Ад'язджаюць хлопцы ў шлях далёкі.
Ім гучаць сябровак галасы:
— Вы ж там не сядзіце, вы ж прышліце
Новыя свае нам адрасы.
А цягнік дае сігнал. Бывайце!
Адрасы? Адзін ён: сіні Дон.
Так вось і пішыце, калі толькі
Нашых не забудзеце імён.
— Сіні Дон... А пісьмы вас ці знойдуць?
Гэта ж не калгас, не сельсавет...
— Знойдуць, верце! Знойдуць, калі б нават
Вы паслалі іх у цэлы свет!
Будзем мы такімі між усімі,
Каб нас ведаў кожны чалавек,
Каб ваш почырк зналі — пазнавалі
Паштальёны ўсіх зямель і рэк!
1951