Стаеннік лёгка выскачыць з двара
І ля бяроз пакіне пошчак звонкі.
А пошчак рэхам стане і ў барах
З самім сабою пойдзе наўздагонкі.
Яго пачуюць гусі ля балот,
І здасца ім, што гэта кліч з Егіпта:
— Пара, пара вам, шэрыя, ў палёт
Да цёплых рэк, да стройных эўкаліптаў.
Гусак расправіць крыллі.
Што ж, гайда?
Але ў куп'і угледзіць журавіны,
І раптам сэрца сціснецца: шкада,
Шкада закутак гэтакі пакінуць.
Ён крыкне сумна, аж лісцё з крушын
На дол пасыплецца, а вецер з жаху
Наўцёкі кінецца і ля шашы,
Дзе дом стаіць, напорацца на бляху.
Адтуль спаўзе, на выцвілай мяжы
Пакруціцца ды стукне ў аканіцы:
— Гэй, гаспадар руплівы, адкажы,
Якое цуда табе ўранак сніцца?
І, бы ў адказ, пачуе скрып варот.
Юнак прад ім трывожна крыкне:
— Ко-сю!
Падковаў звон, і рэха ля балот,
І кліч хлапца сальюцца ў сугалоссе.
1945