўся па ранейшай інэрцыі.

Гэтак Сымону Спарышу ўяўлялася польская армія й ягоны ў ёй удзел.

 

: V

 

Кароткі перапынак - калі льга так назваць перашкаленьне ў Сан-Базыльё - скончыўся. Пешкі ў натоўпе - жаўнеры Другога Андэрсавага корпусу, хоць і ведалі ўжо, што іх здрадзілі й Бацькаўшчыну бальшавікам прагандлявалі, прадаўжалі свой сьмяротны марш. Загады зьверху гучалі, як і раней: наперад, да перамогі над ворагам!

Недзе на поўнач, у ваколіцы Рыміні, цёк Рубікон. Калісь магутны Цэзар, пераправіўшыся цераз раку, сказаў: «Жэрабя кінута» і пайшоў на пераняцьце ў свае рукі ўлады ў Рыме. Беларускі юнак таксама мусіў перайсьці Рубікон, але на другім баку чакалі яго цемра й няпэўнасьць, небясьпека й безнадзейнасьць. Адылі ў сэрцы туліў і песьціў рэшткі разбураных надзеяў, як мага ўзмацняў веру ў першапачатковыя ідэалы, вынесеныя з далёкай, цяпер ужо нанава чужнікамі крываўленай Бацькаўшчыны. Вера ў сьветлую будучыню свайго народу вызначыла мяжу між духовым жыцьцём і сьмерцю, між цяперашнім ператрываньнем-перажыцьцём усёй падарожнай злыбяды й цярпеньняў і поўным падзеньнем у бездань.

Ніколі, ні на адзін кароткі момант ня прыйшло юнаку ў галаву, што ў гэтай вайне мог-бы ён загінуць. Ня мог-жа, проста ня меў права! Было-ж прызначэньне. Там-жа наперадзе быў яшчэ хто ведае які вялікі прастор часу, на прасьцягу якога давядзецца аддаць свае здольнасьці, сьціплыя веды й сілы для пакрыўджанага народу. І шлях гэты цяперашні... Хто-ж там ведаў, што собіла Богу ў галаву прыйсьці. Можа, гэта дуга цераз колішні эльзаскі, а цяпер італьянскі агонь была патрэбная, мо дарога ўжо павярнула на Бацькаўшчыну. Час і будучыня пакажуць. Цяпер адно: захавацца цэлым і непакалечаным і ператрываць!

Зрэшты, калі ўжо йдзе пра той самы натоўп, дык нельга цьвердзіць, што ён, Сымон Спарыш, трапіў у яго сярэдзіну, у той вялікі і, як цяпер ужо было відаць, бязсэнсоўны вір, зусім прыпадкова, дзякуючы нейкай неасьцярожнасьці. Першы-ж крок - той, зь Вільні ў Менск, - залежаў адно ад яго й больш нікога іншага. Зрабіў яго сьведама. Мала таго - стараўся й сяброў з сабою цягнуць. Тое, што прыйшло пасьля, пэўна-ж, ад яго не залежала. Стаўся, як і сотні тысячаў іншых людзей, пешкаю, дробненькаю макулінкай, кіданай ветрам вайны па цэлай Эўропе.

Дык калі нельга было прытуліцца ў зацішнае месца, не гаворачы ўжо аб поўным ратунку, трэба было неяк адно перажыць, захавацца цэлым, дый найлепш, каб зусім непакалечаным. У будучыні патрэбныя будуць маладыя сілы для яе адной, найдаражэйшай і наймілейшай, што цяпер так моцна цярпела.

Значыцца - абы ператрываць!

 

Беларуская цэнтральная рада ў Бэрліне. Генэрал Езавітаў, Астроўскі й Шувалаў

 

: I

 

Беларуская Цэнтральная Рада пакінула Менск 28 чэрвеня 1944 году. Працаўнікі Рады пасьля шматлікіх падарожных прыгодаў чыгуначным транспартам прыехалі ў Кэнігсбэрг, дзе мелі інструкцыі затрымацца. Радаслаў Астроўскі са сваймі ад'ютантамі й найбліжэйшымі даверанымі людзьмі накіраваўся аўтамабілямі ў Лодзь. Меў там шмат знаёмых сьцежак-дарожак яшчэ з часоў перадваеннае Польшчы, калі зь Беларускае Гімназіі ў Вільні, дырэктарам якое працаваў, пераведзены быў туды на настаўніка. Затрымаўшыся ў Лодзі, праседзеў там аж да прыбліжэньня фронту з усходу.

У пачатку верасьня 1944 году Бёларуская Нэнтральная Рада была накіраваная з Кэнігсбэргу ў Бэрлін, дзе атрымала ў карыстаньне малапашкоджаны бамбардаваньнем будынак на прадмесьці Вайсэнзэе. У ім размясьціліся ня толькі канцылярыі БЦР, але і ўсе ейныя працаўнікі са сваймі сем'ямі. Адно Радаслаў Астроўскі выслаў сваякоў у невялікае мястэчка Гекстар у Вестфаліі, мусіць, ці ня ўгадваючы будучыню.

Беларуская Цэнтральная Рада дзялілася на розныя рэфэраты, якія зарганізавалі на Вайсэнзэі свае канцылярыі й паступова прыступалі да працы. Трэба было зьвязваць канцы розных нітак, парваных-патузаных пад час эвакуацыі зь Беларусі. Характар працы шмат розьніўся ад таго, які быў на Бацькаўшчыне. Як-ніяк Беларуская Цэнтральная Рада была беларускім прадстаўніцтвам на выгнаньні. Былі свае людзі, раськіданыя па ўсёй тэрыторыі Нямеччыны. Паўставала шмат праблемаў, калі льга азначыць, юрыдычнага характару.

Калі на Бацькаўшчыне Рада мела пэўныя атрыбуты незалежнасьці ці навет цень самастойнасьці ў некаторых галінах, дык тут, у Бэрліне, немцы звыклі лічыць яе ня больш чым сваёй агенцыяй у зносінах зь беларусамі, празь якое намагаліся праводзіць у жыцьцё розныя свае мерапрыемствы. Гэтак амаль галоўным заданьнем і працай Рады было вышукваньне й рэгістрацыя беларускіх уцекачоў, уладжваньне іх на працы ці ў войску.

 

: II

 

З прычынаў ваеннае сытуацыі немцы, пад загадам якіх была Беларуская Цэнтральная Рада, а таксама й сам Астроўскі зьвярталі найбольш пільную ўвагу на ваенныя справы. Ня дзіва тады, што найбольшая праца кіпела ў вайсковым рэфэраце. Палягала яна на вышукваньні ў Нямеччыне беларускіх вайскоўцаў і канцэнтраваньні іх у Бэрліне. Камандатура гораду прыдзяліла беларусам для гэтай мэты вялікі будынак на Ліхтэнэрштрасэ. Шматлікія беларусы ў Нямеччыне, дачуўшыся, што Беларуская Цэнтральная Рада ў Бэрліне, самі туды зьяжджаліся. Усе яны, амаль бяз выняткаў, залічаліся ў войска й накіроўваліся ў беларускі гарнізон на Ліхтэнэрштрасэ, дзе атрымоўвалі харчы й кватэру. Быў зарганізаваны Першы кадравы батальён для перашкаленьня жаўнераў.

У разгары гэтае працы ў вайсковым рэфэраце БЦР здарыліся перамены. Прыехаў генэрал Канстантын Езавітаў і запрапанаваў Радаславу Астроўскаму свае паслугі.

Імя генэрала Канстантына Езавітава цесна зьвязана з парой самавызначэньня беларускага народу ў 1917-1918 гадох. Адылі беларускія гісторыкі-незалежнікі надта-ж коратка, амаль мімаходам, прыгадваюць адно, што Езавітаў, разам з пазьнейшым прэзыдэнтам Беларускае Народнае Рэспублікі Васілём Захаркам, арганізаваў у Менску беларускія вайсковыя адзінкі, што мелі быць апорай новага ладу ў беларускай незалежнай маладой рэспубліцы. Варта дзеля таго хоць тое-сёе прыгадаць з жыцьця генэрала Езавітава.

Нарадзіўся Канстантын Езавітаў у сям'і капітана царскае арміі ў Віцебску 5 лістапада 1894 года. Хаця бацька хацеў бачыць сына ў кадэцкім корпусе, юнак выбраў іншую дарогу і, маючы 17 год, скончыў настаўніцкую сэмінарыю, пасьля чаго пару гадоў працаваў у сельскай школе настаўнікам. Толькі дзякуючы Першай сусьветнай вайне малады Кастусь апынуўся ў ваеннай школе, і напрыканцы вайны бачым яго ўжо ў чыне паручніка. Сын палюбіў бацькаву прафэсыю і, будучы добрым патрыётам свайго народу, мяркаваў толькі, як-бы гэта аддаць свае здольнасьці й сілы на службу Беларусі. Нагода прыйшла ў 1917 годзе, калі ў шэрагах здэзарганізаванай царскай арміі пачынаецца арганізацыя беларускіх вайскоўцаў. Езавітаў зь вялікім запалам і адданасьцю прыкладаецца да працы і ўжо 31 кастрычніка 1917 году ўдзельнічае ў зьезьдзе беларускіх вайскоўцаў у Менску. Там-жа выбіраецца адным з заступнікаў старшыні прэзыдыюму выканаўчага камітэту, што станавіўся сталым кіраўнічым ворганам беларускіх вайскоўцаў.

Езавітаў бярэ ўдзел у Першым Усебеларускім Кангрэсе ў сьнежні 1917 года й выбіраецца ў выканаўчы камітэт Кангрэсу, пасьля пераназваны ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Удельнічае ў гістарычнай сэсіі Рады БНР уночы з 24 на 25 сакавіка 1918 году, што абвясьціла незалежнасьць Беларускае дзяржавы. Пры фармаваньні першага ўраду БНР Канстантын Езавітаў быў пакліканы на пасаду міністра вайсковых спраў. Таму-ж, што меў замалы чын на міністра, на чарговых паседжаньнях Рады атрымаў ранг палкоўніка.

Разам зь іншымі сябрамі першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі Езавітаў апынуўся на выгнаньні і ўжо пазней атрымаў чын генэрала. Калі ў 1944 годзе стаў вайсковым рэфэрэнтам пры БЦР у Бэрліне, прэзыдэнт Астроўскі гэны генэральскі чын пацвердзіў.

 

: III

 

Вучні беларускіх школ у Латвіі прыгадваюць Езавітава ня толькі як высакаякаснага настаўніка. Для іх ён быў перадусім нацыянальным бацькам.

- Чаго ходзіце такія згорбленыя, скрыўленыя, быццам-бы цяжар усяго сьвету на сваіх хрыбтах цягалі? - дапякаў часьценька настаўнік Канстантын Барысавіч (вымагаў, каб так яго называлі) вучням. - Палякі ці маскалі няхай так ходзяць, але ня мы, беларусы. Ніколі не забывайцеся, што на нас, беларусаў, увесь сьвет глядзіць і таму мусім як найлепш рэпрэзэнтаваць свой народ. Выпрастайцеся, трымайце галовы ўверх, сьмела заглядвайце кожнаму ў вочы, бо вы сыны й дочкі вялікага й слаўнага народу. Гэтым вы павінны ганарыцца, а ня горбіцца ды ўглядацца ў зямлю.

Настаўнік Канстантын Барысавіч, будучы вядомым патрыётам і дзеячам беларускай гісторыі, найбольш увагі аддаваў на выхаваньне беларускае моладзі ў патрыятычным духу й на добрую апрацоўку асноўных бакоў яе характару.

Варта аддаць справядлівасьць аб'ектыўнасьці й прыгадаць, што ў дваццатых гадох, калі паўстала пад бальшавіцкай акупацыяй БССР, Езавітаў ня ўсьцярогся той, ледзь не агульнай для беларускага нацыянальнага актыву па-за межамі БССР памылкі і часова быў паверыў, што пад бальшавіцкім ярмом будуецца, як прынялося ўжо называць, Беларускі дом. Адылі, будучы асьцярожным, у БССР ехаць не маніўся ды, прыгледзеўшыся пасьля, што бальшавікі зрабілі са звабленымі ў Менск беларускімі навукоўцамі й выдатнымі нацыянальнымі працаўнікамі, борзда ачуняў ад часовага дурману.

У пачатку трыццатых гадоў адбыўся ў Латвіі судовы працэс, званы беларускім, дзе на лаве абвінавачаных апынуўся і Езавітаў. Закідалі яму, што ў школах і між грамадзтва пашырае думкі аб тым, нібыта Латвія няпраўна акупавала частку Беларусі, што загадвае вучням на мапах вызначаць раёны, суцэльна заселеныя беларусамі, і што ледзь не намагаецца адарваць гэтыя раёны ад Латвіі. Езавітаў выйшаў з-пад суду апраўданы, хаця й давялося да пачатку яго праседзець больш году ў вязніцы.

Ад вайны да 1922 года (гэта значыць, да часу ейнага закрыцьця) Езавітаў быў дырэктарам Беларускае гімназіі ў Люцыне. Пазьней доўгія гады працаваў настаўнікам Беларускае гімназіі ў Рызе.

З характару й выгляду быў ён калі не дамінуючым, дык, прынамсі, наскрозь аўтарытэтным, будзячы да сябе давер і пашану. Ростам высокі, моцна збудаваны, самавіты, паважны. У вачах іншых выглядаў арыстакратам. Валасы меў цёмныя, твар - поўны, вочы - пранікліва-шэрыя. Заўседы трымаўся раўнамернага вайсковага кроку й таму ад вучняў атрымаў мянушку «Браняносец». Натуры быў наогул лагоднай, але ня той, што распагаджваецца абы-якімі малаважнымі жартамі-драбніцамі. Умеў трымацца сукрыта й ніколі не гаварыць ці выяўляць лішняга, адно якраз столькі, колькі было трэба. Быў чалавекам надзвычайна высокае асабістае маралі, нацыянальнага гонару й духовае чысьціні. Не належаў да хваравітых амбіцыянераў. Верыў, што вызначэньнем вартасьці чалавека зьяўляецца найперш праца, а таму й не шкадаваў сілаў у тым кірунку, куды найбольш хілілася сэрца й нацыянальная душа. Хоць быў жанаты, дзяцей ня меў, а жонку страціў у часе вайны.

Як працаўнік беларускага школьніцтва ў Латвіі Езавітаў шмат пісаў. Тэматыка абмяжоўвалася пераважна навучальна-ўзгадаваўчымі матэрыяламі. Найчасьцей можна было чытаць яго ў школьным квартальным часопісе «Беларуская школа ў Латвіі». Падчас Другой сусьветнай вайны супрацоўнічаў з часопісам «Новы Шлях», выдаваным у Рызе. Езавітаў пісаў і паэзію пад мянушкай Кастусёнак. Тое зь ягоных твораў, што можна сяньня там-сям знайсьці, паказвае, што і ў гэтай галіне быў нядрэнным майстрам.

 

: IV

 

Калі Беларуская Цэнтральная Рада ўзнавіла працу ў Бэрліне, немцы вымагалі ад яе, каб праводзіла мабілізацыю беларусаў у Беларускую Краёвую Абарону на абшары Райху. Гэтай працай і заняўся Езавітаў як рэфэрэнт вайсковых спраў пры БЦР. Шматлікія дзеячы яшчэ да сяньняшняга часу закідаюць Астроўскаму й Езавітаву, што мабілізавалі беларусаў у войска для немцаў, хаця было ўжо ўсім ясна, што вайну яны прайгралі. Генэрал Езавітаў рассылаў мабілізацыйныя карткі ўсім мужчынам-беларусам, дзе-б іх не знайшоў. Вярбоўнікі ягоныя езьдзілі й па працоўных лягерах. Адылі гэта акцыя давала малыя вынікі, бо беларусы даўно перасталі верыць і немцам, і ў іхнюю перамогу. Затое знайшлося было шмат старых афіцэраў, што былі ў «Самаахове», БКА, а навет і зусім апошнімі часамі ня былі ў войску. Прыбылыя высылаліся ў распараджэньне палкоўніка Кушаля, камандуючага БКА, на Ліхтэнэрштрасэ. Кушаль ня меў пры сабе ніякіх апекуноў зь нямецкага боку. Ён распрацаваў скарочаную праграму вышкаленьня й стараўся ў межах наяўных магчымасьцяў праводзіць яе ў жыцьцё.

Восеньню 1944 году расейскі генэрал Уласаў, што калісь перайшоў да немцаў з Чырвонае Арміі, а пасьля зь іхняга дазволу і пры іхным падтрыманьні зарганізаваў з савецкіх ваеннапалонных гэтак званую «Русскую Освободительную Армию» (РОА), павёў моцную прапаганду для рэкрутацыі людзей у сваё войска. Прапаганда была накіраваная ня толькі да вайсковых і цывільных расейцаў, але таксама й да беларусаў. Немцы, нічым ня рызыкуючы, спатуралі генэралу Ўласаву і ахвотна бачылі-б рост ягонае арміі, спадзяючыся, што яна дапаможа паўстрымаць бальшавікоў на Ўсходнім фронце. На беларусаў гітлераўцы надта не спадзяваліся, жадаючы бачыць іх хутчэй у агульным і большым уласаўскім катле, дарма што дазвалялі на мабілізацыю БКА на тэрыторыі Нямеччыны.

Агенты Ўласава ня толькі панадзіліся патаемна заглядаць у беларускі вайсковы цэнтр на Ліхтэнэрштрасэ, каб агітаваць жаўнераў, але й навязалі тайную сувязь з Астроўскім ды з тымі сябрамі Беларускай Цэнтральнай Рады, у якіх разьлічвалі здабыць давер. Уласаўцы прапанавалі прыблізна наступнае: БЦР застаецца так, як яна ёсьць, але прызнае Ўласава сваім зьверхнікам і ўсё беларускае войска аддасьць у ягонае распараджэньне.

Радаслаў Астроўскі ўласаўскія прапановы рашуча адкінуў, але сярод некаторых сяброў Рады пачаліся хістаньні. Прэзыдэнт БЦР склікаў паседжаньне й катэгарычна заявіў, што ня можа быць ніякае мовы аб паразуменьні й супрацоўніцтве з Уласавым. «Сябры БЦР, - казаў ён, - якія пяройдуць да расейцаў, будуць уважацца за здраднікаў беларускае справы». Некаторыя не паслухаліся Астроўскага. Да Ўласава адышлі Яўхім Кіпель, Селях-Качанскі і прапагандовы афіцэр вайсковае рэфэрэнтуры пры БЦР Уладзімір Гуцька. На Ліхтэнэрштрасэ ў кантакт з Уласавым увайшлі некаторыя старыя афіцэры, прапаршчыкі запасу царскае арміі. Расеец іх ня прыняў як занадта старых, а самі яны пасьля тлумачылі, што не пайшлі да Ўласава таму, што не згадзіўся даць ім жаданых чыноў.

У кастрычніку 1944 году ў Празе Чэскай адбыўся агульны расейскі зьезд пад старшынствам генэрала Ўласава. Выступалі там і беларусы, якія задэкляравалі супольна з расейцамі, пад камандаю Ўласава, ваяваць за вызваленьне народаў СССР і падпісаліся пад гэтак званым уласаўскім маніфэстам. Быў выбраны выканаўчы камітэт на чале з Уласавым зь беларускім ды ўкраінскім адзьдзеламі.

 

: V

 

Між усіх сяброў Беларускае Цэнтральнае Рады рэфэрэнт вайсковых спраў генэрал Канстантын Езавітаў быў найстарэйшы стажам працы ў беларускім нацыянальна-вызвольным руху. Ня толькі людзі, зь якімі штодня меў кантакты, але навет і тыя, што яго ведалі радзей, адносіліся да яго зь вялікай пашанай. Больш таго, неяк агульна лічылася, што ня БЦР падвысіла аўтарытэт гэтага старога, непахіснага й заслужанага змагара за інтарэсы беларускага народу, а наадварот - Езавітаў, ахвяраваўшы свае паслугі БЦР, падвысіў у вачох шырокіх масаў народу ейную вартасьць.

Радаслаў Астроўскі, як мы ўжо раней зазначалі, прывык быць поўным гаспадаром у сваім маленькім апараціку, хаця навет і прычэпленым да большага, няхай сабе й акупацыйнага апарату. А гэткім апарацікам ён лічыў БЦР. Ня мог стравіць, што да ягонага падуладнага (якім паводле займанага становішча быў генэрал Езавітаў) адносяцца з большай пашанай, чымся да яго самога. У Астроўскага пачаў выплываць наўзьверх зусім няўмела затоены да генэрала Езавітава антаганізм. Няшмат прайшло часу, пакуль рэфэрэнт вайсковых спраў гэта спасьцярог, але, будучы чалавекам высокай асабістай культуры, выдатна кантраляваўся й стараўся не ступаць Астроўскаму, як кажуць, на балючы мазоль. Удаваў, што й не заўважыў пагоршаных дачыненьняў з боку прэзыдэнта.

Радаслаў яшчэ горш зьнялюбіў за гэта генэрала, і ўжо ў галаве ў яго, хаця спачатку й даволі туманная, нарадзілася думка пра помсту. Ня мог-жа ён, такі вялікі амбіцыянер, што вунь некалі не такімі справамі ды грашмі варочаў, дазволіць сабе выглядаць цьмянай кузуркай у сьвятле нейкага свайго падуладнага. О не! На гэта аніяк ня мог дазволіць. Цалае жыцьцё, дзе калі ўдалося збудаваць або хоць і ўлезьці ў некім іншым збудаваны апарацік, заўсёды быў у ім самым важным, галоўным і адзіным сьвятлом. Гэтак яшчэ ў Менску, стаўшы з волі гітлераўцаў прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады, пільна сачыў, каб сябры Рады былі хоць на прыступку менш паважаныя, ведамыя, аўтарытэтныя. Навет калі давялося й ад'ютантаў падбіраць, дык падабраў такіх, як яму здавалася, што стаялі ніжэй за яго ў вачах грамадзтва. Перш за ўсё ўзяць сабе хоць бы Мікалая Наронскага, самага даверанага ў Астроўскага чалавека, аб якім беларускае грамадзтва навет ня ведала - скуль узяўся й куды дзеўся. Або прыгадаць Радзевіча ці Плескачэўскага: у параўнаньні зь імі Астроўскі, бязумоўна, вырозьніваўся.

Мо Астроўскага дзесь у глыбіні сьведамасьці еў чарвячок сумлеву, што да сваёй асабістай цаны. Мо таму якраз і любіў абкружацца людзьмі, сьціпла гаворачы, меншае вартасьці, каб было відаць усім, што ён, чаго-б там ні было, але прэзыдэнт, вартасны дый зусім аўтарытэтны чалавек. Дык і як-жа цяпер было цярпець, калі зьбегам абставінаў яго шмат хто пачаў уважаць пешкай, а Езавітава - ледзь ня богам?

Вунь на днях неяк давялося Астроўскаму праходзіць калідорам будынку, дзе месьцілася Беларуская Цэнтральная Рада. Здалёк заўважыў каля дзьвярэй канцылярыі вайсковых спраў самога генэрала ў кампаніі нейкіх дзьвюх дзяўчын. Яшчэ не даходзячы, пачуў голас Езавітава, ськіраваны да дзяўчат, як пасьля даведаўся, ягоных колішніх вучаніц з Латвіі: «А вось і наш прэзыдэнт».

Ці то здалося Астроўскаму, а мо й не дачуў, але ўявіў сабе, быў амаль пэўны, што генэрал сказаў тое нейкім пагардлівым тонам, як быццам так: «А вось і наш пастух ідзе. Бачыце, як нос задраў».

Астроўскі быў апрануты па-будзённаму - у чорны падношаны гарнітур, зялёныя галіфэ-порткі й калісьці глянцаваныя боты з халяўкамі. Даўно ўжо адмовіліся тыя халяўкі блішчэць так, як гэтага ад іх вымагалася. На дзьвюх візітантак прэзыдэнт выклікаў ніякаватае ўражаньне. Падышоў, затрымаўся, пазнаёміўся, абмяніўся параю агульнапрынятых ветлівых слоў і пайшоў далей. Тыя-ж нейкую часіну стаялі моўчкі, пазіраючы ўсьлед, а пасьля, калі ўжо прэзыдэнтава вуха не магло выразна чуць іхняе гутаркі, ажывіліся. Ізноў здалося Астроўскаму, што дасьціпнасьці пасыпаліся на ягоны кошт.

- Эх, братка, чакай-жа! Не я буду, калі... - прабурчаў сабе пад нос прэзыдэнт, і тое «калі» неяк часова павісла ў паветры, але зараз думка праясьнела. - Трэба паказаць яму, хто тут гаспадар, крышку хоць рогі абламаць. Гм... трэба, трэба. А там... там пабачу. Можна і пазбыцца...

Думка, раз народжаная, пачала афармляцца й крышталізавацца. Стаў Астроўскі мяркаваць, дзе й зь якога боку падыйсьці, каб паказаць гэтае «хто тут гаспадар». Разважаць шмат не давялося, бо Езавітаў, трэба ведаць, быў даволі вялікім фармалістам. Заняўшы пасаду ў Беларускай Цэнтральнай Радзе, ён разбудаваў вялікую канцылярыю і ўжо чаго-чаго, а паперы не шкадаваў. Здавалася, мусіць, шанаванаму ўсімі генэралу, што калі шмат зроблена й напісана ды выглядае прыгожа на паперы, дык яно мае так быць і ў сапраўднасьці. За гэты слабы бок і ўчапіўся на паседжаньні БЦР Астроўскі.

Можа, крышку занадта неасьцярожна, не так, як спачатку меў намер, даволі груба пачаў Астроўскі ставіць генэралу закіды. Увесь дагэтуль затоены антаганізм выплыў наверх. Езавітаў, ясна, ня мог змаўчаць, і адбыўся сакавіты абмен словамі. Пасьля паседжаньня для абодвух стала ясна, што далейшае супрацоўніцтва між імі немагчымае. Астроўскі цішком пачаў падшукваць кандыдата на месца генэрала Езавітава. Кандыдат такі сам па сабе, быццам угадваючы думкі прэзыдэнта й зусім незалежна ад яго, зьявіўся ў асобе палкоўніка Шувалава.

 

: VI

 

З паходжаньня палкоўнік Шувалаў быў расейцам, а з пачуцьця - у тыя часы, аб якіх мова, - хутчэй палякам, чымся расейцам. Выводзіўся з калісьці добра ў Расеі ведамых графаў Шувалавых. Афіцэрам быў яшчэ ў царскай арміі. Пасьля бальшавіцкага перавароту ўцёк да сваякоў у Польшчу. Ужо пад час польска-бальшавіцкай вайны ў 1920 годзе, дзякуючы пратэкцыі сваяцкай арыстакратычнай сям'і, атрымаў польскі чын палкоўніка. Перад Другою сусьветнай вайной бачым яго ў вайсковым гарнізоне Слоніма, а пасьля адступленьня са сваёй вайсковай групай з-пад Варшавы, па дарозе на Валынь, Шувалаў трапляе ў нямецкі палон.

Адседжваў палон у абозе блізу Бэрліна. На пачатку 1945 году нейкім чынам Шувалаў даведаўся, што ў Бэрліне знаходзіцца Беларуская Цэнтральная Рада й арганізуецца беларускае войска. Вестка моцна яго зацікавіла. Надта-ж абрыдзеў той палон. Цэлыя вунь чатыры гады праседзеў бязьдзейна, хоць наракаць не было на што: сваякі з Ангельшчыны праз Чырвоны Крыж прысылалі розныя харчовыя прадукты, улучна з найбольш рэдкімі й цэннымі ў тыя галодныя ў Нямеччыне часы цыгарэтамі й кавай.

Другі-б, чаго добрага, сядзеў-бы вунь, дасыта наеўшыся ды Бога хвалячы, канца вайны чакаў. Але-ж чалавек ня камень, асабліва яшчэ такі, як граф Шувалаў. Меў вунь чыны й пашану, усюды, казаў той, дзе патрэба была, дык і праз заднія дзьверы патрапляў улазіць. Абрыдзеў палон, сядзеньне безнадзейнае тое, дый годзе. Прыгадалася графу, што ён «тоже белорус», бо некалі дзесь там у Магілёўшчыне «поместье» меў. Гэткага падмацавальнага аргуманту для навазнойдзенай нацыянальнасьці было даволі. Пачаў граф варушыць мазгамі.

Зь нямецкім камандантам абозу пайшло як па масле, асабліва калі на падмацаваньне просьбы падасьпелі такія аргуманты, як кава, цыгарэты й шакалад. Гэткім чынам у студзені 1945 году ў канцылярыю прэзыдэнта БЦР, у суправодзе двух нямецкіх вайскавікоў, заявіўся высокі, стройны, худы й цёмны з твару, звыш пяцідзесяцігадовы расеец Шувалаў і запрапанаваў свае паслугі як выдатны вайсковы спэцыялісты.

Граф ня мог трапіць да Астроўскага ў лепшы час. Апошні неяк зусім з увагі выпусьціў тое, што «спэцыяліст» на працягу апошніх чатырох гадоў вайны адно бібікі, як кажуць, забіваў і што шмат чаго зь ягонай галавы з галіны той спэцыялістыкі выветрыла. Расеец, ясна, ня мог ведаць матываў Астроўскага. Прыняцьцём яго ў Беларускую Краёвую Абарону й прыхільным прыёмам быў міла зьдзіўлены.

Прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады пад час інтэрвью, паставіўшы колькі зручных ключавых пытаньняў, хутка зразумеў, што ёсьць нагода адным стрэлам двух зайцаў забіць: першым зайцам быў генэрал Канстантын Езавітаў, на якога даўно вастрыў зубы, а другім - Шувалавы «вещественные доказательства» графскай вартасьці (ня так ужо й сьціплыя запасы розных харчовых прадуктаў, аб якіх палкоўнік неаднаразова ўспомніў, не забываючыся, ясна, падкрэсліць сваё графскае паходжаньне, сваю «беларускасьць» дый жывую крыніцу тых прадуктаў у Ангельшчыне). Астроўскі быў надта такой хадою падзей задаволены й ня турбаваўся, што новы «беларус» гаварыў нейкай польска-маскоўска-беларускай макароншчынай.

Захады перад нямецкімі ўладамі аб звальненьні палкоўніка Шувалава з палону й адданьне яго ў дыспазыцыю Беларускай Цэнтральнай Рады хутка закончыліся посьпехам. Шувалаў, акрамя прадуктаў, быў назапашаны й грашыма. Астроўскі запрапанаваў яму пасяліцца ў сваёй прыватнай кватэры. Як прэзыдэнт, так і ягоныя ад'ютанты вельмі ўсьцешыліся такому госьцю й асабліва захапляліся ягоным спорным багажом. Неўзабаве ў памяшканьні ў Астроўскага пачалося новае, шмат весялейшае жыцьцё.

Палкоўнік Шувалаў абняў рэфэрат вайсковых спраў пры БЦР на месца Езавітава. «Тоже белорус» зусім нядрэнна адчуваў сябе ў новай ролі, хаця шкадаваў, што надта-ж раптоўна пачалі малёць ягоныя запасы прадуктаў. У хуткім часе навет і працаўнікі БЦР прывыклі да новага твару. «Няхай будзе й адзін маскаль на завод», - жартавалі міжсобку. Маючы такога прэзыдэнта, дык яно ўсяго спадзявацца было можна: навет і графа-расейца на становішчы найвышэйшага вайсковага чыноўніка БЦР.

 

Дывізія «Беларусь»

 

: I

 

26 лістапада 1944 году, калі амэрыканцы й французы зрабілі вялікі пралом фронту на адрэзку Бельфорт - Эпіналь - Альткірх, паглынуўшы амаль усю трыццатую пяхотную, слаба ўзброеную дывізію, палкоўнік Зіглінг выратаваўся са сваім штабам і са жменяю жаўнераў, пераважна немцаў.

Параза вялікай неспадзеўкай для Зіглінга ня была. Быў ён занадта дасьведчаным камандзерам, каб яшчэ перад няўхільным наступам хаўрусьнікаў мець нейкія перабольшаныя ілюзіі пра баяздольнасьць ці вытрываласьць сваіх жаўнераў. Ведаў, што войска было слаба ўзброенае навет ручной зброяй, не гаворачы ўжо аб тым, што ня мела для падтрыманьня панцырных адзьдзелаў і даволі артылерыі. У людзей ня было ніякай ахвоты да супраціву. Масавыя дэзэрцыі ў жнівені й верасьні былі яшчэ адным лішнім довадам, што людзі адно чакалі нагоды, каб апынуцца на другім баку фронту. Рэпрэсіі, якія Зіглінг змушаны быў правесьці між афіцэрскага й радавога пэрсаналу, яшчэ больш зьняверылі й зьнеахвоцілі людзей да немцаў. Людзі ня толькі незадаволеныя былі недахопам харчоў, цёплае вопраткі й зброі, яны ўжо наогул страцілі ўсялякую ахвоту да прадаўжаньня змаганьня.

Аб усім гэтым палкоўнік добра ведаў. Усё-ж лічыў, што навет і ў гэткім стане войска ягонае здольнае будзе паставіць, прынамсі, мінімальны, супраціў. Ніяк не магло памясьціцца ў ягонай галаве, што можа стацца так, як фактычна адбылося пазьней: амаль усё войска, акрамя немцаў, дый тых ня ўсіх, без вялікага бою перачакала першую артылерыйскую бамбардзіроўку праціўніка ды, калі непрыяцельская пяхота й панцырныя адзьдзелы папаўзьлі наперад, тысячамі пайшло ў палон.

Зіглінг, відаць, быў занадта аднабаковым у сваіх разважаньнях і заслаба ведаў беларусаў наогул, навет і тых, пад сваёй камандай, каб памяркаваць, што прычыны паразы былі шмат глыбейшымі. Нацыянальна сьведамыя й ідэйныя беларусы ня мелі намеру ратаваць учарашняга акупанта свае Бацькаўшчыны. Яны даўно й ясна ўявілі, што іхні супраціў амэрыканцам ці французам, да якіх не адчувалі наймалейшае варожасьці, будзе адно дарэмным кровапраліцьцем.

Найбольшай неспадзеўкай для Зіглінга была поўная адсутнасьць супраціву з боку батальёна Мураўёва. Як-ніяк - гэта-ж быў пробны батальён, які, паводле ранейшых мяркаваньняў, меў быццам-бы адкупіць віну, за дэзэрцыі, аддаць немцам доўг за той давер, якім яго абдарылі, паставіўшы на ўсе камандныя становішчы афіцэраў беларусаў і расейцаў. Сам маёр Мураўёў быў добрым і давераным сябрам Зіглінга, на яго палкоўнік пакладаў вялікія надзеі, добра ведаючы ягоныя баявыя здольнасьці й заслугі. Таму Зіглінг і паставіў батальён на самым цэнтральным і найважнейшым адрэзку дывізійнага фронту - тут-жа перад варотамі індустрыяльнага Мюльгаўзэну. Бяссупраціўны пераход Мураўёва й ягоных людзей да французаў адабраў у Зіглінга апошнія рэшткі даверу, якія ён меў яшчэ да гэтых «унтэрмэншаў».

 

: II

 

Здаючы рапарт аб поўным разгроме свае дывізіі вышэйшаму начальству, Зіглінг прыгадаў ня толькі аб слабым узбраеньні, недахопе падтрымкі з боку панцырных адзьдзелаў, браку харчоў, але вялікі націск палажыў і на тое, што гэтыя чужыя людзі ня вартыя былі нямецкага даверу.

- А што-ж мы на гэта парадзім? - запыталіся ў адказ. - Сваімі-ж людзьмі ўсіх дзірак не залатаем.

Зіглінг падаў заяву з просьбаю, каб пераслалі яго ў чыста нямецкі адзьдзел. Меў надзею, што хаця перад канцом вайны будзе мець магчымасьць змагацца побач людзей, якім мог поўнасьцю давяраць. Быў ён чыста франтавым афіцэрам, ня любіў інтрыгаў, ня любіў уваходзіць у розныя псыхічныя ці іншыя прычыны непаслухмяных і недаверлівых людзей. Хацеў быць на самым перадзе, дзе гаворыць адно зброя й дзе ведаеш, што калі ўпадзеш, дык цябе падбяруць, перавяжуць і дагледзяць, дзе твой афіцэр ці баявік-сябра збоку - твой прыяцель, які падобна думае, мае супольныя інтарэсы й турботы.

Палкоўнік спадзяваўся на задаваленьне сваёй просьбы не таму, што нядаўна страціў на фронце масу людзей, але таму, што лічыў, што армія патрабуе маладых, энэргічных, загартаваных у баях афіцэраў. За гэткага, бязумоўна, сябе ўважаў. Быў-бы задаволены, калі-б атрымаў навет батальён. Адылі ягонай просьбе наадрэз адмовілі. Наадварот: нядвузначна сказалі, што паколькі змог у такі рэкордна кароткі час страціць столькі людзей, то ад яго цяпер будуць чакаць, каб у рэкордна хуткі час прывёў дывізію да ранейшага стану.

Усё было амаль па-старому: Зіглінг заставаўся камандзерам дывізіі, у складзе якой была адно жменька нямецкіх афіцэраў. Таксама, як некалі ў ліпені пад Варшавай, трэба было папаўняць яе людзкімі сіламі з раней акупаваных усходніх земляў - пераважна зь Беларусі. Дый часу на рэарганізацыю надта мала было. Гэта палкоўніку надта-ж ня прыйшло да смаку, асабліва цяпер, калі поўнасьцю страціў да беларусаў давер. Калі-ж глядзець на ягоную асабістую кар'еру, Зіглінг вярнуўся да пункту, на якім знаходзіўся пад час першай арганізацыі трыццатай дывізіі каля Варшавы, з той адно розьніцай, што ў ягонай вайсковай кар'еры зьявілася вялікая чорная пляма: параза ў Эльзасе. Хто ведае, ці ўдасца яе сьцерці.

Яшчэ адно, ці ня самае найгалоўнейшае, выявілася пры абмяркаваньні новай сытуацыі, у якой знайшоўся: Зіглінг бачыў, што вайна блізілася да канца, параза Трэцяга Райху была нямінучай, а значыцца, яму не стане часу, каб набраць новых людзей і прывесьці іх хоць да частковай баяздольнасьці. Гэткім чынам новы загад вышэйшых вайсковых уладаў разумець трэба было як поўную адстаўку назад на пазіцыю школьна-адміністрацыйнага афіцэра. Гэта й было для яго найбольшай карай, не ўспамінаючы ўжо таго, што палкоўніку даўно карціла ня мець нічога супольнага з «унтэрмэншамі» з усходу.

 

: III

 

У пачатку сьнежня 1944 году палкоўнік Зіглінг разам з недабіткамі з Эльзасу прыехаў у баварскае мястэчка Гіршаў, недалёка на ўсход ад Нюрнбэргу. Зрабіўшы невялікія зьмены ў сваім штабе, распачаў працу. Людзі набіраліся зь недабіткаў розных іншых адзьдзелаў, амаль з цэлай Нямеччыны. Нямецкага інструктарскага пэрсаналу напачатку хапала. Людзі, накіраваныя да яго загадамі зьверху, былі пераважна беларусамі. Заняты плянамі адбудовы трыццатае дывізіі, камандзер не спасьцярог, як мінуў Новы год. У пачатку студзеня атрымаў з Бэрліну тэлеграму, каб зьявіўся туды на інспэкцыю Першага Беларускага Кадравага Батальёну на Ліхтэнэрштрасэ дзеля магчымага ўключэньня яго ў сваю адзінку.

У Беларускай Цэнтральнай Радзе адбылася нарада Зіглінга з Астроўскім і Езавітавым. Пасьля настойваньня двух апошніх і кансультацыі са сваімі ўладамі немец згадзіўся, каб дывізія называлася «Беларусь» і каб камандны склад быў беларускім да камандзера батальёна ўлучна. Немцы мелі быць адно інструктарамі. Згадзіўся й на тое, каб пры ім быў беларускі афіцэр - сувязны паміж Беларускай Цэнтральнай Радай і дывізіяй.

Дамовіўшыся аб усім, Зіглінг паехаў на Ліхтэнэрштрасэ. Уважна перагледзеўшы выстраеных беларускіх вайскоўцаў, сказаў, што старэйшых векам у дывізію ня прыме. Крыху пазьней зьявіўся ў Бэрліне пасланы Зіглінгам маёр. Атрымаўшы ад Езавітава сьпісы людзей, праверыў іх, пасадзіў на чыгуначны транспарт і павёз на поўдзень.

Усё гэта зрабіла на падпалкоўніка Кушаля - камандуючага Беларускае Краёвае Абароны - надта цяжкое, навет трагічнае ўражаньне. Выглядала, Беларуская Цэнтральная Рада перадала немцам беларускіх вайскоўцаў, што марылі аб змаганьні за Беларусь, як звычайнае гарматнае мяса. Ды ня было для беларусаў ніякае рады. Становішча было цяжкае.

На афіцэра сувязі між Зіглінгам і БЦР вызначаны быў маёр Барыс Рагуля, які тады-ж выехаў у Гіршаў, у ваколіцах якога разьмясьціліся жаўнеры Беларускага Кадравага Батальёну. На сваім становішчы маёр Рагуля быў надта коратка. Немец намагаўся быць у дывізіі поўным гаспадаром, зусім не зважаючы на Рагулю. Атрымаўшы беларускіх афіцэраў і радавых, хутка пастараўся забыцца аб умове з БЦР і беларускаму маёру не надаваў больш вагі. Калі-ж той неаднаразова дамагаўся ганараваньня ўмовы, перадусім забясьпячэньня адзьдзелаў беларускім камандным пэрсаналам, немец хутка знайшоў добрую прычыну, каб яго пазбыцца. Запрапанаваў Рагулі паехаць на школу перашкаленьня штабовых афіцэраў дзесь на Памор'і.

Маёр Барыс Рагуля чуў аб лёсе, што сустрэў капітана Мікулу ў Эльзасе, і ведаў прычыны яго. Наважыў, што ня было патрэбы яму стацца другім Мікулам, бо для беларускае справы гэта ня прынесла-б ніякае карысьці, таму й выехаў у прапанаваную школу. Гэткім чынам Зіглінг застаўся поўным панам у дывізіі і, маючы ўжо звыш паўтары тысячы людзей, распрацаваў пляны ды пачаў заняткі.

 

: IV

 

Штоначы, а нярэдка навет і пры дзённым сьвятле, безабаронны з паветра Бэрлін цярпеў жахлівыя налёты амэрыканскае авіяцыі. Аднойчы моцнае бамбардаваньне пашкодзіла гасподу Беларускае Цэнтральнае Рады на Вайсэнзэе. Пад час паветранае атакі працаўнікі БЦР зь сем'ямі хаваліся ў падвале будынку. Бомба трапіла якраз над самымі галовамі, шмат хто страціў прытомнасьць, у іх ліку й сам прэзыдэнт Астроўскі. Іншая бомба лучыла ў будынак на Ліхтэнэрштрасэ, дзе месьцілася рэшта беларускіх вайскоўцаў. Забітыя былі адзін афіцэр і ягоная жонка. Пасьля гэтага сябры БЦР і працаўнікі яе пачалі неарганізавана пакідаць Бэрлін, кіруючыся на захад і на поўдзень.

Астроўскі падмяркаваў свой выезд пад 25 сакавіка. Забраўшы ў самаход ад'ютантаў, выехаў у Гіршаў, каб адсьвяткаваць там Дзень незалежнасьці Беларусі. Назад ужо не вярнуўся. Зь Гіршаў чыгункаю выехаў да свае радні ў горад Гекстар. Ад гэтага часу па ім і сьлед прастыў. Зьявіўся на вочы беларусаў адно ўвосені 1945 году, доўга пасьля сканчэньня вайны, пад прозьвішчам Крывіцкі.

Напрыканцы сакавіка прыехаў у Гіршаў і падпалкоўнік Кушаль. Варта нам бліжэй пазнаёміцца з гэтым чалавекам, дзякуючы стараньням якога пазьней усе жаўнеры дывізіі «Беларусь» удала ўратаваліся пад самы канец ваенных дзеяньняў.

Францішак Кушаль нарадзіўся 16 лютага 1895-га году ў сяле Пяршаі былой Менскай губэрні Менскага павету. Паводле пазьнейшага польскага адміністрацыннага падзелу быў гэта Валожынскі павет Наваградзкага ваяводзтва. Атрымаў сярэднюю асьвету. У травені 1915-га году змабілізаваным быў у расейскую армію й прыдзелены ў 29-ты запасны полк у Варонежы. Скончыўшы рэкруцкае шкаленьне й падафіцэрскую школу (г. зв. вучэбную каманду), атрымаў ступень малодшага унтэр-афіцэра. Напрыканцы таго-ж году быў адкамандзераваны ў Віленскае ваеннае вучылішча, што ў гэты час было эвакуаванае зь Вільні ў Палтаву. Пасьля чатырох месяцаў, скончыўшы гэту школу, быў авансаваны ў першы афіцэрскі ранг - прапаршчыка ды прыдзелены ў 155-ты запасны полк у Астрахані дзеля набыцьця практыкі ў камандаваньні зьвязам і ротай. У траўні 1916 году Кушаль накіраваны быў на нямецкі фронт, у 276-ты купянскі полк. Там служыў увесь час да лістапада 1917 году. Будучы заўсёды на перадавой лініі, камандаваў ротай, браў удзел у шматлікіх баях, атрымаў дзьве баявыя ўзнагароды й даслужыўся да штабс-капітана. Пасьля развалу царскае арміі вярнуўся да сваіх бацькоў, што жылі ў Забор'і каля Налібокаў. На гэтым скончыўся першы этап Кушалевай ваеннай службы - у расейскай арміі.

Улетку 1919-га году, калі польская армія, адкідаючы бальшавікоў на ўсход, займала Беларусь, штабс-капітан Кушаль жыў у Вільні. Група беларускіх дзеячаў прапанавала польскаму галоўнаму камандаваньню арганізаваць беларускае войска дзеля змаганьня з бальшавікамі. Палякі ў гэты час былі не аброслымі яшчэ ў пер'е, як кажуць, ды ня ведалі, ці ўходаюцца з бальшавікамі сваймі сіламі. Згадзіліся на прапанову й паклікалі Беларускую Вайсковую Камісію, у якую сябрам увайшоў і Кушаль. Працаваў там кіраўніком пэрсанальнага адзьдзелу, а пасьля эвакуацыі камісіі ў Лодзь, улетку 1920-га, выконваў абавязкі старшыні. Пасьля сканчэньня польска-бальшавіцкае вайны й ліквідацыі Беларускае Вайсковае Камісіі ды беларускіх вайсковых адзінак Кушаль увесну 1921 года выйшаў з войска й жыў у Вільні, бяручы там актыўны ўдзел у беларускай нацыянальна-грамадзкай працы.

Годам пазьней уступіў у польскую армію ў якасьці прафэсійнага афіцэра й скончыў афіцэрскую школу ў Варшаве. Далей скончыў спэцыяльную школу па спэцыяльнасьці «цяжкія кулямёты», быў прыдзелены ў 66-ты пяхотны полк, дзе й камандаваў падафіцэрскай школай. У 1932 годзе быў пераведзены ў корпус кадэтаў, дзе камандаваў ротай на працягу чатырох гадоў. Адгэтуль прыдзялілі яго ў школу падхаронжых рэзэрву ў Пултуску. Такім чынам праз усю службу ў польскай арміі Кушаль займаў камандныя становішчы ў вайсковым школьніцтве.

У 1939 годзе браў удзел у баёх супраць немцаў, галоўным чынам як камандзер батальёну ў абароне Львова. 17 верасьня на загад камандзера Львоўскага корпусу абаронцы гораду капітулявалі перад Чырвонай Арміяй. Гэткім чынам, апынуўшыся ў бальшавіцкім палоне, Кушаль скончыў другі этап вайсковае службы - у арміі польскай.

Ад 1941 года пачаўся трэці разьдзел Кушалевай вайсковай службы - гэтым разам для свайго беларускага народу. Аб гэтым чытач ведае з раней намі прыгадванага. Пасьля арганізацыі дапаможнае паліцыі, Беларускае Краёвае Абароны, Кушаль, ужо ў рангу падпалкоўніка, займае становішча рэфэрэнта вайсковых спраў пры БЦР аж да прыходу генэрала Канстантына Езавітава, пасьля чаго зноў вяртаецца на становішча Камандуючага Беларускае Краёвае Абароны.

 

: V

 

У канцы сакавіка 1945 году, прыехаўшы з Бэрліну ў Гіршаў, Камандуючы БКА знайшоў дывізію «Беларусь» у поўным развале. Зіглінга, як відаць было, папярэдняя практыка ў Эльзасе здабываць давер у беларусаў не навучыла. Як магло, прыкладна, падабацца беларускаму радавому, што першы-лепшы нямецкі капітан загадваў падпалкоўніку Сокал-Кутылоўскаму, камандзеру батальёна, што той мае рабіць. Сокал-Кутылоўскі, колішні камандзер Слуцкае дывізіі ў змаганьні супраць бальшавікоў, быў нацыянальным, агульнашанаваным і ведамым гэроем. Тое, што кожны немец меў верх над беларускім афіцэрам, было ў Зіглінга агульнай практыкай - раней у Эльзасе й цяпер у Баварыі.

Зь мясцовасьцяў, куды надыходзілі амэрыканцы, немцы вывозілі моладзь, якую пачалі арганізоўваць у новую дывізію СС «Нібелунгі». Таму, што для яе ня было ні зброі, ні іншых вайсковых матэрыялаў, немцы панадзіліся адбіраць патрэбнае ў жаўнераў і афіцэраў дывізіі «Беларусь». Пакідалі беларусам адну стрэльбу ці адзін кацялок на некалькі чалавек. Акцыя гэта выклікала ў людзей падазрэньне, што немцы хочуць зрабіць зь іх рабочыя адзьдзелы дзеля капаньня акопаў.

Камандзерам «Нібелунгаў» назначаны быў Зіглінг, а «Беларусі» - маёр Гэнэфэльд. Быў гэта недалужны, пакліканы з рэзэрву стары. Даў ён падпалкоўніку Кушалю вольную руку, і гэткім чынам камандуючы БКА стаўся фактычным камандзерам беларускага адзьдзелу.

Кушаль неадкладна выкарыстаў новаствораную сытуацыю. У першую чаргу склікаў сход афіцэраў. Пераканаў іх, што ў гэткія цяжкія й крытычныя часы мусяць любой цаной трымацца разам са сваімі людзьмі. Адно арганізаваным парадкам могуць супольна ўтрымацца пры жыцьці, ды, апрача гэтага, захаваньне арганізаванасьці будзе мець для беларусаў вагу й з боку палітычнага. На наступны дзень такія самыя гутаркі ўсе афіцэры правялі ў сваіх адзінках. Войска пачало рэгулярна выходзіць на заняткі, неўзабаве ў дывізіі «Беларусь» наладзілася нармальнае вайсковае жыцьцё.

Хутка пасьля гэтых падзеяў заглянуў у дывізію палкоўнік Шувалаў. Насамперш забраў пакінуты ў Гіршаў самаход Астроўскага. Надта надужваючы мову Пушкіна й Дастаеўскага, ён лаяў прэзыдэнта БЦР і ягоных ад'ютантаў за тое, што, выяжджаючы з Бэрліну, забралі ўсе ягоныя харчовыя й іншыя запасы. Хаця-нехаця граф цяпер галадаў. Зьявіліся ў дывізіі і ўсе старыя афіцэры, што былі раней на Ліхтэнэрштрасэ адкінутыя Зіглінгам як няздольныя да ваеннай службы.

У пачатку красавіка завітаў да Кушаля галоўны шэф Саюза Беларускае Моладзі Міхась Ганько й паведаміў, што маса беларускае моладзі знаходзіцца непадалёк у Судэтах і што ён ня ведае, што зь ёй рабіць. Кушаль раіў прывесьці моладзь у дывізію, бо ў крытычны момант найлепш быць разам. Ганько абяцаў зрабіць гэта ў найхутчэйшым часе. Адылі ані самога шэфа СБМ, ані ягонае моладзі ніхто больш у дывізіі ня бачыў. Як скрозь зямлю праваліліся.

 

Над Сэньё

 

: I

 

Раньняй вясной 1945 году хвалістая лінія фронту ў Італіі прабягала, пачынаючы з захаду ад Генуйскае затокі, праз паўночны хрыбет Апенінаў у кірунку на ўсход, адразаючы над Адрыятычным морам малы паўдзённа-ўсходні трохкутнік ураджайнай даліны По. Гэтак званая Лінія Готаў - сэрыі нямецкіх абаронных умацаваньняў у паўночных Апенінах, што сьцераглі падыход да стратэгічна важнай даліны ракі По, - была ў шматлікіх месцах праломаная. Дзьве зьнедужэлыя нямецкія арміі - дзесятая й чатырнаццатая - пад камандаю фельдмаршала фон Кэсэльрынга за ўсякую цану стараліся ўтрымаць пазыцыі. Таскана была ў руках амэрыканскае Пятае арміі, а брытанская Восьмая, у склад якое ўваходзіў Другі корпус Андэрса, заняла частку правінцыі Эміліі з гарадамі Форлі. Фаэнцай і Равэннай. Старажытная Балёнія ляжала ў адлегласьці каля сарака кілямэтраў ад перадавых пазыцыяў Восьмае арміі.

У сваіх стратэгічна нявыгадных пазыцыях немцы ня мелі шансаў на працяглае ўтрыманьне фронту. Маглі адно апазьніць пераможны наступ хаўрусніцкіх арміяў на поўнач. Румынскія нафтавыя палі ў Плаешты, што забясьпечвалі патрэбы нямецкае арміі, ляжалі ў папялішчах. Пры недахопе паліва Вэрмахт ня мог лічыць на падтрымку ані панцырнай зброі, ані люфтвафэ. Цяжка было й з транспартам. Жалезныя клешчы хаўрусьніцкіх і бальшавіцкіх арміяў падпаўзалі ўжо пад Бэрлін, душылі за гарляк Гітлераў «тысячагадовы Райх», што дрыгаў у перадсьмяротных канвульсіях. Фон Кэсэльрынг ведаў, што абарона італьянскага бота была безнадзейнай. Хаўрусьнікі рыхтаваліся да апошняга рашучага наступу.

Асноўныя надзеі даводзілася немцам пакладаць на галодную перамучаную пяхоту. Сьціплыя харчы й амуніцыю з прычыны недахопу паліва падвозілі італьянскімі валамі. Часта й густа жылі харчамі мясцовага насельніцтва. Дарма, што лаяўся «хаўрусьнік» Мусаліні - ня было іншай рады. Ды немцы на дыктатара Бэніто не надта й зважалі. Ці-ж то не Скарцэні ўкраў яго з горнай цьвярдыні з рук хаўрусьнікаў пасьля адыходу на другі бок маршала Бадольё? Дык паколькі квадратнагаловы дыктатар заўдзячваў Гітлеру сваё жыцьцё, навошта было яго на ўвагу браць? І так дні ягоныя былі палічаныя.

Польскія адзьдзелы, забраўшы каля Форлі Прэдап'ё, - маёмасьць і месца народжаньня Мусаліні, абрабавалі паселішча дашчэнту. Быццам на апраўданьне рабункаў прыгадвалі, што Бэніто некалі перад вайной зь вялікай пагардай гаварыў аб іхняй Бацькаўшчыне. Цяпер-жа галава італьянскага фашызму са сваёй каханкай Кларай Петачы хаваўся недзе над возерам Комо.

У немцаў ніколі ня было лішніх ілюзій наконт італьянцаў і іхняй баяздольнасьці. Паколькі, з аднаго боку, жыхары апенінскага паўабтоку вечна славіліся таленавітымі творцамі й выканальнікамі опэраў, дык з другога - іхняе ваеннае майстэрства амаль што ўвайшло ў насьмешлівыя прыказкі. Які-ж наіўны чалавек асьмеліўся-б спадзявацца, што яны, якія не ваявалі навет на пачатку вайны і адмаўляліся бараніць свае афрыканскія калёніі, маглі раптам цяпер перарадзіцца? Фон Кэсэльрынг да такіх не належаў. Гэта-ж ня тое, што змагацца на пяскох з паўдзікімі ў той час і слаба ўзброенымі абісінцамі ці ўжо, як было напярэдадні Другой сусьветнай вайны, схапіцца ўдужкі з грэкамі.

На поўдні, вызваліўшы тры чвэрці Італіі, стаяў добра дагледжаны, накормлены, апрануты, дасканала ўзброены й вышкалены жаўнер хаўрусьніцкіх арміяў. Навет італьянскія фашысты ведалі, што абарона паўночнае часткі краіны была бяссэнсоўнай. Самі-ж былі занятыя праблемаю, якую ніяк нельга было адкладваць: як змыцца ў нейтральную Швайцарыю або прыхавацца-прытаіцца ў іншым зацішным куточку.

Народ-жа бачыў, што ўся вайна была фактычна нямецкай. Дык няхай тады немцы й ваююць. Народу - абы захаваць у цэласьці свой здабытак. Узяўшы-ж на ўвагу, што галодныя немцы жывіліся рабункамі мясцовага насельніцтва, гэта якраз і было найцяжэйшым заданьнем. Існавала ў немцаў за плячыма, пераважна ў гарах, італьянская партызанка. Былі партызаны нацыянальныя й чырвоныя, адны й другія вельмі слаба актыўныя. Абмяжоўваліся дробным сабатажам, а калі ўваходзілі ў збройнае змаганьне зь немцамі, дык адно там, дзе былі ў абсалютнай лічбавай перавазе.

 

: II

 

2 сакавіка 1945 году італьянскі мараплаў «Аргенціна» прыбыў з Брындызі ў Анкону і выладаваў новыя рэзэрвы для франтавых адзьдзелаў Другога корпусу. Анкона ў той пэрыяд была найбольш высунутым на поўнач, вызваленым ад немцаў портам на Адрыятычным моры. У ліку прыбыўшых былі Віктар Караткевіч, Сымон Спарыш, Аляксандр Лабун, Кастусь Дзежка й іншыя сябры. Транспартныя машыны, заладаваўшы жаўнераў, накіраваліся шырокай прыгожай шашой па самым узьбярэжжы мора, у паўночным кірунку. Надвечар пакінуўшы Анкону, калёна ехала цэлую ноч. Мінула Пэсаро, Рыміні, Форлі й павярнула ў бок на Брызыгэлю. Тут знаходзіліся сямнаццаты й чатырнаццаты батальёны пяхотнай 6-й Львоўскай брыгады. Адзін Караткевіч трапіў у чатырнаццаты батальён, уся рэшта сяброў - у сямнаццаты. Дзежка, Самароб і Чарнецкі былі прыдзеленыя ў другую роту, а Сымон, Лабун і Ялонскі - у чацьвёртую. Сымону не пашанцавала: ён адзін трапіў у зьвяз «кар'ераў» роты.

Для паінфармаваньня чытача мусім зьвярнуць увагу на «кар'ер». Слова гэтае, жыўцом узятае з ангельскае мовы, азначае «носьбіт». У войску «кар'ерам» называўся лёгкі панцырны, з адкрытым верхам, воз на гусеніцах. Апрача шафёра звычайна ў ім памяшчалася двое кулямётчыкаў і ставала месца на запас амуніцыі. Будучы хуткабежным і надта паваротлівым, «кар'ер» ужываўся для перавозу амуніцыі на перадавыя пазыцыі, надаваўся на ўдарныя патрулі й наогул быў успамагальнай адзінкай для пяхоты. Маючы такія ўласьцівасьці, як вялікую сілу агню, хуткасьць і паваротлівасьць, «кар'ер» часьценька выкарыстоўваўся ў пагонях за адступаючым праціўнікам. У першыя дні побыту на фронце Сымону давялося пераканацца, што «кар'ер» служыў і іншым патрэбам, зусім не прадугледжаным ані яго канструктарамі, ані камандзерамі.

Адным з шафёраў чатырох «кар'ераў» у зьвязе бых звыш саракагадовы, чарнявы, сярэдняга росту, шыракаплечы Пранук Бонк. Стары жаўнер, узяты бальшавікамі ў палон у 1939 годзе, перажыўшы шмат у Сібіры, пасьля, прайшоўшы Сярэдні Ўсход і ваенную кампанію ў Афрыцы, Пранук чуўся ў войску быццам дома. Меў усе прыкметы старога жаўнера: няшмат думаў, быў вясёлым, нічым надта не клапаціўся й на вайне чуўся быццам той селянін з касою на сенажаці. Гаварыў шмат, пераважна аб драбніцах, вельмі любіў выпіць і пагуляць з жанчынамі. Віна ў Італіі даволі было ўсюды, а тым больш пры фронце, дзе ў пакінутых гаспадарках стаялі вялікія, напоўненыя віном бочкі.

Зьвяз «кар'ераў» чацьвёртае роты заняў пакінутую італьянцамі фэрму ў адлегласьці 300-400 мэтраў ад нямецкіх перадавых пазыцыяў. Была раньняя вясна, навокал усё прыгожа зелянілася. Трымалася залатая сонечная пагода. Неяк надвечар Пранук Бонк і ягоны сябра, званы Кашыбанда, вясёлыя вярнуліся ў хату, што служыла перадавым абаронным пунктам (ПАП). Іншыя то трымалі варту, то поркаліся каля зброі або кар'ераў. Пранук з самага пачатку трапіўся быў Сымону на вока як тып самага перасечнага польскага жаўнера. Ён часьценька любіў тое-сёе зацягнуць сваім прапітым хрыплаватым басам. Гэтак і цяпер, ужо амаль на зьмярканьні, ззаду хаты між садовых дрэў заскрыпеў Пранукоў бас:

 

...наварыла майму Тоні макароні, ого!

макароні, ого! Італьяно.

О-о-о макароні.

Нон капірэ італьяно, ого-о-о!

 

Гэта пародыя на нейкую італьянскую песьню пашыраная была па цэлай арміі. Пранук з Кашыбандам ня вельмі ўжо роўным крокам прыбліжаліся ззаду да хаты.

- Чаго ты гарлапаніш? - асьцярог падпітага шафёра капрал, што сядзеў каля парогу.

- Ты ведаеш што, пане капрал, - кінуўся перад ім Пранук, - ведаеш, што мы знайшлі ў суседняй пуні?

- Ну што?

- Ого-о што! Ну, адгадай! - памог Кашыбанда.

- Нямецкія вошы? - жартаваў капрал.

- От фраер! Вошы? Якія там вошы, пане капрал! Ці-ж мы-б, на вошы паглядзеўшы, упіліся?

- Дык вы там пілі?

- Ня пілі, пане капрал, але вось крышку пацягнулі, каб смагу прагнаць, вось што...

- Відаць, што й казаць...

Некалькі жаўнераў выйшла з хаты, прыблізіліся і тыя, што поркаліся каля кар'ераў, каб пачуць навіну.

- Я вам кажу, пане капрал, - прадаўжаў Пранук, - вось такую, з гэтую хату, бочку віна мы найшлі, дый не адну, вось што. Так, пане капрал, вось як...

- Не жартуеш? - заблішчэлі ў капрала вочы. - То надта добра. Але ты, браце, перш ідзі, дакладзі сяржанту, а пасьля аб віне...

- Ну, што там новага прынесьлі? - пытаўся Пранука й Кашыбанду сяржант Ядлецкі, седзячы пры стале й разглядаючы нейкія паперы.

- Пане сяржанце, усё добрае, - пачаў Пранук.

- Ёсьць там хто ў той хаце?

- Нікога няма, пане сяржанце, толькі...

- Толькі?

- Нядаўна нехта там быў.

- Як вы гэта ведаеце? - Сяржант устаў ад стала.

- Нехта прастрэліў вялізную кадушку з віном; такая вялікая яна, што, можа, пяць тысяч літраў мае і больш чым напалавіну поўная. Дзюркі мы так-сяк пазаторквалі, але віно ўцякае. Трэба было б...

І тут Кашыбанда, дапамагаючы Бонку словамі, у якіх вычуваўся жаль п'яніцы, што ўцякае «боскі нэктар», лямантаваў, што траціцца так цэнная й зусім неабходная для жаўнерскага жыцьця вадкасьць. На ягоную думку, варта было-б перашкодзіць поўнай катастрофе - пад'ехаць туды на «кар'еры» і напоўніць пару бочак віном.

 

: IІІ

 

Хата, аб якой была мова, знаходзілася на правым флянгу ад пункта зьвяза «кар'ераў», нейкіх мэтраў за дзьвесьце ўзад. Яшчэ раней сяржант выслаў Бонка й Кашыбанду ў гэны бок на разьведку й вось цяпер атрымаў такі рапарт. Разьведчыкі даводзілі, што немцаў нідзе ня бачылі, што віно было сярэдняй моцы й добрай якасьці, хоць і «б'янко» (белае), ды што яны ўжо зусім нядрэнна, паспрабавалі.

У гэтым апошнім сяржант Ядлецкі ня меў сумлеваў, добра ведаючы ўсіх людзей свайго зьвязу, зь якімі зжыўся на працягу вайны, за выняткам хіба новага Сымона.

- Што-ж... Як хочаце, дык пад'едзьце. Толькі не цяпер, а як сьцямнее. Ды ўважайце, каб паціхеньку, каб часамі не папасьціся.

Гэтага толькі й трэба было. Два разы не давялося паўтараць. Хутка на адным, звольненым ад амуніцыі й зброі «кар'еры» зьявіліся дзве пустыя бочкі й лейкі, знойдзеныя тут-жа, на месцы. Чатыры чалавекі, у тым ліку й Сымон, якога папрасілі дапамагчы ў такой важнай апэрацыі, ледзь маглі дачакацца цямна.

Ноч была ціхая й цёмная. У шматллікіх месцах фронт гудзеў перастрэламі. З польскага боку адзываліся «брэны», а з нямецкага - «спандалы» (гэтак хаўруснікі называлі нямецкія кулямёты «машынгэвэр цвай унд фірцыг» ад месца іх прадукцыі ў Спандаў каля Бэрліну). Радзей шумелі ў паветры снарады зь мінамётаў. Ня маючы дакладна вызначанай мэты, яны страляліся адно з мэтай дакучаньня праціўніку й атрымалі мянушку зводзячых.

Па гладзенькай, вылажанай каменьнямі міжхутарнай дарожцы несамавіта гудзеў гнаны Бонкам «кар'ер».

- Павальней! Сьцішы матор! - асьцерагаў шафёра адзін зь ездакоў.

- Надта-ж, халера, чуваць. Каб хаця швабы не аблажылі нас мінамі.

Ледзь пасьпеў перасьцерагчы, як непадалёк вялікім рэхам тарганулася начная цішыня. Адна міна, другая, трэцяя. Усе кулём пакаціліся на зямлю. Пачакаўшы колькі часу, з поўначы прынесла яшчэ тры.

- Пся крэў! Ці-ж яны не разумеюць, што не на баявое заданьне едзем?!

- А чаго гоніш, як вар'ят!

- Халерныя швабы! Дачакаецеся, сукіны сыны!

- І як то нас так хутка абмацалі!

- Усё ў парадку? Дык давайце далей.

- Ты пад'едзь сам, а мы тут ужо трушком.

- О'кэй!

Мэта хутка была дасягнутая. Катастрофа ў трысьцене, дзе стаялі дзве велізарныя бочкі, па тры мэтры вышыні й столькі ж у дыямэтры, была вялікай. Віно выцякала праз папрастрэльваныя дзіркі. Яно вышынёй на пядзю заліло ўжо цэлы трысьцен.

- Пся крэў! То-ж мы заторкнулі. А Божа-ж каханы, столькі выцекла за гэты час. Як то магло стацца? - жаліўся Пранук Бонк.

- Мусіць, мы слаба пазаторквалі, калі зноў пацякло, - паясьніў Кашыбанда.

- Вы самі, мусіць, не памятаеце, ці заторкнулі. Напіліся, як бэлі, ды п'яныя назад папаўзьлі.

- Не гавары-ж ты мне дурніц. Як Бога кахаю, заторкнулі, - бажыўся, стукаючы кулаком у грудзі, нецьвярозы яшчэ шафёр.

- Ну, добра. Давайце за працу! - скамандаваў капрал. - Ты, Спарыш, стой там на дварэ на варце, а мы самі справімся.

- Каго ты пасылаеш, такога зялёнага?!

- Як то зялёнага? Варту ня ўмее трымаць? Дык чаго-ж тады на фронт прыехаў? Давайце за працу.

Сымон з «томсанам» напагатове выйшаў на двор і, прыслухоўваючыся да адгалоскаў навокал, піў зрокам цемру. У трысьцене тройка не марудзіла. Відаць было па іхніх рухах, што аперацыю такую даводзілася праводзіць не ў пяршыню. Кашыбанда вялікімі глыткамі сёрбаў з кожнага напоўненага вядра, а пасьля напаўняў бочкі празь лейку, зь якой аж цераз берагі цякло. За нейкае паўгадзіны абедзьве бочкі былі поўныя, добра заторкнутыя. Пасьля цяжкіх уздыханьняў, паценьняў, стагнаньняў і «псякрэваў» былі яны заладаваныя на «кар'ер». Да фэрмы, дзе стаяў зьвяз, «кар'ер» папоўз чарапахай. Матор чхаў, заікаўся й душыўся пад цяжарам ладунку.

Назаўтра Кашыбанда аднекуль прынёс скручаную мядзяную трубку й колькі пасудзінаў - цэлы самагонны апарат. Разлажыўшы ў вялікім італьянскім камінку малое вогнішча, пачаў пераганяць віно на сьпірт. Сымон здагадаўся, назіраючы за працаю самагоншчыка, што той меў у гэтым прыдатным рамястве вялікую практыку, крышку быў зьдзіўлены, што такая дзейнасьць адбываецца з дазволу сяржанта - шэфа зьвязу, што наогул ніхто таму не пярэчыў, што ўсе любілі выпіць, і прыйшоў да выснаву, што ў такіх абставінах было гэта зусім нармальным.

 

: IV

 

Зьвяз «кар'ераў» быў падзелены й высланы на старожу мастоў на невялікім канале - па чатыры чалавекі на кожны мост. Сымон з трыма іншымі трапіў на мост, адлеглы мо на паўкілямэтра ад першага абарончага пункта. Канал бег паралельна да ракі Сэньё. Усе рэчкі, якія да гэтага часу давялося бачыць Сымону, былі з абодвух бакоў абложаны высокімі, мо на мэтраў шэсьць вышыні, проціпаводнымі насыпамі. Немцы, быццам тыя краты, павыкопвалі ў іх цэлыя лабірынты акопаў і бункераў. Мелі адтуль добры нагляд над суседняй раўнінай.

Пры мосьце стаяла ангельская шасьціфунтавая супрацьтанкавая гармата. Побач былі руіны мураванкі з падзіраўленымі снарадамі сьценамі й згарэлай страхой. У ёй кватаравалі брытанскія артылерысты. Новапрыбылыя са зьвязу «кар'ераў» людзі двойкамі трымалі варту пры мосьце. «Кар'ер» свой і рэчы пакінулі ў адлеглай на мэтраў дзьвесьце направа ад моста фэрме. Сымон зьдзівіўся, убачыўшы на хутары цывільных. Як выглядала, яны зусім нармальна жылі, хоць мо ня зусім нармальна гаспадарылі. Беручы пад увагу, што рака Сэньё й нямецкія перадавыя пазіцыі былі адлеглымі не далей як на паўкілямэтра, трэба было дзівіцца сьмеласьці італьянцаў.

Праўда, канал ня быў пярэдняй лініяй хаўрусьнікаў. Наперадзе былі адзьдзелы пяхоты. Усё-ткі, калі-б пайшло на благое, калі-б разбушаваў артылерыйскі агонь, італьянцы маглі-б пацярпець ня толькі маёмасьцю, але й жыцьцём. Немцы-ж ведалі, што войска з гэтага боку часта памяшчалася ў дамах ці іншых сялянскіх будынках. Жаўнеры неахвотна сядзелі пад голым небам, хіба ў выпадку крайняй патрэбы.

