У поўнач,
калі ўвесь горад заціх
І вочы
хіліла на сон,
Нечакана,
гулка ўварваўшыся ў слых,
Зазваніў мой тэлефон.
— Алё! — крычала трубка.— Алё!
На Сажы
сышоў ужо лёд.
Заўтра
да нашых грабскіх палёў
Першы ідзе параход!..
Я не пытаўся, хто звоніць.
Сам
Ведаў усё да драбніц.
Напэўна, патрэбны я сёння палям,
Дзе працай вясна звініць.
Інакш — не сталі б званіць,
Не сталі б званіць.
*
Я не здзівіў трактарыстаў-сяброў,
Што гэтак хутка прыбыў.
З юнацтва
палі і гул трактароў
Я шчырым сэрцам любіў.
І ўжо калі выпаў лёс мне такі,
Што жыць без турбот не магу,
Дарэшты вам аддаю, дружбакі,
Усё, што, як скарб, берагу.
Бярыце і сэрца, і думкі мае!
Няхай зарунее прасцяг,
Няхай ярына хутчэй устае
На родных ясных палях.
Каб выйшла ў колас
пшаніца, як звон,
Каб бульба сопкай была,
Каб сінім поясам
родны загон
Ільноў шырыня апляла!
*
Была вясна,
а дні прайшлі
І не заўважылі — як.
Пад трактарам на вільготнай зямлі
Нас не чапаў скразняк.
Я бачыў,
як жаўранак
спіць на назе,
Баючыся зару праспаць.
І мы, трактарысты, з ім па чарзе
Да сонца ўмелі ўставаць.
Парэпаных рук мне сваіх не пазнаць,
Але затое, сябры,
Якая радасць —
жыць, працаваць,
Сэрца песням дарыць.
Не ціхнуў
працы прызыўны звон.
І па-інакшаму тут
Няспынна
званіў, грымеў тэлефон,
Кожны збуджаючы кут.
*
Я з Мінскам не бачыўся
столькі ўжо дзён!
Напэўна,
вуліцы ўсе
За гэты час
заліты ў бетон
І плошчы ў новай красе;
Цудоўныя выйшлі кнігі ў свет,
Даў новы спектакль тэатр,
Паэму стварыў
мой любімы паэт,
Пасаджан
над Свіслаччу сад.
Я еду ў Мінск. А ён, сябры,
Заўсёды ў імклівым жыцці,
Расстанься на дзень з ім —
спатрэбіцца тры,
Каб з новым
сувязь знайсці.
Нямала, я ведаю, часу аддам,
Каб горад нанова пазнаць.
І ўсё ж я кажу трактарыстам-сябрам:
— Не трэба, не трэба чакаць!
Званіце мне, хлопцы,
заўжды і заўжды,
Любы тэлефонны званок
Прыму як загад
з’явіцца туды,
Дзе чуецца радасці крок.
Заўсёды гатовы дарожны багаж
Вазьму — ён не змуліць плячэй:
Любімую кнігу, блакнот, карандаш —
І ў шлях, на заклік хутчэй.
Хачу, каб мне
званілі заўжды
З усёй Радзімы маёй,
Каб нават карэйскія гарады
Гутарылі са мной,
Каб брацкай парады прасілі ў мяне
Іспанскія змагары
І вязень-баец
у тузе па вясне
Гукаў мяне з Анкары.
Шчаслівы буду да ўсіх прыйсці
З падтрымкай у поступу дзён.
Не моўкні,
заўсёды быць у жыцці
Гукай мяне,
тэлефон!
1951