epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Каліноўскі

Мужыцкая праўда, №3

Дзецюкі!

Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, но мала хто добра падумаў, чы можна ад яго спадзяваціся чаго-лень для нас альбо для дзяцей нашых? Я, дзецюкі, лепш знаючы ад вас, уздумаў напісаці пісьмо, каб не маглі туманіць розуму вашага. Для таго чытайце з увагаю, а як перачытаеце, давайце да другой вёскі.

Чалавек то такую мае натуру, што альбо нічога не ведае і нічога меці не хоча, альбо калі даведаецца, то хоча зразумеці добра і дастаці ўсенька, што яму належыць. Гэта вялікая праўда. От яшчэ нядаўна гаварылі нашыя, што яны створаны для таго, каб служылі паншчыну і былі нявольнікамі, а гаварылі для таго, што нічога не ведалі і нічога меці не хацелі,- а чы сягодня гэтак скажуць, калі ўжэ ведаюць многа і многа хочуць? Сягодня ўсе ўжэ паразумнелі, усе ўжэ мужыкі талкуюць, што Бог стварыў чалавека, каб ён карыставаў з вольнасці справядлівай, і смяюцца, як гэта маглі інак думаці. Гэта права, што народ робіцца разумнейшым, выходзіць ад самога Бога, а хто яму схоча спраціўляціся, таго альбо сам Бог, альбо народ па прыказу Боскаму з зямлёю змяшае!

Вы, дзецюкі, пэўне, вельмі цікавыя, скуль жа гэта народ так паразумнеў? Я вам скажу, скуль гэта.

Калі Пранцуз пад Свістаполем заўсім пабіў маскаля, то для таго, каб маскаль не меў сілы і грошы, прыказаў народаві даці вольнасць, не браць рэкрутаў і вялікіх падаткаў. Маскаль згадзіўся на гэта, бо думаў, што народ дурны і патрапіць яго ашукаці! Ён то хацеў адно перамяніць няволю, но, бачу, вельмі ашукаўся, бо хаця нам ронд маскоўскі нічога ў шэсць лет не зрабіў, но мы як пачулі, што і мужык можа быць вольны, так пачалі пытаціся ў людзей разумнейшых і талкаваці паміж сабою, аж зразумелі, што то вольнасць значыць. От скуль гэта ўзялося, што народ паразумнеў. Мы сягодня ўсе ўжэ ведаем, што чалавек вольны, гэта калі мае кусок сваей зямлі, за катору ані чыншу і аброку не плаціць, ані паншчыны не служыць,- калі плаціць малыя падаткі, і то не на царскія стайні, псярні і курвы, а на патрэбу цэлага народу,- калі не ідзе ў рэкруты чорт ведае гдзе, а ідзе бараніці свайго краю тагды толька, калі які непрыяцель надыдзе,- калі робіць усенька, што спадабае і што не крыўдзіць бліжняга і хвалы боскай,- і калі вызнае тую веру, якую вызнавалі яго бацькі, дзяды, прадзеды. От што вольнасць значыць. Сягодня то ронд маскоўскі нас не атуманіць, бо мы цяпер не такія дурныя, як былі ўперад, і пазналі, што нам не маніхвэстаў царскіх, а вольнасці патрэба.

Маскаль то хітры, ён-то, дзецюкі, хоча, каб не даці ничога, а народ думаў, што ўжэ мае ўсё як належыць. Не мерыўшы, судзеце хаця з гэтага а яго хітрасці. Два рокі ўжэ таму, калі яшчэ ніякіх маніхвэстаў а вольнасці не аб’яўлялі, народ у Пецярбургу, Маскве і па цэлай Расеі пачаў вельмі крычаці, што калі ронд не дасць яму вольнасці, то ён цэлаю грамадою 19 фэвраля збунтуецца. Тагды цар, бачу, збаяўся і вялеў сэнатаві з’ехаціся, а народаві аб’явіць, што ў посце вольнасць дастане. Народ дурны паверыў да і разышоўся, а цар, з сэнатам паталкаваўшы, як мінула трывога, так і аб’явіў у мейсцу вольнасці маніхвэст, а ў маніхвэсце прыказвае мужыкам служыць да часу паншчыну па-старому, а па-новаму заплаціць больш грошай у казну на пісараў, пасрэднікаў да і чорт іх ведае на што. Судзеце ж цяпер самі, чы ж не ашуківаюць нас?

Но не надоўга здасца ім круцельства, бо, як я казаў, мы ўжэ пазналі, што нам не маніхвэстаў, а вольнасці патрэба - і то вольнасці не такой, якую нам цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо. А для таго, дзецюкі, каб ніхто вас не мог ашукаці, цяпер ужэ талкуйце паміж сабою, якой вам вольнасці патрэба і якім адно спосабам мужык яе дастаць можа. Толька, дзецюкі, смела, бо з намі Бог і праўда, а калі мы з Богам, то з намі ваяваці трудна, бо боска моц вяліка, а народу многа.

Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толька жне, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою — не шкадуйце працы,— каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюськам свеце. Бог нам дапаможа!!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

 


верасень 1862

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая