epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Губарэвіч

Пра тыя гады

 

Толькі-толькі сышла з Беларусі крывавая аблога белапольскай акупацыі, і душа спакутаванага народа ўздыхнула шырока і вольна насустрач радасці свабоднага жыцця. Пачаўся ўсяго трэці год беларускай дзяржаўнасці, і трэба было яшчэ шырэй азірнуцца і паглядзець, што мы за народ, з якім набыткам уваходзім у дзяржаўную сям’ю братніх рэспублік. Што страцілі, што збераглі, з чым пойдзем далей?

А збераглі свае песні, звычаі, традыцыі — душу, без якой няма народа. Пра багаты духоўны скарб яго склалі паданні, песні, паэмы Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Максім Багдановіч... Іх творы паклікалі да жыцця новыя парасткі літаратурнай моладзі, зарунела першае пакаленне паслярэвалюцыйных літаратараў. І, бадай, першым з іх заявіў пра сябе малады дукорскі настаўнік Васіль Гарбацэвіч, сёння — ветэран Айчыннай вайны, пісьменнік, заслужаны настаўнік БССР.

З юнацтва ўлюбёны ў народную творчасць, ён піша п’есу «Вяселле», глыбока прасякнутую багатым беларускім вясельным фальклорам, для якога знайшоў надзвычай выразную сцэнічную форму. І сам па сабе беларускі вясельны абрад — дзівосны спектакль са сваёй завязкай, развіццём і кульмінацыяй. Але аўтар не абмежаваўся простай ілюстрацыяй яго ў дзейных асобах, а ўсё падначаліў драматургічнай задуме. У яе аснове тыповая для свайго часу жыццёвая сітуацыя, калі бацькі выдавалі часам дачку за багатага ды нялюбага. У аснове была драма чалавечага лёсу, і вясельны абрад з яго вясёлымі і сумнымі песнямі, музыкай ярка кантраставаў з душэўным станам дзяўчыны.

Гэта ўжо была не інсцэнізацыя абрада, а мастацкі драматургічны твор, які адразу зацікавіў адзіны на той час прафесіянальны тэатр — Беларускі дзяржаўны тэатр (сённяшні Купалаўскі). У 1921 годзе і пачала жыццё першая п’еса Васіля Гарбацэвіча.

На вачах Васіля Гарбацэвіча дымілася кроў шаснаццаці дукорскіх партызанаў-падпольшчыкаў, расстраляных белапалякамі. Як такое можна было забыць ці прапусціць міма сэрца?.. Ён піша драму — першую гераічную драму ў беларускай савецкай драматургіі — аб першых беларускіх партызанах. Гэта пасля ўжо будуць «Лясная быль» Чарота, «Хвоі гамоняць» Вольнага — на экране, «Дрыгва» Коласа — на сцэне, а пакуль — «Чырвоныя кветкі...» Гарбацэвіча. Першая запеўка вялікай, невычарпальнай тэмы беларускай літаратуры і мастацтва і па сённяшні дзень. Ды ці толькі па сённяшні?

Не дзіва, што Беларускі дзяржаўны тэатр адразу ж уключыў «Чырвоныя кветкі Беларусі» ў свой рэпертуар, а часопіс «Полымя» — у чарговы нумар.

Прафесіянальных тэатраў тады яшчэ было мала, і п’еса шырока пайшла ў драматычнай самадзейнасці, якая значна апераджала развіццё прафесіянальных тэатраў. Помню, з якім поспехам праходзіў гэты спектакль у пастаноўцы драмгуртка магілёўскага педтэхнікума (рэжысёрам быў сам В. Гарбацэвіч). Свайго тэатра ў Магілёве тады яшчэ не было, і спектакль неаднаразова паказвалі на сцэне гарадскога тэатра, на клубных сцэнах Магілёва і падшэфных вёсак.

І сучасная крытыка не забывае п’есу. У навуковых працах У. Няфёда, А. Сабалеўскага, Н. Перкіна, С. Пятровіча п’еса неаднойчы даследавалася і аналізавалася. А на сцэнах некаторых народных тэатраў «Чырвоныя кветкі...» не вянуць і па сённяшні дзень.