Маючы пад бокам цывільных, Сымон назіраў за іхным жыцьцём. Гэта быў вялікі кантраст у параўнаньні з жыхарамі паўдзённай Італіі. Зямля была ўраджайная, багатая садамі, вінаградам. пшаніцаю, гароднінай. Калі на поўдні ўсюды сьвяцілася бяда, дык тут навет і цяпер, пад час вайны, - дастатак. Даліна По правільна ўважалася сьвірнам перанаселенай Італіі. Яе найлепш можна было-б прыраўнаць да вядомай ужо чытачам Эльзаскай раўніны.

Перастрэлка на фронце была слабая. Зь нямецкага боку актыўнасьць была мінімальная. Часамі прыляталі на паўдзённы бок міны, радзей - артылерыйскія снарады. Шмат зь іх ня дэтанавала. Факт гэты тлумачыўся тым, што ў нямецкіх фабрыках было шмат чужых і варожых немцам работнікаў, якія займаліся сабатажам. Людзей, такім чынам, усьцераглі ад калецтва й сьмерці. З боку хаўруснікаў артылерыя была даволі актыўная. У кожны ясны й пагодны дзень над лініяй фронту бурчэў у паветры маленькі двухкрылы самалёт-разьведчык. Там артылерыйскі назіральнік, звычайна афіцэр, дакладна сачыў за непрыяцелем і па радыё інфармаваў артылерыйскія пазыцыі. Немцы баяліся ўдзень выкарыстоўваць сваю старанна замаскаваную цяжэйшую артылерыю, трывожачыся, каб двухкрылы назіральнік не асачыў яе.

На другі дзень, калі Сымон і Кашыбанда вярнуліся з варты, стары італьянец выйшаў з хаты й папрасіў іх на спагэці.

- Прэго, сіньёры, прэго! Манджарэ спагэці, - цягнуў нізенькі чарнявы гаспадар у хату.

- Аспэто! - затрымаў яго Кашыбанда. - Ты маеш ахвоту на спагэці? - пытаўся Сымона.

- Ня ведаю. Ніколі ня еў. Што гэта такое?

- Нешта падобнае да макаронаў, толькі надта даўгое й круглае. Хадзі, зараз пабачыш.

За даўгаватым сталом сядзела ўжо цэлая сям'я - матка, дзьве дачкі й дзяцюк. Адна дачка была ў дваццатых гадох - чарнявая, круглаватая, вельмі прыгожая, іншая - падлетак. Побач старэйшай сядзеў дзяцюк.

Калі селянін прывёў двух жаўнераў, гаспадыня, быццам тая квактуха, усхапілася й забегала па хаце. Каля печы наладавала дзьве талеркі горбамі спагэці, якія зараз-жа апынуліся на стале перад гасьцямі.

- Прэго, прэго! - паказваў гаспадар на крэслы.

Хлопцы селі.

Сымон прыглядаўся да залітых памідоравым соўсам, пахучых спагэці, што тоненькімі сувоямі расплыліся па талерках. «Як-жа іх есьці гэткім відэльцам?» - думаў юнак, сочачы за іншымі. Італьянцы чаплялі на канцы відэльцаў па колькі столак тоненькіх спагэці, пасьля паволі круцілі цаўямі, аж пакуль не нарасталі на іх тоўсьценькія клубкі, якія паважна несьлі ў раты й спажывалі. Кашыбанда бязь лішніх слоў узяўся за яду. Зусім нядрэнна даваў сабе раду. Адно ў Сымона чырванаватыя й сьлізкія, быццам тыя чэрві, спагэці ніяк не хацелі накручвацца й трымацца. Як ні стараўся, відэлец заставаўся пусты. Мяркаваў, што ці ня лепш было-б пасеч іх на кавалкі, каб былі карацейшыя, ды пасьля ўжо, неяк падчапіўшы, у рот данесьці. Хлапцу было вельмі нязручна, тым больш што італьянцы прыглядаліся да ягонай бяздарнасьці.

З процілеглага боку стала сьвяціліся, здавалася, зь лёгкай усьмешкай, цёмныя й прывабныя прамяністыя вочы. Сымону раней ня было калі ўважней прыгледзецца да гэтай прыгожай дзяўчыны. Цяпер-жа, седзячы зусім насупраць яе цераз стол, адчуваў, як нешта заказытала ў ягоных грудзях пад зялёным «батледрэсам». Сачыў за ёю больш, чымся за ейным суседам. Чамусьці здалося яму, што дзяцюк гэты мае на дзяўчыну нейкае права, пэўна-ж, ён не брат, бо неяк і не па-брацку сядзеў побач, і беларус ужо падсьведама пачаў зайздросьціць яму, а можа, й ня любіць італьянца.

Са спагэці нічога ня выходзіла. Дзяўчына, заўважыўшы хлапцову нязручнасьць, перапрасіла, падсунула ягоную талерку на сярэдзіну стала, узяла відэлец і спрактыкаванаю рукою накруціла на яе вялікі клубок.

- Грац'я, - адказаў зьбянтэжаны хлапец і аж крыху пачырванеў, стараючыся нешта дагледзіць у цёмна-прамяністых вачах.

- Ваша дачка? - запытаўся ён, пасьмялеўшы, у селяніна.

- Дзьве дачкі, - адказаў, выцершы рукою вусны, італьянец. - А гэта Джузэпэ - нарачоны Анджэліны.

Сымон столькі ведаў італьянскай мовы, што зразумеў.

- Нарачоны? Дык скора вясельле будзе?

- Пасьля вайны, як скончыцца вайна, - пасьпяшыла на дапамогу маці.

Кавалер паглядзеў на Анджэліну, быццам на які ласы кавалак. У тым паглядзе свяцілася нецярплівасьць няведама якога доўгага чаканьня й няпзўнасьць адносна няведамага канца вайны.

- Але-ж які вы бляндын! Якія прыгожыя маеце блёнд валасы! - выказала сваё зьдзіўленьне, гледзячы на Сымонаў чуб, Анджэліна.

- А ў вас, італьянцаў, няма бляндынаў?

- Ёсьць, - усьміхнулася дзяўчына, - толькі маляваныя.

- Ты ведаеш, браце, - сказаў да Сымона, канчаючы свае спагэці, Кашыбанда, - хутчэй мы іхныя ўсе бочкі асушым, чымся ў іх вырасьце бляндын. Як Бога кахаю.

Пасьля гэтага, не зважаючы на іншых, наліў са шклянога графіна шклянку «б'янка» й вялікімі глыткамі прапаласкаў спагэці.

- Мольто грац'я, сіньёры, - дзякаваў, устаючы, Кашыбанда, а за ім пасьпяшыў і Сымон. - Спагэці мольто боно.

- Прэго, сіньёры, прэго, - падняўся з крэсла гаспадар.

- Арывідэрчы, - разьвіталіся жаўнеры й пайшлі вылежвацца на сонцы.

 

: V

 

Прыйшоў загад у зьвяз «кар'ераў» даць пяць чалавек на падмацаваньне перадавога абароннага пункту (ПАП) на левым флянгу роты. У лік вызначаных трапіў і Сымон.

- Запрагай каня! - крычалі Прануку жаўнеры.

- Конь запрэжаны. Сядайце! Хочаце, дык да самых швабскіх бункераў давязу.

Пранук Бонк, як і заўсёды, быў падпіты. Калі ўсе ўселіся, пусьціў у рух матор і, ад'ехаўшы з паўкілямэтра назад, разагнаў борзды «кар'ер» на поўную хуткасьць. Густы пыл курыў па польнай жвіровай дарожцы. Праехаўшы мо кілямэтр на захад, зусім не зьмяншаючы хуткасьці, крутой дугой павярнуў направа. Мясцовасьць была тут больш узвышаная, і, прыгледзеўшыся ўважней, льга было спасьцерагчы воддаль насып над Сэньё. Пяцёрка сядзела на «кар'еры», выпрастаўшыся на поўны рост. Раптам зь нямецкага боку праз гул матора пачулася густая траскатня аўтаматычнай зброі. «Кар'ер» уміг спыніўся, а ездакі, быццам тыя галовы качаноў, пакаціліся ў бочную канаву.

- Ты, вар'яце! - крычаў нехта. - Чаго ты прэш? З глузду зьехаў?

- Як то - чаго прэш? Чым вальней, тым ім лягчэй узяць на прыцэл.

- Усе цэлыя?

У адказ зь нямецкага боку пачуўся працяжны й дэмаралізуючы рогат «спандаву», а кулі завішчэлі навокал пустога «кар'ера». Шасьцёрка яшчэ мацней прыліпла да зямлі няглыбокай прыдарожнай канавы. Ясна было, што немцы добра асачылі «кар'ер».

- Давайце паўзём на гэну руіну. Чакайце яшчэ, забярэм рэчы з воза!

Мэтраў дваццаць налева ад дарогі тырчаў мураваны шкілет фермы. Да ПАП было ўжо недалёка, але «кар'ерам» неяк было далей ехаць. Трэба было перачакаць агонь.

- Ты, Пранук, перачакай тут, пакуль спыніцца агонь, ды давай назад, а мы ўжо дойдзем, - загадаў Бонку яфрэйтар.

- О'кэй, давайце.

Яфрэйтар асьцярожна ўспоўз ззаду на «кар'ер» і па хвіліне пачаў адтуль шпурляць клункамі й зброяй у канаву.

- Бярыце ды паўзіце за гэныя сьцены.

Лішнім было паўтараць. Хуткімі перабежкамі пяцёрка неўзабаве апынулася за сьцяной разьбітага дому. Усьпелі ў добры час. Адно прыселі за сьцяной, як паблізу скалатнулася зямля, і колькі чарговых артылерыйскіх снарадаў падняло ўверх стаўбуры мяккай чорнай зямлі.

- Скурррррр... сыны! - лаяўся адзін з тых, што схаваліся.

Спрактыкаванае вока магло ацаніць, што немцы ўстрэльваліся ў «кар'ер». Пасьля двух снарадаў па баках і аднаго ззаду цяпер мусіў прыляцець наступны, які меў папасьці ў мэту. Гэтак звычайна артылерыст трапляў у малы нярухомы аб'ект чацьвёртым снарадам, а больш спрактыкаваны мог рызыкнуць і трэцім. Чацьвёрты не трапіў. Выкапаў вялікую яму мэтры два сьпераду «кар'ера» і абкідаў зямлёю ды асколкамі машыну й канаву. Пяцёрка з-за сьцяны прыглядалася з затоеным дыханьнем. Цікавіліся, ці паранены быў Пранук, што застаўся ляжаць у канаўцы побач возу. Як быццам у адказ ім, з канавы найперш паднялася Пранукова галава, а пасьля й тулава. Хуткім крокам скочыў на «кар'ер», мяркуючы, мусіць, што хутка запозна будзе ратаваць. Ня ўсьпеў ускарабкацца, як зь нямецкага боку зарагатаў «спандаў». Пранук уздрыгнуў, застагнаў, і бязладнае цела звалілася перад гусеніцамі сьпераду.

- Пранук! Пранук! - крычаў

У адказ пачуўся ледзь чутны стогн.

- Пся косьць, на чорта яму той воз, чаму не ляжаў! - камэнтаваў адзін за сьцяной.

Яфрэйтар маланкай перабег ад сьцяны да «кар'еру». Прылёг і памацаў рукою параненага. Пасьля колькіх хвілінаў ён ірвануў назад, і амаль у той самы момант, як дабягаў да сьцяны, снарад шарпануў па «кар'еры», які ўміг ахапіла полымя й дым. Тыя, што хаваліся за сьцяной, ужо ня мелі патрэбы пытацца, ці жыве Пранук Бонк.

- Пся крэў! Скурр... сыны! - вылаяўся зноў яфрэйтар. - Давайце наперад, бо зараз і па нас зачнуць!

Пяцёрка трушком і перабежкамі кінулася наперад. З гэтага боку адазваліся гарматы й мінамёты. Дрыжала й калыхалася залатое вясеньняе, напоўненае смяротнымі зыкамі паветра.

 

: VI

 

Асноваю перадавога абароннага пункту, куды зьявілася пяцёрка, была вялікая мураваная хата. Вокны з паўночнага боку былі пазакладаныя мяшкамі зь пяском. У кутах мура павыбіваныя былі адтуліны дастатняй вялічыні, каб наглядаць поле абстрэлу. Зь іх тырчэлі цёмна-шэрыя рулі цяжкіх кулямётаў браўнінгаў. Два былі на першым, а адзін - на другім паверсе. Нанач варта ўзмацнялася - адзін трымаў старожу ззаду хаты, а другі - на першым паверсе дома сьпераду. Узброеныя былі ручнымі аўтаматамі «томсанамі». Камандзерам ПАП-у быў сухі ў твары, высокі й тонкі. у трыццатых гадох зьвязовы падхаронжы. Меў дванаццаць чалавек пад сваёй камандай.

Ззаду хаты, на мэтраў пяцьдзесят воддаль, стаяў пусты хлеў і сьвіран, побач яго - абрэзаны навокал даволі тонкі ўжо, але высокі стог саломы. Гэты ПАП больш быў умацаваны, чымся суседнія. Рака Сэньё рабіла тут дугу, й нямецкія пазіцыі больш былі высунутымі ў глыб польскае лініі, чымся ў іншых месцах. Да варожых пазыцыяў было адсюль каля трох сотняў мэтраў. З паўночнага боку хаты, зараз каля яе, раўналегла да абароннае лініі бегла міжхутарная дарога. Цяпер яна ня ўжывалася. Адно начамі хадзілі па ёй патрулі. Згодна зь іхнымі апавяданьнямі, немцы часта падкрадаліся да самых польскіх пазыцыяў. Ночы былі найбольш небясьпечныя. Удзень абодва бакі абмяжоўваліся лёгкімі перастрэлкамі зь мінамётаў, аўтаматычнай ручной зброі й зусім рэдка з артылерыі.

Яфрэйтар адрапартаваў камандзеру ПАП-у аб зьнішчэньні немцамі «кар'ера» й сьмерці Пранука Бонка. Гэта была адно фармальнасьць, бо раней яшчэ данесьлі камандзеру ягоныя-ж людзі, што сачылі за ўсім выпадкам. Тэлефанічна камандзер зьвязаўся з ротным, якому перадаў няпрыемную навіну. Пасьля зьмярканьня рэшткі Пранука Бонка былі прыбраныя з дарогі людзьмі з санітарнае часьці.

Сымонаў твар разьяснеў шчырай, ветлівай усьмешкай, калі ўбачыў Аляксандра Лабуна. Гэта быў, апрача яго, адзін беларус на ПАП. Сябры моцна паціснулі адзін аднаму рукі.

- Здароў, брат, здароў. Сьціпла называю цябе братам, але ты мне даражэйшы цяпер, як брат, - трос рукой Сымон.

- Такіх мілых гасьцей чымся пабольш. Ведаеш, як мне аднаму сярод чужых надакучыла.

- Што й гаварыць.

- Як-жа ты ўцалеў? «Кар'ер» ваш немцы разьбілі.

- Жартуеш? Такога загартаванага ваяку, як я, і кулі ўжо не бяруць.

- Ня вер тым кулям, бо яшчэ, чаго добрага...

- Ускочылі былі за сьцяну руінаў. Толькі бядака-шафёр папаўся, бо хацеў з «кар'ерам» - наўцёкі. «Спандавам» зрэзалі.

- Сукіны каты!

- Вам добра дакучаюць тут?

- Гэта месца даволі небясьпечнае, асабліва ўночы.

Як быццам на запярэчаньне гэтаму колькі мін тузанула паветрам. Адна ўпала блізка хлява, але не дэтанавала.

- Гэй, там! - пачулася з хаты. - Чаго пасталі, як разінькі сярод панадворку?! Бяжыце ў хату або трымайцеся бліжэй сьцяны!

Два беларусы падыйшлі й селі ля кучы зь пяском каля самай сьцяны.

- Ну, як ты? Ужо прывык да фронту? - пытаўся Лабун.

- Ведаеш, братка, спачатку было страшнавата. Быў-жа чалавек ужо ня раз пад абстрэлам і на фронце - сам ведаеш. Але кожны новы раз, які-б ты стары жаўнер ня быў, калі трапіш пад агонь, то нанава прывыкай. Здаецца, што ўсе кулі лятуць у тваім кірунку й абавязкова ў цябе трапяць.

- А тая, што мае трапіць, дык так неспадзявана бзыкне, што й не агледзішся.

- У тым-то й сук. Толькі пасьля ўжо чалавек звыкне, што ці кулі сьвішчуць, ці чмялі гудуць - усё роўна.

- Кажы, што дзе новага. Бачыў каго з нашых ці чуў мо?

- Не, братка, нікагусенькі, - адказаў Сымон. - А ты?

- Бачыў на днях Дзежку. Казаў, што ўсе нашы цэлыя й здаровыя. Як і раней, ня страціў гумару.

- Ага, вось маю і я навіну.

- Ну?

- Не так даўно, тыдзень мо таму назад, чытаў я ў дывізійнай газэтцы разьдзел пошукаў Чырвонага Крыжа. І ведаеш, каго напаткаў?

- Каго-ж?

- Мікула Мар'ян шукае брата Віталія Мікулу.

- Мар'ян Мікула?

- Так.

- Выглядае, што капітан Мікула меў брата.

- Мусіць.

- І што ты зрабіў?

- Ну, што-ж мог... напісаў у Чырвоны Крыж, што ягоны брат Віталі быў, ведаеш, у БКА, пасьля ў трыццатай, ды што быў немцамі арыштаваны й, падобна, застрэлены.

- Адказу яшчэ не атрымаў?

- Ня было-ж калі.

- Цікава. Мы й ня ведалі, што Мікула меў брата ды яшчэ ў польскай арміі.

- Ды яшчэ маёра.

- Так?

- Гэтак падаваўся ў пошуках.

- Гм. Ён табе, напэўна, яшчэ раз напіша. Думаю, варта было-б паінфармаваць яго дакладна, што ведаеш аб капітану Мікуле і што ён, ягоны брат, павінен толькі ганарыцца Віталем. Гэта быў адзін з гэрояў нашага народу. Кажу «быў»... Хто ведае, мо яшчэ жыве...

- Хадзілі чуткі, што зьліквідавалі яго ў Дахаў.

- Сам Бог ведае.

І сапраўды за нейкі тыдзень пазьней Сымон Спарыш атрымаў ад маёра Мікулы ліст, дзе той, пішучы па-польску, распытваўся пра брата й прасіў, каб Сымон напісаў усё-ўсенька, хаця-б найменш важнае, што ведае. Сымон напісаў другі ліст на беларускай мове. У цёплых словах адлюстраваў усё яму ведамае адносна былога свайго камандзера, пачынаючы ад Менску й канчаючы Эльзасам ды пераходамі беларусаў да макісаў. Што да далейшага лёсу шэфа штаба БКА, хлапец адно мяркаваў, бо й сам ня ведае напэўна, ці капітан быў зьліквідаваны немцамі ў Дахаў. На другі ліст адказу не атрымаў.

 

: VII

 

Пяшчотна-цёплае вясеньняе сонейка вяртала прыродзе жыцьцёвыя сілы. Навокал абароннага пункту пачыналі зелянець сады й вінаграднікі, усьміхаліся краскі. Травіца зарастала й пакрывала зеленьню сляды танкаў і «кар'ераў», няглыбокія канаўкі ад мінаў і снарадаў. Парваная, патаптаная, парэзаная зямля, як магла, лячыла ваенныя раны. Густым зялёным дываном буйнела на палях азіміна. Ад ПАП у кірунку нямецкіх умацаваньняў на насыпе ракі Сэньё роўнымі шэрагамі апраналіся ў лісточкі яблыні, грушы й вінаграднік. Птушкі, часта палоханыя ўзрывамі й перастрэлкаю, маўкліва таіліся ў садох, а то і ўцякалі ад фронту, каб у бясьпечнейшых месцах будаваць гнёзды. На гэтак званай нічыёй зямлі - паласой між нямецкімі й хаўрусьніцкімі абароннымі пазыцыямі - зелень дрэваў мела ўплыў на павышэньне двухбаковай актыўнасьці патрулёў. Пад аховай зелені людзі падпаўзалі зусім блізка да ўмацаваньняў праціўніка. Вартавыя напружвалі зрок, сачылі за рухам кожнае галінкі, каб у час спасьцерагчы ворага й не дапусьціць яго за мяжу небясьпечнае лініі.

У адзін з такіх прыгожых вясеньніх дзён на панадворку фэрмы сядзела група жаўнераў. Бальшыня была разьдзетая вышэй паясьніцаў і старалася здабыць першы вясеньні загар. Чацьвёра зь іх, седзячы на траве на разасланых коцах, крокаў за восем ад задняе сьцяны дома, гулялі ў карты. Адзін выпыльваў коц. Сымон прымасьціўся на старым крэсле пад сьцяною каля дзьвярэй і штосьці чытаў. Лабун стаяў побач карцёжнікаў. Было ціха й цёпла. То з аднаго, то з другога боку адклікаўся фронт. Міны капалі на палях і агародах новыя канаўкі.

Адна такая міна раптам разарвалася крокі за два ад карцёжнікаў і блізка чалавека, што выпыльваў коц. Цэлая група здаровых і дужых людзей за імгненьне да гэтага раптам замянілася ў акрываўленых калекаў. Рэзультат быў настуюны:

Аднаму карцёжніку, што ляжаў на левым баку ды, выставіўшы ўверх рукі, трымаў карты, адарвала тры галоўныя пальцы правае рукі. Віселі яны на перасечанай амаль напалову далоні, што ператварылася ў акрываўлены кавалак мяса. Другому карцёжніку, што сядзеў задам да месца ўзрыву, асколак патузаў правае плячо. Трэцяму кавалак, жалеза зашыўся ў мякаць правага бока. Аляксандру Лабуну два маленькія кавалачкі гарачай сталі трапілі ў ніжнюю шчаку. Кроў тоненькімі нітачкамі сачылася па шыі. Чалавека, які, трымаючы абедзьвюма рукамі за рагі, выпыльваў коц, нейкім цудам жалеза мінула. Адно ў руках з тоўстага суконнага коца засталіся падзюраўленыя, быццам сіта, абрыўкі. Сымону, што сядзеў найдалей ад месца дэтанацыі, нешта балюча ляпнула па цемені на пальцы чатыры ўверх ад левага вуха. Ён памацаў між густых валасоў маленькі гузячок, прыціснуў яго, зірнуў на плямку крыві на пальцы і пераканаўшыся, што косьць была непашкоджаная і што пад скураю ня было асколку, прыглядаўся суматосе сярод параненых.

На панадворку падняліся енкі. З хаты выбеглі жаўнеры. Раненыя хутка так-сяк былі перавязаныя, а выкліканая тэлефонам санітарная машына забрала чатырох на пункт першае дапамогі. Ужо на зьмярканьні Аляксандр Лабун вярнуўся назад з аблепленай бандажом ніжняй часткай левай шчакі. Тры раненыя засталіся ў шпіталі.

Міна, мо адна з тысячы такіх, выпушчаных праціўнікам, гэтым разам знайшла здабычу. ПАП паслабеў на трох чалавек. Таго самага вечара камандзер ПАП забараніў жаўнерам бяз службовай патрэбы выходзіць па-за сьцены ўмацаванага будынку.

 

: VIII

 

На другую ноч пасьля вышэйапісанага выпадку, каля дзесятае гадзіны, Сымон стаяў на варце. Меў загад перш страляць, а пасьля ўжо распытвацца, хто й што. Сымонаў пост быў пры паўдзённа-ўсходнім куце хаты. Сядзеў у сярэдзіне высокай, паўколам вылажанай гурбы мяшкоў з пяском. Адно шлем і вочы тырчэлі над краем. Перад носам - заладаваны скарастрэл «томсан», а побач яго - паўдзесятка гранатаў.

Спевы конікаў часта заглушаліся водгульлем ад выбухаў снарадаў і мін. На правым фланзе, ад польскіх пазыцыяў на ўсход, кожную ноч амаль бесьперапынна гучала сымфонія гармат. Там былі пазыцыі жыдоўскай брыгады, створанай з уцекачоў з розных краінаў Эўропы. Адносна гэтага адзьдзелу хадзілі між жаўнерскае масы розныя сьмешныя анэкдоты. Тэмай бальшыні была прыказкавая баязьлівасьць нашчадкаў Аўраама. Якраз яна, як тлумачылі суседзі па фронце, спрычынялася да бесьперапыннай начной стральбы на жыдоўскім адрэзку. Стралялі не таму, што немцы іх атакавалі, ці таму, што адрэзак іх быў найбольш важным і небясьпечным, а, як казалі, таму, што стараліся дэмаралізаваць і палохаць праціўніка згодна старой адносна іх прыказкі: «жыда ня б'юць яшчэ, а ён ужо крычыць». Гэтак і цяпер: жыдоўскі адрэзак захлынаўся агнём, хаця суседнія хаўрусьніцкія адзьдзелы абмяжоўваліся адно самай неабходнай перастрэлкай.

Дзесь недалёка на захад і крышку наперад у нямецкі бок крычалі індыкі. Сымону давялося раней чуць, што індычыны гоман даносіўся з пакінутай птушынай фэрмы, якая апынулася на нічыёй тэрыторыі. Птушкі, трывожаныя стрэламі, а то й патрулямі, праводзілі неспакойныя ночы. На фэрму часьценька заглядалі патрулі з абодвух бакоў, і пасьля кожнага такога візіту сям'я індыкоў зьмяншалася. Бывала, што варожыя патрулі там сустракаліся. Месца было вельмі небясьпечнае. Паводле апавяданьняў, на мінулым тыдні капрал зь іншай польскай роты, што са сваім пяціасабовым патрулём заглянуў на фэрму ўночы (быццам службова, але фактычна таму, каб наладаваць мяшок птушкамі), застрэліў чатырох немцаў. Удалося гэта яму, як апавядалі, толькі дзякуючы вялікай цьвярозасьці й неразгубленасьці ў крытычны момант, калі на фэрме лоб у лоб сустрэўся зь немцамі. Апавядалі далей, што капрал за гэткую вялікую баявую заслугу быў прапанаваны да ўзнагароды крыжам «Віртуці мілітары» - найвышэйшай польскай адзнакай за адвагу ў баі. Колькі было ў тым праўды ці выдуманага, Сымон ня мог ведаць. Але ў тым, што на левым флянзе крышку ўперад існавала птушыная фэрма й што там яшчэ й цяпер былі індыкі - ня было сумлеву. Гэтак і цяпер гоман іхні гучаў дысанансам у агульным сьвісьце снарадаў, тарахканьні «брэнаў» і рогаце «спандаваў».

Пры сьвятле батарэйнай электрычнай лямпачкі зьвязовы падхаронжы камандзер ПАП вызначыў трасы патруля, агледзеў трох чалавек у баявой гатоўнасьці й тэлефанічна паведаміў камандзеру роты аб высланьні людзей. Той у сваю чаргу меў паведаміць іншыя польскія пасты, каб ведалі, што свае людзі знаходзяцца ў баёвай разьведцы.

Сымон Спарыш, седзячы на варце й прыслухоўваючыся розным гукам ночы, думаў аб усім і аб нічым. Абыякавасьць ягонай, звычайна чульлівай натуры зьмянілася атупеньнем. Падобным быў да таго палена, якое нядбайлівы гаспадар топча на дрывотні дзясяткі разоў замест таго, каб прыхаваць у зацішнае й сухое месца пад страхою. Аднаго дня нечакана заўважыць яго пад нагамі ды знойдзе ўжытак. Хлапец быў маленькай незаўважнай пешкай, якому дзесьці ў будучыні на нейкім адрэзку жыцьця прыйдзецца выканаць нейкую сваю, для яго асаблівую ролю. У гэтым ня меў сумлеваў. Абы захаваць жыцьцё. А цяпер? Што-ж цяпер? Няхай кідаюць і топчуць. Як бы ні тапталі, а ўжо-ж зусім ня стопчуць. Тапталі-ж і раней, дый не такія таптуны. Цяпер дык хоць па-людзку кормяць і апранаюць, хаця фізычна ня прыходзіцца цярпець нястачаў. А абавязкі-ж, якія-б яны ні былі, выконваць трэба. Аб тым, што штучна прычэплены да гэтага чужога цела, зь якім ніколі ня зможа зрасьціся, думаць шкада было. Даўно й безьліч разоў раней ужо думаў і паставіў кропку над «і».

Думкі нейкімі нязьвязанымі абрыўкамі мітусіліся ў галаве. Прыслухоўваўся да заядлай страляніны на жыдоўскім адрэзку, пільна ўглядаўся ў вялыя цені садовых дрэў і час ад часу пазіраў на ясны поўны месяц, што, здавалася, маестатычна і абыякава дзівіўся пробліскам агню на халявіне італьянскага бота. Сымон нагнуўся й прыкурыў папяроску. Трымаў яе ў жмені, каб, барані Бог, хто-небудзь зводдаль не заўважыў. Ніколі-ж нельга было быць пэўным, што адна ці другая пара вачэй ня прытаілася дзесь за зеленьню.

За сьцяной ледзь чутны быў шоргат ног і гоман прыцішаных галасоў. У задніх дзвярох зашастала вопратка, прыклад нечага аўтамата стукнуў аб аўшак, і Сымон заўважыў тры постаці. Крокаў амаль ня было чуваць. Абутымі былі ў лёгкія гумовыя спартовыя атопкі, каб у выпадку патрэбы ціханька, быццам тыя цені, падкрасьціся да пазыцыяў праціўніка ды, калі собіць, і ўцячы баржджэй. Трохасабовы патруль, трымаючы напагатове аўтаматы, асьцярожнымі крокамі абышоў хату й схаваўся за вуглом яе.

Сымона ні разу ня высылалі яшчэ на начны патруль. Цяпер-жа ён пачаў думаць, як чуўся, калі-б яму давялося ісьці ў ліку тых трох, на якую-б выстаўляў сябе небясьпеку. Шнурок ягоных думак быў раптоўна абарваны сухім і густым трэскам нямецкага скарастрэлу «шмайсара» зь пярэдняга боку ПАП. Пару часінаў пасьля прыляцеў адтуль нечы крык, і з-за вугла выбеглі тры жаўнеры-патрулёўцы. Адзін зь іх трымаў сьціснутую вышэй локця левую руку. Ледзь усьпелі ўбегчы ў хату, як цэлы ПАП зь пярэдняга боку ажывіўся цяжкім грукатам усёй аўтаматычнай зброі. Два браўнінгі зьнізу й адзін зьверху ды пара ручных скарастрэлаў сеялі жалезным дажджом па агародзе, вінаградніках і садовых дрэвах сьпераду. З хаты выбег камандзер зьвяза і, прабегшы каля Сымона, прысеў за яблыняй ды пусьціў у кірунку немцаў яркую асьвятляльную ракету. За ёй - другую й трэцюю. Пасьля пабег назад.

Страляніна трывала хвілін дзесяць. Аўтаматчыкі, заўважыўшы, што сьпераду, адкуль нехта пусьціў пару сэрыяў са «шмайсара», ня было ніякага водкліку, далі адпачыць нагрэтым аўтаматам.

Ужо на світаньні два чалавекі высланы былі агледзець поле сьпераду хаты. Прынесьлі назад два панцырфаўсты, адзін «шмайсар», колькі стрэльбаў і гранатаў. Не знайшлі забітых ані параненых немцаў. Паводле іхняга апавяданьня пра пазыцыі, дзе знайшлі нямецкую зброю, можна было ўявіць наступнае: вялікі нямецкі патруль, чалавек дзесяць ці больш, падкраўся да ПАП. Немцы йшлі вужом ля шэрагу вінаградных кустоў, маючы на мэце акружыць і зьнішчыць ПАП. Аб гэтым сьведчыла раськінутая дугой на траве зброя. Колькі часінаў, відаць, патрэбна ім было, каб хвост патруля падыйшоў наперад зь левага боку й каб распачаць атаку. Праслухаўшы такі рапарт, зьвязовы падхаронжы пацерабіў галаву.

- Бачыш, дрэні, ледзь нас не накрылі.

- І як то яны падпаўзьлі зусім так незаўважанымі.

- Добра сталася, што наш патруль у той час выйшаў.

- І яшчэ як добра.

Ня было найменшых сумлеваў, што калі-б патруль выйшаў на пару хвілін пазьней... але тады зусім ня выйшаў-бы. Два панцырфаўсты замянілі-б хату ў вялікае полымя. Ім дапамаглі-б гранаты. Калі-б немцы заатакавалі згодна з плянам - можна было надвое варажыць, ці ўратаваўся-б хто з ПАП.

Два дні пасьля зь нямецкага боку прыйшлі два жаўнеры. У палон зьявіліся самахоць, бачачы бессэнсоўнасьць безнадзейнага змаганьня. Ад іх палякі даведаліся, што дваццаціасабовы патруль, заданьнем якога было зьнішчэньне ПАП, зь вялікім перапалохам уцёк з-пад граду агню. Было трое параненых. Камандзер яго, нейкі фельдфебель, у сваёй справаздачы казаў, што па дарозе трапіў неспадзявана на засаду, што мусіў як мага ўцякаць, навет зброю пакінуўшы.

 

: IX

 

На працягу сакавіка й пачатку красавіка хаўрусьніцкія адзьдзелы папаўняліся рэзэрвамі людзей і матэрыялаў. Асфальты гладкіх дарог угіналіся пад цяжарам шматтонных вазоў, калечыліся гусеніцамі танкаў. Зьявіліся дадатковыя сотні цяжкіх і лёгкіх гарматаў, танкаў, кулямётаў, амуніцыі, тысячы новых людзей. Ярка-зялёныя галінкі садоў хавалі замаскаваныя даўгія й тоўстыя жаролы артылерыі, што неўзабаве агнём і жалезам мела зьмяніць карту Апенінскага паўабтоку.

Калёны ангельскіх танкістаў пры дарозе спынялі свае «чэрчылі» й «кромвелі», каб не правароніць «ты тайм» (гарбатны перапынак). Вайна ці мір, а жыхар Ёркшыра ці Ланкашыра трымаўся сваіх звычак і традыцыяў. Вылазіў зь пяцідзесяцітонных стальных пудзілаў, распальваў польны прымус і спажываў гарбату з малаком і бісквітамі. Цяпер-жа й перашкодаў ня было: двухкрылыя машыны маршала Гэрынга з недахопу паліва ржавелі на паўзьнішчаных лётнішчах, а хаўрусьніцкая авіяцыя была поўным гаспадаром неба.

Сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады сабраўся ў вялікім тэатры места Фаэнцы. Камандзер батальёну гаварыў аб дысцыпліне, п'янстве, вэнэрычных хваробах, карным кодэксе. Гаварыў аб неабходнай жаўнерскай маралі, аб тым, што Андэрсаў корпус стаіць напярэдадні апошняга бою. Хутка мае распачацца наступ, што выкіне гітлераўцаў з паўдзённага боку Альпаў. Камандзер гаварыў, што ў немцаў, паводле здабытых разьведкамі вестак, бракавала алівы да гарматаў, паліва, харчоў, медычных прыпасаў, амуніцыі, транспарту, людзей. Камандзер запэўніваў, што дарога ад Сэньё да Балёніі будзе шмат лягчэйшай, чымся тая, якой прыйшлі яны на поўнач ад падножжа італьянскага бота. Жаўнеры слухалі й напаўнялі вялікую тэатральную залу густым блакітным дымам сотняў цыгарэтаў. Што-ж ім? Так ці інакш пачатае давядзецца скончыць. Хоць Сталінавы янычары ўжо панавалі ў Варшаве й Кракаве, хоць колішняя мэта - вольная й незалежная Польшча - даўно пахаваная была ў кучы ялцінскіх папераў, хоць зьніклі й спапяліліся тысячы надзеяў, дарма страчаны дзесяткі тысячаў маладых жыцьцяў - пачатае трэба скончыць.

На гэнай зборцы Сымон не дашукаўся сваіх найбліжэйшых сяброў - Кастуся Дзежкі й Віктара Караткевіча. Згодна ранейшага загаду, паехалі яны на кароткатэрміновыя курсы дзесь у паўдзённую Італію. Туды-ж накіраваўся й Аляксандр Лабун. Сымонава пасьпяховая здача экзаменаў у Сан-Базыльё спрычынілася, мусіць, да таго, што быў пакінуты на фронце. Апошнімі днямі прыдзелены быў да трэцяга зьвязу свае роты, дзе зь менскіх сяброў знайшоў Ялонскага й Ялушэвіча. Было крышку весялей - усё-ж час ад часу колькімі роднымі словамі з другімі перакінуцца можна будзе.

Спарыш атрымаў «п'ят» і двух амуніцыйных на помач. «П'ятам» называлася кароткая, на мэтр даўжыні, супрацьтанкавая стрэльба. Дакладней кажучы, цяжка было назваць яе стрэльбай. Трэцюю частку даўжыні складаў паўадкрыты кодаўб, куды заладоўвалася шасьціфунтавая бомба. У даўгі й вузкі нос бомбы ўкладаўся запальнік, і яна тады называлася завостранай, а сама аперацыя - вастрэньнем бомбы. Другой часткай «п'ята» была даўгаватая, мо на сантымэтраў дзесяць у дыямэтры труба, закончаная паўкруглым прыкладам. У сярэдзіне мэталёвай трубы была доўгая й тоўстая пружына, якая пры націску курка пускала ў рух адбой, што дэтанаваў капсуль таўставатага патрона ў хвасьце бомбы. З «п'ята», пастаўленага на кароткай ножцы, стралялі лежачы. Меў максімальны засяг на сто дваццаць мэтраў, але толькі на дзевяноста мэтраў стралец мог мець шансы трапіць у мэту. Пры выстрале прыклад «п'ята» з вялікай сілаю таўхаў у плячо, а паўадкрыты кодаўб, у якім ладаваўся снарад, зусім не заглушаў дэтанацыі патрону, пры дапамозе якога ладунак зь вялікім ціскам выкідаўся да мэты.

Неяк у адзін дзень, пры баявых практыкаваньнях з п'ятам» недалёка ад франтавой лініі, Сымон выстраліў дваццаць адзін снарад. Пасьля гэтага, асабліва-ж пасьля начнога адпачынку, надта разбалелася правае плячо. Ня мог бяз болю паварушыць рукой, а ў вушах шумела й зьвінела цэлыя наступныя тры дні. Адылі й да гэтага трэба было прывыкаць.

«П'ят» важыў звыш трыццаці фунтаў. На час акцыі прыдзялілі Сымону двух амуніцыйных. Кожны зь іх меў насіць па шэсьць снарадаў. Ляжалі яны па тры штукі ў кантэйнеры, што меў палатняны пасак дзеля перавескі цераз плячо. Калісьці ў трыццатай дывізіі на эльзаскім фронце вартаваў Сымон у акопах з нямецкімі панцырфаўстамі, цяпер-жа быў таксама супрацьтанкавым стралком з ангельскім «п'ятам». Паўставала адно пытаньне, ці будзе ў што страляць, ці мелі немцы на фронце танкі, а калі мелі, дык ці было паліва й аліва для іхняга ўжытку? Сымон пацяшаў сябе, што неабавязкова страляць у танкі; ня толькі можна, але, пэўна-ж, і трэба будзе зьнішчаць кулямётныя гнёзды ў бункерах, акопах ці мурах. Для гэтага ж «п'ят» надаваўся зусім ня горш, чымся для ліквідацыі панцырнай зброі.

 

Наступ між цьвітучых садоў

 

: I

 

Цудоўны сонечны вясеньні дзень 9 красавіка 1945-га году запачаткаваў апошні разьдзел хаўрусьніцкай ваеннай кампаніі ў Італіі. Неўзабаве пасьля абеду блакітнае бясхмарнае неба загрымела тысячамі цяжкіх ангельскіх і амэрыканскіх бамбавікоў. Яны плылі на поўнач, каб зьнішчыць пульс жыцьця ворага: пусьціць з агнём ваенныя склады, чыгуначныя станцыі, раськідаць і спапяліць канцэнтрацыйныя пункты армій фон Кэсэльрынга...

У праменьнях мякка-цёплага й вясёлага вясеньняга сонца зьзялі смертаносныя магутныя птушкі, напаўняючы жыцьцядайнае неба злавесным рэхам маторных грымотаў. Іх былі сотні, а мо тысячы. Плылі роўненька й паволі. Здавалася, што ніякая сіла ня здольная зьмяніць іхняга курсу, перашкодзіць ці не апошняму ўжо падарожжу туды, дзе пасеюць сьмерць і руіны. Сымон ніколі ў сваім жыцьці ня бачыў столькі самалётаў. Помніў нямецкі наступ на ўсход. Тады таксама немцы амаль закрывалі неба. Але зь цяперашнім ня было параўнаньня. Здавалася, што ўся плошча неба была занятая, кожная вышыня над зямлёю раўла тысячамі матораў.

З жаролаў дзесяткаў тысяч гарматаў ад Генуйскай затокі да Адрыятычнага мора артылерысты здымалі маскаваньні й ахоўныя чахлы. А трэцяй гадзіне прыйшоў сігнал, і хвалістая стужка хаўрусніцкай лініі пачала шпурляць стальлю й полымем на поўнач. Крышыліся аслабленыя нямецкія ўмацаваньні, пражылася зямля, й ападалі ў магутным дрыжэньні кволыя пялёсткі кветак у цьвітучых садах. Дбайлівая й працавітая пчолка, зьбіраючы мёд, губіла шлях у свае вульлі, слабы матылёк сьляпіўся пылам і дымам з разьдзіраных грудзей зямлі. Здавалася, што сатана раздзьмухаў усе вогненназьнішчальныя моцы пекла.

Ёсьць нешта над меру магутнае й натхняючае ў гуле й грымотах тысячаў чародных гарматных залпаў. Трэба ўявіць, што стрэлы былі настолькі густымі й частымі, што ня было між імі ніводнага, хаця-б найкарацейшага перапынку. Гул гэткі ўлівае сілу й падымае з пасьцеляў фізычна аслабленых і вычарпаных старых жаўнераў, змушае іх да самых крайніх натугаў, улівае моц і дынамічнасьць у змучаныя арганізмы, дэмаралізуе й паралізуе тых, што бароняцца. Трэба мець сталёвую сілу волі й жалезныя нэрвы, каб, апынуўшыся пад такім ліўнем бомбаў і агню, ператрываць колькі гадзінаў, захаваўшы спакой і здольнасьць супраціву.

Зьвяз і рота, да якой прыдзелены быў Сымон, былі ўчора адкліканыя з фронту й знаходзіліся ў адлегласьці мо трох кілямэтраў ад яго на хутары паблізу вёскі Санта-Лючыя. Адсюль франтавая лінія ва ўсходнім кірунку відаць была на дзесяткі кілямэтраў.

Цікава было назіраць, як густая лавіна перамешанага з дымам сінявата-шэрага пылу хутка расла, буйнела ўшыр і ўвышкі ды паволі пасоўвалася ў паўдзённым кірунку. За пару гадзін яна зусім пакрыла паўночны небакрай, даплыла й густой павалокай апранула вёску Санта-Лючыя, замурзала, а пасьля амаль зусім схавала сонца, што хілілася за грэбень Апэнінаў.

- Але-ж і даюць, - гаварылі жаўнеры з Сымонавага зьвязу. - Малайцы, што й гаварыць. Так ім і трэба! Лягчэй нам будзе, - і прамочвалі глоткі «б'янкам» з пукатых пляшак.

Бесьперапынная артылерыйская кананада трывала больш дзьвюх гадзінаў. Пасьля парадзела, а эстафету пераняла танкавая й дробная пяхотная зброя. У гэты вечар фронт курыўся нязьлічонымі вялікімі й малымі агнямі. На адрэзку шматнацыянальнай Восьмай арміі праціўнік быў выкінуты зь першых умацаваньняў над Сэньё й іншых стратэгічных месцаў. Найбольш заўзята бараніўся ён пры асноўных дарогах. Страты на хаўрусьніцкім баку былі нязначныя, на нямецкім - вялікія. Навет у гэту познюю пару вайны гітлераўскія фанатыкі заядла бараніліся, нягледзячы на вялікія ахвяры.

 

: II

 

Сымонаў амуніцыйны Кіцынскі, паляк з Лодзі, быў навічком у польскай арміі. Прыйшоў зь нямецкага боку ня так даўно. У характары ягоным зазначалася так свойская палякам пыха, пабудаваная на зусім, здавалася-б, нязначных дробязях, нонсэнсах. Здольны быў зрабіць з мухі слана, калі гэта была муха польская. Язык ягоны камэнтаваў усё навакольнае і, быццам тыя жорны ў дужай сялянскай руцэ, бесьперапынна цёр рознае вотруб'е. Здавалася, што язык гэты й сам худаваты, сярэдні ростам, чарнявы Кіцынскі хацелі надрабіць тое, што давялося ім страціць за час побыту пад нямецкай акупацыяй.

- Глянь, глянь, якія танкі! Дзе швабам да нас цяпер дараўняцца! Няхай уцякаюць, бы тыя мышы пад мятлу! - захапляўся ён на трэці дзень, калі зьвяз рыхтаваўся да наступу на супрацьпаводны насып ракі Сантэрно, а танкі й людзі станавіліся на выхадныя пазыцыі ў занятай учора вёсцы.

Артылерыя пачала падрыхтоўчую атаку. Над самым насыпам ракі пікавалі ангельскія «спітфаеры», такія самыя, як помніў Сымон, што калісь так моцна дакучалі ім у Эльзасе. Адзін штурмавік шпурнуў бомбу ў бункер і, занадта зьнізіўшыся, раптам разьляцеўся на кавалкі. Адбылося гэта ў адлегласьці ня больш паўкілямэтра ад выхадных пазыцый пяхоты й танкаў.

- Пся крэў! Свая артылерыя самалёт зьбіла! Галганы еднэ! Не бачаць, ці што?

- То не артылерыі, а самалёта віна. Ты чуў, што яны заўчора збамбардавалі перадавыя пазыцыі трэцяй Карпацкай дывізіі й забілі дзесяць людзей ды больш як паўсотні ранілі?

- То праўда?

- Але.

- Дык тады яму й варта.

- Як то яму? Гэты-ж «спітфаер», пэўна, там ня быў.

- Не важна, быў ці не. Усё роўна-ж гэта ангельцы палякаў пабілі.

- Але-ж у цябе лёгіка, як у таго асла.

Самалёт разьляцеўся на драбнюсенькія кавалачкі. Свой артылерыйскі снарад трапіў простым цэлам. Наступаючыя адзьдзелы, заняўшы пазьней першы супрацьпаводны насып, знайшлі на ім вялікую выгаралую пляму і ў шматлікіх мясцох адломкі мэталу. Нехта казаў, што адшукаў кавалкі стлелых касьцей і навет шматок чалавечай скуры. Відаць, сам ладунак бомбаў брытанскага штурмавіка больш чым што спрычыніўся да катастрофы.

- Паглядзі, пан, паглядзі! - штурхануў Спарыша Кіцынскі. - Хто гэта такія?

Група пераважна маладых мужчын праходзіла вуліцаю вёскі. Былі гэта апранутыя ў цывільнае італьянцы з белымі апаскамі на левых рукавах.

- Віва полякі! Віва лібэраторы! - крычаў адзін, махаючы капелюшом і скалячы зубы.

- А вы хто? - пытаўся Кіцынскі.

- Партызаны. Італьяны партызаны. Тэдэскі вія! Віва полякі!

Італьянец, як відаць, быў падпіты.

- Ты скурчы сын! Ты такі партызан, што толькі ўмееш баб падшукваць ды віно прадаваць! - вурчаў Кіцынскі, быццам да яго толькі адносілася тое «віва лібэраторы».

Лейтанант, камандзер зьвяза, паклікаў партызанаў і распытваўся пра нямецкія ўмацаваньні, іх колькасьць і іншае. Тыя самі ня ведалі. Былі яны, відаць, прыфрантавыя партызаны - значыцца, такія, якім ніколі ня думаецца партызаніць, аж пакуль вораг сам не ўцячэ. Ужо пасьля прыходу вызвольнікаў начэплівалі на рукавы белыя павязкі й лічылі сябе калі ня гэроямі, дык, прынамсі, баявымі людзьмі.

- Глядзі, калега, глядзі на гэтых гэрояў. Ня вузка табе прэзэнтуюцца скуррр... - таўхаў ізноў Спарыша Кіцынскі.

- Перастаў-бы ты нарэшце малоць! Аж брыдка, яй-богу! - зьнецярплівіўся нарэшце Сымон. - Вечна быццам тая малатарня. Адкуль гэта ў цябе бярэцца. Ты-ж ужо, напэўна, будзеш лепшым гэроем.

- Лепшым ці ня лепшым, але-ж ня тое, што гэтыя макароньнікі. За іх мы мусім кроў нашую польскую праліваць!

- Але-ж ты й напраліваў ужо, жалься Богу. Ха-ха-ха! Хваліўся-б хто пралітай крывёю, але-ж ня ты. Ха-ха-ха! - рагатаў Сымон.

- То-ж я не аб сваёй гавару, вуйка ты, - бурчаў малы паляк, што, здаецца, аж прыгінаўся пад цяжарам шасьці снарадаў. Відаць, «б'янка» затуманіла яму ў галаве. Шмат хто быў пад хмяльком, ня выключаючы й Сымона. Ужо «партызаны» пастараліся пачаставаць не аднаго «лібэратара».

Артылерыйская кананада скончылася або часткова была перанесеная на далейшыя пазыцыі праціўніка. Танкі рушылі ў наступ, а за імі й побач іх - пяхота. З супрацьпаводнага насыпу ракі Сантэрно там-сям адазвалася дробная аўтаматычная зброя. Танкі пару разоў спыняліся й абсыпалі пачарнелы ўжо ад агню насып градам куляў. Трушком перабягалі пехацінцы. Тры агнямётныя «шэрманы», спыніўшыся ў адлегласьці каля сотні мэтраў ад насыпу, пусьцілі наперад густыя чырванаватыя языкі полымя й лізалі імі ўзбочча й верх першага насыпу.

- Так ім, сукіным сынам! Так ім трэба, швабам праклятым! - камэнтаваў Кіцынскі. Быццам у адказ яму «швабы праклятыя» з выдатнай рэгулярнасьцю дзяўблі поле наступу зь цяжкіх мінамётаў. Мэтраў за пяцьдзесят направа ад Сымона, зараз ззаду за «шэрманам», снарад трапіў у групу людзей. Пачуліся крыкі й енкі. Зьявіліся санітары. Лежачы ніцма на насілках, чалавек сьцякаў крывёю з вялікай, вырванай ззаду аж да нырак раны. Хвіліны ягонага жыцьця былі палічаныя.

Першы супрацьпаводны насып выказваў адно спарадычны супраціў. Неўзабаве апошнія пункты ягоныя былі зьліквідаваныя, й месцамі над акопамі загайдаліся на палках белыя рызманы. Наступаючыя падпаўзалі на пахілае ўзбочча. З малых акопаў паказваліся ўверх найперш верхнія канцы рук, пасьля шлемы й чорнымі бародамі аброслыя, замурзаныя, худыя твары. У адным месцы чалавек намогся быў выкарабкацца з акопа, і ў той жа момант «томсан» абсыпаў яго дажджом куляў. Верхняя палова чалавека пахіснулася, уздрыгнула, рукі, быццам апаленыя, схапіліся за грудзі, і той, што хацеў быць палонным, носам занурыў у абсмаленую агнямётамі зямлю.

- Не страляць палонных, лайдаку ты едэн! - крычэў афіцэр. - Што ты хочаш, каб кожны зь іх змагаўся да апошняга патрону?

Самыя сьмялейшыя з наступаючых спрабавалі вылазіць на верх насыпу. З процілеглага насыпу чуўся грукат «спандава». Немцы трымаліся на другім баку. Тое, што ня зьнішчыла артылерыя, ня выбілі танкі, мусіла выкарчоўваць пяхота. Рэчышча рэчкі Сантэрно было вузенькае, але супрацьпаводныя насыпы па баках - шырокія. Адлегласьць між іхнімі хрыбтамі сягала да ста мэтраў.

Найгоршы вораг наступаючага жаўнера - гэта нецярплівасьць і нэрвовасьць. У гэтым на собскія вочы мог пераканацца Сымон. Мо віною тут быў хмялёк у галаве. Здавалася вельмі непраўдападобным, каб цьвярозы чалавек мог зрабіць так, як адзін з жаўнераў зьвязу. Цяжка было пасьля, гледзячы на акрываўлены труп, у агні бою варажыць, якімі матывамі ён кіраваўся, калі раптам, падпоўзшы да самага верху першага насыпу ды асачыўшы на другім баку «спандаў», што, быццам гарохам, сеяў кулямі, ён устаў на цэлы рост і, нешта моцна крыкнуўшы, пачаў з «томсана» абсыпаць бункер, адкуль адзываўся «спандаў».

- Што ты робіш, вар'яце?! Кла-а-дзіся! - крычаў на яго зьвязовы. Ледзь пасьпеў падафіцэр скончыць заглушаную стрэламі перасьцярогу, як з процілеглага берагу пачуўся грукат другой сэрыі «спандава». Неразумны польскі куляметчык ад вялікага болю здрыгануўся ўсім целам ад галавы да ног, рукі выпусьцілі «томсан». Чалавек скурчыўся й пакаціўся ўніз па даволі стромым насыпе, прыціснуўшы рукамі залітыя крывёю грудзі. Два жаўнеры падскочылі да яго ў часе перадсьмяротных сутаргаў. Зьбялелы, стогнучы, варушыў яшчэ вуснамі й нешта стараўся сказаць, але ня мог, а ў адкрытых вачах адлюстраваўся неспадзяваны жах. Быў гэта той самы кулямётчык, што пару хвілін таму застрэліў немца, які з паднятымі рукамі вылазіў з акопу, каб стацца палонным.

 

: III

 

- «П'ят»! Давайце сюды «п'ят»! - клікаў Сымона камандзер зьвязу. - Там! Бачыш? - паказваў пальцам, падпоўзшы да самага верху насыпу, афіцэр. - Гэты бункер.

- Так ёсьць, пане лейтанант.

- Пачастуй іх.

На насыпе з другога боку рэчкі Спарыш заўважыў прыкрыты зверху абсохлымі ўжо зялёнымі галінкамі невялікі бугор. Крыху ніжэй чарнелася падоўжаная адтуліна.

- Уважай! Ня вылазь занадта наверх! - перасьцерагаў камандзер. Сымон на жываце ад'ехаў крок назад і выставіў правую руку да Кіцынскага:

- Давай хутчэй снарад!

З мэталёвай пушкі, з верхняй кішэні «батледрэсу» выцягнуў доўгі, на сантымэтры тры, запальнік і завастрыў бомбу. Рыжа-чарнявы насып, сьпечаны нядаўна танкавымі агнямётамі, курыў яшчэ карэньчыкамі травы. Моцна пякло зьверху сонца. Левым рукавом Сымон выцер зь ілба пот, што заліваў вочы, і паставіў на ножку «п'ят», вызначыўшы адлегласьць на шэсьцьдзесят мэтраў. Прыклад кароткай стрэльбы моцна таўхануў правае плячо, што адчувала яшчэ ранейшы боль. Снарад разарваўся,не далятаючы да бункера, крышку направа ўніз.

- Давай зараз другі! Не марудзь! - спанукаў лейтанант. - Калі за гэтым разам трапіш у мэту, заробіш ад мяне пляшку водкі.

- Думаю, што траплю.

- Дык давай.

У гэты час цемнаватая адтуліна з супрацьлеглага боку адклікнулася «спандалавым» залпам. Наступаючая пяхота не магла вылезьці на верх насыпу. Дождж куляў бзыкаў па яго хрыбце, а некаторыя, адбіўшыся рыкашэтам ад рэдкага каменьня, быццам тыя жукі, страціўшы ранейшы імпэт, завурчалі, пералятаючы за плечы.

Сымон падняў «п'ятаву» ножку вышэй, аблічаючы на адлегласьць дадатковых дзесяці мэтраў, і заладаваў другую бомбу. Прычакаўшы, пакуль сьціхне кулямёт, на жываце пад'ехаў да самага верху насыпу і цэліўся мо пяць секунд. Гэтым разам даўганосая, круглаватая, велічынёю з добрую бручку хвастатая бомба трапіла проста ў вызначаную адтуліну. Стаўбур зямлі, пылу й кавалкаў дробнага сучча падняўся на мэтраў пяць уверх. Бункер ахутаўся пылам, полымем і дымам.

- Брава! Вось маладзец! - крыкнуў у захапленьні малады афіцэр. - Маеш ад мяне пляшку водкі.

- Калі, пане лейтанант? - усьміхнуўся ад задаваленьня Сымон.

- Пасьля сканчэньня акцыі.

- Ну, гэта дык па вадзе віламі пісана. Хто ведае, калі тая акцыя скончыцца.

- Я-бы цяпер табе даў, дык уп'ешся й другі раз не трапіш у бункер, - тлумачыў афіцэр, вылезшы ўжо наверх і разглядаючыся па баках.

- Усё роўна я гэтага вам не дарую, пане лейтанант.

Але той ужо ня слухаў. Рукамі паказваў людзям, каб вылазілі наверх і падцягвалі для пераправы лодкі.

- Бяры ўжо, калега, і гэтую, - сунуў Кіцынскі апошнюю з кантэйнера бомбу. Сымон узяў яе й завастрыў. На правым крыле жаўнеры спускаліся ўжо ўніз.

- Але-ж і душна, - жаліўся Кіцынскаму Спарыш.

- Няхай яе кроў залье, такая сьпякота, - памог наракаць паляк. - І цягай, як той дурань, столькі ладунку на плячох. Добра, што хаця крыху ўжо выстралялі.

Рэчка была няглыбокая й вузкая. Пантонныя лёгкія лодкі бралі па пяць чалавек. Сымон пераяжджаў на другі бок устоячкі, перавесіўшы цераз плячо «п'ят» і трымаючы ў правай руцэ завостраную бомбу. Вельмі ўважаў на доўгі нос і чырвоны запальнік, каб, барані Божа, чаго ім не дакрануцца. Запальнік быў надзвычай адчувальны, й часта бомба выбухала, стукнуўшы носам аб якую галінку...

На другім баку Спарыш не хацеў бачыць, якое зьнішчэньне зрабіла ягоная бомба ў бункеры. Хоць даўно звыкся з касьбой сьмерці навокал, ён адно ў выпадку неабходнасьці пазіраў на забітых ці пакалечаных. Апынуўся разам зь Кіцынскім і нейкім малым тоўсьценькім капралам у вузкім, кароценькім акопе, выкапаным накшталт лацінскае пяцёркі. Раён ракі Сантэрно на гэтым адрэзку ўжо маўчаў. Адно на левым флянгу, мо на кілямэтр ці больш воддаль, трывала самая заядлая перастрэлка ўсялякае зброі, улучна з артылерыяй. Абаронцы моста й шашы сканцэнтравалі там вялікія сілы.

Вось наперадзе над чупрынамі садоў праімчаліся ў заходнім кірунку адзін за адным тры ганчакі-«спітфаеры», й там дзесь над шашою загрукацелі з гарматак якраз так, як калісь, пранюхаўшы калёны трыццатае дывізіі на гладкіх эльзаскіх дарогах.

Тыя самыя самалёты. Калісь - чужыя, цяпер - свае. Іхні грукат некалі напаўняў цябе трывогай, цяпер уліваў моц і сілу. І гэта ўсё на працягу пяці-шасьці месяцаў. Ці-ж ня здурэў гэты сьвет? - думаў «п'ятавы» стралец.

Пераправа пяхоты праз рэчку трывала каля гадзіны. Займалі акопы й бункеры на паўночным баку. Нізка хілілася на захад сонца. Загадана было затрымацца. Шмат акопаў, як відаць было, абаронцы лініі Сантэрно ніколі ня ўжывалі. Магчыма, што наступ быў занадта гвалтоўны, магчыма, што ў немцаў не хапіла людзей. Апошняе было менш праўдападобным, бо як-ніяк Сантэрно было другой абароннай лініяй і мусіла быць абсаджана жаўнерамі.

На паўночны бок ад рэчкі краявід нічым ня розьніўся ад таго, з паўдзённага боку. Ад акопа, дзе сядзеў Сымон, празь цьвітучы сад відаць была напаўразбураная артылерыяй фэрма. Курыў, дагараючы, стог саломы й пуня. Уцалела адно белая хата-ляпянка. Меншы хутар знаходзіўся ў адлегласьці мэтраў ста пяцідзесяці наперадзе крышку налева. Навокал нікога ня было відаць.

Сымон зірнуў на ляжачы наўзверх акопа свой пуцаты завостраны «п'ятавы» снарад, на той малы хутар і звярнуўся да капрала:

- Як вы думаеце, пане капрал, ці ня варта было-б гэтай бомбачкай смалянуць па гэтай хатцы? - кіўнуў на снарад і на хату.

- Хто-ж яго ведае. Мо й не зашкодзіла-б.

Падбадзёраны такім адказам, стралок ужо стаўляў сваю пузатую стрэльбу.

- Давай, кохасю, - песьціў і гладзіў сварад Кіцынскі, пакуль перадаць яго Сымону, - заляці ты туды й секані па швабах.

Ацаніўшы адлегласьць да абгароджанай плотам і аброслай зеленьню хаты, Сымон мяркаваў, што «п'ятаў» засяг мог быць закароткі, дзеля таго й выцягнуў ножку на максімальную адлегласьць. Капрал моўчкі прыглядаўся. Камандзер зьвязу, што абяцаў Сымону пляшку, пайшоў дзесьці налева, ці не да камандзера роты, каб атрымаць далейшыя інструкцыі.

Сымон прыцэліўся ў самы шчыт страхі і, моцна прыціснуўшыся да пляча прыкладам, націснуў курок. Снарад разарваўся ў садзе, не далятаючы да хаты на мэтраў дзесяць. Навокал амаль ня было стральбы. Усе зацікавіліся выбухам у садзе.

- Эх, партач ты, калега, - скрывіў тоўстыя вусны Кіцынскі.

- Сам ты партач! Не бачыш, што задалёка?

Як хутка выявілася, шчасьце было ў тым, што «п'ят» не дасягнуў хаткі. Адно сьціхла рэха выбуху, як з хаты выбегла нейкая фігура ў «батледрэсе» і, махаючы стрэльбай над галавой, крычала:

- Не стра-а-а-а-ляць, вы там, скуррр-чы сыны!

- То нашы там! - усхапіўся капрал.

- Мусіць, - схамянуўся Сымон.

- Пся крэў, матка Боская Чэнстахоўская, вось дык было-б! - перапалохаўся Кіцынскі.

- Хто тут страляў?! - прыбег, засопшыся, з левага крыла камандзер роты. - Пытаюся, хто тут стрэліў цяпер у гэну хату?

Усе навокал маўчалі. Капітанаў зрок затрымаўся на «п'яце» й акопчыку, дзе сядзела тройка віноўных.

- Пане капрал, вы бачылі, хто тут цяпер стрэліў? Капрал адказаў не адразу. Уталопіўся зрокам у Сымона, быццам мяркуючы, што сказаць, і шукаючы парады ды вырашыўшы, што была й ягоная віна, адказаў:

- Не, не бачыў, пане капітан.

- Там пайшоў наш патруль, і маглі пакалечыць сваіх людзей.

- Пане лейтанант, - накінуўся ён на бягучага зь левага боку камандзера звязу, - чаму не загадалі вы сваім людзям спыніць агонь?

- Пане капітан, то само сабой было зразумелым, што лішняга...

- Мусіць, ня ўсім было зразумела. Ледзь сваіх людзей не пастралялі. Будзьце пры зьвязе й чакайце далейшых дыспазыцыяў, - кінуў на адыход.

Сымону прыгадаўся дваццаты патрон, што ў батальёне Мураўёва выстраліў пад час практыкаваньняў над Рэйнам і за які адседзеў колькі гадзін арыштаваны ў бункеры. «Мо трэба больш кіравацца развагай, а менш імпульсамі», - мяркаваў юнак.

 

: IV

 

Сантэрно засталося ззаду. Ад часу той пераправы дзеліць іх ужо пару дзён. Сямнаццаты батальён зноў ідзе ў наступ. Былі прыйшлі на зьмену іншыя, памаглі. Цяпер зноў ідзе іхняя чарга. Абы хутчэй дабіць і скончыць. Слабое дрыжыць, бароніцца рэшткамі сіл, крышыцца, раздрабняецца, разьлятаецца, а нешта з паднятымі рукамі, раненае й змучанае, перасочваецца на другі бок у палон. Вызвольныя арміі імкнуццца на поўнач. Нікому ня ўдасца ўжо іх стрымаць, аж пакуль ня дойдуць да мэты. Мэтаю - руіна праектаванага вялікага тысячагадовага Райху. Праекты засталіся марамі, заўзятасьць і вытрываласьць, падпёртыя людзкой зьверскасьцю й безагляднасьцю да ўсяго чужога, не змаглі пабудаваць супэрімперыі, што праіснавала-б дэкаду, ня тое што тысячагодзьдзе.

У вялікай і шматнацыянальнай арміі ідзе наперад сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады. Чаму якраз Львоўскай? Некалі й недзе паны стварылі яе, ахрысьціўшы назовам чужога гораду. Мусіць, не дзеля чыстага сымбалізму, а каб зьвязаць-замацаваць за сабой чужое, каб выставіць руку па яго і ў будучыні, так як выстаўлялі ў мінулым. Дый ня толькі выставіць, але й прыгнесьці ды прысвоіць...

Паны, як відаць, мала, а мо й нічога не навучыліся. І сяньня паўтараюць старое, колькі разоў імі-ж перажованае й для чужых жыватоў нястраўнае: аб бастыёне заходняе культуры на ўсходзе, аб місіянэрстве каталіцтва, падмуры хрысьціянства, паклікаюцца на Вастрабрамскую Божую Маці й шчарбец Баляслава Харобрага...

Пятая пяхотная дывізія называецца «крэсовай», а на жоўтым палотнішчы нарукаўнага шчытка красуецца горды зубр - волат Белавескае пушчы. Ёсьць-жа й розныя іншыя «крэсовыя» палкі й брыгады, у іх ліку й Віленскі. Паназывалі, каб трымаць у памяці, што ў чужых краінах ляжаў і ляжыць рэзервуар іхных багацьцяў.

У шэрагах той шостай Львоўскай крочаць у шматтысячнай масе й Сымон Спарыш, і Ялонскі, і Ялушэвіч - колішнія менскія кадэты, што пачалі змаганьне ня толькі супраць чырвона-маскоўскіх, але наогул супраць усіх рабаўнікоў, у тым ліку й супраць паноў, магнатаў і ўраднікаў, што пратапталі сьцежку ў Беларусь з Варшавы. Дый ці толькі гэтая тройка? Ёсьць-жа іх шмат, вялікая маса. Некаторыя сяньня пахаваліся, прытаіліся. Нявольніцкі страх душыць ім грудзі. Ня ў сілах цяпер выявіцца, клікацца сваім імем. Але пры нагодзе выявяцца. Бо ў глыбіні сэрцаў іхных - гарачая любоў да адзінай і пакрыўджанай. Там - Вострая Брама й Жыровіцы, Наваградзкія й Троцкія муры, Замкавая гара ў Вільні й Сьвятыні Полацку. Ніхто не адбярэ тых бясцэнных скарбаў-успамінаў.

Нуртуе й бурліцца гарачая любоў. Дарма, што сяньня навокал і слова роднага не пачуеш, што й песьні чужыя прыходзіцца заводзіць, дарма, што ў чужым мундзіры - надыдзе час выяўленьня. Бо беларускі народ жыве, бо ня зьнішчылі яго стагодзьдзямі, бо яшчэ ўчора ўсхапіўся да новага жыцьця й паслаў у баявы марш тысячы юнакоў і юначак, сотні тысяч жаўнераў і інтэлігенцыі. Дарма, што на дарозе шмат перашкодаў - шэрагі вырастуць, узмацнеюць. Бо няма большае зброі на сьвеце, чымся любоў да свайго, бо яна зьяўляецца асноваю асноў, бо на ёй расьце, красуецца, даспявае й дае плён ўсе добра пачатае.

Дык і дарма, што Спарыш, ці Караткевіч, ці трэці й чацьвёрты ідуць сяньня ў ліку семнаццатай ці шостай Львоўскай, у ліку тых, што - калі-б не Ялта - зноў прынеслі-б паняволеньне. Дарма, што й сэрцы іхныя сяньня да ўсяго абыякавыя, зачарсьцьвелыя. Прыйдзе яшчэ ўзлёт, новае аднаўленьне.

А калі Львоўская, дык і што-ж? Былі-ж розныя й раней, будуць і пасьля. Вунь-жа на другім баку агнявой крывулі крышацца й нявечацца сілы такога-ж самага, што паквапіўся на занадта вялікі кусок чужога ды пасьля праглынуць ня стала сілы. А мо й здолеў-бы, каб часам з другога боку памяркавалі. Але-ж не дазволілі. Дык заўсёды і ўсюды адзін і той самы працэс - з аднаго боку прагавітасьць, гвалт і агрэсыя, з другога - абарона пакрыўджаных, часова ці даўжэй прыгнечаных, а то й зусім проста абарона, абы не дацца. Быў некалі-ж такі працэс і зь Літвой-Беларусьсю. Толькі-ж зашмат ворагаў адразу наваліліся, прыціснулі, ледзь зусім не задушылі, дый цяпер яшчэ душаць з большай сілаю, чымся калісьці. Але дарма іхныя натугі. Як сказаў-бы той Сымон у хвіліну адсутнасьці ўсялякага натхненьня, так, проста з моста: «А скулу вам у бок, гадаўё і пошасьць, хеўра цёмная! Ня ўдасца - падавіцеся!»

Дык што-ж, калі сяньня крочыць ён сярод чужых па чужой зямлі й за чужое. Прыкрыў, захутаў абыякавасьцю сэрца, каб, крывавячыся, зусім не аслабела, каб вытрымала, каб у часе паходаў гартаваўся дух і вера, каб мацаваўся ў днях злыбяды й вялікіх выпрабаваньняў юнацкі характар. Прыйдзе час - спатрэбіцца. Учора ці заўчора страляў «п'ятам» па тых з гэтага боку. А якая розьніца - за каго страляў ці па кім? Не так даўно-ж страляў і з другога боку і таксама-ж панцырфаўстам-«п'ятам», хоць, праўду гаворачы, не страляў, бо ўдалося абысьціся, моўчкі й бяз стрэлу на другі бок пералезьці. А тут-жа, на гэтым баку, ня было куды й чаго пералазіць, дык і страляў, бо й трэба-ж было неяк абысьціся.

Але-ж вунь на другім баку засталіся радня й сябры. І хто ведае - капрызны лёс мог-бы прынесьці іх у гэты час і на гэты адрэзак. Дык і што? Ведаў-бы Сымон, у каго страляе? Яны-ж не са свае волі ў чужых мундзірах, там, дзе ён быў раней... Сяньня, пэўна, галадуюць, церпяць - не так, як ён тут, на гэтым баку: усяго хоць заваліся. Падзялілі-ж, паразганялі па ўсім сьвеце сыноў Беларусі, разьвеялі, быццам ліхі асеньні вецер лісьце па полі. Самы-ж люты й найстрашнейшы з усіх страшных вунь дома бацькоўскія гнёзды разбурае-папяліць, ды, можа, дзе й Сымонаву сям'ю ў Сібір на самыя страшныя цярпеньні пагнаў. Колькі-ж зь іх, што дома пажадалі застацца, таксама загіне. А колькі пасьля буры дахаты дарогі ня знойдзе, а мо й шукаць ня будзе ды на чужыне пачне часовыя гнёзды віць, каб змаганьне праводзіць за вольнасьць тых, што церпяць. Маса загіне, але-ж, пэўна, ня ўсе. Будуць такія, што знойдуцца, згуртуюцца, пачнуць новы марш у новых шэрагах ды ўжо са сваімі клічамі й пад собскім штандарам.

