Ах, людзі, што з вамі — вам сумна ці весела
Ракеты ў руках у вас, зорны маршрут.
А вам —
першабытнага хочацца крэсіва.
Як супернавінку,
шукаеце трут.
Вякі шліфавалі галовы Сакратавы.
Святлелі, вышэлі, пацеючы, лбы.
А нас
захліснула
паводка патлатая.
Стаім перад ёю, няйначай рабы...
Ах, людзі, паверце, і я з вамі плакаў бы
Ці з радасцю біў бы ў кімвалы і медзь.
Пайшоў бы я з вамі,
напэўна,
на ўсякае,
Каб толькі вас мог хоць на міг зразумець.
Што з вамі, што з вамі?
Ці вы напалоханы
Той бурай адкрыццяў, што рвецца ў наш час?
Ці вы так зжыліся
з адкрыццяў эпохаю,
Што ў сэрцах і след ад здзіўлення пагас?
Ці, можа, стаміліся?.. Поплеч з героямі,
Падумалі, пройдзе шляхі не любы...
А можа, хоць кожны на вечнасць настроены,
Хтось бача яе без адвечнай сяўбы?..
Стаю, нібы з Марса зляцеўшы, пытаюся,
Як быццам не з вамі грашыў і пасціў.
І нават зусім не заўважыў
(пакаюся!),
Як грыву па плечы і сам адрасціў.
1974