Днём і ноччу ляцеў паравоз,
Запылены, закураны,
Аж з Урала
Жалеза вёз
У горад разбураны.
— Гэй, дай ходу! — крычаў з усіх сіл,
Трывожыўся: позніцца...
Машыніста прасі не прасі —
Падвезці не возьмецца.
Але стаў ля Дняпра берагоў
Паравоз,
Каб напіцца пад соснамі.
І адсюль пачалося
Яго
Падарожжа дзівоснае.
Покуль піў ён ваду і стагнаў:
— Цяжка... Ногі стаміліся...
Машыніст —
Як адбіцца,
Не знаў,—
Лесарубы ішлі ўсё, прасіліся:
— Мы не спалі начэй — толькі каб
Просьбу горада выканаць —
Пілавалі кражы,
Дуб і граб
Для будоўлі вялікае.
Выручай, завязі іх туды,
Няхай горад выроствае;
Завязі,
А твайго праз гады
Не забудзем сяброўства мы...
Машыніст — эх!..— рукою махнуў:
— І адкуль вы з’явіліся...
І бярвенні мо ў хвілю адну
На платформах змясціліся.
Ледзь скрануўся, загуў паравоз,
Як бы грозячы некаму:
— Гэй, скрышу...
Вецер грукат панёс
Над палямі, над рэкамі.
Зноў прад ім рассцілаўся прастор.
Але хутка нанова
Воўчым вокам міргнуў семафор,
Зноў пачуліся словы:
— Завязіце! Для горада мы
Цэглу маем адменную,
Каб на месцы руінаў дамы
Ўсталі з моцнымі сценамі.
Машыніст пацямнеў. Як тут быць?
Адказаў ледзь не плачучы:
— Ну і што ж мне, браточкі, рабіць,
— Кладзіце! На ўдачу ўжо...
Зноў спяшаўся цягнік. Браў разгон,
Стаў як быццам крылаты...
На раз’ездзе спынілі яго —
Цэлы полк! —
Юнакі і дзяўчаты.
— Падвязі! Не пакрыўдзі ўжо нас...
Чуеш кліч над руінамі?
Мы не можам не быць ў гэты час
Там з усёю краінаю.
І забраў усю моладзь цягнік,
Слухаў — ёсць яшчэ сілы,
І быў рады, што столькі радні
Мае горад наш мілы.
— Гэй, сядайце! — крычаў ён.— Каму
Мо яшчэ трэба ехаць?..
Родны край адгукаўся яму
Гулкім радасным рэхам.
1947