Кастусь Каліноўскі

Мужыцкая праўда, №4

Дзецюкі!

Няма і куска зямлі на свеце, каб людзі былі адзін у другога ўсё добрыя, не хацелі жыці з крыўдаю свайго бліжняга. Для таго, каб была справядлівасць і праўда на свеце, а злыя людзі не збыткавалі і крыўды другім не рабілі, е ронд, што бярэ падаткі, робіць школы, наўчае кажнага, каб жыў па праўдзе, становіць суд; а калі гэта не памагае і робіцца несправядлівасць, то наймае войска і так сцеражэ кажнага ад ліха і здзерства. От на што ронд патрэбны. І як добры слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіці так, як народаві лепей. І не дзіва, бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу.

Гэтак, дзецюкі, робіцца на цалюськам свеце. А калі за граніцаю, чы то ў Пранцуза, чы ў Англічаніна, народ спагадае рондаві, то для таго, што ронд слухае народу і робіць так, каб народ быў багаты і шчаслівы.

А ў нас, дзецюкі, чы гэтак? Чы ў нас е справядлівая наука ў школах, што учыць жыці без крыўды другога? Чы е праўда і справядлівасць у судзе? Чы можа чалавек быць пэўны, што яго ніхто не скрыўдзіць? Чы ронд маскоўскі думае аб людзях, каб яны маглі жыці шчасліве? Самі скажэце.

У нас, дзецюкі, адно учаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе заўсім перарабіці на маскаля. Суды маскоўскія — гэта воўчая яма, гдзе не разбіраюць, чы за табою праўда, чы не, а скубуць адно як могуць. Бяспечнасці пад маскалём ніякай няма, хто дужшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кажнага ад злых людзей і ад глуму, а для таго, каб не пазволіць народаві і застанаць, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы. Ронд маскоўскі, як той ліхі пан, што, пачаўшы ад камісара аж да цівуна, пазваляе кажнаму народ глуміці, каб адно як найбольш грошай у кішэнь яго дасталася. Ронд маскоўскі, дзецюкі, не так робіць, як рабіці трэба, не думае, каб палегчыць народаві, а вымышляе адно спосабы, як абадраці і заўсім людзей зглуміці.

Чаму гэтак робіцца пад рондам маскоўскім, я вам скажу — вы адно мяне паслухайце.

Ронд — гэта заўсім так сама, як чалавек. І як чалавек мае галаву на тое, каб думаў, а рукі і ногі, каб зрабіў так, як задумаў, так ронд мае цара, каб рондзіў, а чыноўнікаў па ўсіх местах і мястэчках, каб рабілі, як цар захоча. Для таго як галава ў чалавека калі задумае кепскае, то ногі і рукі кепскае зробяць, так у рондзе, калі цар глуму захоча, то чыноўнікі глуму наробяць. А з гэтага то і відаць, што здзерства, якое ў нас вычаўпляюць, то не для таго робіцца, што ў нашым краю няма людзей, здатных на чыноўнікаў, гатовых і жыццё сваё аддаці для народу, а для таго, што цар гэтакіх людзей у Сыбір высылае, а за нашыя грошы назначае чыноўнікамі гэтых, што адно самі людзей глумяць, другім глуміці пазваляюць і Бога не баяцца. Гэтакі чыноўнік не давядзе ўжэ да розуму — ён, калі і няма прыказу цара, то сам выдумае спосаб, як абадраці бедны народ. І гдзе ж тут шукаці праўды?

Так з гэтага пісьма і відна, што глум, здзерства і несправядлівасць выходзяць ад самаго цара — ён-то з нас выбірае войска, ён-то з нас выдзірае грошы нібы на патрэбу народа, а узяўшыся за ўсімі гыцлямі за рукі, адно нас цяменжыць, трымае ў няволі. Но прыходзіць яму ўжэ канец, бо мужык пачуў вольнасць, а мужыцкая вольнасць — гэта ўсё роўна, што шубеніца для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народу! Для таго-то цар спыняе вольнасць мужыцкую і спыняці будзе, для таго-то калі ў паноў сто раз пытаў, якую яны хочуць даці вольнасць мужыкам, у мужыкоў і разу не спытаў, якой яны хочуць вольнасці. Ён знае, якая-то вольнасць мужыцкая, ён ведае, што наш мужык хоча, каб ніхто не смеў драці з нікога — і для таго як мы яго ронду, так ён нашай вольнасці баіцца.

Дзяры з нас, цар, дзярэце з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры, но памятайце, што і на нас прыйдзе пара, памятайце, што калі мужык разгуляецца, то, як свет шырокі, кроў ваша пальецца!!!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com