Дык і што, калі Спарыш сягоньня ў ліку ўчарашніх, і хто ведае, ці не заўтрашніх захопнікаў з «п'ятам» па чужых сьцяжынах і пад чужымі посьвістамі куль крочыць? Прыйдзе мо хутка час, што гэты «п'ят» ськіруе супраць сяньняшніх «апякуноў»... Дай-жа Божа! Абы хутчэй тое надышло. А што гэтага дажыве, што мусіць дажыць, дык ніколі на маленькую часіну ня сумляваўся. Бо - «скулу вам у бок, не праглынеце яшчэ раз, падавіцеся!».

 

: V

 

Усюды відаць сьляды ўчарашніх баёў і яшчэ ранейшых зьнішчэньняў ды рабункаў. Італьянцы наракаюць, што акупанты агалілі іх ад усяго дамашняга статку, усяго дабытку, гвалцілі жанчын, зьдзекаваліся над мужчынамі. Хто яго там разьбярэ, што праўда, і ці ўсё тое, аб чым гавораць, на што наракаюць, па чым плачуць - праўда. Яно-ж як зачнуць наракаць, дык разьмеры стратаў да невядомых маштабаў вырастуць. Пасьля бою гэрояў - хоць адбаўляй, а ў цывільнага жыхарства стратаў і цярпеньняў канца ня дойдзеш. Бо чым большыя былі цяжкасьці, тым больш гэрояў праслаўляць будуць. Дык ці-ж італьянскае цывільнае жыхарства хацела быць выняткам? Яно-ж таксама хаўрусьнікам старалася выказаць, што цярпела, а ў доказ паказвала, што рабавалі, білі, гвалцілі...

Ідзе наперад сямнаццаты батальён, а ў яго ліку й Сымонаў звяз. Мінае Мардано й прыбліжаецца да каналу (тады бязводнага), дзе займае выхадныя становішчы да новага наступу. Першая й другая роты зьявіліся апаўдні, пасьля нялёгкіх баёў.

Па баках польнае дарогі стаяць дзьве хаты. На панадворку правае ад дарогі ніцма, раськінуўшы рукі, ляжыць забіты немец. Сонца бязьлітасна смажыць аблітыя крывёю плечы. Мухі роем таўкуцца навокал, стараюцца далезьці да сьвежае ліпкае пажывы. За хатай у малым акопчыку сядзіць ці, лепш сказаць, тырчыць другі немец. Пры трапным прыцэле танка засталося адно тулава без галавы. Людзі глядзяць і адварочваюцца. Крыху далей, каля пуні дагарае салома. Гэта быў стог, пад якім нейкі праворлівы ваяка выграб сабе ямку й сеў за «спандавам». Ваяка быў кемны. Пусьціў першых польскіх жаўнераў у хату бяз стрэлу, прытаіўшыся й чакаючы на таўсьцейшую рыбу. І вось на долю нейкага малажавага лейтананта выпала тая цягучая стальная сэрыя, якой немец літаральна перарэзаў лейтананту грудзі. Лішнім гаварыць, што фанатык са «спандавам» ня выратаваўся, бо ня толькі застрэлілі, але й стог запалілі, каб там-жа падсмажыўся - сьпёкся як сьлед. Але-ж большай рыбы перад няўхільнай пагібельлю дачакаўся. Можа, гэта быў адзін з тых, якога бацька ў юнацтве навучаў: «Сынок, кроў за нашу айчыну праліваць трэба, ды лепш чужую, чымся сваю. Калі маеш загінуць, дык з найбольшымі стратамі для ворага. Бо ведай, што няма большае шкоды й сораму ад таго, які прыносіш сям'і сваёй і народу, калі гінеш задарма». Дык вось мо й стараўся загінуць з найбольшымі стратамі для праціўніка. Хто-ж ведае...

Нейкіх пяцьдзесят мэтраў ззаду за хатамі дымяць два «шэрманы». Немцы з панцырфаўстамі сядзелі на полі ў ямках да апошняй хвіліны, аж пакуль маглі на цэлы рост устаць і разбіць пяцідзесяцітонных зьвяроў. Ведама-ж, калі нэрвова вытрымае стралок з панцырфаўстам, дачакаецца і ўстане перад танкам за пару дзесяткаў мэтраў, танк выратавацца ўжо ня здолее, бо навет замантаванымі наверсе кулямётамі гэткага адважнага ваяку не дасягне. Дык вось пару такіх дасядзелася, дачакалася, а пасьля ўсталі й з халоднай крывёй разьбілі.

Заходзяць людзі, у тым ліку й Сымон, у хату. У сенцах ляжаць два параненыя палонныя немцы. Абодва з адзьдзелу парашутыстаў. Адзін зь іх, аўстрыяк, ранены ў нагу. Ёе ня можа хадзіць, але, відаць, і ня надта церпіць. Хтосьці з палякаў даў ужо яму цыгарэту й гаворыць зь ім па-нямецку. Мо адзін з тых, што сам нядаўна з таго боку перабраўся. Другі - старэйшы, чарнявы, цяжэй ранены ў плечы - варочаецца з боку на бок і стогне. Твар ягоны худы й зьбялелы.

На парозе жаўнеры абступілі маладую італьянку й на ўсе лады калечаць прыгожую мову Дантэ. Дзяўчына, абкружаная такой грамадой «лібэратараў», ня ведае, што рабіць. Быццам вось-вось злоўленае ў клетку птушанё, перапалохана-трывожным зрокам аглядаецца навокал. Хто-ж іх там ведае, што ў іх у думках пад тымі жалезнымі талеркамі-шлемамі... Тым часам «лібэратары» пацягваюць віно са сваіх, абшытых зялёным сукном жаўнерскіх і пуцатых гаспадарскіх пляшак.

У хаце вялікі гоман. Поўна дыму, гутаркі й смеху. Пусьцеюць пляшкі. Гаспадар пастачае новыя. На пасьцелі й на падлозе - крывавыя сляды. Тут ляжалі параненыя, тыя, што ўцяклі з разьбітых танкаў, і тыя зь пяхоты, якіх раней прыбралі санітарныя машыны. Паўп'янай грамадзе тыя крывавыя плямы абы-што. Ці-ж яны першыя, што такое бачылі, ці апошнія, што яшчэ ўбачаць. Былі раней, ёсьць цяпер і будуць пасьля. А жывое тым часам мусіць жыць, моцнае - змагацца, маладое - весяліцца. Хутка зноў рухнуць у наступ. Дык і закурылі нутро хаты дымам, асушылі колькі пляшак, дый яшчэ асушаць. Стараюцца нацешыцца й красою дзявочай.

Жанчына вешаецца старому на шыю з плачам: дом яе зруйнаваны, тры асобы зь сям'і забітыя. Церпіць і крывавіцца сэрца маткі. Гармідар у хаце не да апісаньня. Віно цячэ побач з кроўю, сьмех крыжуецца з плачам, пагарда да сьмерці - побач са страхам, пералётнасьць жаўнерскіх думак - побач з трагэдыяй разьбітых і блізкіх патраціўшых.

 

: VI

 

Паўзуць наперад танкі. У канавах каля дарогі шмат трупаў, цэлых і, як-бы сказаў цынік, падзеленых на няроўныя кавалкі. Сьмярдзіць порах і гарэлае мяса, дымяцца купіны травы, й чарнеюць сьвежыя, узрытыя снарадамі канаўкі, зьвісае пакалечанае гальлё садовых дрэў, і засьцілаюць бельлю траву абтрэсеныя пялёсткі садовага цьвету.

Зьвяз даходзіць да хаты, дзе яшчэ апоўдні забралі ў палон двух немцаў са «спандавам». Нага раптоўным штуршком адчыняе дзьверы, а руля аўтамату, быццам тое жыгала ядавітае гадзюкі, снуе навокал у паўцемры. Спацелы ўказальны палец лашчыць курок аўтамату: найменшы рух у сярэдзіне будынку й круглая стальная адтуліна зазьзяе полымем. Ногі з аўтаматам ідуць у пуню, адчыняюцца з працяглым галасьлівым скрыпеньнем дзьверы. У прамежку між саломай чуваць нейкі рух, нехта карабкаецца. Ногі з аўтаматамі замярзаюць у чаканьні, паказальны палец замірае на курку скарастрэлу. З адтуліны найперш вылазіць пасівелая лысіна, пасьля зарослы барадою звышпяцідзесяцігадовы твар.

- О, mіа bаmbіnо, mіо duе ріссolі bаmbіnі. Тedeschi non sparare?* - галосіць стары італьянец.

* Мае дзеткі, мае два маленькія, немцы іх не пашкадавалі. (італ.)

- Niento раura, nіеntа раurа adessо, - адказвае жаўнер, - tuttі Тedeschi vіа.*

* Не бойцеся, не бойцеся сяньня, усе немцы ўцяклі. (італ.)

Нехта тыцкае старому цыгарэту. Бярэ дрыжачай рукой і асмельваецца вылезьці наверх. За ім карабкаецца падростак-хлапчук гадоў сямі, худы й мізэрны, як бацька ці дзед.

Няма часу. Наступаючыя ідуць далей. «Шэрманы» плююць агнём. Чуваць «спандавы» й «шмайсары». Праціўнік бесьперапынна абкладае наступаючых зь мінамётаў. Сымонава дружына, у ліку якой знаходзяцца сябры-кадэты Ялонскі і Ялушэвіч, вужам выходзіць з-за хаты й зігзагамі перабягае наперад. Сымон зь Кіцынскім мае ісьці апошні й яшчэ раз пазірае з-за вугла хаты, сочыць, як пайшлі першыя, стараецца памяркаваць, адкуль немец пасылае агонь.

У гэты момант дзесяткамі вялікіх снарадаў з «нэбэльвэрфэра» пачынае дрыжаць і енчыць паветра. Здаецца, што недзе ў зямных нетрах адчынілася пякельная лавіна й нейкая пачвара стараецца зь вялікім стогнам праз вузкую шчыліну грудзей зямлі вылезьці-выбіцца наверх. Вельмі дэмаралізуе сэрыя стрэлаў з «нэбэльвэрфэра». «Нэбэльвэрфэр» - гэта вязка мінамётаў, па шэсьць у кожнай батарэі. Снарады адпальваюцца электрычнасьцю й шахаўніцай пакрываюць поле абстрэлу. Бедны той пехацінец, што трапіць пад такі агонь. Удар паветрам пры дэтанацыі доўгіх, больш чым на мэтр, пузатых мінаў можа прынесьці ня менш шкоды, чымся асколкі. За адзін раз «нэбэльвэрфэр» можа пасеяць сьмерць на паверхні колькі гактараў плошчы. Для неакопанай пяхоты няма тады ратунку.

Сымон, пачуўшы прарэзьлівы стогн, робіць пару крокаў назад і зноў хаваецца за рог хаты. Поле перад хатаю замяняецца ў разбушаванае, стогнучае пекла. Ідзе адна хваля, другая, трэцяя. Вось падымаецца зь зямлі Ялонскі, а за ім Ялушэвіч і паўзуць за хату. Першы ранены ў вуха, другі ў руку. Сымон глядзіць з сумам на сяброў. Няма часу словам перакінуцца, бо «нэбэльвэрфэры» сьціхлі й дружыновы загадвае пасоўвацца наперад.

Пры наступнай хаце гарыць стог саломы. Ад нейкага часу танкісты атрымалі загад паліць пры фэрмах усе стагі, бо выявілася, што пад імі звычайна гнязьдзяцца нямецкія аўтаматчыкі. На дзьвярах хаты відаць разьвешанае белае палатно, але яны зачыненыя. Сыплецца сэрыя з «томсана». Зялёныя, спацелыя фігуры ўрываюцца ўсярэдзіну. Хвіліна цішыні, й насьцярожаныя крокі. Раптам ажываюць усе куткі. Цывільныя з плачам, зьмешаным з радасьцю, кідаюцца ў абдымкі жаўнерам. Маладыя дзяўчаты прагна туляцца да вызвольнікаў. Нейкая таўставатая дзеўка абняла Сымона й аж падскоквае, выючы з радасьці.

- Аsрettа, asрettа, siqnоrіnа! Chе сosа?* - стараецца пазбыцца дзявочых пяшчотаў спацелы ад хуткіх перабежак Сымон.

* Пачакай, паненка! Што такое? (італ.)

- Што гэта тут? Гарэм быў ці якое што? - пытаецца адзін з жаўнераў, лепш ведаючы па-італьянску. Тлумачаць, што гэта ўсе суседнія. Схаваліся кагалам, каб мець большую адвагу ператрываць небясьпеку ды каб весялей было. Новыя акупанты ня дзівяцца. Ім ведама, што італьянцы наогул любяць бываць вялікімі групамі, кагаламі.

Ідзе ў рух віно. Сымон прамывае прасохлае горла з тыцнутай яму ў рукі пляшкі й разглядаецца. Каля сьцяны на вока трапляе вайсковы нямецкі пляцак. Падыходзіць і пераварочвае яго нагой. Адпяразвае рамянькі й выцягвае вайсковую марынарку. Вока спасьцерагае нарукаўны шчыток з надпісам «Летува».

Няма часу. Ізноў наперад. Войска пакідае хату. Жаночыя галасы праводзяць яго ўсялякімі найлепшымі пажаданьнямі. Да другога каналу адлегласьць невялікая. Кірунак - згрупаваньне хат. Сымон ідзе пры дарозе канаўкай, за ім валачэцца й нешта меле языком, наракаючы на вагу амуніцыі, Кіцынскі. За Кіцынскім - зьвязны.

Дзесь наперадзе зноў адчыняюцца грудзі зямлі й рвуцца ў паветра дзесяткі снарадаў-мінаў. Сымон падае, а за ім і амуніцыйны.

- Пасоўвайся наперад! Чаго там лёг? - крычыць зьвязны.

- Снарады лятуць, дык і лёг.

- Прасі толькі Матку Боскую, і ўсё будзе ў парадку. Я заўсёды на яе спадзяюся.

- Сьцеражонага й Бог сьцеражэ. Не рабі зь сябе гэроя там, дзе цябе б'юць, а ты адбівацца ня можаш, - адказвае Спарыш і, то прыпадымаючыся, то падаючы, трушком перабягае наперад. Язык, быццам у гончага сабакі, вылазіць наверх зь перасохлага роту. Пот залівае вочы. Ледзь-ледзь ловяць грудзі паветра. Пудовы «п'ят», здаецца, пацяжэў у разоў пяць.

Пасьля кароткага перапынку зноў чуваць «нэбэльвэрфэр». Страшэнны гул дэтанацыі тузае ўсё цела. Чуваць енк і стогн. Нехта паранены, яшчэ нехта іншы - забіты. Крыжуюцца ў паветры снарады. Побач затрымоўваецца трэці зьвяз. Ня можа пасоўвацца наперад пад такім густым абстрэлам змучаная пяхота. Крычыць-раве ззаду лейтанант - камандзер зьвязу. Адно танкі стала паўзуць наперад і сякуць з гарматаў і браўнінгаў. Ім ня страшны «нэбэльвэрфэр».

Ізноў, прабегшы колькі крокаў, Сымон падае. Адзін кароценькі момант, і адзін дарагі вобраз перад вачыма, а мо цэлыя міражы ў памяці... Гэта там, на Бацькаўшчыне. Высокая, зялёная, пахкая канюшына. Чырваньню абсыпаныя межы, бельлю ахутаныя сады. Гаючы пах прыбраных жоўтай квеценьню ліпаў. Тысячы працавітых пчолак роем гудуць гімн працы. Вішнёвы сад... Гэта там... А тут? Вясна, брутальна згвалчаная чалавекам, хараство й прыгажосьць - стаптаныя сілай. Буйныя загоны пшаніцы спаласаваныя, парэзаныя шырокімі гусеніцамі танкаў, падзіраўленыя снарадамі, парыжэлыя ад полымя агнямётаў. Краса й зьнішчэньне, зьнішчаная краса...

Але няма калі... Трэба хутчэй і далей, асьцярожна, але ўсё-ж наперад, стала й як найхутчэй, каб не даць тым, з другога боку, зьвіць новых гнёздаў, хаця-б і часовых, каб выпхнуць і дакончыць. Страшэнны гул торгае паветра. Ізноў падымаюцца й перабягаюць наперад згорбленыя, абцяжараныя рыштункам і зброяй спацелыя фігуры, хуткім дыханьнем ловячы ў грудзі гарачае паветра. Зьнікае ілюзія вясны. Застаецца адно зьнішчэньне. Яно патрэбнае, неабходнае. Каб зьнішчыць тых, хто нішчыць, каб больш ня было зьнішчэньня.

Пад вечар быў здабыты й апанаваны з двух бакоў наступны шырокі канал. Разьведка рушыла наперад, а змучаныя людзі пазасядалі ў апусьцелых хатах на начлег.

 

: VII

 

Выбітыя з апошніх слабых, на хуткую руку падрыхтаваных лініяў абароны, немцы былі ў агульным адступленьні. Там-сям трымаліся малыя адзьдзелы фанатыкаў. Некаторыя-ж пераапраналіся ў цывільнае й гэткім чынам стараліся скрыцца ад палону. Пятая амэрыканская й Восьмая брытанская арміі ўзышлі на раўніну даліны По й сьпяшалі дарогамі да вялікіх прамысловых цэнтраў і партоў Паўночнае Італіі. 21 красавіка 1945-га году, а гадзіне дзесятай раніцою, адзьдзелы амэрыканцаў з захаду й палякаў з паўдзённага ўсходу сустрэліся на цэнтральным пляцы Балёніі. Усё жывое ў горадзе вылезла на вуліцы вітаць «лібэратараў». Загулі дзесяткі званоў гарадзкіх сьвятыняў. У шматтысячным натоўпе зьявіліся італьянскія нацыянальныя й чырвоныя камуністычныя сьцягі. Палякі сыпанулі агнём па чырвоных сьцягах і забілі колькі чалавек. Танкісты выладоўвалі злосьць на камуністах, хаця й ня тых, што паняволілі іхнюю бацькаўшчыну.

Корпус Андэрса атрымаў загад спыніць марш. Адрэзак перанялі брытанцы.

- Бачыш іх, англішмонаў гэтых, - наракалі жаўнеры, - як біцца, дык іх ня было, ззаду сядзелі. А цяпер на гатовенькае, вызвольнікаў гуляць, дык і яны знайшліся. На джыпах плады перамогі зьбіраць рухнулі...

Ангельскія зматарызаваныя калёны, амаль не спатыкаючы супраціву, накіраваліся дарогамі на Верону, Падую, Венецыю й Трыест, а там і ў Аўстрыю, да ракі Дравы, дзе пазьней запісаліся ў гісторыю няслаўнай выдачай бальшавікам вялікай казацкай арміі, што памылкова палічыла іх за прыяцеляў і хаўруснікаў.

28 красавіка на галоўным пляцы Мілану разбушаваны й ашалелы натоўп павесіў нагамі ўверх і доўга зьдзекаваўся над трупамі Бэніто Мусаліні й ягонай каханкі Кляры Петачы, якіх партызанам пашанцавала злавіць пад час уцёкаў у Швайцарыю над возерам Комо.

Напрыканцы красавіка фэльдмаршал фон Кэсэльрынг падпісаў капітуляцыю. Італьянскі фронт перастаў існаваць пару тыдняў перад канцом «тысячагадовага» Райху.

У часе заняцьця Балёніі сямнаццаты батальён шостай Львоўскай брыгады пяхоты знаходзіўся кілямэтраў за дзесяць на ўсход ад места. Загадалі вярнуцца й заняць кватэры на паўдарозе між Імоляй і Балёніяй. Сымон Спарыш вярнуўся ў свой зьвяз «кар'ераў». Акрамя Пранука Бонка ў акцыі загінула яшчэ чацьвёра. Але-ж была й нейкая прыбыль.Кашыбанда, вясёлы й жартаўлівы, як і раней, прыдбаў сабе «жонку». Так называў маладую, прыгожую ды фігурную дваццаціпаругадовую італьянку, што прывёз з Балёніі.

- Ваенная здабыча, - жартаваў, сьмяючыся й абдымаючы дзяўчыну. - Будзе нам варыць і даглядаць нас.

- О-го! А як-жа! Здабыча, і не абы-якая! - захапляліся сябры са зьвязу. - А ўжо ці надаецца яна да гатаваньня стравы - дык гэта зусім другараднае пытаньне.

Да чаго дзяўчына надавалася - аб тым ніхто ўголас не гаварыў. Ва ўсіх былі зусім ндвузначныя ўсьмешкі. Камандзер зьвязу наўмысьля ігнараваў новую прыбыль і быццам не заўважаў, што ў зьвязе зьявіўся яшчэ адзін рот.

 

Загуба генэрала Езавітава

 

: I

 

Факт назначэньня расейца Шувалава рэфэрэнтам вайсковых справаў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе быў надзвычай цяжкім ударам для генэрала Канстантына Езавітава. Перажываў вельмі моцна. Ніяк не магло памясьціцца ў галаве, што прэзыдэнт БЦР здольны на такі крок. Езавітаў на працягу свайго жыцьця ўсе сілы аддаваў на службу беларускаму народу. Нацыянальна-вызвольная справа была для яго заўсёды важнейшай, чымся прыватныя інтарэсы. Пад час працы пры БЦР шмат чаго бачыў і зусім трапна ацаніў перадусім тое, што ўчарашні акупант Беларусі быў пры сьмерці. Мяркаваў, што сваёй працай, гуртаваньнем беларусаў усьцеражэ й дапаможа шмат каму з суродзічаў захаваць жыцьцё. Ведаючы добра камандуючага БКА Кушаля й поўнасьцю яму давяраючы, верыў, што змабілізаваных беларусаў аддае ў добрыя рукі, што навет у крытычную хвіліну падпалкоўнік зробіць усё, каб выратаваць сваіх жаўнераў.

Самае крыўднае было тое, што прэзыдэнт БЦР дазволіў сабе на такую вялікую, проста здрадніцкую нікчэмнасьць у дачыненьні да вельмі заслужанага змагара за волю беларускага народу. Калі-б хаця той другі быў беларусам, дык з горам напалову, як кажуць, давялося-б зь лёсам пагадзіцца. А то-ж гэны быў расейцам, што вунь вайну цэлую ў абозе ваеннапалонных прасядзеў.

Яшчэ ў раньняй маладосьці, будучы на становішчы міністра вайсковых справаў Беларускае Народнае Рэспублікі, пасьля-ж будуючы беларускае школьніцтва ў Латвіі, аддаючы ўсе сілы ўзгадаваньню сьведамага маладога беларускага пакаленьня пад чужой акупацыяй, Езавітаў пазнаў цану кантролю над пачуцьцямі. Для некаторых пачуцьцёвы самакантроль быў рэччу цяжкой, для іншых - амаль немагчымай. Генэрал ведаў, што страта самаапанаваньня была першай перадумовай паразы. Выдатна ўсьведаміўшы гэта, ён рэдка хваляваўся, прынамсі, вонкава, а яшчэ радзей траціў раўнавагу. Адылі гэтым разам удар быў такі моцны й балючы, ды яшчэ з дамешкаю подласьці, што Езавітаў даўжэйшы час ня мог апамятацца й здабыць духовую раўнавагу. Асвоіўшыся нарэшце з думкаю, што ў даным часе й месцы для прэзыдэнта Астроўскага граф Шувалаў зь ягонымі запасамі прадуктаў быў чалавекам больш прынадным і вартасным, генэрал прыйшоў у тупік. Што-ж рабіць далей? І самае найважнейшае: як-жа паказацца цяпер на вочы беларускаму грамадзтву? Гэта-ж справа ня простая. Сказаць, што Астроўскі выкінуў яго, каб замяніць цёпленькім маскалём, дык яно й ня выглядае так проста. Ці-ж шмат людзей ведала асноўную істоту Астроўскага? Прост-напраст могуць не паверыць дый, чаго добрага, - падумаць, што Езавітаў, нягледзячы на ягоны стаж у беларускім вызвольным руху, ёсьць нейкі недарэка ці няздатнік.

Астроўскі не маніўся распашырацца сярод зацікаўленых прычынай, дзеля якой зрабіў зьмену на такім важным становішчы. Калі ня мог сказаць праўды, дык наогул лепш было прамаўчаць. Пэўна-ж, мог-бы тлумачыць, што Езавітаў быў неэфэктоўны на сваім становішчы, што не стаяў на вышыні заданьня, што ў працы ягонай былі недахопы й падобнае, але Астроўскі выбраў маўчаньне. Магчыма, наўмысьля даў Езавітаву нагоду, каб той мог уратаваць свой твар, дый ня сумляваўся ў тым, што стары заслужаны вайскавік знойдзе шлях такога ратунку. І сапраўды, шмат перадумаўшы, генэрал Езавітаў знайшоў ганаровы выхад з сытуацыі: зьявілася вестка, што адмовіўся ён ад становішча рэфэрэнта вайсковых справаў пры Беларускай Цэнтральнай Радзе з прычыны хваробы.

 

: II

 

Канстантын Езавітаў цярпеў на занядбаную правабочную грыжу. У апошнім часе гэты анатамічны дэфэкт пагоршыўся да тае ступені, што ўнемагчыміў яму доўгае стаяньне, не гаворачы ўжо аб больш інтэнсыўным хаджэньні. Адылі стан хваробы ніяк не належаў да наглай катэгорыі, што вымагала-б безадкладнай апэрацыі.

У гарадзкім шпіталі ў Фінстэрвальдэ, што ляжаў прыблізна сотню кілямэтраў на поўдзень ад Бэрліну, працаваў беларускі лекар Мікола Шчорс, які часьценька наведваў Бэрлін, Беларускую Цэнтральную Раду й добра зьблізіўся зь Езавітавым. Шпіталь быў перапоўнены пераважна вайсковымі. Была добрая нагода зрабіць генэралу аперацыю пад наглядам і апекаю свайго чалавека.

Езавітаў, цяпер пазбаўлены Астроўскім свайго становішча, хацеў пакінуць Бэрлін, дзе сваю прысутнасьць уважаў зусім бязмэтнай. Мроіў аб тым, каб далучыцца да беларускіх адзьдзелаў у раёне Вайдэн каля колішняй чэскай мяжы. Ясна, што ў гэткім стане здароўя ня мог накіравацца ў вайсковыя адзьдзелы, дзе штодзённыя заняткі й розныя непрадугледжаныя выпадкі ў сувязі з ужо амаль пэўным развалам Трэцяга Райху вымагалі добрага здароўя.

- Братка, са сваёй грыжай я далёка не ўцяку, - гаварыў неаднойчы Езавітаў Шчорсу. Генэрал меў на думцы ўцёкі ад бальшавікоў. Усходні фронт блізу двух з паловаю месяцаў трымаўся на месцы й прабягаў лініяй Одры й Нісы. Ад раёна Губэн, дзе былі перадавыя бальшавіцкія пазіцыі, да Фінстэрвальдэ было менш сотні кілямэтраў - такую адлегласьць танкавыя адзьдзелы маглі гуляючы прайсьці за пару дзён. Нязьменнасьць усходняга фронту, а таксама й частыя нямецкія гутаркі аб нейкай новай, яшчэ зусім няведамай і жахлівай зброі - «вундэрвафэ», што была апошняй надзеяй немцаў на перамогу, у вялікай меры спрычыніліся да таго, што генэрал Езавітаў наважыўся выехаць у Фінстэрвальдэ на апэрацыю.

Варта заўважыць, што Франціш Кушаль адраджваў генэрала ад гэтага. Калі-ж ужо Езавітаў настойваў, дык камандуючы БКА раіў яму паехаць у Амбэрг, дзе жыла ягоная, Кушалева, сям'я, дзе было многа вайсковых шпіталяў і (мо самае галоўнае) непадалёк якраз знаходзіліся беларускія вайсковыя адзьдзелы з дывізіі «Беларусь». Цяжка ў гэты час было прадугледзець, што магло стацца на ўсходнім фронце. Усе зацікаўленыя, значыцца, перадусім Езавітаў, пасьля-ж - Шчорс і Кушаль, не маглі ведаць, што бальшавікі канчаюць сьцягваць вялікія запасы ваенных матэрыялаў і прадуктаў, каб неўзабаве пачаць вясеньні наступ для канчатковага разгрому гітлераўскае Нямеччыны. Кушаль даводзіў, што заўсёды існавала небясьпека прарыву бальшавікамі ўсходняга фронту й дзеля таго ў Фінстэрвальдэ ехаць было рызыкоўна - больш мо навет, чымся заставацца ў самым зруйнаваным Бэрліне. Генэрал Езавітаў усё-ж наважыўся мець апэрацыю ў шпіталі, дзе працаваў Шчорс...

 

: III

 

Генэрал апэраваны быў 15 красавіка 1945-га году ў Гарадзкім Шпіталі Фінстэрвальдэ. Дзесь на чацьвёрты дзень пасьля апэрацыі бальшавікі пачалі генэральнае наступленьне ў раёне Губэн і Кюстрын. Весткі з фронту былі супярэчныя. Немцы цьвердзілі, што бальшавіцкі наступ праваліўся. Адылі няшмат было наіўных, што ім верылі. Гарматны гул ня толькі ня сьціхаў, але мацнеў і прыбліжаўся.

Лекар Мікола Шчорс, што пільна сачыў за пацыентам, мяркаваў, што няма чаго чакаць. Неадкладна трэба было даваць нейкую раду. У месьце знаходзіўся ад'ютант Езавітава Яневіч, што быў амаль неадступным ценем генэрала. Быў ён вучнем Езавітава з Латвіі. Між імі былі ледзь не сямейныя адносіны - як у бацькі з сынам. Пад рукою працаваў і знаёмы паляк, санітар і шафёр, якога Шчорс добра ведаў яшчэ з Варшаўскага шпіталю. Паляк належаў да тых, якім можна было давяраць.

Згодна з загадам нямецкіх уладаў, лекар Мікола Шчорс ня мог пакінуць шпіталь пад пагрозаю расстрэлу. Для ратаваньня Езавітава трэба было шукаць іншых рук.

У Шчорсавага шэфа ў гаражы стаяла аж тры аўтамабілі. Лекар мяркаваў, што адзін зь іх можна для такой вялікай неабходнасьці пазычыць, тым больш што прыгаданы шэф дзесьці часова адсутнічаў. Гэткім чынам прыдбаўшы нямецкае аўта «ДКВ», давялося адно палагодзіць іншыя сьпешныя фармальнасьці. Да іх належала перадусім выданьне Езавітаву (на выпадак захопу яго бальшавікамі) фікцыйнага дакумэнту на прозьвішча Я-га з Горадні. Пасьведка была выпісаная на блянцы Беларускага Варшаўскага Камітэту задняй датаю. Ясна, што генэрал, як і Яневіч, што быў у мундзіры лейтананта, мелі дастаткова дакументаў для немцаў. Езавітаў быў у цывільнай вопратцы, а свой генэральскі мундзір трымаў у чамадане.

Два беларускія вайскавікі селі на заднім сядзеньні. Паляк запусьціў матор. Шчорс раіў ім ехаць проста на захад і нідзе ня спыняцца. Ня трацілі шмат часу на разьвітаньне, бо было надта трывожна. «ДКВ» хутка згубілася ў агульнай хвалі машын, што паўзьлі далей ад агню з усходу.

Пару дзён пазьней Мікола Шчорс і ягоная нарачоная ўзялі самакаты, запакавалі, што мелі найбольш неабходнага, на багажнікі й накіраваліся на захад. Кілямэтраў сорак на паўдзённы захад ад Фінстэрвальдэ ў малым мястэчку Эльстэрвэрдэ Шчорс зусім прыпадкова сустрэў на вуліцы Езавітавага ад'ютанта Яневіча. Той паведаміў зацікаўленаму лекару, што генэрал знаходзіцца ў нямецкім палявым шпіталі ў гатэлі пад апекаю вайсковых лекараў. Мікола Шчорс наведаў той шпіталь і сьцьвердзіў, што ў пацыентаў сувязі зь нядаўнім пераездам наступіла загнаеньне раны. Тэмпература даходзіла да 38-мі градусаў.

Зь хірургічнага гледзішча загнаеньне раны пасьля апэрацыі нейкім паважным ускладненьнем не зьяўляецца: прадаўжаецца працэс гаеньня й канчальнага аздараўленьня пацыента. Агульны стан здароўя Езавітава, як пераканаўся Шчорс, быў зусім здавальняючы.

Генэрал Езавітаў і Яневіч паведамілі Шчорсу, што немцы паабяцалі іх вывезьці ў той-жа ці заўтрашні дзень зь іншымі хворымі нямецкімі вайсковымі на поўдзень Нямеччыны. Шчорс у гэты час ня ведаў, што бачыўся з Езавітавым апошні раз.

Ажно ў 1946 годзе, сустрэўшы Яневіча ў Нюрнбэргу, лекар даведаўся, што ад'ютант пакінуў Канстантына Езавітава на другі дзень пасьля Шчорсавай зь ім сустрэчы, некалькі гадзін перад прадугледжанай эвакуацыяй шпіталя. Яневіч запэўніваў, што пакінуў генэрала згодна зь ягоным-жа ўласным жаданьнем таму, што нямецкія ўлады адмовіліся ўзяць Яневіча, як поўнасьцю здаровага чалавека, у санітарны транспарт.

Гэткім чынам лейтанант Яневіч быў апошнім беларусам зь Беларускае Краёвае Абароны, што бачыў Езавітава жыывым і вольным. Што далей сталася - няцяжка ўгадаць, узяўшы на ўвагу, што Яневіч пакінуў генэрала Езавітава ў апецы нямецкіх шпітальных уладаў 22 ці навет аж 23 красавіка. Больш чым праўдападобна, што перадавыя бальшавіцкія панцырныя калёны захапілі нямецкі санітарны транспарт, а ў ліку яго й Езавітава, у дарозе. Трэба прыгадаць тут, што мясцовасьць, у якой Езавітаў быў затрымаўся ў палявым шпіталі, знаходзілася за нейкіх пяцьдзесят кілямэтраў на паўдзённы ўсход ад места Торгаў над Эльбай, дзе перадавыя амэрыканскія й бальшавіцкія танкавыя калёны спалучыліся 26 красавіка 1945-га году.

Зь вялікай насьцярожанасьцю аднесьціся трэба да слоў Яневіча ў сьвятле таго, што выйшла наяву зараз пасьля сканчэньня вайны. Амэрыканская контрразьведка ў Нямеччыне ўстанавіла, што лейтанант Яневіч быў савецкім агентам. Арыштаваць яго не пасьпела, бо ўцёк. Такім чынам, найбольш праўдападобна, што Яневіч, да якога Езавітаў адносіўся, як бацька да сына, якому поўнасьцю і абсалютна давяраў, неадступна цэлы час быў пры Езавітаве, пакуль выдаў яго ў бальшавіцкія рукі. Ня выключана, што й сам Яневіч не пакінуў Езавітава колькі гадзін перад эвакуацыяй шпіталя з Эльстэрвэрдэ, як пазьней казаў Шчорсу, а трапіў да бальшавікоў, а пасьля, атрымаўшы ўзнагароду ды новыя інструкцыі, падаўся на Захад і знаходзіўся ў Заходняй Нямеччыне пасьля вайны аж да часу, пакуль амэрыканская контрразьведка яго не асачыла.

Наступная і ўжо апошняя вестка адносна долі генэрала Езавітава была перададзеная па бальшавіцкім радыё дзесь напрыканцы 1945-га году. Паводле яе, «здраднік беларускага народу й радзімы, фашыст Канстантын Езавітаў быў засуджаны ў Віцебску на кару сьмерці праз павешаньне, й прысуд быў выкананы».

Чаму якраз у Віцебску, а ня ў Менску? Ці-ж не таму адно, каб насыпаць беларускаму народу солі на сьвежыя балючыя раны, загубілі маскоўскія акупанты аднаго з найбольш заслужаных народных сыноў у месцы ягонага нараджэньня?

Гэткі фінал бурнага, працавітага й ахвярнага жыцьця аднаго з самых перадавых сыноў беларускага народу. Страта была яшчэ больш балючая пры ўсведамленьні таго, што яе можна было-б пазьбегчы, калі-б ня інтрыгі некаторых самалюбных і амбіцыйна хваравітых людзей. Дзякуючы ім Езавітаў знайшоўся ў найбольш крытычны час у найбольш небясьпечным месцы на ваеннай шахаўніцы Эўропы - на шляху бальшавіцкіх панцырных калёнаў, што як мага сьпяшылі на Эльбу, каб навязаць кантакт зь перадавымі амэрыканскімі адзьдзеламі.

Памінаючы ролю Яневіча, які зьявіўся адно дапаможным дзейнікам, каб даставіць генэрала ў рукі Сталіна і ад якога, урэшце, апошнія падзеі на фронце не залежалі, нельга памінуць таго, што маральную адказнасьць за згубу генэрала Канстантына Езавітава прыпісаць трэба прэзыдэнту Беларусскае Цэнтральнае Рады Радаславу Астроўскаму, які дзеля асабістых парахункаў замяніў генэрала Езавітава на зусім прыпадковага чалавека, што нічога супольнага зь беларускім вызвольным рухам ня меў, на расейца - палкоўніка Шувалава.

 

Дывізія «Беларусь» пераходзіць да амэрыканцаў

 

: I

 

15 красавіка 1945-га году дывізія «Беларусь», папярэдне абяззброеная, атрымала загад маршыраваць з ваколіцаў Ваергамэра на чэшскі бок Судэтаў. Пасьля колькіх дзён прабываньня там маёр Гэнэфэльд папрасіў да сябе падпалкоўніка Кушаля й аб'явіў, што, згодна з загадам вышэйшага камандаваньня, войска мае заўтра на досьвітку вымаршыраваць на поўдзень у кірунку Пассаў. Кушаль мае весьці дывізію, і (таму што самаход забраў палкоўнік Шувалаў) яму будзе прыдзеленая параконная брычка. Сам-жа маёр Гэнэфэльд мусіць назаўтра зьявіцца ў вышэйшым штабе ды дагоніць дывізію пазьней у дарозе.

- А куды-ж дывізія перасоўваецца? - спытаў Кушаль.

- Я таксама ведаю, як і вы, - паціснуў плячыма Гэнэфэльд. - Мне сказалі, што далейшыя загады атрымаеце ў дарозе.

Кушаль загадаў усім адзьдзелам, уключна з абозам, каб заўтра раніцою а гадзіне чацьвёртай былі гатовыя да маршу. У згаданы час беларускае войска вымаршыравала шашою ў кірунку Пассаў.

Доўгая калёна праходзіла паўз штаб дывізіі, дзе раней памяшчаліся немцы. Быў гэта вельмі прыгожы будынак пры самай шашы. Ужо здалёк, едучы на сваёй брычцы, Кушаль заўважыў, як жаўнеры выбягалі з маршавае калёны, забягаліся ў будынак і пасьля сьпешна даганялі сяброў. Параўняўшыся з будынкам, камандзер заўважыў на фронце яго вялікую шыльду, на якой на чэскай мове было напісана «Выгляды». Паводле знадворнага выгляду й разьмяшчэньня «Выглядаў» можна было мяркаваць, што даўней была тут нейкая санаторыя ці нешта падобнае.

Калі Кушаль загадаў хурману затрымаць коні й для цікавасьці забегся ў вялікі, на колькі дзесяткаў пакояў дом, перад ягонымі вачмі ў падвале зьявіўся наступны вобраз сярод шматлікіх паразьбіваных скрынак з гарэлкай, каньяком, вінамі, а таксама разнаякай емінай (сыры, шынкі, цукар і хлеб) ледзь ківаўся на нагах падпіты палкоўніх Шувалаў, а побач яго - культурна-асьветны й прапагандовы афіцэр БКА сп-р Лобік. Пабачыўшы Кушаля, палкоўнік Шувалаў не бязь цяжкасьцяў намагаўся прывесьці да паслухмянасьці ацьвярдзелы ад п'янкі язык.

- О-о-о! Господин полковник, как хоро... хорошо, что и вас бачым. Пожалуйте-ка, просим бардзо, будьте любез... - і граф ізноў перахіліў уверх пляшку з каньяком.

- Што гэта ў вас за пір і зь якой нагоды? - ківаў галавой, гледзячы на ап'янелых афіцэраў, камандзер дывізіі.

- Да вот германцы кинули тут эта всё, так разве можна ведь не позаботиться о сохранении? Да скажыце, калі ласка, разве можно ли? - бацяляўся на аслабелых нагах граф.

- А-а-а, понимаю, понимаю! - пераключыўся з усьмешкай на расейшчыну беларускі падпалкоўнік. - Да и видно, вы уж очень усердно заботитесь о сохранении.

- Да вам-то что? Вы вот ведите дивизию, а мы вас из господином Лобиком догоним. Лишь надо позаботиться об разделении этих продуктов, да и только.

Шувалаў тыцнуў Кушалю ў руку пляшку каньяку й загадаў палажыць у хурманку паўмяха цукру. Кушаль пакінуў двух апекуноў алькагольных напіткаў і харчовых прадуктаў у падвале. Прыабяцалі яму заладаваць частку харчоў на вазы й даставіць у дывізію. Сапраўды харчы, дзякуючы стараньням Шувалавага кумпана Лобіка, прывезеныя былі пасьля да Кушаля. Забралі іх хурманы з хваста дывізійнага абозу, што затрыманыя былі Лобікам у «Выглядах», і пасьля дагналі галоўную калёну.

Ніводнага з тых алькагольных і харчовых «попечителей» не пабачыў больш падпалкоўнік Кушаль да канца вайны. Шувалаў некуды змыўся сам, а ягоны кумпан Лобік ужо пасьля сканчэньня вайны выхваляўся, што ў Аўстрыі зашыўся дзесь да маладое ўдоўкі й сядзеў там, колькі яму падабалася.

- Я, братцы, быў самы апошні жаўнер зь беларускае дывізіі, што пайшоў да амэрыканцаў у палон.

Гэткая «баёвая вытрываласьць» лейтананта Лобіка сталася пасьля прадметам жартаў у тых, якім шмат цяжэй давялося перажываць апошнюю фазу вайны.

 

: II

 

Звыш дзьвюх тысяч беларускіх жаўнераў былі цалкам на адказнасьці падпалкоўніка Кушаля. Пры кожным батальёне быў нямецкі капітан у якасьці афіцэра сувязі, апрача таго, па пяцьдзесят вельмі добра ўзброеных нямецкіх жаўнераў. Пад час маршу беларусы пераканаліся, што нямецкая армія таяла на іхных вачох. Па дарозе валялася шмат пакінутай немцамі зброі, вазоў з амуніцыяй і іншымі ваеннымі рэчамі. Беларусы дазбройваліся знойдзеным.

На другі дзень маршу пад вечар дывізія прыйшла ў Айзенштайндорф. Тут беларусы аканчальна пераканаліся, што палажэньне на фронце трагічнае, нямецкая армія неарганізавана адступае ці проста ўцякае. Аброслыя, худыя немцы групамі й па адным валачыліся дарогамі, самі, мусіць, ня ведаючы куды. Адно войскі СС яшчэ трымаліся. Яны чынілі самасуды над здэмаралізаванымі жаўнерамі. Можна было назіраць шмат выпадкаў вешаньня эсэсаўцамі армейскіх афіцэраў, асуджаных за дэзэрцыю. Дывізія «Беларусь» пасоўвалася наперад, ня ведаючы, куды й чаго. Ніякіх загадаў у часе маршу падпалкоўнік Кушаль не атрымаў. Можна было мяркаваць, што змыўся дзесь у бясьпечнае месца й сам маёр Гэнэфэльд.

Прааналізаваўшы крытычную сытуацыю, Кушаль наважыў далей не маршыраваць, а даў загад спыніцца ў Айзенштайндорфе і чакаць выясненьня сытуацыі. Паклікаў да сябе нямецкіх афіцэраў сувязі й заявіў, што дывізія далей ня пойдзе, а калі ім гэта не адпавядае, дык яны й нямецкія радавыя маюць вольную руку. Гэтае абвешчаньне немцам Кушаль зрабіў у прысутнасьці свайго штабу, што складаўся з капітана Орсіча, старшага лейтананта С. і сяржанта П. Нямецкія афіцэры абурыліся на беларускага камандзера й пагражалі, што ён будзе за гэта сурова пакараны. Пагрозы на Кушаля зусім не падзейнічалі. Дывізія пачала разьмяшчацца па кватэрах у Айзенштайндорфё й суседніх вёсках. Так устанавілася ў Нямеччыне першая беларуская акупацыйная зона.

Каля поўначы на вуліцы падняліся крыкі й лаянка на нямецкай мове. Кушаль, пачуўшы гвалтоўны стук у дзьверы свайго пакоя, усхапіўся. Калі адчыніў дзверы, у пакой убег камандзер батальёну, ранейшы капітан Чырвонай Арміі Таміла й адзін зь нямецкіх капітанаў. Таміла скардзіўся, што немцы цішком намагаліся забраць беларускі абоз і ўцячы, але ягоныя вартаўнікі паднялі трывогу. Вось яны цяпер і прыйшлі да Кушаля на вырашэньне справы.

Падпалкоўнік загадаў беларускаму капітану, каб у выпадку патрэбы зброяй бараніў абоз, але каб немцы спакойна адыйшлі зь беларускае дывізіі. Ім меў быць выдадзены двухдзённы харчовы паёк і прыдзелена колькі хурманак для харчоў і амуніцыі. Нямецкі капітан на гэта згадзіўся, і гэтай ноччу немцы аканчальна пакінулі беларускую дывізію.

Кілямэтраў за сем ад Айзенштайндорфа знаходзілася невялікае мястэчка Айзенштайн Маркт. Колькі беларускіх вайскоўцаў, пераапрануўшыся ў цывільнае, былі высланыя туды Кушалем на разьведку. Вярнуўшыся, разьведчыкі прынесьлі трывожныя весткі. У Айзенштайн Маркце стаяць вельмі добра ўзброеныя адзьдзелы СС. Немцы, пакінуўшы дывізію «Беларусь», паехалі туды й паведамілі, што беларусы ўзбунтаваліся, у выніку чаго эсэсаўцы наважылі напасьці на беларускую дывізію й зьнішчыць яе. Адначасна разьведка паведаміла, што непадалёк знаходзіцца адна дывізія генэрала Ўласава.

Атрымаўшы такія весткі, Кушаль стаў перад праблемай: або бараніцца перад эсэсаўцамі самому, маючы малыя шансы на перамогу з прычыны вельмі значнай перавагі ворага ва ўзбраеньні, або шукаць хаўрусу з уласаўскім адзьдзелам. З двух дрэнных выйсьцяў выбраў другое й неадкладна паехаў шукаць камандзера расейскае дывізіі. Калі зьявіўся ў штабе, сустрэў яго ад'ютант і, папрасіўшы пачакаць, пайшоў далажыць. Праз колькі часу з кабінета выйшаў нямецкі генэрал і папрасіў Кушаля заходзіць.

Камандзер уласаўскае дывізіі генэрал Мальцаў паходзіў зь сям'і расейскае інтэлігенцыі. Быў чалавекам адукаваным і добра выхаваным. Сярэдняга росту, шчуплы, з густой сівой чупрынай на галаве, жывым выразам твару, энергічнымі рухамі, быў ён у пяцідзесятых гадох. Гаварыў хутка й ясна.

Пазнаёміўшыся з Кушалем, запрасіў яго сесьці пры стале. У абшырным пакоі сялянскай хаты, акрамя Мальцава й вышэйменаванага нямецкага генэрала, было яшчэ пару малодшых афіцэраў. Немец хутка выйшаў.

- Маглі-б вы паінфармаваць мяне аб палажэньні на фронце, а таксама выказаць вашу думку адносна нашай сытуацыі? - пачаў Кушаль.

- Я быў-бы вельмі рады, калі-б вы маглі гэта зрабіць. Я нічога ня ведаю, - адказаў, усьміхнуўшыся, Мальцаў.

- Што-ж вы думаеце рабіць? - пытаўся Кушаль.

- Я думаю... ды не, не. Можа, вы сказалі-б мне, што самі думаеце рабіць.

- Магу вам давяраць?

- Поўнасьцю.

- На маю думку, нічога нам не застаецца, як прабіцца празь нямецкі фронт і далучыцца да амэрыканцаў, - ня зводзячы з Мальцава вачэй, адказаў Кушаль.

- Правільна, зусім правільна, - ажывіўся Мальцаў і борзьдзенька захадзіў па пакоі. - Я вельмі рады, што вы з намі адной думкі. Цяпер скажу вам больш. Я ўжо навязаў лучнасьць з камандзерам амэрыканскага корпусу празь людзей, якія гарамі й лясамі пераходзяць цераз фронт туды й назад. У даны час дамаўляюся аб канкрэтным месцы й часе прарыву нямецкага фронту.

- А ці ведае аб гэтым той нямецкі генэрал, якога я бачыў нядаўна тут у вас у кабінеце?

- О, гэты, - усьміхнуўся расеец, - ён у мяне афіцэрам сувязі зь нямецкім штабам, ведае аб маіх плянах і салідарызуецца з намі поўнасьцю.

- Маглі-б вашы перамоўнікі весьці перамовы з амэрыканцамі й ад майго імя дзеля пераходу беларускай дывізіі?

- Ды чаму-ж не! Дзьве дывізіі - не адна. Гэта будзе яшчэ лепш. Нам лягчэй удасца.

- Дык будзьце добрыя тады...

- Абавязкова. Неадкладна загадаю. Ня турбуйцеся.

Пасьля гэтага Кушаль і Мальцаў абмяркавалі праблему супольнае абароны ў выпадку атакі эсэсаўцаў з суседняга мястэчка. Мальцаў паабяцаў, што калі эсэсаўцы нападуць на беларусаў, ён адкрые па немцах агонь з цяжкіх кулямётаў і артылерыі. На тым гутарка скончылася.

Вярнуўшыся ў сваю дывізію, Кушаль загадаў сабраць усіх афіцэраў і падафіцэраў. Паінфармаваў сабраных аб палажэньні, аб пагрозе з боку нямецкіх эсэсаўцаў ды аб сваёй умове з камандзерам уласаўскае дывізіі. Загадаў неадкладна правесьці зборкі ў адзьдзелах і расказаць аб гэтым радавым. Быў прыемна зьдзіўлены, пабачыўшы на вопратках амаль усіх жаўнераў Ярылавы крыжы й «Пагоні» замест нямецкіх адзнакаў.

Першы батальён, што быў закватараваны найбліжэй Айзенштайн Маркта (ім камандаваў капітан Ч.), узяў абавязак выставіць моцную палявую варту й патруляваць ваколіцы аж да самага мястэчка.

 

: III

 

29 красавіка зьявіўся ў Кушаля пасланец ад Мальцава й перадаў яму ліст. Расеец прасіў беларускага камандзера, каб разам са сваім камандным афіцэрскім корпусам прыехаў у ягоны штаб на пільную нараду. Беларусы не марудзілі. Калі зьявіліся ў Мальцава, той, спасьцярогшы беларускія вайсковыя адзнакі на мундзірах, сказаў:

- Вот вам, господа, и Лига наций.

Некаторыя з прысутных расейцаў усьміхнуліся.

На супольнай нарадзе ўласаўскі камандзер падаў да ведама, што ўжо канчаткова дамовіўся з камандзерам амэрыканскага корпусу аб пераходзе цераз нямецкі фронт 30 красавіка. Абедзьве дывізіі маюць ісьці шашой Айзенштайн Маркт - Цьвізэль, а ў часе пераходу амэрыканскія паветраныя сілы й артылерыя будуць абстрэльваць нямецкія пазыцыі. Начальнік штабу Мальцава прачытаў дакладны парадак маршу й плян бою, калі-б немцы спрабавалі ставіць супраціў.

Дзень 30 красавіка быў сонечны й бязьветраны. Раніцою абедзьве дывізіі ўпарадкаваліся ў доўгую маршавую калёну са сваімі камандзерамі на чале кожнай і рушылі ў кірунку Айзенштайн Маркта і Цьвізэля. Кожны батальён дывізіі «Беларусь» нёс разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг.

Пасьля трохгадзіннага маршу Кушаль пачуў ззаду сігнал самаходу. Калі аўтамабіль параўняўся зь беларускім камандзерам, той заўважыў у ім праз вакно таго самага нямецкага генэрала, якога кагадзе бачыў у штабе Мальцава. Самаход дасягнуў уласаўскага генэрала наперадзе, і ўся калёна затрымалася. Чакалі амаль паўгадзіны. Раптам чало адзьдзелу расейцаў завярнулася й накіравалася па шашы назад.

- Што здарылася? - спытаў Кушаль Мальцава, калі той затрымаўся каля яго.

- Мой афіцэр сувязі генэрал Ашбэрг атрымаў ад Андрэя Андрэевіча (Уласава) радыяграму паўстрымацца зь пераходам да амэрыканцаў, аж пакуль ён не загадае. Бачыце, мушу паслухацца загаду свайго начальніка. Казаў мне ісьці вунь у тыя вёскі, - Мальцаў паказаў на адлеглую на пару кілямэтраў мясцовасьць на ўсход ад шашы, - там маем закватаравацца й чакаць далейшага.

- Цьфу, прападзі ты, гэткі хаўрусьнік! - ледзь не вылаяўся беларускі падпалкоўнік. - Давайце кінем уласаўцаў і маршыруем самі, - сказаў свайму начальніку штаба капітану Орсічу. Орсіч нічога не адказаў.

Тым часам над доўгай калёнай войска ўверсе пачалі кружыць амэрыканскія разведвальныя самалёты. Сытуацыя была крытычная. Небясьпечна было самім беларусам без простай сувязі з амэрыканцамі ісьці ў няведамае. Беларуская калёна атрымала загад завярнуць назад. Маршыравалі каля дзьвюх гадзін. Ізноў ззаду пачуўся сігнал, і войска абмінуў апрануты ў цывільнае чалавек на матацыкле. Затрымаў генэрала Мальцава й перадаў яму пакет. Калёна зноў спынілася.

- Камандзер беларускае дывізіі, да генэрала Мальцава! - пачулася перададзенае па лініі.

Кушаль з капітанам Орсічам, прыйшоўшы да ўласаўскага камандзера, заўважылі ягонае вялікае зьнерваваньне.

- Сам ня ведаю, што рабіць, - казаў той. - З аднаго боку радыяграма Андрэя Андрэевіча загадвае чакаць зь пераходам фронту, а з другога - паслухайце самі.

Ад'ютант Мальцава, што ведаў ангельскую мову, пачынае чытаць і тлумачыць загад камандзера амэрыканскага корпусу наступнага зьместу: «Расейская дывізія генэрала Мальцава й беларуская дывізія сяньня маюць перайсьці нямецкі фронт на шашы Айзенштайн Маркт - Цьвізэль. Мая артылерыя пачне абстрэльваць нямецкія пазіцыі а гадзіне дванаццатай апаўдні. У гэтым часе пачне дзейнічаць і авіяцыя».

- Што-ж рабіць? - пытаецца ў прысутных афіцэраў уласаўскі камандзер. Бальшыня выказваецца за пераход да амэрыканцаў. Калі-б гэтага не зрабілі, амэрыканцы могуць зразумець падзеі, як здраду, й пачаць атакаваць з паветра. Генэрал Мальцаў канчаткова быў перакананы. Войска атрымала загад завярнуць назад і памаршыравала гэтым разам ужо без затрымак.

 

: IV

 

Шаша бегла між гор. Па абодвух бакох яе быў вялікі лес. Для паўстрыманьня наступу амэрыканскіх танкаў немцы пазразалі й панавальвалі ўпоперак дарогі шмат дрэваў. Апрача гэтага, шаша была замініраванай. Беларусы й расейцы пасоўваліся наперад з хуткасьцю чарапахі, адцягваючы з дарогі дрэвы й разьмінірваючы яе.

Нямецкія пазыцыі праходзілі ўздоўж ракі Рэген у кілямэтрах трох ад Цьвізэля, дзе былі ўжо амэрыканцы. На Рэгене быў мост. Адзьдзелы беларускае дывізіі мелі выйсьці наперад, заняць мост і ахоўваць яго, пакуль пяройдзе ўся калёна. Пасьля гэтага беларусы мелі йсьці як задняя старожа калёны.

Рота беларускіх жаўнераў, узброеная шматлікімі ручнымі кулямётамі, згрупаваўшыся на краі лесу, рушыла на здабыцьцё моста, што быў адлеглы прыблізна на паўкілямэтра. Воддаль відаць быў горад Цьвізэль. Амэрыканская артылерыя пачала абстрэльваць нямецкія пазыцыі. Жаўнеры дывізіі «Беларусь» хутка перабягалі па чыстым полі. Калі ўжо зусім прыблізіліся да моста, быццам з-пад зямлі вырас з паднятымі ўверх рукамі цэлы адзьдзел немцаў. Беларускі камандзер загадаў немцам разьмініраваць мост, а калі праца была закончаная, падафіцэр з дружынаю адвялі палонных у лес і адпусьцілі іх.

Хаця відаць было, што немцы ня мелі намеру супраціўляцца, беларускія адзьдзелы прынялі баявы парадак. Моцныя старожы былі пастаўленыя па двух бакох моста. Уласаўцы рушылі цераз мост першыя. Калёна іх была страшэнна доўгая. Асабліва вялікім быў абоз. Шматлікія вазы запрэжаныя былі павольнымі баварскімі валамі, што ледзь-ледзь ступалі з нагі на нагу. Ехалі жанчыны й дзеці - сем'і жаўнераў.

На краі Цьвізэля амэрыканскія танкі з рулямі кулямётаў, накіраванымі на дарогу, не варажылі нічога добрага. Каля танкаў у баявой гатоўнасьці чакалі жаўнеры, амаль палова зь іх - чорныя.

- Кідайце зброю! - крычалі амэрыканцы. Бальшыня так і рабіла, не марудзячы. Адзін зь беларусаў не сьпяшыў кідаць свае стрэльбы. Да яго падбег амэрыканскі сяржант, выхапіў стрэльбу з рук і, бразнуўшы яе вобземлю, пачаў таптаць нагамі.

Беларускі адзьдзел адведзены быў у будынак велізарнае пустое фабрыкі. Жаўнеры, змучаныя цэладзённым маршам, сядзелі на сьцюдзёных цэмэнтовых падлогах; і шмат хто хутка засынаў.

- Камандзер дывізіі! Дзе ён ёсьць? - пачуў Кушаль праз сон і раптоўна ўсхапіўся: - тут ёсьць!

Наступаючы ляжачым на ногі, падышлі да яго два амэрыканцы, адзін зь іх перакладчык. Папрасілі Кушаля ў штаб камандзера амэрыканскае дывізіі. Там беларускі падпалкоўнік спаткаў і генэрала Мальцава.

Афіцэры бяз слоў замяніліся паглядамі, у якіх выражаліся няпэўнасьць і неспакой. Амэрыканскі афіцэр, разгарнуўшы на стале карту, тыцнуў у адно месца пальцам.

- У гэтым месцы зараз-жа пастроіце вашу дывізію, - загадаў Кушалю. Тое самае, паказаўшы ў другое месца карты, кілямэтры два воддаль ад першага, загадаў і Мальцаву. Гэты факт быў довадам для падпалкоўніка Кушаля, што генэрал Мальцаў сапраўды вёў з амэрыканцамі перамовы ад імя беларускай дывізіі, як зусім асобнай ад сваёй.

Праз гадзіну часу, калі сонца ўжо нізка сьхілілася на захад, дывізія «Беларусь» стаяла ў стройным парадку на вызначаным месцы. На правым крыле кожнага батальёну быў разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг. Ззаду за войскам дымілі кухні абозу. Гатавалі вячэру. Неўзабаве зьявіўся амэрыканскі маёр зь перакладчыкам. Кушаль скамандаваў на «зважай» і здаў яму рапарт. Амэрыканец уважна агледзеў дывізію й сказаў, што яна вельмі добра прэзэнтуецца. Пасьля таго загадаў падзяліць войска на групы па пяцьдзесят чалавек у кожнай дзеля заладаваньня на транспартныя машыны, што зараз пад'едуць.

- А абоз наш? - спытаўся Кушаль, паказваючы амэрыканцу на кухні, вазы й коні.

- Застанецца тут як наша ваенная здабыча, - адказаў амэрыканец.

З гэтага адказу беларускі камандзер зразумеў, што маюць перавезьці іх у лягер ваеннапалонных.

Калі войска заладавалася на аўтамашыны, што неўзабаве зьявіліся, Кушаля пасадзілі побач шофера ў самай пярэдняй. Калёна рушыла зь месца. Ехалі гадзіны тры. Ужо зусім на зьмярканьні заўважыў беларускі падпалкоўнік на полі велізарную грамаду народу. Гэта быў зборны пункт ваеннапалонных. Стаялі на мокрай сенажаці, месцамі аж па калені ў вадзе й гразі. Навокал быў калючы драцяны плот. Былі тут жаўнеры розных нацыянальнасьцяў: немцы, вугорцы, славакі, сербы, расейцы, палякі, грузіны й іншыя. У гэтую загарадку загналі й беларусаў.

Гэтак на мокрай сенажаці ў абозе ваеннапалонных скончылася беларуская ваенная эпапея. Трыццатая дывізія, пераназваная пасьля ў дывізію «Беларусь», двойчы згуртавала вялікія масы беларускіх вайскоўцаў - першы раз каля Варшавы, другі раз у Баварыі. Памінаючы розную лебяду, што заўсёды стараецца ўкараніцца побач карыснага й плённага на добрай глебе, два асноўныя імкненьні былі целам і душою асноўнае масы вайскоўцаў гэтай нешчасьлівай дывізіі: жаданьне служыць пакрыўджанай і паняволенай Бацькаўшчыне й адмова ваяваць за сваіх ворагаў. Хаця першаму імкненьню ня суджана было зьдзейсьніцца, беларускія вайскоўцы да канца вытрымалі бяз кровапраліцьця за чужыя інтарэсы.

На мокрай балотнай сенажаці каля Каму беларускія ваеннапалонныя стараліся трымацца разам. З надыходам ночы кожны хацеў неяк прымасьціцца й заснуць. Плецакі, шынялі й людзі вязьлі ў разьмешанай гразі. Уночы выпаў густы сьнег. Пакрытая бельлю зверху, празяблая зьнізу шматтысячная маса людзей, хто седзячы, а хто скруціўшыся ў клубок і прылёгшы, старалася заснуць.

Пад раніцу падпалкоўнік Кушаль прачнуўся ад нязноснае сьцюжы. Ськінуў зь сябе цэлую гурбу сьнегу, цёр здранцьвелыя рукі й ногі. Нягледзячы на фізычныя нявыгады, Кушаль быў у душы задаволены тым, што лёс наканаваў яму падзяліць долю сваіх жаўнераў да канца.

 

: V

 

Адылі канец гэты быў пачаткам новага. Беларусы, што добраахвотна, бяз бою перайшлі да амэрыканцаў, надзеяліся, прынамсі, на людзкія дачыненьні ці неадкладнае атрыманьне вольнасьці, забыўшыся, што заакіянскі гігант па руках і нагах быў зьвязаны ўмовай са Сталіным. Умова абавязвала амэрыканцаў выдаваць бальшавікам усіх вайскоўцаў зь сям'і паняволеных народаў, у тым ліку й беларусаў, што так ці інакш апынуліся на баку тых, хто ваяваў за гітлераўскую «новую Эўропу». Амэрыканцы, абуджэньне якіх перад пагрозаю бальшавіцкае небясьпекі мела прыйсьці на колькі гадоў пазьней, стараліся ўмову са свайго боку ганараваць.

У першым зборным абозе ваеннапалонных каля Каму, куды акрамя беларусаў трапіла й дывізія Мальцава, людзі ў голадзе й холадзе цярпелі больш тыдня. Пагода была капрызная, маральна-духовы стан палонных - ніжэй нуля.

Аднаго дня пасьля абеду прыехала ў абоз дваццаць амэрыканскіх транспартных аўтамашынаў. Тым, што жадалі ладавацца для пераезду ў другі абоз каля Нюрнбэргу, выдавалі вельмі скупыя харчовыя пакеты. Ніхто нікога ня строіў у калёны й не падганяў. Галодныя палонныя, каб здабыць колькі бісквітаў ці пушку фасолі, самі падыходзілі да аўтамашынаў і заладоўваліся. Гэткім чынам, не пранюхаўшы наперад, куды яны лезуць, вялікая часьць беларусаў, між імі й афіцэраў, трапіла на першы этап падарожжа за другі бок «жалезнае заслоны».

У вялізарным лягеры ваеннапалонных каля Нюрнбэргу жыцьцёвыя ўмовы былі яшчэ горшымі. Абоз, вельмі гліністы й гразкі, абстаўлены быў моцнай вартай. Людзі кешкаліся, мясіліся ў гліне, тапталіся, каб не акалець з холаду. Перавезьлі сюды з-пад Каму адну часьць войска. Пасьля колькіх дзён накіравалі цягнікамі пад Вюрцбург, а адтуль - пад Майнц.

У вялізарным лягеры каля Майнца, за дратамі й пад моцнай аховаю, было ў гэты час звыш двухсот тысяч ваеннапалонных, сярод іх шмат немцаў - афіцэраў і радавых. Тут беларусам упершыню давялося сутыкнуцца са шчупальцамі маскоўска-бальшавіцкае гідры. У абозе было колькі сотняў падсавецкіх грамадзян, некалі вывезеных немцамі на працу ў Нямеччыне. Пасьля капітуляцыі, перад паваротам дадому, яны заангажаваліся на помач хаўрусьнікам, насамперш бальшавікам у пошуках і вылоўліваньні як цывільных, так і вайсковых, што не хацелі вяртацца пад панаваньне Крамля. Гэтыя людзі, прагныя помсты над немцамі, жадаючы выслужыцца амэрыканцам і бальшавікам, апраўдаць свае собскія вялікія й малыя грахі перад «бацькам», былі свайго роду «капо»* ў адносінах да палонных. Яны рабілі ўсё, каб пагоршыць жыцьцё й долю зьняволеных. Ім памагалі ў гэтым жыды-перакладчыкі, што служылі амэрыканцам. Зьдзекі зь людзей выражаліся найбольш у выдачах харчаваньня. Адна баханка хлеба на сто чалавек, пара пудоў сырое бульбы, для гатаваньня якое выдавалі адну палачку дрэва - гэткай зброяй змагаліся з палоннымі, каб канчаткова зламаць іхны супраціў і завабіць у бальшавіцкую пастку. Людзі грызьлі сырую бульбу, хварэлі на жываты, больш рашучыя собскімі рукамі адбіралі сабе жыцьцё. Шматлікія заламваліся. Амэрыканцы празь перакладчыкаў пыталіся, ці жадаюць ехаць «на родину». Некаторыя ўважалі, што бальшавізм ёсьць менш страшны вораг, чымся голад, і згаджаліся. Бальшыня ўсё-ж трымалася.

* У гітлераўскіх канцлягерах гэтак называлі чалавека, выбранага зь ліку палонных, заданьнем якога было біцьцё й падганяньне зьняволеных. Капо звычайна стараўся выслужыцца перад гаспадарамі і надта зьдзекваўся са зьняволеных.

Тых беларусаў, што, бачачы перад сабою кашмарную бальшавіцкую бездань, ня выракаліся свайго нацыянальнага імя, можна й трэба ўважаць за гэрояў. Гэты гэраізм мо большы за той, які жаўнер выказвае ў баі. Там ён выкарыстоўвае, акрамя духовых, і свае фізычныя здольнасьці. Тут-жа, стоячы на парозе гібелі ад голаду, чалавек адмаўляецца вырачыся свайго найдаражэйшага, што духова вяжа яго з народным целам: нацыянальнага імя й гонару. Супраць яго, слабога й апаганенага, змовіўся, як выглядае, цэлы сьвет. Заходнія хаўрусьнікі, непаінфармаваныя аб Беларусі, несьведамыя вялікіх цярпеньняў і крывавых змаганьняў гэраічнага народу, памагалі бальшавікам заганяць ваеннапалонных беларусаў, што добраахвотна перайшлі на іхны бок, у маскоўскую пастку.

Былы камандзер батальёну ў дывізіі «Беларусь» капітан Таміла, народжаны ў Амэрыцы і ўзгадаваны ў Беларусі, што добра ведаў ангельскую мову, шмат разоў намагаўся тлумачыць амэрыканцам, што яны робяць велізарную крыўду пакрыўджаным - фактычна іхным сапраўдным хаўрусьнікам. Тамілавы словы адбіваліся аб глухія вушы. Адганялі яго, як карова ўлетку ў часе сьпякоты адганяе назойлівага авадня.

Пасьля доўгіх фізычных і духовых выпрабаваньняў палонныя беларусы апынуліся ў абозе Рэн у Францыі, а адтуль перавезеныя былі пад Шэрбург. Тут ціск на неахвотных, каб вярталіся ў Савецкі Саюз, дайшоў да кульмінацыйнага пункту. Пасланцы генэрала Голікава, шэфа бальшавіцкае рэпатрыяцыйнае місіі ў Парыжы, праводзілі допыты й дзялілі на жадаючых і нежадаючых павароту.

У Шэрбургу «возвращенцы» атрымалі амэрыканскія «віндбрэйкары». На плячах кожны меў намаляваную вялікую чырвоную зорку. Ім дазволена было хадзіць удзень у горад, і людзі іх добра ведалі. Выкарыстоўвалі гэта пры спэкуляцыі на рынках. Ад «невозвращенцев» за ськібку хлеба адкуплівалі прыхаванае да гэтага часу самае цэннае й найдаражэйшае - гадзіньнікі, пярсьцёнкі ці іншае й нажываліся ў сотні разоў. «Возвращенцев» вельмі добра кармілі. Рассыцелыя й аж папухлыя ад раптоўнага прыплыву тлушчаў, яны зьяўляліся відавочнай насьмешкай у вачох тых, што яшчэ трывалі й адмаўляліся ад павароту ў рукі Сталіна. Было гэткіх у Шэрбургу звыш трыста чалавек. Іх пазнавалі лёгка па выдадзеных амэрыканцамі паласатых капялюшах, гэтак званых панамах, якія мусілі заўсёды насіць.

Зь беларускіх афіцэраў, больш ведамых, трапілі ў Шэрбург наступныя: падпалкоўнік Сокал-Кутылоўскі, колішні камандзер брыгады падчас Слуцкага Паўстаньня, капітан Орсіч, старшы лейтанант Кушняровіч, старшы лейтанант Сурнін, старшы лейтанант Сасіновіч, што жахліва дрыжэў пры самой думцы, што пападзе ў бальшавіцкія рукі, бо раней быў маёрам у Чырвонай Арміі, старшы лейтанант Зьмітро Стэльмах, два лейтананты браты Чырко і старшы лейтанант Міхаль. У ліку афіцэраў было й колькі іншых, менш ведамых сярод беларускага агулу.

З найбольш ведамых расейцаў у групе быў насамперш сам генэрал Мальцаў, які некалі давяраў амэрыканцам і прывёў сваю вялікую дывізію ў іхныя рукі, ды маёр Бычкоў, раней два разы Гэрой Савецкага Саюзу. У Шэрбургу двух вышэйменаваных расейцаў і падпалкоўніка Сокал-Кутылоўскага адзьдзялілі ад рэшты афіцэраў як асабліва важных. Трымалі над імі спэцыяльную варту.

Наважыўшыся, што даволі цацкацца зь «невозвращенцами», заладавалі іх у заднія тры вагоны чыгуначнага транспарту для перавозу ў бальшавіцкую зону Нямеччыны. Транспарт прыехаў у Айзэнах - першую станцыю ў савецкай зоне. Усіх загналі ў вялікую гестапаўскую турму, дзе днямі й начамі трывалі допыты. Там апошні раз бачылі Сокал-Кутылоўскага, Мальцава й Бычкова, якіх некуды вывезьлі.

