Блэк-фіш1
Дачакайцеся прыліва,
І парадуе Гудзон.
Не праспіш, рыбак шчаслівы,
Будзе ўлоў, будзе плён.
Не, на гэтым на Гудзоне
Прад спакусай не ўстаіш.
Густа ходзіць рыба сёння —
Блэк-фіш, блэк-фіш.
Налаўчыў яшчэ з дасвецця
Бізнесмен не крамку — рай:
Безумоўна ж, «лепшы ў свеце»
Тут рыштунак: ол райт!
Чарвякі — па два далары,
Бы той прынц, чарвячок.
А танней? Бяры дзве пары —
Дык уступіць... Пятачок...
Ды спяшайся! Бо накіне
На вачах працэнт на цэнт.
І не здзівішся прычыне —
Аблапошыць нашчэнт.
Што ж... Ат, ліха з ім... Купілі...
Ну, цяпер, браткі, гайда!
Прад вачамі — на мілі
Акіяна вада.
Сэрца грукае: нарэшце!
Вуды, скрынкі — ў дзве рукі.
Ад прыліва —
нібы ў рэшаце,
Аж клубяцца віркі.
Вунь нырае белы камень,
Вунь гарцуе — не сасніш! —
Зырка свецячы бакамі,
Рыба-дзіва — блэк-фіш.
Вуды свішчуць. Ціха... Ціха...
Стой! Нырнула... Павяло!
Толькі раптам... што за ліха?..
На плячы — рука.
— Хело-о!
Гуд монінг, містэр... Вось вам цікет...
Гладзіць кольт паліцыянт.
Не глядзіце, заплаціце,
Не дармовы акіян.
Заплаціць? За што? За бераг?
За ваду, за дзень, за лес?
Паліцэйскі зубы шчэрыць.
Так, о містэр! Ес, о ес!
За пясок, за жвір, за хмары.
За прыліў, за хваль гурты —
Як хутчэй аддай далары,
І тады свабодны ты!..
Палягчэлі ўраз кішэні,
Хоць застаўся б цэнт на смех.
Што ж... Пасмейся, рыбка-шэльма...
З дзівакоў пакпіць не грэх...
Вуды хуценька зматалі,
Здабылі свабоды ўсмак.
А заліў кідае ў далі
Гул і рогат, як вядзьмак.
А заліў грымеў імкліва:
Гэй, рыбак, няўжо ўстаіш? —
Гарцавала ў пене дзіва —
Блэк-фіш, блэк-фіш!
Верасень 1969,
Нью-Йорк
1 Чорная рыба