Помніш, любая,
Як па дарогах вясновай старонкі —
Па ручаінах звонкіх,
Па маках,
па расе лугавой —
Мы беглі, беглі
Наперагонкі
Туды, дзе ўставала радуга
Над галавой.
Радуга... Радуга...
Рады —
уга! Рады —
уга!
А дождж, дождж
Тугімі грымотнымі кроплямі
У твары нам
слаў насустрач
Зялёны вясны зарад.
І была радуга
Такая цёплая!
Цёплая-цёплая —
Бы выпіла твой пагляд!
Цёплая радуга,
Цёплыя рукі,
Цёплыя губы,
Цёплая далячынь.
О любая, любая,
Няўжо тыя фарбы і гукі —
Няўжо мы забылі,
Не ўспомнім нічым?
Праз усе далягляды,
Праз усе ростані
Падаю табе рукі,
Твае бяру.
Бяжым, бяжым!
Пад маланкі, пад спеў бяроставы.
Бяжым, бяжым
Да радугі, да радасці —
ў маладосці пару!
Радуга... Радуга...
Рады —
уга! Рады —
уга!
Хай дождж, дождж
Тугімі зялёнымі кроплямі
Адсячэ перад намі
Усё, што з журбою ўсплыло.
Заўсёды, заўсёды
Будуць радугі цёплыя.
Пакуль у сэрцах
Не моўкне —
Шугае юнацтва цяпло!
1964