Ад Праметэя,
Ад першай успышкі агнёвай,
Праз нягоды і буры,
Праз бясконцых стагоддзяў сутонь,
Прабіваўся наказ —
Спаконвечнае ўладнае слова:
— Сейце, людзі, агонь,
Сейце мужнае праўды агонь!
Ад Праметэя,
Ад першай за праўду пакуты,
Людзі ў бурах суровых
Гартаваліся праўды агнём.
Не спыніла нішто іх:
Ні навалы, ні здзекі, ні путы,
І таму мы жывём,
Вось на гэтай зямлі і жывём.
Край мой любы,
Нашчадак зямлі Праметэя,
Дай жа сілы і мне —
Без прыстання, заўжды, да канца —
Сеяць праўды агонь,
Спаконвечную праўдзіць падзею,
Што агонь той — нязгасны,
Які ўзыдзе
ад праўды сяўца...