Рупар на вялікім вязьнічным двары абвясьціў палонным, што «родина вам простила». Неўзабаве людзі паспыталі гэтага «прощения». Бясконцыя допыты, галадоўкі, зьдзекі, пабоі, і гэта ўсё, нягледзячы на тое, што НКВД мела ўжо дакладныя інфармацыі й сьпіскі адносна кожнага палоннага, зробленыя яшчэ раней у Францыі. Гэтак сіта бальшавіцкае паліцыі перасейвала, перабірала, дзяліла на групы. Пасьля пары месяцаў нешчаслівыя людзі, якіх лёс у гэту гістарычную пару паставіў між двух гігантаў, што змагаліся на сьмерць і жыцьцё, дорага заплацілі за давер да амэрыканцаў і за тое, што верылі ў недзе на сьвеце існую справядлівасьць. Сьляды іхных далейшых крокаў, для шмат каго - апошніх крокаў жыцьця, сягоньня ўжо зацёртых, шукаць трэба пры сьценах бальшавіцкіх катоўняў, на вісельнях ці ў халодных бязьлюдных прасторах мачыхі Сібіры.

 

: VI

 

Фіналам апісаных у гэтым разьдзеле падзеяў трэба лічыць не апошняй важнасьці выпадак улетку 1945 года. Калі вецер разьвеяў-разьнёс дымы апошніх ваенных пажараў, а над пакалечанай Эўропай запанаваў супакой, прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады Радаслаў Астроўскі зазірнуў у малы баварскі гарадок, дзе адшукаў былога камандзера дывізіі «Беларусь». Мусіць, стараючыся прадбачыць новыя плыні й кірункі пасьляваенных хваляў і вятроў, Астроўскі замяніў сваё прозвішча на Крывіцкі.

Нельга сказаць, каб сустрэча Крывіцкага з Кушалем была радасная ці поціск рук пры вітаньні быў надта моцным. Прэзыдэнт БЦР зь вялікай цікавасьцю слухаў пра лёсы беларускіх жаўнераў у апошнія дні вайны й пра тое, як масы людзей выратаваліся, перайшоўшы да амэрыканцаў. Кушаль ня мог расказаць, дый сам ня меў вестак пра тое, як шматлікія выратаваныя ім вайскоўцы пасьля, дзякуючы помачы амэрыканцаў, трапілі ў бальшавіцкія рукі.

Перад выездам прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады пакінуў гаспадару два дыплёмы, зьмест якіх падаецца.

Першы:

 

«Прэзыдэнт Беларускай Цантральнай Рады

№ 85/Прс Гэкстар, 2 ліпеня 1945 г.

 

ДЭКРЭТ

За мужны прарыў нямецкага фронту на лініі Айзенштайн - Цьвізэль дня 30-га красавіка 1945-га году 1-м беларускім нацыянальным палком пад камандаю падпалкоўніка Ф.Кушаля, гэтым надаецца Францу Кушалю ранга ПАЛКОЎНІКА БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА.

 

Р.Астроўскі, Прэзыдэнт»

 

Другі:

 

«Прэзыдэнт Беларускай Цантральнай Рады

№ 86/Прс Гэкстар, 2-га ліпеня, 1945 г.

Камандуючаму БКА

Сп. Падпалкоўніку Кушалю

ў Амбэргу

 

Гэтым сьпяшаюся выказаць Вам, Сп. Палкоўнік, сваю глыбокую падзяку за ўсе тыя мерапрыемствы, праведзеныя Вамі ў часе паміж 10-30 красавіка г. году, якія ўратавалі нашу дывізію «Беларусь» перад зьнішчэньнем яе немцамі.

Адначасна за мужны прарыў Вамі нямецкага фронту дня 30 красавіка г.г. на лініі Айзенштайн - Цьвізэль надаю Вам рангу ПАЛКОЎНІКА БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА.

 

З глыбокай пашанай,

Р.Астроўскі, Прэзыдэнт»

 

 

Частка трэцяя. Балёнія - Лёндан

 

Зародкі

 

: I

 

Калі Віктара Сянькевіча прыдзялілі ў другую роту сёмага батальёну трэцяе дывізіі й адразу выклікалі ў канцылярыю на рэгістрацыю, юнак ня зьдзівіўся. Ведаў, што пад гэтай «рэгістрацыяй» трэба разумець допыт вайсковае дэфэнзывы («двойкі»). Наогул Сянькевіч пасьля сваіх прыгодаў у Францыі, калі тры разы ўдалося ашукаць сьмерць, няшмат з чаго дзівіўся. Жыцьцё сваё заўдзячваў перадусім боскай дапамозе, а пасьля - спрытнасьці ног і прыпадковасьці. Тым, што ўдалося яму колькі разоў выратавацца ад расстрэлу, нідзе надта не хваліўся. Быў натуры сьціплай і стрыманай. Адылі ў сэрцы заўсёды дзякаваў Богу за ратунак і мяркаваў, што не для зьбіваньня бібікаў на гэтым сьвеце тры разы амаль цудам захаваў сваё жыцьцё.

Можна было-б варажыць надвое: ці ў галаве ў Сянькевіча так рана пасьля прыбыцьця ў польскую армію ў Італіі паўстала-б думка аб пякучай неабходнасьці арганізаваньня сваіх суродзічаў, калі-б ня самі палякі, дакладней гаворачы, - іхныя адносіны да беларусаў. Зусім не падазраючы гэтага, якраз палякі прысьпешылі працэс афармленьня гэткіх думак ня толькі ў Сянькевіча, але і ў шмат каго яшчэ.

Перш за ўсё Сянькевіч прыгадваў бойку ў абозе каля Нэапалю, зараз пасьля прыезду з Францыі. Беларусаў было там больш за семдзесят. Зь імі зьблізілася й трымалася разам жменька ўкраінцаў. Беларусы былі больш-менш параськіданыя па цэлым абозе, але ў палатках жылі разам. Зразумела, карысталіся між сабою беларускай мовай і перад палякамі ня скрываліся. Апошнім надакучыла слухаць «хамскую» мову, й аднойчы вечарам група іх, добра падвыпіўшы, рушыла на палатку, дзе памяшчаўся Кастусь Дзежка зь іншымі былымі менскімі кадэтамі, каб «даць кацапам». Бойка пачалася чаравікамі, кулакамі, вайсковымі кацялкамі ды наогул усім, што было пад рукамі. Трывала амаль паўгадзіны. Была выклікана вайсковая паліцыя, і пару дзесяткаў людзей, бальшыня зь іх беларусаў, была пратрыманая ноч у вайсковым арышце. У выніку колькі беларусаў кінулася з аднаго агню ў другі: запісаліся на выезд і былі адасланыя ў СССР. Бальшыні-ж, што засталася, адкрыліся вочы. Ведалі, чаго чакаць ад палякаў у будучыні.

Прыгадваў Сянькевіч і першыя допыты «двойкі» ў Ёляньдзе. Ужо даўно пагадзіўся з тым, што быў у палякаў на «чорным» лісьце. Лічыў гэта за гонар. Дый ці толькі ён быў на тым лісьце. Амаль усіх іншых сяброў па колькі разоў цягалі й тлумачылі ім, што яны ня беларусы. Колькі-ж гэта каштавала нэрваў і вытрываласьці, каб часам ня страціць кантролю, не ўзлавацца ды ня кінуць ім у твар лішняга, чаго пасьля шкадаваць давялося-б. Пасьля-ж ізноў прыходзіла на памяць тая школа падхаронжых у Матэры, куды былі выслалі, патрымалі зь нядзелю ды назад у адзьдзелы парассылалі, ня прызнаўшы атрыманай беларусамі за часамі нямецкае акупацыі асьветы. Дык і цяпер, калі быў прыдзелены ў трэцюю дывізію й атрымаў новы выклік на «рэгістрацыю», Віктар ня зьдзівіўся.

 

: II

 

У канцылярыі лейтананта Пшэрэмбскага, загадчыка батальённай «двойкі», пасярод прасторнага стала, заваленага ўсякімі паперамі, ляжаў раскрыты пэрсанальны вайсковы сшытак Віктара Сянькевіча. Шэрая вокладка яго была шмат больш зношаная, чымся ў іншых жаўнераў - ад частага карыстаньня. На гэтую, не апошняй вартасьці дэталь Пшэрэмбскі насамперш зьвярнуў увагу. Відаць, што кліентам шмат цікавіліся й іншыя зь пэрсаналу «двойкі». Аб гэтым сьведчыла колькі лісткоў густа запісаных сьледчых дадаткаў. Лейтанант Пшэрэмбскі, уважна прачытаўшы іх, не знайшоў там нічога асаблівага, акрамя рутынных пытаньняў і адказаў ды шаблонных справаздачаў.

Пшэрэмбскі, што паходзіў зь сям'і польскага асадніка ў Беларусі ды перад вайною яшчэ на службе дэфэнзывы шмат займаўся зь беларускім элемэнтам, меў у гэтай справе набітую руку. Ведаў народ і мову, кансьпірацыйныя шляхі й дарожкі, мэтады працы й нацыянальную псіхіку. Розьніца між Сянькевічам і ягонымі суродзічамі перад вайной, зь якімі даводзілася Пшэрэмбскаму мець справы, была ў тым, што раней лейтанант мог да падазроных прымяняць агульна-ўжываную, зьверху накінутую формулу: абвінаваціць іх у камунізьме, у тым, што дзеяць на шкоду польскае Рэчы Паспалітае, загадаць некаму з агентаў, каб падкінулі намечаным асобам камуністычную літаратуру, іншым агентам - каб ператрэсьлі й знайшлі яе, дый годзе. Справа была шыта-крыта, як кажуць.

Тут-жа, у арміі, ды на чужыне, было зусім іншае. Старыя мэтады й формулы мелі вартасьць леташняга сьнегу. Быў вайсковы карны кодэкс, былі палявыя суды. Для абвінавачаньня чалавека трэба былі нейкія яўныя довады. Іх не ставала. Камунізм тут ня мог быць тым конікам, што быў дома перад вайной. Бо калі-б прышпілілі камунізм аднаму, дык трэба-ж было-б пасьля шукаць каранёў, галінаў дый навокал розных парасткаў. Гэта-ж быў-бы поўны абсурд. Ды і, урэшце, што можна было закінуць Віктару Сянькевічу? Нічога канкрэтнага адносна нейкай канспірацыйнай дзейнасьці ня было. Хлапец быў «на воку», дый толькі. Так, прынамсі, вынікала зь іншых сьледчых запісак. Пшэрэмбскаму кінулася ў вочы зусім нешта іншае, што, як мог дадумацца, трывожыла й ягоных сяброў з «двойкі», якія раней апытвалі юнака: прозьвішча, веравызнаньне й нацыянальнасьць. Якім чынам Сянькевіч дый каталік мог быць беларусам? Гэтага лейтанант ніяк ня мог памясьціць у галаве.

Пшэрэмбскі любіў літаратуру, асабліва гістарычную. Генрык Сянькевіч зь ягонай трылогіяй займаў некалі цэнтральнае месца ў ягоным дзяцінстве. Прыпаміналася старая «бабця» на фальварку, што доўгімі асеньнімі й зімовымі вечарамі чытала яму з тоўстых падношаных кніжак школьнае бібліятэкі. Уставаў перад вачыма бравурны й голасны буян Заглоба, пранырлівы й адважны гэрой Кміціц ды цэлая галерэя іншых. Любіў некалі Пшэрэмбскі аж да забыцьця ўпівацца духовымі сокамі польскае мінуўшчыны, так, здавалася, проста й па-майстэрску адлюстраванай вялікім пісьменьнікам. Ня дзіва, што ў сэрцы ягоным для Сянькевіча захаваны быў цёпленькі куточак. І вось тут - на табе, проста ці не зьнявага да гэніяльнага майстры: тое самае прозьвішча, у дадатак і каталік, дык пры чым-жа тут беларуская нацыянальнасьць? Не. Тут недзе й некім была зроблена памылка. Калі так, дык ужо хто як хто, але ён, Пшэрэмбскі, напэўна, нейкі недагляд зможа выправіць.

 

: III

 

У канцылярыю ўвайшоў малы ростам круглатвары бляндын.

- Віктар Сянькевіч да пана лейтананта! - адрэкамэндаваўся, ёмка стукнуўшы падковамі чаравікаў.

Юнак, як выглядала, быў зраўнаважаны й апанаваны. У ягоным спакойным, уталопленым у твар Пшэрэмбскага позірку ня было ані ценю неспадзеўнае баязьлівасьці, што характэрная шматлікім людзям, якім даводзіцца лоб у лоб сустракацца з гэтак званымі рукамі кары й справядлівасьці.

- Прашу, сядайце, - кіўнуў лейтанант на крэсла, спачатку добра вонкава прыгледзеўшыся да «загадкі». Ня зводзячы з хлопца вачэй і лянівым рухам касматае рукі выстукаўшы попел з даўно патухлае люлькі, ён адваліўся на сьпінку крэсла.

- Ваша прозьвішча Сянькевіч?

- Так, пане лейтанант.

- Па веравызнаньні каталік?

- Так.

- Дык чаму-ж вас тут запісалі беларусам?

- Таму, што я такім ёсьць, пане лейтанант.

- Вы мне хочаце сказаць, што вы каталік і беларус?

- Я так сказаў, пане...

- Слухайце, давайце-ж паважна. Я ня маю часу на жарты. Вы самі ведаеце, што гэта абсурд: ня было-ж каталікоў беларусаў у Польшчы.

- Былі, пане лейтанант.

- Як то?

- Навет па афіцыяльных дадзеных польскага цэнзусу з 1931 году было шэсьцьдзесят тысяч беларусаў каталікоў.

- Я ня ведаю, дзе й хто вам гэта сказаў. Гэта няпраўда.

- Наадварот, праўда.

- Слухайце, «стшэльцу», я з вамі ня буду спрачацца. Вы лепш паслухайце маёй рады. Я бачу, што вы маеце асьвету, зьяўляецеся чалавекам зь інтэлігенцыі і дзеля таго, напэўна, зразумееце мяне. Да таго-ж і прозьвішча ваша Сянькевіч. Знаеце, хто для палякаў быў Сянькевіч?

- Чаму-ж не...

- Коратка гаворачы, вы, будучы каталіком і маючы такое прозьвішча, ня можаце ня быць палякам. Што вам дае вашая беларускасьць? Вы гэтым загараджваеце сабе ўсюды дарогу, дый толькі. А калі вы паляк, дык вам дарога ўсюды будзе адкрытая: і да авансаў, і да навукі, і да лепшай будучыні. Прыміце па-добраму маю раду й запішыцеся палякам.

- Не магу, - цьвёрда адказаў юнак.

- Дык хто-ж можа?

- Пане лейтанант, ці-ж вы не разумееце, што гэта справа нацыянальнага гонару?

- Вы, як Сянькевіч, мусіце быць палякам!

- Як гэта мушу?

- Я думаў, што недзе была памылка. Можа, гэта вашае ваеннае ўзгадаваньне, можа, вам «бздураў» у галаву ў акупацыйных школах напхалі. Гэта-ж ня можа быць. Гэта проста несумяшчальна: Сянькевіч, каталік і беларус! - з грымасай заключыў Пшэрэмбскі.

Беларускі юнак зь цікавасьцю студыяваў заклапочанага лейтананта.

- Пане лейтанант, я цяпер узрослы чалавек. Ведаю, што гавару. Успрымайце, як хочаце. Адно ніколі ня пішыце мяне палякам, бо я ім ня ёсьць.

- Добра. Вы хочаце быць упартым. Рабіце, як уважаеце. Я вам скажу адно: мы можам пастарацца, каб вас адаслалі ў савецкую Расею. Як гэта вам будзе падабацца?

- Калі вы пачуваецеся сябрамі бальшавікоў, дык адсылайце.

Гэткага адказу Пшэрэмбскі ніяк не спадзяваўся. Яму аж голас заняло. На момант разгубіўся й ня ведаў, што на тое сказаць. Спачатку ледзь ня кінуўся ў гістэрычную злосьць, але ўміг апанаваўся. Дзесьці ў падсьведамасьці голас падказваў, што юнак гаворыць праўду й добра адстойвае сваё. Навет узьнікла іскра пашаны да яго.

Пшэрэмбскі спрабаваў зайсьці з іншага боку, угаворваць лагодненька, спачатку адводзіць на бочнае, каб пасьля з супрацьлеглага боку падыйсьці да галоўнага. Пытаўся пра матку й бацьку, пра мову, якой дома Сянькевіч карыстаўся, пра касьцёл, які наведваў, на якой мове ў малітвах з Богам размаўляў. Калі выявілася, што ў польскай, папробаваў на гэтым факце мост доказаў будаваць, але калі зноў падышоў да галоўнага, упарты беларус адным сказам адрэзаў, што польская мова ў каталіцкіх касьцёлах на гэтак званых «Крэсах» яшчэ ня была доказам таго, што ўсе каталікі былі палякамі. Наадварот, беларускія вернікі чуліся пакрыўджанымі, што ня мелі свае душпастырскае апекі. Для падмацаваньня Сянькевіч прыгадаў каталікоў італьянцаў, французаў і гішпанцаў і, як здалося Пшэрэмбскаму, з пэўнай дозай кпінаў запытаўся, чаму-ж іх усіх не запісаць палякамі.

Давялося Сянькевіча яшчэ раз запісаць беларусам. Пасьля прайшло некалькі малаважных рутынных пытаньняў, і юнака давялося адпусьціць. Лейтанант Пшэрэмбскі павольнымі крокамі пачаў мераць пакой, спыніўся каля стала, аднатаваўна апытальным лісьце, што трэба Сянькевіча трымаць «на воку», пару разоў голасна сказаў «пся крэў», адзін раз навет плюнуў у сьметніцу ды зрабіў пэўныя перастаноўкі ў сваіх дагэтулішніх паглядах адносна беларусаў.

 

: IV

 

У студзені 1945 году Віктар Сянькевіч быў прыняты ў гімназію трэцяй дывізіі (ДСК), што знаходзілася ў ваколіцах Форлі. Там, на сваю радасьць, сустрэў вялікую групу былых менскіх кадэтаў. З супольных гутарак выявілася, што й іншыя з ахвотаю падзялялі Віктараву думку аб патрэбе ўтварэньня нейкае беларускае арганізацыі. Вайсковы рэгулямін* забараняў тварэньне ў войску якіх-небудзь гурткоў. Адно, што можна было рабіць - шукаць сяброў з колішняе афіцэрскае школы ў Менску, трымаць зь імі сталы кантакт ды вышукоўваць у чужой арміі наогул усіх беларусаў. Гэтае павучыньне сувязі ў будучыні, калі-б умовы зьмяніліся, паслужыла-б адразу базай да ўтварэньня арганізацыі. Гэтым група студэнтаў-беларусаў зь гімназіі й пачала займацца.

* Статут.

Сянькевіч вельмі шмат часу прысьвячаў перапісцы зь сябрамі. Па-за школьнай навукай карэспандэнцыя паглынала ўвесь ягоны час. Лісты, якія пісаў, былі наогул сяброўскімі й простымі зместам. Юнак ведаў, што польская дэфэнзыва трымае яго на воку. Намагаўся быць асьцярожным. Пасьля колькіх месяцаў ліставаньня колькасьць сяброў-карэспандэнтаў перавысіла 250 чалавек. Калі ўлічваць, што зь іх кожны меў кантакт, прынамсі, з двума ці трыма беларусамі, дык лік асобаў, зь якімі Віктар трымаў сувязь, перасягнуў 700.

Людзі з «двойкі» хутка зацікавіліся масавай карэспандэнцыяй Віктара Сянькевіча. Спачатку адно назіралі. Адылі хутка ў пакой да Віктара прыслалі новага жыхара. Быў гэта высокі, худы, зь сінімі вачыма бляндын. Назваў сябе Чманевічам. Адно ў меру цікавіўся Віктаравай беларускасьцю і наогул стараўся быць карэктным ды, як кажуць, ня ступаць чалавеку на пальцы.

Аднойчы Віктар спасьцярог, што недзе зьнікла колькі ягоных лістоў. Свайму новаму «сябру» нічога не сказаў, але здагадаўся, што той іх «пазычыў», каб перадаць тым, што яго прыслалі. На другі дзень пісьмы раптам вярнуліся на старое месца. Віктара пакуль што ніхто нікуды ня клікаў. У пісьмах нічога ня было асаблівага, апрача хіба таго, што былі пісаныя па-беларуску. Сянькевіч мяркаваў, што «двойцы» чапіцца да яго за карэспандэнцыю ў беларускай мове было-б нязручна. Паклікаў сяброў і расказаў ім аб выпадку зь пісьмамі. Пастанавілі быць больш асьцярожнымі, а карэспадэнцыю зьнішчаць. Віктар падаў сваім карэспандэнтам цывільны італьянскі адрас.

Лейтанант Пшэрэмбскі зноў выклікаў Віктара. Цікавіўся, чаму юнак атрымоўвае такую масу пісьмаў. Беларус адказаў, што мае вялікую колькасьць сяброў. Пшэрэмбскі зусім недвузначна намякнуў, што было-б шмат лепш, калі-б колькасьць сяброў-карэспандэнтаў паменшылася.

У гімназіі пятае дывізіі (КДП) была іншая група беларусаў. Арганізатарам яе быў прафэсар Гук, што выкладаў у школе гісторыю, той самы, які некалі экзаменаваў у Сан-Базыльё Віктара Караткевіча зь беларускай літаратуры. У групе было колькі былых менскіх кадэтаў. Прафэсар Гук трымаў кантакт з групай старэйшых беларусаў, якія, як і ён сам, прайшлі праз савецкія канцлягеры.

Вясною 1945 года добразычлівы ўкраінскі сьвятар Пятрунчык дапамог прафэсару Гуку скантактавацца з групай Сянькевіча ў гімназіі 3-й дывізіі. Новая і самая асноўная нітка кантакту між дзьвюма групамі была, зусім зразумела, немалой удачай у імкненьні да беларускага арганізацыйнага жыцьця й сталася прычынаю вялікай радасьці ў двух беларускіх асяродках. Падрыхтоўчая праца для агульнага арганізаваньня беларусаў у польскай арміі шпарчэй пайшла наперад.

Нягледзячы на перашкоды з боку вайсковых польскіх уладаў, сетка сувязі між беларусамі пачала пашырацца па ўсім Другім корпусе. Выдатна памагалі гэтаму й два беларускія вуніяцкія сьвятары з Рыма - а. Сіповіч і а. Гарошка. Зь ліку турыстаў-жаўнераў у Рыме яны вышукоўвалі і вылоўлівалі беларусаў. У сьвятароў прыежджыя беларусы сустракаліся, даведваліся аб іншых і дзяліліся сваймі навінамі. Памешканьне сьвятароў служыла базай, на якую зьляталіся ўсе да гэтага часу рассыпаныя сыны Беларускай зямлі. Празь яе замацоўвалі ніці лучнасьці. Сюды не сягала вока польскае «двойкі», тут можна было ўволю й ад сэрца пагаварыць пра балючыя для ўсіх праблемы.

Акцыя зьбіраньня пайшла наперад яшчэ хутчэй, калі ў Парыжы пачала выходзіць газэта «Беларускія Навіны». Гэта быў першы праменьчык надыходзячага прадвесьня. Для змораных духова беларусаў, што насілі мундзіры хаўрусьніцкіх жаўнераў, яна была ня толькі газэтай, але апорай і сымбалем. Быў навязаны ў Парыжы кантакт зь сябрамі Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, перадусім-жа з самім старшынёй Рады БНР - інжынерам Міколам Абрамчыкам. Гэткім чынам выгнанцы з паняволенай Бацькаўшчыны палажылі на чужыне зруб пад першую пасьляваенную нацыянальную грамадзкую арганізацыю.

4 сакавіка 1946 года ў горадзе Модэна, на поўнач ад Балоньі, 5-я дывізія арганізавала кірмаш «Казюка». Беларусы ўмела выкарысталі нагоду, правёўшы там канфэрэнцыю беларускіх асяродзьдзяў трэцяй і пятай дывізій. Устаноўлена была тактыка дзеяньня й падзелены ролі. Кіраўніцтва абодвума асяродкамі ў арміі было даручана прафэсару Гуку. Ад гэтага часу асаблівая ўвага зьвернутая была на праваслаўныя багаслужбы па адзьдзелах арміі, дзе найлягчэй было выявіць беларусаў. Хапала адно прыслухацца да гутаркі ці польскага акцэнту, каб пад вайсковай вопраткай адшукаць беларускае сэрца. Выяўленьне беларусаў шпарка йшло наперад.

Транспарт «Беларускіх Навінаў» з Парыжа дастаўляўся ў Рым, адтуль беларусы-вайскоўцы развозілі іх па адзьдзелах. Намагаліся абмінаць «двойку» й вайсковую пошту. Карысталіся цывільнымі адрасамі прыязных італьянцаў. Якая-ж велізарная была радасьць атрымаць сьвежую беларускую газэту, асабліва для тых, хто, прайшоўшы празь Сібір і бальшавіцкае пекла, ня мелі нагоды чытаць па-беларуску ад 1939-га году.

Мацавалася, расло й буйнела, такім чынам, на чужыне першае арганізаванае беларускае цела. Адно не ставала яму афармленьня, якое прыйшло крыху пазьней зь пераездам у Вялікую Брытанію.

 

Падарожжа Сымона Спарыша

 

: I

 

Зьвяз «кар'ераў» чацьвёртае роты семнаццатага батальёну разьмясьціўся ў багатага фармара. Часьць войска начавала ў вялікім і пустым, прыбудаваным да хаты, трысьцене. Іншая памяшчалася ў палатках. Дзякуючы празорлівасьці колькіх жаўнераў, што яшчэ пад час акцый на фронце панацягалі таго-сяго з розных хатаў ды вазілі ў «кар'ерах», пасьцеляў і іншага гаспадарскага дабытку было ўволю. У гэтым жаўнеры зьвязу былі больш шчасьлівыя, чымся тыя, што ня мелі свайго транспарту. Усё, што не спатрэбілася самім, прадавалі.

Лячылі ваенныя раны. «Лячэньне ранаў» ужываем тут у пераносным значэньні. Як прыгадвалася раней, у зьвязе на фронце было адно чацьвёра забітых. Ня было цяжка параненых, якія патрабавалі-б мэдыцынскай і шпітальнай апекі. Лячэньнем ранаў быў адпачынак. Трэба было перадыхнуць ад вялікай буры, якую кожнаму давялося перажыць, падзяліцца ўражаньнямі, падмацавацца фізічна. Найбольш часу й трацілася на тое мацаваньне. Хіба што й слова «мацаваньне» ня зусім трапнае, бо хіба-ж людзі мацуюцца алькаголем? А яго-ж якраз найбольш і спажывалася цяпер, дый ня простага «б'янка» ці звычайнага фармарскага «россо», а розных лікёраў, што купляліся ў Балёніі. У горад езьдзілі часта, амаль штодня, бо за транспартам ня было затрымкі. Адны ехалі пагуляць, іншыя тое-сёе прадаць на чорным рынку ды купіць напіткаў.

І грошай было ўволю. Пасьля франтавой акцыі прыйшоў загад, каб усе падавалі свае матэрыяльныя страты з часу баёў. Пад «матэрыяльнымі стратамі» разумелася насамперш вопратка й абутак ды ўсякі вайсковы рыштунак. Гэтак кожны стараўся падаць як найбольшую лісту стратаў, якіх у сапраўднасьці зусім ня было. Наадварот, дзе як дзе, а ў зьвязе «кар'ераў» быў прыбытак. Багаж ваенных здабычаў, перавожаных зь месца на месца з прычыны немагчымасьці адразу іх збыць, уключаў такія рэчы, як дарагія хатнія дываны, сталовае серабро, розную біжутэрыю. Цяпер-жа адкрывалася магчымасьць прыдбаньня зусім новых і поўных камплектаў вайсковае вопраткі й абутку. Кожны падаваў максімальны лік «страчаных» на фронце рэчаў. Камандзеры ня толькі глядзелі на гэта праз пальцы, але й самі тое-ж рабілі. Выдаткі-ж пакрываліся зь кішэняў ангельскіх, а ня польскіх падаткоўцаў. Дык і чаму-ж не скарыстаць?

- Хіба-ж не за іх ваявалі? Яны-ж і так нас у Ялце Сталіну прадалі, здраднікі! - Гэтак апраўдваліся тыя, што наогул лічылі патрэбным знаходзіць нейкае апраўданьне. Большасьць-жа бяз лішніх цырымоніяў і разважаньняў проста карыстала з нагоды. Гэткім чынам таўсьцелі кішэні італьянскіх спэкулянтаў у Балёніі й іншых гарадох, дзесяткі тысячаў жыхароў Апэнінскага паўабтоку насіла «батледрэсы» й цяжкі вайсковы абутак, а жаўнеры мелі грошы на алькаголь і жанчын. Да таго-ж і надта прыгожая (сказаў бы нехта - боская) пагода спрыяла таму «мацаваньню». Як-жа было ня жыць!

Старэйшыя ваякі, што прайшлі праз ваенны агонь ад падноска ўверх па халявіне італьянскага боту, звычайна, пахмяліўшыся, прыгадвалі самыя розныя ваенныя прыгоды.

- Помніш, як нам горача давялося пад Порто Рэканаці? - пачынаў адзін, сербануўшы добры глыток алькаголю.

- А пад Осімо... - не заставаўся ззаду, каб выказацца гэроем, другі.

- Нідзе такога вы ня бачылі, як мне ўляпілі пад Прэдапіё, калі я з «кар'ерам» папаў у самую гушчу швабскіх пазыцыяў...

- А ці-ж вы забыліся пра Губіё?

Гэткім ладам пачыналася няскончаная тэма. Маляваліся самыя пікантныя дробязі баёў, якія маглі быць, і гэройства, якога ня было; ніколі ніхто ня прыгадваў аб страху, які апаноўвае амаль кожнага жаўнера пад час вялікіх выпрабаваньняў. Прыпісваліся сабе бязьмежная адвага, хітрасьць і вынаходлівасьць. Расла слава ў меру пусьценьня алькагольных пляшак і множыліся тузінамі гэроі.

Звычайна пасьля рэляцыяў аб ваенным гэройстве пераходзілі да адвечна старой і вечна новай тэмы аб жанчынах. Тут ужо больш выхвалялі ня гэройства, а вытрываласьць. Выхваляліся й параўноўвалі тыпы й прыгаство розных сустраканых ня толькі ў Італіі, але і ў Афрыцы й Азіі жанчын. Ня ведаючы, хто гаворыць, слухач збоку мог-бы ўявіць памылкова, што чуе гутарку нейкіх арабскіх шэйхаў ці пашоў - валадароў вялікіх гарэмаў. Аб якіх-жа тонкасьцях артыстызму каханьня толькі не распавядалася!

Характэрнае палякам перабольшваньне й перабіраньне ва ўсім меркі тут мела самыя цьвёрдыя правы грамадзянства. Тое, што магло-б быць недаравальным у іншых, скажам, мірных абставінах, тут прымалася за нармальнае й штодзённае. Як-ніяк гэтыя-ж людзі, як прывыклі гаварыць у Беларусі, «не з аднае печы хлеб елі».

Пасьля шматразовага паўтараньня тых самых гісторыяў аб гэройстве ды аб здабычах на фронце амораў па нейкім часе лгуны самі станавіліся першымі ахвярамі собскае маны. Былі ўжо няздольнымі адрозніць праўду ад хлусьні, фактаў ад фантазіі.

 

: IІ

 

Сымон Спарыш трымаўся ад «гэрояў» збоку. Ня тое каб ня мог зь імі зжыцца. Проста ня лічыў патрэбным. Мяркаваў, што ў роце быў часовым госьцем, што будучыня прынясе нейкія магчымасьці іншых выбараў - ці то прадаўжэньне цывільнае навукі, ці проста вайсковага шкаленьня. Людзі былі для яго чужымі як нацыянальнасьцю, так і рознымі зацікаўленьнямі.Тыя-ж, убачыўшы, што хлапец быў маўклівы, звычайна павольны й задумлівы, вырашылі, што навічок быў проста нейкім дзіваком, і глядзелі на яго як на непрыналежнага да цясьнейшай кампаніі. Іншыя, што менш ведалі Сымона - бо не маглі-ж яго пазнаць за кароткі час сумеснага жыцьця, - думалі, што юнак быў слабаадукаваны дый наогул маларазьвіты. Прыблізна такога пагляду трымаўся й камандзер зьвязу. Быў гэта малажавы афіцэр, наскрозь франтавік. З жаўнерамі жыў па-сяброўску й адносіўся да іх больш як да калегаў, чымся як да падуладных. Магчыма, ад гэтых «гэрояў» і пераняў ён пагляд адносна Сымона.

Быў прыгожы вечар пад канец красавіка. Сонца хілілася на захад. Шмат хто з жаўнераў, як звычайна, асушваў пляшкі. Іншыя сядзелі пры фронце хаты ды назіралі, як фігурная гаспадарова дачка мыла пры калодзезі бялізну, гадаючы, чаму ў яе кароткая спадніца й ці лёгкія подзьмухі ветру падымуць яе наступным разам на пядзю ці дзьве вышэй каленяў. Камандзер зьвязу вярнуўся з паездкі да камандзера роты на суседняй фэрме і, зайшоўшы ў трысьцен, доўга гаварыў зь людзьмі. Чуліся сьмех і жарты. Нейкі чароўны дзявочы галасок з грамафоннай кружэлкі, нядаўна прыдбанай Кашыбандам, захліпаўся мелёдыяй раманса «Бона ноттэ».

Камандзер зьвязу паклікаў у трысьцен Сымона.

- Прыйшоў загад вам ехаць у Ангельшчыну ў школу падхаронжых панцырнай зброі, - пачаў бязь ніякіх прадмоў афіцэр.

Сымон вытарашчыў вочы, глядзеў то на афіцэра, то на іншых падхмеленых сяброў і забыўся пра язык. У галаве мільганула думка, ці не наважыўся лейтанант на які няпрыемны жарт.

- Пане лейтанант, вы не жартуеце? - спытаў нарэшце. - Я-ж не прасіўся й не складаў заявы ў ніякую школу.

- Маеце сярэднюю асьвету?

- Маю.

- Вось пісьмовы загад, што прыйшоў з батальёну ў роту, - пры гэткіх словах афіцэр падаў Сымону паперку, - захапіў яго, каб паказаць вам, бо думаў, што можаце не паверыць.

Юнак хуткім зрокам прабег зьмест паперкі. Памылкі ня было. Ён, Сымон Спарыш, разам зь нейкім Кіршнэрам меў першага траўня быць гатовы да выезду ў Ангельшчыну, каб паступіць на школу падхаронжых панцырнай зброі. Загад быў падпісаны камандзерам батальёну, згодна з загадам камандзера брыгады. Разьвеяліся ў юнака сумлевы. Прачытаўшы, паволі палажыў паперку на стале перад лейтанантам.

- Ну, як? Што вы на гэта?

- Што-ж магу сказаць, пане лейтанант... загад - загадам. Трэба будзе ехаць.

- Заўтра рыхтуйцеся ў дарогу. Загляніце да гаспадарчага падафіцэра. Ён скажа, што маеце з рэчаў здаць, а што затрымаць пры сабе. Пакіньце сваю зброю - яна вам больш непатрэбная.

- Так ёсьць, пане лейтанант! - адсалютаваў Сымон і выйшаў за напоўадчыненыя засовачныя дзьверы трысьцену. Спыніўся й задумаўся над такім нечаканым выпадкам, што мог зьмяніць усю ягоную вайсковую кар'еру.

- І ці-ж ня дзіўна, што цяпер пачалі ўжо такіх у школу падхаронжых браць? - пачуўся з-за прачыненых дзьвярэй трысьцену голас зь вялікім націскам на «такіх».

- Мусіць, бяруць ужо й такіх, што толькі друкаванае патрапяць чытаць, - адказаў поўны іроніі голас лейтананта. Іншыя засьмяяліся.

Сымона. як быццам жыгалам хто джгнуў. Адкуль-жа лейтанант здабыў аб ім такую думку, калі не ад гэтых п'яніцаў? Ён жа навет і ў акцыі пры чужой роце з «п'ятам» быў. Ясна, што афіцэр ня мог ведаць ані ягоных здольнасьцяў, ані ведаў, ані як чалавека. Значыцца, тыя «гэроі-анткі», як у думках заўсёды называў іх юнак-беларус, увялі тое-сёе афіцэру ў вушы. Дык вось якія яны былі! І ці не нацыянальнасьць тут прычынай?

Хлапец далей ня прыслухоўваўся, а павольнымі крокамі пачаў шпацыраваць вокал хаты. Калі да гэтага часу быў няпэўным, ці добра зрабіў ці не, пачуўшы й так раптоўна згадзіўшыся на той загад, што быццам неспадзяваным перуном зваліўся зь неба, то цяпер гэта размова аб ім у трысьцене канчаткова пацьвердзіла, што даў сваю згоду недарэмна. Мог-жа й адмовіцца. За гэта-ж не пакаралі-б. То-ж ня быў загад у бой ісьці, які сьлепа трэба было выконваць. Зрэшты, й чаму-б не паехаць? Хто ведае, ці тая ваенная навука спатрэбіцца ці не, але-ж краіна (вось дзе цымус цэлае справы), краіна, куды яго накіроўваюць... Гэта-ж - Ангельшчына. Там-жа шмат чаго пазнаеш, навучышся акрамя ваеннага. Хаця-б сабе проста задаволіць цікавасьць і зьведаць гэтую цікавую краіну, пазнаць народ, аб якім так шмат чуў, чытаў і якога здалёк залічаў да больш вартасных, чымся палякаў. Вось у чым цэлая справа. Дык ясна, што варта ехаць. Бязумоўна.

«Дык вось-жа скулу вам у бок, пшэкі вы, - адказваў Сымон у думках тым, у трысьцене. - Наўмысьля паеду. Вы зайздросьціце й таму на мяне розныя недарэчнасьці выдумляеце. Што-ж маю рабіць? Піць ды па бабах лазіць з вамі, жулікі?»

Гэткі выснаў зрабіў Сымон Спарыш адносна свайго выезду ў ваенную школу ў Ангельшчыне.

 

: III

 

Кіршнэр, якога Сымон сустрэў, прыехаўшы ў батальён, аказаўся вышэйшым ростам, хударлявым, гарбаносым, вельмі гаваркім бляндынам. Паходзіў зь Львова, аб чым сьведчыла й раптоўнасьць ды прыцісканьне некаторых складоў у гаворцы. Спачатку Сымон думаў, што быў ён жыдком, але гэта не адпавядала праўдзе.

- Ага, то пан з чацьвёртае роты, пане кохасю, - аглядаючы Сымона, гаварыў львавяк, - дасканала, вельмі прыемна. А пан даўно складаў заяву ў школу?

- Зусім не складаў.

- Як? Дык што-ж пан, пане кохасю, тут робіце?

- Загадам накіравалі.

- Як, як? Загадам? Што пан кажа, пане кохасю? Банальнае гэта ўсё, банальнае, кажу пану. Як то маглі пана загадам от так проста...

Сымон нічога ня бачыў у тым банальнага. Кіршнэр асабліва любіў тое слоўца й часта, дзе трэба й ня трэба, ім карыстаўся.

- А пан адкуль, пане кохасю?

- Зь Віленшчыны.

- Знаў я, знаў, пане калега, многа палякаў зь Віленшчыны. Яны так павольна й сьпеўна размаўляюць. Характэрнае гэта сьпеўнае вымаўляньне й расьцягваньне мовы для палякаў зь Віленшчыны, пане кохасю...

- Я не паляк...

- Не?

- Беларус.

- Бялорусін, пан повяда? Банальнае то, банальнае...

- Што-ж у тым банальнага?

- То значыць - я хацеў сказаць, што вельмі ладнае то ўсё, што пан - бялорусін. Спатыкаў я многа бялорусінаў у польскім войску. Ёсьць і ў нашай роце, меў знаёмых і ў іншых адзьдзелах. Там, на Віленшчыне, мусіць, многа было бялорусінаў?

- Бальшыня.

- Як то бальшыня? Не разумею, пане калега.

- Больш, чымся палякаў.

- Так? Цяжка верыць, пане кохасю. Польская статыстыка з 1931-га году запэўнівала нас, што там больш як семдзесят пяць працэнтаў палякаў. Чаму-ж тады вы кажаце, што бальшыня бялорусінаў, пане калега?

- Польская статыстыка, апрача шматлікіх праваслаўных, падала палякамі ўсіх нашых каталікоў. Яна далёка разьмінулася з праўдай.

- Co pan powiada, panie kochasiu... Jak Boga kocham, nie wiedzialem tego, nie wiedzialem. Pikantny z pana typ, panie kolego. Тwierdzi pan, zе nа Wilenszczynie Віalorusinow wiekszosc i ze раnа rozkazem na podchorazowke wystael... Нm... Ваnalne to wszystko, banalne conajmniej, panie kolego...*

* Што вы гаворыце, пане кохасю... Магу пабажыцца, я гэтага ня ведаў, ня ведаў. Пікантны вы тып, пане калега. Вы кажаце, што на Віленшчыне беларусаў большасьць. І што на ваш загад сталі ўсе пад сьцягам... Гм... Банальна, гэта ўсё банальна, пане калега... (польск.)

Кіршнэр малоў бесьперапынна, быццам тыя сялянскія жорны, й цмокаў ад зьдзіўленьня шырокімі вуснамі там, дзе ня было чаму дзівіцца. Сымону гэты палячок выдаўся сапраўды «банальным», калі ўжыць ягонае-ж любімае слоўца. Сам стаўляў сабе пытаньні, быццам накіраваныя да субяседніка, і тут-жа зараз сам стараўся на іх адказаць.

У пераходным абозе каля Форлі чакалі цэлы наступны дзень. Прыехала больш кандыдатаў у школу, перадусім - уланаў з кавалерыйскіх палкоў. Трое зьявіліся з дванаццатага палка Ўланаў Малапольскіх, пару чалавек зь нейкага Палка Швалежэраў, пару яшчэ аднекуль. На Спарыша й Кіршнэра як пехацінцаў глядзелі яны неяк звысоку, з той ужо даўно прынятай і традыцыйнай у іхных адзьдзелах пагардай да пяхоты, да «шэрага пехура», як маўлялі. Кіршнэр са сваёй хуткай разнамоўнасьцю і аж залішняй балбатлівасьцю хутка праламаў лёд і ўсіх амаль парабіў сваімі «калегамі». Сымон, як і заўсёды, больш прыглядаўся й прыслухоўваўся ды трымаўся збоку.

 

: IV

 

Кандыдатаў заладавалі ў кузаў трохтоннага «бэдфорда», яны ўселіся на бочных лаўках, а пасярод разьмясьцілі свае клункі. Самы найстарэйшы, чэрствы з выгляду капрал быў вызначаны камандзерам групы. Кузаў, накрыты сьпераду й зьверху плахтай, адкрылі каля кабіны, каб вецер разганяў духату ўсярэдзіне. Дарога мела быць доўгая.

Стары сіваваты шафёр быў надта спрактыкаваны ў сваім рамястве й гнаў машыну найменш па дзевяноста кілямэтраў у гадзіну. Перад вачыма хутка прасоўвалася панарама прыгожай, вясной прыбранай краіны. Мінулі званую залатой і славутую колішняй вольнасьцю для мастакоў Фларэнцыю, даўгі й старажытны мост на Арно. Асфальтавая стужка шашы круцілася й вілася вужакаю між зялёных вінаградных і садовых узбоччаў ды парыжэлых шчытоў Апенінаў.

Пад'яжджаючы да Арэццо, увязьлі ў вялікім натоўпе на вуліцы. Надрываўся гудок аўтамашыны, стараючыся зрабіць канал у людзкой масе. Сьвяткавалі тут канец вайны ў Італіі. Людзі махалі рукамі й усьміхаліся жаўнерам. На шэрых мурах будынкаў чырванеліся напісаныя рукамі палітычных агітатараў клічы. Цікава, ці дзе ў іншай краіне Еўропы было пасьля вайны выкарыстана на пэцканьне розных клічаў на мурах столькі чырвонай фарбы, як у Італіі.

- Глядзі, глядзіце! - паказаў на вялікую сьцяну адзін з уланаў. «Няхай жыве Ленін!» - гаварылі вялікія чырвоныя літары, а побач цэлы мур цьвіў сярпамі й молатамі.

- Вось-жа й дурны макароньнік! Навет не парупіўся даведацца, што камуністычны прарок ужо даўно здох!

У натоўпе, акрамя нацыянальных італьянскіх сьцягоў, лапаталі ў лёгкім ветры й чырвоныя, бальшавіцкія, зь сярпамі й молатамі.

- Паглядзіш на гэту цёмную масу й часта маеш уражаньне, што ў Расеі знаходзішся. Калі-б не запярэчваў гэтаму краявід і людзі...

- Пры такой галіце няма й дзіва. Зрэшты, ад фашызму Мусаліні да камунізму мосьцік вялікі будаваць ня трэба.

- Цікава, ці заходнія хаўруснікі зьвярнулі на гэта ўвагу.

- Хто як хто, а Сталін-то ўжо, напэўна, пра іх не забыўся.

- Скурчыя сыны, макароньнікі праклятыя!

Наогул агульнай гутаркі было мала. Перашкаджаў гэтаму хуткі рух і гул машыны. Мясьцінамі, дзе асфальтавая дарога была пашкоджаная й засыпаная жвірам, аўтамабіль уздымаў за сабою вялікі слуп пылу, што густа асядаў на прыдарожную зелень ці шэрыя будынкі. Дарога паўколам абагнула слаўнае ў гісторыі з Ганібалавай перамогі над рымлянамі Тразіменскае возера й праз Пэруджу, Асіж і Тэрні зноў павярнула на поўдзень. У меру прыбліжэньня да Вечнага Гораду рух на шашы павялічваўся. Найбольш было вайсковых транспартаў, часта міналі цывільныя італьянскія аўтобусы, а ўжо зусім рэдка трапляліся прыватныя аўтамашыны.

На захадзе сонца Рым усьміхнуўся вежамі сьвятыняў і сьветла-шэрымі камяніцамі. Быццам збор цацак са сьветлай слановай косьці, раськінуўся ён у даліне, перарэзаны вужакай Тыбру. Велічны купал ватыканскай сьвятыні, быццам той паважны й ганаровы гаспадар, паглядаў з цэнтру на тое вялікае скупленьне сьвятыняў, палацаў, руінаў, а па бакох места - высокіх жыльлёвых будынкаў. Воддаль сонца песьціла млявы шэра-блакітны зарыс Апэнінаў.

Ці прычынай старажытнасьць і слава Вечнага Гораду, ці тое, што «ўсе дарогі ў Рым вядуць» - нейкім урачыстым і нявызначаным уздымам жыве чалавек, мінаючы старажытную браму гораду. Зацікаўлены намагаецца адшукаць утоены зьмест і адпячатак гісторыі ў кожным сустрэнутым аб'екце, дагледзець у кожным камяні сэнс колішняй магутнасьці - у застылых суровых поглядах помнікаў, у даламітах і мармуры, адцыфраваць мінулае ў зьедзеных часам і адноўленых старажытных сьвятынях. Воддаль налева высіцца Калізей, й на шырокай плошчы талопіцца дзесь удаль вялікі помнік Віктару Эмануэлю. Над фантанам застыў у камені Нэптун, а на іншай плошчы сурова пазірае бронзавы Марк Аўрэлій. Таўкуцца па тратуарах грамады італьянцаў, часта між цывільных зеляніцца вайсковая вопратка. Вуліца бяжыць уздоўж Тыбра. За ракой адкрываюцца воку шырокія брамы й вялічэзны пляц Ватыкану. Толькі цяпер, прыгледзеўшыся зьблізу, падарожны ўяўляе памеры сьвятыні Пятра й сталіцы каталіцкага сьвету. Сонца залоціць круглы купал сьвятыні, і ўжо ў засені ягонага ценю хаваюцца фігуры апосталаў над высокімі калёнамі.

Аўтамашына скручвае направа цераз мост на Тыбры й лезе на ўзгорак. Тут, абгароджаны высокім драцяным плотам, знаходзіцца пераходны вайсковы абоз. Чаму абгароджаны дротам? Гэта-ж не абоз палонных. Адказ на гэта знаходзіце, убачыўшы вялікую групу цывільных, пераважна жанчын, некаторых з дзецьмі, што чакаюць пры галоўнай браме абозу. Гэта - рымская бедната, што чакае нагоды, каб падабраць крошкі з вайсковых сталоў. Гэта - нашчадкі тых самых плябэяў, што калісь насычваліся відовішчамі катаваных Неронам хрысьціянаў і што пасьля самі падхапілі й разнесьлі па ўсім сьвеце хрысьціянскае слова з катакомбаў. Як тады, так і цяпер выцягваюць яны па хлеб рукі, як калісьці, так і сяньня прадаецца за грошы рымская дзявочая краса. Для іх мала што зьмянілася. Былі калісь на дне й засталіся сяньня. Таму й абгарадзілі калючым дротам колькі баракаў пераходнага вайсковага абозу.

 

: V

 

Рым туліўся яшчэ ў засені раніцы, калі машына мчалася ўжо па Вія Аппія. Дзьве траціны дарогі з-пад Балёніі ў Нэапаль ужо засталося ззаду. Аўтамабіль выбірае дарогу на Касыно, каб яшчэ раз кінуць вокам на мясцовасьць, дзе бушавала найгоршае пекла Другое сусьветнае вайны й дзе сьмерць скасіла тысячы сыноў беларускай, украінскай і польскай земляў. Ужо пад'яжджаючы да кляштарнай гары з поўначы, хаця ня бачыш яе яшчэ, навокал сустракаеш кучы каменьня П'едымонтэ. Гэта калісьці былі хаты. Гляньце - вунь тырчыць сярод руінаў руля разьбітай нямецкай «пантэры»... Направа каля дарогі на раўніне спачываюць абгарэлыя жалезныя дамавіны амэрыканскіх «шэрманаў». Там-сям сярод рознага ламацьця й папялішчаў відаць пераедзеныя ўжо іржой амуніцыйныя скрынкі й лускі снарадаў.

Машына затрымоўваецца ля самага падножжа кляштарнай гары. Шафёр вылазіць з кабіны і, выціраючы на твары пот, разглядаецца. З кузава выскокваюць і, топчучыся на месцы, распрастоўваюць ногі пасажыры. Разглядаюцца. Навокал нейкая магільная цішыня.

- Тут калісьці быў гарадок Касыно, - няведама каму паясьняе сіваваты дзядзька шафёр, паказваючы на кучу злому, цэглы й рознага ламацьця на правым баку шашы. - Зраўнялі зь зямлёю.

Вока блукае па руінах. Пара старэнькіх жанчынаў поркаецца ў руінах. Цяжка адрозніць, дзе былі будынкі. Там-сям ужо павылазіла наверх пустазельле. Нехта ў адным месцы зьляпіў похапкам нейкую будку. Мо які жабрак ці пустэльнік. Кляштарная гара панура ўталопілася ў кучу руінаў ля ейнага падножжа. Даволі высокая яна й зусім недаступная з гэтага боку. На самым версе выстаўляе ўверх пацямнелыя абсмаленыя пальцы шкілет кляштара. Зьнізу выдаецца ён маленькім, мітычным і нерэальным. Можа, і ўся гісторыя аб тым вялікім пекле - гэта сон? Мо й ня было тут ніякага кляштару й сьвятыні? Можа, не загінулі тут тысячы людзей з народаў цэлага сьвету?

Вось - жывыя сведкі. Яны тут бралі ўдзел, некаторыя былі раненыя, пакінулі на палях сьмерці сяброў, блізкіх, мо й родных.

- Там, збоку - даліна сьмерці, - тлумачыць голас. - Немцы не давалі магчымасьці падбіраць трупаў. Сьмярдзела на цэлую ваколіцу. Усялякая насякомая зараза жывілася сьвежай крывёю й людзкім мясам. Санітары ці не санітары - немцы білі па ўсіх. Толькі ўпоцемку стараліся адшукваць раненых, і то нельга было схавацца пад асьвятляльнымі ракетамі...

Глядзіш на поўдзень і дзівішся. Абаронцы Монтэ Касыно мелі дасканалы абстрэл на колькі кілямэтраў у прасторным сэктары. Глыбока, быццам тыя краты, пазалазіўшы ў каменныя бункеры, маглі, гуляючы, нішчыць наступаючых, быццам тых зайцоў, што без аховы й прыкрыцьця апынуцца на голым шырокім полі.

Дзесьці з другога боку кляштарнай гары вырас шматтысячны лес белых крыжоў. Шмат зарабілі там працавітыя магільшчыкі. Сакавітае было жніво. Ад саламяных беларускіх стрэхаў, ад украінскіх і польскіх ляпянак вандравалі людзі праз тайгу Сібіры, стэпы Казахстана й азіяцкія ды афрыканскія пустыні, каб знайсьці супачынак тут, на скалістым узбоччы. За што загінулі? Думалі, што за вольнасьць... Ці-ж ведалі вы, сьвятой памяці гэроі, што крамлёўскі тыран у той самы час душыў ужо вашы бацькаўшчыны?

Ізноў разьдзьмуў вецер макулінкі попелу. Спрацаваная рука бедняка італьянца дбайліва зьмяце набок кучы лому й зраўняе руіны. Ізноў вырасьце на гэтым месцы Касыно, а на гары - грыбы манастыра й сьвятыняў. Бедны далей застанецца бедным, а пакрыўджаны й палонены не перастане трасьці ярмом. Як стагодзьдзямі раней, бубнець будуць у малітвах да Ўсявышняга галасы манахаў, а магільную цішыню навокал будзіць будуць званы сьвятыняў. Будуць і ў будучыні, як раней на працягу стагодзьдзяў, маліцца за людзкія грахі, за памілаваньне, за вольнасьць ад тыраніі й справядлівасьць на зямлі. Адно тысячы белых крыжоў на ўзбоччы гары маўкліва будуць стаяць, каб вечна запярэчваць марнасьці самых вялікіх ахвяраў для здабыцьця міражу-вольнасьці.

Чырвоныя макі на працягу доўгіх гадоў буйнець будуць яшчэ чырванейшымі з прасочанай наскрозь ахвярнай крывёю зямлі.

Пекла тое ня вырашыла справы вольнасьці. Рогі іншага тырана ў той час расьлі й дужэлі ў іншым месцы, за іншымі мурамі. Яны й надалей ахоўваюць гняздо, што ад часоў Каліты было крыніцаю нязьлічоных няшчасьцяў і няволяў.

 

: VI

 

Прыехаўшы ў Нэапаль надвечар, кандыдаты ў школу падхаронжых спыніліся ў ангельскім пераходным абозе «Лямі Кэмп», кілямэтраў пяць на ўсход ад гораду па дарозе ў Пампэю. Тут затрымлівалася брытанскае войска, што чакала мараплаваў для выезду ў Ангельшчыну. Кіраўнік мясцовае польскае каманды паведаміў, што маюць чакаць на прыезд іншых кандыдатаў ды сваю чаргу на мараплаве - усяго звыш тыдня часу. Вестка ўсьцешыла. Была нагода адпачыць, зьведаць Нэапаль і Пампэю ды, у каго ставала грошы, загуляць па-людзку. Так і рабілі. Ужо на наступны дзень «на зайца», гэта значыць затрымоўваючы спадарожныя вайсковыя аўтамашыны, каб падвезьлі, уся група накіравалася ў Нэапаль.

 

«Оut of вounds»

 

: I

 

Чытачу давялося ўжо раней, калі гэроі нашы прыехалі з палону ў Францыі, пазнаёміцца павярхоўна з гэтым прыгожым горадам. Ад таго магло застацца ўяўленьне, што Нэапаль - найцудоўнейшы горад на сьвеце. Гледзячы зьверху - яно так. Але адно зьверху. Дзеля таго загадзя перасьцерагаем, каб ня было рашчараваньняў і нараканьняў, што аўтар уводзіць у зман. Зараз вось, давайце, возьмемся за рукі, каб ня згубіцца ў людзкім мурашніку, ды заглянем усярэдзіну, кінем вокам у самыя цёмныя закануркі. Аб падарожжы нашым, запэўніваем, ня будзем шкадаваць. Пазнаёміўшыся бліжэй з горадам, будзем мець лепшае ўяўленьне аб цэлай краіне і ейных жыхарох.

Праменьні вясеньняга сонца ўперліся ў воды Нэапалітанскае затокі. На вуліцах вельмі горача. Хуткія машыны, пераважна вайсковыя, уздымаюць за сабой слупы пылу. Вуліцы брудныя, засьмечаныя. На тратуарах мала людзей, а дзе ўбачыце цывільных - дык трымаюцца групамі. Ня дзівіцеся гэтаму. У італьянцаў і грэкаў ды іншых паўдзённа-эўрапэйскіх народаў ёсьць такая прывычка трымацца й хадзіць вялікімі групамі. Асабліва-ж калі ідуць знаёмых ці сваякоў адведваць - адразу дзесяткамі.

Зірніце вунь на гэтую ў сярэднім веку жанчыну. Яна трымае за ручкі двое малых дзетак, дзяўчынку й хлопчыка. Апранутая ў нейкую сукенку, што даўно страціла першапачатковы колер, а цяпер наогул цяжка гадаць, якога колеру была. Доўгі час, відаць, не бачыла мыла й праса. Дзеткі замурзаныя. На хлапчуку адны кароценькія штонікі, на дзяўчынцы - нейкі рызман. Яны - босыя, а ў маткі на нагах працёртыя туфлі. Усё гэта худое і, здаецца, даўно не бачыла сонца. Матка выцягвае руку да прахожых і нешта ўвесь час манатонна паўтарае. Падыдзем бліжэй і прыслухаемся.

- Signore, uno lire per Favore, per mio bambini...* - выцягвае худую пасінелую руку да двух вайсковых амэрыканскіх нэграў. Яны, здаецца, не заўважылі беднай. Але вось адзін спыняецца й торкае ў выцягнутую даланю зеленаватую паперку. Жанчына ня верыць вачам. Стараецца пацалаваць чорную руку вайсковага.

* Сіньёр, адну ліру для майго ўлюбёнца, для майго дзіцяці - (італ.)

- Gracie, amico, molto gracie, Dio te benedice!* - вырываюцца словы падзякі.

* Дзякуй, сябра, вялікі дзякуй, няхай блаславіць цябе Ўсявышні! (італ.)

У нэгра на твары ледзь заўважная ўсьмешка задаваленьня. Магчыма, што прыпомніў галечу сваіх людзей у цесных паўразваленых кварталах Чыкага ці Сант-Люіса. Магчыма, й сам мае дома бедную старэнькую матку.

Італьянка далей дакучае прахожым. Мо яна ўдава, мужа дзесь страціла на вайне? Хто-ж ведае? Цывільныя італьянцы не зьвяртаюць на яе ўвагі. Вось вылезьлі зь лімузіна два добра апранутыя пузатыя дзядзькі й кіруюцца ў рэстаран. Адзін зь іх курыць дарагую цыгару. Не спасьцерагаюць выцягнутай рукі й бледных тварыкаў. Адзін касавурыцца на жанчыну, што загарадзіла дарогу й просіць падачы. Для іх гэта бедная, вайной пакрыўджаная істота, роўная назойлівай мусе, якую трэба адагнаць, калі не забіць. Адзін зь іх голасна апавядае нешта вясёлае, раптоўна абодва выбухаюць рогатам ды хаваюцда за дзьвярмі рэстарану.

Але чакайце. Хто-ж гэта тузае нас за край вайсковай кашулі? А вось ён! Бачыце? Малое замурзанае хлапчанё, гадоў мо восем ці сем. Ён босенькі і ў кароценькіх заношаных штанах. На ім вісіць аж ніжэй за калені расшпілены зашмальцаваны вайсковы «батледрэс». На галаве цывільная шапка зь вялікім казырком апаўзае аж на вушы й вочы, і хлопчык бруднаю рукою падцягвае яе на шыю.

- Signori, volete спаць, спаць? Volete una bella Signorina?* - прапануе мурзаты.

* Сіньёр хоча ... Хоча прыгожую сіньярыну? (італ.)

Чуеце? Ён ужо й слова з нашай мовы ведае. Мусіць, не пяршыня яму такі занятак. Ня дзівіцеся. Гэта дасьведчаны агент і, нягледзячы на дзіцячы век, экспарт у сваім рамясьле.

Там дзесьці ў бочных вуліцах чакае адна, а мо дзьве ці тры прыгажуні, для якіх гэты малы шукае кліентаў. Яму мо яшчэ дзевяць гадоў, але жыцьцёвай практыкай ці ня будзе на гадоў паўтузіна старэйшы. Заложымся з вамі, што ведае цэлы сьцяг розных таямніцаў найбольш цёмных закануркаў Нэапалю. Не гаворачы аб тайніцах каханьня, ведае, пэўна, дзесяткі розных прастытутак, цэны, якія бяруць за адну візыту й за цэлую ноч, знае цэны на рынку й масу спэкулянтаў, гнёзды зладзеяў і крымінальнікаў. Хто ведае, колькі-б дала паліцыя за інфармацыю, што мае гэты хлапчук, але-ж ня ўдасца ёй. Бо як-бы жылі тады дзесяткі сем'яў, бацькі й родныя, а мо й дзеці тых дзевак ці жанчын, што гандлююць целам, не гаворачы аб зладзеях і крымінальніках. Не! Хлапчанё гэта нічога не перакажа паліцыі. Гэта пагражала-б і ягонаму існаваньню.

Мы з вамі, ясная рэч, людзі высокамаральныя, дык нас прапанаваны малым тавар ня цікавіць. Дадзім яму вось пару цыгарэтаў, каб не дакучаў, бо нас цяпер цікавіць штось іншае.

Зірніце вунь налева. Бачыце гэтага белага амэрыканца, якога вядуць, узяўшы пад рукі, дзьве прыгожыя паненкі? Вось ён. Прыгледзьцеся. П'янаваты. Набок апаўзла яму шапка з двума рагамі - адным сьпераду, а другім ззаду. Ногі ягоныя няроўна неяк ідуць. Усе трое перакідваюцца словамі й сьмяюцца. У дзевак аж грудзі пад тонкай тканінай падскакваюць. Апранутыя-ж яны не абы-як. Вось праходзяць міма. Чуе нос ваш пахі парфумы? Эгэ, гэта ці ня з тых лепшых, найдаражэйшых? Мо іхні агент непадобны да таго хлопчыка, а сыты й дагледжаны...

Амэрыканец чуецца як быццам на хмарах, пад нябёсамі. Што-ж яму... Кішэні трашчаць лірамі й далярамі. Гэта-ж ён зьяўляецца грамадзянінам найбагацейшай й наймагутнейшай краіны на сьвеце - эканамічнага гіганта й культурнага малакасоса. За даляры-ж можна купіць ці ня цэлую зруйнаваную калыску хрысьціянска-эўрапэйскай культуры. Вось калі захоча, дык нейкі паўгалодны беспрацоўны маэстро, што гадамі студыяваў Вэрдзі, Бетховена ці Пучыні, за жменю ліраў пачысьціць яму чаравікі. Гэта-ж дома ў перапоўненых сьвірнах абжыраюцца пацукі. Мо заўтра часьць таго збожжа з ласкі «Дзядзькі Сэма» будзе прызначаная для галодных у Індыі, Афрыцы ці хаця-б сабе й тут, у Італіі. Ён - магутны валадар сьвету, уласьнік цьвёрдай гарматнай сталі й нявычарпальных запасаў харчоў. Каго зажадае - на павадку павядзе. Для галодных-жа - адно хлеб наўме.

Дык чаму-ж ня жваць гумы, ня цыркаць нітачкай сьліны праз трубачкай скручаныя вусны й не пазіраць на ўсё зьверху. Думаеце, ён ведае, што знаходзіцца ў сьвятыні эўрапэйскай культуры й яму баліць тое, што нашчадкі Рафаэлевых мадоннаў красу прадаюць па завуголлях? Анічуць. Ці тое, што без скарынкі хлеба блукаюць падарожнікі-творцы, што пайшлі сьцежкамі Мікеланджала, Расіні ці Паганіні? Не. Ён любіць і захапляецца чорнымі выканальнікамі джазу, што выводзіцца з афрыканскіх джунгляў, чытае Эрскіна Калдуэла й Джона О'Хару, калі наогул што чытае... Верх красы ў ягоным уяўленьні - «мільёндаляровыя» ножкі Бэты Грэйбл і прынадная фігура Рыты Гэйварт. У газэтах нічога ня чытае, акрамя коміксаў і спорту. Пасьля школы ўсьпеў забыцца ўжо той мінімум аб Шэкспіры й Лінкольне.

Дайце дарогу! Сягоньня ён гуляе. Прыгаршчамі раськідвае даляры й ліры. Вы, найслаўнейшыя са слаўных творцаў эўрапэйскае культуры й цывілізацыі, чакайце й прасіце, каб кінуў вам скарынку ля хатніх парогаў. Недаацэньвае ён вашых статуяў і мазаік, галерэяў і музэяў, опер і бібліятэк. Сяньня сільны той, у каго трашчыць жывот, хто добра апрануты й мае туга набіты кашалёк, каму гімн гудуць прапелеры самалётаў і хто валодае гарматнай стальлю, флотамі мараплаваў ды ў каго дома склады перапоўнены запасамі харчоў... Ня вам-жа хіба крыўдзіцца, што культура ваша не прасякнула, не прабілася праз банкавыя вогнетрывалыя сховішчы, напоўненыя капіталам, празь сьцены вялікіх фабрык і складоў. Ён - гадунец культуры даляра, калі яе наогул так назваць можна. І ці-ж ягоная ў тым віна?

 

: II

 

Ніводнае іншае месца не адлюстроўвае так добра матэрыяльнага боку жыцьця людзкога, як рынак. Тут гандаль таварамі гаворыць аб дабрабыце ці аб беднасьці народу. Асабліва выразныя рысы матэрыяльных розьніцаў народу пасьля вайны. Калі не лянуецеся, заглянем тады на нэапалітанскі рынак - не таму, што самі маем нечым гандляваць, а проста каб пацікавіцца.

Тут больш, чымся дзесь у горадзе, сустракаем вайсковых. Прадаюць спэкулянтам цыгарэты, некаторыя збываюць вайсковую вопратку, абутак. Асабліва добра й лёгка ідуць вайсковыя коцы, ручнікі, посьцілкі. Як звычайна, трапляюць яны адразу ў рукі спэкулянтаў, што могуць плаціць большыя цэны. Гэта яны ўжо пасьля нажываюцца з тых, зь якіх якраз найменш трэба было-б нажывацца, - з самых найбяднейшых.

Бачым тут харчавыя прадукты, пераважна розных сартоў макароны, алівы, муку, агародніну й іншае. Мы харчоў ня купляем і дакладна навет ня ведаем аб разьмерах бюджэту, патрэбнага на ўтрыманьне сям'і, але з таго, што бачым і чуем мімаходам, відаць, што цэны высокія. Праходзім праз доўгія шэрагі лавак, на якіх прадаецца ўсялякае рызьзё. Відаць, што рука нэапалітанца апустошвае шафы й куфры, каб неяк пажывіцца за кошт падношанае вопраткі. У іншых мясцох відаць сталовае срэбра, абразы няведамых нам мастакоў. Гэтыя прыбылі сюды, мусіць, з дамоў багацейшых ці мо ад каторых аматараў зьбіраньня мастацкіх рэчаў, якіх той самы голад прымусіў расстацца зь імі. Калі-б хто захацеў зрабіць спіс усяго, што тут ёсьць на продаж, давялося-б ці мала папацець і шмат страціць часу. Ад сярэбраных падсьвечнікаў да падношаных шаўковых хусьцінак і ад ніжняга жаночага хусьця да слаўных італьянскіх акардэонаў - чаго тут толькі няма! Усе зьвягаюць, заклікаючы магчымых купцоў, як хто ўмее й патрапіць. Над морам гэтым, што часта павыцягвала з хаты апошняе, каб збыць і прыдбаць кавалак хлеба, ды тымі, што ахапкамі скупліваюць вайсковыя рэчы, каб пасьля нажыцца зь бедных, нясупынна стаіць вялікі гоман.

Вось прыліп да нас нейкі стары мужчына й выхваляе рознакалёрныя сувэніры: розныя пацеркі, выкладаныя бліскучымі каменьчыкамі крыжыкі, здымкі Вэзувія й нэапалітанскага каралеўскага палацу, прыгожыя, зробленыя з рознакалёрнай плястыкі папяросьніцы й табакеркі й яшчэ тое-сёе. Збоку хлопчык аж ахрып, выхваляючы свае цыгарэты «Нацыяналі», водар якіх падобны да смуроду бальшавіцкага «Паміра». Ён налягае на цывільных, а ад вайсковых стараецца купіць «Плеерсы» і «Капстаны». Цана больш-менш сталая - сто ліраў за пачку з дваццаці штук. Гаворачы аб саміх грашах, варта зацеміць, што можна тут купіць якую хочаш валюту, пераважна-ж ангельскія й амэрыканскія папяровыя фунты й даляры. Ангельскі фунт хістаецца ад чатырох да шасьці сот ліраў, амэрыканскі даляр ня возьмеш ніжэй за сотню. Фунты йдуць найхутчэй пяцёркамі, а даляры - дзесяткамі.

Ліры - пераважна акупацыйныя, выпушчаныя ваеннымі ўладамі, але сустракаюцца й шырокія ды прыгожыя перадваенныя. Асабліва ўважайце на акупацыйныя, калі гандлюеце з цывільнымі, бо сярод вялікае масы капіталу ў руху прыблізна адна трэцяя - гэта фальшыўкі. Таксама пільна сачыце за сваімі кішэнямі, бо лёгка можаце стацца ахвяраю спрактыкаваных спэцыялістаў. Тут, на гэтым рынку, ясна, можаце купіць ня толькі тое, што вочы бачаць. Пэўна, палова цывільных, якіх бачыце з пустымі рукамі, гандлюе таварам, што ходзіць на дзьвюх нагах.

Адылі найбольш сэнсацыйныя гандлёвыя абароты адбываюцца ня тут, на рынку, а ў дарагіх кавярнях ці начных клюбах. Там пераважна сярэднія афіцэрскія чыны й пераважна амэрыканскія сустракаюцца з цывільнымі, што кураць дарагія цыгары, і мільёны ліраў ці тысячы даляраў мяняюць сваіх уласьнікаў. На наступны дзень ці вечар вайсковае транспартнае аўта заяжджае ў нейкі глухі завулак, і адбываецца пераладоўваньне цыгарэтаў, бэнзіны, алівы ці апонаў у цывільную машыну. Тая пасьля спяшыць дзесьці ў склад, і прывезены ладунак развозіцца меншымі машынамі, а то й разносіцца ў шматлікія пункты для збыту рукамі меншых спэкулянтаў. Карыстае пры гэтым цэлая сетка. Найчасьцей тыя, што робяць свой інтарэс у кавярні ці начным клубе, курачы дарагія цыгары й п'ючы лікёры, рэдка бачаць сам тавар. Адно загадваюць сваім лейтанантам, а ўдзень дзесьці працуюць у бюро ды на паверхні захоўваюць усе патрэбныя нормы добрага грамадзяніна.

Бывае і йнакш. Калі вайсковае аўта перакіне свой ладунак у якім цёмным завулку ці складзе на цывільнае, то па дарозе раптам напаткае вайсковую жандармерыю. Гэта апошняя, забраўшы тавар, акружным шляхам прадае яго іншаму спэкулянту - звычайна большай рыбцы, - а там-жа зноў і ўжо іншая, здаецца, група жандармерыі ловіць цывільных па дарозе ды зноў канфіскуе, каб пазьней колькі разоў тое-ж самае прадаць. Ня дзівіцеся. Гэта ня выдумка, а праўда. Гэткія «гандлі» часта адбываліся ў Рыме, Нэапалі, Мілане й іншых італьянскіх ды эўрапэйскіх гарадох. Зразумела, што з боку вайсковых спэкулянтаў, што выкарыстоўваюць тут збройную сілу над цывільнымі, мусіла дзейнічаць спраўная сетка дзесяткаў людзей. Небясьпека была вялізная, але затое-ж і мільёны грошыкаў дармавых. Рабіліся такія «абароты» часта пераважна амэрыканцамі. Аб якой-небудзь маральнасьці ці сумленнасьці спэкулянтаў наогул, а вайсковых у асаблівасьці, не даводзіцца й гаварыць.

