Над зялёным морам,
Пад блакітам веснім
Аб дзявочых марах
Мне гаворыць песня.
Дзесьці ўецца ў травах
Хмель ды хмель лугамі,
Дзесьці конь буланы
Ходзіць берагамі,
Дзесь вянок духмяны
Хваля ўскалыхала...
Столькі ўсюды дзіваў!
А табе ўсё мала.
А твае лятункі
Вольныя далёка —
Ты ўжо дзесь ля Волгі,
Яснай і шырокай.
З сілай маладою,
З радасцю імклівай...
— Жыгулі мае вы,
Ой жа, Жыгулі вы!..
І я сам спяшаю
Разам быць з табою,
Можа, не ля Волгі,
Можа, ля Узбою,
Можа, не ў Кахоўцы,
Над Сажом тут, можа...
Толькі жыць заўсёды
Ясна і прыгожа!
Жыць, каб кожны край наш,
Дзе б з табой ні йшлі мы,
Расцвітаў красою
Дарагой Радзімы,
Каб заўжды і ўсюды,
Дзе б ты ні бывала,
Для мяне заранкай
Сэрца тваё ззяла.
1951