У 1930 годзе ў Белдзяржвыдавецтве асобным выданнем выйшла п’еса Васіля Гарбацэвіча «Песні нашых дзён». А пісалася ж, пэўна, у 1929 годзе. У першы год калектывізацыі. У самыя гарачыя дні вялікага пералому, калі ўсё яшчэ было так востра, супярэчліва... Нават сёння, калі прайшло больш чым паўвека, не кожнаму пісьменніку пад сілу ўзняцца над абсягам тых падзей і дзён, што ж хацець ад пісьменніка, які знаходзіўся ў самым віры іх... А Васіль Гарбацэвіч быў захоплены і паланёны тым вірам, пісаў па гарачым следзе падзей, пра тое, што сам перажыў і на свае вочы бачыў.

Канечне, у віры падзей не ўсё відаць, але аўтар убачыў, як агалілася класавая прырода кулацтва, як цяжка было самому селяніну пераадолець псіхалагічны бар’ер аднаасобніка. А на першым этапе калектывізацыі гэты бар’ер быў, бадай, з самых цяжкіх — і аб гэтым п’еса. Яна ішла ў асноўным на самадзейнай сцэне, бо тагачасны прафесіянальны тэатр, як вядома, не адразу асмеліўся рашаць тэму калектывізацыі. Але ў беларускай драматургіі п’еса Васіля Гарбацэвіча таксама была першай ластаўкай на гэтую тэму.

За што яшчэ можна падзякаваць аўтару зборніка, дык гэта за драматычны абразок «Яраслаўскі вечар». Ён дарагі не столькі, можа, як мастацкі твор, а як літаратурны дакумент пра Максіма Багдановіча. Жыццё Гарбацэвіча ў маладосці склалася так, што ў гады імперыялістычнай вайны ён апынуўся ў Яраслаўлі, дзе на тым часе жыў і вучыўся Максім Багдановіч. Яны пазнаёміліся, сустракаліся, успаміналі сваю Беларусь. Пра адну такую сустрэчу і літаратурны вечар з удзелам Багдановіча і напісаў Васіль Гарбацэвіч амаль з дакументальнай дакладнасцю гэты драматычны абразок.

Пісьменнік пісаў пра тое, што сам бачыў, перажыў. Вобразы яго твораў жывіліся рэальнай рэчаіснасцю у пэўнай меры роднай Дукоркі, лёсам яе людзей, блізкіх і дарагіх яму. Ён хацеў ведаць не толькі іх сённяшняе жыццё, а і як жылі іх бацькі, дзяды і прадзеды. Далёкая мінуўшчына Дукоркі. Яна не забылася. Даволі было зірнуць на мясціну ля парку, дзе калісьці ўзвышаўся палац дукорскага пана Лявона Ашторпа, каб народная памяць перагарнула самыя чорныя старонкі мясцовай гісторыі. Вывучаючы дакументы, успаміны, былі і паданні пра жорсткага, крывавага абшарніка, Васіль Гарбацэвіч надаў той гісторыі форму драматычнага твора, назваўшы яго «Максім Саравітан» па імю галоўнага героя п’есы, кіраўніка сялянскага паўстання.

П’есы гэтага зборніка напісаны даўно. Яны належаць свайму часу, тагачаснай эстэтыцы, тагачаснаму ўзроўню беларускай драматургіі, калі мець на ўвазе не класікаў нашай літаратуры, а маладых драматургаў.

П’есы Васіля Гарбацэвіча, як і п’есы Галубка, Васіля Шашалевіча і некаторых іншых драматургаў,— першыя старонкі маладой беларускай савецкай драматургіі. Нам, сённяшнім драматургам, нельга забываць, што і з чаго пачалося. Таму вельмі ашчадна і ўважліва трэба паставіцца да драматургічнай спадчыны 20-х гадоў і выдаць яе ці то асобнымі зборнікамі, ці анталогіяй. Пры захаванні яе тагачаснай адметнасці, хоць яна, можа, і не ва ўсім будзе адпавядаць нашым сённяшнім крытэрыям. Але гэта — наша гісторыя, і яе трэба шанаваць.

 


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбацэвіч В. Чырвоныя кветкі Беларусі (п'есы). Мінск, «Мастацкая літаратура», 1983. - 192 с.
Крыніца: скан