 

: IІІ

 

Ідзём вуліцай Вія Рома. Направа ўверх пад гару цягнуцца доўгія й вузкія завулкі. Яны цяпер у засені старых муроў, дарма што нядаўна прабіла поўдзень. На шэра-цёмных сьценах пры ўваходах у завулкі чарнеюць вялікія калы з іксамі (X) пасярэдзіне, а пад нізом - вялікі надпіс па-ангельску: «Оut of bounds for all military personnel» (забаронена для ўсякага вайсковага пэрсаналу). Вайсковым, значыцца, няма туды ўваходу. Там - зусім другі сьвет, чым на Вія Рома. Там - бяда й галеча, прастытуцыя й гнёзды зладзеяў. Там жыве чалавек, якога капітал і вайна сьпіхнулі на самую ніжэйшую прыступку грамадзкае драбіны.

Мала хто з жаўнераў зважае на тое «аўт оф баўндс». Бывае, праўда, што загляне сюды вайсковая паліцыя ды адвядзе колькі адважных пад юрысдыкцыю паліцыйнага вайсковага сяржанта. Здараецца. Але-ж і паліцыя ведае, што немагчыма пералавіць усіх, калі-б навет і стараліся. Норы-ж там цёмныя, доўгія й глыбокія, сырыя й небясьпечныя. Дык і йдуць жаўнеры, пераважна з адной думкай у галаве, звычайна сьпяшаць за малым басаногім замурзаным хлопчыкам. Хто там будзе ўвагу браць на тыя знакі...

Уваходзім у завулак. Ён вузкі й цесны. Шэрыя сьцены муроў дзесяткі гадоў ужо, напэўна, ня нюхалі вапны ці якой фарбы. Каля самага нізу яны падзёўбаныя, быццам паабгрызаныя, месцамі шчарбатыя, з павыпаданай цэглай, быццам шчарбатыя. Брук даўно забыўся, як выглядае мятла. Каля сьцен ляжаць кучы сьмецьця, у якіх капаюцца замурзаныя, апранутыя ў рызьзё, а то й зусім голыя малыя дзеткі. Тырчаць дзесяткі галоваў з шырокіх паадчыняных дзьвярэй. Адтуль цягне змрокам і сырасьцю. Вось пры адных такіх дзьвярах жанчына з бязладна апалым на худыя плечы й на бледны твар валосьсем дае дзіцяці грудзі. Малое - зусім голае. Яго не падманеш сухімі грудзьмі. Крычыць на найвышэйшай ноце слабенькім, ад частага плачу надарваным галаском. Матка трасе яго, каб супакоілася, і штось крычыць на падлеткаў, што непадалёк паднялі зь нейкай прычыны вэрхал.

Туды й сюды снуюцца цёмныя цені людзей. Пасярод вулкі курыцца малое вогнішча. Над кароткімі языкамі агню ў дыме стаіць на чатырох ножках рашотка. На ёй - пара гаршкоў, а побач - у адкрытых вайсковых кансервных пушках грэецца фасоля. Няцяжка пазнаць, адкуль яна: гэта - амэрыканскі «порк энд бінс». Хто ведае, якім шляхам сюды трапіла - мо праз рынак ці зладзейскія кішэні, а магчыма, й пры пасярэдніцтве таго маленькага хлопчыка-агента. Навокал вогнішча - згорбленыя фігуры старых. Дзеці выглядаюць ім цераз плечы й зачаравана сочаць за пажывай у бляшанках. Паморшчаная гадамі старэчая сіняватая рука выцягвае з катла развараную, калісьці сушаную рыбу. Павольна пачынае кратацца й жаваць бяззубы, аброслы шчацінаю рот. Рызман споўз зь пляча. Збоку ляжыць жабрачая кавяла, якую часамі падымае касьцістая худая рука, каб адагнаць зьвяглівых і назойлівых малых.

- Вія! А вія! - ледзь чутна сярод агульнага вэрхалу. Дзесьці з глыбіні нары-завулка захліпаецца надарванымі і паржавелымі гукамі шарманка. Вунь здалёк збліжаюцца з раўнамерным рытмам па каменьнях дзьве цяжкія пары жаўнерскіх чаравікаў, а між імі тупаюць дробненькімі крокамі ня зусім ужо новыя, але добра яшчэ ўтрыманыя жаночыя туфлі.

Быццам віхор, пранёсься міма нас басаногі малы хлапчук наўцёкі ад падлетка, які нешта крычыць і лаецца на малога. Уверсе на шнурках сохне латаная бялізна. Дзесьці зь верхняга вакна жаночы голас кліча сына ці дачку. З кутка зноў далятае плач дзіцяці. Чуваць гоман у шэрых цемнаватых сырых падвалах. Там цэлыя сем'і жывуць ва ўмовах, якія цяжка было-б апісаць.

Гэта - дно жыцьця, нара, у якую ўваход забаронены - «аўт оф баўндс». Продкі гэтых беднякоў некалі пад загадам магутнага Рыма тапталі іншыя дзяржавы й народы, вышчэрблівалі й бурылі чужыя абаронныя муры, кіравалі моцнымі людзьмі тагачаснага сьвету. Іншыя служылі ў сваёй-жа дзяржаве нявольнікамі, даглядалі гаспадаркі й прыслужвалі пры багатых сталах патрыцыяў. Ня так даўно ганялі па пустыні абісінцаў, дужаліся з грэкамі й парадавалі па вуліцах са зброяй у руках пад загадам Мусаліні. Прыйшла новая вайна - зноў-жа ня іхняя. Тысячамі забіралі іх у палон у Афрыцы ў той час, як дзеці шукалі па сьметніках скарынак хлеба і аранжавых шалупінаў, а маткі, жонкі, сёстры й дочкі аддавалі апошняе на продаж за сродкі для мізэрнага існаваньня.

Вайна прынесла яшчэ большую галечу, сьпіхнула на яшчэ ніжэйшую прыступку. Пэўна-ж, бальшыня з гэтых пралетараў ніколі ня чула пра барадатага Маркса. Адылі сяньня рукі іхныя пэцкаюць чырвонай фарбай сярпы й молаты ды камуністычныя клічы па сьценах і платох цэлае краіны. Ня ведаюць, што хаця-нехаця зьяўляюцца шчупальцамі самага большага тырана, што ўслаў касьцямі мільёнаў ахвяраў Эўропу й Азію. Крывадушныя й зманлівыя клічы тыранавых служкаў не гарманізуюцца з сэнсам казаньняў слугаў рымскага намесьніка сьвятога Пятра. Ды хто зь іх, гэтых бедных і пакрыўджаных, ужо заўтра жадае лезьці ў замагільны рай? Як можа чалавек мацавацца духова, калі занадта дакучае сяньня ненакормленае й неапранутае цела?

Вунь у тысячах сьвятыняў па цэлай краіне застылі ў мармуры і ў фрэсках статуі й воблікі, абразы й фігуры сьвятых і самога Валадара Нябеснага. Зьзяюць у вясеньнім сонцы купалы й вежы касьцёлаў, енчаць, заклікаючы на малітву, цяжкія званы. На стварэньне сьвятыняў вякамі адкладвалася найбольшае багацьце. Вунь стальныя жаролы й шматпрапелерныя бамбавікі зраўнялі з зямлёю кляштар й сьвятыні Монтэ Касыно. Адылі ўцалелі валадары стальных жаролаў і самалётаў, таксама як уцалелі й собсьнікі кляштару. Першыя спажываць будуць плёны перамогі, іншыя на руінах кляштару пабудуюць яшчэ мацнейшы й прыгажэйшы. Адно доўгімі гадамі сьлязьмі будзе выплакваць вочы гаротная матка ці малая сірата, гараваць будзе ўдава ці з кавёламі цягацца па жыцьцёвых сьметніках ваенны калека.

Іншы тыран зь іншае зямлі карыстаць будзе зь нядолі найбяднейшага й найбольш пакрыўджанага, муцячы цёмную вадзічку й заклікаючы яго да нейкіх новых і яшчэ большых высілкаў. Тыран нап'ецца больш крыві паняволеных, а ў новай вайне вырастуць новыя крыжы або й бязь іх ахутае зямля шмат бязыменных і загубленых.

 

: IV

 

Мы, паважаны чытачу, зайшоўшы ў Нэапалітанскі завулак і ўгледзеўшыся ў самае дно жыцьця людзкога, ня будзем плакаць па чужым горы, бо сваё цераз берагі пераліваецца. Ведаем, што родзічы дома жывуць у такой самай, а мо й горшай галечы й што на Бацькаўшчыне рэдка знойдзеш сям'ю, што ўцалела ад вайны. Учора яшчэ ў беларускіх лясох і пушчах вецер разносіў попел зьедзеных пажарамі беларускіх вёсак, і вылі па начах над папялішчамі ваўкі, што раней абжыраліся сьвежымі трупамі. Побач, у зямлянках, дрыжэлі ад гэтага выцьця галодныя сяляне. Вечны гаротнік беларус парыць косьці ў параскіданых па ўсёй Эўропе й маскоўскай Азіі супольных магілах замучаных і закатаваных, а іншы, яшчэ жывы нявольнік на парозе сьмерці трасе аковамі.

Месяцамі й гадамі, днямі й непраспанымі начамі крывавіліся нашы сэрцы аб нядолі братоў і сясьцёр, бацькоў і матак, блізкіх і родных. Прасілі й далей прасіць будзем Усемагутнага, каб накіраваў моц гневу свайго супраць крыўдзіцеляў і тыранаў, панявольнікаў і іх сьведамых слугаў, ды каб не пакінуў нас без апекі і памог спрычыніцца да выраўнаньня крыўдаў і прыспораньня ўзнагародаў найбольш цярплівым з усіх цярплівых.

Мы сяньня блукаем з вамі, паважаны чытачу, па чужых краінах, гарадах і завулках, мерачы чужую нядолю. Мы - у чужых мундзірах і пад зяленівам вайсковай тканіны ў сэрцах сваіх тоім крыўду й гоім зробленыя нам вялікія раны, песьцім любоў да патаптаных і прыгнечаных, захоўваем нянавісьць да тых, што плянуюць у будучыні іншыя няволі й іншыя бойні.

У нас - чыстае сумленьне, бо нікога не забівалі й ня крыўдзілі, ня прыгняталі і ў ланцугі не закоўвалі. Міралюбны сялянскі народ наш вякамі араў свае гоні й сачыў, як ягонае дабро падарожнічала на ўсход і на захад, а сам жыў у заўсёднай нястачы. Мы ганарымся ня тым, што ўпалі і вось ужо пару вякоў у чужым ярме стогнем, а ліхі вецер разганяе-растрасае нас па прасторах сусьветных, але тым, што сьмела назвацца можам сваім нацыянальным імем і проста глянуць у вочы кожнаму, бо не належым да нацыянальных разбойнікаў і афэрыстаў.

Народ наш, у той навет слаўны далёкі час, калі меў сілу й магутнасьць, калі межы ягоныя сягалі ад Балцкага да Чорнага мора, не падымаў рук на слабейшых і агрэсіяй не сягаў на чужое. Сталь ужываў на нарогі для плугоў і іншыя прылады, што прадуктавалі дабро, а ў школах нашых ня вучылі нянавісьці да бліжняга так, як у суседзкіх, але дбайна ахоўвалі прамень сьвятла, што зырка разганяў найглыбейшыя цемры невуцтва й нясьведамасьці. Краіна наша славілася тымі людзьмі, што ня толькі здабылі першыя дасягненьні ў галіне асьветы дома, але й несьлі зьніч веды ў суседнія дзяржавы.

Майстры нашы й скульптары будавалі сьвятыні, каб славіць Бога, школы й дамы для людзей, а не вастрылі зброі, каб пашыраць гвалт і разбой, які ніколі ня меў асноваў у характары беларуса. Аб абаронныя пікі й шчыты нашы разьбіваліся татарскія орды, крыжацкія ордэны й маскоўскія палкі. Трагэдыяй народу нашага было тое, што надта даверлівы быў да чужынцаў ды занадта вялікае й шляхотнае меў сэрца. Не спасьцярог у пару, што сіла для абароны межаў сваіх павінна быць такая-ж моцная, як тая, што мусіла-б быць нарыхтаваная для захопніцтва.

Іншыя доўга вастрылі свае зубы й прагнулі нашай крыві. За неасьцярожнасьць мы дорага заплацілі, бо кроў гэта паплыла рэкамі, і вось стагодзьдзямі ўжо ня высыхае акрываўленае рэчышча нашых цярпеньняў. Зямелька наша дарагая ўсеяна сьвятынямі ахвяраў у абароне вольнасьці - курганамі-магіламі, руінамі абаронных цьвярдыняў, магільнымі камянямі. Скарбы нашы народныя спачываюць у музэях, галерэях і банках Масквы, Бэрліну й Варшавы, а пракляты нашчадак няслаўнага Івана Грознага й Пятра Першага апляваў і апаганіў пасад Рагнеды й Вітаўта.

Мы не выхваляемся вялікімі цярпеньнямі, бо вялікі ня той, хто слынны ў перамозе й разбойніцтве, а плача ў нядолі, а той, хто сьціплым і велікадушным патрапіць быць на шчыце свае магутнасьці ды захавае вернасьць ідэям сваім і мужнасьць ды вытрываласьць у прадоньнях фізычных і духовых цярпеньняў. Мы цешымся й ганарымся тым, што ніякія ліхалецьці й прылады чужога гвалту над нашым народам ня перарэзалі асноўнай тканіны ягонае жывучасьці й што сяньня непераможны беларускі арганізм расьце новымі маладымі парасткамі, якія ў будучыні выцягнуцца да сонца каронай пышнае вяршыні сярод чужога пустазельля.

Нам варта ўжо раз і назаўсёды навучыцца, што дабрата, вялікадушнасьць і любоў да іншых маюць сваю меру, асабліва калі тымі іншымі могуць быць патэнцыяльныя нашы ворагі. Колькі-б даброці ні мелі мы ў народным сэрцы сваім, як моцна ні трымаліся-б законаў Валадара Зямнога й Нябеснага, мусім не забывацца ані на хвіліну, што знаходзімся на зямлі й жывём сярод ваўкоў. Пастух ня хваліць авечак сваіх за тое, што яны, зьбіўшыся ў кучу й не парупіўшыся аб абароне, бездапаможна сочаць, як пражэрлівыя ваўкі цягаюць жывёлін зь іхняга статка. Гэтак і Бог не пахваліць бездапаможных з прычыны іхняе незараднасьці. Калі на недахоп зараднасьці ў народзе нашым наракаць не даводзіцца, то трэба адзначыць, што на этапах гісторыіі часта адкідалі мы ўбок зброю, каб узяцца за ручкі плуга тады, як надыходзіла грозная хмара, а сяньня гаруем цераз меру з прычыны неасьцярожнасьці ў мінулым.

Дбайліва гартаць мусім бачыны мінуўшчыны нашай, аналізаваць-ператрасаць памылкі продкаў, каб не паўтарыць іх цяпер і ў будучыні. Са скарбніцы людзкой культуры й навукі мусім здабываць пэрлы й дыяменты ведаў, карыстацца імі, бесьперапынна шліфаваць й песьціць, каб яшчэ ўлепшанымі перадаць наступным нашым пакаленьням.

Не забываймася, што акрамя прысуду Валадара Зямнога й Нябеснага будуць судзіць нас і нашыя нашчадкі. Жыцьцё наша ёсьць адно кароценькае злучво ў ланцугу бязьмежнага часу, й шкадавата траціць яго на гадоўлю тоўсьценькага сытага жывата ці выключна на памножаньне свайго матэрыяльнага багацьця. Няма нічога цяжэйшага для разумнага чалавека, як пры адыходзе ў магілу мучыцца сьведамасьцю, што згнаіў жыцьцё сваё й не прыдбаў у скарбніцу сямейную й народную ніякага духовага й матэрыяльнага, асабліва-ж духовага, капіталу. Цяжка таму, хто пападзе ў няволю й хто ведаў вольнасьць, але не лягчэй таму, хто ў няволі родзіцца й якому не даюць расьці й нармальна разьвівацца. Ён не пачне капацца ў прычынах, чаму дзед ягоны ці прадзед выпусьціў з аслабленае рукі меч, а больш парупіцца аб тым, каб памяць продкаў зганіць праклёнамі.

Цяпер, пасьля сусьветнага катаклізму, людзі й народы капаюцца ў руінах ды, выцягваючы адтуль галавешкі, стараюцца адгадаць ня толькі прычыны пажару ці ўстанавіць імёны й віну падпальнікаў, але й знайсьці сьляды памылак, што зрабіў род людзкі, дапусьціўшы падпальнікаў да іхняе мэты. Нам больш, чым каму, пакапацца трэба ў папялішчах ня толькі сусьветнага пажару, але, перадусім, свайго роднага гнязда, каб распазнаць ды вывучыць крывулі, якімі вандравалі нашы далейшыя й бліжэйшыя продкі. Адно такім чынам зможам цяпер і ў будучыні правільна стаўляць чарговыя вехі на шляху да вызваленьня й дабрабыту народу нашага.

Горкая нядоля шмат чаму нас навучыла, а - найважнейшае - тое, што народ наш вытрывалы й несьмяротны, дарма што апынуўся ў найцяжэйшым і найбольш мулкім ярме. Адсюль у нас вера, што перад ім ляжыць сьветлы прасьцяг будучыні, а вера гэта - непахісная. Паколькі сьветласьць будучыні той у вялікай меры залежыць ад таго, што мы за час жыцьця свайго зробім ці чаго ня зробім, то будзем старацца адно, каб Усемагутны прыспорыў нам сілаў да працы, здароўя, адвагі й вытрываласьці. А з усім гэтым ня будуць страшыць нас на шляху ніякія перашкоды, й ніякай людзкой сіле ня ўдасца ўжо спыніць наш рух да народнага вызваленьня й дабрабыту.

 

Імглістыя берагі

 

: I

 

Зьзяе ўдзень блакітнае Міжземнае мора, пазалочанае сонечнымі праменьнямі. Яно - звычайна спакойнае. Адно лёганькі ветрык-гарэза гойдаецца на грыўках хваляў. Сонца ўглядаецца ў шурпатае люстэрка мільёнамі кавалкаў золата. Кінь зрокам навокал мараплава й заўважыш не адзін статак дэльфінаў. Гэтыя гулякі пырскаюцца вадою, быццам тыя гладка-падкормленыя парсюкі, выскакваюць над вадою, гоцкаюцца. У іхняй ляніва-павольнай гульні прасочыш заадно бестурботнасьць і самаўпэўненасьць прыроды, уцеху ўсяго жывога - здаецца, каб наўмысьля пажартаваць зь вечна заклапочанага чалавеку. Маеш уражаньне, што няма ў іх клопатаў аб харчах ці розных сямейных справах. Мо яны належаць да марскіх гультаёў, а мо пажыва сама прыходзіць ім у адкрыты рот?

Калі сонца патоне ў блакіце хваль на захадзе, вада апранаецца ў цёмна-папялясты колер. Тады яшчэ выразьней чуваць, як мараплаў рэжа спакойныя вадзяныя грудзі і як шырокая канава ззаду зьліваецца голасным плёскатам у гладкую плошчу, пакрытую белаватаю пенай.

Перад Сымонам Спарышом, што любіць замыкацца ў свой собскі сьвет і які цяпер зноў, абапёршыся на апору на задняй палубе, углядаецца ў дэльфінаў і тую канаву ззаду мараплава, адчыніўся новы сьвет невядома куды ськіраванай дарогі. Ад аднаго чужога берагу да другога, ад Нэапаля - да Ліверпуля. Так даўно, здаецца, дарога тая пачалася, так шмат прыйшлося рабіць крывуляў, ламаць перашкодаў, блудзіць. Калі-б гэты мараплаў вёз яго на вольную Бацькаўшчыну...

Але ці-ж ён адзін? На Апэнінскім паўабтоку пакінуў пяць месяцаў маладога жыцьця, адрэзак змаганьня за чужую славу й інтарэсы. Засталіся там блізкія сябры. А колькі-ж было такіх, што, выкінутыя з Бацькаўшчыны, цераз сібірскую тайгу й казахстанскія стэпы ды афрыканскую спякоту прыйшлі на сонечны бераг і там засталіся спачываць навекі...

Спарыш асягнуў ранейшае, ім-жа пастаўленае «абы перажыць і выжыць». Дый дарога тая некалі-ж паверне на Беларусь.

 

: II

 

Мараплаў «Самарыя», што ў ліку іншых прыбліжаўся да Ліверпуля, познай травеньскай раніцою шукаў дарогі, плыў быццам вобмацкам, часта дрыжэў густым сігналам. Памалу абмацаўшы сьцежку, уехаў у шырокую паласу між «боямі» (навігацыйнымі знакамі). Гэта былі малыя сьпічастыя плаўкі-вежы, што трымаліся на якарах і жаласна-манатонна, быццам тыя авечкі ці козы ў гарах, пабрыньквалі невялічкімі званкамі. Боі-плаўкі вызначалі трасу да порта, былі бар'ерам між глыбейшым і мялізнаю. Мокра-густая імгла тоўстаю павалокаю засланяла ўсё навокал. Дзесьці ўверсе, на ўсходзе крышку паясьнела. Там мусіла падняцца ўжо вясеньняе сонца, што прамянямі, быццам дзідамі, старалася пранізаць тоўстую й шэрую мглістую сярмягу. А сярмяга тая рухалася і, здавалася, то радзейшымі, то гусьцейшымі слаямі пасоўвалася на ўсход.

Як пчолы перад выраем увесну суцэльнаю масаю пакрываюць вулей, так усё, што жывое было ў мараплаве, карабкалася з ягоных нетраў на палубы, дзе ледзь можна было праціснуцца. Зялёны натоўп зрокам упіваўся ў сівую мокрую сярмягу, стараўся ўгледзець абрысы адным блізкага, а мо й роднага, іншым - чужога порта. Чырвона-рудыя, загарэлыя пад паўдзённым сонцам твары не гарманізаваліся з капрызным імглістым надвор'ем. Кнігаўкі ватагамі кружылі навокал, напаўняючы паветра журботнымі, аднатоннымі крыкамі. Здавалася, што й крыльлямі ляніліся махаць, адно якраз колькі было патрэбна, каб у лёце ўтрымацца.

Неба пачало праясьняцца, й навокал вырасталі першыя партовыя ды гарадзкія аб'екты. Былі гэта цёмныя сілуэты высокіх партовых алеватараў, доўгіх складоў пры прыстанях, далей-жа - будынкі самога гораду. Шмат міінула часу, пакуль адзінаццаць пасажырскіх мараплаваў, у тым ліку й «Самарыя», знайшлі адпаведныя месцы ля прыстаняў і пазакідалі якары. Ваенныя караблі, што праводзілі іх праз Атлянтычны акіян, раней яшчэ павярнулі назад, у ваенныя парты.

Выладоўваньне дзесяткаў тысяч жаўнераў ды іхняга багажу трывала цэлы дзень. Жаўнеры пераходзілі на чыгуначную станцыю, званую «Рывэрсайд стэйшн», што знаходзілася тут-жа пад носам, ды разьяжджаліся ва ўсе кірункі Ангельшчыны.

Сымон Спарыш, таксама як і іншыя кандыдаты ў школу падхаронжых, уважна сачыў за ўсім, што адбывалася вавокал. Перадусім цікавілі яго людзі. У кожным сустрэчным цывільным стараўся ўгледзець ня толькі твар і характар гэтага новага для яго народу, але, здавалася, і сваю будучыню на іхняй зямлі. Тое, што бачыў, не падабалася. Людзі выглядалі страшэнна бледнымі, худымі, халоднымі й шэрымі, да гэтай імглы падобнымі. Здавалася, што калі яны сустракаюцца з роднымі й блізкімі, якіх даўно ня бачылі ды якія вяртаюцца ўцалелымі й здаровымі з вайны, уся істота іхная мусіць быць перапоўненая непамерным шчасьцем. Радасьць мусіла-б пералівацца цераз берагі, проста ня мець межаў. А тут яно ўсё неяк ня так, як мусіла-б быць - здавалася Сымону. Праўда, відаць на тых бледных і загарэлых тварах сьляды радасьці й чуваць галасы ўцехі, відаць цалункі жонак з мужамі, матак з сынамі. Але ўсё гэта надта-ж стрыманае, нейкае над меру асьцярожнае, сказаў-бы хтосьці, аж залішне абмежаванае. Ці-ж гэтак вітаюцца беларусы, калі радня вяртаецца з далёкае ды яшчэ ваеннае дарогі?

«Цікавы гэта, мусіць, народ» - думаў Сымон. - «Ці-ж ня ўмеюць яны па-людзку весяліцца, радасьці свае выказаць? А мо гэта так адно публічна? Усё-ж завялікая стрыманасьць. Як-бы-ж гэта я цешыўся, калі-б дапамог мне.Бог, скажам, вярнуцца ў свой Менск ці родную вёску... Я з радасьці хадуром на галаве хадзіў-бы, можа, падскочыўшы з уцехі ў бацькоўскай хаце, столь галавой прабіў-бы... Божа-ж ты мой, Божа! Няўжо-ж не будзе канца гэтай вандроўцы? Якімі-ж гэта сьцежкамі яшчэ прыйдзецца валачыцца й якія ліхалецьці перажыць, пакуль зноў, як калісьці, штодня ідучы ў гімназію, буду мець магчымасьць пакланіцца Вастрабрамскай Божай Маці ці раўнамерным крокам мерыць менскі тратуар?..»

 

: III

 

Вялікі вайсковы абоз Кэтэрык Кэмп, што знаходзіўся ў Ёркшыры ў адлегласьці кілямэтраў чатырох ад мястэчка Рычманд, не належаў да тых, што пад час другой вайны будаваліся брытанцамі на скорую руку. Быў ён цэнтрам панцырнага шкаленьня брытанскае арміі. Невялікая часьць прыдзелена была для ўжытку польскага першага корпусу генэрала Мачка й зьяўлялася цэнтрам панцырнага вышкаленьня польскіх адзьдзелаў у Ангельшчыне. Абоз быў прыгожа расплянаваны, з добра дагледжанымі баракамі, складамі, майстэрнямі. Акрамя такіх аб'ектаў штодзённага ўжытку, як лазьні, кухні, сталовыя, кавярні, меў сваё кіно й большы будынак, які можна было назваць тэатрам. Там адбываліся розныя выступы-вар'етэ прыежджых артыстычных трупаў. Сетка цэмэнтовых дарог і сьцежак была асабліва важнай тут, дзе дажджы падалі часьцей, чым сьвяціла сонца. Плошча, занятая будынкамі, сягала, пэўна, гэктараў трыста. Навокал раскінуліся сотні гектараў няўжыткаў, якімі Вялікая Брытанія даволі ведамая. Там былі стрэльбішчы для вайсковых практыкаваньняў і поле для аўтамабільнай і панцырнай язды.

У той час, калі нашы кандыдаты зьявіліся ў Кэтэрык Кэмпе, было там ня больш трох сотняў палякаў з розных адзьдзелаў першага корпусу. Вучыліся яны рамяству танкістаў, прычым канчалі звычайна адзін з чатырох курсаў: танкавага стралецтва, шафёрства танкаў, курс радыёвы (бадай, найцяжэйшы, бо ў праграму навукі ўваходзіла не толькі праца з радыёперадатчыкам, але й вывучэньне ўстаноўленай сістэмы шыфраў) ды, нарэшце, курс камандзераў танкаў, звычайна прызначаны для падафіцэраў. Аб'ектам вывучэньня быў навейшы ангельскі танк «Кромвэл», хаця знаёміліся з «Чэрчылямі» й іншымі ангельскімі й амэрыканскімі танкамі.

Польская школа падхаронжых панцырнай зброі, што тут знаходзілася, праводзіла навуку канвэерным мэтадам - зусім так, як рабілі гэта ангельцы.

Кожныя два месяцы пачынаўся новы курс. У ліку яго было дваццаць чатыры чалавекі, якія для штодзённых заняткаў дзяліліся на тры роўныя лікам групы. Адна група, прыкладам, у даны перыяд праходзіла курс радыёвы, іншая - стралецкі, трэцяя - шафёрства. Кожны курс трываў чатыры тыдні. З прычыны кароткага часу матэрыялу давалася вучням вельмі шмат. Акрамя ўспомненых трох курсаў усе вучні школы праходзілі яшчэ курс шафёрства транспартных аўтамашынаў. Вучыліся езьдзіць, як прынята ў Ангельшчыне, па левым баку дарогі. Практыкаваліся на паўтаратонных «Бэдфордах» і «Фордсанах». Пасьля ішоў курс камандзераў танкаў і кіраваньня зьвязамі. Тапаграфія й хуткая арыентацыя па мапах была прадметам найбольш інтэнсыўнага вывучэньня. Ужо напрыканцы вывучаўся агульны курс тактыкі, арганізацыі арміі, стратэгіі й зьвязаных з гэтым пытаньняў, што трэба было ведаць будучым танкавым афіцэрам.

Пэрыяд навукі ў школе трываў роўна восем месяцаў. Скончыўшы яго, курсанты былі поўнасьцю падкутымі танкістамі, што маглі ня толькі справіцца з заданьнем любога зь пяці чалавек экіпажа танку, але й кіраваць меншымі танкавымі адзьдзеламі ды наогул мелі добрыя асновы для вайсковай кар'еры.

Парогам, які кожны кандыдат мусіў пераступіць, каб трапіць у школу, быў псыха-тэхнічны экзамен. Паводде яго вынікаў кіраўнікі школы арыентаваліся, ці даны кандыдат надаваўся наогул у панцырную зброю, ды асабліва на афіцэра. У склад экзамену ўваходзілі розныя штучкі, некаторыя, здавалася-б, зусім простыя, разьлічаныя на пазнаньне хуткасьці арыентацыі кандыдата. Калі пры выкананьні адных заданьняў найбольш важнай была хуткасьць у часе, то іншыя, цяжэйшыя, мелі на мэце выяўленьне засягу агульнай і тэхнічнай адукаванасьці. Мы не пачнём нудзіць чытача апісаньнем кожнага зь іх, бо ня ў гэтым ляжыць асноўная мэта нашага апавяданьня. Успомнім яшчэ, што быў і пісьмовы экзамен, які меў даць кіраўнікам школы агульны вобраз як характару, так і інтэлектуальнага ўзроўню кандыдата. Адказы на цэлы сьцяг пытаньняў, што ацэньваліся пунктамі*, давалі трапную ацэнку кандыдата з усіх бакоў.

* Ачкамі, баламі.

 

: IV

 

Для Сымона Спарыша, што пасьпяхова справіўся з усімі заданьнямі, найцьвярдзейшым арэхам сталася якраз тое, што для іншых было наймякчэйшым. Група кандыдатаў паклікана была ў школьны барак. Кожны атрымаў ліст паперы, на якім стаяла наступнае пытаньне, на якое трэба было адказаць пісьмова: «Чаму хачу быць афіцэрам панцырных адзьдзелаў польскае арміі». Для палякаў адказ на пытаньне быў лёгкім, для Сымона-ж, як яму здалося, амаль немагчымым. Гэтае вось «чаму» й было тым балючым рычагом, што падчэплівала самыя кволыя нетры ягонае душы, беларускага й асабістага «я», істотнага духовага быту й нябыту. Кінуўшы вокам направа й налева, хлапец спасьцярог, як узяліся скрабці паперу пёры суседзяў. Як хто ўмеў, прыводзіў у адказ розныя прычыны, найчасьцей-жа - любасьць да польскай бацькаўшчыны, жаданьне ўзмацненьня збройных сіл польскае арміі, каб прагнаць з радзімай зямлі ўсіх захопнікаў яе, каб помсьціць за крыўды й іншыя падобныя рэчы.

Сымон сядзеў задуманы колькі часу і незаўважна для сябе церабіў галаву. І часу траціць нельга было, каб не зьвярнуць залішняе ўвагі кавалерыста-капітана, што роўнымі крокамі хадзіў перад фронтам сталоў ды заглядаў то ў адно захмаранае вакно, то ў другое, часта поглядам кідаючы на жаўнераў.

«Што-ж тут адказаць? - мазоліў мазгі Сымон. - Няўжо-ж таксама аб патрыятызме? Пайшлі вы к чорту з вашым патрыятызмам. Навошта-ж мне крывіцца? Трэба штось кароткае й даволі хітрае, каб надта не падкапаліся. Пэўна-ж, зьвернуць асаблівую ўвагу на мой адказ, бо я-ж адзін беларус сярод іх. Дык, можа, проста тлумачыць звычацным кар'ерызмам? Здаецца, так найлепш. Эх, так і быць. Памажы, Божа!»

Сымонава пяро роўненькімі й стараннымі, хаця й сьпешна пісанымі літарамі вывела на паперы наступны адказ: «Хаця на школу падхаронжых панцырнай зброі прысланы я быў згодна з загадам вышэйшых вайсковых уладаў, аднак таму, што амбіцыя кожнага чалавека накіроўвае яго да здабыцьця вышэйшага становішча ў асяродзьдзі, да асягненьня вышэйшае вайсковае ступені, - таму й хачу быць афіцэрам. Не ўхіляючыся навет ускосна ад простага адказу на вышэйпастаўленае пытаньне, хачу заўважыць, што ў даным выпадку кіруюся вылучна сваёй амбіцыяй».

 

: V

 

З выгляду й прыёмаў у адносінах да людзей камандзер школы падхаронжых, маёр Палішэўскі, мог-бы прыгадаць тып валаснога старшыні. Быў ён сярэдняга росту, таўставаты, пузаценькі, у саракавых гадах. Шырокі вайсковы брызентавы пас, расьцягнуты на максымальную даўжыню, ледзь здолеў абхапіць круглы жывот. Азызлы й пульхны, гладка голены твар зьвісаў двума падбародкамі над цесна зашпіленым каўняром «батледрэсу». Рэдкія цемнаватыя валасы, зачэсаныя сьпераду назад, ледзь пакрывалі лысіну. Жыва бегалі заплылыя, ясна-блакітныя маленькія вочкі. Абвіслы мяшком «батледрэс» рабіў маёра таўсьцейшым, чым фактычна быў. Рухі меў жывыя, гаворку - хуткую й адрывістую. Паводле выразу ягонага твару вы нікол- б не маглі сказаць, ці жартуе, ці злуецца. Значэньне нявыразнай грымасы можна было распазнаць, адно прыслухаўшыся да маёравай гутаркі.

Палішэўскі належаў да таго тыпу людзей, што чуюцца вялікімі гаспадарамі на малых гаспадарках, ня любяць пярэчаньняў з боку іншых ды проста падпарадкоўваньне ці навет і звычайнае патакваньне. Ён апынуўся-б якраз на сваім месцы, калі-б нейкім чынам раптам стаў валасным старшынёй. Рэзкі й крыклівы голас выдатна памагаў-бы ў сьцягваньні падаткаў, а натуральная вожыкава натапыранасьць - у страшаньні жанчын і дзяцей.

Калі Сымону, на другі дзень пасьля апошніх экзаменаў і адказу на гэтае «чаму хачу быць афіцэрам», загадана было зьявіцца да маёра ў канцылярыю, Палішэўскі сядзеў за сталом і мучыў у руках нейкую паперыну. Сымон, стукнуўшы моцна абцасамі й адсалютаваўшы, адразу распазнаў ва паперы характар свае рукі. Акрамя камандзера школы ў канцылярыі прысутны быў худы й бледны, здаецца, зь недахопу ў Ангельшчыне сонца, лейтанант Монік, які, як пазьней выказалася, быў некалі й недзе выкладчыкам у вышэйшай школе, славіўся як спэцыяліст па ангельскай мове, аматар боксу й фізкультуры. Аднойчы меў пару лекцыяў для восьмага курсу школы, дзе намагаўся вытлумачыць асновы складу й спосаб дэтанацыі атамнае бомбы. Трэцім прысутным быў капітан Баяноўскі, кіраўнік восьмага курсу, што складаўся бальшынёй з жаўнераў Другога корпусу. Быў гэта высокі, чарнявы, тонкі, але мускулісты, спакойны й заўсёды зраўнаважаны мужчына. Ён роўнымі крокамі шпацыраваў ад дзьвярэй да акна канцылярыі й часта кідаў зрокам на дажджлівае надвор'е. Пры ўваходзе Сымона стаў каля стала і ўталопіўся ў новапрыбылага. Монік сядзеў напрыканцы стала зь левага боку Палішэўскага і, флегматычна рухаючы сківіцамі, жаваў гуму.

- Адкуль вы тут узяліся? - бязь ніякае прадмовы кінуў Сымону маёр.

- Зь Італіі, - спакойна адказаў хлапец.

- Зь якога вы адзьдзелу?

- Апошні час быў на фронце ў семнаццатым батальёне шостай Львоўскай брыгады пяхоты.

- Чаму вы не пайшлі ў школу пяхоты, а прыехалі ў панцырную?

- На гэтае пытаньне ня ведаю, ці сумею адказаць... бо...

- Вы прыехалі сюды ахвотнікам?

- Камандзер майго адзьдзелу падаў маё прозьвішча без майго ведама.

- А пасьля вы згадзіліся?

- А што-ж я меў рабіць?

- Я вас пытаюся, пся косьць! - пачырванеў раптоўна Палішэўскі, і на твары ў яго зьявілася нейкая неакрэсьленая грымаса. - Адказвайце на пытаньне!

- Калі ўжо так сталася, дык мусіў згадзіцца.

- Значыцца, вы ахвотнікам сюды прыехалі?

- Думаю, пане маёр, што гэтага нельга назваць ахвотай, калі чалавека прапануюць безь яго ведама...

- Дык як вы сабе ўяўляеце такую справу? Не маглі стаць да рапарту з просьбай, каб вас пакінулі ў адзьдзеле, а прыехалі й хочаце давесьці, што вас прымусам прыслалі? Га? - нэрваваўся маёр.

На буйным твары цяжка было спасьцерагчы такую раптоўную перамену. Адно па голасе Сымон здагадаўся, што тлумачыць Палішэўскаму аб ягонай абыякавасьці да школы ня будзе ладу.

- Дык як вы ўрэшце думаеце? Ахвотнік вы ці з прымусу? - прыпадняўся маёр за сталом. - Няма чагосьці сярэдняга. Або так, або не. На маю думку, вы - ахвотнік. Хочаце, каб за такога вас уважалі?

- Так ёсьць, пане маёр.

- Адкуль вы з дому?

Сымон назваў мясцовасьць нараджэньня.

- Хто ваш бацька?

- Селянін.

- Колькі меў зямлі?

- Дванаццаць гэктараў.

«Чорт цябе пабяры, - думаў Спарыш, - яшчэ возьмеш загадаеш, як тыя бальшавікі, аўтабіяграфію, пачынаючы ад прапрадзеда, пісаць». Ужо падымалася правая рука, каб з заклапочаньня пацерабіць патыліцу, але калі хлапец прыпомніў, дзе знаходзіцца, хутка апусьцілася.

- Колькі часу вы былі на фронце?

- Тры месяцы.

- З чым ваявалі?

- Зь немцамі, пане маёр.

- Я ня пытаюся, зь кім, але - якой зброяй, якую функцыю вы выконвалі, - пачаў хвалявацца зноў верхні маёраў падбародак.

- З «п'ятам», пане маёр.

- Гм... можаце ісьці.

Сымон адсалютаваў і, павольна павярнуўшыся, зрабіў тры крокі ды ўжо браўся за клямку дзьвярэй.

- Спарыш! - гукнуў голас Палішэўскага.

- Я ёсьць, пане маёр! - адвярнуўся юнак.

- Як то вы паварачваецеся, як тая цяжарная баба! Не можаце вы гэта жывей, рухавей? Помніце, як вазьму вас на школу, то яйцы вам хутка ўстаўлю, пся косьць!

- Так ёсьць, пане маёр!

- Можаце адыйсьці.

Сымон хуценька крутануўся на левым абцасе, жвава адсалютаваў і жывенька выскачыў за дзьверы.

- Як вы думаеце? - зьвярнуўся быццам да сьцяны, гледзячы на свежазачыненыя за Сымонам дзверы, Палішэўскі. Капітан Баяноўскі аднавіў ранейшае шпацыраваньне ды ўважна зірнуў у вакно, быццам там намагаючыся знайсьці адказ на камандзерава пытаньне.

- Здаецца, у яго ў галаве крыху ёсьць, - флегматычна, усё яшчэ жуючы гуму, адказаў, выцягнуўшыся ў крэсьле, Монік.

- Пане лейтанант, - з уданай паважнасьцю павярнуўся да яго Палішэўскі, - будзьце ласкавы, перастаньце ў маёй прысутнасьці ў часе службовых гадзін жаваць гуму. Іншым часам - як сабе хочаце.

- Перапрашаю пана маёра, - спахапіўся бледны лейтанант і, хутка выцягнуўшы зь кішэні кавалак туалетнае паперы, паднёс яе да вуснаў, улажыў туды жвачку ды, устаўшы з крэсла, выкінуў яе ў кошык для сьмецьця.

- Колькі пунктаў атрымаў ён на экзаменах?

- Семдзесят два, - адазваўся Баяноўскі.

- Выглядае, што трэба прыняць. З гэтай нацыянальнасьцю, пся косьць, чалавек чужога ўзгадаваньня... Як вы думаеце, пане капітан?

- Няма прычынаў, каб адкінуць.

- А вы, пане лейтанант?

- Варта прыняць.

- Няхай так і будзе, - заключыў Палішэўскі.

 

: VI

 

Калі абвешчаны былі вынікі экзаменаў у школу, аказалася, што тры чалавекі былі адкінуты. Кандыдаты й раней ведалі, што некага мусілі адкінуць, бо на дваццаць чатыры месцы было дваццаць сем кандыдатаў. Двое адкінутых былі жаўнеры зь Італіі. Яны цэлую вайну былі ў панцырных адзьдзелах. Чуліся моцна пакрыўджанымі. Дарма што колькі разоў спрабавалі абіваць парогі ў Палішэўскага, камандзер і гаварыць не хацеў. Да таго-ж выказалася хутка, што згодна з загадам брытанскіх уладаў восьмы курс меўся быць апошнім. Гэткім чынам адкінутыя ня мелі надзеі паступіць на дзевяты, бо школа мела быць закрытая. Адзін з гэтых адкінутых, што па дарозе з Італіі ў Кэтэрык Кэмп пасябраваў з Сымонам, вельмі яму зайздросьціў такой удачы, намякаючы ў гутарцы й на тое, што Сымон быў беларусам і яго прынялі, а яго - як паляка, дый, пэўна-ж, зусім ня горшага, калі ня лепшага, - адкінулі.

Спарыш ня лічыў таго за такую вялікую, як выдавалася паляку, удачу. Наогул быў хлапцом здольным, адылі ягоныя зацікаўленьні ў навуцы ня былі ў кірунку тэхнічным - больш за ўсё любіў літаратуру, гісторыю, філязофію й мовы. Аднак глубока ўнутры, здавалася, навет падсьведама, ганарыўся тым, што ўдалося на жыцьцёвай дарозе пералезьці яшчэ адзін парог, дарма што адчыненыя дзьверы вялі ў цемру. Для яго гэта ўдача, як гаварыў адкінуты паляк, была яшчэ адным доказам сваёй вартасьці й разьвітасьці, асабліва-ж калі параўноўваў сябе з тымі спрактыкаванымі ваякамі, бальшыня якіх выводзілася з панцырных адзінак. Некаторыя былі падафіцэрамі з доўгім стажам службы, з грудзьмі, поўнымі медалёў. Яшчэ ў пачатковай і сярэдняй школе Сымон стараўся вучыцца й амаль заўсёды быў першым паводле ацэнак у сваёй клясе. Там меў справу заўсёды з аднагодкамі, значыцца, шансы былі амаль роўныя. Даваўся ўсім роўны й да гэтага часу невядомы матэрыял да вывучэньня, і адно найбольш здольныя й працавітыя трымаліся на вярху данае клясы. Тут-жа пры экзаменах былі людзі з усіх пластоў грамадзтва, пачынаючы ад князя Юрыя Радзівіла (аб ім і іншых будзе мова пазьней), пераходзячы да сынкоў бюракратаў і вайскоўцаў ды канчаючы дзяцьмі сялян. Розьніліся й паводле сваіх гадоў, і вайсковых ступеняў, і ваеннае практыкі, і ўзгадаваньня, й навуковага падрыхтаваньня. Былі й людзі з вышэйшай асьветай. Дык у тым і меў Сымон асабістае задаваленьне, што ня толькі наогул трапіў у школу, але паводле ацэнак апынуўся дзесь усярэдзіне.

Быў гэта чэрвень 1945-га году. Мімаволі прыбягаў Сымону на думку чэрвень мінулага году ў Менску. Прыгадваліся афіцыяльна нераспачатыя заняткі Школы Камандзераў БКА, маладыя, поўныя веры ў сябе й свой народ юнакі, што пазьляталіся былі з усіх куткоў Бацькаўшчыны, каб у будучыні стацца авангардам беларускіх збройных сіл. Як хутка ўсё тое расплылося-разьвеялася, зьмянілася, шмат чаго спарахнела-спапялілася, іншае зламалася, а некаторае - самае мацнейшае й пасьля вайны яшчэ больш трывалае й узмоцненае - раськіданае было сяньня па ўсіх кутках Эўропы. Была калісь для ўсіх адна дарога, ясная й простая, быў кірунак, было кіраўніцтва. Сягоньня, год пазьней, стаялі на розных сьцежках, у розных месцах кантынэнту, гукаліся й шукаліся міжсобку ў чужых джунглях. Адно хіба ў іх засталося супольнае - зьніч непахіснай любові да Бацькаўшчыны.

Хоць параўнаньні й прыгадваньні мінулага наводзілі на Сымона вялікую журботу, закрадаліся сумлевамі ў душу, напаўнялі горыччу сэрца, ня траціў надзеі, што неба хутка праясьніцца. Адплылі ўжо ваенныя хмары, створыцца нейкі паваенны лад і парадак, і што хаця Бацькаўшчына апынулася, як казаў той Чэрчыль, за жалезнай заслонай, усё-ж лягчэй будзе адшукаць сваіх родзічаў, неяк выкарабкацца з чужога лябірынту, а там ужо відаць будзе, ях і што рабіць. Гэткага моманту праясненьня й чакаў Сымон са сталай надзеяй на лепшую будучыню.

Дык на даным этапе, пакуль сваіх ня было яшчэ відаць, пакуль ня вызначана была дарога заходняга палітычнага сьвету, навет і такая маленькая, паводле слоў таго-ж палячка, «удача» была крыніцаю духовай падтрымкі, апраўданьня сваёй вартасьці, жыцьцёвага дасьведчаньня, поступу й трываласьці.

Калі ўжо навет і сярод чужых, калі няма іншага выйсьця, дык хаця-ж каб не апошнім. Надта-ж нядобра цягнуцца ў хвасьце сярод сваіх, хоць гэта яшчэ паўбяды, але-ж сярод чужых (ды яшчэ такіх, што вечна тыцкалі раней і вытыкаюць цяпер сваю вышэйшасьць і лепшасьць), дык гэта было-б для Сымона прост-напраст духовай катастрофай, тым больш што на палякаў глядзеў часта з пагардай, а рэдка з пашанай.

 

Самагубства Рачыцкага й людзі восьмага курсу

 

: I

 

Ня мінула пары месяцаў ад пачатку заняткаў восьмага курсу, як лік вучняў зьменшыўся на аднаго. Улан Рачыцкі пазбавіў сябе жыцьця стрэлам у рот.

Рачыцкага памятаў Сымон з «Лэмі Кэмпу» каля Нэапалю. Улан адразу кінуўся беларусу ў вочы таму, што хваліўся ўжо ў той час веданьнем ангельскае мовы. Ясна, Сымон ня мог ацаніць, як добра Рачыцкі ведаў мову. У гаворцы, якую ўлан вёў быццам з сабою, быццам зь іншымі, нічога ня ведаючымі, як Сымон здагадваўся, было шмат «лаціны», г. зн. лаянкі. Сьпяваў па-ангельску адну ці другую песьню, тое-сёе гаварыў да іншых сяброў, быццам каб пахваліцца веданьнем мовы, і, самае галоўнае, мог навет у кавярні дагаварыцца з ангельскімі вайсковымі жанчынамі. Шмат хто яму ўжо тады гэтак моцна зайздросьціў, бо як-ніяк ехалі-ж у Ангельшчыну, й кожнаму веданьне мовы прыдалося-б.

Быў гэта шыракаскулы ў твары, чорны, сярэдняга росту, мускулісты й добра збудаваны мужчына гадоў звыш трыццаці. Паходзіў дзесьці з Заходняе Ўкраіны, што была пад польскай акупацыяй, быў сынам асадніка, прайшоў савецкія канцлягеры, трапіўшы ў 1939 годзе да бальшавікоў у палон. Ваенны шлях ягоны цягнуўся ад Тобруку ў Афрыцы аж да Балёніі. Аб ваенных здольнасьцях сьведчылі два шэрагі берэтак вайсковых медалёў на левым баку грудзей мундзіра. Рачыцкі вельмі любіў сьпяваць і быў гаспадаром прыемнага басу. Звычайна, кончыўшы «Над Янцэ-Кянгам зьзяе месяц», пачынаў «Сагару», а часта заводзіў, наўмысьля выкрыўляючыся й сакавіта пераплятаючы «лацінай», «Я - стары араб».

Шырокі й злёгку пакалечаны воспай твар звычайна насіў пагодную ўсмешку, але яна часьценька й надта-ж раптоўна зьнікала, а на яе месца зьяўлялася задуманая й сумная маска, што магла сьведчыць аб нутраных перажываньнях. Пасьля самагубства, калі сябры пачалі прыпамінаць розныя дэталі зь ягонае размовы, выгляду й адносінаў да іншых, вырашылі, што Рачыцкі раней насіўся з думкай аб самагубстве, адно скрытнасьць характару й зьверхняя пагодлівасьць добра маскавалі ягоныя намеры. Тыя, што найбліжэй яго зналі, цьвердзілі, што нябожчык даўно страціў быў усялялую веру ў лепшае, у тым ліку перадусім у хуткае вызваленьне Польшчы, дый, магчыма, у занадта чорных колерах уяўляў будучыню на чужыне. Як-бы там ні было, Рачыцкі павялічыў і так ужо немалы лік тых палякаў, што пасьля Ялцінскай канфэрэнцыі, пазбаўленыя надзеі на лепшую будучыню свае краіны, собскімі рукамі вызначалі апошнія разьдзелы свайго жыцьця.

 

: II

 

Прыступаючы да азнаямленьня чытача з удзельнікамі восьмага курсу школы, варта спыніцца найперш на вучню найбольш ведамым і паважаным сярод іншых - Юрыі Радзівіле. Але перш яшчэ льга прыгадаць тое-сёе аб самым доме Радзівілаў, бо апошнія сусьветныя буры, разам з дэтранізацыяй старых паноў - магнатаў на зямлі беларускай, змылі з памяці людзей і мінулае найвызначнейшых арыстакратычных дамоў.

Род Радзівілаў карэньнямі сягае ў далёкае мінулае Вялікага Княства Літоўскага. Імёны Радзівілаў сустракаем сярод найвызначнейшых людзей княства - ваяводаў, біскупаў, дворных гэтманаў і князёў. Стаяць яны побач Сапегаў, Астрожскіх, Хадкевічаў, Мірскіх, Алелькавічаў, Глінскіх. Радзівілам належалі вялікія абшары беларускае зямлі - пачынаючы ад Случчыны праз Нясьвіж і Клецк, Лідчыну і Трокі - аж да Коўна. Амаль ва ўсіх вялікіх местах Радзівілы мелі свае палацы.

Калі ўсьлед за дынастыяй літоўскіх князёў (пазьней-жа польскіх каралёў Ягайлавічаў) беларускія магнаты кіруюць позірк на Варшаву й Рым ды пасьля зусім пакідаюць свой народ і шпарка адчыняюць дзьверы польскім уплывам на Беларусь і Жамойць, Радзівілы знаходзяцца ў іхніх шэрагах. Яшчэ ў 1709 годзе князь Януш Радзівіл з Багуславам намагаюцца пры дапамозе ў той час агрэсыўных швэдаў аднавіць поўную незалежнасьць Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы (Кароны). Палякі змаўляюцца з расейцамі і йдуць наперасек швэдам і беларусам. Ідэя Радзівілаў ня была зрэалізаваная. Другі пярэхрыст з княжага дому, званы Сіроткам, пры дапамозе інтрыганцкіх польскіх магнатаў і ордэна езуітаў, канчаткова перахіляе вагу будучага лёсу гэтага некалі слаўнага дому ў польскі бок. Януш Радзівіл за свае стараньні аднавіць незалежнасьць Вялікага княства Літоўскага атрымоўвае ад Варшавы мянушку здрадніка, а род Радзівілаў цьвёрда становіцца ў калёны іншых вялікіх і малых магнатаў-паноў, рэнэгатаў беларускага народу.

Радзівіл Сіротка зачыняе ў Нясьвіжы беларускую друкарню, што ў гэты час, калі на беларускіх землях моднымі былі розныя плыні заходнеэўрапэйскай рэлігійнай рэфармацыі, была адным з агменяў беларускага друку й культуры. Сіротка прывозіць у Нясьвіж рыцараў польскага каталіцызму - езуітаў. Будуе для іх вялікую сьвятыню й езуіцкую калегію, а для сябе распачынае будову магутнага замку. Нясьвіж дзякуючы Радзівілу Сіротку становіцца, бадай, найгалоўнейшым асяродкам пашырэньня ў Беларусі рыма-каталіцызму й паланізацыі нашай Бацькаўшчыны. Ад гэтага часу аж да акупацыі Беларусі Расеяй не зарастае пустазеллем дарога зь Нясьвіжу ў Кракаў і Варшаву. Польшча пры дапамозе сваіх паноў-інтрыганаў і езуітаў, пры пасярэдніцтве нясвіжскіх рэнэгатаў, моцна сьціскае абшарніцка-паланізацыйнае ярмо на шыі сялянскага беларускага народу.

У 1784 годзе гасьцяваў у Нясьвіжы польскі кароль Станіслаў Аўгуст, а ў 1929 годзе - будаўнік павэрсальскай Польшчы маршал Пілсудзкі. Апошні прыяжджаў быццам дзеля наведаньня і ўшанаваньня магілы свайго слугі - ад'ютанта князя Станіслава Радзівіла. Фактычна-ж між гэтымі візытамі ня было істотнай розьніцы: сьведчылі яны аб тым, якую вялікую вагу надавалі пануючыя ў Варшаве асобы дому Радзівілаў. Уважалі яго супоняй таго абшарніцкага польскага каланізацыйнага ярма, якім пры дапамозе беларускіх магнатаў-здраднікаў запрэглі ў няволю беларускія сялянскія масы.

 

: IІІ

 

Вучань восьмага курсу Школы Падхаронжых Юры Радзівіл меў у апісаным намі часе гадоў дваццаць пяць. Быў гэта вельмі высокі ростам, тонкі чарнявы дзяцюк. Густыя чорныя бровы парасьлі малымі стрэшкамі над доўгімі вейкамі. Цёмна-рудыя вочы сядзелі блізка простага й тонкага носу. На высакаватым лобе ледзь заўважныя былі раньнія маршчыны. Невялікія прагаліны па кутах ужо разрэджаных валасоў, чэсаныя проста назад, былі вестунамі раньняга лысеньня. Дзякуючы вялікаму росту Юры рабіў уражаньне худога й тонкага. Вузкія, з доўгімі тонкімі пальцамі рукі лёгка, быццам наскі лыжаў, маглі загінацца ўверх. Нямала ўвагі прысьвячаў Радзівіл сваім пазногцям, вострым і доўгім, заўсёды чыстым і дагледжаным. Тыя арыстакратычныя рукі, пэўна-ж, шмат пацярпелі-б, каб давялося ім падаіць з паўтузіна кароў ці падужацца пару дзён зь віламі пры вывазе гною. Асьмелімся цьвердзіць, што Юрыю ні таго, ні другога не даводзілася рабіць, хоць ня будзем запэўніваць, што ён наогул цяжка не працаваў ці фізычна не цярпеў.

У 1939-ым годзе дзякуючы нейкаму асабліваму зьбегу абставін бальшавіцкія «вызвольнікі» захапілі хлапца ў Нясьвіжы. Юрыю собіла зусім непавярхоўна пазнаёміцца з маскоўскай Лубянкай. Як і тысячы іншых палякаў, скарыстаў з нагоды ў 1942 годзе, уступіўшы ў арганізаваную са згоды Сталіна на тэрыторыі Расеі польскую армію. Далейшы шлях праз Іран, Ірак і Палесьціну прывёў у Эгіпет і Лівію, пазьней - у Італію ды Ангельшчыну. Хаця Юры браў удзел у ваенных акцыях на фронце, адылі, відаць, адвагай не грашыў, бо на грудзях віднелася адно пара берэтак ваенных адзнакаў і то якраз такіх, што даваліся ўсім жаўнерам Другога корпусу бяз увагі на тое, былі яны пад агнём ці не.

Як казалі на курсе (што цяжка было праверыць), бацькі ягоныя з адной дачкой знаходзіліся ў Монтэ-Карла, а старэйшы брат служыў у польскай авіяцыі. Юры здабыў сярэднюю асьвету ў Швайцарыі, там-жа студыяваў і эканоміку ва ўніверсітэце. Гэты рослы дзяцюк быў вельмі сьціплага характару й абмежаваных вымаганьняў. Калі-б навет і не насіў ведамага гістарычнага прозьвішча, заслугоўваў-бы, бадай, на тую самую пашану, якую меў сярод сяброў. Наскрозь і заўсёды вырозьніваўся між іншых жаўнераў сваёй ветлівасьцю, ласкавасьцю й сьціпласьцю. У мове ягонай цалкам адсутнічала будзённая жаўнерская «лаціна». Можна было быць мізэрным па характары й асабістай маральнасьці чалавекам, стаяць на найніжэйшай сацыяльнай прыступцы, але калі Радзівіл гаварыў з вамі, магло здавацца, што вы самі замяніліся ў сваю адваротнасьць: зьяўляецеся чалавекам у вялікай меры вартасным, да якога якраз таму й адносяцца з такой вялікай пашанай. Лішнім гаварыць, што ад вас належылася-б чалавеку ўзаемнасьць.

Самым вартасным у Радзівілавых адносінах да людзей было тое, што ані тая ветлівасьць, ані пашана й добразычлівасьць да іншых ня былі вымушанымі, штучнымі, як гэта часьценька даецца заўважыць у людзей зьверху палітураваных, а ўсярэдзіне - грубых і фальшывых. Магчыма, што частка сакрэту Радзівілавай этыкі ляжала ў тым, што ўсіх людзей лічыў добрымі, залічаў іх у свае сябры і, ужо зыходзячы з гэтага, збліжаўся зь імі. Пазнаўшы гэтага рослага дзяцюка, вы хутка ўсьведамілі-б, што гэта было ўпоенае ў яго змалку, дадзенае ўзгадаваньнем, што інакш ён ня мог, калі-б навет і хацеў. Некаторыя спрабавалі справакаваць яго на злосьць ці дрэнны язык. Звычайна не ўдавалася. Калі Юры спасьцерагаў, што наўмысьля правакуюць, тады зь ледзь заўважнай, але заўсёды пазбаўленай зласьлівасьці ўсмешкай збываў усё жартамі, ніколі не рэваншуючыся на тых, што намагаліся яго правакаваць. У кожным чалавеку, зь якім так ці інакш збліжаўся, гэткім падыходам здабываў сабе сябру.

На курсе клікалі яго «прынцам» (ад ангельскага слова «рrіnсе» - князь). Другія дзьве, заўсёды між людзей вельмі рэдкія, а найбольш цэнныя якасьці Радзівілавага характару - уменьне маўчаць і слухаць іншых ды - ці не найважнейшае - неятолькі не выстаўляцца сваім «я», але зусім мала гаварыць аб сабе. Апошняе - найцяжэйшае, бо кожны чалавек у першую чаргу - эгаіст. Таксама штука ўменьня слухаць іншых зьвязана больш ці менш з собскім эгаізмам і зьяўляецца між людзей зьявішчам даволі рэдкім.

 

: IV

 

Кажуць, што багатыя людзі - таму багатыя, што ўмеюць ашчаджаць. Гутарка йдзе не пра тых, што нажываюць капітал у спадчыну ці багацеюць нясумленнымі мэтадамі, а пра такіх, што пачынаюць зь нічога і ўсялякую манэту горнуць пад сваю моцную апеку, хоць гэта быў-бы, як часта выражаюцца ангельцы, сhicken feed*. Да гэткіх людзей трэба аднесьці Юрыя Радзівіла. Казалі некаторыя з вучняў восьмага курсу, што быццам Радзівіл меў ад бацькоў вызначаную месячную суму ў памеры ста ангельскіх фунтаў на свае патрэбы. Плётка была малапраўдападобная. Вядома было адно, што Юры ніякіх грошай ад нікога не атрымліваў, але ня выключана, што бацькі дзесь адкладалі на ягонае конта нейкую месячную суму. Затое было публічнай тайніцай, як гавораць, што Юры ашчаджаў самую найдрабнейшую манэту з вайсковай платні, якую атрымліваў, як і ўсе іншыя, у памеры двух з паловаю фунтаў на дзесяць дзён.

* Курыны корм (англ.).

Іншыя трацілі свае грошы на піва, курава, вечарынкі, дзяўчат, на пячэньне й каву вечарамі ў мясцовай кавярні. Радзівіл ня піў і ня курыў, не хадзіў на танцы й надзвычайна рэдка заглядаў у кавярню. Затое часта ўдзень прыносіў са сталоўкі закручаны ў паперку белы хлеб. Вечарам, седзячы ў бараку пры круглай напаленай печцы, раскладаў яго на гарачым кружку і, падпякаючы з двух бакоў, быццам тоўст, спажываў з прынесенай таксама з кухні кавай ці гарбатай. Калі каторы зь сяброў, бачачы гэта, абяцаў купіць Юрыю пару пячэньняў і кавы ў кавярні, калі-б той быў ласкавы з ім пайсьці, «прынц» вельмі ветліва, але станоўка адмаўляўся - мо таму, што самому прыйшлося-б выдаткаваць пару пенсаў.

Ашчаднасьць Юрыя не канчалася на грашох, якія ахвотна пазычаў усім, хто прасіў. Пад канец навукі меў іх цэлае бярэма - магчыма, ня толькі ўсе атрыманыя за восем месяцаў фунты, але й шылінгі зь пенсамі. Ён ашчаджаў і вайсковую вопратку й абутак. Кожны жаўнер меў па два мундзіры-«батледрэсы» й па дзьве пары абутку. Адна пара прызначаная была на будні дзень, другая - на сьвяты. Рэдка давялося-б пабачыць Юрыя навет у сьвяточны дзень у лепшай вопратцы, хіба адно тады, калі разам з усімі ішоў на абавязковую багаслужбу. Затое часта давялося-б бачыць «прынца» з прасам у руцэ пры стале ў бараку - прасаваў порткі ці горшы штодзённы мундзір. Прас быў куплены колькімі сябрамі для супольнага ўжытку. Трэба тут заўважыць, што бальшыня жаўнераў прасавала свае порткі саматужным мэтадам, г. зн. пакрапіўшы злёгку вадою, злажыўшы роўненька на канты, клалі порткі на сяньнік і зьверху ў падвойную столку засьцілалі коцам. Гэта рабілася кожны вечар перад ночным адпачынкам. Калі чалавек праспаў ноч на сваіх портках, дык раніцай былі яны зусім нядрэнна выпрасаваныя, хоць, вядома, не такімі, як можна было зрабіць пры дапамозе праса. Але на будні дзень і такога прасаваньня было даволі.

Калі Юры купляў паперу й канверты для карэспандэнцыі, абавязкова выбіраў найгоршае й самае таннае. Няважна да каго пісаў - да «прынцаў» ці звычайных сьмяротных - карыстаўся тымі самымі, найбольш таннымі пісьмовымі матэрыяламі.

Найбольшую ўвагу зьвяртаў Юры на сваё здароўе. У Ангельшчыне, пры капрызнай і дажджлівай пагодзе, шчасьлівы той, чый арганізм адпорны на звычайны катар і прастуду. «Прынц» да такіх не належаў. Часта сябры бачылі Юрыя з нейкімі кроплямі ад прастуды ў руцэ, а яшчэ часьцей - з пластыкавай ампулкай, у сярэдзіне якой, быццам той тонкі алавік, сядзеў медыцынскі сродак супраць прастуды. У канцы ампулкі была маленькая дзірачка. Яна ўкладалася ў нос і моцна цягнулася ў сябе для прачышчэньня насавых каналаў. Цікава было сачыць, як Юры сваім доўгім і тонкім пальцам прыцісьне адзін бок носу, а ў другую дзірку ўложыць ампулку ды колькі разоў з вялікім смакам пацягне носам, навет аж зморшчыцца часам. Пасьля палец прыцісьне другі бок носу, а ампулка загляне ў другую адтуліну. Апэрацыю тую паўтарае часта й некалькі разоў. На зьмену прыйдуць густыя пахучыя кроплі з малой пляшачкі, ужываньне якіх вымагае ня менш складанай апэрацыі. Юры дасягнуў верху мастацтва пры ўжываньні тых кропляў і ампулкі, а ўжо лішнім будзе прыгадваць, што ўкладаў у гэта ўсю сваю душу. У моманты, калі Юры прысьвячаў увагу свайму правільна-роўнаму панскаму носу, здавалася, што нічога больш, акрамя яго, на сьвеце не існавала. Пры тым «прынц» лёгка вурчэў, наракаючы на капрызную ангельскую пагоду.

Падсушваючы пры печцы хлеб, Юры часта заводзіў зусім нядрэнным тэнарам індыйскі раманс:

 

When I'm calling you-u-u,

Will you answer to-o-o...*

 

* Калі я паклічу цябе, Ты адгукнешся мне... (англ.)

 

: V

 

Толькі адзін Шчуроўскі любіў пажартаваць над «прынцам». Шчуроўскаму й прозьвішча надзвычайна пасавала да ягонага вонкавага выгляду. Шылаваты нос і падбародак, што нагадваў пацукову мордачку, ды цьвёрдзенькая, заўсёды настаўбураная грыўка, што нейкім чынам нагадвала пацуковы вушы, вузка разьмешчаныя побач шылаватага носу вочы - усё гэта, здавалася, мела сувязь з прозьвішчам языкатага хлапца.

- Ну, «прынчэ», як там сягоньня маецца твой панскі хрыбет? - прыйшоўшы аднойчы зь дзённых заняткаў, зьвярнуўся да Радзівіла Шчуроўскі. - Вы ведаеце, хлопцы, сягоньня «прынц» аліву ў «Кромвелі» зьмяняў. Але-ж і стагнаў, але-ж і крактаў. Праходжу я гэта каля танка, гляджу - нечыя доўгія ногі, быццам тыя качэргі, з-пад гусеніцаў тырчаць. Стаю ды думаю - у каго-ж гэта ў нас на курсе такія кавёлы даўжэзныя. Гадаю гэта я ды ажно чую, што нехта крэкча пад нізом, як тая баба пры родах. Гэй! - крычу. - Што гэта там вам, пане калега, сталася? Памагчы, можа? Ажно сунецца з-пад «Кромвеля» нейчы доўгі кодаўб, і тады я пазнаў, што гэта наш «прынчэ». Замурзаны-ж, каб вы бачылі! І стукнула-ж таму інструктару пану Юрыю такую брудную работачку даць! Ах, ах! Як-жа, «прынчэ», чуешся?

«Бруднай работай», аб якой гаварыў Шчуроўскі, была зьмена алівы ў танкавым маторы. Каб выцадзіць старую аліву, трэба было зьнізу між гусеніцаў залезьці пад матор, зьняць цяжкую стальную плітку, пасьля адкруціць шпунт ад аліўнага збарніка. Найцяжэйшым было гэтае адкручваньне й закручваньне, бо між танкавым нізам і зямлёй было вельмі няшмат прасторы. Трэба было лезьці пад танк на плячах, а пры працы цяжка было разагнуць рукі. Работу тую, і не адзін раз, мусіў выканаць кожны вучань пад час вывучэньня кансэрвацыі танкавых маторных мэханізмаў.

- Крыху баліць мне спіна, - гаварыў, лежачы на пасьцелі й не зьвяртаючы ўвагі на зласьлівы сьмех Шчуроўскага, «прынц». Той-сёй, прыслухоўваючыся, хіхікаў, але хіба не так з самога «прынца», як са Шчуроўскага, а найбольш з мэтаду ягонага насьміханьня. Тое, што «прынцу» давялося ў «Кромвелі» аліву зьмяніць, ня было сьмешным. Раней ці пазьней кожны з вучняў адбываў тую павіннасьць.

Сымон Спарыш шмат скарыстаў з Радзівілавай дапамогі пры вывучэньні ангельскае мовы. Мяркаваў, што ў будучыні гэтая мова прынясе больш карысьці, чым вайсковыя веды. Як-ніяк вайна была скончаная, і хто мог з пэўнасьцю сказаць, калі будзе прыдатны да ўжытку здабываны цяпер запас ваенных ведаў. Затое-ж, пэўна, шмат дзе прыйдзецца карыстацца ангельскай мовай. Хлапец вельмі лёгка засвойваў новы матэрыял з дзённых заняткаў і амаль зусім ня траціў часу на тое «зубрэньне», як шмат іншых пасьля пятае гадзіны вечара, значыцца, пасьля сканчэньня жаўнерскага працоўнага дня. Вельмі сур'ёзна ўзяўся Сымон за навуку новае мовы. Юры Радзівіл дасканала ведаў пяць асноўных эўрапэйскіх моваў: нямецкую, францускую, гішпанскую, італьянскую й ангельскую, не гаворачы ўжо аб польскай, якой штодня карыстаўся, ці расейскай, якую, як казаў, навучыўся сам і ўжо не на школьнай лаўцы. Радзівіл ніколі не адмаўляўся дапамагчы ані Сымону, ані іншым, што хацелі скарыстаць зь ягоных ведаў, навет тады, калі, здавалася. быў вельмі заняты сваймі справамі.

Ведаючы Сымона як адзінага беларуса на восьмым курсе й наогул у школе, «прынц» рэдка мінаў нагоду, каб тое-сёе даведацца пра Беларусь. З пытаньняў ягоных відаць было, што аб Беларусі меў ён вельмі сьціплыя веды, хоць мо шмат багацейшыя, чым іншыя палякі ў сілу тых абставінаў, што род ягоны калісьці быў беларускім і маёмасьць у бальшыні знаходзілася ў Беларусі. Сымон ахвотна і падрабязна тлумачыў усё, што цікавіла «прынца» аб ягонай Бацькаўшчыне, асабліва-ж ейнай гісторыі. Аднойчы пры такой гутарцы Радзівіл зусім нечакана сказаў:

- Пане Спарыш, вы-ж, пэўна, ведаеце, што я - таксама беларус.

- Так? - усьміхнуўся зь іроніяй Сымон. - Не, ня ведаў, пане Юры. Ці вы гэта гаворыце вось толькі сабе так, каб мне прыпадабацца, ці жартуеце?

- Не, пане Спарыш, я зусім паважна.

Сымон доўга і ўважна прыгледзеўся вузкаму твару Радзівіла. У вачах у «прынца» сьвяцілася самая сапраўдная шчырасьць.

- Ведаеце, пане Юры, ня знаю проста, што вам на гэта адказаць. Ніколі не даводзілася мне чуць, каб хто зь цяперашніх Радзівілаў лічыў сябе беларусам. Можа, вы, калі шчыра гаворыце, уважаеце сябе беларусам толькі таму, што маёнткі вашай сям'і знаходзяцца ў Беларусі.

- Не, зусім не таму.

- А чаму?

- Таму, што наш род даўней быў беларускім, ці, як тады называлі, літоўскім.

- Ваша беларускасьць - гэта вельмі-ж акадэмічнае пытаньне. Хаця нельга адмовіць вам пэўнага права на беларускасьць, цяжка сягоньня было-б пераканаць людзей у тым, што вы ці ваша сям'я - беларусы.

- Чаму-ж так?

