Кожны дзень, ледзь зардзееца ўсход,
Як у свята, хвалюецца Брэст.
Ля вагонаў стаіць народ,
На Маскву праводзіць экспрэс.
Час развітвацца. Хутка званок
Ўскалыхне за вагонам вагон...
І тады ў журавінавы сок
Афарбоўвае ранак
перон,
І тады для ўсіх гарадоў
Тэлеграму выстуквае Брэст:
— Сустракайце, сябры, адышоў,
На Маскву адышоў экспрэс.
Дзе крынічныя рэкі цякуць,
Дзе азёры густой сінявы,
Разам з ім — праз усю Беларусь
Я ўсім сэрцам лячу да Масквы.
Адгукніся ты, Нёман, мне,
Партызанскі наш мінскі лес,
Калі тут стралой прамільгне,
Развінаючы бег, экспрэс.
Дай мне знаць пра сябе, дай знаць,
Вёска Слаўная!
Сустракай —
Горад Орша і ты, Купаваць,
І Смаленшчына — мужны край.
Дарагія мясціны мае,
Ад Захода да Нары-ракі,
Чым сягоння з вас хто жыве
І лятунак у вас які?
А настрэч цягнікі бягуць,
Цяжка дыхаюць, дол гудзе.
— А куды вы?
— А мы ў Беларусь,
Дзе вялікая праца ідзе.
— Вы адкуль?
— Мы з Масквы, дружбак.
— Вы адкуль?
— Ад уральскіх стром.
Мы краіне тваёй, як знак
Дружбы нашай, падмогу вязём.
І лячу я, шчаслівы, туды,
Дзе відаць далі радасных дзён.
Добры дзень вам, мае гарады,
Ты прымі мой, Масква, паклон.
Можа, чутны на цэлы свет,
Лёгкім птахам ляціць экспрэс.
І глядзіць яму з ласкай услед
Край мой родны, мой родны Брэст.
1948