Яшчэ гарэлі, быццам зоркі,
Маланкі-кветкі ля дарог,
Цвілі тапорыкі на ўзгорках,
І васілёк красу бярог;
Яшчэ пад сонцам
бор сасновы
Жывіцай дыхаў з-пад кары,
І захад сонца быў барвовы,
І быў ружовы лік зары:
Яшчэ начамі
рэчку у зорах
Будзілі плёскатам самы,—
Калі стары вандроўнік-жораў
Пачуў пагрозны дых зімы.
Ён чуў яго
у шуме хваляў,
Што ўсё цямнелі дзень ад дня,
У тым, як ветры хмары гналі,
У злосным зыку авадня;
Ён чуў яго
ў цішы іржышча,
У крыку кані па лясах,
У тым, як сумны зяблік свішча,
Як цяжка падае раса.
Лісток альховы на залужжы,
Травінка кожная яму
Шапталі з смуткам:
— Чуем сцюжу,
Гэй, жораў, чуем мы зіму.
А дні ляцелі. Жораў пільна
Сачыў за зменамі ў жыцці
Ды спрабаваў
на дужасць крыллі
Над журавінамі ў трысці.
Вось і агністае убранне
Скідае лес сярод балот.
Пара!
І крыкам на світанні
Ён абудзіў увесь свой род.
— Гэй, дзеці, кланяйцеся гэтым
Барам, азёрам і лугам,
Што ў дні вясны і цёплым летам
Прытулак свой давалі нам.
Прыйшла пара ляцець за мора.
Скажыце ж дзякуй вы
зямлі,
Руччам сцюдзёным, сонцу, зорам,
Дзе мы без крыўды пражылі...
І ўвесь род ціхі жураўліны
За важаком падняў крылы,
І пакланіўся журавінам,
І праспяваў:
— Курлы-курлы!
Калі ж разліўся ў роднай шыры
Сцюдзёным сполахам усход,
Ужо над пожнямі
у вырай
Вандроўнік-жораў вёў свой род.
Плывуць пад імі лес, даліны.
Далей, далей —
а ўсё відаць:
На дзюбах птахаў журавіны
Пад сонцам восеньскім гараць.
1946