Я напісаў табе пісьмо
Яшчэ вясной зялёнай,
А толькі сёння аддаю
У рукі паштальёну.
Я аддаю і не прашу,
Каб ён спяшаўся з поштай.
Цябе ўсё роўна не вярнуць,
А снамі жыць навошта?
Далёка, недзе за Дняпром,
На магілёўскіх лядах,
Ляжыць маленькі груд зямлі
Пад гільзай ад снарада.
Убрала восень навакол
Палі і луг страката.
І не знайсці маім лістам
Прытулку адрасата.
Паходзяць, сумныя, яны
Па ўсёй зямлі і з жалем
Калісьці вернуцца назад,
Туды, дзе казкай сталі.
Я пакладу іх у кішэнь,
Душа замрэ на хвілю.
Але прыпомняцца шляхі,
Дзе мы ў баі хадзілі.
І я ізноў паверу снам,
Што ты ажыў,— паверу.
І ў белы свет
Цябе вітаць
Пашлю лісток паперы.
Так, я пісаў сваё пісьмо
Яшчэ вясной зялёнай.
А толькі сёння аддаю
У рукі паштальёну.
1945