- Вы-ж, пэўна, нядрэнна ведаеце гісторыю Літвы ды асабліва пэрыяд швэдзкіх войнаў. Можаце прыгадаць, што Януш Радзівіл пры дапамозе швэдаў хацеў аднавіць незалежнасьць ад Кароны Вялікага Княства Літоўскага, значыцца, Беларусі. І вы, пэўна-ж, прыгадваеце, як за тую спробу князя Радзівіла Януша збэсьціў у сваёй трылогіі Генрык Сянькевіч. Дарэчы, Радзівіла Януша гісторыкі й лічаць апошнім беларусам з роду Радзівілаў. Ён быў беларусам. Але вы, пане Юры... што-ж у вас беларускага? Вы навет мовы беларускай ня ведаеце, аб іншым ужо не гаворачы...

На такі Сымонаў аргумэнт «прынц» нічога не адказаў, хаця ў будучыні шмат разоў вяртаўся да тэмы аб колішняй здраджанай Бацькаўшчыне.

 

: VI

 

Адвард Дэмарчык паходзіў дзесьці з Пазнаншчыны. З выгляду належаў да тых людзей, якія здалёк кідаюцца вам у вочы і пабачыўшы якіх, будзеце помніць цэлае жыцьцё. Глыбака сядзелі пад густымі бровамі малыя блакітныя вочкі й яўна выставаў навіслы ўперад вузкі высокі лоб, зьверху закончаны лесам густых і хвалістых сьветлых валасоў. Гэта быў чалавек рухавы й энэргічны. Усё рабіў плянава й сістэматычна, нікому ня ўступаў з дарогі за найменшую дробязь. Аддаваў належную даніну навуцы, быў старанны пры вывучэньні лекцыяў, а галоўным яго заняткам пасьля школьнага працоўнага часу была ангельская мова й дзяўчаты.

Дэмарчык пасябраваў з Сымонам ня толькі таму, што той таксама цікавіўся ангельскаю мовай.

- Ты ведаеш, Сымон, - гаварыў да яго аднойчы, - падабаешся ты мне за твой здаровы, як кажуць англічане, horse sense*. Дый ня толькі за гэта. Ты маеш арыгінальнасьць характару. Ведаеш, што ты ёсьць, чаго хочаш і чаго ад жыцьця вымагаць. Сяньня людзей такіх няшмат.

* Конскі сэнс, розум (англ.).

- Няўжо-ж праўда? - усьміхнуўся Сымон, што прыняў тое за хвальбу, ды асабліва ня мог зносіць такой хвальбы ў вочы.

- Ты ня сьмейся. Шчыра гавару. Тое, што ты - беларус, зусім ня робіць цябе горшым ад іншых. Наадварот ты ў няспрыяльных абставінах, там, дзе шмат хто скрыўся-б са сваёй нацыянальнасьцю, - бо ты-ж ведаеш, што мы, палякі, кульгаем на талеранцыйнасьць, - ты, значыцца, у такіх абставінах ня цураешся нацыянальнасьці й адстойваеш свае правы. Тут то й вызначаецца ня толькі нацыянальная, але перадусім асабістая вартасьць чалавека.

- Ну, браце, а што-ж гэта за чалавек, што сябе й свайго адракаецца?

- Вось то-та. У тым то й справа, што сягоньня гэта модна. Мне-ж здаецца, што адракацца свайго, цурацца свае нацыянальнасьці гэта значыць, стаптаць сябе самога ў гразь, не гаворачы ўжо аб тым, што такі суб'ект, страціўшы пашану да свае вартасьці, ня будзе шанаваць і ніколі ня зможа добра ацаніць іншых.

- Ну ты ведаеш, Эдзё, у гэтым я з табой згаджаюся на сто процант, проста слова ў слова.

- Як-жа б ты не згадзіўся, калі жывеш паводле гэтага прынцыпу.

- Ты ўсё-ткі тое-сёе адносна мяне падмеціў.

- Ды ня толькі адносна цябе. Вывучэньне людзей, перадусім іхных характараў, ды найбольш слабасьцяў характараў, зьяўляецца маім hоbbу*.

* Улюбёны занятак (англ.).

- А навошта-ж табе гэта? Вось так сабе толькі дзеля «гобі»?

- Шчыра прызнацца, дык не. Мне гэта некалі прыдасца. Пры нагодзе раскажу, толькі не цяпер.

Калі прыйшла тая нагода, аб якой успамінаў Дэмарчык, а сталася тое пару месяцаў пасьля, калі хлапцы больш пасябравалі й зблізіліся, пазнаняк выявіў Сымону, што ў будучыні мае намер улезьці (так і казаў - «улезьці») у ангельскую разьведку - «Інтэліджэнс Сэрвіс».

- Гэта, братка, - гаварыў, разгарачыўшыся й сьціснуўшы кулак, Дэмарчык, - дасьць мне шанс адпомсьціць шмат якім сукіным сынам за крыўды, што зрабілі нашаму народу. Цяпер войска канчаецца, дык трэба шукаць іншых шляхоў змаганьня. Я, братка, доўга думаў і прыйшоў да выснаву, што гэта для мяне адзіны й найлепшы шлях.

- Ого-го! - зьдзівіўся Сымон. - Дык ты маеш нявузкія пляны.

- І даю табе слова гонару, няхай гэтая чужая зямля й Матка Чэнстахоўская будуць ммне сьведкамі, што да свае намечанае мэты дабяруся.

- Якая-ж гэта мэта? Хіба-ж «Інтэліджэнс Сэрвіс» будзе толькі сродкам?

- Слушна. «Інтэліджэнс Сэрвіс» лічу толькі сродкам. А мэта мая - выдушыць як найбольш ворагаў. Буду рэзаць, душыць і ўпівацца варожай крывёй. Буду ў экстазе помсты насалоджвацца перадсьмяротнымі мукамі ворагаў нашага народу. Буду калечыць, забіваць, і ніколі ва ўзбуджэньні ня здрыгане маё павека. Буду зь мядовай асалодай прыглядацца, як уецца ў перадсьмяротных цярпеньнях цела людзкое гадзюкі...

Сымон уважна сачыў сьціснуты, аж пабялелы, таўсты Дэмарчыкаў кулак, зьзяючыя агнём нянавісьці маленькія вочкі, дрыжачую ад узбуджэньня адвіслую ніжнюю губу.

- А беларусаў ты таксама залічаеш у лік тых шчасьліўцаў, якіх душыць маеш намер? - іранічна спытаў Сымон.

- Я чуў, што беларусы - добрыя людзі. Але ясна, калі-б яны апынуліся ў ліку нашых ворагаў, то...

- Ну, ведаеш што, - пахлопаў Сымон Дэмарчыка па-сяброўску па плячы, - хвалю цябе за шчырасьць. Аднак ты ведаеш, што заўсёды палякі накідвалі нам сваё ярмо, а ніколі наадварот...

- Дык у чым-жа справа? Вы там нейкае сваё княства на федэрацыйных правах далучыце да Польшчы, й будзем жыць шчасьліва разам.

- Табе гэта надта-ж простым выдаецца. Зрэшты, мне не падабаецца тваё выражэньне «нейкае княства». Што за «нейкае» й чаму-ж «княства»? У гэтым вычуваю нотку вышэйшасьці, панскасьці, а ня толькі няпрошанага панібрацтва. Нотка гэта даволі добра далася нам ужо ў знакі.

- Але-ж ты, брат, і прычэпліваешся да словаў. Зусім ня тое хацеў я сказаць.

- Мо й ня тое, але, як у нас у Беларусі кажуць, вылезла зь мяшка шыла.

- Ну, браце каханы, але-ж ты й крыўдны характар маеш.

- Скажы мне, - спытаў Сымон, - які народ ты найбольш ненавідзіш?

- Немцаў.

- А пасьля?

- Расейцаў. А ты?

- Насамперш маскалёў.

- А яшчэ каго?

Сымон адказаў не адразу. Дэмарчык спасьцярог хістаньне.

- Скажы, скажы, што ненавідзіш палякаў! - спанукаў Сымона.

- Што ты хочаш, каб табе сэрца выняў ды ў жмені паказаў? - узлаваўся Спарыш.

- Ты мне прабач, я разумею. Можа, я замнога хацеў даведацца.

Дэмарчык чуўся ніякавата й адвярнуў зрок у другі бок.

- Калі я й ненавідзеў, то ці маю аб гэтым гаварыць? Навет і табе, здаецца, блізкаму сябру. Ёсьць-жа пэўная рацыянальнасьць і такт, які трэба захаваць. Мо ты шмат чаго й дагадваешся, але-ж гэта - адно дагадкі. Зусім іншае, калі б ты пачуў тое з маіх вуснаў.

- Разумею, брат, разумею. Закрануў я ў тваім сэрцы адну з балючых ран.

- Разуменьне - то адно, а дамаганьне цераз меру лішняга - гэта зусім другое. Слухай, Дэмарчык, добра, каб мы былі з табой сябрамі, бо гэтак нам цяпер выгадней. Дык ніколі ня пытайся, ці ненавіджу палякаў.

- Разумею й згаджаюся. Але чаму ты сказаў «гэтак нам цяпер выгадней»? Ці ты прадугледжваеш, што ў будучыні будзем ворагамі?

- Магчыма. Хто-ж яго ведае...

- Ведаеш, я й ворага ўважу больш адкрытага, чым затоенага. Дык і хвалю цябе за шчырасьць.

- Не перасольвай ужо. На меншае я здабыцца ня мог, так як і ты. Бо-ж ведай ты, знаток людзкіх характараў і студэнт слабасьцяў, што не магу быць хвальшывым, асабліва перад самім сабой.

- Давай тады руку, й будзем жыць у згодзе ды хадзіць разам на дзяўчат, а розную палітыку пакінем на той час, калі прыйдзе момант.

- Бяз сумлеву.

 

: VII

 

Хадзіць «на дзяўчат», як выражаўся Дэмарчык, давялося зь ім Сымону шмат разоў. Пазнанскі хлапец тлумачыў, быццам тое было надта патрэбным, бо спалучала карыснае з прыемным - вывучэньне ангельскае мовы з гуляньнем.

- Ну што ты, братка, уявіш сабе лепшае? - пачынаў разважаць будучы кандыдат у «Інтэліджэнс Сэрвіс». - Пойдзеш сабе на танцы ці на спатканьне, разам дзяўчыну прытуліш і пацалункаў нап'ешся дый ангельскую мову падвучыш. Ох, якая гэта асалода! Навет і ня шукай лепшых настаўнікаў мовы, чымся ангельскія красуні, бо ня знойдзеш. На жаўнерскі мундзір яны таксама гоняцца, як тыя мухі на гной. Тут толькі выпадае паставіць кропку над «і», скарыстаць з нагоды.

- Можа, й маеш слушнасьць.

- Браце каханы! Дык ты яшчэ ў гэтым сумляваешся? Чакай-жа тады. Толькі дазволь пану Дэмарчыку пакіраваць у бліжэйшай будучыні некаторымі тваймі сьцежкамі, пабачыш, што чалавекам будзеш. І каханьнем насыцішся, й мовы навучышся.

- А ты ўжо ў гэтым такі вялікі спэцыяліст?

- Яшчэ які! Хочаш пераканацца?

- Чаму-ж не. Што-ж мне перашкаджае.

- Ты, братка, глядзі на гэта з пункту карысьці.

- Дык што-ж маю рабіць?

- Перш за ўсё пойдзем разам на забаву.

- Дзе-ж тая забава?

- Усюды колькі хочаш. Навет тут у абозе кожнае серады й пятніцы ў вялікай залі кавярні адбываецца. Але тут замнога войска, а замала баб. Лепш у Рычманд ці навет у Дарлінгтон езьдзіць - там баб, як смецьця. Чым далей ад абозу, тым больш дзевак, а менш войска. А ты танцаваць умееш?

- Некалі пробаваў, але танцую, быццам той слон на калёсах.

- Ня журыся, брат, навучу. Гэта надзвычайна лёгка. Толькі пакажу табе асновы, пару крокаў з кожнага танца, й будзеш цэлы балетмайстар...

- Пабачым...

Раз неяк надвечар Дэмарчык схапіў Сымона за руку:

- Хадзем.

- Куды?

- Танцаваць вучыцца.

- Куды?

- А вось хадзі й ня пытайся.

Дэмарчык накіраваўся ў кірунку прыбіральні.

- Дык што-ж ты мяне ва ўборную цягнеш? Я-ж ня маю патрэбы.

- Ня ў уборную, а ў умывальню. Там ёсьць шмат месца, дзе разгуляцца можна. А дзе-ж, ты думаў, у нашым бараку будзем, каб усе прыглядаліся й кпілі?

Умывальны барак быў прасторны. Між двух радоў, дзе над карытамі знаходзіліся ўмывальныя краны, сапраўды было шмат месца, каб разгуляцца.

- Вось тут, бачыш, як выгадна будзе?

- А дзе-ж той музычны інструмент, пад які танцаваць будзем?

- А вось! Бачыў? - Дэмарчык выставіў даўгі, зложаны ў трубку язык і зарагатаў.

- Ха-ха-ха! - памог Сымон. - А добра-ж ён іграе хаця?

- Слухай: До-рэ-мі-фа-соль-ля-сі-до-оо. До-сі-ля-соль... Ну як?

- Будзе аll right*.

* Поўны парадак (англ.)

- То цяпер давай крокі. Перш за ўсё хачу сказаць табе, што танцы такія, як факстрот, які англічане тут завуць «квік стэп», танго, навет і «джайв», палягаюць на трох асноўных кроках. Ставяцца ногі разам - глядзі, о так! Тады зачынаецца зь левай наперад, пасьля ідзе правая наперад, ізноў левая, а тады ўжо правая прыстаўляецца на зьмену. Глядзі ўважна: так - левая, правая, левая, зьмена, раз, два, зьмена - і так цэлы час. Пры гэтым можаш рабіць выкрунтасы, гэта само прыйдзе. Асноўнае, каб ты крокі ведаў, гэты альфабэт усіх танцаў. Разумееш?

- Ну.

- Дык хадзі. Давай мне рукі. О так, гэту залажы за плячо. І чакай, ня прытуляйся-ж так, я-ж табе ня дзеўка. Пастаў ногі разам, і пачынаем. Я вяду. Ну, увага! Тра-та-та-та-та, тара-та-тата, та-ра-та-та-та. Стой! Ногі крышку заштыўныя, быццам калкі тыя. Старайся свабадней крыху, не напінайся, каб гнуткія ў каленях былі. Ну давай яшчэ раз: та-ра-та-та-ра...

- Дык у гэтым цэлая штука?

- Ясна. Нічога тут надзвычайнага. Цяпер паспрабуй сам.

- Тра-ля, тра-ля-ля-ля... - пачаў Сымон, сам сабе падпяваючы, тупаць па ўмывальным бараку.

- Маладзец, вельмі ўдала! Бачу, што будуць яшчэ зь цябе людзі. А цяпер пакажу табе танго, самым простым спосабам, значыцца, глядзі, пачынаецца таксама: тра-ля-ля-ля, та-ра-та-та-та...

Гэткім чынам Дэмарчык, выясьніўшы Сымону асновы самых простых танцавальных крокаў і паваротаў, намовіў яго ў наступную сераду пайсьці разам у кавярню на забаву.

- Ведаеш, - гаварыў ён, - і мне будзе выгадней, бо калі захочаш якую дзяўчыну падчапіць, а прыйдзеш сам, дык цяжкавата. Звычайна вольныя дзяўчаты гуляць прыходзяць парамі. Дык бачыш, у чым штука. Адна-ж сяброўка другой не пакіне, ніякавата, разумееш? А калі з табой, дык мы цяпер любую парачку падзелім, надта-ж зручна будзе.

- І, пэўна-ж, ты заўсёды больш прыгожанькую прыгалубіш?

- Аб гэтым ужо неяк памяркуем. Можа, навет у нас смак да прыгажосьці ня той самы. Я заўсёды прыглядаюся, ці прыгожыя ногі. А ты?

- Твар.

- Ну бачыш. І гэты гарэх мы ўжо раскусілі. Пойдзеш у сераду са мной?

- Чаму ж не.

Сымон раней ня браў на ўвагу забавы ў кавярні, хоць часта даводзілася, праходзячы, чуць там нейкую неразьбярыху гукаў. Цяпер-жа, вечарам у сераду, калі разам з Дэмарчыкам прыблізіўся й, зірнуўшы на натоўп танцораў праз вакно, стаў, як укопаны на месцы, й разявіў рот. З кавярні даносіўся нейкі зусім несуладны, на Сымонава вуха, гукавы гармідар. Найбольш вырозьніваліся саксафон, трамбон і бубен. Здавалася, што гэтыя інструманты былі расстроеныя, кожны зь іх цягнуў зусім у іншы бок, не зважаючы на астатнія.

Колькі жыў, ня чуў Спарыш такога. Ня было гэта падобнае на ніякую, веданую ім дагэтуль музыку. Сярод таго галасу можна было адрозніць нейкі мерны такт, ды і ўсяго, бо мэлёдыі зусім ня было, ці, прынамсі, так Сымону здалося.

- Чаго раптам стаў? - штурхануў яго Дэмарчык. - Спалохаўся, ці якое?

- Што гэтыя музыканты там вырабляюць? Ці яны інструмантаў не панаводзілі, ці з глузду зьехалі? Няма-ж ніякай мэлёдыі. Ці то ў мяне, можа, слухавыя ворганы ненармальна працуюць.

- А што, ты ніколі ня чуў джазу?

- Джазу, кажаш? Недзе некалі каля вуха абабілася, што ёсьць такое нешта. Але няўжо-ж гэта музыка? Гэта чорт ведае што...

- Глянь вунь на гэных людзей. Бачыш, як танцуюць? І ўсе пад такт. Значыцца, ёсьць-жа нейкая мэлёдыя й рытм. Ну, хадзем, - цягнуў Дэмарчык хлапца за рукаво.

Хаця-нехаця паплёўся Сымон да дзьвярэй.

- Ну пойдзем, хаця-б для цікавасьці паглядзець.

У кавярні аж кішэла. На адну дзеўку выпадала каля пяці кавалераў. Дзяўчаты былі таксама вайсковымі з Кэтэрык Кэмпа, «пэсткі», як называлі іх палякі.

- Гэта «квік стэп» танцуюць. Бачыш, - паясьняў услужлівы Дэмарчык. - Давай ідзём, чаго-ж марудзіць...

- Дык-жа дзевак няма.

- Пачакаем, пакуль наступны танец пачнецца. Толькі-ж не праваронь, рот разінуўшы, бо іншыя дзяўчат пабяруць.

Пры пачатку наступнага танца Дэмарчык шмыгнуў між сьціснутых у кучу людзей і ўжо ўчапіўся за нейкую «пэстку», што цямкала ў роце жвачку. Сымон ня ўбачыў нікога вольнага й таму прыглядаўся, як іншыя выкручваюцца. Прарэзьлівыя гукі музыкі дакучалі няпрывыклым вушам. Ніяк ня мог хлапец асвоіцца ня толькі з такой мэлёдыяй, але навет з думкай, што такія несуладныя гукі можна было назваць музыкай.

Дэмарчык пару разоў кіўнуў Сымону галавой, каб прыблізіўся, а калі той ня рушыўся зь месца, сам падвёў сваю партнёрку і перадаў яму. Юнак нязручна пачаў стаўляць крокі, забыўся трымацца рытму аркестра й колькі разоў, ваступіўшы дзяўчыне на ногі, прамовіў «соры». Калі танец скончыўся, зьнеахвочаны хлапец з палёгкаю ўздыхнуў, быццам паўкапы жыта цапом адпярыўшы.

- Слухай, мусіць, я лепш пайду дамоў. Якое-ж гэта задаваленьне, чорт знае што за музыка й танцы.

- Нічога, браце, дробязь гэта ўсё. Ня траць веры. Невялікая бяда, калі зь першага разу не пайшло. Наглядай вось партнёрку й не марудзь.

Сымон намагаўся падбадзёрыцца. Калі наступнае зайгралі танга, ён у адзін міг ужо стаяў пры дзяўчыне ды, падхапіўшы яе пад рукі, пачаў больш уважна стаўляць крокі. Патрапляў і то не найгорш. Навет на ногі ня ступаў. Пасьмялеўшы, паспрабаваў навет убок павярнуць - таксама ўдалося. Павёў назад - выйшла зусім як трэба. Да канца танца хлапец зусім асьмеліўся і з радаснай усьмешкай сустрэў Дэмарчыка.

- Ну што? Ужо ўмееш?

- Братка, як стары ўсё роўна.

- А што, не казаў я табе? Будзеш яшчэ танцорам.

Пасьля такой ініцыяцыі Сымон быў сталым спадарожнікам Дэмарчыка на вечарынах. Адно што ніяк ня мог прывыкнуць да музыкі. Уся яна была то нейкая занадта галасьлівая, то зноў-жа вельмі сумна-хаўтурная. Навет самая папулярная тады ў Ангельшчыне, хвалёная й модная «Месячная сэрэнада» Глена Мілера зусім Спарышу не падабалася. Усяго, што прыносілі танцы, гэта нагода гутарыць па-ангельску, падлавіць колькі словаў ці зваротаў ды выйсьці хоць на хвіліну на волю, пакінуўшы манатонны і невясёлы сьвет вайсковага жыцьця.

 

 

: VIIІ

 

У бараку восьмага курсу Школы Падхаронжых Сымонавым суседам цераз прамежак між радамі пасьцеляў быў нейкі Хшаноўскі. Гэта быў сярэдняга росту, фізічна добра разьвіты, але бледны і зь вельмі паморшчаным тварам, блізу трыццацігадовы бляндын. Нічым асаблівым не вызначаўся, хіба апрача таго, што найбольш ад усіх часу пасьвячаў навуцы. Кажнюсенькі дзень, на дзьве ці на тры гадзіны прылёгшы й выгадна выпрастаўшыся на ўсю даўжыню пасьцелі, браў сшытак з запіскамі дзённых лекцый і, прагавіта заглядаючы ў нататкі, паўголасам паўтараў то радыёвыя шыфры, то тапаграфічныя правілы. Быццам перад экзаменамі, шматлікае завучваў на памяць, проста зубрыў. За гэта й празваны быў «зубрыцкім».

- Ну, пане зубрыцкі, якую барбару ты сяньня апрацоўваеш? - жартаваў ня раз Сымон. «Барбара» ў радыёвых шыфрах вызначала станцыю.

- Ціі-і-і-ха! - спыняў Хшаноўскі рукою суседа й малоў далей. Адно ўпэўніўшыся, што ведаў усё на сто працэнтаў, уставаў з пасьцелі, адкладаў сшытак і звычайна браўся за напільнік, каб агледзець свае ногці, або прысьвячаў колькі часу чаравікам, якія глянцаваў пад люстра.

Хшаноўскі не хадзіў на танцы. Затое шмат часу траціў на пісаньне пісьмаў нейкай Марысьцы, што пакінуў у Францыі і якую нярэдка ў апавяданьнях сябрам маляваў быццам нябеснага анёла. Якое то было «золатца» і што за прыгожая «красачка» паводле Хшаноўскага! Няхай хаваюцца перад ёю ня толькі ўсе разам узятыя Рафаэлевы мадонны, але й сама незраўнаная ў харастве Вэнэра. У дэталёвым маляваньні Марыські Хшаноўскі насамперш затрымоўваўся на апісаньні ножак, якія, паводле яго, быццам сам Творца ўласнай рукою вытачыў і ўдасканаліў на зайздрасьць усім іншым. Далей немалую ўвагу прысьвячаў гнуткаму й прывабнаму стану, не забываўся падчыркнуць вынятковыя «грудцы» і ўжо аж пад канец адтвараў у памяці «боскія» вусенкі, анёльскі выраз твару, глыбіню вачэй і пушыстыя. напоеныя водарам францускай парфумы валасы. Насалоджваўся ўспамінамі, як любіў насычаць цалункамі кончыкі Марысьчыных вушэй ды марыў аб наступнай сустрэчы. Сапраўды, слухаючы Хшаноўскага, не маглі яму не пазайздросьціць, што здабыў сэрца найпрыгажэйшай на сьвеце жанчыны. Праўда, здымак дзяўчыны не надта каму паказваў. Адылі некаторым удалося аднойчы ўбачыць, калі нахабны Шчуроўскі бесцырымонна выцягнуў фота з раней нагледжанага таемнага месца. Тады паўсталі нейкія супярэчнасьці адносна анёльскага выгляду Марыські. Хшаноўскі, сквапны на пахвалу, калі ўбачыў на тварах у сяброў крывыя міны, махаў рукою ды абвяшчаў зацікаўленым, што яны не разумеюцца на харастве так, як ён - стары й спрактыкаваны ў гэтай галіне майстра. Калі прадугледзеў, што могуць пачацца кпіны, звычайна пакідаў барак, каб, барані Божа, не пачуць якога абразьлівага слова пад адрасам «мілачкі». Відаць, вельмі цаніў і нізавошта не хацеў пазбыцца ўяўленага вобразу той, хараство якой у найлепшым выпадку было адноснае да створанага аб ёй уяўленьня.

Неяк Хшаноўскі, пад час рэпетыцыі аб харастве сваёй каханай, прыгадаў, што сустрэўся зь ёю ў Эльзасе ў часе вайны, калі служыў у францускім чужаземным легіёне.

- То ты ваяваў у Эльзасе? - зацікавіўся Сымон.

- Так.

- А дзе-ж, каля якіх мясцовасьцяў ваш адзьдзел быў у акцыі?

- Кольмар, Мюльгаўзэн, наогул каля швайцарскай мяжы.

- А вы былі каля Бэльфорту ці пад Альткірхам?

- А як-жа. Як наступалі з-пад Дыжону, дык аж пад Альткірхам затрымаліся на пару тыдняў. Пасьля прарвалі фронт і папхнулі швабаў аж да Рэйна.

- Ня помніш, больш-менш калі, у якім часе гэта было? - зацікавіўся яшчэ больш Спарыш. - Дзе? У якім месцы?

- Пад Альткірхам.

- Чакай, можа, прыпомню. Здаецца, дзесь пад канец лістапада. Так, гэта мусіла быць пад канец лістапада, бо пасьля за пару тыдняў, недалёка пад Каляды, дайшлі мы да Рэйна.

- Ха-ха-ха-ха! - раптоўна зарагатаў Сымон.

- Што за сьмех? - наежыўся Марысьчын паклоньнік.

- Дык і я-ж там у тым часе быў. Ха-ха-ха-ха!

- Як то й ты? Таксама ў францускім легіёне?

- Але дзе-ж там! У тым-то й справа, што я быў з другога боку.

- У швабаў?

- Як табе сказаць... гэта была беларуская дывізія, якая ў першы дзень францускага наступу бяз бою пайшла ў палон.

- Ты дрэні кавалак! - жартаўліва лаяўся Хшаноўскі. - Дык вось каго, значыцца, я мусіў выкурваць з тых гліняных акопаў! Вось дзе ўкрыўся мой вораг?

- Ты, братка, асьцеражней! Ня зьневажай мяне! Мусіш падзякаваць, што мае сябры і я не адстрэльваліся ды зусім не бараніліся. Чаго добрага - маглі б трапіць у цябе, такога адважнага ваяку. Пасьля не давялося-б табе сустрэць той боскай Марыські.

- Эх, лайдаку едэн! Ён значыць, быў маім праціўнікам.

- Бачыш, як нашы дарогі дзіўна сышліся. Ці ты сабе ўяўляў, што некалі з франтавым праціўнікам будзеш насіць аднолькавы мундзір і спаць на суседняй пасьцелі? Ха-ха-ха!

- Сьмешны й дзіўны гэты сьвет.

- Зусім заблытаны, - згадзіўся былы менскі кадэт.

 

: IX

 

Зь іншых навучэнцаў восьмага курсу трэба прыгадаць Усаевіча, сярэдніх гадоў паляка зь беларускай Смаргоні, найбольш здольнага й пільнага вучня, што пры сканчэньні школы заняў першае месца. Усаевіч адбыў час зьняволеньня ў бальшавіцкіх лягерах ваеннапалонных, служыў у войску яшчэ перад вайной, а на фронце быў у панцырных адзьдзелах. Меў вялікія веды з усіх панцырных дзялянак і таму ў школе амаль ня меў патрэбы вучыцца. Пад час заняткаў на радыёвым курсе практыкаваў альфабэт Морзэ, хоць вымагалася адно павярховае веданьне яго. Пасьля заняткаў найбольш сядзеў з Радзівілам у бараку, то падгладжваючы ангельскую мову, якую вельмі добра ведаў, то заглядаючы ў кніжку матэматыкі, відаць, рыхтуючыся на будучыню трапіць у нейкую школу.

Зьвязны Бончэк належаў да старэйшых векам падафіцэраў. Некалі трапіў у нямецкі палон і пасьля, уцёкшы зь лягеру зьняволеных, быў інтэрнаваны ў Швайцарыі, дзе адсядзеў у лягеры гады тры. Швайцарыя была частай тэмай ягоных гутарак. Хваліў маленькую альпійскую краіну, а асабліва ейныя гадзіньнікі. Паводле ягоных мяркаваньняў, «Тысот» быў найлепшым гадзіньнікам на сьвеце. Каб падтрымаць гэтую думку, мог бы залажыцца на вялікую суму. Таму што навокал не было вялікіх аматараў і знаўцаў швайцарскіх гадзіньнікаў, ніхто з Бончкам не закладаўся.

Найбольш мізэрным, ці, калі ўжыць тут самае адпаведнае польскае слова, «нэндзным» чалавекам на восьмым курсе быў малы сьлімазарны, заўсёды наракаючы й невясёлы Янкоўскі. Няцяжка было спасьцерагчы, што ён патрапіў набыць і захаваць у сабе самыя адмоўныя якасьці так добра ведамага ў Заходняй Беларусі, асабліва ў апошнія гады акупацыі яе палякамі, тыпу польскага гімназіста, што, скончыўшы сярэднюю школу, маючы вялікія вымаганьні й прэтэнзіі да грамадзтва з прычыны свае быццам адукацыі, шукаў цёпленькае пасады - звычайна дзесьці ў малым урадзе, навет пісарчуком, абы мог корчыць зь сябе вялікага пана ўрадніка.

У бальшыні такія гімназісты, паміма немалой акумуляцыі ведаў з лацінскае мовы й іншых клясычных прадметаў, былі зусім няздольнымі да практычнага жыцьця, ганьбавалі чорнай працай і саромеліся яе. Заўсёды стараліся дастаць нейкую пасаду. Польская адміністрацыя, выпусьціўшы на рынак такі своеасаблівы няжыцьцяздольны прадукт нерацыянальнай адукацыйнай сыстэмы, каб неяк знайсьці лішнюю дзірку для выгадаванага панка, часта пашырала ўрадавы апарат, тварыла новыя й лішнія пасады, а гімназіст зь недахопу працы калупаў дзесьці ў валасной управе свой нос, даглядаў ногці, корчыў зь сябе высокага ўрадніка ды непатрэбна забіраў час сялянам, платнікам падаткаў - ягоным карміцелям, якім абцяжваў жыцьцё.

Янкоўскі лічыў сябе пакрыўджаным жыцьцём і людзьмі, думаў, што ніхто да гэтага часу не ацаніў ягоных здольнасьцяў, не гаворачы ўжо аб пашане да ягонага шляхоцкага паходжаньня. Лічыў, што капрызны лёс закінуў яго ня ў той асяродак, дзе ён мусіў-бы быць, і вызначыў яму ў жыцьці не адпаведнае месца. І з выгляду быў малым і нявыглядным, заўсёды натапыраным і шурпатым у адносінах да іншых.

- А што-ж, пане Янкоўскі, будзеш рабіць, як скончыцца вайсковая масьленіца ды прыйдзецца ў цывільным жыцьці самому раду сабе даваць? - пацікавіўся аднойчы Сымон.

- Фраер ты, - самазадаволена й звысоку гледзячы, адказаў панок, - дамоў вярнуся. Там каля Кракава цёця мае маёнтак. Вось дзе я буду жыць.

- Ого, брат! - засьмяяўся Сымон. - Дык ты, мусіць, уяўляеш, што маскоўскія таварышы пакінулі тваёй цёці маёнтак і, пэўна-ж, таксама і для цябе цёпленькае местачка. Адно прыходзь і сядай панаваць! Нявузка!

- Ах! - махаў дробненькі палячок рукой. - Што з табой гаварыць! Ты - мужык і на гэтых рэчах не разумеешся.

- Я разумею, што хто працы не баіцца, таму ўсюды дарога.

- Працаваць? Дзівак ты. Я створаны да рэчаў лепшых, а не да працы. Няхай дурні працуюць.

- Але-ж ты й паразіт! - плюнуў Сымон.

Янкоўскі не спасьцярог вялікіх пераменаў, што прынесла на акупаваныя бальшавікамі польскія землі ваенная бура. Ня тое каб не хацеў, але прост-напраст няздольны быў сьмела заглянуць у вочы рэальнасьці, ацаніць зьмены, што адбыліся ў сьвеце, а асабліва на землях, захопленых Сталіным, а ў сувязі з гэтым і прадбачыць розныя магчымасьці ці немагчымасьці ды са здаровым розумам плянаваць будучыню. Ва ўяўленьні шляхціца маячыўся ўтульны маёнтак з белым выгадным домікам у засені высокіх стройных таполяў, пагулянкі з суседнімі прыгажунямі-шляхцянкамі ў травеньскія вечары, нагляданьне за паўпрыгоннымі сялянамі, гадаваньне кругленькага сыценькага жывоціка й пагарда да чорнай працы. Сымон глядзеў на Янкоўскага больш з палітаваньнем, чымся пагардай, і зусім нядрэнна ўяўляў расчараваньне панка, калі-б той вярнуўся ў Берутаву Польшчу на «цёцін маёнтак».

Існаваў на восьмым курсе й гэтак званы покерны гурток. Да яго належала нейкіх пяць асобаў, сярод якіх галоўным быў зьвязны Розмарэк, сам стары й перадваенны яшчэ жаўнер, што больш увагі ў жыцьці аддаваў пазакулісным, чымся простым, хадам. Ён пранюхаў, што камандзер школы, маёр Палішэўскі, сам любіў часта прысесьці ў «покерэчэк». Гэткім чынам існавалі спрыяльныя ўмовы для карцёжных гульцоў і адно заставалася выкарыстаць нагоду. Розмарэк аб тым і парупіўся.

Няцяжка было спасьцерагчы, як часта пасьля заняткаў покернікі адзін за адным ішлі ў суседні з маёравай кватэрай барак, дзе жылі падафіцэры. Там мелі асобны вольны пакой, дзе нярэдка займаліся ўлюбёнай гульнёй цэлымі гадзінамі. Вучні школы ведалі нямала адносна прайграных і выйграных, але таму, што сам Палішэўскі часта прымаў удзел у картах, трымалі язык за зубамі. Розмарэк і сябры-покернікі трымаліся з Палішэўскім за панібратаў і будучыню ў школе мелі больш-менш забясьпечанай.

 

Родны зьніч

 

: I

 

Пасьля пары месяцаў побыту ў Школе Падхаронжых Сымон быў прыемна зьдзіўлены адносінамі да яго з боку сяброў курсу. Змалку прывыклы да польскае неталеранцыйнасьці. падрыхтаваны быў на розныя няпрыемнасьці, шпількі, дакоры ці навет і варожасьць. Але нічога падобнага ня мог заўважыць. Наадварот - ніколі не спасьцярог, каб вучні вырозьнівалі яго паміж іншых. Шмат хто паважаў яго й цаніў як аднаго зь лепшых вучняў курсу. Ведама-ж, часта настаўнікі, а ў даным выпадку - інструктары, ня ведалі так добра сваіх вучняў, як самі вучні ведаліся міжсобку. Нярэдка прыходзіла ў галаву Сымона думка, што прычынай ягонага згоднага сужыцьця зь іншымі на курсе была адсутнасьць там гэтак добра ведамага з ранейшай жыцьцёвай практыкі і з войска тыпу зласьлівага беларускага рэнэгата, які, намагаючыся быць лепшым палякам за сапраўднага паляка, вечна так ці інакш спаганяў злосьць на сваіх суродзічах. Дзесь у глыбіні ў такога рэнэгата была звычайна захаваная макулінка зраненага сумленьня, якая цэлае жыцьцё не давала яму супакою таму, што здрадзіў і апаганіў народ і самога сябе. Дзеля насычэньня эгаізму й апраўданьня сябе як чалавека, дзеля таго, каб давесьці палякам, што ён самы сапраўдны й цэнны паляк, нікчэмнік такі вечна мсьціўся на здраджаных суродзічах. Помста гэтая - кусаньне цела роднае маткі, прымае розныя формы. Найчасьцей выказваецца дробнай дакучлівасьцю й ядавітасьцю ў дачыненьні да сваіх братоў, у канцы-ж становіцца для рэнэгата хутчэй біялагічнай, чымся духовай патрэбай. Адгэтуль такая цягласьць і ўпорыстасьць у дакучаньні здраджаным людзям.

Нягледзячы на карэктныя й прыязныя адносіны сяброў, Сымон намагаўся заўсёды трымацца асьцярожна. Ведаў, што ніколі з палякамі ня мог-бы зблізіцца так, як калісьці, хаця і ў вельмі кароткі час, з кадэтамі Менскай Школы Камандзераў БКА. Там быў часткаю суцэльнага нацыянальнага арганізму, тут - крошкай у чужым целе. Сяброўства з Дэмарчыкам ці іншымі замыкалася ў рамках зацікаўленьняў штодзённымі заняткамі, экскурсіямі на танцы ці навукай ангельскае мовы. Далейшы доступ у сапраўднае духовае сяброўства з гэтымі спадарожнікамі быў зачынены.

Тое, што адносілася да сяброў з курсу, нельга сказаць было аб маёру Палішэўскім. Ужо вельмі рана на пачатку школы спасьцярог Сымон, што маёр-покернік чапляўся да яго часта бязь ніякае прычыны, за абы-якую дробязь. Сустрэне, бывала, Сымон па дарозе камандзера школы. Адсалютуе карэктна, як належыцца. Ведаў, як салютаваць. Практыкі-ж хапала, ня першы дзень быў у войску.

- Гэй! - рэзка крыкне на хлапца, затрымаўшыся, Палішэўскі. - Спарыш! Ану-ка вярніся!

- Слухаю пана маёра! - падыйдзе Сымон.

- Як гэта вы, радавы, салютуеце, быццам у вас рукі вялыя, зусім без касьцей? Што гэта, лепш ня ўмееце? Як гэта вы ходзіце, быццам той дзед стары? Так жаўнер павінен хадзіць?

Сымон стаіць і чырванее, сочачы, як дрыгае маёраў падвойны падбародак.

- Я вам устаўлю яшчэ яйцы! Навучу вас, як будучы афіцэр хадзіць павінен, пся косьць! Можаце адысьціся!

Сымон адсалютуе й маніцца йсьці.

- Гэй, Спарыш! Вярніцеся! - зноў гаркне покернік Палішэўскі.

Сымон затрымаецца.

- Жывей вы ня можаце? Ану-ка папробуйце лепш, пся крэў!

За гэткія частыя маёравы натацыі Сымону было надзвычайна крыўдна, асабліва калі заўважыў, што Палішэўскі яму аднаму з цэлага курсу маніўся «яйцы ўстаўляць», адно на яго рэгулярна накідваўся.

Ужо пасьля, бывала, здалёк угледзеўшы маёра, прысьпешыць Сымон кроку і йдзе, здаецца, быццам той прускі жаўнер на парадзе - выпяціўшы наперад грудзі, высока трымаючы галаву й сьмела гледзячы афіцэру ў вочы.

- Гэй! Спарыш! - зьвягне зноў, нягледзячы на ўсе юнаковы стараньні, Палішэўскі. - Што гэта вы раўней хадзіць ня можаце? Я вам устаўлю яйцы, пся крэў!

Пераканаўшыся, што як ні старайся, а маёр-покернік усё роўна будзе абяцаць «яйцы ўстаўляць», Сымон стараўся, калі было магчыма, не паказвацца камандзеру школы на вочы. Відаць было, што Палішэўскі чапіўся наўмысьля. Была нейкая прычына, аб якой Спарыш ня ведаў. «Ці не нацыянальнасьць мая тут прычынай?» - пытаў сябе хлапец. Ніколі не давялося Сымону чуць, каб Палішэўскі суліў іншаму «ўставіць яйцы», адно яму. Гэта нічога добрага для юнака не варажыла.

 

: II

 

Дзесьці недалёка Каляд прыйшоў загад, каб Польскі цэнтр вышкаленьня панцырнай зброі (гэтак афіцыяльна называўся) з Кэтэрык Кэмпа пераехаў у Фразербург, у Шатляндыю.

Вучні восьмага курсу заладаваліся на цягнік раніцою. Пакуль даехалі да новага месца, скончыўся кароткі перадкалядны дзень. Ніхто не шкадаваў, што так рана скончыўся, бо надта-ж усім надакучыў уліўным дажджом і зольлю. Але й вечар быў ня лепшым. Востры вецярок хлістаў сьцюдзёнымі, калючымі густымі іголкамі пасінелыя ад сьцюжы твары. Ужо пры сьвятле фараў дабіраліся на аўтамашынах ад нейкай малой станцыі да новага, невядомага й прыхаванага ў цемры абозу. Машыны праехалі пару кілямэтраў і спыніліся. Людзі выладоўваліся ўпацёмку. Ніхто ня ведаў, дзе і як разьмяшчацца.

Непадалёк, у цемры, ледзь відаць было колькі баракаў, а дзесьці воддаль на ўзгорку хліпаў млявы агеньчык. Машыны завярнуліся й ад'ехалі на станцыю. Вучні восьмага курсу даведаліся, што да мэты, гэта значыць да баракаў, дзе маюць памясьціцца, трэба йсьці яшчэ з паўкілямэтра. Хаця-нехаця прыехаўшыя боцькаліся па нейкай глінястай дарожнай калатушцы, пры сільным ветраным дажджы зь цяжкасьцю лавілі ў грудзі паветра ды, таўкучыся, быццам той статак авечак, памалу пасоўваліся наперад.

Праклёнам ня было канца. Пачыналі ад самага «начэльнага водза», а канчалі на школьным старшыні, што дзесь застаўся ззаду. Вінавацілі ўсіх і за ўсё, перадусім-жа за недахоп спраўнай арганізацыі. Нямала сакавіценькіх праклёнаў ішло й на адрас ангельцаў, перадусім вайсковых уладаў, што так непашанотна адносіліся да «гэрояў» з Галандыі й Італіі. Тут найбольшы сьпец ад лаяньня Вардлоўскі выявіў шчыты свайго майстэрства. Запас у яго быў нявычарпальны. Вурчаў, быццам той маленькі, але надта-ж зьвяглівы сабачка, і з асаблівай, як здавалася, асалодай ужываў літару «р». Лаяньне яшчэ павялічылася, калі група дасталася ў прызначаны барак. Прычынаю была адсутнасьць матрацаў на пасьцелях. Давялося чакаць пару гадзінаў, пакуль нарэшце нехта неяк зарганізаваў транспарт і прывёз іх з абознага складу.

Дзень пераносінаў доўга помнілі вучні восьмага курсу, а нехта навет ня жартам спасьцярог, што гэта быў клясычны прыклад таго, як не павінна рабіцца ў войску. Бо ня трэба-ж забывацца, што ад выезду з Кэтэрык Кэмпа, значыцца, ад раньня, нікому эа цэлы дзень не давялося спажыць гарачай стравы. На новым-жа месцы, калі нехта знайшоў кухню, то з таго невялікая была пацеха, бо нічога падрыхтаванага зь еміны ня было. Гэтак з лаянкай, галодныя, перамерзлыя, сяк-так, як хто мог, прыладзіўшы пасьцелі, палягалі спаць.

Назаўтра раніцою разгледзеліся, куды папалі. Невялікі абоз, у якім было ня больш трох дзесяткаў баракаў, ляжаў на ўзгорку паблізу надморскіх выдмаў. Выдмы гэтыя, аброслыя нейкім доўгім і тонкім рыжым пустазельлем, малымі буграмі падымаліся аж да адлеглага на пару кілямэтраў на ўсход Паўночнага мора. Вузкая, брукаваная пасярэдзіне й высыпаная жвірам дарога спалучала абоз з паложаным ад яго проста на поўнач малым мястэчкам Фразэрбург. Мясцовасьць была ў Шатляндыі ў адлегласьці каля 50 міляў на поўнач ад Абэрдына.

Новапрыехаўшыя былі надта-ж незадаволеныя. Навокал, акрамя малога Фразэрбурга й невялічкай рыбацкай вёскі над морам, ня было ніякіх большых селішчаў. Праўда, выбар не залежаў ад жаўнераў. Чаго добрага, калі-б дазволілі ім выбіраць, то мо некаторыя пажадалі-б памясьціцца ў якім першаклясным лёнданскім гатэлі. Давялося пагадзіцца й прывыкаць да нявыгаднага месца. Навет пакрысе пачалі забывацца аб тым капрызным дні, што дажджом і зольлю так уеўся кожнаму ў косьці.

 

: III

 

На Каляды й Новы год усе, што жадалі, маглі атрымаць дзесяцідзённы водпуск. Тыя, што не хацелі, маглі заставацца амаль беспрацоўнымі пры бараках, бо нармальных школьных заняткаў ня было. Бальшыня скарыстала з нагоды і, атрымаўшы бясплатныя чыгуначныя білеты, па якіх можна было ехаць хаця-б на другі канец Ангельшчыны, расплылася па абтоку. На вялікі жаль, нікому не дазвалялі ехаць на кантынэнт, і дзеля таго наш асноўны гэрой быў крыху расчараваны, што нельга наведаць сваіх сваякоў у Нямеччыне, аб якіх ужо пасьпеў прыпадкам даведацца.

- Ну як, Сымон, куды едзеш? - пытаўся Спарыша Дэмарчык.

- Хто-ж яго ведае, фактычна няма куды.

- Давай, братка, са мной. Я табе пакажу цяпер сьвет.

- Можа, да тваёй Бэты?

- Вось, братка, ты і ўгадаў. Ды ня толькі да Бэты, але перш і да Мэр заскочымся.

- Гэта дзе, значыцца?

- У Шэфілдзе.

- Дык нам толькі таго й адпачынку, што езьдзіць цэлы час будзем.

- Эх, братка, каб ты ведаў, што гэта за дзяўчаткі, дык ты б зь нецярплівасьці ня мог уседзець, каб іх хутчэй пабачыць.

- Дык я-ж і бачу, што ты зь нецярплівасьці ледзь-ледзь дачакацца таго ад'езду можаш.

- Братка, ты - мудры Саламон. Угадаў ты, як усё роўна пальцам у неба трапіў, - сьмяяўся Дэмарчык.

Мэры, дачка нейкага работніка, жыла ў Шэфілдзе, а Бэты, ваенная ўдава, якую Дэмарчык пазнаў,яшчэ будучы ў Кэтэрык Кэмпе, на вечарыне ў Дарлінгтоне, жыла ў надморскім месцы Сандэрланд, што ляжала блізу Нюкасла.

Прыехаўшы позна вечарам, якраз на Куцьцю, у Шэфілд, Дэмарчык, затэлефанаваўшы да Мэры, даведаўся, што яе няма дома. Была дзесьці ў сяброў. Гэткая вестка надта-ж узлавала Дэмарчыка, што любіў хваліцца дзявочаю адданасьцю да яго. Было зусім нялоўка глядзець з гэтай прычыны сябру ў вочы.

- І ты падумай, калега, што за сьвінства. Хіба гэтак могуць толькі ангелькі рабіць. І пісаў-жа, што прыеду.

- А можа, яна ўжо другога «бойфрэнда» мае? - усьміхнуўся Сымон.

- Тут, відаць, бабка надвое варажыла. Хутчэй за ўсё што так, бо не падлажыла-б яна мне такой свінкі бяз прычыны.

- Дык што-ж будзем рабіць?

- Пераначуем тут ды, можа, яшчэ прабацяляемся пару дзён, а тады паедзем у Сандэрланд.

- А што, калі й твая Бэты такая самая, як гэта цнотка?

- О не, што то - то не! Ты, братка, ня ведаеш яе. Гэта не жанчына - гэта анёлак.

- Таго я й баюся, што анёлкі часта крыльлі ўжываюць.

- Фраер ты, чаго табе галава баліць. Бэты ад мяне не ўцячэ. Занадта моцна мяне кахае, каб іншага шукала.

- Як кахае? Лістоўна?

- Але-ж ты, братка, і цынік. Няхай цябе кадук.

Прабыўшы тры дні ў Шэфілдзе, дзе начавалі й елі ў вайсковым гатэлі ды бадзяліся па горадзе або сядзелі ў кіно, а раз навет і на танцы заглянулі, накіраваліся хлопцы ў Сандэрланд. Бэты сустрэла жаўнераў надзвычайна ветліва. Гэта была ў раньніх трыццатых гадах, дробненькая, чарнявая ў твары й даволі прыгожая жанчына. Яна была вельмі рухавая й надзвычайна ветлівая. Дэмарчык, з навыкамі чалавека, што ў гасьцях чуецца як дома, разваліўшыся ў мяккім крэсьле ў салоне й прыхіліўшыся да пляча гаспадыні, часта заглядаючы ёй у вочы, апавядаў аб сваіх жаўнерскіх прыгодах, часта ўсьміхаючыся да Сымона. Сябра таксама ўсьміхаўся, а прычынаю гэтага былі розныя Дэмарчыкавы нябыліцы. Толькі цяпер Сымон заўважыў, што ягоны сябра меў немалую практыку ў заляцаньні да жанчын. Навет у ангельскай мове, якой яшчэ ня зусім добра валодаў, розныя жарты й дасьціпнасьці густа сыпаліся з Дэмарчыкавага языка. Бэты была ўдавой ангельскага афіцэра, што загінуў у часе вайны ў Афрыцы, і, згодна апавяданьняў Дэмарчыка аб ёй, мела нядрэнны характар ды надзвычайна любіла таварыства.

Сымону таксама прыдбалі кампанію. Бэты запрасіла сваю сяброўку, зусім не апошнюю з выгляду, даўганосую, з надта рэгулярнымі рысамі твару й добра збудаваную, нейкую разводку Нэлі. У Сымона ня было ані таго майстэрства ў гутарцы з жанчынамі, ані такога запасу ангельскае мовы, як у Дэмарчыка. Каб не паказацца надта-ж нудным, Спарыш стараўся як мог прымаць удзел у агульнай гутарцы. Языку крышку палягчэла, калі на стале зьявілася віскі, а пасьля піва.

Малы пяціпакаёвы домік гаспадыня атрымала ў спадчыну па нябожчыку мужу. На нізе знаходзіўся добра ўмэбляваны мяккімі канапамі салон з характэрным малым ангельскім камінком у сьцяне, наступным быў сталовы пакой і ззаду кухня. Наверсе былі спальні. Даўно Сымон ня быў у жыльлёвым памяшканьні, гадамі ўжо валочачыся па Эўропе й пражываючы то пад голым небам, то ў палатках, то ў жаўнерскіх бараках. Гэткі хатні спакой, утульнасьць, цішыня, прыемная цеплыня электрычнага квадратнага грэйніка ў камінку ды сяброўства хоць яшчэ й слаба знаёмых, але ўсё-ж даволі прывабных жанчын - усё зрабіла на хлапца мілае ўражаньне. Прыпомніў, што ёсьць на сьвеце, акрамя нядолі, і нейкая раўнамернасьць, рэгулярнасьць, рацыянальнасьць, задаваленьне ў жыцьці. Сьведкаю таму няхай хаця-б і гэты лёгкі сьмех Бэты і Нэлі з розных апавяданых Дэмарчыкам драбніц або іхняе бесклапотнае шчабятаньне. Як-жа выгаднай і прыемна-мяккай была таксама тая шырокая гасьцінная падвойная пасьцеля, у якой давялося хлапцам побач праспаць пару начэй. Жаўнерскія плечы даўно ўжо ўсьпелі адвыкнуць ад мяккага пуху пярыны.

Навагодні вечар правялі на танцах у найбольшай у горадзе танцавальнай залі «Рыц». Гэта была вялізарная цыркулярная зала, пасярэдзіне якой на круглым подыюме гралі на зьмену дзьве аркестры. Навокал сьлізкага танцавальнага паркету былі жалезныя балюстрады з лавачкамі, а за праходам - прыбіральні. Заля магла памясьціць вельмі свабодна больш двухсот пар танцораў. На Сільвестраў вечар, хаця танцы распачаліся а гадзіне дзевятай, чарга па білеты ў касе скончылася дзесь мо за паўгадзіны перад поўначчу. Былі гэта ў бальшыні маладыя дзяўчаты. У сярэднім выпадала трое дзяўчат на двух хлапцоў. Нідзе й ніколі ў сваім жыцьці ня бачыў Сымон столькі моладзі на танцах. Аркестра была надзвычайная - адна й другая складаліся з шасьці музыкаў, што гралі наперамену. Былі рэдкія й невялікія перапынкі. Гралі ня толькі найбольш папулярныя ў Ангельшчыне ў той час факстроты й хуткі «джайв», але й вальсы ды танга.

- Глянь, рыцар, якія магчымасьці выбару. Бачыў ты калі гэтулькі прыгожых дзяўчат у адным месцы? - таўхануў Сымона Дэмарчык.

Сымон толькі паківаў са зьдзіўленьня галавой. Танцаваць ён ужо наламаўся й стараўся забаўляць Нэлі, як мог. Тая-ж, напарфумаваная й напудраваная, выдавалася яму ў млявым прыцемленым сьвятле зусім прыгожай. З гутаркай было неяк цяжкавата; першае, што Сымонаў язык быў даволі абмежаваны недахопам чужых словаў, а другое, што сама Нэлі ня вельмі была гаваркая. Выдавалася Сымону навет крышку нуднай. Нічога-ж няма горшага, калі кавалер, дзякуючы пэўным абставінам, змушаны праводзіць час не ў самім сабой выбраным таварыстве, ды калі ў дачыненьнях з жанчынай перашкаджае чужая мова й адсутнасьць супольных тэмаў. Гэткім чынам у найлепшым выпадку кавалер будзе чуцца быццам сам ня свой, хаця-нехаця адбываючы павіннасьць. Гэтакі Сымон чуўся, нягледзячы на ўсю навакольную весялосьць, ніякавата. Ягоная зьвязанасьць была больш вартай пашкадаваньня, бо навокал бачыў дзесяткі маладзенькіх прыгожанькіх дзяўчатак, зь якіх, калі-б ня быў заняты накінутым Дэмарчыкам таварыствам, мог-бы выбраць сабе сяброўку па сваім гусьце й мець шмат большую прыемнасьць.

Дэмарчык і Бэты зусім, здавалася, не разумелі, чаму другая пара была праз цэлы вечар такой нуднай і невясёлай. Дый дзе-ж ім было разумець. Яны цэлы час закаханымі поглядамі ўпіваліся адно ў аднаго ды моцненька прытуляліся, танцуючы, пераплятаючы ўсё гэта вясёлым смехам і шматабяцаючымі поглядамі.

Існуе ў Ангельшчыне такі звычай, што калі гадзіньнік апоўначы праб'е першыя часіны Новага года, усе блізкія, асабліва-ж маладыя, што недзе танцуюць, няхай навет і тыя, што першы раз сустрэліся або навет і пайшлі ў першы танец, абдымаюцда й цалуюцца. Сымон пасьля ня мог навет Дэмарчыку вытлумачыць, чаму ў той час, калі сотні іншых параў упіваліся адно ў другое вуснамі ў доўгіх пацалунках, калі аркестр урачыстымі гукамі абвясьціў Новы год і на зале былі прыцьмёныя ўсе свётлы, чаму ў той час ён стаяў, трымаючыся за рукі Нэлі, і ня толькі не пацалаваў яе, але чуўся яшчэ больш няёмка, чымся цэлы вечар. Мо таму, што Сымон ня ведаў аб тым універсальным, распаўсюджаным шырока пасьля вайны сярод ангельскай моладзі звычаі, а мо й таму, што да цалунка ён прывязваў шмат больш вагі, чымся іншыя. Для яго цалунак мусіў быць накіраваны духовымі пачуцьцямі, а ня проста біялягічнымі меркаваньнямі. У кожным выпадку Сымон не пацалаваў Нэлі, й тая была вельмі зьдзіўленая ды пасьля поўначы выразна пахаладзела. Магчыма, што разводка якраз і чакала той поўначы, каб хаця нейкім цялесным спалучэньнем знайсьці большы кантакт, адкрыць шлях да гэтага стройнага, высокага й ня зусім даступнага жаўнера. Дэмарчык, даведаўшыся пасьля аб гэтым, навет моцна дакараў Сымона, што зь ягонага боку, сьціпла гаворачы, гэта было няпрыгожа. На Новы Год, паводле Дэмарчыка, усе маладыя на танцах у Ангельшчыне тонуць у цалунках. І як гэта Сымон, такі мудры Саламон, гэтага ня ведаў. А калі ня ведаў, дык чаму не запытаўся?

- Бачу, калега, што я цябе яшчэ ня зусім у людзі вывеў, - канчаў сваю натацыю Дэмарчык.

- Але-ж, але. Трэба было табе ведаць, што я ў гэтых справах невялікі майстра. Дый што за прыемнасьць цалаваць жанчыну, якая для цябе нічога ня значыць?

- Калі нічога ня значыць, дык хаця-б тады ўжо зь ветлівасьці.

- Вось і дагаварыўся: цалаваць некага зь ветлівасьці. Хіба-ж толькі родных сваіх, дый ня ў вусны-ж.

- Які-ж ты цямняк! Тут проста трэба было. У іх звычаі гэткі.

- Дык я-ж не ангелец.

- Я-ж не сказаў гэтага. Тое-ж самае і я. Але ты бачыў, якая Нэлі была незадаволеная. Будзе цябе дрэннымі словамі памінаць.

- Ну, няхай сабе.

Сымон не хацеў спрачацца, бо Нэлі была сяброўкай Бэты, для якой у Дэмарчыкавым сэрцы недзе быў адведзены пачуцьцёвы ўтульны куточак. Дык хлапец замоўк, каб не ўгнявіць Дэмарчыка.

З водпуску абое былі задаволеныя й зьявіліся ў абозе другога студзеня. Сымон ня тым мо быў задаволены, што добра пагуляў, бо так і ня было, але тым, што крыху збольшага пазнаў Ангельшчыну.

 

: IV

 

І чым больш Сымон пазнаваў гэту краіну, тым больш яна яму не падабалася. Няважнымі былі самыя краявіды ці вонкавы выгляд яе. Як на кожнай іншай часьці зямлі, памінаючы хіба пустыні й ледавікі, так і ў Ангельшчыне ёсьць месцы надзвычайна прыгожыя й зусім брыдкія. Краіна ўсеяна сотнямі старых замкаў, што помняць сівыя вякі і проста ня могуць не падабацца. Але тут-жа побач расплыліся на дзесяткі кілямэтраў вялікія індустрыяльныя гарады жароламі нязьлічоных хвабрычных комінаў, што атручвалі навокал паветра. Выдавалася, што ў гэтай краіне няма наймалейшай пядзі зямлі, ня выкарыстанай чалавекам. Выглядала, што тут вельмі цесна, што на абтоку жыве столькі людзей, што калі-б ён быў мяшком, то даўно-б трэснуў па швах і ўсё, што не зьмясьцілася ўсярэдзіне, апынулася-б у навакольным моры. Гэтак фактычна й было. Кожны год дзесяткі, а пасьля вайны й сотні тысяч эмігравалі за акіяны ў розныя, зьвязаныя зь Вялікай Брытаніяй супольнай мінуўшчынай краіны, каб там будаваць сабе новае жыцьцё. Гэты працэс распачаўся даўно, у тым часе яшчэ, калі ангельскія матросы адкрывалі па ўсім сьвеце новыя землі або сьпяшаліся ў адкрытыя іншымі, каб там лягчэй нажыцца.

Сымону перш за ўсё не падабалася ангельская пагода. Ужо прабыўшы пару тыдняў у Кэтэрык Кэмпе, спасьцярог, што яна вельмі дрэнна ўплывае на ягонае здароўе. Вечныя дажджы, вятры, імгла, золь - усё гэта надта-ж дакучала пасьля сонечнай Італіі. Меў такое ўражаньне, як быццам нехта ўдарыў яму абухом сякеры ў патыліцу й ад гэтага ўдару сталася цяжкая галава. Ды на гэта ня было рады. Давялося прывыкаць. А хіба-ж лёгка прывыкнуць да сталай дрэннай пагоды? Дык і ня дзівіўся, што сустрэчныя ангельцы найперш пачыналі гаварыць аб пагодзе. Гэта можна было пачуць між іх на кожным кроку. Мусіць, цягам стагодзьдзяў, з пакаленьня ў пакаленьне ўвайшло тое ў традыцыю. Ня толькі Сымон наракаў на ангельскую пагоду, але й самыя жыхары краіны. Гэта было для хлапца невялікай пацехай.

Не падабаліся Сымону й людзі. Мо таму, што іх слаба яшчэ ведаў. Але выдаваліся яму нейкімі зусім іншымі, чымся ўсе іншыя эўрапэйцы, якіх ужо шмат давялося сустрэць пад час вайны. Шмат жартаў ёсьць аб ангельскім характары. Адзін зь іх апавядае, што калі-б нейкім чынам з разбітага карабля выратаваліся незнаёмыя міжсобку дзяўчына й двое хлапцоў ангельскага паходжаньня ды ўсе апынуліся на бязьлюдным малым абтоку, дзе хаця-нехаця мусілі-б між сабой зжывацца дзеля супольнага перамаганьня перашкодаў, то нічога-б між імі ня сталася, значыцца, ня было-б ніякага кантакту, а ўсё тое з простай прычыны, што іх ня было каму міжсобку пазнаёміць. Пэўна-ж, жарт перасолены, але ёсьць у ім макулінка праўды. Ангелец, жывучы дома, для чужынца слаба даступны. З пагодным французам ці італьянцам, навет з бурклівым немцам можаш хутка пазнаёміцца, распачаўшы ўсьмешкай. Мо таму, што кантынэнтальныя народы мусілі стагодзьдзямі жыць у суседзтве зь іншымі. Ангельцы-ж, як сказалі-б бальшавіцкія марксісты, на сваім абтоку вечна былі «адзіналічнікамі». Яшчэ ў далёкай мінуласьці, перамяшаўшыся з шатляндцамі-шкотамі, валійцамі й ірландцамі, пераварыўшыся ў адгароджаным морам ад кантынэнту катле, маса насельніцтва ніколі ня мела шырэйшага кантакту з чужынцамі. Толькі пад час і пасьля апошняе вайны зь неабходнасьці прыйшлося прымаць у сябе багата чужых. Прыглядаліся няпрошаным гасьцям зь цікавасьцю і, быццам тое малое нясьмелае дзіцё, што, убачыўшы чужога вусатага дзядзьку ў хаце, хаваецца за матчыну спадніцу, карэнныя жыхары брытанскіх абтокаў хоць, вядома, і ня з боязьзю, але з загадкаю й недаверам стараліся паволі пазнаваць людзей, што гаварылі на іншых мовах. І тэмаў, і зацікаўленьняў не маглі знайсьці зь імі супольных. Дый не стараліся шукаць. Іх цікавілі футбол, конскія скачкі, пагода, заробкі на мясцовых фабрыках, самаход у суседа, недахоп бэнзыны, якасьць піва, крыкет, рыба, ну й мора. Шмат цікавых ім драбніцаў ня мелі істотнага значэньня для чужых бадзякаў, што апынуліся на абтоку ў сілу неабходнасьці. Ангельцаў ня цікавіла замежная палітыка (маем наўвеце шырокія масы), геаграфія, розныя эўрапэйскія навінкі. Веданьне сьвету зводзіцца ў іх да ангельскіх даміньёнаў, калёніяў, ну й колькі важнейшых эўрапэйскіх і іншых дзяржаваў.

У кантакце з ангельцамі Сымон спасьцярог нейкую кітайскую сьцяну, якую ніякім чынам нельга было пералезьці. Гэты сьвет, навет сацыяльна самы ніжэйшы, быў своеасаблівы. Трэба было шмат яшчэ навучыцца й даведацца аб ім, каб знайсьці ключ да дзьвярэй, празь якія можна было-б пралезьці на плошчу агульнага зацікаўленьня й сужыцьця. А ў тым часе ніхто ня мог з пэўнасьцю сказаць, як доўга давядзецца чужынцам быць на абтоку й ці наогул некаторым зь іх ня прыйдзецца пасяліцца там на сталае жыцьцё.

 

: V

 

Мінуў ужо блізу год, як ня чуў Сымон беларускае мовы з вуснаў другога чалавека, а гады два з таго часу, як не бачыў роднага друкаванага слова. Сяброў-беларусаў пакінуў у Італіі. Быў адзін, як палец, сярод палякаў. Калі й палякі, зь якімі з дня на дзень жыў, знаходзіліся ў чужой краіне, то Сымон быў сярод чужых двойчы: раз - сярод палякаў, два - у чужой краіне. Як у дбайлівай вясковай гаспадыні ў згорненым у кучку прысаку тліўся жар, так у Сымонавым сэрцы, дзесьці ў самай вялікай глыбіні яго, гарэў маленькі каганец непагаснага каханьня да Бацькаўшчыны і ўсяго роднага. Зьверху быў нанос абыякавасьці й шэрай штодзённасьці, будзёншчыны. Але хапіла-б, каб у гэту, здавалася-б, непранікальную глыбіню пракраўся праменьчык свайго роднага, нейкая нітачка, што зноў злучыла-б той адасоблены каганец з агульным беларускім целам, ён разгарэўся-б і зашугаў магутным яркім полымем, што страсянуў-бы ўсю яго духовую і фізычную натуру.

І гэткі праменьчык знайшоўся. А сталася тое так. Дзесь пад канец сорак пятага году Сымон пры дапамозе польскага Чырвонага Крыжа адшукаў Кастуся Дзежку й некаторых іншых сяброў у Італіі. Ад Дзежкі дастаў адрас нейкага беларускага, бліжэй няведамага яму сьвятара-вуніята з Рыму, аб якім давялося чуць ужо раней ад некаторых былых менскіх кадэтаў. Напісаў ліст у Рым і прасіў сьвятара паведаміць, што дзе робіцца сярод беларусаў, ці дзе ёсьць якія арганізацыі і калі ёсьць нейкая беларуская прэса, прыслаць яму хоць адзін асобнік.

Якая-ж нязьмерная была Сымонава радасьць, калі праз два тыдні пасьля высланага пісьма атрымаў з Рыму адказ і, самае найважнейшае, маленькі скрутак, распакаваўшы які, аж не паверыў вачам. Там была парыская беларуская газэта «Беларускія Навіны» й рататарны часопіс «Міжмора».

У пісьме сьвятар пісаў наступнае:

«Даражэнькі Сымон,

Думаю, што не загневаешся за мой гэты сямейны тон у першым лісьце да Цябе. Сяньня, калі мы раськінуты па сусьвеце, перапоўненыя тугой за нашай радзімай, трудна мне, пішачы да свайго чалавека, сіліцца на іншы тон.

Ліст Твой з 15.1.46 г. атрымаў. Шчыра дзякую. Пару дзён таму назад што меў пад рукой з прэсы, тое пад Тваім адрасам выслаў (№1 «Беларускіх Навін», выйшаўшы ў Парыжы, і «Міжмора»). Калі атрымаеш, прасіў-бы паведаміць нас дзеля арыентацыі. З таго матэрыялу зразумееш, што адносіны сяньня між палякамі і намі быццам палепшыліся. Дзеля таго ўсе 16 народаў у «Міжмора» стаяць як роўныя з роўнымі. Усё-ж такі тутэйшыя беларусы пакуль што абсэрватары, а не арганізатары «Міжмора». На мой узгляд добра францускія крывічы зрабілі, што прыгарнуліся да стараны партыі Бідо, як можаце бачыць зь «Беларускіх Навін».

У нас тут у Рыме пакуль што ніякай арганізацыі афіцыяльна няма. Але хто што можа, тое робіць. Ёсьць тут трое сьвятараў, некалькі студэнтаў. Падтрымоўваем зносіны з жаўнерамі. Трэба сказаць, што новае пакаленьне крывічоў бадзёрае. Каб толькі ператрываць!

Калі Вы атрымаеце гэты ліст, а не атрымаеце друкаванага слова, Вам высланага, то ў наступным лісьце падам адрасы арганізацыяў нашых у Парыжы. Тым часам бывайце здаровенькія й пішыце.

З Богам,

Ваш заўсёды а. Ч.».

Ліст быў напісаны лацінкай і вельмі акуратненька. Цёплыя сяброўскія словы ад незнаёмага чалавека моцна ўзварушылі чулае Сымонава сэрца. Здавалася, што гэты сьвятар быў яму вельмі блізкі й даўно знаёмы. Як-жа Сымон быў яму ў гэту хвіліну ўдзячны. І дарагі ён быў ня толькі тым, што патрапіў у кароценькіх колькіх радочках прамовіць любым, блізкім, родным словам, але й тым, што якраз зьявіўся тым першым праменьчыкам, зьнічам, што праз цемру чужога навакольля выцягнуў ласкавую руку, каб прыцягнуць яго да агульнага беларускага вогнішча, дзе ўжо зьбіраліся пасьля вайны першыя беларускія піянеры на выгнаньні, каб пакласьці асновы першых сваіх арганізацый на чужыне. Для Сымона найважнейшым якраз і было, каб даведацца, дзе існуюць беларускія арганізацыі на чужыне, ці выходзіць прэса. Кінуўшы вокам на часопіс «Міжмора», ён збольшага сьцяміў, што гэта быў орган нейкай федэрацыйнай арганізацыі на выгнаньні, у якую быццам уваходзілі прадстаўнікі народаў, сяньня паняволеных, што жывуць між Балтыйскім і Чорным морамі ды на Балканах. Спачатку агульна зарыентаваўшыся, што думка недзе нарадзілася сярод палякаў, адлажыў часопіс убок, каб пасьля разабрацца ў дробязях. Толькі чытаючы сьвятароў ліст і сустрэўшы мяркаваньні - «усе ў «Міжморы» стаяць як роўныя з роўнымі» і «адносіны сяньня між палякамі і намі быццам палепшыліся», па Сымонавым твары сьлізнула ледзь заўважная ўсьмешка.

«Роўныя з роўнымі». Дзесьці раней ужо чуў нешта падобнае. Што гэта было й дзе? Ага, думаў, пашукаўшы ў памяці, - гэта-ж сам першы маршалак Пілсудзкі некалі, пасьля Першай сусьветнай вайны, калі беларусаў намагаўся запрэгчы ў панска-асадніцкае ярмо, кінуў падобны лёзунг «Роўныя з роўнымі, вольныя з вольнымі». Сымон добра ведаў, што лёзунг быў фарсай, а наіўныя беларусы, што спрабавалі літаральна яго тлумачыць ды карыстаць з гэтай «роўнасьці» й «вольнасьці», суленай маршалкам, дорага пасьля за сваю памылку заплацілі.

Што-ж да тых «адносінаў між палякамі й намі, якія быццам палепшыліся», дык тут Сымон адразу прыгадаў маёра-карцёжніка Палішэўскага й ягоную заўсёдную абяцанку - «я табе ўстаўлю яйцы». Хіба-ж гэта ня сьведчыла аб «адносінах»? Праўда, Сымон быў вельмі асьцярожны з абагульненьнямі, надта-ж далёка ад таго, каб, прыкмеціўшы нешта характэрнае ў аднаго чалавека, падтасоўваць тую ўласьцівасьць да цэлай ягонай нацыі. Але ў тым і бяда, што, прыпомніўшы аб тых «яйцах», заўсёды Сымону абяцаных, побач Палішэўскага зараз вырастала нікчэмная фігура самароднага цыцэрона Эдзі Цеслюка, а ў вушах гучалі пагрозы, адрасаваныя колішнім менскім кадэтам: «Няхай выкінуць сабе з галавы гітлераўскія бздуры! Або будуць добрымі жаўнерамі й польскімі грамадзянамі, або... знойдзецца для іх месца па-за рамамі арміі. Запішыце гэта сабе на лбе!»

