Хацеў бы я да дзён астатніх
Палёгкі лёсу не чакаць,
А знацца з прагай нерастратнай —
Шукаць, знаходзіць, зноў шукаць.
Хацеў бы, каб жыццё давала
Не ў млявых мроях тупікі,
А хай і з бурай, і з навалай,
Але дарогі — бальшакі.
Хацеў бы стрэць сваё сутонне
Не пад малітву «не грашы»,
А як і ўчора, і сягоння —
З гарачай гордасцю душы.