Распусціўшы хвост трубою,
З горда ўзнятай галавою,
Хоць і ўпэцкаў ногі ў гразь,
Ходзіць важна, нібы князь,
Ды любуецца сабою:
— Ось які я хвацкі, гожы,
Самы дужы і прыгожы!
Ось які я, докі-дык,
Не абы-хто, а — індык!
— Ах, і што ж бо тут такога?
Што такога?..— ад парога
Падымаюць качкі крык.—
Хоць надзьмуты твой кадык,
Што з таго, што ты індык?
Чым ляпейшы ты ў бабулі?
Толькі ходзіш — докі-гулі,
Ды глядзіш, каб ад стала
Больш за ўсіх
табе дала!..
А што ўмееш ты, лайдак?
Хоць, як мы, крычаў бы так!..
І курыная чародка,
Што піла ваду са сподка,
Не ўцярпела...
— Кок-ко-кок!..
Скокнуў пеўнік-певунок. —
Праўда, качкі! Даўся ў знакі
Ён хвальбою задавакі,
Зіркам кожнага пратне...
А чым лепш ён за мяне?..
— Так, так! Праўда!..
Ко-ко!.. Ко-ку!.. —
Закрычалі куры збоку.—
Знаем з першага дзянька:
Многа пыхі ў індыка!..
І курыны, і качыны
Не сціхаў запал птушыны.
Гэткі ўзняўся тлум і крык,
Ажно ходу даў індык...
Гэта ўбачыла бабуля
Ды сказала: — Эйш, шумнулі!..
Ціха, ціха, забіякі!
Для мяне вы ўсе — аднакі!..—
А пасля —
да ўнучкі Светкі:
— Там ёсць крупкі пад паветкай,
Сыпані-ка ім сюды...
Ды налі пайдзі вады...
Ды бульбінак
трохі ўкінь...
Хай есць кожны... не адзін...
Светка выбегла таропка,
Сыпанула круп чаропкай,
Затым выставіла ў кадках
Вады, бульбы па парадку...
І гукнула:
— Раз, два, тры!..
Што тут сталася, сябры!..
Качкі, пеўні, і чубаткі,
І гусак, як слівень, гладкі,
Што прыбег сюды на крык,
Ды і самы той індык,
З-за якога тлум учнуўся
Ды што раптам — бач — вярнуўся
Ўсе сям’ёй адной, заўсёднай,
Дружна, весела і згодна
Ля паветкі так шчыруюць,
Што — нічогачкі не чуюць...
І не чуюць, і не бачаць,
Як з пяшчотаю, няйначай,
Стала тут, бы ў каравуле,
Гаспадыня іх — бабуля.
За іх гуртам назірае
Ды, як родным, прамаўляе:
— Ешце, дзеткі! Ешце з мірам!
Трэба жыць заўсёды шчыра!
Каб дабрэлі ўсцяж другія...
— Ешце, ешце, дарагія!..
І з любоўю ў кожным слоўцы —
Светку
гладзіць па галоўцы...
1985