— Хлеб-соль! — пераступаючы парог,
Спакон пакоў жадаў мой род суседу.
І нездарма — ці быў абед, а ці бяседа —
Сусед адказваў:
— Просім за стол!..
Якое шчасце, што з матулі малаком
Перанялі мы незваротна звычку гэту.
І сэрцам
сёння і заўжды жадаем свету:
— Хлеб-соль!..
Якое шчасце, што вялікі і шматмоўны свет
Працягвае нам прывітальна, шчыра рукі!
І чуем мы, і дзеці нашы ўсе, і ўнукі:
— Просім за стол!..
1984