«Так, паважаны Эдзё, - адказваў у думках віленскі юнак, - даўно мы гэта ўжо запісалі і, калі прыйдзе час, прыпомнім. Расьлі й гадаваліся ды загартоўваліся мы ў агні й без тваёй рады ведалі, што й дзе запісваць. Ты толькі нам лішні раз прыпомніў, ня ўцяміўшы, якое жніво некалі прыйдзецца зьбіраць тваім родзічам з пасеянага табой зерня». Далей зьяўлялася постаць подлага рэнэгата Мыдлеўскага ды шматлікіх іншых афіцэраў і радавых палякаў, кароткія жыцьцёвыя кантакты зь якімі выказалі аб іхняй непрымірымай варожасьці да чалавека толькі таму, што ён голасна й смела заяўляў аб сваім беларускім паходжаньні. Гэта ўсё дзеелася пасьля самай вялікай гістарычнай катастрофы, дзе, між іншымі, польскі народ палажыў вялікія ахвяры, але амаль зусім не ўзбагаціў свайго жыцьцёва-палітычнага розуму. Дык даволі ўжо аб тым, што «роўныя з роўнымі» ці «адносіны палепшыліся». І наіўнасьць мае-ж сваю мерку.

 

: VI

 

Да чытаньня «Беларускіх Навін» юнак узяўся з урачыстым натхненьнем, можна сказаць, з пабожнасьцю і быццам з боязьзю. Ужо колькі хвілін меў газэту ў руках, а ўсё яшчэ недзе ў галаве мітусілася ўява, што гэта ўсё быццам нерэчаіснае, што хутка дзьмухне нейкі вецер і зьнікне зь ягоных рук дарагі шматок паперы са знакамі роднае мовы. Ня мог аніяк прывыкнуць да думкі, што ў ягоных руках першая родная ластаўка, тая нітачка, пры дапамозе якой можна будзе дабрацца да свайго беларускага клубка. Чуўся так, як быццам вылазіў з глыбокага цёмнага прадоньня й угледзеў нарэшце сьветлы дзённы праменьчык. У наступную хвіліну здавалася, што да гэтага часу быў слабы й абясьсілены, быццам страціў вялікую частку крыві. І вось нехта праз жылы пачаў уліваць яму кроў. Павольна, але стала й упэўнена пачынае пульсаваць цэлая крывяная сыстэма, мерна б'ецца аслабленае й зьняможанае яшчэ нядаўна сэрца, сіла пачынае вяртацца ва ўсе часьці цела. Становіцца на ногі, варушыцца, каб праверыць, што ўсё гэта сапраўднасьць, а пераканаўшыся, маніцца аж падскочыць і пачаць танцаваць з радасьці. Хочацца крычаць з радасьці, весяліцца, абдымаць усіх людзей, што пад рукою, і абвяшчаць вялікую навіну - ён, Сымон Спарыш, нарэшце знайшоў нітачку да свайго роднага клубка. Гэта той канал духовае справы, па якім ужо ад гэтага часу нанава й стала будзе сачыцца пажыва для ягонае зьняможанае й згаладалае душы. Як-жа тут ня весяліцца. Рукі дрыжаць зь вялікага хваляваньня, прысьпешаным тэмпам б'ецца сэрца.

У бараку ў гэтым часе быў абедзенны перапынак і супакой. Да заняткаў яшчэ шмат часу. Людзі сядзяць групкамі, іншыя калупаюцца каля розных штодзённых дробязяў. Бальшыня зь іх не бярэ ўвагі на Сымона. Толькі Дэмарчык спасьцярог надмернае хваляваньне свайго сябры і, убачыўшы ў руках хлапца газэту з незнаёмымі яму літарамі, падыходзіць і пытаецца, што за яна й адкуль атрымаў. Пару суседзяў таксама ўталопліваюцца ў Сымона з запытальнымі поглядамі. Юнак дзеліцца з зацікаўленымі вялікай радаснай весткай, але адразу мяркуе, што чамусьці ягоныя словы ня робяць на іншых амаль ніякага эфэкту. Ён на момант быў забыўся, што з гэтымі людзьмі ня мог дзяліць такой радасьці, і дзеля таго адыходзіць са сваім скарбам у зацішнейшы куток і просіць Дэмарчыка, каб не перашкаджаў.

Вочы ўпіваюцца ў радочкі, зь вялікай любоўю песьцяць кожную літарку. Сымон чытае са смакам і паволі, а дзесьці ў галаве гнязьдзіцца думка, што ня трэба-ж сьпяшацца, дарма што мо й часу пад час абедняга перапынку ня хопіць на прачытаньне ўсяго. Трэба-ж з гэтай малой фарматам газэты прыдбаць для сваёй спрагненай душы як найбольш асалоды. А душа ягоная цяпер быццам тая высахлая губка. Для яе гэтая малая газэтка быццам тая сьціпленькая кропелька вады для губкі. Колькі-ж увабрала-б, усякнула-б свайго роднага, калі-б было адкуль. Дык пакуль гэта маленькая кропелька не спажытая, трэба ўжываць яе з найбольшай асалодай, перш чым праглынуць, трэба абгледзець і нацешыцца кожнай найменшай мікраскапічнай макулінкай, трэба насыціць, здаецца, усе свае органы чуцьця, а ня толькі думку.

Што за матэрыял у газеце?

Перш за ўсё колькі слоў ад рэдакцыі, бо гэта-ж першы нумар. Гаворыцца, што «вымогі беларускага друкаванага слова ў нас сяньня найвялікшыя», што беларускім работнікам у Францыі, згуртаваным пры Францускім хрысьціянскім сындыкаце работнікаў, удалося нарэшце зрэалізаваць сваё даўняе летуценьне, выдаць газэту, якая будзе ня толькі інфарматарам, але й лучнікам беларусаў, раськіданых па ўсім сьвеце ў насьледку пяцігадовае вайны. Газэта зьяўляецца дадаткам да органа Францускага работніцкага сындыкату і выходзіць месячнікам, але пасьля маніцца выходзіць і часьцей, абы была ад сваіх дапамога.

Нумар прысьвечаны збольшага Калядам 1945 году, і пасярод, пад загалоўкам, на дзьве шпальты першае бачыны на здымку відаць пакрытыя сьнегам хвойкі. Чытач уяўляе кавалачак роднае, дарагое, пакінутае Бацькаўшчыны.

Побач - верш Ларысы Геніюш «Новы год»:

 

Новы год ідзе крокам бадзёрым,

крокам звонкім, як сам, маладым.

Расьцілае надзеі ўзорныя,

гоіць крыўдаў і ранаў сьляды.

 

Ідзе стуль, дзе ў завеяных хатах

нас чакае сям'я за сталом,

каб з загубленым сынам ці братам

падзяліцца сямейным цяплом...

 

Як ёмка й праўдзіва сказана. «Новы год... гоіць крыўдаў і ранаў сьляды». Так. Гояцца і ў Сымонавым сэрцы пэўныя раны, хаця хто ведае, калі пачнуць гаіцца сьляды крыўды. Падымаюцца пад цяжкім уздыхам грудзі. Крыўды былі, ёсьць цяпер і доўга будуць яшчэ. Хто ведае, каторы ўжо новы год іх загоіць. Ці-ж лёгка ўявіць, што пры дапамозе гэтай ластаўкі-газэты новы год хоча падзяліцца і зь ім, Сымонам, сямейным цяплом? Ён-жа загублены сын і брат, адзін з тысячаў раськіданых-разьвеяных па вялікім сусьвеце. Сям'я ягоная ня ведае, ці ён жыве, магчыма, што ўжо ўпотайку памалілася за супакой душы ягонай, што, можа, даўно пакінула маладое зморанае цела. Яны-ж ня ведаюць. Ох, даражэнькія, родненькія! Няхай Бог улье вам у сэрца надзею, што Сымон не загінуў, што туляецца па чужыне, хоць змораны й зьняможаны, але-ж - вольны. Будзе й ён маліцца за вас, прасіць Усемагутнага, каб пад удушлівым ціскам ярма сатаны прынёс вам палягчэньне ды прысьпешыў дзень вызваленьня вашага.

Нешта спазмамі сьціскае й душыць Сымонава горла, на вочы набягаюць буйныя сьлёзы. Хлапец здабываецца на надлюдзкія сілы, каб іх стрымаць, каб не расплакацца ў прысутнасьці цэлага восьмага курсу нейкай чужой і наўрад ці патрэбнай яму ў будучым школы.

Людзі звычайна ўважаюць, што плач вызначае духовую ці фізычную слабасьць, а найчасьцей забываюцца, што іншым разам прыносіць вялікае палягчэньне. Дарослыя стыдаюцца плакаць, толькі ў выключных выпадках, калі ня могуць стрымацца. Плач звальняе награмаджанае доўгім часам у сэрцы й душы, гэткім чынам навет спрычыняецца да аздараўленьня й адпружаньня пераладаванага духовага й цялеснага людзкога арганізму. Сымон у гэты момант хацеў-бы плакаць - з гора і з радасьці, з даўно перажытага і з новазнойдзенай макулінкі шчасьця й надзеі. Хацеў-бы забрацца недзе ў нейкі адлюдны куточак і раўці на ўсё горла, як маленькае дзіця. Так-жа шмат і такога горкага награмазьдзілася ў яго за пару гадоў бурнага ліхалецьця. Але-ж ён ня ў тым часе й месцы, дзе плакаць можна. Сіліцца, каб стрымаць буйныя сьлёзы, ды, бачачы, што не дасьць рады, узрываецца з лаўкі, хавае згорнутую газэтку ў кішэню й хуткім крокам накіроўваецца на двор. Некуды йдзе, а куды - ня важна. У галаве цэлы пчаліны рой розных думак. Нешта грызе бязьлітасна за сэрца, іншае нешта клешчамі сьціскае за горла. На вочы нагортваюцца буйныя сьлёзы.

Па сьцежцы між баракаў насустрач ідзе нейкая постаць. У апошнюю хвіліну юнак спасьцерагае Палішэўскага, і рука мэханічна падносіцца на вышыню правага вока. Яшчэ ня мінуў, а ўжо чуе хрыплаваты бас:

- Эй, Спарыш! Як гэта вы салютуеце, як ня жывы? Я вам устаўлю яйцы! Пся крэў!

Сымон спыняецца й адварочваецца. Перад ім празь імглу сьлёз відаць падвойны сыценькі падбародак, маленькія зласьлівыя вочкі, няпэўная грымаса на азызлым твары й кругленькі жывоцік.

Сымонавы сьлёзы ўміг высыхаюць, а твар бляднее й сьціскаюцца зубы. Як-жа прыемна было-б плюнуць у гэту сытую й брыдкую фізіяномію. Гад! Нячысьцік! - мільгаюць у галаве адна за другой мянушкі. Ужо навет сьліна зьбіраецца ў роце. Сымон стаіць над абрывам. Толькі хуткі інстынкт самакантролю ды крошачка здаровага рассудку падказваюць яму іншае. У апошні момант хлапец устрымоўваецца.

 

: VII

 

Цэлы вечар таго дня, вярнуўшыся ў барак пасьля заняткаў, чытаў Сымон прысланую газэту й раздумваў. Перш за ўсё прачытаў кароткі непадпісаны артыкул пад загалоўкам «Кс. Вінцэнты Гадлеўскі», дзе аўтар апавядаў пра малаведамы дагэтуль факт аб замучаньні нямецкімі гэстапаўцамі ў Менску каля Каляд 1942 году выдатнага беларускага каталіцкага сьвятара й арганізатара Беларускай Незалежніцкай Партыі. Аўтар не хацеў ці мо ня ведаў - ён поўнасьцю не адкрыў заслоны на таямнічую сьмерць ксяндза Гадлеўскага. Нічога не ўспамінаў аб юдавай ролі ў той час шырокавядомых беларускіх здраднікаў, якую яны згулялі, выдаючы ў рукі немцаў аднаго з найвыдатнейшых сыноў беларускага народу.

Сымон найбольш цікавіўся весткамі аб беларусах на выгнаньні. На вялікі жаль, у гэтым газэта была скупая. Весткі аб тым, што быццам у Злучаных Штатах ёсьць нейкая Беларуская Нацыянальная Рада ў Чыкага, што там-жа ёсьць беларускія перадачы па амэрыканскім радыё, - усё гэта было надта неабгрунтаванае, а калі й сапраўды нешта існавала, дык хіба-ж толькі лякальна, бо ня відаць, ня чуваць было аб ніякай дзейнасьці, перадусім аб якой-небудзь дапамозе беларусам у Эўропе, як памагалі іншанацыянальныя арганізацыі сваім суродзічам. Значыцца, аб гэтых арганізацыях усё тое было-ж надта туманнае, нявыясьненае, хто ведае, ці было праўдзівае.

Цэнтрам Сымонавай увагі стаўся артыкул пад загалоўкам «Заданьні беларускай эміграцыі», які выясьняў шмат чаго адносна трагічнага палажэньня новых выгнанцаў і таксама кідаў сьвятло на нашу старую эміграцыю за акіянам.

Сымон чытаў:

«Адной з найпякучых праблемаў для беларускага замежнага грамадзянства зьяўляецца сяньня справа новай беларускай эміграцыі. У насьледку страшнай разрухі нашага краю апошняй вайной - каля мільёна беларусаў апынулася па-за межамі свае Бацькаўшчыны.

Гэта наша новая прымусовая й «дабравольная» эміграцыя апынулася была ў абставінах, ня маючых сабе прэцэдэнту ў гісторыі ніводнае эміграцыі якога-небудзь народу ў сьвеце. Ёй прыйшлося перажыць надмерна нялюдзкія цяжкасьці, як матэрыяльна, так і маральна ды праўна...»

І далей:

«Усё тое, што перажыла гэта наша эміграцыя... тлумачыцца хіба тым, што ніводзін народ, як наш, ня прывык да падобнага роду цярпеньняў. Але цярпеньні яе яшчэ ня скончыліся...»

Далей аўтар стараецца падказаць беларусам у Амэрыцы, прынамсі, тым зарганізаваным, якой помаччу маглі-б прысьпець сваім няшчасным родзічам у Эўропе. А самае галоўнае й найбольш важнае вычытаў юнак у наступным:

«Беларуская новая эміграцыя на амэрыканскай зоне Нямеччыны знаходзіцца ня толькі што ў нявыразным, але й досыць парадаксальным становішчы. Ёй па сяньня ня прызнаецца права нацыянальнасьці. не дазваляецца навет тварыць сваіх асобных нацыянальных лягераў, падобна іншым нацыянальнасьцям, а мусяць таму туляцца ў разьбітку, па суседзях - у той час, калі амэрыканскі ўрад афіцыяльна прызнае беларускі народ як нацыю».

Далей аўтар зноў раіў тое-сёе, што маглі-б зрабіць у галіне дапамогі амэрыканскія беларусы. Відаць, што аўтар і група беларусаў, якія выдалі «Беларускія Навіны» ў Па-рыжы, біліся, як тая рыба аб лёд, бездапаможна прыглядаючыся вялікай нацыянальнай катастрофе й маючы недахопам капіталу ды рознымі іншымі цяжкасьцямі зьвязаныя рукі. Заклікі аб дапамозе да беларусаў цераз акіян падобныя былі да голасу ў пустыні, бо калі-б у Новым Сьвеце сапраўды існавала нейкая жывая й дзеючая нацыянальная беларуская арганізацыя, яна сама ўжо раней парупілася-б пра тое-сёе й не чакала-б на парады з боку «Беларускіх Навінаў».

Сымон, чытаючы газэту й крывавячы сэрцам аб няшчасьці сваіх суродзічаў у Нямеччыне ды іншых краінах, ня ведаў у гэты час, што ў «Беларускіх Навінах» ня было сказана аб самым галоўным і найбольш жахлівым, якое выявілася й дайшло да ягоных вушэй пасьля. Гэта палягала ў наступным: беларусы па цэлай Эўропе, а пераважна ў Нямеччыне, былі аб'ектам паляваньня бальшавіцкіх рэпатрыяцыйных місіяў, якія якраз у гэты час пры дапамозе й садзейнічаньні заходніх хаўрусьніцкіх акупацыйных уладаў стараліся там, дзе людзі не хацелі дабравольна, прымусам адвезьці пад уладу маскоўскага тырана, найчасьцей у сібірскія лягеры нявольніцкае працы ўсіх тых, каго гітлераўская ўлада выкінула са сваіх родных гнёздаў. Пры дапамозе амэрыканскае і ангельскае вайсковае жандармерыі бальшавікі заладоўвалі няшчасных людзей у таварныя вагоны й пад канвоем накіроўвалі на Ўсход. Гэткім чынам з самай Нямеччыны ўдалося ім прымусова рэпатрыяваць блізу паўмільёна беларусаў, як пазьней падала бальшавіцкая статыстыка.

У гэты пасьляваенны час заходні сьвет, пераважна Злучаныя Штаты й Ангельшчына, яшчэ добра не разгадаўшы аблічча бальшавіцкага крывапіўцы, былі мімавольна ўдзельнікамі найбольшага ў гісторыі гвалту над паняволенымі Масквой народамі. Ацьверазеньне прыйшло шмат пазьней і вельмі паволі. Памылка была зроблена. Франклін Рузвельт адышоў на той сьвет са сьведамасьцю, што належаў да найвялікшых людзей у гісторыі Амэрыкі хаця-б таму, што спрычыніўся да перамогі над Гітлерам ды разумна падзяліў паміж трыма «вялікімі» зямную кулю на сферы ўплываў, не спасьцярогшы, што ў сілу ўмоваў з валадаром Крамля быў партнёрам жахлівага народабойства. Сталін-Сосо-Джугашвілі насалоджваўся стогнамі й енкамі безабаронных ахвяр ды сьмяяўся з таго, што абдурыў сваіх ваенных хаўрусьнікаў.

 

«Прычына - веравызнаньне, нацыянальнасьць»

 

: I

 

Вучні ў клясе звычайна добра арыентуюцца, якія хто мае посьпехі ў навуцы, і могуць часта вызначыць кожнаму месца паводле ацэнак. Калі восьмы курс Школы Падхаронжых набліжаўся да канца й праходзілі апошкія экзамены, было ў групе колькі чалавек, якія складалі лісты кадэтаў паводле іхняй пасьпяховасьці. Параўноўвалі адзін ліст з другім, спрачаліся, адстойвалі дадатныя або адмоўныя ацэнкі тых ці іншых асобаў. Звычайна найменш было сумлеваў адносна колькіх першых - усе пагаджаліся, што першым паводле пасьпяховасьці будзе Ўсаевіч. Некалькі наступных імёнаў таксама ня былі цяжкімі для гаданьня, тым больш, што ацэнкі з асноўных галінаў навучаньня былі раней вядомыя. Было яшчэ колькі невядомых, якія стараліся прадугледзець. Сымону звычайна вызначалі самае сярэдняе месца - між дзесятым і дванаццатым. Самыя два апошнія месцы прыдзялілі хваравітаму шляхцюку Янкоўскаму й даволі недалужнаму, найслабейшаму ад усіх Марцінкоўскаму.

Апошнія экзамены былі па стратэгіі й арганізацыі арміі. Хшаноўскі цэлымі гадзінамі вывучваў на памяць розныя ваенныя мудрасьці і навет забываўся ўспамінаць пра сваю «боскую» Марыську, а перад кожнымі экзаменамі дрыжаў і хваляваўся, быццам малое дзіця перад першым зашчыпленьнем воспы. Ягоны-ж сусед Янкоўскі ня меў такой вялікай пільнасьці, хаця нямала часу прысьвячаў на паўтарэньне. Неяк аднойчы надвечар Янкоўскі папрасіў Сымона, каб праэкзаменаваў яго. Сымон, паставіўшы колькі трапных пытаньняў, хутка прыйшоў да выснаву, што шляхцюковы веды раўняліся блізка нулю.

- Ведаеш, пане Янкоўскі, - сказаў яму пасьля гэтага Сымон, - будзе ў нас вялікі цуд, калі ты з гэтых прадметаў, са стратэгіі й арганізацыі арміі, здасі экзамены. Ты-ж нічога, навет самага элемэнтарнага, ня ведаеш.

- Ат, што ты дурніцы гаворыш. Чаму я ня ведаю? - накасавурыўся хваравіты шляхціц.

- Дык я-ж бачу.

- Ты ўжо занадта вялікім знахарам сябе лічыш.

Сымон ня лічыў патрэбным спрачацца, бо й што за разьлік быў - даводзіць чалавеку аб тым, што ягоныя веды раўняліся нулю, калі той сам ня ўмеў бачыць для ўсіх іншых відавочных рэчаў. Сымон ня ведаў, якое вялікае рашчараваньне чакае яго і як моцна памыляўся ня толькі ён, але й усе на курсе, калі мяркавалі пра ягоныя собскія ацэнкі.

Выпускныя школьныя цырымоніі былі вызначаны на трэцяга сакавіка. Ужо пару дзён перад тым пачалі ўсе чыста гарачкава да гэтага рыхтавацца. Вайсковыя краўцы рыхтавалі мундзіры, абшываючы наплечнікі й канцы рукавоў шырокімі, на адзін сантыметр, сярэбранымі паскамі. У канцылярыі школы пісар-яфрэйтар прыгожым каліграфічным почыркам выпісваў школьныя пасьведкі. Ён добра ведаў ацэнкі ўсіх вучняў і ня скупіўся зь інфармацыяй. Калі Сымону нехта сказаў, што ён атрымаў паводле пасьпяховасьці апошняе месца з дваццаці трох чалавек восьмага курсу, то хлопец прыняў гэта за дрэнны жарт і голасна зарагатаў.

- Дык ідзі й сам запытайся, цяпер маёра ў канцылярыі няма, і пісар табе скажа.

- Адстань, ня дуры галавы, - стараўся адчапіцца ад парады Сымон.

Але калі другі й трэці з сяброў прыйшлі да Сымона й паўтарылі тую самую вестку, хлапец наважыўся сам праверыць і пабег у канцылярыю. Нікога там не было, акрамя пісара, які канчаў выпісваць пасведкі. На Сымонава запытаньне ён паказаў аркуш паперы, сьпісаны прозьвішчамі.

- Вось глядзі. Гэта ўсё я сьцягнуў зь лісты афіцыяльных вынікаў, якую маёр недзе трымае пад ключом. Тут паводле ацэнкаў ад першага да апошняга стаяць усе вучні восьмага курсу.

Кінуўшы вокам на падсунуты аркуш, Сымон спасьцярог сваё прозьвішча на самым апошнім месцы. Зацікавіўшыся Янкоўскім, вока ягонае адшукала шляхцюка на адзінаццатым месцы. Хлапец пачуў на целе нейкую млявасьць і гарачыню, і кроў хлынула ў твар.

- Сукін сын! Покершчык! - прамовіў празь сьціснутыя зубы Спарыш і, пакінуўшы пісара з разяўленым ротам, моцна стукнуў канцылярскімі дзьвярыма. Увесь барак ужо ведаў аб канчатковых выніках навукі, й ацэнкі Сымона былі прадметам агульнага зацікаўленьня.

- Пане Спарыш, - падышоў Радзівіл, - усе вельмі зьдзіўленыя вашай няўдачай. Ня ведаюць проста, чым гэта вытлумачыць. Я вельмі спачуваю вам...

- Спачуваеце, пане Юры? Веру вам! - наўмысьля голасна, каб усе чулі, зачырванеўшыся са злосьці, пачаў Сымон. - Але-ж я не калека, каб мне былі патрэбныя вашы спачуваньні. Надта-ж вы велікадушныя. Вы гаворыце - маёй «няўдачай». А я вас проста спытаю, ці думалі вы, ці хто-небудзь іншы, зь якой прычыны я атрымаў такую клясыфікацыю? І ці гэта простая «няўдача», як кажаце, ці тут штось крыецца глыбейшае?

Сымон зрокам абвінавальніка-пракурора акінуў усіх прысутных. Адказалі не адразу.

- Прычына нейкая ёсьць, але хто яго ведае... - пераступаючы з нагі на нагу, цягнуў нясьмела Юры.

- Маёр гэткім чынам яйцы хацеў яму ўставіць! - крыкнуў насьмешліва Шчуроўскі.

- А я вам скажу чаму, - не зважаў на апошнюю рэпліку Сымон. - Я вам скажу, чаму я атрымаў апошняе месца. Таму што я беларус! Чуеце? Таму што я беларус, мне покершчык Палішэўскі вечна абяцаў яйцы ўстаўляць і апошняе месца даў. Што-ж вы цяпер на гэта?

- Слухай, браце, - падышоў Дэмарчык, - то яшчэ невядома...

- Ат! Кінь ты гаварыць! Няма тут ніякай тайніцы. Ты сам ведаеш, што карцёжнік мне цэлы час наўмысьля праходу не даваў, чапляўся без найменшае, здавалася-б, прычыны. А фактычна прычына была самая галоўная ў маёй нацыянальнасьці. Таму й даў апошняе месца, а Бог ведае яшчэ, што напісаў.

- Ты гэтага ня можаш з пэўнасьцю сказаць...

- А ты можаш? Што-ж, я сьляпы ці сягоньня нарадзіўся? Чаму вы, палякі, усе такія эгаісты й ня хочаце прызнаць навет відавочных рэчаў, а ўсё стараецеся бачыць праз прызму свайго, мэтазгоднага з нацыянальнымі задачамі, уяўленьня? Тут-жа ўсё ясна, як два дадаць два - чатыры. Кожнаму з вас навет недзе ўнутры сорамна за маёра, за наўмыснае крыўджаньне чужога. Але-ж ваш эгаізм не дазваляе на прызнаньне мае слушнасьці.

Гэтыя жалюгодныя спробы перакананьня Сымона, што ён пакрыўджаны ня з прычыны свае нацыянальнасьці, на тым і скончыліся. Выпускнікі восьмага курсу, што думалі над гэтым пытаньнем, відаць, поўнасьцю згаджаліся зь беларусам, але ўсё-ж ня мелі адвагі голасна сваёй згоды выказаць.

Доўга Сымон мяркаваў, што рабіць. Лічыў, як пасьля шмат пазней даведаўся, зусім слушна, што маёр Палішэўскі, дазволіўшы яму скончыць школу, наважыў загарадзіць далейшую кар'еру ў польскай арміі з прычыны нацыянальнасьці. Можа, ня было-б так крыўдна, калі-б хлапец быў меншым патрыётам свайго народу. Але ягоны патрыятызм сягаў аж да фанатызму. На восьмым курсе ён лічыў сябе ледзь не амбасадарам беларускага народу. Абарона й чысьціня беларускага імя перавышала ў яго навет асабісты гонар і амбіцыі, якія ставіў заўсёды на першым месцы. Учынак Палішэўскага лічыў ня менш чым за вялікую зьнявагу й аплявуху беларускаму народу, а ня толькі самому сабе.

Прыйшоўшы да такога выснаву, стараўся мяркаваць, што далей рабіць. Мог адмовіцца ад прыняцьця ступені падхаронжага й гэтым самым выратаваць свой асабісты й нацыянальны гонар.

«Так, гэта надзвычайная думка, - згадзіўся зь ідэяй Спарыш, - няхай бачаць, сукіны сыны. Я ім пакажу, як зьневажаць. Так і быць! Адмоўлюся!» Ужо ўстаў і хацеў бегчы шукаць Палішэўскага, каб паведаміць аб сваім намеры, але ў апошнюю хвіліну стрымаўся. «А што-ж я гэтым здабуду? - прыйшло раптам у галаву. - Добра, цяпер усе пабачаць маю асабістую вартасьць, можа, навет паціснуць руку за такую адвагу ў абароне нацыянальнага й асабістага гонару, але-ж калі гэта ўсё разьедзецца й трапіць у адзьдзелы, дзе ніхто амаль ня будзе ведаць аб школьных ацэнках і аб Палішэўскім, дык чым-жа я застануся? Ізноў радавым? Ізноў кожны апошні капрал будзе мной загадваць ды апошні Антак стане стукаць па плячы запанібрата? Неяк яно тут ня тое ўсьміхаецца. І чаму, дарэчы, калі Палішэўскі можа крывіць душой ды вызначаць некаму апошняе месца толькі таму, што ён іншае нацыянальнасьці, чаму тады я не магу крышку скрывіць? Можа, ён якраз таго й спадзяецца? Напэўна, што так. Знае-ж мяне, сабака, нядрэнна. Мусіць, таго й чакае. А калі так, то скула ў бок. Вось наўмысьля не адмоўлюся й прыму. А там-жа ўжо пакажацца, што рабіць. Пэўна-ж, век у гэтай праклятай арміі, сярод фальшывых людзей, служыць не давядзецца».

І чым больш думаў, тым больш узмацнялася злосьць і пагарда да карцёжніка-каманданта. Думкай гэтай ні зь кім не падзяліўся, толькі, замкнуўшыся ў сабе, калупаўся, рыхтуючыся да заўтрашніх урачыстасьцей.

 

: II

 

Рух у бараку ўжо амаль спыніўся. Выглянцаваная подлога сьвяціла як люстра. Быў вечар. Навучэнцы восьмага курсу канчалі глянцаваць чаравікі, спражкі, што ззьялі золатам, пасы, пераглядалі, ці ў парадку й ці чысты іншы рыштунак. Кожны зь нецярплівасьцю чакаў заўтрашняга дня. Янкоўскі зь вялікай асалодай песьціў зрокам прышытыя на мундзіры свежыя сярэбраныя стужкі і ўяўляў сябе, пэўна, адміралам. Хшаноўскі тайком выцягнуў зь кішэні здымак «боскай Марыські» й распрамяніўся ўсмешкай. Самазадаволена гудзелі ў куце покернікі. Паводле ацэнак усе яны трапілі на пярэднія месцы. Зьвязны Розмарэк яшчэ раз пераканаўся, што закулісныя хады больш паплатныя, чымся франтавыя. Дэмарчык з задаваленьнем гудзеў пад носам «Сагару», а ў галаве маячылася цёпленькая ангельская ўдоўка й выпрабавальная будучыня ў «Інтэліджэнс Сэрвіс» ды памножаныя ім могілкі ворагаў. Барак ціха й раўнамерна гудзеў, быццам той вуль пчолаў пасьля працавітага гарачага летняга дня. Зацяты й гусьценькі, паганяны хуткім ветрам шкоцкі дождж ёмка хлістаў знадворку шыбы бараку. Каля нагрэтай печкі цёрліся кадэты.

- Зва-а-а-жай! - загрымеў голас з ваколіцы дзьвярэй. Маёр Палішэўскі, засопшыся, быццам паравоз, разам з дажджлівым ветрам уварваўся ў барак і на момант спыніўся каля парога. Дваццаць тры пары вачэй упіліся ў камандзера. - Даць вольна! - загадаў маёр.

Кругленькая брухатая фігурка пасоўвалася праходам між пасьцелямі, а маленькія вочкі найперш папаўзлі па выглянцаванай падлозе, пасьля па пасьцелях, а ўжо потым пераскаквалі з твару на твар вучняў. Маёр затрымаўся каля печкі, пацёр рукі і, нешта буркнуўшы пра капрызную пагоду, пачаў пра заўтрашні дзень.

- Глядзіце, каб усё прэзентавалася першага класу. Гэта для вас вялікі дзень, і ня мушу паўтараць, што кожны з вас мае быць на сто працэнтаў у парадку. Што да ацэнаў, то курс скончыў зусім добра, аднак можна было шмат лепш. Асабліва-ж, - уталопіўся ён з грымасай у Сымона. - Спарыш і Марцінкоўскі надта слаба выйшлі. Я спадзяваўся, што вы, браце, пастараецеся лепш. Слаба, надта-ж слаба.

Сымон стаяў каля свае пасьцелі, крокаў пяць воддаль ад печкі й ні на момант ня спускаў вачэй з маёра. Пры ягоным успаміне аб ацэнах хлапец зачырванеўся, а ў вачох засьвяціўся злы агонь.

Маёр накіраваўся ў куток, дзе ў кучцы стаялі покернікі, і замяніўся з імі паўголасам колькімі словамі. Іншыя абступілі афіцэра, й адбылася кароткая гутарка аб заўтрашніх урачыстасьцях ды аб вялікім выпускным балі, што вечарам меў адбыцца спэцыяльна для школы ў абознай кавярні. Маёр накіраваўся павольным крокам да выхаду й спыніўся каля Сымона.

- А ты, Спарыш, яйцаў не маеш! - Тон быў фальшыва-сяброўскі. - Такі здаровы й малады зь цябе хлапец, ды аж брыдка глядзець на твае рухі й павароты. Так, яйцаў табе бракуе. І вельмі-ж слаба ты выйшаў, я не спадзяваўся такога.

- Спадар маёр, - адазваўся беларус, - усё роўна што я атрымаў, з таго й задаволены. Зрэшты... - Тут Сымон раптоўна спыніўся. Смелая думка апанавала хвіліннай нерашучасьцю.

- Што? Што ты хацеў сказаць? - падтрымаў маёр, пераходзячы на «ты».

- Мой собскі погляд, пане маёр. Для мяне найбольш істотным ёсьць тое, што сам ведаю сваю вартасьць, а як мяне іншыя ацэняць, тое для мяне - другараднае.

Палішэўскі пачырванеў як бурак. На твары зьявілася брыдкая грымаса, затанцавалі злосныя вочкі й ледзь заўважна задрыжаў падбародак. Нешта маніўся сказаць, ды ўстрымаўся й выглядаў, быццам тое дзіця, што паламала каштоўную цацку, пад абвінавальным зрокам маткі. «Мык-пык», - буркнуў нешта невыразнае пад носам і зноў-жа пры тым услужлівым крыку «зважай» пакінуў барак.

- Ну, браце, - падскочыў да Сымона, выцягваючы руку, Дэмарчык, - дазволь павіншаваць цябе за такую сьмеласьць і бадзёрасьць.

- А ведаеш, - усьміхнуўшыся й паціснуўшы выцягнутую руку, сказаў Сымон, - што я сказаў нешта зусім супрацьлеглае сваім паглядам. У нас, беларусаў, ёсьць такая прыказка: няхай таго пярун спаліць, хто сам сябе хваліць.

- Але-ж ты сябе не хваліў.

- Нельга сказаць, каб хваліў. Зрэшты, я-б гэтага й не сказаў, калі-б Палішэўскі быў аб'ектыўны. Ён выказаў сваю подласьць і яшчэ мае нахабства кусаць мяне, быццам той злы сабачка. Ягоная ацэнка да мяне ня прыліпне. Увесь курс ведае, што мяне наўмысьля пакрыўдзіў, толькі мо не жадае бачыць, што прычынаю - мая нацыянальнасьць.

- Маладзец! - захапляўся Дэмарчык. - За гэта, што яму сказаў, то ты поўнасьцю маладзец, маеш маё вялікае прызнаньне.

- Па-беларуску маладзец, а па-польску ведаеш як? - жартаваў Сымон.

- Галоўнае, што гумару ня траціш. За гэта люблю цябе, браце.

Назаўтра, пры вялікай шумісе, на галоўным абозным пляцы ў прысутнасьці камандзера цэнтру палкоўніка Міхальскага раздавалі выпускнікам восьмага курсу пасьведкі аб сканчэньні Школы Падхаронжых. Сымон атрымаў пасведчаньне апошні. Вечарам у абознай кавярні адбыўся баль, на які акрамя колькіх «пэстак» прыбылі й дзяўчаты з Фразэрбурга.

Спарыш у гэты дзень атрымаў другі нумар «Беларускіх Навінаў» і быў імі больш абрадаваны, чымся атрыманьнем пасьведкі з ваеннае школы. Гэткаму спалучэньню выпадкаў надаваў навет сымбалічнае значэньне: клікала яго свая родная грамада на выгнаньні, да якой, пэўна, неўзабаве далучыцца.

 

: III

 

На самым паўночным чубку Шатляндыі, над морам, на беразе пласкагор'я, ляжыць малое мястэчка Тэрсо, а на ўсход ад яго, кілямэтраў на пяцьдзесят воддаль - Вык. Адсюль відаць недалёкія Аркнэйскія абтокі. У часе вайны было там колькі вайсковых абозаў і лётнішча - Скітэн Арадром. Клімат там надта нездаровы. Халодныя вятры амаль бесьперапынна дзьмуць з боку Грэнландыі, вольна гуляюць па неўраджайным узвышшы, дажджом і зольлю вечна дакучаючы мясцовым жыхарам.

Пасьля вайны памяшчалася там Шаснаццатая самастойная панцырная брыгада, у склад якой уваходзілі чатырнаццаты, пяты й трэці панцырныя палкі ды шаснаццаты полк драгунаў. У сакавіку 1946 года, калі новасьпечаныя падхаронжыя з Фразэрбурга, што належалі да Другога корпуса, прыехалі сюды на часовы побыт, каб чакаць на транспарт да сваіх адзінак у Італію, шаснаццатая брыгада была ў працэсе поўнага раскладу. Хутчэй нагадвала банду людзей у вайсковай вопратцы, чымся войска. Дысцыпліны ўтрымаць было нельга. У гэты час варшаўскі камуністычны ўрад пры дапамозе брытанскага ўраду лейбарыстаў стараўся ўплываць на жаўнераў, каб вярталіся на радзіму. Брытанскі міністр замежных спраў Бэвін ішоў Варшаве на руку й ад сябе заклікаў палякаў, каб вярталіся.

Тыя, што пакаштавалі некалі жыцьця пад бальшавіцкай уладай, слухаць не хацелі гэтых заклікаў. Адно палякі з заходніх земляў, што ў бальшыні трапілі сюды пасьля вайны з нямецкага «вермахта», масамі вярталіся дадому. Афіцэры іх не намаўлялі й не перашкаджалі. Ня было зарганізаванай прапаганды, каб устрымаць адплыў людзей пад камуністычную ўладу.

Дысцыпліна ў войску раўнялася нулю. Жаўнеры лаялі афіцэраў, пагражалі, што калі ўсе вернуцца ў Польшчу, то ім - афіцэрам ня будзе чаго рабіць, кім камандаваць і застануцца без вайсковага пайка. У шаснаццатым палку драгунаў здарыўся напад на сяржанта-харонжага, што быў сьмяротна ранены доўгім нажом у плечы. Непаслухмянасьць відаць была на кожным кроку. Раней даваліся пропускі на водпуск у Францыю, але калі жаўнеры дэзэртавалі й больш не вярталіся ў свае адзінкі, пропускі былі адмененыя. Службовыя сшыткі эскадронаў штодзённа перапоўненыя былі карнымі рапартамі. Афіцэры прытарноўвалі ангельскія суровыя вайсковыя карныя правы. За непаслухмянасьць пакараны атрымаць мог да шасьці месяцаў вайсковага лягеру зьняволеньня.

Умовы жыцьця ў абозах 16-й брыгады былі надта цяжкімі. Да сталага дажджу й надворнае гразі далучаліся слабое харчаваньне (у той час уся Вялікая Брытанія жыла скупой картачнай сыстэмай) і маральная дэпрэсія, няведамасьць будучыні. Ніхто ня дбаў аб агульным дабры, а кожны думаў над собскім лёсам.

Пару тыдняў, што новыя падхаронжыя пражылі ў тых адзьдзелах, што распадаліся, былі для іх найбольш няпрыемнымі з часу побыту ў Ангельшчыне. Вестку аб выездзе ў Другі корпус у Італію сустрэлі зь вялікай радасьцю. Каманда групай была даручана сяржанту-падхаронжаму Яворскаму, а школьныя водгукі аб выпускніках, якія трэба было даставіць у Другі корпус, - Юрыю Радзівілу. Мелі ехаць цягніком з Выка ў Дувэр, а пасьля, пераехаўшы Ла-Манш, з Па-дэ-кале - цягніком праз Францыю й Швайцарыю ў Італію. Выезд з Выка адбыўся першага красавіка раніцою.

 

: IV

 

- Апініі*! Давайце паглядзім апініі! - запрапанаваў Шчуроўскі, калі, пакінуўшы мглістай раніцай станцыю Вык, усе ўселіся ў вагоне. Радзівіл зірнуў перш на туга напакаваны, шырокі, паложаны на каленях канверт, пасьля запытальным позіркам акінуў спадарожнікаў. На канверце ня было пячаткі зь ляку. Быў звычайна заклеены. Пры добрым уменьні можна было адклеіць так, што й знаку ня было-б.

* Тут - характарыстыкі.

- Давайце, пане Юры, давайце! - спанукалі іншыя.

- Я ня ведаю... мне даручана...

- Ну дык што-ж. Ніхто ведаць ня будзе.

- Давайце, пане Юры, ня будзьце-ж бабай.

- Але як-жа тут зручней далезьці да іх? - у нерашучасьці пытаўся «прынц».

- Я вам памагу! - і Шчуроўскі, ня пытаючыся болей, выхапіў з Радзівілавых рук тугі канверт ды пры дапамозе алавіка, пачаўшы з аднаго кута, асьцярожна пачаў адклейваць. Усе абступілі яго.

- Бярыце, пане Юры, - аддаў назад «прынцу», - чытайце.

- Чыю найперш?

- Кожнаму сваю, й няхай сам чытае.

- Так не магу, бо парасьцягваеце й пасьля не пазьбіраю.

- Дык чыю?

- Можа, Спарышову, каб даведацца, чаму апошняе месца атрымаў.

- Так, давайце Спарышову.

Юры доўгімі тонкімі пальцамі выцягнуў Спарышоў сшытак і адгарнуў бачынку, дзе сьвежым яшчэ почыркам было напісана колькі сказаў, што мелі стацца асноваю далейшае кар'еры беларускага юнака ў польскай арміі.

Сымон, пазіраючы цераз плечы іншых, замяніўся ў слух. Навокал замоўклі.

- ...«недастаткова пільны й зацікаўлены вайсковымі справамі. Павольны, хваравіты й слаба вышкалены. Адчувае комплекс народнай ніжэйшасьці. Прычыны - веравызнаньне, нацыянальнасьць. Прыдатны на заступніка камандзера зьвязу».

- Чулі вы такое? - прамовіў зьдзіўлены голас.

- Гэта сьвінства!

- То поўная несправядлівасьць!

Некаторыя, не паверыўшы сваім вушам, намагаліся прысунуцца бліжэй да «прынца» й вачмі праверыць, што прачытанае сапраўды было ў сшытку. Іншыя на розныя лады выказвалі сваё зьдзіўленьне.

Сымон, будучы цэнтрам агульнае ўвагі, выслухаўшы такую непраўдападобную ацэнку, стаяў, быццам прыліпшы да падлогі, й ня ведаў, як захавацца. Нейкая гарачыня й кроў хлынулі ў твар. Пасьля першага ашаламленьня, калі розум намагаўся адгадаць поўнае значэньне прачытанага, юнакова натура перапоўнілася вялікай злосьцю на маёра Палішэўскага. Ясна было, што, дазволіўшы скончыць школу, камандзер поўнасьцю загарадзіў яму дарогу прагрэсу ў арміі. Заступнік камандзера зьвязу мог быць адно падафіцэр, навет старэйшы, тым часам як камандзерам зьвяза мог быць малодшы лейтанант - звычайна першая ступень авансу падхаронжага, якому была адкрыта дарога ў афіцэрскія рангі. Значыцца, згодна з апініяй, якую бралі пад асноўную ўвагу пры авансах, капралу падхаронжаму Сымону Спарышу быў наканаваны лёс застацца між падафіцэраў. Але юнаку навет ня гэта найбольш балела. Як-ніяк ня ў польскай арміі бачыў сваю будучыню.

Найгорш укалоў яго апошні сказ: «Адчувае комплекс народнай ніжэйшасьці. Прычына - веравызнаньне, нацыянальнасьць». Пачаў шукаць у памяці, дзе й калі, пры якіх выпадках даў ён Палішэўскаму ці іншым палякам доказы «комплексу народнае ніжэйшасьці». Здавалася-б, што чалавек, які мае комплекс ніжэйшасьці ці нявольніцкае псыхікі, у найлепшым выпадку намагаўся-б быць імітатарам таго, што робяць іншыя, з комплексам вышэйшасьці, калі ўжо ня поўным падлізаю ці падхалімам. Мусіў-бы патрапляць іншым, саромецца свайго народу й нацыянальнага «я», а навет і самога сябе, быць верным парабкам «больш культурнага» пана. Зусім адваротнае ўсе спасьцерагалі ў Сымона. Перш за ўсё на кожным кроку, дзе патрэбна было, дэклараваў сваю беларускасьць. Ня было ў тым стыдлівасьці, стрыманасьці ці вымушанасьці, але наадварот - ганарлівасьць. На палякаў глядзеў, як на акупантаў свае Бацькаўшчыны. А ці-ж пакрыўджаны й абрабаваны чалавек чуе комплекс ніжэйшасьці ў дачыненьні да рабаўніка. Добра ведаючы слабасьці нацыянальнага характару й фальшывую пыху палякаў, Спарыш поўнасьцю згаджаўся з трапнай, агульна ведамай і ўсюды ў Шатляндыі паўтаранай ацэнкаю: «A Pole has manners of a king and morals of a tomcat».*

* Паляк мае каралеўскія манеры й каціную маральнасьць (англ.)

Палішэўскі меў зыркае вока й заўважыў Сымонаву адасобленасьць ад іншых, ягоную ганарыстасьць, частую дэкларацыю свае беларускасьці, чуць не наўмысную, каб прыпамінаць палякам, што вось ён адзін на курсе зь ліку пакрыўджаных, што заўсёды смела й адкрыта заяўляе аб сваіх правах, прыпамінае аб народзе, які палякі намагаліся некалі асіміляваць і ў адносінах да якога мелі захопніцкія пляны ў будучыні. Гэткая беларуская дэманстрацыйнасьць - найперш Палішэўскаму - была косткаю ў горле, якую аніяк нельга было праглынуць. Камандзер вечна дакучаў Спарышу, адносіўся да яго ў найбольшай меры няпрыхільна й зьняважліва, а калі-б мог, то, магчыма. й забараніў-бы навет чытаньне беларускае прэсы. Магчыма, сваймі дачыненьнямі хацеў зьнеахвоціць беларускага юнака да школы, чаго добрага - выкінуць яго наогул. Калі-ж спасьцярог, што Сымон не належаў да падлізаў ці падхалімаў, верна трымаў нацыянальны гонар, а на ягонае дакучаньне не браў большае ўвагі, Палішэўскі сапраўды закіпеў і хацеў апошні раз ды моцна ўкусіць ахвяру, якая вось да гэтага часу ніяк не давалася быць укушанай. За найлепшы сродак выбраў зьнявагу. У апініі выказаў процілеглае таму, што сам спасьцярог.

Седзячы асабняком у вагоне й праз запацелыя вокны пазіраючы на шкоцкую мглу, Сымон пасьля доўгіх роздумаў яшчэ больш узбагаціўся пагардай да покерніка-камандзера, які так выразна, на ягоную думку, выказаў сваю маладушнасьць і подласьць, зьдзекуючыся маральна над безабаронным чалавекам, што адзін на цэлым курсе адважыўся выявіць нацыянальнае няпольскае аблічча, утрымаць нацыянальны й асабісты гонар. Прыдзяліўшы Палішэўскага да той самай групы, да якой залічаў Цесьляка, Мыдлеўскага й іншых беларусаедаў-шавіністаў, Сымон шкадаваў народ, да якога гэтыя людзі належалі.

 

Матэра

 

: I

 

У пераходным вайсковым абозе № 202 у Анконе прыехаўшыя чакалі нядоўга. Разьяжджаліся па сваіх палках, раськінутых па розных мясцовасьцях Італіі. Адно Сымону давялося пабыць даўжэй, пакуль атрымаў накіраваньне ў цэнтр панцырнага вышкаленьня ў Галіпалі, малой мясцовасьці на самай падкове італьянскага боту.

У абозе Спарыш сустрэў чалавека, аб якім даўно ўжо забыўся. Бачыў яго апошні раз у Ёландзе. Ідучы ад абознай брамы, Сымон накіраваўся сьцежкай між садовых дрэў у вялікі двухпавярховы дом, дзе начаваў у адным з пакояў на першым паверсе. Насупраць ішоў малога росту, прыгорблены пад цяжарам вайсковага мяшка чалавек. Мундзір ягоны быў увесь у цёмных плямах, пас брудны, спражка пачарнелая, а барада зарослая шарсьціньнем. Сымон спасьцярог дробненькі, гарбаносы, пабіты воспавымі знакамі твар. Выдалася, што некалі й дзесьці гэтага неахайнага чалавека бачыў ці ведаў, і раптоўна пачаў шукаць у памяці. Мінаючы яго, звольніў крок й цэлы час прыглядаўся. Мінуўшы, адвярнуўся, усё яшчэ не могучы прыгадаць. Маленькі чалавек таксама прыглядаўся да Сымона і, відаць, нешта мяркаваў. І тады раптоўна юнак прыпомніў.

- Казачок! - гукнуў сяброўскім вітальным голасам.

- То ты... Спарыш, пане падхаронжы? - зь няпэўнасьцю прамовіў той.

- Так, то я - Спарыш. Пазнаў? Ды давай без «паноў».

- Та дэ там пізнаў... Думаю воно так і нэ так, - гаварыў замурзаны чалавечак. - Падхаронжы вжэ зробіўся. Бачылы вы таке...

- Ну давай-жа пацісьнем рукі. Бадай цябе ліха, дзе ты заваляўся!

Моцна паціснулі рукі.

Казачка пазнаў Сымон дзесьці яшчэ ў Нямеччыне ў трыццатай дывізіі. Паходзіў недзе з-пад Палтавы, а прозьвішча й імя ягонага юнак не ведаў. Празвалі Казачком, дый годзе. Быў гэта надзвычайна дасьціпны й хітры сярэдняга веку мужчына. На жыцьцё глядзеў гумарыстычным вокам і меў добрую здольнасьць перадаваць свае спасьцярогі, таксама як і невычарпальную ахвоту без канца апавядаць жарты. У трыццатай дывізіі быў запявалам. Меў зусім прыемны рэдзенькі тэнар. На пачатку вайны быў у Чырвонай Арміі. Трапіўшы ў нямецкі палон, з абозу ваеннапалонных пайшоў добраахвотнікам ва ўкраінскую паліцыю. Далейшы лёс закінуў яго праз трыццатую дывізію аж у польскую армію. Такім чынам, за час вайны служыў аж у трох, калі ня больш, арміях. Аб сямейным жыцьці Казачка мала хто ведаў.

- А ты, Казачок, жанаты? - пыталіся ў яго.

- Эх, брате мій, та нэ одэн раз, - усьміхаючыся, адказваў васпаваценькі палтавец.

- А дзе-ж твая жонка?

- Та дэ здыбаю, там і жінка.

Пасьля такіх адказаў сябры не стараліся далей уваходзіць у таямніцы ягонага сямейнага стану.

Трапіўшы ў польскую армію, Казачок, стараючыся навучыцца новай для яго мовы, страшэнна зьдзекаваўся над ёю, ня маючы здольнасьцяў у гэтым кірунку. Палякі, ведаючы, што ў перадваеннай Рэчы Паспалітай былі «мнейшосьці народовэ», ня вельмі дзівіліся, што прадстаўнік такой «мнейшосьці» ня зусім разьбіраўся ў тонкасьцях іхнае мовы. Пры перапісе Казачок падаў, што нарадзіўся й увесь час жыў у Каламыі. Нікому з палякаў і ў галаву не магло прыйсьці, што гэты жартаўлівы чалавечак пачаў кар'еру ў Чырвонай Арміі й паходзіў з Палтаўшчыны.

- То ты вжэ даўно падхаронжы? - пытаўся Казачок, прыглядаючыся Сымону.

- А вось толькі што скончыў школу ў Ангельшчыне ды еду ў адзьдзел.

- Вы бачылы таке... - дзівіўся замурзаны жаўнер і паставіў мех побач на траве.

- Ну, а ты адкуль ідзеш і куды вядуць твае дарогі? - спытаў Сымон.

- Подывыся! - Казачок скінуў свой зялёны берэт, і вачам падхаронжага адкрылася пляшывая, гладка абстрыжаная галава..

- Што з табой? Ты-ж не ў савецкай арміі.

- Та згадай.

- Ці не ў вязніцы ты гэта гасьціў?

- А дэ-ж ты думаў.

- За што-ж гэта?

- Та я нэ одэн раз. Можно сказаты, што більшэ часу в польской арміі просідзіў у вязьніцах.

- Ха-ха-ха! - разрагатаўся Спарыш. - Ты, мусіць, жартуеш. Ня быў-бы ты той самы стары жартаўлівец, калі-б штукі якой не ўпароў.

- Та в цым цэла біда, шчо нэ жартую.

- Праўда?

- Та нашчо мнэ брэхаты...

- То пахваліся-ж хаця.

- Першы раз, а було цэ шчэ з пачатку, як достався я до цэй арміі, под'іваніў у Флёрэнцыі матацыкла. Поіхаў собі без пропуску в Рым і загуляў як сьвіт. Грошы було, як гною, бо з одным напарніком бінзіну італьянцом продалы. У Рымі зловіла мэнэ жандармэрыя, і шысьць місяцыў відсыдзіў...

- Эгэ, брат, то нядрэнны пачатак! Ну й што далей?

- Другі раз на мотоцыкла вжэ й дывытысь нэ хотіў. Под'іваніў та продаў вантажну машыну. Таксама богатько грошы прогуляў.

- Бачу, што ты поступ уверх рабіў, - сьмяяўся падхаронжы.

- Та цэ не всэ. Як відсідзіў за машыну, так поліз на апоны, але там вжэ нэ вдалося...

- Дык пэцкаль, значыцца, зь цябе выйшаў.

Сымон сьмяяўся, хоць і ня быў пэўны, што ўкраінец гаварыў праўду, хаця ўсё было надта праўдападобнае. Казачок бажыўся, што праўду кажа.

- А чаму-ж ты ў зладзейства кінуўся? Раней, здаецца, ты быў зусім парадачны чалавек.

- Ліпшэ сідыты ў вязьніцы, чым на фронці, - адказаў украінец, усьміхаючыся. - Та всі-ж у польскай арміі крадуць...

- Эгээээ, дык вось дзе яна - цэлая разгадка. Ваяваць, значыцца, не хацеў, га?

- Та за кого воюваты?

- Знаеш, што скажу табе? Ня кожны чалавек спасьцеражэ, што ты многа хітрэйшы, чым на вока здаецца.

Сымон стаяў і, вушам ды зроку не давяраючы, прыглядаўся дзівачна-каляровай постаці, што раптам выплыла зь ягонае мінуўшчыны. Казачок усё ўсьміхаўся.

- А цяпер куды йдзеш?

- Та трэба-ж іхаты дохаты.

- А дзе-ж твая хата?

- Та чорт ее батьку знае. Попытаюся, можэ, скажуць...

Разьвітаўшыся з Казачком, Сымон дзівіўся і ў душы сьмяяўся з маленькага васпаваценькага чалавечка, што ў польскай арміі спэцыялізаваўся ў кражах. Самымі цікавымі былі ягоныя матывы: першы - няма за каго ваяваць, і другі - у польскай арміі ўсе крадуць. Адносна апошняга Казачок перасаліў. Калі-б сказаў, што ў польскай арміі крадуць уладу маючыя, г. зн. старэйшыя штабовыя афіцэры, быў-бы бліжэй да праўды. У войску хадзіла тысяча вэрсіяў аб тым, як генэралы, а між іх насамперш камандзер сёмай дывізіі «пряжка» Пшэўлоцкі, Сулік, Богуш-Шышка й сьцяг іншых, шмуглявалі ў Італію золата з Каіра й Александрыі. Рабілі тое пры помачы сваіх ад'ютантаў. Золата заменьвалася на ліры, а пасьля на ангельскія фунты. Добра на гэтым нажываліся. Акрамя гэтага былі й розныя сьпекуляцыі ў самой Італіі.

Казачок, здаецца, меў добра абгрунтаваную філязофію.

 

: II

 

У адлегласьці мо трыццаці кілямэтраў на захад ад Матолі й Сан-Базыльё, дзе ў часе вайны была база Другога корпусу - сёмая дывізія, ляжыць невялікае мястэчка Матэра. Колькі большых будынкаў у часе вайны занята было войскам. Месьціўся тут цэнтр шкаленьня артылерыі Другога корпуса. Камяністыя, няпрыдатныя ў сельскай гаспадарцы вакольныя палі й узгоркі былі выкарыстоўваныя для мэтаў шкаленьня. Былі тут школы падхаронжых артылерыі, сувязі й пяхоты.

Пры школе падхаронжых пяхоты прыдзелены быў маёр Карпінскі. Паходзіў зь першага палка Крэхавецкіх Уланаў. Заданьнем яго было выкладаньне ў школе ведаў аб панцырнай зброі. Карпінскі ўважаў, што адна практычная лекцыя з танкамі вартая была дзесяці тэарэтычных. Пасьля доўгіх стараньняў удалося яму сьцягнуць у Матэру панцырны зьвяз з Галятоне каля Галіполі. Камандзерам зьвязу быў малодшы лейтанант Плінта - афіцэр з адзінаццацьцю гадамі вайсковае службы. Атрымаўшы вольную руку ў выбары людзей, Плінта для абслугі чатырох «шэрманаў» узяў дваццаць пяць чалавек, у іх ліку чатырох падхаронжых. Былі імі наступныя: заступнік камандзера зьвяза падхаронжы Апаля, зьвязны падхаронжы Нядзвецкі, зьвязны падхаронжы Рэмі Сварычэўскі й капрал падхаронжы Сымон Спарыш. Апошні быў наймалодшы ад усіх як векам, так рангам і вайсковай практыкай. Як Плінта, так і тры зьвязныя падхаронжыя, перажыўшы ў канцлягерах савецкі палон, былі старымі лісіцамі са шматгадовай практыкай у панцырнай зброі на франтох, пачаўшы ад Тобруку аж да Балёніі. Варта паасобку пазнаёміцца з кожным зь іх бліжэй.

Малодшы лейтанант Плінта быў чалавекам простым, сяброўскім і лёгкадаступным. Можна было-б спрачацца, ці ў вайсковай вопратцы больш нагадваў ён цывільнага, чымся ў цывільнай - вайсковага. У яго ня было строгасьці й бравурнасьці, што характарызуе шматлікіх афіцэраў, асабліва тых, што займаюцца больш шкаленьнем войска, чымся ўдзелам у баях. Жыцьцё ў зьвязе, які ў Матэры быў адзінкай амаль аўтаномнай, залежнай ад маёра Карпінскага, Плінта наладзіў амаль па-сямейнаму. Сяброўскае (хаця ў меру) стаўленьне да жаўнераў узбудзіла да яго з боку апошніх пашану й паслухмянасьць. Калі пасьля ў зьвязе расслабла дысцыпліна, дык адно таму, што сам Плінта, як і два падхаронжыя - Апаля й Нядзвецкі, зрэшты, як і сам маёр Карпінскі, былі добрымі п'яніцамі. Жаўнеры часта назіралі папойкі сваіх камандзераў. Апошнія навет не хаваліся.

Плінта быў сярэдняга росту худым бляндынам, зь сінімі вачыма, чырвоным носам, звычайна заўсёды цёмным ад загару. Гадоў меў больш сарака. Добра ведаў ангельскую мову й ведамі гэтымі дзяліўся з афіцэрамі ў Матэры на вячэрніх лекцыях, што адбываліся два разы ў тыдзень.

Нядзьвецкі й Апаля векам раўняліся Плінту. Абое мелі больш чым па паўтузіна медалёў. Былі першакласнымі п'яніцамі й распуснікамі. Бальшыню часу пасьля заняткаў праводзілі з алькаголем і жанчынамі.

 

: III

 

Між вышэйменаваных вырозніваўся Рэмі Сварычэўскі. З паходжаньня быў сынам буйнога абшарніка з-пад Любліна. У войску быў ад пачатку Другой сусьветнай вайны. Ягоная вайсковая кар'ера ледзь ня скончылася пад П'едымонтэ, дзе «шэрман», каторым ён кіраваў, дастаў проста ў лоб снарад зь нямецкае «восемдзесят васьмёркі». Увесь экіпаж танка згарэў разам з машынай. Рэмі Сварычэўскі, цяжка ранены ў жывот й левы бок, выскачыў зь вежы і страціў прытомнасьць. Ачуняў у амэрыканскім палявым шпіталі. Восем месяцаў праляжаў у шпіталі ў Нэапалі. Працэс аздараўленьня быў надта цяжкі й марудны. Калі нарэшце Рэмі поўнасьцю вярнуў свае сілы й знайшоў свой адзьдзел, даведаўся ад новага камандзера, што падхаронжы зьвязны Рэмі Сварычэўскі быў забіты пад П'едэмонтэ, а яго - быццам нейкае ўвасабленьне загінуўшага гэроя, новы камандзер разглядаў зь цікавасьцю. Пасьля, знайшоўшы ў адзьдзеле старых знаёмых і сяброў, Рэмі меў няменшыя цяжкасьці, калі пробаваў давесьці, што ён - гэта ён - Сварычэўскі, а ня хто іншы. Людзі дзівіліся й надзівавацца не маглі, што сьвятой памяці падхаронжы, па якім даўно зрабілі памінкі й якога ў кнігу гэрояў запісалі, уваскрос і зноў па зямлі ходзіць.

Сварычэўскі быў высокім, вельмі худым бляндынам. Меў падоўжаны твар і ясна-блакітныя вочы. Нягледзячы на цяжкія выпрабаваньні лёсу - няволю, хваробы, раны (меў аж чатыры адзнакі за раны), быў заўсёды вясёлым, пагодным і жартаўлівым. У пазьнейшых часах жыцьцё навучыўся бачыць праз прызму гумару. Казаў іншым, што так лягчэй было. І жарты ягоныя былі своеасаблівымі.

- Чаму, - казаў Сымону, зь якім найбольш зблізіўся й пасябраваў, - газэта, што выходзіць удзень, завецца дзёньнік, а тая, што зьяўляецца ўночы, не завецца ночнік? Скажы мне, калега.

Або іншы жарт:

- Ці ты чуў аб чалавеку, які прыйшоў у краму сядзеньне для туалета купляць ды настойваў, каб прымерыць ягоны размер?

Жарты Сварычэўскага былі ў бальшыні банальнымі, не належалі да тых, што можна было-б апавядаць у салонах, дзе захоўваюцца правілы прыстойнасьці. Важна тое, што выдумляў іх сам, не паўтараў звычайна чутае аднекуль ці ад некага (хоць і гэтага правіла не заўсёды трымаўся), але ўсё бачанае навокал стараўся прадстаўляць у жартаўлівым сьвятле, у крывым, сьмешным люстэрку... Чалавек гэты мог некаму выдацца пустым, забаўным аж да дзяціннасьці, але гэта толькі таму, хто ня ўмеў глыбей заглянуць у людзкую душу. Фактычна Рэмі быў чалавекам паважным і ня скора адкрываў тайніцы свайго характару. Адно Сымон добра пазнаў і ацаніў яго. Ад яго-ж і здабыў жартаўлівы, навет цынічны падыход да жыцьця. Паколькі жыцьцё было такім цяжкім, няпрыемным і амаль без надзеі на паправу, дык нашто тады дарэмна сабе галаву дурыць? Ці ня лепш падыходзіць да яго з гумарам і кпінамі?

Сымон пачаў у некаторай меры датарноўваць прынцыпы Сварычэўскага да жыцьця. Пераканаўся неўзабаве, што так было лёгка й выгадна. У глыбіні сэрца й душы, у лябірынтах розуму заставаліся старыя летуценьні, адчуваньні, імкненьні, старыя асновы. Але надворны выгляд і павярховасьць натуры чалавека - гэта магло быць зусім іншае. Хіба-ж ад размалёўкі шалупіны велікоднага яйка зьмянялася спажыўнае нутро яго?

Рэмі Сварычэўскі любіў паэзію, пераказваў шмат вершаў на памяць. Некалі ў бацькі была багатая бібліятэка, й сын быў абазнаны з выдатнейшымі творамі сусьветнай літаратуры. На гэту тэму часта гаварыў з Сымонам. Творы й пісьменьнікаў таксама ілюстраваў па-свойму, часта дадаючы, творачы карыкатуры. У войску быў паважным жаўнерам і добрым падафіцэрам, але не належаў да службістаў. Асабісты гонар ставіў вышэй выслужваньня абы-каму дзеля павышэньня рангу. Хаця быў амаль беззаганным вайскавіком паводле здатнасьці й паводзін, дарогу да авансаў меў закрытую. Некалі здарыўся зь ім выпадак, што шмат сьведчыў ня толькі аб другой асобе, але перадусім аб самым Сварычэўскім.

Школу падхаронжых скончыў у 1942 годзе. Як падхаронжы часта заглядаў у афіцэрскае казіно. Было гэта яшчэ ў Афрыцы. Камандзер вайсковае базы, беспасярэдні начальнік Сварычэўскага - палкоўнік Друцкі - любіў пакпіць з маладых падхаронжых. Найлепшай для гэтага нагодай былі вечары ў афіцэрскім казіно, дзе можна было выпіць, закусіць і пажартаваць. Сядзіць, бывала, палкоўнік Друцкі зь іншымі афіцэрамі пры стале і заўважыць маладога падхаронжага. Бярэ са стала чарку ці шклянку й шпурляе ёю ў афіцэрскага навічка. Калі той зловіць, на залі грыміць рогат і брава, насамперш і найвыразней чуваць грымотны бас Друцкага.

Маладыя падхаронжыя ведалі несамавіты жарт палкоўніка і стараліся лавіць шпурляныя ім чаркі ці шклянкі. Але Рэмі ня лічыў патрэбным выстаўляцца паслухмяным цюцькам. Аднойчы, калі ўвайшоў у казіно, а Друцкі, па прынятай прывычцы, шпурнуў у яго шкляной чаркай, Сварычэўскі навет не зварухнуўся, толькі з ледзь заўважнай усьмешкай зірнуў пад ногі на разьбітую чарку.

- Шчанё! - раўнуў, зачырванеўшыся, палкоўнік Друцкі.

- Словы, якімі я спадара палкоўніка мог-бы назваць, у добрым асяродзьдзі ня могуць быць ужытыя, - адрэзаў Рэмі наўмысьля голасна, каб пачулі ўсе афіцэры, і, як быццам нічога не сталася, сеў каля століка й замовіў сабе выпіўку.

Гэты выпадак дорага каштаваў Сварычэўскаму, бо палкоўнік у ягоным службовым сшытку напісаў, між іншага, наступнае: «прадстаўляецца да авансу на афіцэра з моманту дэмабілізацыі». Не памаглі падхаронжаму і баявыя заслугі пад Монтэ Касыно, П'едэмонтэ і ў іншых месцах. Падафіцэрам так і застаўся.

Калі аднойчы Сымон выказаўся Сварычэўскаму, што ён не паляк, а беларус, то рэакцыя была самая непрадугледжаная.

- Кажаш, што ты беларус? Браце каханы, дык чаго-ж ты журышся, што ты беларус? Хіба-ж беларусы горшыя людзі за іншых?

- Я не журуся й вельмі далёкі ад думкі, што беларусы горшыя за іншых. Наадварот, я ганаруся...

- Зусім слушна, калега, - стукнуў Сымона па плячы Рэмі, - кожны мусіць шанаваць свой нацыянальны й асабісты гонар. Хіба-ж мы, палякі, лепшыя за іншых?

Сымон аднёсься да такіх словаў зь недаверам. Вось за час амаль двухгадовага побыту ў польскай арміі першы раз пачуў нешта арыгінальнае, зусім пазбаўленае той пыхі, самалюбнай фальшы, наўмыснага выстаўляньня й падвышэньня сябе ды тых, як шкоты казалі, каралеўскіх манераў і кацінае маралі. Амаль ня верыў сваім вушам і дзеля таго наўмысьля прадоўжыў гутарку аб нацыянальнасьцях наогул ды аб беларускай у асаблівасьці. Быў вельмі задаволены, калі пазнаў, што Рэмі наскрозь розьніўся ад іншых палякаў, ня меў тых агульных, вельмі характэрных для палякаў упярэджаньняў, нярэдка зьмешаных з хваравітым шавінізмам і недаацэнкай усяго чужога. Наадварот, часта ў гутарках Рэмі крытыкаваў ня толькі вайсковую верхавіну. але наогул недахопы народнага характару. Спарыш, пераканаўшыся ў шчырасьці Сварычэўскага й выдатных асаблівасьцях ягонае натуры, палюбіў яго, і два падхаронжыя сталіся блізкімі сябрамі.

Колькі слоў варта прысьвяціць і Тадзіку, шафёру паўтаратоннага «бэдфорда», прыдзеленага да зьвязу. Быў гэта ў сярэднім веку вельмі языкаваты й спрактыкаваны чалавек, што ніколі не дазволіў нікому бяз прычыны наступіць сабе на нагу. Хутка ўсьведаміў сабе, што ад ягонае аўтамашыны, а значыцца, насамперш ад яго, залежная была цэлая каманда зьвязу. Залежнасьць тая выяўлялася ў частых паездках для прыемнасьці ў суседнія гарады Плінты, Апалі й іншых падхаронжых. Тадзік ведаў усё пазавугольнае жыцьцё ў Матэры, Равене, Бары й іншых месцах. Будучы старым шафёрам і нядрэнным валацугам, маючы знаёмствы сярод іншых шафёраў, што ведалі ваколіцу і ўсе чорныя справы ў гарадах, мог вам ня толькі расказаць аб тым, дзе й калі магчымасьці былі для раманаў, але назваць і шмат асобаў, падаць цэны на розных рынках. Сам жыцьцё вёў больш вольнае, чымся іншыя радавыя жаўнеры.

Аднойчы Тадзік наўмысьля прадэманстраваў сваю вагу й незалежнасьць. Вязучы з Бары афіцэраў і падхаронжых, гнаў машыну вельмі хутка. Стрэлка лічніка даходзіла да пяцідзесяці міляў. Маёр Дубінскі, што сядзеў побач Капінскага, спасьцярогшы гэта, сказаў шафёру, што, згодна з правіламі, нельга ехаць хутчэй чымся трыццаць міль на гадзіну. Тадзік зачырванеўся й нічога не сказаў, але звольніў да дваццаці пяці міляў на гадзіну й ехаў так цэлую дарогу, не зважаючы ні на пагрозы, ні на просьбы пасажыраў.

 

: IV

 

Маёр Карпінскі быў дзяцюком гадоў трыццаці пяці, сярэдняга росту, чарнявым, фізычна добра разьвітым. Быў заўсёды лагоднае натуры. Мала сказаць, што Карпінскі быў наскрозь франтавіком. Аб гэтым сьведчылі чатыры шэрагі берэтак розных мэдалёў на левай грудзіне: там відаць былі ўсе польскія ордэны й некалькі ангельскіх, між іх - «Вікторыя Крос» - найвышэйшы ангельскі ордэн за надзвычайныя ваенныя заслугі. Шмат цікавага апавядалі аб прыгодах Карпінскага на фронце. А вайны бачыў ён шмат у Афрыцы й Італіі. Ніколі не сядзеў ззаду. Пад'ехаўшы, бывала, з танкамі на пярэднюю лінію й затрымаўшы стальныя кракадзілы, вылазіў і пехатою, сам або ўзяўшы на дапамогу каго са смялейшых, узброены «томсанам», гранатамі й параю пісталетаў, падпаўзаў да самых нямецкіх умацаваньняў. У гэтыя моманты Карпінскі чуўся як у сябе дома. Небясьпека, як выдавалася тым, што маглі сачыць яго ў баях, была самым лепшым ягоным спадарожнікам. Любіў да немцаў заскочыць унеспадзеўкі, асабліва тады, калі фронт быў плынны. Часта ўдавалася.

Гэтак, згодна апавяданьняў, у баях перад Анконай Карпінскі ў ліку трафеяў здабыў нямецкую штабовую легкавую аўтамашыну. Таму, што тая была пашкоджаная й некалі было напраўляць, прывязаў яе да «шэрмана» й цягнуў яе па пыльнай дарозе. Прыйшоў загад затрымацца для перагрупоўкі. На недалёкім фронце бесьперапынна грымелі гарматы. Адкуль ні ўзяўся палкоўнік Заорскі. Ехаў ён на джыпе ў кірунку фронту. Прывітаўшыся з маёрам, вельмі зацікавіўся аўтамашынай. Пахваліўшы маёра за такую здабычу, сказаў:

- Пане маёр, нядрэнна было-б мець мне такі лімузін для собскай дыспазыцыі пад рукой.

