Цымбалы ды скрыпкі,
Баян ды гармонік стары,
Жалейка-прабабка
Ды бубен з дзядоўскай пары.
Электрык, даярка,
Цясляр, брыгадзір, аграном.
Ды цётка Марылька
На пару з музыкам-сынком.
Як выйдуць на сцэну,
Зайграюць з задум векавых —
Аж сэрца ўзвіецца,
Аж радасцю зоймецца дых.
Яднаюцца душы
Наплывам красы ў цішыні —
То сказам пра даўнасць,
То думай пра новыя дні.
Ах, што за музыкі,
Ну, што ні ігрэц — то мастак!
Крычыць уся зала:
— Цымбаль нам, цымбаль нам,
дружбак!..
Цымбалілі, гралі,
Ад сэрца ўслаўлялі жыццё.
Шторазу нанова
Ў ясноты вялі пачуццё.
Ды нехта аднойчы
Прынёс ім — такі, маўляў, час! —
Удар-устаноўку
Й гітару са струнамі «бас».
Ансамбль увесь талент
Напружваў — нарэшце прывык:
Па нотах мадэрных
Уцёгся ў мадэрнавы шык.
І вынес, нарэшце,
На суд свой мадэрнавы цуд —
Зайграў, зацымбаліў,
І здзіўлена войкнуў наш люд.
Аж нудзяцца цёткі,
Аж з месца ўстаюць юнакі:
Музыкі ўсе тыя ж,
Ды нейкі ж ансамбль не такі.
Грукоча, ды пнецца,
Ды нешта з чымсь хоча звязаць...
І сэрцы людскія...
Ну чым ім
яму адказаць?..
1974