На сцежцы, між дацвіўшых кветак,
Твой след відаць яшчэ дагэтуль.
Яго і ліўні не размылі,
І вецер не зацёр суровы,
А сёння ціха закружылі
Над ім агні лістоў кляновых.
Ляцяць лісты з трывожным звонам.
Па ўсіх прыкметах — гэта восень...
А мне ўсё бачыцца зялёны
Лес, закаханы ў неба просінь.
Твой след відаць — і хіба ўтоіць
Зямля вясну ад успамінаў?..
Над задуменнаю ракою
Плыве, іскрыцца павуціна.
І толькі раптам дакранецца
Яна да рук, як зноў адчую,
Што сэрца, хоць трывожней б’ецца,—
Ўсё беражэ цябе такую,
Якою бегла тут па росах
Басонаж, з песняй, на спатканне...
З тых дзён
цвітуць мне ўсе нябёсы
Агнямі шчырага кахання...
1950