Кастусь Каліноўскі

Мужыцкая праўда, №5

Дзецюкі!

Мала таго, што з мужыка дзяруць на ўсякія падаткі астатню кашулю, мала таго, што ніколі не можаш дабіціся да куска хлеба, а ўсё, што заробіш, аддаці мусіш чорт ведае каму і чорт ведае на што, мала таго, кажу, што жыццё нашае горша сабачага,— но скажэце, мае міленькія, чы есць паміж намі хто-лень, каб не аплаківаў яшчэ альбо свайго сына, альбо свайго брата, альбо свайго мужа, што цар забраў яго ў рэкруты да і загнаў чорт ведае гдзе? Працуе бацька цяжка на дзецеткі свае, гадуе маці сына, ночанькі не спіць, а цар, сабача яго вера, як гэты воўк, закраўшыся, вяліць лавіці, у дыбы скуці і гнаці ад радні далёка. А маскоўскае жыццё — горка ўжэ доля. Забыці там трэба, што есць у нас наша бацькаўшчына, што есць у нас наша радня, а аддаці жыццё не за дабро і шчасце ўсіх, а за ліха і вечну няволю нашых братоў. Гэтакага ліха, дзецючкі, і скаціна не знае, а вы, мае міленькія, пэўне, і не падумалі, скуль яно на нас навязалася, чы гатак было за нашых дзядоў і прадзедаў і чы гэтак мусіць быці? Усё гэта я вам расталкую, а хто мае праўду ў сэрцы і дабра хоча, той мяне паслухае. Помняць яшчэ нашыя дзяды, паказываюць яны, што за іх часоў мужыкі рэкрута і не зналі. Было войска, то праўда, но войска польскае ўсё было зэ шляхты, а калі мужыкі часамі захацелі ісці на вайну, так зараз з іх знімалі мужыцтва, да і паншчыну, давалі зямлю, а ўсю вёску рабілі шляхтаю. Стуль-то ў нас і парабіліся гэтыя аколіцы шляхецкія. Так за тое, што чалавек шоў на вайну, бараніў сваю бацькаўшчыну, то ронд польскі даваў зямлю, даваў вольнасць, даваў шляхетства,- а маскаль чы гэтак робіць? За тое, што мы яму 25 лет на войнах служымо без людской стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхетства, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, мог, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці. Праслужыўшы 25 лет, да і торбу ўзяўшы, ідзі жабраваці! А што граху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалеві, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе пранцуз даваці вольнасць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасць і веру, а мы-то даемо рэкрута і нашымі грудзьмі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты і запрагае нас усіх у вечную няволю. Таго, хто нам добра думае, мы выганяем, таму, хто нам ліха робіць, мы памагаем,- і чы ж не грэшна перад Богам, а не стыдна перад цэлым светам - самі скажэце? Праўда, што мы былі дурныя і, як гэтыя авечкі, нічога не зналі, но, здаецца, пара ўжэ паразумнець, угледзець праўду. Вы ведаеце, дзецюкі, добра, што пранцуз прыказаў не даваці ўжэ больш маскалеві рэкрута, для таго, калі цар захоча ўзяці, так, цэлымі грамадамі згаварыўшыся, нігдзе яму не давайце. Ён цяпер хоча ўзяці 5 з тысяча, но як мы яму дамо 5, то ён пазней захоча ўзяці 10, і зноў пойдзе па-старому. Цяпер мы яму аддамо гыцляў, но пазней трэба будзе аддаці і сваіх сыноў. Так для таго, дзецюкі, талкуйце добра і не давайцеся ашуківаць. За мужыцкую крыўду стойце смела, усе разам, і калі хто захоча крыўдзіць вас, выцягаці рэкрута, то хто бы ён ні быў, чы то старшына, чы акружны, чы хоць сам губэрнатар, то вы яго таўчэце мужыцкаю рукою, а будзе вольнасць і рэкрута не будзе, і Бог нам дапаможа! Так, дзецюкі, па дабросці да ладу не дойдзем!

Яська-гаспадар з-пад Вільні

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com