Вачаняткі — васілёк,
А валосікі — лянок,—
От такая ў бабкі ўнучка —
Бабчына памочніца.
Ледзьве ранічкай прачнецца,—
Хопіць звонкае вядзерца
І да студні —
скокам-скок! —
Бабчына памочніца.
Курак беленькіх напоіць,
Куранятак супакоіць:
— Не сумуйце, тут я, тут!..—
Кажа ім памочніца.
Толькі пеўніка як быццам
Іншым разам забаіцца,—
Не спяшае падступіцца
Да яго
Памочніца.
Стане ліць яму вады,
А той раптам:
— Куд-куды! —
І стаіць прад ім нясмела
Бабчына памочніца...
Пеўнік, мусіць, знае гэта,
Бо ўзлятае на штыкеты
Ды крычыць адтуль:
— Не бойся,
Будзь смялей, памочніца!
— Ко-ко-ко*! Ку-ка-рэ-ку*!
Я любога засяку
За цябе, сяброўку нашу
І для ўсіх памочніцу!..
1986