Магчыма, Заорскі (ён меў сумлеўную славу баязьліўца, пасьля стаў камандзерам цэнтра ў Матэры, а значыцца, й беспасярэднім зьверхнікам Карпінскага) мяркаваў, што гэройскі маёр ахвяруе яму аўтамабіль. Вялікае было ягонае расчараваньне. Карпінскі, пацягнуўшы віна з адкаркаванай ужо біклажкі, паказаў у кірунку фронту й сказаў:

- Пане палкоўнік, там лімузіны! - зь вялікім націскам на слова «там».

Заорскі, зачырванеўшыся, праглынуў сьліну, а Карпінскі, адсалютаваўшы, загадаў танкам ехаць далей.

Хоць Карпінскі быў гэроем у поўным значэньні слова, характару быў вельмі простага й даступнага. Зь ім мог пасябраваць кожны жаўнер, не важна якога рангу. Здольнасьці ягоныя, адылі, найбольш выяўляліся ў ваеншчыне, бо, прыкладна, калі бальшыня войска, будучы ў Італіі, сяк-так наламалася гаварыць па-італьянску, веды маёра ў гэтай галіне абмяжоўваліся пару дзесяткамі слоў. З ангельскаю мовай пазьней было яшчэ горш. Ордэнамі ці вялікімі заслугамі маёр анічуць не ганарыўся. Аб гэтым няхай сьведчыць адзін выпадак, які варта прыгадаць, хаця й прыходзіцца забегчы наперад.

Пасьля вайны й дэмабілізацыі Карпінскі працаваў на вялікай фабрыцы ў Ангельшчыне. Працу меў самую простую - падмятаў фабрыку. Аднойчы ўласьнік фабрыкі, даведаўшыся, што ў ліку ягоных работнікаў ёсьць носьбіт «Вікторыі Крос», адшукаў падмятайлу й зьвярнуўся да яго з такімі словамі:

- Слухай, мне тут твае ўланы казалі, што маеш «Вікторыю Крос». Мне здаецца, што падмятаньне зьневажае героя. Можа-б...

- Што ён кажа? - паклікаў Карпінскі паляка, што апынуўся ў суседзтве. Той растлумачыў.

Гэрой з-пад Монтэ Касыно, Тобрука й Анконы, абапёршыся на мятлу, усьміхнуўся і адказаў ангельцу:

- Дзякую, сэр, але мне й падмятаць добра. Цяжка не працую. Калі-ж каму здаецца, што гэта неганаровае й паніжаючае, дык заўтра прыйду на працу, начапіўшы на грудзі ваш мэдаль. Можа, тады ўсе будуць адносіцца да мяне з пашанай.

Тыя, што прыслухоўваліся збоку, асабліва-ж пара палякаў, голасна зарагаталі. Адказ быў удалы й шматвымоўны ня толькі адносна самога носьбіта «Вікторыі Крос», але перадусім таго, як палякі чуліся пакрыўджанымі ангельцамі. Карпінскі лічыў, што калі ангельцам ня сорамна было ардэнаносца «Вікторыі Крос» паставіць на працу зь мятлою ў руках, дык чаго-ж тады меў саромецца ён сам, нядаўна ўзнагароджаны й праслаўлены, а цяпер закінуты на вычышчэньне ангельскіх індустрыяльных сьметнікаў.

 

: V

 

Выехаўшы з Матэры на Гравіна й зрабіўшы кілямэтраў шэсьць, можна было ўбачыць, як адбягала ўлева ад шашы крутая дарожка. У самым нізе схілу кіравалася яна ў паўразваленую каменную браму й далей ужо роўна бегла да хутара ці, дакладней было-б азначыць, маёнтку - Парко Гатыні. Направа вы заўважылі-б вялікі двухпавярховы каменны будынак, па кутах завершаны малымі круглымі вежамі. Гэта быў гаспадарскі будынак: наверсе склады, а ўнізе - хлявы для жывёлы. Не даходзячы да яго, па левым баку былі руіны вілы. Аб гэтым сьведчыла брама з надпісамі на калёнах, круглыя каменныя слупы, цэлы шэраг павыбіваных ва ўзбоччы ўзгор'я каморак, зарослы ўжо басэйн - цяпер сапраўдны гадавальнік. камароў. Побач басэйну быў кран з вадою, што пад час сьпякоты так добра служыў жыхарам руінаў. Былі-ж імі сябры спэцыяльнага панцырнага зьвязу, прывезенага сюды з Галятонэ на запатрабаваньне маёра Карпінскага. У агародзе сярод алівак вырасьлі дзьве вялікія палаткі для радавых. Воддаль, з другога боку за выбітым у скале вузкаватым праходам, разьмясьцілася асобная, таксама вялікая палатка для падхаронжых і тут-жа побач яе малая - для Плінты.

Танкі трымалі на двары за брамай. Новапрыбылыя былі надзвычайна задаволеныя месцам. З паўночнага боку Парко Гатыні прытулілася да камяністага бугра, а з паўднёвага - як вокам кінуць аж да ледзь заўважнага блакітнага хрыбта гор на гарызонце - зелянеў густы лес аранжавых* і аліўкавых плянтацыяў. Месца было вельмі блізка ад цэнтру й адначасна здавалася, што знаходзілася дзесь на бязлюдзьдзі ў Афрыцы. Да Матэры Тадзікавым возам было пятнаццаць хвілін язды. Там усе вайсковыя адзінкі падлягалі ўсім правілам гарнізонных інспэкцый. У Парко Гатыні-ж ніхто не заглядаў, акрамя маёра Карпінскага ды ягоных сяброў. А маёр прыяжджаў не дзеля інспэкцый, а дзеля іншых прычын. Гэтыя прычыны няцяжка было адгадаць, ведаючы, што гэройскі маёр не належаў да тых, што ганьбавалі пляшкай. Тут-жа й месца было асобнае, сказаць-бы, ледзь не ягонае собскае, дый далёкае ад гарнізоннае вайсковае шуміхі й штодзённае службовае руціны.

* Апельсінавых.

Часта пасьля штодзённых службовых заняткаў, калі сонца хілілася на захад, Тадзікаў «бэдфард» уздымаў вялікую хмару пылу на крутой дарожцы, поўз вальней па схіле ды ўжо зусім звальняў каля галоўнае, паўразваленае танкамі брамы. Карпінскі, саскочыўшы з аўтамашыны, з партфелем пад пахай, весела здароўкаўся з сустрэчнымі жаўнерамі, празь сьцежку ў запушчаным агародзе ўзьбіраўся па прыступках у кірунку вузкага праходу ды, перамераўшы яго шпаркімі крокамі, убягаў у палатку да Плінты або да падхаронжых. Пасьля вітаньняў і супольных абменаў дзённымі навінамі пачыналі сыпацца розныя жарты ці анэкдоты - маёр Карпінскі іх надзвычайна любіў, - і кампанія чатырох падхаронжых ды двух афіцэраў сядала за стол, дзе, дзякуючы Апалевай празорлівасьці, зьяўляліся чарка й закуска. Апошняга хапала. Войска было добра забясьпечанае мясам і іншымі прадуктамі. Што-ж да алькаголю, дык ён найчасьцей паказваўся ў выглядзе пару пляшак з маёравага партфеля. Звычайна гэта было шкоцкае віскі або джын, якога можна было колькі хочаш і па таннай цане купіць у афіцэрскім казіно ў Матэры. Віна на мясцовым рынку і ў вайсковай краме было хоць заліся.

Як правіла, Рэмі Сварычэўскі й Сымон Спарыш пілі мала, адно для падтрымкі кампаніі. Апошняя-ж чацьвёрка перакульвала чаркі, як быццам гэта была крынічная вада з суседняга крану. Найбольш гаварыў Карпінскі. Невычарпальнаю тэмаю былі ваенныя прыгоды. Сябе й сваё «я» трымаў заўсёды на заднім пляне. Гутарка маёрава ў ніякім выпадку не нагадвала самахвальства. Зусім іншае было з Апаляй, які пасьля маёра быў найбольш гутарлівым і асноўную ўвагу аддаваў сабе, ці зь Нядзьвецкім, што рэдка заставаўся ззаду. Плінта, як і належылася, зь ветлівасьцю гаспадара патаківаў, там-сям устаўляў пару слоў і рабіў уражаньне чалавека знуджанага, які даўно ведае ўсё тое, што было ці мае быць за сталом сказанае. Рэмі й Сымон сядзелі моўчкі. Паклікалі на дапамогу языкі, адно калі даводзілася бараніцца, каб Апалева ці маёрава рука не пераліла ў іхныя чаркі.

Жаўнеры здалёк прыслухоўваліся да гоману ў палатцы начальства й самі заглядалі ў пляшкі. Нядзьвецкі звычайна першы пераключаў тэму з ваенных прыгодаў на дзявочыя, а калі й гэтыя былі так-сяк вычарпаныя, пачыналіся песьні. Такія сэсіі здараліся разы тры-чатыры на тыдзень. Пазьней пастачальнікамі алькаголю, акрамя Карпінскага, сталі і ўсе падхаронжыя, бо як-ніяк ня выпадала-ж заўсёды піць чужое. Апаля заўсёды зьбіраў грошы, рабіў закупы й стала трымаў у запасе колькі пляшак на «чорную гадзіну». Пасьля дзьвюх- ці трохгадзіннае выпіўкі маёр Карпінскі ад'яжджаў Тадзікавым аўто ў Матэру, часта ў таварыстве Апалі й Нядзьвецкага. Яны нярэдка вярталіся на базу далёка пасьля поўначы, бяз сумлеву зьведаўшы яшчэ іншыя месцы прыемнасьці, што часамі былі й зусім не па дарозе.

Аднойчы маёр Карпінскі, пасьля трохгадзіннага п'янства, устаў з-за стала й голасам цьвёрдае каманды загадаў Плінту, каб зьвяз за паўгадзіны стаяў у поўнай гатоўнасьці на начныя практыкаваньні. Маёр выразна хістаўся, Плінта й падафіцэры падзяліліся мнагазначнымі позіркамі, але не пярэчылі. Апаля хутка перадаў загад экіпажам танкаў. Жаўнеры, сьцяміўшы, у чым рэч, чакалі, што станецца нешта нештодзённае. Пакуль сабраліся, зайшло сонца й пачало шарэць.

Маёр Карпінскі, падсаджаны чатырма рукамі, ускарабкаўся наверх першага танка і, абхапіўшы рукамі руль гарматы, загадаў каля сябе сесьці Плінту й Апалю. На іншых вярхах танкаў селі рэшта падхаронжых і радавыя. Карпінскі загадаў поўнай хуткасьцю ехаць у Матэру. Кожны танк запаліў зыркі верхні пражэктар, што сьвяціў найменш на дзвесьце мэтраў. Чатыры цяжкія стальныя чарапахі, зьзяючыя доўгімі конусамі сьвятла, пад гоман і песьні ды п'яную балбатню маёра й спадарожнікаў, хутка карабкаліся на стромы бугор, а пасьля, узьехаўшы на шашу, поўнай хуткасьцю накіраваліся ў гарнізонны гарадок.

Жыхары Матэры, пачуўшы здалёк гул, цеснай сьцяной заграмадзілі ходнікі. Палавіна зацікаўленых была вайскоўцамі. Панцырны зьвяз ніколі дагэтуль не заглядаў у Матэру ня толькі ў п'яным, але нат і ў цьвярозым відзе. Спасьцярогшы падпітых афіцэраў і танкістаў, гледачы смяяліся й махалі рукамі. Карпінскі ахрыплай глоткай зацягваў уланскую песню, а Апаля, збоку размахваючы рукамі, намагаўся не заставацца ззаду. Танкі, аб'ехаўшы блёк будынкаў гарнізоннага штабу ў цэнтры мястэчка, павярнулі налева на малы пляц перад афіцэрскім казіно.

Адны павыходзілі на вуліцу. Іншыя выглядалі зьверху праз вокны. П'янага маёра звалаклі з першага танку й памаглі зайсьці ў клюб. Апаля, хістаючыся на нагах, загадваў заварочвацца. Плінта, пасадзіўшы Карпінскага за сталом, вярнуўся, сваімі сіламі ўзлез на танк і загадаў вяртацца ў Парко Гатыні.

Назаўтра раніцою, калі Карпінскі а восьмай гадзіне зьявіўся ў штаб гарнізона, палкоўнік Заорскі, што не забыўся маёравай парады, дзе здабыць нямецкія лімузіны, са зласьлівай ухмылкай зьвярнуўся да ўладальніка «Вікторыі Крос»:

- Пане маёр, чым можаце вытлумачыць учарашнюю прысутнасьць позьнім вечарам танкаў у горадзе? Што гэта вы выраблялі?

- Праводзілі начныя практыкаваньні, пане палкоўнік! - адрэзаў Карпінскі і, не чакаючы далейшага, завярнуўся й выйшаў. Заорскі са злосьці ледзь ня ўкусіў ніжнюю губу. На гэтым справа закончылася. Калі-ж іншыя афіцэры пыталіся Карпінскага, чаго прыяжджалі ўчора танкі ў горад, гэрой з усмешкай адказаў:

- Хацелі, дык і прыяжджалі.

 

: VI

 

Даўно перастала быць тайніцай, што ўсе польскія адзьдзелы ў Заходняй Эўропе, а ў іх ліку й Другі корпус Андэрса зь Італіі, мелі быць у хуткім часе дэмабілізаваныя й дзеля таго насамперш перавезеныя з кантынэнту ў Ангельшчыну. Другі корпус меў быць хутка дэмабілізаваны не таму, што ягонага выезду зь Італіі дамагаўся Сталінаў прадстаўнік у Аб'яднаных Нацыях Вышынскі і не таму, што цэнтральны прэсавы ворган італьянскай камуністычнай партыі «Ль-Уніта» з Рыму штодзённа пісаў аб нападах палякаў на камуністаў і рабіў буру ў шклянцы вады, а таму, што брытанцам два гады пасьля заканчэньня вайны надакучыла харчаваць і апранаць колькі сотняў тысяч бязьдзейных жаўнераў, якіх мяркавалі выкарыстаць на рынку працы. Ды хоць справа выезду й дэмабілізацыі ня была ўжо тайніцай, жыцьцё ў гарнізоне Матэры плыло нармальна.

Напрыканцы чэрвеня Сымон атрымаў загад прывезьці з Галіполі танкавай амуніцыі. Узяўшы пяцітонную транспартную машыну й зьвязнога падафіцэра-шафёра, зрабіў падарожжа за тры дні. Зараз пасьля прывозу амуніцыі маёр Карпінскі загадаў наладзіць практыкаваньні ў полі са страляньнем.

На палёх ужо стаялі першыя сьцірты зжатага збожжа, а дасьпелая пшаніца аж прасілася пад серп. Дзень для практыкаваньняў выпаў даволі ветраны, хоць, як амаль заўсёды, сонечны й гарачы. Чатыры танкі з Парко Гатыні выехалі вельмі рана. На базе зьвязу застаўся сам Спарыш. Паволі зьеў сьнеданьне й пасьля вылежваўся на гарачым сонцы, а калі занадта дапякло, уцёк у цень палаткі і ўзяўся за чытаньне нейкай няцікавай, трапіўшай пад руку, кніжкі.

Каля гадзіны першай папаўдні ў адкрытых дзьвярох палаткі вырасла замурзаная й запыленая фігура Сварычэўскага.

- Гэ-э-эй! А што гэта з табою? Чаго ты так рана дома? Ужо выстралялі ўсю амуніцыю? - схапіўся Сымон.

- Але дзе-ж там! Страляніна спынена. Зрабілі такі пажар, што спалілі вялізарныя абшары збожжа. Е-э-э-зус каханы, Езус! - абхапіў Рэмі рукамі галаву й апусьціўся на пасьцелю. - Каб ты бачыў!

- Пажар? Якім чынам?

- Ну бо гэты... Плінта, як толькі прыехалі й паставілі на пазыцыі танкі, даў загад заладаваць дымнымі й вызначыць мэту. Перад намі была невялікая гара - бок ейны паверхні мо як сьцяна добрага дома. Навокал-жа ўсюды збожжа. За гарой, як пасьля даведаліся, была ў лагчыне вёска. Занялі мы пазыцыі адлеглыя ад гары на нейкіх 1000 ярдаў. Плінта загадаў нам страляць з наставы. Што за ёлап! Гэта-ж хапіла розуму. Я адразу спасьцярог, што ў гару ня траплю, бо, зірнуўшы праз рулю, убачыў голае неба. Я крыху стрымаўся. Там трэба было дасканалых стральцоў, каб пацэлілі ў тую гару, а не такіх зялёных, як ён паўсаджваў у танкі, каб навучыліся. Першыя ладункі казаў выстраліць нам, падхаронжым. Нядзьвецкі тады, доўга ня думаючы, луп! - адзін, другі, трэці. Я ўбачыў, што ладункі ляцяць цераз гару. Давай сваю гармату ўніз і пачаў. Трапіў у самую сярэдзіну скалы. Значыцца, мы страляем сабе. А там, як аказалася, за гарою ўжо гарыць ад першых трох, бо Нядзьвецкі трапіў акурат у сьцірту. Але мы нічога аб гэтым ня ведаем і страляем далей. Выбілі ўсе супрацьпанцырныя й па некалькі гранатаў, як раптам бачу, колькі мага сілаў імчыць у нашым кірунку на белым кані Кэнсік і махае рукамі. Ён быў адным з тых, што стаяў збоку для назіраньня. І яздок ьз яго не абы-які - я гэта заўважыў. Як даведаўся - ён сын селяніна. Ну і як кінецца ён да Плінты ды як крыкне: «Спадар лейтанант! Вы страляеце, а ніхто не бачыць, што пажар людзям збожжа паліць. Там, за гарой, агонь бушуе, пекла несамавітае!»

Плінта зьбялеў як палатно й чаго не звар'яцеў ад страху. Зачаў тупаць у паніцы, страціўшыся зусім. Хлопцы кінуліся за гару, а там ужо цэлае мора агню. Пазьбіраліся італьянцы. Крык, гоман, плач. На цэлае шчасьце, хата ніякая шчэ не занялася. Гарыць стог адзін, другі, трэці, а вецер агонь па полі стралою нясе. Плінта паслаў некалькі хлапцоў, бо ня ведаў, што там мора агню. Казаў страляць далей з двухцалёвага мінамёта. Страляйце, кажа, у гэтую чорную полаць раллі. Як так, то давай! - хлопцы зноў пачалі. Не прайшло й пару хвілін, як адзін ладунак трапіў на ржышча, якое тут-жа ўміг занялося полымем. Нічога дзіўнага, бо сьпякота страшэнная. Там абы лёгкая іскра, і ўсё пайшло-б з дымам, а што гаварыць, калі некалькі фосфарных ладункаў звалілася.

Вецер маланкаю паганяў агнём, і не агледзеліся, як полымя абняло цэлыя нівы. Ну што-ж ты будзеш рабіць. Пабеглі мы ратаваць. Але дзе-ж там! - навет мовы ня было, каб маглі што зрабіць. Напрацаваліся, як дурні, аж дух занімала. Я апарыў сабе плечы й рукі, бо вопратку быў ськінуў. Лапаты й гасьніцы, што мы мелі, гэта - капля ў моры. Перш пачалі капаць канавы, каб агонь адгарадзіць, але што пачнём якіх сто метраў наперадзе, то за пару мінут агонь нас дагоніць. Бачым тады, што не дамо рады. Зрэзыгнавалі ўжо зусім з гашэньня, адно пачалі капаць канавы па баках, каб не даць пажару пашырыцца, бо спыніць яго было зусім немагчыма. Удалося нам скіраваць яго з ветрам на суседнюю гару, дзе й пагас. Маткі мае боскія! Ты не ўяўляеш сабе, што за велізарныя абшары збожжа спалілі. І то пераважна пшаніцы, ды такой сьпеленькай, што толькі на серп чакала. Як станеш на суседнім узгорку, то пад табою чорнае мора, як вокам сягнуць. Шчасьце, што хаты не пагарэлі. А людзі пазьбягаліся з усёй ваколіцы. Італьянкі кінуліся ў лямант: «О міо панэ, міо панэ!» О хлеб мой, значыцца. Жандармэрыя наша й італьянская, поўна іхных і нашых афіцэраў, шмат лімузінаў панаяжджала. Там багатых мужыкоў маса, што аддаюць зямлю ў арэнду. Для іх страта не так балючая, як для тых бедных арандатараў. Там-жа на месцы даходжаньні, тэлефоны, тэлеграмы, я цябе... калатня будзе, якой сьвет не бачыў. Наш Плінта бегае як звар'яваны.

- Ну й што, яны яшчэ ня скончылі?

- Скончылі, недзе ўжо едуць. Я прыехаў з Тадзікам паўтаратонкай, а Плінта застаўся быў ззаду для выясненьня гэнага цэлага б...

- Дзе ляжыць тая бедная вёска?

- На захад ад Міліёніко. Як яна завецца - ня ведаю. Будзе адсюль кілямэтраў сорак пяць - пяцьдзесят. Але што за прыгожая ваколіца! Шкада мне гэных людзей. Ты ведаеш, на колькі ацанілі шкоду?

- Ну?

- На восем мільёнаў ліраў. Цікава, хто іх заплаціць. Хіба-ж не наш Плінта.

- А дзе-ж быў наш самы галоўны гэрой?

- Карпінскі?

- Так.

- Прыехаў, як пажар ужо бушаваў.

- Дык і хто-ж за гэта будзе адказным?

- Хіба-ж што не я. Плінта цьвердзіць, што яму гарнізонны афіцэр па справах стрэльбішчаў вызначыў там месца, хаця ў ваколіцы ёсьць такія дзікія горы, што самі просяцца...

- Але-ж там мусіла быць весела. Добра, што я не паехаў.

- Маеш шчасьце. Глянь во! - паказаў Рэмі Сымону паабсмальваныя рукі. - Я дзякую ім за такую прыемнасьць. Плінта будзе адказваць за неасьцярожнасьць пры страляньні, а афіцэр ад стрэльбішчаў - за неадпаведнае месца. Як справа пойдзе ў суд, тады пазнаюць. А Плінта кажа: «Гэта нічога. Мы ў Рыеты, кажа, ня гэтулькі папалілі. І ты думаеш, ангельцы далі адшкадаваньне? Ані на ногаць. Казалі італьянцам пазвозіць збожжа, а як ня справіліся, то маеце...»

- Я-б хацеў бачыць, каб падобнае нешта здарылася ў Ангельшчыне. Нам танкамі навет па дарогах езьдзіць не дазвалялі, каб, барані Божа, асфальту не пашкодзілі.

Падхаронжыя змоўклі. Рэмі курыў бесьперапынна ўжо трэцюю з чаргі сыгарэту. Сымон пазіраў на яго ды нешта мяркаваў у галаве. Паважнае аблічча твару паступова пачало перамяняцца ў грымасу, і раптам Спарыш зарагатаў голасна й працяжна. Сьмех быў нейкай канвульсіяй, пачаўся ўнізу ў жываце й страсануў усім целам. Сымон ускочыў з ложка, падскакваў па палатцы, часамі аж прысядаў і, стукаючы абедзьвюма далонямі па каленях, рагатаў бесьперапынна, ажно вочы набеглі сьлязьмі, а на лбе пачалі выступаць каплі поту. Напаўдзікі канвульсыйны грымотны сьмех ня спыняўся.

Рэмі анямеў, сачыў за Сымонам, ня ведаючы, як тое разумець.

- Што з табою? Не ў парадку што?

- Чу-га-га! Чудак ты, га-га-га! Чаго са мною, што мае быць не ў парадку. Ой не магу, га-га-га! Жывот ужо пачынае ад сьмеху балець. Дэмабілізацыя, казаў той, на носе, а тутака паехалі панове ў «ваенку» гуляць, па чужых пшанічных нівах снарадамі псяюрыць, бедным людзям збожжа паліць! Га-га-га! Яшчэ не наваяваліся, мусіць, яшчэ ім усё мала. Ах, каб вы падохлі, каб вы... га-га-га!

Рэмі стаяў у нерашучасьці. Прыглядаючыся да Сымона, заразіўся ягоным сьмехам і пачаў таксама рагатаць з усёй сілы. Цяпер ужо пайшло дружней. Абое глядзелі адзін на другога й выбухалі гулкім рогатам. Рэмі кінуўся на ложак і пачаў з раптоўна знойдзенай весялосьці выдрыгваць у паветры нагамі, заліваючыся ўсё новымі хвалямі сьмеху й прыгаворваючы:

- Але-ж, браце каханы, і наваявалі мы сягоньня. А няхай іх кроў заліе! Ха-ха-ха!

Невядома, як доўга трываў-бы той дзікі рогат падхаронжых, калі-б ня грукат танкаў з панадворку. Паабсмальваныя, запыленыя й усхваляваныя танкісты дзяліліся міжсобку рознымі цікавымі эпізодамі з таго, што здарылася. Плінта, не аглядаючыся на нікога, быццам злосны, пабег у сваю палатку.

- Бачыш? Вось і наш «вудз». Пад ягонай камандай нашы чарапахі атрымалі сягоньня, мусіць, апошняе баявое заданьне перад тым, пакуль пойдуць на злом. Італьянцам доўга будзе помніцца наша «военка» ў іхняй пшаніцы.

Сымон, слухаючы гэтыя заключныя словы Сварычэўскага, ня меў ужо фізычнае сілы рагатаць. Ды глянуўшы на выпадак з другога боку - з боку тых пакрыўджаных сялян - ці-ж гэта было так надта сьмешна?

 

: VII

 

Між вучняў школы падхаронжых у Матэры сустрэў Спарыш колькі сваіх сяброў, колішніх менскіх кадэтаў. Надзвычайна ўзрадаваўся з такога спатканьня. Між імі быў і Мікола Дудкевіч.

- Ну, братка, расказвай, што там у Ангельшчыне, - абступілі яго, - тут ёсьць плёткі, што хутка пераяжджаць будзем. Ці там будзем мець магчымасьць скончыць яшчэ школу?

- Школу скончыць? - усьміхнуўся Сымон. - Забудзьцеся ўжо аб войску. Там даўно яго няма.

- А ты-ж скончыў.

- Дык разам са мною перастала існаваць і школа. Людзі там ужо мяркавалі, як рыхтавацца да цывільнага жыцьця пасьля дэмабілізацыі.

- Няўжо-ж?

- Каб я з гэтага месца ня зыйшоў.

- Цьфу на цябе. А мы тут яшчэ галовы мазолім, каб ацэнкі добрыя дастаць і ў хвасьце не застацца.

- Дарма вы, хлопцы. Ня дурыце сабе галоваў. Войска ўжо скончылася. Будзе арганізоўвацца нейкі быццам корпус прыстасаваньня, дзе будуць вучыць цывільных фахаў, пэўна, як капаць вугаль у шахтах ці працаваць з лапатамі пры будовах. Вось якое войска.

- Ты не жартуеш?

- Чаго-ж маю жартаваць. Дадушы праўду кажу.

Сымонавы словы былі, быццам вядро сьцюдзёнай вады на гарачыя юнацкія галовы сяброў. Шмат хто шкадаваў тых стараньняў, уложаных дасюль у ваенную навуку, якія цяпер выглядалі дарэмнымі. Ад іх падхаронжы Спарыш даведаўся, як палякі, спасьцярогшы вялікі наплыў беларусаў у афіцэрскія школы ў Матэру, пазбыліся іх, ня прызнаўшы адукацыі пад нямецкай акупацыяй, як пасьля, на курсах, загароджвалі дарогу да экзаменаў, іншых-жа на тых экзаменах паабразалі. Некаторыя былыя менскія кадэты, якія вытрымалі экзамены, не пайшлі пасьля ў афіцэрскія школы. Між імі былі два найбліжэйшыя Сымонавы сябры - Віктар Караткевіч і Кастусь Дзежка.

Будучы ў Парко Гатыні й маючы вольны доступ у афіцэрскае казіно ў Матэры, Сымон часта заглядаў туды не так дзеля выпівак, як дзеля таго, каб пазнаць, што робіцца «на вярхах». Тое, што пабачыў і пачуў, поўнасьцю пацьвердзіла ягоныя ранейшыя мяркаваньні адносна маральнага раскладу й гнільля, што панавала сярод афіцэрскага пэрсаналу. Найчасьцейшымі тэмамі гутарак у казіно былі грашова-спэкуляцыйныя абароты на чорных рынках. Вышэйшыя афіцэры, што мелі ад'ютантаў, выкарыстоўвалі розныя нагоды, каб, паслаўшы свайго чалавека па «службовай справе» ў Эгіпет, зрабіць сыценькі гандаль капіталам. У Эгіпце куплялі ангельскія залатыя фунты, званыя «каштанамі», што там прадаваліся на вольным рынку. У Італіі заработкі на іх сягалі семсот працэнтаў. Атрыманыя ліры пры дапамозе ваўсковых дзейнікаў выменьваліся на ангельскія папяровыя фунты.

У апошнія часы побыту Андэрсавага корпуса ў Італіі вялізарная колькасьць вайсковых матэрыялаў пайшла на чорны рынак. Былі гэта часы ліквідацыі. Кожны, хто дзе быў на якім становішчы, што мог нешта прадаць і зарабіць, ня траціў нагоды. Адно меншыня трапляла ў рукі вайсковае паліцыі й пад суд. Гэтак рамонтны адзьдзел базы Другога корпуса, што памяшчаўся ў Леччэ каля Таранто, зарабіў пры ліквідацыі некалькі мільёнаў лір. Дзякуючы неасьцярожнасьці італьянца, што накупляў матораў, апонаў ды іншых матэрыялаў і прыладаў, гешэфт выйшаў наверх і цэлы пэрсанал рамонтнага адзьдзелу разам з камандзерам трапіў у ангельскую вязьніцу.

Таму, што ведаў ангельскую мову, Сымону Спарышу даручылі адвезьці чатыры «шэрманы» з Матэры на злом у Форлі. Для дапамогі юнак меў васьмёра людзей і Сварычэўскага. Танкі былі дастаўленыя цягніком на аграмаднае лётнішча ў Форлі. Сымонавы людзі, кінуўшы вокам на амаль бязьмежную масу танкаў, панцырных машынаў, «кар'ераў» і навет звычайных транспартных машынаў, што як вокам сягнуць заграмазьдзілі колькі квадратных кілямэтраў лётнішча, не маглі надзівіцца. Нідзе й ніколі ніхто зь іх ня бачыў у адной кучы столькі ваеннага матэрыялу. Брытанскі ўрад прадаў яго на злом Італіі. Ангельскі сяржант, што прыняў Спарышовы «шэрманы», адно вокам кінуў на іх і падпісаў квіт даставы. Зусім не заглядаў усярэдзіну. А там-жа была маса матэрыялу, пачаўшы ад алівы, сьлясарскіх прыладаў, ключоў, а канчаючы электрычнымі дынамкамі, што маглі быць па дарозе прададзеныя. Кожны танк меў дасканалае радыё. Як апавядалі мясцовыя жыхары, нямецкія палонныя, што працавалі пры парадкаваньні й разьбіраньні злому на лётнішчы, парабіліся мільянерамі.

Вяртаючыся назад у Галіполі-Галятонэ цягніком, Сымон думаў аб мінулым і цяперашнім. Прыгадаў пачатак вайны ў 1939 годзе, калі быў малым хлапчанём і басанож бег па полі, каб прыгледзецца тром самалётам, бо-ж раней ніколі іх так шмат не бачыў разам. Цяпер-жа, пасьля вайны, ён вось завёз і здаў на злом тыя танкі, якім прызначана было, згодна летуценьням польскіх паноў, трыюмфальна «вызваляць» Вільню й Львоў, а мо й ягоныя родныя мясьціны. Якое крутое, капрызнае й непрадугледжанае было жыцьцё. Некалі босы й бедны падлетак быў цяпер дасьпелым, зьведаў Эўропу, бачыў шмат баёў і ліхалецьцяў, стаў загартаваным жаўнерам. Але гэта ўсё было адно памылка лёсу - вынік чужое гульні. Якая-ж пацеха была з таго Сымону, што ён вось здаў на злом частку зброі, якой паны зноў хацелі паняволіць Беларусь, калі там, дома, іншыя танкі рэзалі родную зямельку й крывавілі змучанае цела Бацькаўшчыны.

Вярнуўшыся з Галіполі, Спарыш за пару дзён далучыўся да другога транспарту, што накіроўваўся ў Ангельшчыну. Невялікі мараплаў «Эмпаер Батл'акс» пакінуў Нэапаль у пачатку жніўня. Для бальшыні пасажыраў было гэта першае падарожжа пасьля вайны ў Ангельшчыну, для Сымона-ж - адно паўтарэньне ранейшага шляху. Ужо ня ехаў у чужое й няведамае, але - у даволі добра знаёмае. Прадугледзеў, чаго можна чакаць і спадзявацца ў будучыні.

 

Васеньнія хмары

 

: I

 

Нізка па небасхіле плывуць васеньнія хмары. Грозныя, бурлівыя, цяжкія, алавяныя. З гулам, свабодаю й размахам бушуюць у прасторы, хвалююцца й перавальваюцца цераз горы, зьвісаюць жыватамі над далінамі ды зь нястрыманым імпэтам імчацца далей і далей. Дзіка вые заходні марскі вецер. Калоціць верхавінамі дрэваў, бязьлітасна сячэ ледзяным дажджом па шэрых тонкіх сьценах вайсковых баракаў, спрытна прабягае між блёкаў прыгарадных паселішчаў, абозаў ды, вырваўшыся на цьмянае прамоклае поле, паганяе далей у няведамае.

Хмары з мора вельмі неспакойныя. Рэдка дазваляюць яны ўсьміхнуцца сонцу. Бывае, што парадзеюць, і тады вясёлы праменьчык зазірне ў памяшканьне праз брудныя шыбы вайсковых баракаў, але ненадоўга. Наступная разбушаваная хваля прыходзіць тым першым на зьмену, закрые разьяснеўшыя нядаўна кавалкі неба ды новым змрокам зноў хлыне ў вокны шэрых будынкаў. Густыя кроплі дажджу заядла сьцебануць па чырвоных сьценах вілаў, за імі новыя, цяжэйшыя, сапраўдным ужо ручаём паплывуць па пачарнелых ад дыму стрэхах работніцкіх дамоў, пачнуць уядацца ў шчыліны сьценаў сьпешна будаваных абозаў, абмываць цёмна-шэрае каменьне фармарскіх забудаваньняў.

Імгла часта ахутае суседнія палі й узгоркі. Зрэб'ем учэпіцца яна за ськібы шэрае ральлі, апране суцэльнай павалокаю залітыя вадой даліны. Бывае й так, што густой заслонай залягае цэлыя далявіды, й пільна павінен тады натужваць свае вочы падарожны шафёр.

Часамі заходні бераг абтоку дыхае сухім ветрам, і здавалася-б, што няскора прыйдзе дождж ці бура. Але найчасьцей зманлівымі бываюць прадугледжаньні, бо далёкая марская бура ня стрымоўваецца на гарбатых узьбярэжжах заходняга Ўэлсу, а лёгка пранікае ў сярэднія і ўсходнія абшары Мідланда, каб сьмелым жыхарам, якім заяснела думка пагоднага «уікэнду», адабраць нованароджаную надзею.

Жаўнеры прысьпешанымі крокамі прабягаюць тады вузкімі цэмэнтавымі ходнікамі між баракаў ды, зачыніўшы сьпешна дзьверы, зь іроніяй паўтараюць падобныя заўвагі: «Ну, нарэшце падае дождж. А так доўга-ж чакалі». Адзін пачне тады ўсьміхацца, іншы заапрабуе папярэднія заўвагі моцнымі слоўцамі сяньняшнія дні, пачне тануць ва ўспамінах аб салодкіх, пагодных ды як жа чароўных днях італьянскае мінуласьці.

Такія ўспаміны й нараканьні ня прыносяць найчасьцей ніякіх канкрэтных высноваў ані палягчэньня, бо адно часовае ўзварушаньне, спрычыненае няспрыяльнымі абставінамі, і дробныя з таго дэталі зьяўляюцца іх крыніцаю. Таксама ня трываюць яны доўга, бо колішні ваяка, а сяньня выгнаньнік Сярэдняе Эўропы, патрапіў прывыкнуць і зжыцца зь бясколернымі буднямі.

Алавяна-шэрымі й цяжкімі выглядаюць ангельскія васеньнія хмары. Неспакойнымі й бурлівымі, але цяглымі і, здаецца, бясконцымі. Шэрыя й бязьмежна цяжкія дні жаўнерскага быту ў бязьдзейнасьці. Дзесьці ва «Уор офіс» вялікімі кучамі ляжаць друкі асведчаньняў, праектаў брытанскага ўраду адносна арганізацыі й будучыні Польскага Корпусу Прыстасаваньня й Разьмяшчэньня (ПКПР). Ляжаць і набіраюць, як прывыклі казаць жаўнеры, «урадавай сілы». Дзесьці на зьездзе Рады ангельскіх прафсаюзаў у Брайтане голасна разьлягаюцца словы: «...Фашысты, здраднікі радзімы, ворагі новага ладу й сваіх народаў». У зале паседжаньняў вее забойчы ўсходні вецер. Але шмат міне часу, пакуль пазачыняюць вокны й дзьверы. Дзесьці на паседжаньнях брытанска-польскіх арганізацый чуваць: «Гэроі, баявікі за вольнасьць! Ня даць, каб іх пакрыўдзілі. Яны першыя, што супрацьставіліся, яны апошнія, што пакінулі поле бою. Даць ім людзкія абставіны жыцьця!»

Асведчаньні, прамовы, бясконцыя дэбаты, пахвалы, закіды, дэклярацыі... Дзесьці з-над Эльбы вее ўсходні вецер...

Пры круглых сталох, у вялікіх праветраных сонечных залях, у малых накураных кабінэтах прадстаўнікі розных народаў, расаў, уладаў і сьветапоглядаў праводзяць гандаль. Часта ахутаны ён таямнічым маўчаньнем, радзей - розгаласам. Ён выдаецца сталым і бясконцым, ці адно цяпер пакуль што ня відаць вынікаў.

А над Вялікай Брытаніяй плывуць густыя, алавяныя, заходнія марскія хмары. Прасочваецца вада ў няшчыльныя баракі шматлікіх абозаў. Жаўнеры сядзяць бязьдзейна. Сушацца махоркаю, гуляюць у карты. Быццам тыя хмары, плыве марудны, шэры й назойлівы час.

Сотні тысячаў палякаў і людзей зь іншых народаў, перад вайной зьняволеных Польшчай, у вайсковай вопратцы ступілі на зямлю капрызнага надвор'я пад час і пасьля другой сусьветнай вайны. Паводле сацыяльнага паходжаньня жаўнерская сям'я была каляровай мазаікай. У зялёным «батледрэсе» радавога сустрэць можна было прафэсара, інжынера й селяніна, сумленнага й злодзея, гандляра й бандыта, саба-тажніка-партызана й звычайнага работніка. Ішлі, ехалі, валачыліся сюды рознымі шляхамі й розным часам. Адным сібірскія лягеры й Казахстан перажыць давялося, іншым проста праз мора з Польшчы ўцякаць, трэцім - праз Нарвэгію, чацьвёртым - праз Францыю, пятым з абедзьвюх Амэрыкаў ахвотнікамі ў гэту армію ўступіць давялося. Адно тыя, з-за акіянаў, пасьля вайны хутка дамоў пасьпяшылі. Іншыя-ж мяркавалі, як выбрацца з тупіка. Сярод іх найцяжэй давялося беларусам і ўкраінцам, землі якіх «бацька» да самых сваіх «ласкавых» грудзей прытуліў, ужо ніколі ня маючы намеру пазбыцца ахвяры.

 

: II

 

Шмат жаўнераў, нягледзячы на ўзмоцненыя ўгаворы афіцэрскага корпусу, каб заставаліся на выгнаньні, ехалі ў Польшчу пад рэжым Берута. ПКПР, што павінен быў падрыхтаваць гэтае мора людзей да цывільнага жыцьця, меў нялёгкае заданьне. На працягу шасьці - васьмі гадоў бальшыня зь іх нічога не рабіла, акрамя вайны й п'янства; іншыя зь юнакоў павырасталі на мужчынаў, адны загартавалі сваю волю й сілы, набылі практыку: іншыя-ж здэмаралізаваліся, зьвіхнуліся, упалі на дно жыцьця.

Праблема прытарнаваньня іх да цывільнага жыцьця была нязвычайна цяжкой і складанай. Перанаселеная Вялікая Брытанія не магла ахвяраваць ім адпаведных месцаў і працы ў цывільным жыцьці, яна ледзь давала рады са сваімі здэмабілізаванымі, магчымасьці-ж эміграцыі за акіян былі сьціплымі перадусім з прычыны недахопу транспартных сродкаў дый абмежаваных эміграцыйных квотаў. І гэтак замкнулася шматтысячная жаўнерская маса ў шэрых, няпрылюдных, няпрыветных і сьцюдзёных вялікіх вайсковых абозах, раськіданых па абшары брытанскіх абтокаў ад Тэрсо да Брайтана і ад Блэкпула да Сандэрланда.

Цяжкі і нявыносны, сумны й няволячы жаўнерскі быт у бязьдзейнасьці. У некалі здысцыплінаваныя й дасканала вышкаленыя шэрагі вояў прыносіць ён упадак дысцыпліны, маральны расклад, зьнеахвочаньне, безнаазейнасьць, мізэрнасьць і абыякавасьць. Жаўнерам можа быць адно чалавек чыну, працы, вечна нястомнага й дзейнага духу, чалавек энэргіі й руху. Пакінь жаўнера самога сабе на нейкі час, не дай яму заданьняў, працы й занядбай дысцыпліну, дазволь на пэўныя ўплывы, і ён перастане быць жаўнерам.

Колькі месяцаў пераходнага арганізацыйнага часу, калі шмат яшчэ было няпэўнага й нявыясненага, калі нейкія рамесьніцкія курсы ці праца - рэдкая зьявішча, а дысцыпліна амаль цалкам занядбаная, зрабіла жахлівы ўплыў на польскую армію, прывезеную з кантынэнту ў Ангельшчыну ў 1946-1947 годзе. Найбольш дэструктыўным дзейнікам была няпэўная будучыня гэтых людзей. Разам зь першымі паваеннымі міжнароднымі канфэрэнцыямі, разам з акупацыяй Беларусі, Украіны й Польшчы бальшавікамі й замацаваньнем там камуністычнае ўлады разьвеяліся шматлікія пляны й надзеі гэтых людзей. Шмат губіла сябе сваімі-ж рукамі, іншыя апускалі галовы й трацілі ўсякую ініцыятыву...

 

: III

 

У падафіцэрскім бараку людзі сядзелі бязьдзейна. Сымон па абедзе прылёг на пасьцелі. Рэмі Сварычэўскі меў службу дзяжурнага. Колькі асоб, абсеўшы ў кутку стол, перакідваліся картамі. Надвор'е было хмарнае. У бараку панаваў змрок. Крокаў дзесяць воддаль Сымона сядзеў на пасьцелі зьвязны. Даўно кінуўся ён у вока Спарышу. Прычынай была, пэўна, і ягоная сьпеўная, няскладная польская гутарка. Часта, быццам вада з-пад вясеньняга лёду, прабіваўся беларускі склад, характэрнае аканьне. Нягладка язык ягоны спраўляўся і з характэрнымі польскімі сугукамі. Здавалася, што зь вялікай натугай, гвалтам выпіханыя яны былі праз таўсты гарляк. Сымон быў амаль пэўны, што зьвязны быў беларусам. Дагэтуль ня меў нагоды даведацца. Ды і як спытацца? - думаў хлопец. Акружнай дарогай пачаць ці проста з мосту, як кажуць па-беларуску?

Да таго-ж і выглядам быў зьвязны проста выкапаным дзядзькам-селянінам. Неяк і «батледрэс» нязграбна на ім ляжаў. Здавалася, што шэрая саматканая сьвітка скарэй-бы гарманіравала з выглядам. Дзесьці ў тумане памяці захаваўся ў Сымона вобраз беларускага сейбіта, што бачыў калісьці ў нейкім каляндары. Шырокі круглы твар, паморшчаны лоб, закруглены падбародак, парадзелыя сівыя валасы, ясна-блакітныя вочы.

- Адкуль ты, дзядзька, будзеш? - зарызыкаваў Сымон.

Зьвязны, што сядзеў побач на пасьцелі, схамянуўся, быццам-бы яго хто іголкай у мяккае месца ткнуў. Мусіць, ня верыў сваім вушам. Азірнуўся назад, каб пераканацца, што да яго, а не да некага іншага ззаду за плячыма адносілася тое пытаньне.

- Цо проша?

- Пытаюся, адкуль ты, дзядзька, будзеш? - паўтарыў голасна Сымон ды дадаў ціха пад носам: - Чорт вазьмі, няўжо-ж памыліўся?

- Я ад Навагрудка. А вы таксама тамтэйшы? - пасьмялеў дзядзька.

- Эх не, я не ад Наваградка, але-ж таксама беларус. Вы-ж беларус, не?

- Я праваслаўны, дык і беларус, - адказаў дзядзька, прыйшоў ды сеў побач Сымона на пасьцелі. Язык ягоны хадзіў шмат гладзей, чымся ў польскай гутарцы.

- Дык што вы, праваслаўны - гэта-ж толькі рэлігія.І каталік-жа можа быць беларусам.

- У нас удома так было, што каталікоў лічылі палякамі, а праваслаўных...

- ...рускімі? - падхапіў Сымон.

- А ці-ж ня так?

- Яно-ж так. Але ці-ж гэта справядліва?

- Хто-ж яго ведае. Усё так у галаву нам дзяўблі.

- Дзяўблі тыя, каму гэта было карысна. Маскалі казалі, што праваслаўныя - гэта рускія, а палякі чаўплі, што каталікі - усе палякі. Дык дзе-ж тады беларусы? А ёсьць-жа такі народ, не, дзядзька?

- Дык во, панятна, што ёсьцека.

- Ну дык нам, мусіць, няпраўду стараліся казаць.

- А хто-ж тое надта ведаў. Называліся тутэйшымі, ды ўсё.

- Праўду кажаце. Гэта таксама, каб мы забыліся, хто мы ёсьць. Навет нашай нацыянальнасьці не паміналі.

- Цікава вы гэта ўсё й так проста выводзіце, - адсапнуўся зьвязны. - Ну, а самі-ж адкуль?

- З Глыбоччыны.

- Ад Глыбокага.

- Недалёка. Ведаеце. Можа, былі там?

- Чуў. Меў знаёмых адтуль.

Хвіліну памаўчалі.

- Эх, братка ты мой, сьвет цяпер так перамяшаўся. Забадзяліся-ж мы й пагубіліся. Хто гэта ведае, што будзе... Ведаем толькі, што было. Дый цяжка-ж, цяжка, - уздыхнуў зьвязны.

- А вы даўно ў войску?

- Браток, здаецца, ужо век цэлы. Перад вайной яшчэ чынную службу адбыў. Пасьля на рэзэрву пазвалі. Змабілізавалі перад вайной, а тады ў плен да бальшавікоў папаў...

Зьвязны пачаў апавядаць доўгую сваю гісторыю. Шмат такіх ці падобных чуў Сымон раней. Седзячы побач яго, гаротнік сумным і поўным уздыханьняў і жалю голасам апавядаў аб цяжкіх цярпеньнях у сібірскіх лягерох, аб тым, як з крываўкі ледзь ня скончыўся ў Казахстане, але нехта сьпіртам выратаваў. Прыгадаў пасьля й пра сям'ю. Голас ягоны пачаў дрыжаць. Мясцамі спыняўся, ня могучы гаварыць.

Сымон цярпліва слухаў і не перашкаджаў яму апавядаць. Відаць было, што чалавек пастанавіў адкрыць сваю душу й сэрца. Хто ведае, ці ня першага сустрэў у войску чалавека, што асьмеліўся загаварыць да яго моваю маткі. Сям'я зьвязнога, згодна з апавяданьнем, была застрэленая ў час вайны немцамі, а хата спаленая. Жонка й дачка, што па гадах мела быць сяньня дзеўкай - адзінае са шматлікага, але найдаражэйшае, што вязала яго з Бацькаўшчынай, - сталіся ахвярамі гітлераўскага сьляпога тэрору. Зьвязовы ад хваляваньня гаварыў урыўкамі, а на вочы набягалі сьлёзы. Аб сямейнай трагэдыі даведаўся ня так даўно ад суседа з дому, якога сустрэў кагадзе ў войску. Відаць было, што насіў у сэрцы сьвежую, ніколі, можа, ня меўшую нагоды загаіцца рану.

- ...і так, браток ты мой, застаўся сягоньніка адзін, як палец. Ды мне-ж ужо й гады самыя лепшыя мінулі. А тут во якое ліха прыйшло. Думалася нядаўна, што хоць дадому вернешся. Надзеіўся, што жывуць. Ажно во...

Дзядзька, здавалася, ня мог далей гаварыць. Сымон чакаў. Гледзячы на гаротніка, балела яму сэрца. Вось гэта быў адзін зь мільёнаў беларусаў, што страцілі ўсё й наперадзе бачылі адно беспрасьветную цьму й безнадзейнасьць. Выкінутыя на чужы бераг, ня ведаючы ані людзей, ані не маючы сіл для далейшага жыцьця, страціўшы найлепшыя гады ў службе за чужое або ў нядолі ў чужым ярме дома, кешкаліся цяпер у цемры.

- Дый варочацца-ж няма куды. Што было, тое пайшло з дымам. Мая бедненькая жоначка й дачушка. Каты са сьвету зьвялі. Куды-ж мне цяпер кінуцца, што рабіць і з чаго пачаць? Як-жа мне тут заставацца? Ня знаю ні языка, дый гады ня тыя. А калі-б і ў Польшчу ехаць, дык ужо, мусіць, на тыя «адзысканыя» землі пасулілі-б... Божа-ж мой, Божа! Як-жа далей быць і што рабіць?

Сьлёзы, быццам гарох, пасыпаліся з вачэй дзядзькі зьвязнога. Пакуль нязручным рухам стараўся іх выцерці, адна сьлязіна ўпала на левыя грудзі й раздрабілася аб востры рог адной з чатырох зорак на сіняй берэтцы. Гэта былі зоркі за раны. Побач было з паўтузіна берэтак ад іншых крыжоў і медалёў.

- Калі-б я ведаў, што вам парадзіць. Ня плачце, супакойцеся, - прамовіў зусім непераконлівым голасам Спарыш, і перад вачыма памяці ягонай устала прыгорбленая, запрацаваная постаць свайго беднага гаротнага бацькі. Ня мог глядзець на сьлёзы. Прыгадаўшы родных, ведаў, што тыя стогнуць у непасільным ярме. Дый ці толькі яны... Цэлы беларускі народ.

Сымон устаў і падышоў да вакна. На сэрца нахлынула вялікая дэпрэсія. Глядзеў на захмаранае неба. Думкі разбягаліся, быццам тыя неспакойныя васеньнія брытанскія хмары. А яны бесьперапынна й стала плылі ў няведамае.

 

Парасткі на чужыне

 

: I

 

Павуціньне сувязі між адзінкамі й групамі беларусаў Другога корпусу, так дбайліва й цярпліва снаванае й сплятанае ў вадзін клубок у Італіі, было парванае-парастрасанае зь пераездам у Ангельшчыну ўлетку 1946 году. Адзьдзелы войска паразьяжджаліся й пасяліліся на новых месцах па цэлым абтоку. Адзінкі й групы страцілі сувязь. Спыніўся ня толькі працэс вышукоўваньня й выкопваньня тых, што пазашываліся яшчэ раней і ў Італіі ня былі знойдзенымі. Трэба было найперш устанавіць і спалучыць асноўную пражу сувязі самых цьвёрдых і ініцыятыўных, што маглі-б пасьля навокал сябе разглядацца й вышукоўваць.

Перад беларусамі стала зусім новае, першараднае вагі пытаньне: што далей? Войска канчалася. Трэба было рупіцца аб будучыні. Так удала пісалася пасьля ў першых радках часопіса «На шляху»: «На шляху, а ня дома, стаімо мы, выгнаныя з-пад родных стрэх вайной і чужацкай навалай. Мяркуем, дзе пайсьці, куды кінуцца...»

Пытаньні «дзе пайсьці, куды кінуцца» лягчэй было-б вырашыць арганізавана, грамадою. Патрэба беларускай арганізацыі адчувалася вельмі пякуча. Гэткім чынам ізноў пачыналася ад нітак сувязі, супольнага кантакту. Цэнтры пры 5-й і 3-й дывізіях былі ўтрымаліся, хаця ня мелі сувязі міжсобку. Адшукацца дапамог старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі інжынер Мікола Абрамчык і рэдакцыя «Беларускіх Навін» з Парыжу. Пры іхняй дапамозе беларусы зьвязаліся ня толькі міжсобку, але і з саюзам украінцаў Вялікай Брытаніі, управа якога добразычліва аднеслася да ініцыятараў праектаванай першай беларускай арганізацыі ў Ангельшчыне.

 

: IІ

 

Каля лётнішча Бодні Эйрфілд у правінцыі Норфолк сканцэнтраваныя былі ўсе школы 3-й дывізіі. Вучань ліцэя Віктар Сянькевіч налічыў навокал сябе дваццаць трох беларусаў і пачаў аднаўляць працу, спыненую пераездам зь Італіі. Група зактывізавалася. Адбываліся сяброўскія зборкі, супольна радзіліся й пастанаўлялі пра будучыя арганізацыйныя крокі. Устанавілася й пісьмовая сувязь зь беларусамі іншых адзьдзелаў. Да Сянькевіча зноў сотнямі хлынулі пісьмы.

Дзейнікі з «двойкі» зноў паклікалі юнака й пыталіся, што пішацца ў карэспандэнцыі. Віктар адказваў, што панам з «двойкі» й так добра ведамы змест пісьмаў. Пачаліся новыя цяжкасьці. На Сянькевіча ад шматлікіх палякаў пасыпаліся даносы. Давялося хлапцу разьвітацца, ня скончыўшы школы, з навукай і ехаць у свой адзьдзел каля Лёндану. Крыху пазьней змусілі пакінуць працу выкладчыка ў гімназіі й прафэсара Гука.

Увосень 1946 году ва ўкраінскай газеце «Наш кліч» зьявіўся Сянькевічаў заклік-артыкул. Аўтар зьвяртаўся да вайскоўцаў-беларусаў, каб адклікаліся, вышукоўвалі іншых, арганізоўвалі часовыя групы. Падкрэсьліваў, што насьпеў час да ўтварэньня беларускае арганізацыі.

 

: III

 

Праз знаёмых, што мелі сувязі між верхавіны польскае арміі, прафэсар Гук умовіўся сустрэцца з шэфам штаба генэралам Капанскім. Мэтаю было атрыманьне афіцыяльнага вайсковага дазволу на ўтварэньне беларускае арганізацыі самапомачы. Капанскі прыняў Гука й Сянькевіча ў кастрычніку. Да добра абгрунтаванае й матываванае просьбы беларусаў генэрал аднёсся прыхільна й абяцаў выдаць аб гэтым адмысловы вайсковы загад. Адылі пасьля гэтага два разы яшчэ давялося прафэсару Гуку рабіць візіты да генэрала Капанскага, каб папхнуць справу абяцанага загаду, што заграз дзесь у канцылярыі штабу. Віктару Сянькевічу, што жыў бліжэй Лёндану, восем разоў трэба было езьдзіць у сталіцу. Кожны раз ад'ютант раіў прыйсьці заўтра. Агоркла юнаку цяганіна ўзад і ўперад, быццам тая рэдзька. Нарэшце пры дапамозе знаёмага палкоўніка пашанцавала атрымаць візыту ў шэфа штабу.

Капанскі паклікаў Віктара ў кабінэт і прасіў пачакаць, пакуль машыністка напіша тую доўгачаканую й так вартасную пісульку.

Тым часам распытваў юнака пра беларусаў, іхныя пляны на будучыню ды пра іх колькасьць у польскай арміі. Тон гутаркі быў сяброўскі. Генэрала цікавіла, дзе, на думку Сянькевіча, павінны быць беларускія межы. На сьценах кабінэта вісела шмат мапаў. Віктар паказаў беларускія этнаграфічныя межы, уключыўшы Беласточчыну, Сувальшчыну й Берасьцейшчыну. Як некалі лейтананта Пшэрэмбскага, зацікавіў Капанскага факт, што Сянькевіч быў каталіком і беларусам. Роспытам у гэтай справе адвёў колькі хвілін часу.

Націсканьне з усіх бакоў зрабіла сваё. Загад быў выданы. На просьбу прафэсара Гука капітан Загурскі, што меў добрыя кантакты ў польскай газеце «Дзеньнік польскі і дзеньнік жолнежа», пастараўся, каб газэта зьмясьціла вайсковы загад. Гэткім чынам шмат беларусаў даведалася, што ад гэтага часу, ці былі-б яны ў наземных, паветраных ці марскіх польскіх збройных сілах, маглі належаць да свае беларускае арганізацыі самапомачы. Загад меў быць прачытаны і па ўсіх адзьдзелах, але шматлікія, нязычлівыя беларусам афіцэры наўмысьля яго ігнаравалі.

Віктар Сянькевіч, вярнуўшыся ў свой адзьдзел, з большай энэргіяй узяўся за працу. Быў сакратаром у батальёне й таму позьнімі вечарамі пасьля службовых гадзін мог карыстацца машынапіскай і рататарам. Праўда, стараўся рабіць гэта ўпотайку ад начальства.

У працы арганізацыйнай і публіцыстычнай Віктар быў пачаткоўцам, асабліва калі ішла гаворка пра статут, камунікаты й іншыя справы афармленьня. Тут на помач прыйшла дасьпеласьць і дасьведчанасьць прафэсара Гука. Стары настаўнік і арганізацыйны працаўнік яшчэ з Бацькаўшчыны цешыўся, што ў асобе маладога юнака знайшоў добрую тэхнічна-канцылярскую сілу. Хутка зьявіўся першы нумар часопіса «На шляху», пасьля прыйшлі камунікаты й розныя пісьмы арганізацыйнага характару. Быццам жаўранкі напрадвесьні, цешыла роднае слова рассеяных суродзічаў. Надыходзіў новы пэрыяд у жыцьці выгнаньнікаў. Лучыліся адзінкі й групы, на чужой глебе паказаліся парасткі новага беларускага арганізму.

Нягледзячы на афіцыяльны характар захадаў, шмат беларусаў не магло пазбыцца нагнанага да гэтага часу палякамі страху перад самавыяўленьнем. Арганізаваньне йшло марудна. У кожным амаль адзьдзеле меншыя афіцэры стаўлялі розныя перашкоды. Адны застрашвалі, фабрыкавалі інтрыгі й плёткі, іншыя адмаўлялі, трэція ігнаравалі просьбы ініцыятыўных арганізатараў, чацьвёртыя адкрыта ставілі перашкоды й не дазвалялі ані нарадаў, ані тварэньня адзьдзелаў. Перамагаў ранейшы недавер і нялюбасьць палякаў да ўсяго чужога.

Адылі арганізацыйнага прагрэсу беларусаў не ўдалось ім спыніць. Хутка расло новае цела. Выяўляліся людзі, дужэў нованароджаны арганізм. У Лондане навокал двух першых ініцыятараў зьбіралася кіраўнічая група. Адбываліся паседжаньні часовае ўправы Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі, рабіліся пляны першага агульнага зьезду, апрацоўваўся праект статуту, абмяркоўваліся пляны куплі першага Беларускага дому.

 

: IV

 

Зімовым вечарам 1947-га году ў перапоўненай піўнушцы лёнданскага раёну Сого пры колькіх сталах на покуці сядзелі тры групы маладых жаўнераў. Сталы былі застаўленыя пляшкамі й шклянкамі зь півам. Жаўнеры ня прыглядаліся, здавалася, да каляровай публікі, што тут зьбіралася. Таўставатая жанчына сярэдніх гадоў, перакуліўшы, відаць, некалькі порцый віскі, барабаніла разбразганым піянінам і падпітым голасам то цягнула «Му Johnу is over the ocean», то зноў вярталася да «Onlу Five minutes more»*.

* «Мой Джоні за акіянам», «Толькі пяць хвілін больш» (англ.)

Пры адным стале сядзелі Віктар Сянькевіч, Кастусь Дзежка, Віктар Караткевіч і Сымон Спарыш. Па суседзтву былі сябры, зь якімі некалі пачалі супольную вандроўку з Паўночных казармаў на менскім бруку. Ад гэтага дня мінула два з паловаю гады. Час узбагаціў іх вялікай практыкай, прыспорыў цярпеньняў і выкінуў на чужы незнаёмы бераг. У сэрцах гарэў нязгасны зьніч вялікага каханьня да паняволенага народу. Няведаньне лёсу пакінутых дома блізкіх й найдаражэйшых, вечная журбота па родных, цяжкое перажытае ды няпэўнасьць заўтрашняга адлюстравалася як на іхных выглядах, так і ў духовых істотах. За пару зь лішнім гадоў перажылі тое, што людзі ў нармальныя мірныя часы праходзяць за дзесяткі, калі наогул спатыкаюць на жыцьцёвых дарогах сваіх нейкія ліхалецьці.

У піўнушцы пры сталох былых менскіх кадэтаў вяліся ажыўленыя гутаркі. Шмат хто даўно міжсобку ня сустракаўся. Заўтра мае адбыцца першы агульны зьезд Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі, і гэта падзея была для іх ня толькі днём супольнае сустрэчы, але й пэўнага трыюмфу. Як-ніяк будавалі новае, пракладалі новыя шляхі на тым агульным шляху, які некалі мае завярнуць на вызваленую Бацькаўшчыну.

Пад хмяльком дзяліліся цяпер рознымі згадкамі зь перажытага, чутага, бачанага. Нагода-ж была першая й агульная.

- Маладзец ты, Віктар. Адным словам, Капанскаму кажаш, межы беларускія паказаў. Нявузка! - гаварыў Сянькевічу Кастусь Дзежка. - За тваю працу мала цябе пахваліць, але, мусіць, прыйдзецца й паставіць. Як ты думаеш, Сымон?

- Прапанову падтрымоўваю.

- Гэй! - паклікаў Дзежка кельнара й замовіў чатыры віскі.

- А ты помніш, Кастусь, як мы ў Занеўскага твае боты ў Вільні на адыходзе з Бацькаўшчыны прапілі? - прыгадаў Віктар Караткевіч.

- І добра зрабілі, а то чорту рагатаму Веньцю засталіся-б.

- Хапіла яму й Сымонавага кажушка.

- Ха-ха-ха! - зарагаталі дружна два Спарышовы сябры.

- Ты, мусіць, не ведаеш, Сянькевіч, пра Сымонаў кажушок. Трэба будзе табе пры нагодзе расказаць, - прыабяцаў Дзежка, а Віктар Сянькевіч слухаў зь ветлівай загадкавай усьмешкай.

Кельнар паставіў перад хлопцамі чатыры порцыі шкоцкага віскі.

- Ну то, хлопцы...

- За што-ж вып'ем?

- Ты, Дзежка, прапануй.

- Сябры, як паперакульваем чаркі, то вобземлю іх, бо будзем піць тост за нашу галоўную мэту! - прыўстаў Дзежка, а за ім і сябры.

- Добра. Дык аб гэтай мэце давай.

- Сябры! Прапаную выпіць за хуткае вызваленьне нашае Бацькаўшчыны! І давайце будзем старацца ўсімі сіламі, каб тое вызваленьне прысьпешыць!

- За вызваленьне!

У адзін міг апусьцелі чаркі й адна за другой пырснулі кавалкамі дробнага шкла на падлозе ў кутку.

- Брава, хлопцы! - захапіўся Дзежка й зрокам нявіннага сустрэў устрывожаны погляд кельнара. Падхмеленая публіка прыціхла, зацікавіўшыся водгаласам шкла.

- А ты чаго, брат, так перапалохаўся? - гаварыў Дзежка кельнару. - За чаркі зараз плачу. Мы пілі за вызваленьне! Разумееш? Адкуль ты можаш разумець. Ты думаеш, братка, што Гітлер быў найгоршы, але пачакай. Ты ня ведаеш маскалёў!

 

: V

 

Назаўтра вялікая заля ў будынку на Ліндэн Гардэнс была перапоўненая жаўнерскай масай. Пазьяжджаліся з розных адзьдзелаў чужое арміі, з усіх закуткаў Вялікае Брытаніі. Сабралася звыш паўтары сотні сяброў і дэлегатаў. Было-б, пэўна, больш, калі-б не перашкоды шматлікіх афіцэраў, якія адмаўляліся выдаваць пропускі на гэты, паводле іх, некарысны для польскіх інтарэсаў зьезд. Але лёд быў праламаны. Першы зьезд Згуртаваньня Беларусаў Вялікае Брытаніі меў быць асноўнай вехай на шляху да самавыяўленьня й згуртаваньня беларусаў з польскае арміі, а пасьля й іншых беларускіх эмігрантаў у Ангельшчыне.

І гэтыя сябры й дэлегаты арганізацыі, першыя жаўранкі першага ў гісторыі беларускага зьезду-зьлёту ў Ангельшчыне, адчувалі ўрачыста-сьвяточны настрой дня. Як-ніяк гэта яны, сыны працоўнага беларускага народу, сяньня яшчэ жаўнеры-выгнаньнікі, мелі палажыць трывалкія падваліны пад першую беларускую нацыянальна-грамадзкую арганізацыю на гэтым імглістым абтоку. Вонкавай адзнакаю сьвяточнасьці і ўрачыстасьці была вялікая «Пагоня» на сьцяне й засланы нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам стол прэзыдыюму.

Тыя, што гадамі ня бачыліся, доўга й сардэчна сьціскалі рукі, знаходзілі згубленых, здабывалі новых сяброў, сьмялелі й нанава ажывалі духам у вялікай роднай грамадзе. Былі між іх тыя, што належалі да сваіх арганізацый дома, былі й такія, якім ніколі не давялося быць сябрамі беларускіх гурткоў. І вось першы раз на вольнай, хоць і чужой зямлі зьехаліся яны, як вольныя людзі, каб абгаварыць і наладзіць справы, якія ўсім роўным цяжарам ляжаць на сэрцах. І самі радзіць, пастанаўляць будуць, супольныя раны гаіць і моцы ў далейшым змаганьні за вызваленьне Бацькаўшчыны набіраць.

Старшыня Часовае Ўправы ЗБВБ прафэсар Гук адкрыў зьезд і цёплымі словамі вітаў сяброў і дэлегатаў. Гаварыў з узрушэньнем, але выразна й паволі, быццам стараючыся нацешыцца сьведамасьцю гістарычнага моманту.

- Сабраліся мы тут сягоньня, - гаварыў ветэран беларускага незалежніцкага руху, - каб палажыць цьвёрдыя асновы пад нашу першую незалежніцкую грамадзкую арганізацыю ў Вялікай Брытаніі. Дзеля развагі дзьвюх асноўных праблемаў зьявіліся мы ўсе ў Лёндан; першая зь іх - гэта праблема нас саміх, значыцца, нашага перадусім арганізацыйнага, а ў ня меншай меры й прыватнага, індывідуальнага жыцьця на чужыне, а другая - гэта праблема нашай паняволенай Бацькаўшчыны.

Мы ўсе сяньня стаім на парозе новага й няведамага. Войска канчаецца. Мусім ісьці ў цывільнае жыцьцё, выбіраць сабе месца жыхарства да часу, як мы надзеемся, ня так далёкага павароту на вольную Бацькаўшчыну. У сувязі з гэтым перад кожным з нас паўстае шмат праблемаў. Шматлікія зь іх кожны з нас вырашыць самастойна, але будуць і такія, якія лепш і з большым посьпехам вырашым супольна. Гэтае вырашэньне й дапаможа міжсобку й будзе адной з асноўных мэтаў нашай новапаўсталай арганізацыі.

Бацькаўшчына наша знаходзіцца сяньня ў маскоўска-бальшавіцкай няволі. Народ беларускі стогне ў непасільным ярме маскоўскай калгаснай паншчыны, чужынцы паступова й мэтадычна эксплуатуюць ягоныя матэрыяльныя багацьці й людзкія рэзэрвы. Народ ня мае ніякага голасу ў справах свайго жыцьця й будучыні. За яго й ад імя яго гавораць тыя, што яго прыгнятаюць. Бальшыня нас тут прысутных шмат цярпела пад ціскам нялюдзкай маскоўска-бальшавіцкай бязбожнай сыстэмы й дасканала ведае, ці можа ўяўляць сабе тое жахлівае палажэньне, у якім апынуліся нашы суродзічы на Бацькаўшчыне.

Дзякуючы незалежным ад нас абставінам, знаходзімся мы на гасьціннай ангельскай зямлі й хоць будзёншчына наша - цяжкая, будучыня - цёмная, а сэрцы нашы стала тужаць за Бацькаўшчынай, мы - вольныя людзі. Мы маем адно незаменнае й для жыцьця неабходнае, чаго ня мае паняволены народ наш: вольнасьць слова, рэлігіі, згуртаваньня, прапаганды, прыватнай собскасьці й шмат іншых вольнасьцяў.

Такім чынам, само палажэньне наша накладае на нас вялікія абавязкі. Перш за ўсё, безумоўна, як я ўжо раней успомніў, будзем тут на зьезьдзе радзіць і абмяркоўваць, як дапамагчы самім сабе. Грамадою гэта зробім лягчэй і хутчэй. Але не забываймася аб нашым асноўным абавязку, гэта аб тым, што мы, як згуртаваная ўжо й сільная адзінка, мусім расказаць сьвету аб здзеках над нашым народам, аб ягоным змаганьні за вольнасьць і незалежнасьць, аб тым, што народ не жадае ўлады Масквы, што хоча сам гаспадарыць бяз прымусу крамлёўскіх чыноўнікаў і іхных падхалімаў. Вольны сьвет пра наш народ і ягонае вызвольнае змаганьне ведае мала або й зусім ня чуў. Тут і ёсьць наша асноўнае заданьне: праз нашу грамадзкую й палітычную працу, як тут, у Вялікай Брытаніі, так і ў іншых краінах пасяленьня беларускае эміграцыі, расказаць вольнаму дэмакратычнаму сьвету праўду аб беларускім народзе, ягоным змаганьні, правах дый мабілізаваць яму дапамогу...

Прафэсар Гук гаварыў даволі доўга. І расла, слухаючы яго, першая згуртаваная беларуская грамада ў Вялікай Брытаніі. Расла ўліванымі ў сэрца надзеямі, сьведамасьцю сілы ў супольнасьці і ў рэалізацыі агульных заданьняў і абавязкаў. Расла, будуючы першы, мо й часовы, дом на чужыне, каб спрычыніцца пазьней да пабудовы вольнага агульнанароднага. І рыхтавалася ісьці штурмаваць недаступныя да гэтага часу чужыя ўрады, амбасады, арганізацыі, прэсу, каб несьці праўду пра Беларусь, каб знаёміць чужых і прыхільных зь лёзунгам вызваленьня, каб мабілізаваць паняволеным дома дапамогу. Ставіла першыя вехі на шляху сваім, каб у будучыні не паўтарылася тое, што было ў мінулым, і каб беларускі народ, калі прыйдзе наважальны дзень, меў за межамі вушы, што прыслухоўваліся-б, сэрцы, што спачувалі-б, галасы, што закінулі-б слова, і рукі, што дапамаглі-б.

 

Таронта, 1959-1960

 


1959-1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Акула К. Змагарныя дарогі: Аповесьць. - Таронта-Мюнхен: Выданне аўтара, 1962. - 583 с.?
Падрыхтавана: OCR: Уладзімір Васькоў, Раман Кардонскі