Чым ты мне пахнеш,
зямля,
пакінутая і забытая,
Вішаннік з колкім маліннікам,
што па чорным дворышчы
выраслі?
Ніколі і нідзе на свеце
Не адчуў бы, мусіць,
Столькі суму.
Расхінеш абрасянены куст —
і ўдыхнеш пах дзявочых кос,
Прысядзеш
на збітым печышчы —
і хлебным духам
да слёз прачулішся.
А вецер
Гудзе над табою
Са смехам і плачам,
Што тут
праз усё жыццё гучалі.
І хочацца крыкнуць у свет:
о людзі,
о браты мае родныя,
Не рабіце ніколі нікому зла,
не кідайце развалін і папялішчаў!
Бачыць
Зямлю пакінутую і забытую
Балюча
і горка-страшна...
1966