Кастусь Каліноўскі

Мужыцкая праўда, №2

Дзецюкі!

Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў адзінакую душу, так скуль жа гэта ўзялося, што адзін марнуе да і над людзьмі збыткуе, а другі, бедны, паншчыну служыць альбо аброкі ў казну плаціць?

Кожны па-свойму талкуе, на сваю старану цягне. Цар кажа, што ён добра нам думае, а паны кажуць, што яны добра думаюць нам зрабіці, а мужык бедны ад іх дабросці як прападаў, так і прападае.

Каб расталкаваць людзям, у чом праўда, я пішу пісьмо, а пісаці буду, як Бог і сумленне кажа — вы адно мяне, такога самага мужыка, як і вы, паслухайце добра.

Быў то калісьці народ наш вольны і багаты. Не помняць гэтага нашыя бацькі і дзяды, но я вычытаў у старых ксёнжках, што так калісьці бывала. Паншчыны тагды ніякай не было. І няма чаго таму дзіваваціся, бо было лесу шмат, поля колька хочаш, а людзей то мала, так нашто ж служыць паншчыну за зямлю, калі кожны мог лесу выцерабіць, хату сабе паставіць і меці сваё поле.

Но ў суседстве з намі жыў Немец і Маскаль. Аднаму і другому багацтва нашае калола ў очы — каб іх так колька схапіла, да і хацелі нас сагнаць з нашай бацькаўшчыны. Трэба было бараніціся, так Кароль кажа - "хадзем бараніці", а тут не ўсе ідуць, да і мала нашых пайшло. Выгналі то Маскаля і Немца — но каб жэнкі да і дзеці гэтых, што хадзілі на вайну, мелі за чым пражыці, так Кароль наш і напісаў такое права: "Гэтыя, што не хочуць ісці бараніці сваей зямлі, няхай абрабляюць поле гэтым, што б’юцца за вольнасць і шчасце ўсіх".І гэтак было доўга: адне баранілі краю, усё хадзілі па войнах, а другія то гаралі, то сеялі, то касілі, то жалі. З гэтуль то і ўзялася гэта паншчына. Судзеце ж цяпер самі, чы можна было зрабіці справядлівей, як зрабіў калісьці наш Кароль Польскі да і Літоўскі? Но калі Маскаль з Немцам хітрасцею нас падбіў і пайшоў ронд маскоўскі, так і ўсё зрабілася па-чартоўску. Стаў зараз маскаль свой ронд уводзіць у нашым краю і кажа: "Мужык, давай рэкрута, мужык, давай падаткі, да і паншчыну яшчэ служы альбо плаці аброк у казну!" Так якая ж тут ужэ справядлівасць, калі ўсенька, што цяжка, зваляюць на мужыка, калі з яго дзяруць астатню шкуру, б’юць і плакаць не даюць! Ачунялі то былі мужыкі, угледзелі, што кепска, дай давай бунтаваціся пад Касьцюшкаю, а Касьцюшка то кажа: "Калі мужыкі хочуць ужэ самі бараніці сваю зямлю, так няхай жа не служаць паншчыны дый не плацяць у казну аброку за зямлю". От гэта так справядлівасць! Но што ж, калі маскаль спыніў Маніхвэст Касьцюшкі, каб не пабунтаваў усіх мужыкоў. Для таго-то і пабілі маскале Касьцюшку, бо каб мужыкі ўсе разам былі збунтаваліся і ўхапілі за сакеры, нажы і косы, так бы маскаль мусіў бы прапасці без паўстаня і мы на век вякаў ужэ былі бы вольныя.

Так з гэтага пісьма і відна: што мужыкі панскія і казённыя не павінні плаціць ані чыншу паном, ані аброку ў казну за зямлю, бо гэта зямля да нас належыць; но калі будзе вайна з маскалём за нашу вольнасць, то той час трэба ўсім ісці на вайну проціў маскаля. А то для таго, каб хутчэй прагнаць маскаля з яго сабачым рондам, і каб ніколі, ніякай нікому мужыкі паншчыны не служылі і ніякага ў казну аброку не плацілі, і каб на век вякоў народ наш быў вольны і шчаслівы. А калі вас хто будзе падмаўляць рабіці іначай: чы то спраўнік, чы то акружны, чы то лапсэсар, чы то пан, то вы яго не слухайце, бо то пэўна ашуканства, што за царскія альбо панскія грошы вечнай вашай згубы хоча!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com